бе́гаць, бе́гаю, бе́гаеш, бе́гае; незак.

1. Тое, што і бегчы (у 1 знач.), але абазначае дзеянне, якое адбываецца шматразова ці ў розных напрамках.

Мурашкі бегаюць.

2. Часта бываць у каго-н., хадзіць да каго-н.

Б. па хатах.

3. за кім. Заляцацца да каго-н. (разм.).

Б. за дзяўчынай.

4. Займацца бегам як спортам.

Б. хутчэй за ўсіх.

5. Хутка рухацца, мільгацець (аб прадметах, пальцах, вачах і пад.; разм.).

Вочы так і бегаюць, як у злодзея.

Па завуголлі бегаць (разм., неадабр.) — пазбягаць працы.

Па нітачцы бегаць (разм., неадабр.) — быць паслухмяным, дысцыплінаваным.

|| наз. бе́ганне, -я, н. (да 1 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

бе́гчы, бягу́, бяжы́ш, бяжы́ць; бяжы́м, бежыце́, бягу́ць; бег, -гла; бяжы́; незак.

1. Хутка рухацца, перамяшчацца, рэзка адштурхоўваючыся ад зямлі нагамі.

Б. па вуліцы.

Б. трушком.

2. перан. Імкліва перамяшчацца ў якім-н. напрамку, несупынна цячы патокам.

Кроў бяжыць па жылах.

3. перан. Праходзіць, працякаць (пра час, жыццё).

Бягуць гады.

4. Ратавацца ўцёкамі.

Б. з палону.

5. Пашырацца, даносіцца, далятаць, распаўсюджвацца (пра чуткі, звесткі).

Добрая вестка ляжыць, а дрэнная па дарозе бяжыць (прыказка).

Бегма (бягом) бегчы (разм.) — вельмі спяшацца; не ісці, а бегчы.

Бегчы без аглядкі (разм.) — вельмі хутка бегчы.

Бегчы (ісці) куды вочы глядзяць (разм.) — без пэўнага кірунку, не выбіраючы шляху.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

fleet

I [fli:t]

n.

1) флёт -у m.

2) фляты́лія f. (караблёў, самалётаў або́ а́ўтаў)

II [fli:t]

1.

adj.

1) ху́ткі, бо́рзды, шпа́ркі (конь)

2) Poet. міну́чы, недаўгаве́чны, хуткаплы́нны (час), мімалётны

2.

v.i.

ху́тка міна́ць, ху́тка ру́хацца

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)

nose2 [nəʊz] v.

1. ру́хацца паво́льна і асцяро́жна (пра машыны, караблі і да т.п.)

2. ню́хаць, абню́хваць (пра жывёл)

3. infml (into) со́ваць/утыка́ць нос у чужы́я спра́вы

nose about/around/round [ˌnəʊzəbˈaʊt/ˌnəʊzəˈraʊnd/ˌnəʊzˈraʊnd] phr. v. выню́хваць, выве́дваць, вызнава́ць

nose out [ˌnəʊzˈaʊt] phr. v. infml праню́хаць, разве́даць

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

кішэ́ць, ‑шыць; незак.

1. Мітусліва рухацца ў розных напрамках (пра мноства жывёлін, людзей). Незлічоныя мільёны мошак Аж кішаць у скошанай траве. Глебка. Мірыяды зялёных мух кішэлі ў нагрэтым паветры. Хомчанка.

2. кім. Быць перапоўненым мноствам жывых рухавых істот. Поле кішэла людзьмі, як мурашнік мурашкамі. Дуброўскі.

•••

Аж кішыць каго — вельмі многа. Аж кішыць рыбы, — пажартаваў Васіль. — А паспрабуй злаві каторую ўдзень, дык наседзішся... Савіцкі.

