старэ́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да старога (у 1 знач.), належыць яму. Старэнькая яна, бабка Настуля. Сядзіць з кіёчкам, грэецца на асеннім сонцы ды жмурыць старэчыя вочы. Даніленка. Лаўрэна кашаль схапіў за грудзі — трос яго старэчыя плечы. Баранавых. // Уласцівы старому, такі, як у старых. Гады зрабілі .. паходку [доктара] старэчай, цяжкай і павольнай. Машара. Гукан нервова ўздрыгнуў, павярнуўся. Ён крыху спалохаўся, бо ведаў, што ў апошні час у яго з’явілася старэчая слабасць — разважаць з самім сабой уголас. Шамякін. Бабка не спіць. Яна проста думае свае старэчыя думкі, сухія, як і сама старасць, простыя, як і ўсё жыццё яе, нецікавыя, як і яе доля. Колас.
2. Які мае адносіны да старца (у 1 знач.); такі, як у старца. Старэчая торба. □ Людзі пачалі заўважаць ля касцельных, кляшторных і царкоўных дзвярэй, у старэчым натоўпе, новага жабрака. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стрэ́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.
1. Зрабіць выстрал; выстраліць. Сяржант ускінуў угару карабін, умомант прыцэліўся і стрэліў. Чорны. Вартавы ляснуў затворам і стрэліў. Гроднеў. // Разм. Хутка паляцець. Кавалеўскі ўлажыў муштук у левую далонь, стукнуў па ёй правай і акурак стрэліў далёка на падлогу. Чарнышэвіч.
2. перан. Утварыць рэзкі, адрывісты гук, падобны па выстрал. На патэльні гучна стрэліла сала. Асіпенка. // Выкінуць, выштурхнуць з сілай іскры, дым і пад., утварыўшы пры гэтым рэзкія адрывістыя гукі. Электрапеч вохкнула і стрэліла доўгімі іскрамі. Карпаў. // чым. Разм. Утварыць адрывісты прарэзлівы гук, ляснуўшы чым‑н. Стрэліць пугай.
3. безас. Разм. Закалоць (пра адчуванне вострага імгненнага болю). Раптам дзяўчыне стрэліла ў галаву, што яна ад плачу змянілася ў твары. Карпюк. Прыўзняў [Андрэй] рукі — цэлыя, паспрабаваў варухнуць нагамі — божухна! — гэткі боль абпаліў, што ажно ў [галаву] стрэліла. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
судзі́цца, суджуся, судзішся, судзіцца; незак.
1. Звяртацца ў суд, мець справу з судом. Пятрусь хадовы чалавек, судзіцца ўмее. Брыль. // Весці судовую цяжбу з кім‑н. Не бярэ ніхто да сэрца, Што ні зробяць прастачкі; З імі біцца Ці судзіцца Не заведзена ў народзе. Жычка. Казалі, што неяк сорам судзіцца за дзесяць снапоў аўса. Крапіва. Нечым халодным, як асенняя шэрань, абдало тады Яніну ад гэтай размовы. Яна ўявіла сабе, як сорамна будзе ёй судзіцца з беднымі людзьмі. Кірэенка. Сам .. [Рыгор] пацішэў крыху. Раней жа праз увесь век свой усё судзіўся то з гэтым, то з тым. Чорны.
2. Быць пад судом, мець судзімасць.
3. таксама зак. Прадвызначыцца, пашанцаваць. [Мушка-зелянушка:] — «Ой, чаму ж ды не судзілася мне долі, — Што мяне і не сваталі ніколі?» Багдановіч.
4. Зал. да судзіць (у 2, 3 і 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
схамяну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑меняцеся; зак.
1. Раптам успомніць пра што‑н.; раптоўна заўважыць памылку, недагляд і пад. Было ўжо далёка за поўнач, калі першай схамянулася Наташа: «Гулянне гуляннем, а мне пара і дадому». Хадкевіч. — Не, стой! — раптам схамянулася .. [Наталька], — можа тваёй маці нічога не трэба гаварыць. Чорны. — А венікаў зноў не нарэзаў, — схамянуўся Антось. Аношкін.
