напусці́ць, -пушчу́, -пу́сціш, -пу́сціць; зак.
1. каго-чаго. Даць доступ куды-н. вялікай колькасці каго-, чаго-н.
Н. людзей у залу.
Н. вады ў ванну.
Н. холаду ў хату.
2. што і чаго на каго (што). Надаць сабе, сваім паводзінам нейкі выгляд, характар (разм.).
Н. на сябе строгасць.
3. каго-што на каго-што. Накіраваць для нападу (разм.).
Н. сабак на звера.
4. што. У народных павер’ях: з дапамогай нейкай вышэйшай сілы наслаць на каго што-н.
Н. чары, хваробу.
5. што і чаго. Дадаць, павялічыць у памеры пры раскроі.
Н. на швы.
|| незак. напуска́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
|| наз. на́пуск, -у, м. (да 1—3 і 5 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
напалаві́ну, прысл.
1. У няпоўным, палавінным памеры, аб’ёме; на адну палавіну. Ад таго, што сцены былі афарб[а]ваны напалавіну ў чорны колер, здавалася яшчэ цямней. Колас. І зрабіўся Халімон напалавіну гарадскім, напалавіну вясковым. Галавач. // Адным бокам, адной палавінай. [Мікалай:] — Сонца яшчэ толькі напалавіну выйшла з-за паплавоў. Чорны. // У два разы менш, карацей. Ісці напрасткі напалавіну бліжэй.
2. Не да канца, не зусім; у некаторай ступені. Тамаш быў аглушаны, заняты сваімі думкамі і мала адчуваў, што робіцца вакол. Ён быў толькі напалавіну прытомны. Бядуля. Хіба ж кахаюць напалавіну? Усё ці нічога — такі закон! Чарнушэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
утрыма́нне 1, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. утрымаць 1.
2. Утрыманая сума. Памеры ўтрымання з заработкаў.
утрыма́нне 2, ‑я, н.
1. Забеспячэнне каго‑н. сродкамі для існавання, ежай, кармамі. Браць на сваё ўтрыманне. Мець на ўтрыманні дзяцей. □ З другой палучкі Анатоль выслаў.. першыя дзвесце рублёў на ўтрыманне сына. Пальчэўскі.
2. Наяўнасць якога‑н. рэчыва ў складзе чаго‑н., колькасць такога рэчыва. Утрыманне золата ў народзе. □ Планета мела атмасферу з даволі высокім утрыманнем кіслароду. Шыцік.
•••
Бесстаночнае ўтрыманне жывёлы — утрыманне жывёлы ў агульным, не разгароджаным на праварыны памяшканні.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шыр, ‑ы, ж.
1. Шырыня, вялікія памеры ў шырыню. Крок у шыр, два крокі ўдоўж — усяе хады. Дзяргай. За лясамі, за іх палякамі — Ветраны, на ўсю шыр, прагон. Камейша.
2. Шырокая прастора. Не абняць, не змерыць вокам Шыр палёў і неба сінь. Хведаровіч. Прылад нямала змайстравана, Якімі вымеран сусвет: Зямная шыр, глыб акіяна, Шляхі да зор і да планет. Непачаловіч. Слава ж табе, маладая дзяржава, Слава на ўсю неабдымную шыр. Глебка.
3. Тое, што і шырыня (у 3 знач.). Разгарні ты, люд рабочы, Сілу, волю ва ўсю шыр. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БАСЕ́Я,
гістарычная воласць, у верхнім цячэнні р. Басі, на стыку сучасных Горацкага і Шклоўскага р-наў Магілёўскай вобласці. Упершыню згадваецца каля 1136 у грамаце смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча, які атрымліваў з Басеі даніну ў памеры 15 грыўняў і вызначаў з яе дзесяціну на карысць смаленскага епіскапа. Цэнтр воласці ў 12—13 ст. знаходзіўся, верагодна, у сучасным урочышчы Пагост каля в. Новае Вільянава Шклоўскага р-на. У складзе ВКЛ разам з суседняй Горскай воласцю належала кн. Друцкім. У 1-й пал. 16 ст. адна частка Басеі належала кн. В.Ю.Друцкаму-Талачынскаму, другая — кн. С.Ямантовічу-Падбярэзскаму. Пазней у выніку падзелаў частка Басеі ўвайшла ў Шклоўскае і Капыскае графствы, паўд. ўскраіна — у Магілёўскую эканомію. Астатняя частка ператварылася ў самаст. маёнткі Сялец і Якаўлевічы Аршанскага пав.
В.Л.Насевіч.
т. 2, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́КА,
асноўная зямельная мера і адзінка абкладання сялян павіннасцямі ў ВКЛ у 16—18 ст. На Беларусі ўведзена ў час валочнай памеры. Як адзінка плошчы падзялялася на 30 маргоў, або 9000 прутоў (21,36 га). Павінна была складацца з 3 роўных палёў, што адпавядала трохпольнай сістэме земляробства. Часта да палявога надзелу дадавалі 3 маргі на сядзібу і агарод. «Устава на валокі» 1557 прадугледжвала валоку ў 33 маргі, па 11 маргоў у кожным полі. Пры кепскай зямлі практыкаваліся т.зв. «наддаўкі», таму памер валокі вагаўся ад 30 да 46 маргоў, але ўсе валокі абкладаліся аднолькавымі павіннасцямі. Паводле ўмоў плацяжу адрознівалі валокі цяглыя (паншчына), асадныя (грашовы чынш), вольныя ад павіннасці. Былі валокі аселыя (знаходзіліся ў пастаянным карыстанні сялян), прыёмныя, або бакавыя (у часовым карыстанні), пустыя (не ўзятыя ў карыстанне).
