вы́паліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Спаліць, знішчыць агнём, жарам. Пажар выпаліў увесь лес. Сонца выпаліла траву. / у безас. ужыв. Бацька некалі меў светлыя вочы і ўсё бачыў, як і кожны здаровы чалавек. Яму выпаліла зрок, калі ён працаваў на заводзе, дзе выплаўлялі медзь. Лынькоў. // Ачысціць абпальваннем. Выпаліць арганічныя прымесі. // перан. Выкараніць, знішчыць бясследна. Памяці аб вас [загінуўшых] з душы маёй ні выпаліць, ні сцерці. Глебка.

2. Прапаліць, выпечы чым‑н. распаленым. Выпаліць дзірку. // Зрабіць распаленым жалезам знак, метку і пад. на паверхні чаго‑н. Выпаліць узор. □ Агонь на крылы маладыя плёснуў І выпаліў нязмыўнае таўро. Пысін.

3. што і ў чым. Кончыць паліць; прапаліць. Раніцай жанчына выпаліла ў печы, прыгатавала снеданне. Федасеенка.

4. Вырабіць абпальваннем. Выпаліць цэглу.

5. Разм. Выстраліць. Рыль.. трошкі адчуваў сябе як бы вінаватым перад дзедам Талашом, што ў яго такі хвацкі карабін, з якога можна выпаліць сем разоў у адзін зах[о]д. Колас.

6. перан. Разм. Нечакана і хутка сказаць што‑н. — Зброя ў цябе ёсць? — ва ўпор выпаліў адзін з паліцэйскіх. М. Ткачоў. Вася адным дыханнем выпаліў свой нядоўгі жыццяпіс. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зга́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. згас, ‑ла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перастаць гарэць, свяціць; патухнуць, загаснуць. Ракета прарэзала заслону дажджу, зашыпела ў вышыні і згасла. Шамякін. Пад вечар згаслі яркія кастры. Танк. / Пра канец дня і надыход ночы. Дзень згас.

2. перан. Знікнуць, кончыцца (пра пачуцці, надзеі і пад.). Не згасне той запал агністы, З якім пад шолах кумача Кляліся сэрцам урачыста Ва ўсім браць прыклад з Ільіча. Бялевіч. На задні план сышлі згрызоты, Агонь і жар у сэрцы згас. Колас. / Пра жыццё, сілы. Яшчэ ў грудзях не згаслі сілы, Яшчэ не слабнуць сэрца крылы, Не адцвіла ў душы вясна! Гілевіч. // Зачахнуць, памерці (пра чалавека). [Маці] хутка згасла на непасільнай працы, як свечка на ветры, у свае трыццаць дзевяць год. Клышка. Згас стары дзядок без болю, Раз ці два адно зяхнуў. Колас. // Страціць жывасць, выразнасць (пра вочы, позірк, усмешку). Вясёлая, але пустая гаманлівасць пакінула.. [Васіля], усмешка на чырванашчокім твары згасла. Мележ.

3. перан. Страціць значэнне, забыцца. Ніколі не згасне слава аб тых, хто аддаў сваё жыццё ў імя людскога шчасця. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; заг. падскоч; зак.

1. Зрабіць скачок уверх. [Мяч] падскочыў раз, другі, трэці і пакаціўся. Юрэвіч. Бусел з перапуду падскочыў на месцы, міжвольна распасцёр крылы, але тут жа зноў падцяў іх, каб не ўзняцца з гнязда. Пальчэўскі.

2. перан. Разм. Рэзка падняцца, павялічыцца. Падскочыла тэмпература. Цэны падскочылі. □ Падскочыць градусаў да трох Апоўначы марозік. Калачынскі. // Раптам з’явіцца. Падскочыла запаленне лёгкіх, і на што ўжо быў .. [дзед Тумаш] здаровы, а на чацвёртыя суткі зусім аслаб. Машара.