Кішма кішэць — тое, што і кішэць (у 1 знач.), толькі з адценнем узмацнення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пстрык, ужываецца гукапераймальна для абазначэння рэзкага кароткага гуку (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), ’шчаўчок па носе або па вуху’, ’папрок’ (Нас.), пстры́каць, пстры́кнуць ’даваць пстрычку (пстрычкі)’; ’шчоўкаць, ляскаць (пальцамі)’, ’хутка і лёгка рухацца, пырхаць’, ’раптоўна ўспыхваць, пыхкаць, сыпаць іскрамі (пра агонь)’ (ТСБМ, Нас., ТС), ’скакаць’ (астрав., Сл. ПЗБ), пстры́кнуць ’рэзка штурхнуць нагой’; ’ускочыць’; ’сфатаграфаваць’ (Жд. 2, 3). Гукаперайманне, параўн. аналагічнае польск. pstryk ’пстрык’, pstrykać ’шчоўкаць’, ’фатаграфаваць’. Польскі дзеяслоў фіксуецца з 1776 г., утвораны ад prztyk, prztykać (Банькоўскі, 2, 959).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

postępować

postęp|ować

незак.

1. рухацца; ісці наперад; развівацца;

robota ~uje naprzód — праца рухаецца;

2. абыходзіцца;

źle (dobrze) ~ować z kim — абыходзіцца з кім дрэнна (добра);

гл. postąpić

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

каці́цца 1, качу́ся, ко́цішся, ко́ціцца; незак.

1. Верцячыся, рухацца ў адным напрамку (пра што‑н. круглае, шарападобнае). Маленькая пацешная постаць цягнулася наперад, да гэтага капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць па траве, а потым раптам сарвацца куды-небудзь убок і каціцца, каціцца, каціцца... Лынькоў. Колы стукаліся аб карэнне, плюхалі па гразі і каціліся бокам. Колас. // Саслізгваць, з’язджаць па нахіленай плоскасці. То коціцца камень з высокай гары, То птушка крычыць спрасоння. Свірка. Нарэшце дэтанатар падагнаны пад рэйку, і Тоня першая коціцца з насыпу. Шчарбатаў. // перан. Разм. Апускацца, станавіцца горшым у якіх‑н. адносінах. — Мы коцімся, коцімся ўніз. Дакаціліся ўжо да таго, што жонка друга не верыць нам, баіцца нас. Брыль.

2. Ехаць, пасоўвацца (пра сродкі перамяшчэння на колах). Была ўжо восень з першымі прымаразкамі, і таму павозка лёгка кацілася па гладкіх сухіх каляінах. Якімовіч. Паволі коціцца па няроўнай дарозе трохтонка. Ваданосаў. // Хутка ехаць па слізкай паверхні. Гонка, гонка, з горкі, з горкі Санкі коцяцца мае. Кірэенка. // перан. Хутка ісці (пра нізкага, тоўстага чалавека). [Гамрэкелі], уздымаючы пыл, каціўся па вуліцы, круглы, як мяч. Самуйлёнак. // перан. Хутка рухацца, перамяшчацца (пра вялікую колькасць, масу людзей). У гэты час рэшткі разбітых часцей ворага сапраўды каціліся назад па шляху, што ляжаў кіламетраў за тры ад вёскі. Якімовіч. // перан. Разносіцца, раздавацца (пра гукі). Гулкі стрэл коціцца па Прыпяці і глухне ў прыбярэжных травах і чаротах. Колас. Водгулле грымотаў кацілася імкліва і бурна, бы гул рэактыўнага самалёта. М. Стральцоў.

3. Цячы, струменіцца (пра ваду і пад.). Жоўтая вада з шумам і бульканнем шпарка кацілася ў бок рэчкі, пакідаючы шматкі бруднай пены. Шамякін. Крыніца крышталёвая ў траве Булькоча, ў рэчку коціцца ля бору. Бялевіч. Хутка я ўвесь прамок, а па твары каціліся буйныя кроплі поту. Анісаў. // Расцякацца, плаўна перамяшчацца (пра туман, дым і пад.). Туман коціцца ў даліне, Змоўкла птушка на галіне. Бядуля.