2. Выйсці са стану нерухомасці, задуменнасці, падхапіцца, здрыгануцца. І тут Іван трывожна схамянуўся — толькі цяпер да ягонай свядомасці дайшоў трывожны сэнс цішыні. Быкаў. Нечакана зазвінеў званок — Юновіч схамянуўся, убачыў, што ідзе да школы: адтуль ужо гурмою высыпалі на вуліцу дзеці. М. Стральцоў. // Набыць здольнасць разважаць; прыйсці ў сябе; ачомацца. [Карніцкі:] — Вы, таварышы, ведаеце, каго можаце прапусціць у самы лагер? Схаменяцеся, ды позна будзе! Паслядовіч. І схамянуцца не ўправіліся, як полымя ўхапілася ўжо за суседняе гумно. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцішэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць цішэйшым, перастаць чуцца (пра гукі, шумы). Галасы птушак у полі сцішэлі, зоры міргалі ўжо не так выразна. Лупсякоў. / у безас. ужыв. Але ўсюды неяк вельмі сцішэла, як наўмысля. Кулакоўскі. // Стаць нячутным. Галасы немцаў сцішэлі. Фашысцкая лінія абароны засталася ззаду. Новікаў.
2. Супакоіцца, перастаць хвалявацца і пад. На вуліцы .. [Нахлябіч] ужо сцішэў, вельмі ж пасля спаткання з сынам. Чорны. // Спыніць свае дзеянні і пад.; уціхамірыцца. — За апошні час мы трохі сцішэлі, — Алесь таксама сеў. — Усё ж не фельдфебель над галавою. Лягчэй стала жыць. Караткевіч.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паменшыцца ў сіле, аслабець (пра з’явы прыроды). Дождж, які пачаўся раніцай, трохі сцішэў; у твар палілася халодная, колкая імжа. Капыловіч. // Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Лясы сцішэлі. Мора сцішэла. // Крыху прыціхнуць (пра боль).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тапі́цца 1, таплюся, топішся, топіцца; незак.
1. Свядома пазбаўляць сябе жыцця, кідаючыся ў ваду; гінуць у вадзе. «Топіцца!» — раптам прамільгнула ў свядомасці, і радыстка кінулася ў ваду. Кулакоўскі. Ужо сціхаў ажыўлены гул галасоў, як з боку эстакады нехта крыкнуў: — Чалавек топіцца! Лынькоў.
2. Пагружацца ў што‑н. мяккае, зыбкае; вязнуць, засядаць у чым‑н. Ціха, павольна праходзіць аўтобус там, дзе нядаўна і трактар тапіўся. Дубоўка. // Быць цалкам пакрытым чым‑н. вязкім, вадкім. [Стафанковіч] выбрукаваў клінкерам адну вуліцу, па якой кожны дзень праязджаў у машыне, іншыя ж вуліцы пакінуў тапіцца ў гразі. Чорны.
3. Зал. да тапіць 1 (у 1 знач.).
тапі́цца 2, топіцца; незак.
1. Награваючыся, станавіцца мяккім, вадкім.
2. Зал. да тапіць 2.
тапі́цца 3, топіцца; незак.
Разм.
1. Тое, што і паліцца 1 (у 1 знач.).
2. Зал. да тапіць 3.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ткаць, тку, тчэш, тчэ; тчом, тчаце, ткуць; пр. ткаў, ткала; незак., што і без дап.
Вырабляць тканіну шляхам перакрыжаванага перапляцення ніцей асновы (падоўжных) і ўтку (папярочных). Ткаць палатно. Ткаць кужаль. Ткаць ручнікі. □ Тут [у хаце Нявады] стаялі кросны, і час ад часу Волька прыходзіла сюды ткаць зрэб’е на мяшкі і ручнікі. Чорны. Зімой работы няшмат .. Толькі жанчыны працуюць; да палавіны зімы прадуць, а потым ткуць. Брыль. // Займацца ткацтвам, быць ткачом, ткачыхай. Усё ўмее жанчына Рукамі рабіць: Ткаць на кроснах тканіну І трактар вадзіць, І ўзводзіць палацы І пакой прыбіраць. А. Астапенка. // Упрыгожваць тканіну тканымі ўзорамі, рысункамі. Ткаць кветкі на ручніках. // Плесці, віць. Павук тчэ павуцінне. // перан. Ствараць што‑н. Дзяжа не спіць, не можа спаць, Хоць сон і хіліць прыдрамаць, А думкі ткуць сваю тканіну. Колас. Залатой непарушнаю пражаю Тчэ гісторыю моладзь сваю. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ува́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да уварыць.
