КВАЗІАЛФАВІ́ТНАЕ ПІСЬМО́, кансанантнае пісьмо,

складовае пісьмо, кожны знак якога выражае адзін пэўны зычны гук з адвольным ці нулявым галосным. Вынайдзена ў 2-м тыс. да н.э. зах. семітамі на аснове стараж. пісьменнасцей Міжземнамор’я (егіп., крыта-мікенскай, лувійскай іерагліфічнай) і, магчыма, на аснове протабіблскага складовага пісьма. Вядома з канца 2-га — сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. (клінападобнае угарыцкае пісьмо, лінейныя сінайскае пісьмо, фінікійскае пісьмо, паўд.-аравійскае і інш. аравійскія віды пісьма). З усіх пісьменнасцей К.п. найб. эканомнае па колькасці знакаў (літар), што выкарыстоўваюцца ў ім, і па хуткасці вывучэння. Але тэксты, напісаныя К.п., цяжка было прачытаць адназначна, асабліва да ўвядзення словападзелу. Пазней К.п. паступова ўдасканалена. Было запазычана народамі М. Азіі (1-е тыс. да н.э.), грэкамі (9—8 ст. да н.э.), якія пераўтварылі яго ў алфавіт.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ГІСТОРЫІ І СТАРАЖЫ́ТНАСЦЕЙ РАСІ́ЙСКІХ,

першае навук. гіст. т-ва ў Расіі ў 1804—1929. Засн. пры Маскоўскім ун-це для вывучэння і публікацыі дакументаў па рас. гісторыі, фактычна разгарнула дзейнасць пасля вайны 1812. Найб. размах дзейнасць т-ва (выданне летапісаў, стараж. актаў і г.д.) набыла з 1840-х г. пад кіраўніцтвам В.М.Бадзянскага, І.​Дз.Бяляева, А.​М.​Папова, Е.​В.​Барсава і інш. Аб’ядноўвала б.ч. рас. гісторыкаў і археографаў. У сваіх выданнях «Записки и труды» (1815—37), «Русские достопамятности» (1815—44), «Русский исторический сборник» (1837—44), «Временник» (1849—57), «Чтения» (1846—1918) і інш. выдала вял. колькасць каштоўных гіст. крыніц і даследаванняў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 дзейнасць т-ва паступова згарнулася, афіц. скасавана ў 1929. Архіў рукапісных дакументаў т-ва захоўваецца ў Рас. дзярж. бібліятэцы.

т. 10, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАТО́Н»,

1) серыя сав. даследчых ШСЗ для вывучэння касм. прамянёў і ўзаемадзеяння з рэчывам касм. часціц звышвысокіх энергій. Макс. маса каля 17 т. У 1965—68 запушчана 4 «П.»: у 1965—66 — «П.-1» — «П.-3» (маса навук. апаратуры 3,5 т), у 1968 — «П.-4» (маса навук. апаратуры 12,5 т). Палёты «П.» адкрылі новы кірунак у развіцці эксперым. і тэарэт. астрафізікі, фізікі элементарных часціц.

2) Сав. (рас.) 2—4-ступеньчатыя ракеты-носьбіты. Маса карыснага грузу, які выводзіцца на каляземную арбіту, больш за 20 т. Эксплуатуюцца з 1965. Запускі з касмадрома Байканур. Выкарыстоўваліся для запуску касм. апаратаў «Алмаз», «Венера», «Гарызонт», «Зонд», «Космас», «Месяц», «Марс», «Мір», «Салют», «Пратон», модуляў «Зара» і «Зорка» для міжнар. касм. станцыі і інш. Ажыццёўлены 157 паспяховых запускаў П. (2001).