4. Плаўна рухацца па небасхіле. Агніста-чырвонае сонца хутка кацілася за небасхіл. Васілёнак. І месяц коціцца румяны Па-над пуховай гладдзю стрэх. Гаўрусёў. // перан. Ісці, рухацца (пра час, жыццё і пад.). Над разбураным краем Бурна каціўся Ўстрывожаны час. Глебка. Устанаўліваўся мір, і жыццё зноў кацілася той жа дарогай. Васілевіч.

5. заг. каці́ся (каці́цеся). Разм. Ідзі (ідзіце) адсюль.

каці́цца 2, ко́ціцца; незак.

Нараджаць дзіцянят (пра авечку, казу і некаторых іншых жывёл).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заме́рці, ‑мру, ‑мрэш, ‑мрэ; ‑мром, ‑мраце; пр. замёр, ‑мерла і ‑мёрла; зак.

1. Стаць нерухомым, перастаць рухацца. Камандзіры замерлі па камандзе «смірна», прыклалі рукі да пілотак. Якімовіч. Маятнік, хістануўшыся раз-другі, бліснуў і замёр зноў. Карпаў. // Сцішыцца, стаіцца. Мікола з Таняй схаваліся ў яме і замерлі. Новікаў. // Страціць на момант здольнасць рухацца, акамянець пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця. Замерці ад жаху. Замерці ад захаплення. □ Памятаю я, што ад гэтага жудаснага крыку я адразу ж замёр і ўсё маё цела раптам пахаладзела. Нікановіч. // Сціснуцца на момант, быццам спыніцца (пра сэрца), перарвацца (пра дыханне). Ад нечаканасці замерла сэрца, перахапіла дух. Гамолка.

2. перан. Спыніцца, перастаць дзейнічаць; заглухнуць. К восені 1915 г. прамысловае жыццё ў Мінску і іншых гарадах амаль поўнасцю замерла. «Весці». // Заціхнуць, замоўкнуць (пра гукі). Стук капытоў замёр у далечыні. □ Зноў замерлі ў небе маторы, быццам самалёт увайшоў у піке. Асіпенка.

3. (звычайна ў спалучэнні са словамі: «на вуснах», «на губах», «на языку» і пад.). Застацца нявыказаным (пра словы, гукі). Чаму замерлі словы на губах, Як заміраюць кроплі на лістах? Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́хаць, еду, едзеш, едзе; едзем, едзеце, едуць; заг. едзь; незак.

1. Рухацца па сушы, па вадзе пры дапамозе якіх‑н. сродкаў перамяшчэння. Ехаць чыгункай. Ехаць у трамваі. Ехаць вярхом. Ехаць на лодцы. □ Паабапал і ззаду карэты ехала чалавек з трыццаць коннікаў. Лынькоў. Наклалі вазы ды едуць дахаты: бацька на адным возе, сын — на другім. Якімовіч. // Рухацца, каціцца (пра сродкі перамяшчэння). Гасцінцамі ехалі то туды, то сюды вайсковыя абозы. Чорны.

2. Накіроўвацца куды‑н., выкарыстоўваючы якія‑н. сродкі перамяшчэння; ад’язджаць; рабіць паездку. Ехаць за граніцу. Ехаць на фронт. □ Пан падлоўчы, выпіўшы шклянку, устаў, папрасіў прабачэння, што не можа больш заставацца, што ён мусіць ехаць па службе, і выйшаў. Колас.

3. перан. Разм. Выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах, атрымліваць выгаду з каго‑, чаго‑н. — На татку едуць, пакуль татка не з’ездзіцца, — сказаў, як стары, Вова недзе чутыя словы. Гурскі. — Склалі дзесяць год таму назад сякі-такі планік і з таго часу едзем на ім. Кулакоўскі.

4. Ссоўвацца, саслізгваць са свайго месца. Шапка едзе на вочы.

•••

Далей (ехаць) некуды гл. некуды.

На тройках ехаць — вучыцца пасрэдна, без асаблівага старання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)