3. Наблізіцца скачкамі; хутка падбегчы, пад’ехаць да каго‑, чаго‑н. Прыстаў.. падскочыў да жанчыны ззаду, паваліў на зямлю, крутануў за руку, адводзячы ад пана паліцмайстра стрэлы. Мехаў. Лук’ян насцярожана падскочыў да акна. Усе падняліся з месца. М. Ткачоў. Да Міколкі падскочыў спешаны коннік, сівы нямецкі вахмістр. Лынькоў. // Разм. Хутка з’ездзіць, схадзіць куды‑н. [Антон:] — Ты пабудзь тут з таварышамі, а я падскочу на станцыю. Новікаў. [Хведар:] — Заўтра прывязём бензін, а сёння мне трэба са Сцяпанам у адно месца падскочыць. Асіпенка. // Разм. Падысці, пад’ехаць у патрэбны момант; падаспець. Добра, што падскочылі людзі, інакш бы ім абодвум былі канцы ў той багне. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АНАЛО́ГІЯ (ад грэч. anālōgia адпаведнасць, падабенства),

1) прыём (метад) выяўлення падабенства паміж прадметамі, іх уласцівасцямі і якасцямі. Усе прадметы прыроды (ад элементарных часціц і да касм. аб’ектаў) распадаюцца на пэўныя групы і класы, якія маюць агульныя ўласцівасці і прыкметы — аналогіі. Прыём аналогіі скарачае тэрміны даследаванняў і часам прыводзіць да навук. адкрыццяў, разам з тым ён можа быць крыніцай памылак, калі выкарыстаны некрытычна ці будуецца на выпадковых падабенствах і прыкметах (атаясамленне грамадства і арганізма, арганізма і механічнай сістэмы, сумлення і камп’ютэра, некаторых аналогій у гіст., сацыялагічным, паліталагічным і эканам. даследаваннях). Прыёмы аналогіі, маючы значныя пазнавальныя магчымасці, павінны дапаўняцца іншымі метадамі даследавання. Аналогія шырока выкарыстоўваецца ў фізіцы, матэматыцы, псіхалогіі і інш. (напр., падабенства ў паводзінах святла і гуку прывяло да вываду, што святло мае хвалепадобную прыроду).

2) У біялогіі — марфалагічнае падабенства органаў або іх частак розных па паходжанні, але аднолькавых па функцыях. Аналогія развіваецца ў выніку канвергенцыі. Органы, якія выконваюць аднолькавыя або блізка падобныя функцыі, наз. аналагічнымі (напр., крылы птушак і насякомых, шчэлепы рыб і ракаў). Развіццё іх сведчыць толькі аб прыстасаванасці органаў да аднолькавых умоў існавання, а не аб эвалюцыйным падабенстве (гл. Гамалогія).

3) У мовазнаўстве — утварэнне моўнай адзінкі шляхам прыпадабнення да адзінак і адносін, якія ўжо існуюць у мове. Так, форма «яблыняў» замест «яблынь» ужываецца па аналогіі з формамі «лічбаў», «вербаў» (канчатак «-аў» абумоўлены збегам зычных), што таксама ўтварыліся на ўзор стараж. формаў «сыноў», «дамоў». Найб. характэрна аналогія ў граматыцы, дзе яна выраўноўвае формы слоў, што вылучаюцца з агульнага рада, і вядзе да уніфікацыі (напр., «ядзім» як «глядзім» замест больш архаічнага «ямо»). Аналогія ўзнікае ў жывым маўленні, з цягам часу можа быць замацавана ў нармаванай моўнай сістэме.

4) У праве — прыём вырашэння дзярж., гаспадарчымі, грамадскімі і інш. органамі, службовымі асобамі і грамадзянамі юрыд. пытанняў, не ўрэгуляваных нормамі права. Адрозніваюць аналогію закону — дастасаванне ў вырашэнні пэўных пытанняў прававых нормаў, якія рэгулююць падобныя грамадскія адносіны, і аналогія права — прымяненне агульных асноў і прынцыпаў прававога рэгулявання адпаведнай галіны права ці прававога інстытута. На Беларусі аналогія выкарыстоўвалася на розных этапах развіцця дзяржаўнасці і права. Сучаснае заканадаўства Рэспублікі Беларусь поўнасцю забараняе аналогію ў крымін. праве, але дазваляе ў цывільных праваадносінах, у адм., прац., гасп. і інш. галінах права. Аналогія выкарыстоўваецца ў некат. замежных краінах. Напр., у краінах англа-саксонскай сістэмы права (ЗША, Вялікабрытанія) дапускаецца аналогія крымін. закону пры дапамозе т.зв. прэцэдэнту.