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 13, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гістары́зм

(ад гр. historikos = пстарычны)

1) дыялектычны прынцып вывучэння і ацэнкі прадметаў і з’яў у працэсе іх узнікнення і развіцця ў канкрэтна гістарычных умовах;

2) слова, што выйшла з паўсядзённага ўжытку ў сувязі са знікненнем рэаліі або паняцця, якое яно абазначала.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Зубе́ль, зубля́, зу́блэнь, зубы́ло ’яловае галлё ці рыззё на палцы для падкурвання пчол’ (Анох.), зубе́ль, зу́бяль ’дымар для падкурвання пчол’ (чачэр., Жыв. сл.; рагач., З нар. сл.). Славен. zúbelj ’полымя’, zúblja ’факел’, серб.-харв. зу̏бља ’тс’. Міклашыч (404) звязваў з літ. žiburỹs ’святло, полымя’ (якое звязана з žibė́ti ’блішчаць, прамянець’, на што ўказаў Безлай (IX seminar slovenskega jezika…, 1973, 12). Фрэнкель (1304), аднак, іх не спалучае, а этымалогію літ. слова лічыць няяснай). Скок (3, 664) параўноўвае са ст.-ісл. kafli ’палена’, ням. Kabel ’падрыхтаванае дрэва’ і ўзводзіць да і.-е. *gʼebh‑ ’кавалак дрэва’ (Покарны, 1, 353, без слав. прыкладаў). Але слав. і балт. вакалізм у гэтым выпадку не тлумачыцца; спасылка на варыянт *gʼombh‑, апрача гіпатэтычнасці такой сувязі, не тлумачыць славен. ‑u‑ (замест чаканага ‑o‑). Безлай рэканструюе для балт. *gʼōibh‑ (зыходзячы з формы, дадзенай Міклашычам, žiuburỹs), а для слав. *gʼoubh‑; такой формы Покарны не дае. І.‑е. праформа патрабуе далейшага вывучэння. Супрун, Полесье и этногенез славян, 1983, 61.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

літарату́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мастацкай літаратуры. Літаратурная спадчына. Літаратурны твор. // Які мае адносіны да вывучэння літаратуры, літаратур. Літаратурны гурток. Літаратурны інстытут. // Які мае адносіны да якога‑н. твора мастацкай літаратуры, узяты з якога‑н. твора мастацкай літаратуры. Літаратурны вобраз. Літаратурны герой.

2. Які звязаны са стварэннем мастацкіх, крытычных і публіцыстычных твораў. Літаратурная праца. □ Літаратурная дзейнасць Змітрака Бядулі пачалася ў пачатку дваццатага стагоддзя. Каваленка.

3. Які мае адносіны да літаратараў; пісьменніцкі. Літаратурнае асяроддзе.

4. Які адпавядае нормам, замацаваным у пісьменнасці, літаратуры. Літаратурны стыль. Літаратурнае вымаўленне.

•••

Літаратурнае чытанне гл. чытанне.

Літаратурная мова гл. мова.

Літаратурны фонд гл. фонд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экано́міка, ‑і, ДМ ‑міцы, ж.

1. Сукупнасць вытворчых адносін пэўнага грамадскага ладу, якія адпавядаюць развіццю прадукцыйных сіл грамадства. Эканоміка сацыялізма.

2. Стан народнай гаспадаркі, гаспадарчае жыццё (краіны, раёна і пад.). Эканоміка Беларусі. Эканоміка Поўначы. □ За мінулыя гады працоўны народ брацкай краіны дабіўся выдатных поспехаў у развіцці эканомікі, культуры, навукі, аховы здароўя, адукацыі і сацыяльнага забеспячэння. «Звязда». // Структура і фінансава-матэрыяльны стан якой‑н. галіны гаспадарчай дзейнасці. Эканоміка прамысловасць Эканоміка транспарту. □ Вясной.. [Васіль] прапанаваў калгаснікам мерапрыемствы, якія павінны былі хутка ўзняць эканоміку калгаса. Шамякін.

