1. Які складаецца з некалькіх частак, элементаў; састаўны. Складаны сказ. Складанае рэчыва. Складаныя лікі. □ Пэўная колькасць складаных слоў была запазычана старабеларускай мовай з іншых моў.Гіст. лекс. бел. мовы.
2. Які з’яўляецца сістэмай многіх узаемазвязаных частак. Сельская гаспадарка — жывы і вельмі складаны арганізм.Дуброўскі./ Пра машыны, механізмы. На вачах Ігната пашыраўся завод, на якім вырабляліся цяпер самыя складаныя станкі.Лынькоў.Мантажныя работы — наогул нялёгкая аперацыя. Тым больш цяжка зманціраваць такую складаную машыну, як земснарад.Дадзіёмаў.// Мудрагелісты па сваёй будове, форме. Складаны ўзор. Складаны арнамент. □ Трактарысту .. пяць год таму назад.. [граніца] ўяўлялася ледзь не кітайскай сцяной, або, па меншай меры, нейкай складанай камбінацыяй з калючага дроту.Брыль.
3. Які характарызуецца сукупнасцю звязаных паміж сабой з’яў, адносін, прыкмет і пад. Пісьменнік стварае складаную сітуацыю, калі два ўласнікі змагаюцца паміж сабою.Адамовіч.Васіль Паўлавіч трошкі з сумам, але і з гонарам успамінае тыя цяжкія, складаныя дні.Кулакоўскі.
4. Які спалучае ў сабе разнастайныя, часта супярэчлівыя бакі, рысы (пра чалавека, яго характар і пад.). Лемяшэвіч выйшаў з абкома са складанымі і супярэчлівымі пачуццямі.Шамякін.
5. Цяжкі для разумення, рашэння, ажыццяўлення і пад. На перапынку Люба разбіралася ў складаным алгебраічным прыкладзе.Васілевіч.Гадоў трыццаць таму назад мнагабор’е лічылася надзвычай складаным відам спаборніцтваў і было пад сілу толькі дарослым.Шыцік.Ніколі раней Якаву Пятровічу не даводзілася рабіць складаных аперацый у такіх дзікіх умовах.Паслядовіч.Задачы перад працаўнікамі гаспадаркі стаяць складаныя.«Звязда».
6. Такі, які можна складваць дзякуючы рухомаму злучэнню частак. Складанае вудзільна. □ Доўга корпаўся [салдат] у кішэні, дастаючы складаны ножык.Лынькоў.Перад .. [прыставам] стаяў маленькі складаны столік.Чорны.
•••
Складанае трайное правілагл. правіла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЕЛАРУ́СЫ,
нацыя, асноўнае насельніцтва Беларусі. Складае 7904 тыс.чал. (перапіс 1989), 77,4% насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Значная частка беларусаў жыве па-за межамі Беларусі, у т. л. ў Расіі 1052 тыс. (1989), на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс.чал.; у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш., паводле розных ацэнак, жыве ад 300 тыс. да 2 млн. беларусаў (гл.Дыяспара беларуская). Гавораць на беларускай мове, якая адносіцца да слав. групы індаеўрап. моўнай сям’і. Разам з рускімі і ўкраінцамі належаць да ўсх.славян. Антрапалагічны тып — сярэднееўрап. варыянт еўразійскай (еўрапеоіднай) расы. Тэрыторыя іх кампактнага рассялення ў межах Беларусі займае 207,6 тыс.км² і ахоплівае басейны верхняга Дняпра, Сажа, Зах. Дзвіны, Нёмана, Прыпяці і часткова Зах. Буга.
Археалагічныя даследаванні сведчаць, што ўжо ў 5—8 ст.тэр. Беларусі насялялі слав. плямёны, з якімі генетычна звязаны саюзаплемянныя і раннефеад. этнапалітычныя супольнасці 9—10 ст. — крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часткова валыняне, драўляне і севяране. Працэс іх рассялення на Беларусі суправаджаўся міжэтнічнымі кантактамі з мясц. балцкімі плямёнамі (гл.Балты), якія ў асноўным былі асіміляваны, а часткова (у зах. абласцях) склалі змешаныя балта-слав. групы. У межах Кіеўскай Русі (канец 9 — пач. 11 ст.) пачалі складвацца феад. адносіны, узнікаць класы, гарады, фарміравацца стараж.руская народнасць, прынята хрысціянства. З 10 ст. землі Беларусі ўваходзілі ў склад Полацкага, Тураўскага, часткова Смаленскага, Чарнігаўскага княстваў; да 12 ст. з іх вылучыліся Пінскае, Мінскае, Друцкае, Заслаўскае, Навагрудскае і інш. княствы.