А.​М.​Елсукоў, А.​А.​Кожынава, В.​А.​Кадаўбовіч.

т. 1, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЗНАВА́ЛЬНЫЯ ЗНА́КІ,

адзнакі на транспартных сродках, ваен. тэхніцы і ўзбраенні. Вызначаюць іх дзярж. прыналежнасць, прызначэнне, дачыненне да аб’яднанняў, відаў і родаў войскаў і інш. Складаюцца з сімвалаў, літар, лічбаў, спец. знакаў і іх камбінацый.

Апазнавальныя знакі лятальных апаратаў (ЛА) вызначаюцца Міжнар. арг-цыяй грамадз. авіяцыі (ІКАО). Звычайна складаюцца з пач. літар назвы дзяржавы і лічбавага знака, які прысвойваецца ЛА пры занясенні ў рэестр грамадз. паветр. суднаў дзяржавы. Наносяцца на крылы, бакавыя паверхні фюзеляжа, кіль. Ваен. самалёты і верталёты маюць апазнавальныя знакі ў выглядзе геам. фігур (кругоў, квадратаў, палос, зорак, крыжоў і інш.). Напр., апазнавальныя знакі ЛА Германіі — чорны крыж і выява дзярж. сцяга; Японіі — чырвоны круг; ЗША — белая пяціканцовая зорка. Апазнавальныя знакі караблёў і суднаў (у т. л. ваен.) — выява дзярж. сцяга і бартавы нумар (вялікія караблі маюць таксама ўласную назву). Апазнавальныя знакі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, іх прыналежнасці да віду ўзбр. сіл, роду войскаў (службы) маюць большасць дзяржаў. Апазнавальныя знакі прыналежнасці да аб’яднання, злучэння і інш. ўключаюць іх эмблемы і групу лічбаў, іншыя апазнавальныя знакі — спец. каляровыя знакі ў выглядзе палос, рысункаў, геам. фігур і г.д. На грамадз. трансп. сродках наносяцца міжнар. апазнавальныя знакі (гл. табл.).

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь апазнавальныя знакі — круг, падзелены гарызантальнай лініяй. У верхняй палове круга літары МА, знізу — выява дзярж. сцяга. На аўтамабілі, матацыклы, прычэпы таксама наносяцца: чырвоны крыж — на санітарныя машыны; Т — на машыны трансп. групы; ВАІ — на аўтамабілі і матацыклы ваен. аўтаінспекцыі і інш.

Міжнародныя апазнавальныя знакі на аўтамабілях
Аргенціна RA ЗША USA Расія ROS
Аўстрыя A Ізраіль IL Румынія RO
Балгарыя BG Індыя IND Турцыя TR
Беларусь BY Іспанія E Украіна UA
Бельгія B Італія I Фінляндыя SF
Бразілія BR Канада CON Францыя F
Венгрыя H Кітай TJ Чэхія CZ
Вялікабрытанія GB Латвія LR Швейцарыя CH
Германія D Нарвегія N Швецыя S
Данія DK Партугалія P Югаславія YU
Егіпет ET Польшча PL Японія J
Апазнавальныя знакі на ваенных самалётах: 1 — Вялікабрытаніі; 2 — ЗША; 3 — Італіі; 4 — Кітая; 5 — Фінляндыі; 6 — Францыі; 7 — ФРГ; 8 — Японіі.
Апазнавальныя знакі (эмблемы) на трубах гандлёвых суднаў: 1 — Вялікабрытаніі (кампанія «Рабінзон энд Сан»); 2 — Галандыі («Конінклійке»); 3 — ЗША («Мобіл Ойл»); 4 — Італіі («Адрыятыка Сасьетэ»); 5 — Канады («Уэстэрн Канада Стымшып»); 6 — Турцыі («Дэнезчылык Банкасы»); 7 — ФРГ («Ханза»); 8 — Японіі («Таё Каюн Сангуо»).
Апазнавальныя знакі авіяэскадрылляў. Тактычных знішчальных: 1—2 — Вялікабрытаніі; 9—12 — ЗША; знішчальных: 3—4 — Вялікабрытаніі; 5—8 — Францыі («Эльзас», «Іль дэ Франс», «Нармандыя—Нёман», «Ларэн»).

