Анці́пка1 ’нячыстая сіла’ (Рам. 8, 284). Укр. дыял. анти́пка ’д’ябал’. Паводле Рудніцкага, укр. назва чорта з уласнага імя Антип як табуістычная замена слова антихрист. Супраць Краўчук (ВЯ, 1968, 4, 121), які выводзіць гэту назву ад уласнага імя Ірада-Анціпы. Успенскі (Труды знак., 5, 487) лічыць рус. антипка ўтвораным як табуістычнае слова з Анісіфар; нельга выключыць, што анціпка — памянш. форма ад анцыпар, сувязь з якім наўрад ці можна выключыць. Параўн. анчутка.

Анці́пка2 ’роў, яр, яма’ (Рам., 9, 10). Магчыма, перанос з назвы нячыстай сілы анціпка1 на месца, дзе яна быццам бы знаходзіцца — яр.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апла́вы ’жаночая хвароба, трывалы і цяжкі крывацёк’ (Нас.). Множны лік ад аплав(а), утворанага, пэўна, ад аплываць ’цячы’ (напрыклад, аб свечцы). Славянскія паралелі невядомы, аднак гэта зусім не азначае, што слова не было вядома іншым славянам. На назву такой сур’ёзнай і да таго ж саромнай хваробы магло накладацца табу: параўн. адсутнасць назвы для крывацёку ў класіфікацыі рускіх народных назваў хвароб Мяркулавай (Этимология, 1967, 159), што зусім не азначае адсутнасці такой назвы ў мове. Па мадэлі словаўтварэння — слова старажытнае, магчыма нават праславянскае. Параўн. польск. upławy выдзяленні з жаночых палавых органаў’. Параўн. Супрун, БЛ, 1, 68.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Афе́кт ’моцнае хваляванне; запальчывасць і злосць’, ст.-бел. афектъ, аффектъ ’моцнае жаданне, страсць’ (канец XVI — пачатак XVII ст., Нас. гіст.; Булыка, Запазыч.). Запазычана праз польскую мову або непасрэдна з лац. affectus ’прыхільнасць, пачуццё, любоў’, гл. Гіст. лекс., 108; Булыка, Запазыч., 34; параўн., аднак, Краўчук, ВЯ, 4, 1968, 123, дзе адмаўляецца насуперак Рудніцкаму, 1, 41, непасрэднае запазычанне ўкр. афе́кт з лацінскай па акцэнталагічных прычынах — наяўнасці ў Бярынды слова з двума націскамі: а́фект і афе́кт. Магчыма, паўторнае запазычанне ў беларускую літаратурную мову з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 76), пра што сведчыць сучасная семантыка слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жэ́ўжык ’свавольнік, гарэза’. Рус. дыял. кур., зах., паўд., смал. же́вжик ’невялікі, але рухавы чалавек’, же́вжик ’вяртлявы, рухавы чалавек’, ’верабей’, ст.-укр. з 1651 г. (Хрэст.). Усх.-слав. жартаўлівае (Булахоўскі, Нариси загального мовознавства, 1959, 108) слова можа быць узведзена да прасл. формы *žьv‑, што чаргуецца з *živ‑ (гл. жывы і жвавы). Супрун, Бел.-польск. ізал., 126. У слове жэўжык другое ж, відаць, у той ці іншай меры адлюстроўвае ўплыў першага ж, а значыць, можа разглядацца як рэдуплікаванае, што для жартаўлівага слова цалкам зразумела. Суфікс ик (> ‑ык) часта выкарыстоўваецца для назваў асоб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Заве́т ’запавет’. Рус. заве́т, укр. заві́т ’тс’, польск. дыял. zawiat ’заклад’, чэш. závěť, уст. závėt ’запавет’, славац. závet, славен. zavèt, серб.-харв. за́вет, балг. кніжн. завѐт, макед. завет ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус. завѣтъ ’умова, клятва, запавет, загад’. Бязафіксны аддзеяслоўны назоўнік агульнаслав. характару ад дзеяслова zavětiti ’накладваць абавязак, абяцаць, загадваць’ < větiti ’ведаць’. Значэнне, а магчыма, і само слова замацаваліся, відаць, пад ст.-слав. уплывам (параўн. польск. семантыку і адсутнасць слова ў серб.-луж.). Словы таго ж кораня веча, савет (гл.). Шанскі, 2, З, 15–16; Фасмер, 1, 305; БЕР, 1, 574; Махэк₂, 687.