ФЕ́ЦІ (Fetti, Feti) Даменіка (каля 1588, Рым — 16.4.1623), італьянскі жывапісец. Вучыўся ў Рыме ў Л.​Чыголі. Зазнаў уплыў Караваджа, А.Эльсхаймера, майстроў венецыянскай школы 16 ст. З 1613 прыдворны мастак герцага Фердынанда Ганзага ў Мантуі, з 1622 працаваў у Венецыі. Творчасці ўласцівы тонкія па каларыстычным вырашэнні карціны, у якіх сюжэты міфалаг. («Геро і Леандр»), Старога і Новага Запаветаў трактуюцца як быт. сцэны, змешчаныя ў пейзажы або інтэр’еры, эмацыянальна сугучныя перажыванням персанажаў: «Вылячэнне Тавіта», «Прытчы», «Уцёкі ў Егіпет». Творы вылучаюцца прастатой і яснасцю кампазіцыі, свабоднай манерай пісьма.

Д.Феці. Геро і Леандр.

т. 16, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕЛМО́НСКІ (Chełmoński) Юзаф (7.11.1849, с. Бочкі Лодзінскага ваяв., Польшча — 6.14.1914),

польскі жывапісец. Вучыўся ў Варшаве ў В.​Герсана і ў Рысавальным класе (1867—71), Мюнхенскай АМ (1872—74). У 1875—87 працаваў у Парыжы, пасля ў Польшчы. Раннім творам уласцівы жанравыя замалёўкі сял. жыцця: «Справа ў войта» (1873), «На фальварку» (1875), «Катанне на санях». Пазней вобразы набылі паэтычную абагульненасць, якая раскрывае духоўную прыгажосць сялянства, яго арганічную сувязь з прыродай: «Бабіна лета» (1875), «Перад бурай» (1896). Творы вылучаюцца мяккасцю колеравых градацый, тонкімі эфектамі асвятлення.

Ю.Хелмонскі. Катанне на санях.

т. 17, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́СІН Барыс Якаўлевіч (н. 28.7.1945, в. Сафронава Борскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія),

бел. жывапісец. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1967). Працуе ў станковых жывапісе і графіцы, пераважна ў тэхніках тэмперы і акварэлі. Асн. творы: «Слаўны горад Полацк» (1969), «Раніца» (1971), «Стары Віцебск» (1974), «Дзвіна» (1978), «Цюмень. Палярны Урал» (1986), «Зімовы пейзаж» (1990), «Восень» (1993), «Вечар», «Стары Полацк» (абодва 1994), «Віцебск. У канцы зімы» (1999), нацюрморты. Работы вылучаюцца пластычнай лёгкасцю, складанай рытмікай кампазіцыі, выразнай дынамікай ліній з сакавітымі плямамі колеру.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 17, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХОХ, Хоах (Hooch, Hoogh) Пітэр дэ (хрышчаны 20.12.1629, г. Ротэрдам, Нідэрланды — каля 1685), галандскі жывапісец. Вучыўся ў К.​Берхема ў Харлеме (каля 1646—49). Працаваў у Дэлфце і Амстэрдаме. Зазнаў уплыў харлемскіх жанрыстаў Ф.Халса, Я.Вермера і К.​Фабрыцыуса. Пісаў паэтычна адухоўленыя быт. сцэны, якія вылучаюцца залацістым каларытам, унутр. засяроджанасцю: «Раніца маладога чалавека», «Дворык», «Гульцы ў карты» (абедзве 1658), «Дама з двума кавалерамі», «Гаспадыня і служанка ў дворыку», «Маці ля калыскі» (усе каля 1660).

Літ.:

Цырлин И. Питер де Хоох. М., 1955.

П. дэ Хох. Гаспадыня і служанка ў дворыку. Каля 1660.

т. 17, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫ БАЙШЫ́, Ачжы,

Хуан (1860, прав. Хунань, Кітай — 16.9.1957),

кітайскі жывапісец, рэзчык пячатак, каліграф, паэт; найбуйнейшы майстар нац. кіт. жывапісу гохуа. У 1920—37 праф. Маст. ін-та ў Пекіне. Творы вылучаюцца багаццем танальных градацый, тонкай назіральнасцю, аўтарскім пераасэнсаваннем сярэдневяковых маст. традыцый: «Дванаццаць крабаў», «Курыца з куранятамі», «Арол» (усе 1930-я г.), «Крэветкі сярод водарасцей» (1946), «Персікі» (1948), «Лотас і жаба» (1954), «Цыкада на чырвоным лісце» (1955) і інш. Міжнар. прэмія Міру 1955.

Літ.:

Миклош П. Ци Бай-ши: [Пер. с венг.]. Будапешт, 1963.