т. 1, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р,

помнік архітэктуры 11—18 ст. у г. Полацк Віцебскай вобл. Пабудаваны ў сярэдзіне 11 ст. пры кн. Усяславе Брачыславічу як правасл. храм. Будынак 5-нефавы крыжова-купальны (7 купалаў, паводле інш. звестак 5) з 3 гранёнымі апсідамі. На кожным фасадзе (акрамя ўсходняга) было 6 прамавугольных плоскіх лапатак, якія адпавядалі ўнутр. падзелу памяшкання 16 слупамі на нефы, 3 сярэднія нефы заканчваліся апсідамі. Над сяродкрыжжам сабора быў цэнтр. купал на барабане. Сцены складзены з прыроднага каменю і плінфы ў тэхніцы паласатай муроўкі (муроўка са «схаваным радам», што стварала 2-колерную гаму паверхні), характэрнай для Полацкай школы дойлідства. У канцы 15 — пач. 16 ст. перабудаваны ў 5-вежавы храм абарончага тыпу. Неаднаразова быў разбураны (у 1607 і 1643 спалены, у 1710 пашкоджаны выбухам). Паміж 1738—50 перабудаваны (арх. І.​К.​Глаўбіц, каменшчык Б.​Касінскі) у стылі позняга барока. Храм арыентаваны з Пд на Пн. У 18 ст. сабор — 3-нефавая мураваная базіліка з 2 шмат’яруснымі вежамі на гал. фасадзе. З усх. боку ў кампазіцыю сабора ўключаны рэшткі сцен і гранёныя апсіды храма сярэдзіны 11 ст. (даўжыня старой пабудовы вызначыла шырыню новай). Стараж. апсіды і сіметрычная прыбудова да зах. фасада ўтвараюць своеасаблівы трансепт, гранёныя крылы якога завершаны ў цэнтры купалам з ліхтарыкамі. Цэнтр. неф на гал. фасадзе і з боку алтарнай апсіды завершаны фігурнымі атыкавымі франтонамі. Гал. фасад дэкарыраваны ляпнымі гірляндамі на пілястрах, авальнымі нішамі на гранёных крылах, пінаклямі на вуглах ярусаў вежаў і франтонаў. Бакавыя фасады аздоблены спаранымі пілястрамі і ляпнымі гірляндамі. У інтэр’еры 3-ярусная каменная алтарная перагародка, на якой захаваліся маляўнічыя кампазіцыі 18—19 ст., у т. л. «Тайная вячэра», «Спас нерукатворны» і скульпт. кампазіцыя «Тройца новазапаветная». У стараж. частцы храма (усх. апсіда) захаваліся рэшткі фрэсак 11 ст. У будынку сабора пасля рэстаўрацыі (1985, арх. В.​Слюнчанка) размешчана канцэртная зала з арганам і Музей гісторыі і архітэктуры Сафійскага сабора. П.С.с. уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.

Літ.:

Ткачоў М.А. Новае пра Сафійскі сабор // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. №2;

Трусов О.А. Археологическое изучение Полоцкой Софии // Древности Белоруссии и Литвы. Мн., 1982;

Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986;

Слюнченко В.Г. Полоцкий Софийский собор: Ист.-архит. очерк. Мн., 1987.

У.​А.​Чантурыя, Т.​І.​Чарняўская, В.​В.​Церашчатава.

Полацкі Сафійскі сабор. Галоўны фасад.
Полацкі Сафійскі сабор. Выгляд з боку апсіды.
Полацкі Сафійскі сабор. Канцэртная зала з арганам.

