НАМІНАЛІ́ЗМ,
філасофскае вучэнне, адпаведна якому ў аб’ектыўнай рэчаіснасці рэальна існуюць толькі адзінкавыя рэчы з іх індывід. якасцямі і ўласцівасцямі, а агульныя паняцці з’яўляюцца толькі суб’ектыўнымі пабудовамі розуму, што выяўляюцца ў назве рэчаў і не адлюстроўваюць іх уласцівасцей.
Вытокі Н. ў антычнасці (Антысфен, Дыяген Сінопскі). Як вучэнне сфарміравалася ў эпоху сярэднявечча [У.Окам (Англія), І.Расцэлін, Ж.Бурыдан (Францыя) і інш.] у барацьбе з рэалізмам. Ідэі Н. на ідэаліст. аснове развіваліся ў вучэннях Т.Гобса, Дж.Берклі (Англія), Д.Юма, у сучасны перыяд — у семантычнай філасофіі. Падрываючы веру ў непахіснасць царк. догматаў, Н. выяўляў тэндэнцыю ў развіцці эмпірычнага даследавання рэальна існуючых рэчаў, павароту філасофіі ад разумовай рэліг. праблематыкі да вывучэння навакольнай прыроды.
т. 11, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)