т. 17, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫ́МА ДА КАНЕЛЬЯ́НА (Cima da Conegliano) Джавані Батыста (каля 1459—1517 або 1518),

італьянскі жывапісец эпохі Адраджэння. Вучыўся у Дж.Беліні. Зазнаў уплыў А. да Месіна, Джарджоне, ранняга Тыцыяна. Працаваў у Венецыі. Яго жывапіс вылучаецца характэрным для венецыянскай школы гучным залацістым каларытам, велічнай урачыстасцю кампазіцыі, паэт. адчуваннем сувязі чалавека з сусветам: «Мадонна са святымі» (1493), «Дабравешчанне» (1495), «Увядзенне ў храм» (каля 1500), «Мадонна з дзіцем і святымі Міхаілам і Андрэем» (каля 1505), «Апостал Пётр» (1516).

Чыма да Канельяна. Мадонна з дзіцем і святымі Міхаілам і Андрэем. Каля 1505.

т. 17, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́КЕРСБЕРГ (Eckersberg) Крыстафер Вільхельм (2.1.1783, г. Блокраг, Данія — 22.7.1853),

дацкі жывапісец. Вучыўся ў школе прыгожых мастацтваў пры АМ у Капенгагене, у 1810—13 у майстэрні Ж.​Л.​Давіда ў Парыжы. У 1813—16 жыў у Рыме. З 1818 праф. АМ у Капенгагене, у 1827—29 яе дырэктар. Зазнаў уплыў класіцызму. Паўплываў на развіццё дацкай нац. школы жывапісу: «Спартанскія хлопчыкі» (1812), партрэты Б.​Торвальдсена (1814), «Від праз арку Калізея (1813—16), пані Шміт, сям’і Натансон (абодва 1818), «Дзяўчына з сям’і Марсман» (1820), «Карвет «Галатэя» ў буру» (1839).

т. 18, кн. 1, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭРЭ́РА (Herrera; празваны Старэйшы, El Viejo) Франсіска дэ (1576, г. Севілья, Іспанія — 1656), іспанскі жывапісец. Працаваў у Севільі, з 1650 у Мадрыдзе, быў першым настаўнікам Д.Веласкеса. Рэліг. кампазіцыі Э., у якіх адчуваецца ўздзеянне севільскай і венецыянскай школ Жывапісу, вылучаюцца яркай рэаліст. трактоўкай вобразаў, гнуткасцю кампазіцыі, шырынёй пісьма, майстэрствам перадачы святлаценю (карціны з жыцця св. Банавентуры для кляштара францысканцаў у Севільі, 1629; «Св. Васіль дыктуе сваё вучэнне», 1639). Пісаў таксама жанравыя палотны («Аматар выпіўкі», каля 1635), працаваў як гравёр і медальер.

Ф. дэ Эрэра. Св. Васіль дыктуе сваё вучэнне 1639.

т. 18, кн. 1, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯГО́РАЎ Аляксей Ягоравіч (1776—22.9.1851),

рускі жывапісец, рысавальшчык; прадстаўнік рус. класіцызму. Паводле паходжання калмык. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1782—97), у 1798—1803 і 1807—40 выкладаў у ёй (з 1812 праф.). Вучань І.Акімава, Р.​Угрумава. У 1803—06 пенсіянер АМ у Рыме. Майстар лірычнага вытанчанага рысунка. Пісаў карціны пераважна на рэліг. і міфалагічныя сюжэты, партрэты: «Сусанна» (1813), «Катаванне Збавіцеля» (1814), «Галава юнака» (1812), партрэт А.​Тамілава (1831). Удзельнік размалёўкі Казанскага сабора ў Пецярбургу. Сярод вучняў К.Брулоў, Ф.Бруні, А.Іванаў.

Літ.:

Мроз Е.А. Е.​Егоров. М.; Л., 1947.

т. 18, кн. 1, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУ́Б З ТЫКО́ЦІНА (Jakub z Tykocina),

бел. жывапісец 17 ст. Паходзіў з Польшчы. У 1647 яму заказана размаляваць і пазалаціць алтары і хор у Дабравешчанскім касцёле кляштара брыгітак у Гродне. Яму прыпісваюць цыкл карцін (у парапеце хору гэтага касцёла) са сцэнамі з жыцця Хрыста: «Нараджэнне Хрыстова», «Пакланенне пастухоў», «Пакланенне вешчуноў», «Стрэчанне», «Абразанне», «Уцёкі ў Егіпет», «Хрыстос, Марыя, Іосіф ідуць у Іерусалім», «Хрыстос у Іерусалімскім храме».

Літ.:

Высоцкая Н.Ф. Жывапіс барока Беларусі. Мн., 2003. С. 48—55.

А.​Лугаваене.

Якуб з Тыкоціна. Хрыстос, Марыя, Іосіф ідуць у Іерусалім.

т. 18, кн. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)