уварва́ць, ‑рву́, ‑рве́ш, ‑рве́; ‑рвём, ‑рвяце́; зак., што і чаго.
1. Вырваць хуткім рухам невялікую частку чаго‑н. Уварваць жменю сена. // перан. Здабыць, прысвоіць сабе нейкую колькасць чаго‑н. [Уладзік:] — Я грошы не збіраю і не кладу ў паклад. Што ўварву — прагуляю. Крапіва. [Стэфа:] — Усё выведаў [Юхім], усё выглядзеў і з’явіўся. Як груган, каб сабе што ўварваць. Савіцкі.
2. перан. З цяжкасцю вылучыць, выкраіць (пра час). Часамі можна і ўдзень часіну ўварваць. Чорны. У мяне зусім не стала вольнага часу, рэдка калі ўварвеш якую гадзіну, каб пайсці ў кіно ці парк. Ус.
3. Разм. Заставіць каго‑н. патраціць час, энергію, сілы і пад. Колькі ён мне здароўя ўварваў!
4. Укусіць. Сабака ўварваў за нагу.
•••
Уварваць кусок (кавалак) — захапіць сабе частку якога‑н. багацця, атрымаць прыбытак з чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укруці́ць, укручу, укруціш, укруціць; зак., каго-што.
1. Круцячы што‑н., уставіць, уціснуць у сярэдзіну чаго‑н. Укруціць лямпачку ў патрон. □ [Ванька] шпурнуў пад ногі недакурак, укруціў яго абцасам у пясок. Місько.
2. Захутаць, завінуць у што‑н. Спрактыкаванымі рукамі жанчына ўкруціла дзіця ў пялёнку і пачала забаўляць. Даніленка. [Жанчына:] — Ды абед, пэўна, астыў, хоць я яго ўкруціла і паставіла ў стог. Гурскі. // Абматаць чым‑н. Замест замка .. [Антон] укруціў дротам клямку і рушыў з двара. Чорны.
3. Убавіць, прыкруціць што‑н. Дзядзька Пракоп укруціў кнот лямпы, і ў зале як бы змерклася. Сабаленка.
4. Уматаць у што‑н. Укруціць канец вяроўкі ў кола.
5. Разм. Махлюючы, прысвоіць сабе што‑н. чужое, не аддаць чаго‑н. узятага, пазычанага. У закусачнай сапраўды кралі .. Касіры .. рабілі падробкі ў ведамасцях, калі здавалі грошы, каб укруціць і сабе. «Вожык».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. уліп, ‑ла; зак.
1. Папасці ў што‑н. ліпкае, вязкае, прыстаць да чаго‑н. ліпкага, клейкага. Уліпнуць у смалу.
2. перан. Разм. Трапіць у непрыемнае, нялёгкае становішча; папасціся. — Аднак і ўліплі мы, браткі, з гэтым хлебам... — сказаў нехта з нас. Лынькоў. [Пан Вячорык:] — Дзейнічаць вам [агентам] трэба асцярожна, каб самім не ўліпнуць. Машара.
3. Разм. Шчыльна прытуліцца, прыпасці да чаго‑н. Высокі стары.. так даў Валі дарогу прайсці, што аж уліп плячыма ў сцяну І забраў з яе на сябе траха не ўвесь мел. Чорны. Арцыховіч уліп у зямлю і падрыхтаваўся да стральбы. Алешка.
4. Разм. Добра аблегчы, прыстаць (пра адзенне, абутак). Бот юхтовы — толькі скрып Ад новага бота, Да нагі ён проста ўліп — Чыстая работа. Бялевіч.
•••
Уліпнуць у гісторыю — тое, што і уліпнуць (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)