т. 12, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Плячо, плечо́, плечэ́, плічо́, плычэ́, плечко́, плы́чко, плячу́к, пляча́к, пле́чухна, пле́чы, плэ́чэ, плэ́чы ’частка тулава ад шыі да рукі’, ’частка рукі да локцевага сустава’, лудз. ’частка тулава каня вакол шыі’; плечы ’спіна’, ’лапаткі’, ’верхняя частка спіны’, ’задняя частка вопраткі паміж двума рукавамі’, ’падкладка ў кашулі’, ’ватныя плечыкі ў вопратцы’, ’пройма рукава’ (ТСБМ; Нас.; Бес.; Шат.; Сл. ПЗБ; ашм., Стан., Бяльк., Сцяц.; Сцяшк. Сл.; Сцяшк. МГ; ТС; Клім.; З нар. сл.; Ян.), сюды ж плячкі́ плечы’ (латг., Нар. сл.), навагр. плячу́к ’шво на плячы’; (тамсама); пле́чы ’тарэц, зад’ (ТС), пле́чыкі ’спінка ў ложку’ (бых., ЛА, 4), плэчувы́й стовб ’шула’ (драг., Нар. лекс.), плячны́й ’прызначаны на плечы’ (чэрык., Мат. Гом.), плячы́сты (ашм., Стан.), плячэ́ць ’раздавацца ў плячах’ (Нар. Гом.). Укр. плече́ ’плячо’, ’шула’; рус. плечо, дыял. плеча́ ’плячо’, ’пярэдняя чвэрць тушы барана, цяляці’; пле́чко ’частка рукі ад пляча да локця’, стараж.-рус. плече; польск. plec, plecy ’спіна’, ’спінка ў вопратцы’, plece ’лапатка’; палаб. plicě; н.-луж. placo ’шынка’, ’сцягняк’, в.-луж. pleco ’тс’, чэш. plec, plece, мар. дыял. pľeco, славац. plece ’плячо’, славен. pléče, серб.-харв. пле̏ће, макед. пле́ки, балг. плещи́, пле́щи, ст.-слав. плеште ’плячо’, плешти ’спіна’, перан. ’крылы’. Прасл. *pletʼe (Бязлай, 3, 52; Махэк₂, 457), *pletje (Банькоўскі, 2, 602; БЕР, 5, 351; Борысь, Czak. stud., 64); калі ж улічыць рус. пле́ко ’плячо’, белоплёкий ’белакрылы’, подоплёка ’падкладка’, зыходнай формай можна было б лічыць *plekti̯‑ і параўноўваць з лат. plęcs ’плячо’, літ. plókščias ’плоскі’, ст.-грэч. πλάξ, Р. скл. πλακός ’горная раўніна’, ст.-ісл. flá ’ўступ стромай скалы’, лац. placidus ’роўны’ (Фасмер, 3, 281), а таксама з ірл. leithe ’лапатка’, літ. plė̃sti ’рассцілаць’, platùs ’шырокі’. Гл. таксама Міклашыч (250). Фрэнкель (581 і 606), Траўтман (225), Голуб-Копечны (227).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пту́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Пакрытая пухам і пер’ем жывёліна класа пазваночных, якая мае дзве канечнасці, крылы і дзюбу. Вадаплаўныя птушкі. Хатнія птушкі. □ У лесе жылі звяры і драпежныя птушкі: каршуны, совы, пугачы, ястрабы. Колас. / у знач. зб. Ездзілі ў Мінск караваны з ільном, збожжам, .. птушкай. Бядуля.

2. перан. Разм. іран. Пра чалавека, з пункту гледжання яго грамадскага значэння, становішча. Гэтая схільнасць упаўнаважанага — не дзіва, бо чалавек ён старонкі і па-сапраўднаму не ведае, што гэта за птушка наш Лепятун. Кулакоўскі. — Ну, калі ўжо сам таварыш Верашчака... — прамовіў я такім тонам, быццам мне вельмі добра было вядома, якая гэта значная птушка — Верашчака. Васілёнак.

3. Разм. Паметка на палях тэксту або ў тэксце ў выглядзе дзвюх рысак, якія сходзяцца ўнізе вострым вуглом. Зарыпела пяро: «Тут у вас не выходзіць...» «Тут вам трэба «падумаць ...» «Тут крыху змякчыць...» «Тут вось «птушку» паставім, разважыць не шкодзіць...» Дзяргай.