В.Ф.Голубеў.
т. 3, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1563,
заканадаўчы акт, якім фармальна былі ўраўнаваны ў паліт. правах правасл. феадалы ВКЛ з феадаламі-католікамі. Выдадзены на бел. мове вял. кн. ВКЛ і каралём Польшчы Жыгімонтам II Аўгустам 7.6.1563 на Віленскім сейме. Тэкст прывілея ў якасці прэамбулы ўвайшоў у Статут Вялікага княства Літоўскага 1566. Прывілеем устаноўлена, што правасл. шляхціцы, як і католікі, могуць займаць розныя дзярж. пасады. Было засведчана, што дыскрымінацыйныя адносна правасл. шляхты ВКЛ нормы Гарадзельскага прывілея 1413 фактычна і раней не дзейнічалі (асабліва пасля прыняцця прывілея 1434 і прывілея 1447). Таму Віленскі прывілей 1563 меў не столькі практычнае значэнне, колькі фармальнае, і быў выдадзены з мэтай паліт. кансалідацыі шляхты пасля няўдач у Лівонскай вайне 1558—83, у час правядзення валочнай памеры, напярэдадні заключэння Люблінскай уніі 1569.
І.А.Юхо.
т. 4, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФАПАБУДАВА́ЛЬНІК,
прыстасаванне для аўтаматычнага вычэрчвання графічнай (ці алфавітна-лічбавай) інфармацыі на папяровыя, плёначныя або інш. носьбіты запісу. Бываюць буйна- (памеры да 2×6 м) і малагабарытныя, вектарныя і растравыя, планшэтныя, барабанныя і ролікавыя, эл.-мех. (найб. пашыраныя), эл.-статычныя, струменныя і інш.
Графічная інфармацыя непасрэдна ад ЭВМ (ці з прамежкавых носьбітаў інфармацыі, напр. магн. дыскаў) узнаўляецца сімваламі (неперарыўнымі лініямі, штрыхамі, кропкамі і інш.) у адна- і шматколерным выкананні. Пішучы элемент перамяшчаецца з дапамогай крокавых або серварухавікоў. Дакладнасць узнаўлення ліній да 0,005 мм, скорасць вычэрчвання да 5 м/с, раздзяляльная здольнасць да 20 ліній на міліметр. Выкарыстоўваецца як знешняе прыстасаванне вываду даных з ЭВМ, у аўтаматызаваных сістэмах праектавання, машына- і прыладабудаванні, метэаралогіі, картаграфіі і інш. На Беларусі сям’я графапабудавальнікаў «ІТЭКАН» распрацавана Ін-там тэхн. кібернетыкі Нац. АН.
М.П.Савік.
т. 5, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЎНА ХВАРО́БА,
храмасомная хвароба, пры якой адставанне ў разумовым і фіз. развіцці спалучаецца са своеасаблівым вонкавым выглядам хворых і недастатковасцю функцый залоз унутр. сакрэцыі (найчасцей шчытападобнай залозы). Апісана англ. урачом Л.Даўнам у 1866. У хворых на Д.х. колькасць храмасом у клетках 47 замест 46 (3 замест 2 храмасом 21-й пары). Прыкметы: паменшаныя памеры галавы, вузкія вочныя шчыліны, косы разрэз вачэй, скурныя складкі каля ўнутр. вуглоў вачэй, плоскі твар са скулавымі дугамі, кароткі нос з шырокім пераноссем, дэфармаваныя вушы, тоўсты язык, рэдкія зубы, паўадкрыты рот. Ужо на першым годзе жыцця назіраецца адставанне ў развіцці псіхікі (гл. Алігафрэнія) і рухальных навыкаў. Дзеці пазней пачынаюць сядзець і хадзіць; тонус іх мышцаў парушаны, аб’ём рухаў у суставах павялічаны, палавыя органы недаразвітыя. Лячэнне малаэфектыўнае. Навучанне ў спец. школах.
т. 6, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВОР,
1) участак зямлі пры доме, хаце, прадпрыемстве, абгароджаны плотам або сценамі будынка, тое, што і сядзіба.
2) У ВКЛ у 13—18 ст. адна з назваў сял. гаспадаркі як аб’екта і адзінкі абкладання павіннасцямі і падаткамі, адпаведнік больш пашыранаму тэрміну дым.
3) У ВКЛ да сярэдзіны 16 ст. назва ўласнай гаспадаркі феадала з комплексам жылых і гасп. будынкаў, ворнымі землямі і інш. ўгоддзямі. Гал. прызначэннем такіх Д. была вытв-сць с.-г. прадукцыі, якая ішла на ўтрыманне феад. адміністрацыі і задавальненне ўласных патрэб феадала. Былі пашыраны гаспадарскія (велікакняжацкія) Д. — адм. ці адм.-гасп. цэнтры валасцей або асобных уладанняў вял. князя. З пачаткам валочнай памеры паняцце Д. заменена тэрмінам фальварак.
4) Цэнтр. сядзіба феад. гаспадаркі (маёнтка, фальварка), дзе жыў сам уласнік ці размяшчалася яго адміністрацыя.
5) Світа манарха з прыдворных чыноў.
т. 6, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)