3. Навуковая дысцыпліна, аб’ектам вывучэння якой з’яўляецца фінансава-матэрыяльны бок якой‑н. гаспадарчай дзейнасці. Эканоміка вінаградарства. Эканоміка бульбаводства.

[Ад грэч. oikonomiké — майстэрства вядзення хатняй гаспадаркі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эпізады́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Нерэгулярны, несістэматычны. Эпізадычная дапамога. Эпізадычны кантроль. □ Вывучаючы яго [Скарыны] жыццё і дзейнасць, можна пераканацца ў тым, што цікавасць да вывучэння прыроды, самога жыцця ў беларускага вучонага праявілася вельмі рана і што яго заняткі медыцынай і баганікай не мелі эпізадычнага характару. Алексютовіч. // Неістотны, які не мае вялікага, рашаючага значэння. Прозвішча выпала ў Шыковіча з галавы — эпізадычная асоба, а яму трэба было ў працэсе запамінаць сотні розных прозвішчаў, беларускіх, рускіх, нямецкіх. Шамякін.

2. Які з’яўляецца толькі ў асобных сцэнах, эпізодах. Потым .. [Манро] паступіла на кінастудыю, здымалася ў эпізадычных нямых ролях. Новікаў. На першым часе навічкі выступалі ў масоўках ці выконвалі эпізадычныя ролі. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БУ́ТЛЕРАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (15.9.1828, г. Чыстапаль, Татарстан — 17.8.1886),

рускі хімік, заснавальнік рус. школы хімікаў. Акад. Пецярбургскай АН (1874). Скончыў Казанскі ун-т (1849), у якім і працаваў, праф. (1857), у 1860 і 1863 рэктар. З 1868 праф. Пецярбургскага ун-та. Навук. працы па арган. сінтэзе і тэорыі хім. будовы. Адкрыў новы спосаб сінтэзу ёдзістага метылену (1858), атрымаў уратрапін і палімер фармальдэгіду (1861), які выкарыстаў для сінтэзу цукрыстага рэчыва «метыленітану». Стварыў тэорыю хім. будовы, паводле якой уласцівасці рэчываў абумоўлены парадкам сувязей атамаў у малекулах і іх узаемным уплывам (1861). Растлумачыў з’яву ізамерыі (1864). У 1864 выдаў кнігу «Уводзіны да поўнага вывучэння арганічнай хіміі», дзе тэорыя хім. будовы ўпершыню пашырана на ўсе класы арган. злучэнняў.

Тв.:

Соч. Т. 1—3. М., 1953—58.

Літ.:

Быков Г.В. А.​М.​Бутлеров: Очерк жизни и деятельности. М., 1961.

А.М.Бутлераў.

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЗІ́ЛА Іосіф, ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст 17 ст. Быў мазырскім харунжым, каралеўскім палкоўнікам і інш. З 1607 знаходзіўся ў лагеры Лжэдзмітрыя II. У 1611—12 удзельнічаў у баявых аперацыях па захопе і ўтрыманні Масквы (адзін з гал. военачальнікаў польск.-літ. гарнізона ў горадзе). Пасля здачы Масквы рус. ваяводу Дз.​Пажарскаму сасланы ў Ніжні Ноўгарад, зняволены ў турму (1612—19). Яго дзённік «Гісторыя Дзмітрыя фальшывага» — важная дакумент. крыніца для вывучэння т.зв. смутнага часу. Як літ. помнік вылучаецца вобразнасцю мовы, дынамізмам у апісанні гіст. падзей, яркімі аўтарскімі ацэнкамі, багаццем інфарм. матэрыялу.

Тв.:

Дневник событий, относящийся к Смутному времени (1603—1613 гг.), известный под именем истории ложного Димитрия // Русская историческая библиотека. Т. 1. Памятники, относящиеся к Смутному времени. Т. 1. СПб., 1872.

Літ.:

История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977. С. 211—212.

В.​І.​Дарашкевіч, А.​Ф.​Коршунаў.

т. 3, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)