•••

Вольная птушка — пра чалавека, які жыве незалежна, свабодна.

Птушка высокага палёту (звычайна іран.) — пра чалавека, які займае высокае становішча ў грамадстве.

Ранняя птушка — пра таго, хто рана ўстае, з’яўляецца рана дзе‑н.

Стрэляная птушка — пра бывалага, вопытнага ў якой‑н. справе чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыво́га, ‑і, ДМ ‑возе, ж.

1. Неспакой, моцнае душэўнае хваляванне, выкліканае страхам, апаскай і пад. Цімошка пільна і з трывогаю пазіраў па кожную новую асобу, якая паказвалася ў хаце. Колас. Перамагаючы ў самім сабе трывогу за лёс справы, Змітрок Анісімавіч намагаўся жартаваць .. пры кожнай нагодзе. Брыль. Сюды пралягуць светлыя дарогі, Якімі пройдзе маладосць дзяцей, Не знаючы ні гора, ні трывогі Сваіх бацькоў... Начны знікае цень. Танк. Я ўсё часцей лаўлю ў цішы Даўно забытай песні водгук, Што сее дзесь на дне душы Незразумелую трывогу. Гілевіч. // Перапалох, мітусня, беганіна. Скончаны сваркі, суды, трывогі, лішнія клопаты. Бядуля. У вёсцы трывога: прыехаў земскі з казакамі... Якімовіч. // звычайна мн. (трыво́гі, ‑вог). Клопаты, турботы. У гэтым шчасці .. [бацькі] можа нават забыліся на свае трывогі за дачку. Кулакоўскі. О, каб магла спіхнуць з плячэй Гару трывог, няўдач, памылак, Што прыціскае і пячэ, Што не дае расправіць крылы. Каржанеўская.

2. Небяспечнае становішча, а таксама сігнал, які апавяшчае аб ім. Баявая трывога. □ Трывога! — узвіўся над лагерам кліч. Мележ. Маё пакаленне, мае аднагодкі, пачуўшы трывогу, надзелі пілоткі і ў цеснай зямлянцы кляліся ўрачыста: «Лічыце мяне камуністам!» Грахоўскі.

•••

Паветраная трывога — сігнал аб з’яўленні праціўніка ў паветры.

Біць трывогу гл. біць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Яркі, светлы. Ясныя колеры залівалі заводскі двор. Чорны. На ясным небе загараліся зоркі. Колас.

2. Бязвоблачны, бясхмарны, чысты. У небе не было ні хмаркі, стаяў ясны сонечны дзень. Гурскі. Не пакідай, мой вечар ясны, Злажыўшы крылы на зары, Як месяц чысты, непагасны, Як рэха летняе ў бары. Вярба. // перан. Нічым не засмучаны; ціхамірны. Твар у.. [Кіры] быў чысты, ясны. Карпаў.

3. перан. Які не патрабуе дадатковага тлумачэння; зразумелы, просты. Усе ўважліва слухаюць простыя і ясныя словы. Якімовіч. [Міканор:] — Адным словам, абстаноўка ясная. Мележ.

4. Акрэслены, добра бачны, выразна ўспрымальны. Ясныя абрысы гор. Ясная дыкцыя. Ясны почырк. Ясны гук званоў. □ Глядзі, якія ясныя шляхі Адкрыты перад намі. Кірэенка.

5. Лагічны, пераканаўчы, дакладны. Ясны адказ. // Здольны лагічна мысліць. Ясны розум падказваў Кастусю, што яшчэ не ўсё страчана. Якімовіч. Галава была на дзіва яснай, светлай, увага іранічна сканцэнтраванай. Васілёнак.

6. Уст. Знатны, вяльможны, багаты. Нарэшце пасланец перадае лёкаю ад яснай пані 25 рублёў гасцінца і абяцанне прыбаўкі 5 рублёў у месяц да яго заробку. Мядзёлка.

•••

Навесці цень на ясны дзень гл. навесці.

Як гром з яснага неба гл. гром.

Ясная справа гл. справа.

Ясны сокал (нар.-паэт.) — тое, што і сокал (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)