Фарміраванне і развіццё беларускай народнасці. У 13—14 ст. землі і княствы Беларусі ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Полацкая, Новагародская, Віцебская землі, а таксама Слуцкае, Кобрынскае, Мсціслаўскае і інш. княствы мелі ў ВКЛ пэўную сац.-эканам. і юрыдычна-прававую аўтаномію. У складзе адзінай дзяржавы спыніўся працэс іх феад. драблення, што садзейнічала стварэнню агульнай этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сацыяльна-эканам., паліт., дэмаграфічныя і этнакультурныя фактары абумовілі пашырэнне этнасацыяльных сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі Беларусі і ўнутрыэтнічную кансалідацыю. На працягу 15—16 ст. у ВКЛ павялічылася колькасць гарадоў і мястэчак, узмацніліся гандл. сувязі паміж імі, вырасла доля гандл.-рамесніцкага насельніцтва, павысілася таварнасць і прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі, праведзены адм.-тэр. і аграрна-гасп. рэформы; кадыфікацыя і уніфікацыя дзярж.юрыд. нормаў завяршылася складаннем Статутаў Вял. княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588. Пасля аб’яднання з Польшчай у федэратыўную дзяржаву Рэч ПаспалітуюВКЛ захоўвала паліт. аўтаномію, свой урад, юрыд. правы, войска, фінансы і інш., што ў пэўнай меры стрымлівала польскі ўплыў на бел. і літ. народы. Аднак з таго часу ўзмацніліся працэсы паланізацыі і акаталічвання. Для бел. сялянства і гараджан асн. каштоўнасцю была этнагенетычная спадчына, якая аб’ядноўвала розныя тэрытарыяльныя групы беларусаў на аснове агульнасці іх гіст. лёсу, культуры, мовы, рэлігіі. Значную ролю адыгрывалі фактар кампактнага рассялення беларусаў і іх дэмаграфічнае становішча (бел. землі складалі большасць тэр.ВКЛ, а насельніцтва — асн. этнічны масіў). Беларусы складалі значную частку насельніцтва і ў гарадах этнічнай Літвы — Троках, Коўне, сталіцы ВКЛ Вільні. Дамінуючае дэмаграфічнае становішча беларусаў у межах ВКЛ і высокі ўзровень развіцця іх культуры вызначылі поліэтнічны характар пашырэння іх мовы. Старабел. мова («руськая») была афіцыйнай дзярж. мовай ВКЛ, сродкам зносін паміж усх.-слав. насельніцтвам і літоўцамі-аўкштайтамі, жмудзінамі, латгаламі і больш дробнымі этнічнымі групамі (татары, яўрэі, цыганы, караімы і інш.).
У перыяд складвання бел. народнасці этнакансалідуючую функцыю адыгрываў і канфесіянальны фактар. Большасць усх.-слав. насельніцтва ВКЛ да 16 ст. вызнавала праваслаўе. Гэтага веравызнання трымалася таксама частка насельніцтва этнічнай Літвы і Жмудзі. Пасля дынастычнага саюзу ВКЛ і Польшчы (гл.Крэўская унія 1385) на землях Літвы і Беларусі пачало пашырацца каталіцтва, у 16 ст. ў сувязі з еўрап. рэфармацыйным рухам — пратэстантызм (лютэранства, кальвінізм і інш.), а пасля Брэсцкай уніі 1596 — уніяцтва. Праваслаўныя цэрквы Беларусі, Украіны і Літвы, пераведзеныя ва уніяцтва, трапілі пад духоўную ўладу рымскага пантыфікату і ўспрынялі асн. догматы каталіцызму. Наступ каталіцтва і уніяцтва выклікаў у большасці правасл. насельніцтва незадаволенасць і пратэст. Найб. глыбока паланізацыя пранікла ў самасвядомасць, матэрыяльную і духоўную культуру пануючых класаў Беларусі. У 17 ст. большая палова бел. шляхты спавядала каталіцкую ці уніяцкую веру, карысталася польскай мовай, прытрымлівалася агульнасаслоўных стэрэатыпаў ладу жыцця і паводзін (напр., панібрацтва). Усе этнастваральныя фактары, што садзейнічалі складванню бел. народнасці ў 14—16 ст., у цэлым мелі аб’яднальную тэндэнцыю. Жыхары абшчыны сваю супольнасць звычайна вызначалі агульным сельскім ці валасным этніконам, які паходзіў ад назвы сяла ці цэнтра воласці. У межах паветаў, княстваў, зямель, ваяводстваў насельніцтва аб’ядноўвалася вакол гарадоў і мястэчак у т.