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кадры́ля ’танец з некалькіх фігур з цотным лікам пар, а таксама музыка да гэтага танца’ (БРС, ТСБМ; іўеў., Сцяшк.; Янк. 3.), кадрыль ’тс’ (беш., Касп.), кадры ’тс’ (Сцяц.), кадраль ’тс’ (Жд. 3), кадрель ’тс’ (Бяльк.), кадрэля ’тс’ (Шат.). Запазычана з рус. кадриль ’танец у чатыры пары’, відаць, праз гарадское асяроддзе, адносна распаўсюджання слова ў суседніх гаворках даных няма, ва ўкр. мове адзначана ў Лявіцкага. Рус. кадриль з франц. quadrille ’танец у чатыры пары’, рус. слова сустракаецца (у значэнні дзве пары ў танцы) у сярэдзіне XVIII ст. і запазычана, відаць, прыблізна ў гэты ж час.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажу́шыць ’калаціць, узнімаць скуру ўдарамі’ (Нас.). Відавочны экспрэсіўны характар утварэння (параўн. прыклады: «Не на смѣхъ ты его ловко кожушишь» (Нас., 240), і гэта зніжае надзейнасць супастаўлення слова з такімі балг. утварэннямі, як дыял. подкожушва се, подкожуши се ’аддзяляецца і ўспухае, узнімаецца (аб скуры, тынку)’ і больш далёкімі фармальна подкожуря се, подкожурявам се ’ўзнімацца, успухаць’. Калі дапусціць, што кажушыць ужывалася як тэрмін (у гарбарстве), бел. слова можна параўнаць з рус. дыял. кожемятить, кожемятиться ’валтузіцца, барукацца’. У любым выпадку да кажух ’скура і да т. п.’. Гл. кажух1 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казлава́ць ’ванітаваць’ (Сл. паўн.-зах.). Геаграфія слова (толькі паўн.-зах.) пры наяўнасці такіх утварэнняў, як літ. ožiáuti ’ванітаваць’ і адпаведнай структуры (на базе выразу казлоў драць) не пакідае сумненняў у тым, што гэта не выпадковае ўтварэнне. Яго можна лічыць незалежным дэрыватам, аднак агульны фон двухмоўя не мог не ўплываць па падобную лексіку. Ёсць паўд.-слав. адпаведнікі да балт. і бел. дзеяслова: славен. kozláti, зафіксаванае Плятэршнікам. Розніца (ва ўтваральных асновах і інш.) гэтых слоў з’яўляецца відавочнай, аднак неістотнай; галоўнае, што паралелі іх дазваляюць меркаваць аб старажытным характары слова і другаснасці выразу, падрабязней гл. казлы драць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катафа́лк ’катафалк’ (ТСБМ, БРС). Рус. катафа́лк, укр. катафа́лк. Запазычанне з еўрапейскіх моў (але дэталі гісторыі слова досыць спрэчныя). Фасмер (2, 210) мяркуе, што рус. слова запазычана, магчыма, непасрэдна з франц. catafalque або італ. catafalco, але ne выключаецца і пасрэдніцтва ням. Katafalk (з XVIII ст.). Шанскі (2, К, 94) зыходзіць з магчымасці непасрэднага запазычання ў рус. мове з франц. або ням. Слаўскі (2, 99) лічыць, што крыніцай запазычання ў слав. мовах з’яўляецца італ. catafalco (аб магчымых мовах-пасрэдніках ён не згадвае, хоць аб прамым запазычанні з італ. ва ўсіх выпадках наўрад ці можна думаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катлава́н ’катлаван’ (ТСБМ, БРС). Фасмер (2, 353) рус. котлова́н ’вялікая яма для закладкі фундамента’ лічыў цёмным словам. Трубачоў, у дадатках да слоўніка Фасмера, мяркуе, што яно звязана са словам котёл і рознымі варыянтамі ад колдо́бина. Шанскі (2, К, 359) лічыць котлован уласна рус. словам. Упершыню сустракаецца ў крыніцах канца XIX ст.; як антрапонім (Котлован) у XVI ст. У сучасным значэнні вядома ўжо ў Даля. Паводле Шанскага, там жа, слова з’яўляецца суфіксальным утварэннем ад прыметніка котловый (які паходзіць ад слова котел). Бел. катлава́н, укр. котлова́н, мабыць, з рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)