зв.зямляцтвы (напр., мазыране, палачане, мсціслаўцы, случане і інш.). Зямляцкія этнонімы былі ўстойлівыя і ў самой Беларусі, і за яе межамі. У 14—16 ст. значна пабольшала роля працэсаў этнагенетычнай кансалідацыі і агульнадзярж. інтэграцыі. Пра гэта сведчыць пашырэнне этнонімаў «русіны» і «літвіны». Руссю (рус. землямі) у той час называлі ўсх. і цэнтр.тэр. Беларусі. Кампактны арэал назвы «літвіны» бытаваў пераважна ў раёнах Вілейкі, Смаргоні, Ашмян, Крэва, Маладзечна, Ліды і інш. (т.зв. Павілейская Літва). Але ў 16—17 ст. «Літвой» і «літвінамі» называлі ўсё насельніцтва ВКЛ. Канкрэтна беларусаў называлі «літвіны рускага роду», «літвіны рускай веры», «літвіны-беларусцы», «літоўскія беларусы», што адлюстравана і ў гіст. дакументах (напр., бел. першадрукар і асветнік Ф.Скарына называў сябе палачанінам, русінам і літвінам).
Розныя ўзроўні працэсаў этнічнага формаўтварэння, саслоўна-класавая і канфесіянальная дыферэнцыяцыя адбіліся на складванні бел. народнасці, на разнастайнасці формаў і элементаў яе культуры і побыту. Асаблівасцю гарадоў і мястэчак Беларусі быў іх хуткі рост. У канцы 16 ст. іх было больш за 300, а іх жыхары складалі каля 16—20% насельніцтва. Многія з іх мелі магдэбургскае права. Павялічвалася маёмаснае, прававое і саслоўнае размежаванне іх насельніцтва. Да асобных катэгорый належалі духавенства і арыстакратыя. Іншаэтнічнае насельніцтва часта не ўваходзіла ў катэгорыю мяшчан, а аб’ядноўвалася ў свае абшчыны з асобнымі правамі і прывілеямі.
Асн. масу насельніцтва Беларусі 14—16 ст. складалі сяляне. Яны падзяляліся на дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх. У выніку аграрнай рэформы — валочнай памеры, праведзенай у ВКЛ у 16 ст., саслоўна-сац. і гасп.-эканам. арганізацыя сялянства змянілася і стала складацца з трох асн. катэгорый: слугі, асадныя сяляне і цяглыя сяляне.
Асн. збожжавай культурай было жыта; сеялі таксама авёс, ячмень, проса, пшаніцу і інш. Былі пашыраны агародныя і садовыя культуры. З землеапрацоўчых прылад пераважала саха для парнай запрэжкі. Пры ляднай (падсечна-агнявой) сістэме апрацоўкі зямлі сяляне карысталіся матыкамі, баронамі, сукаваткамі, смыкамі. Збожжавыя культуры сеялі ўручную з сявенькі-лубянкі, жалі сярпом, малацілі цапамі, веялі зерне веялкай-шуфлікам, малолі на муку або абдзіралі на крупы. Павелічэнне плошчы ворных зямель суправаджалася ўзнікненнем новых пасяленняў. Іх памеры, характар узнікнення і інш. асаблівасці адлюстраваліся і ў назвах-вызначэннях. Побач з вядомымі са старажытнасці назвамі сяло, сяльцо, весь, вёска, пагост з 15 ст. пачалі сустракацца слабада. воля, вольта, засценак, селішча. Асн. тыпам планіроўкі новых пасяленняў быў вулічны, што адпавядаў дзярж. плану забудовы. Існавала таксама бессістэмная, або кучавая, забудова. Асноўным тыпам жылля была зрубная хата з двума памяшканнямі (хата + сенцы). Вядома і трохкамернае жыллё (святліца + сенцы + жылое або гасп. памяшканне). Дах накрывалі саломай, дранкай, гонтай. Печы рабілі з комінам або без яго (курная хата). Вокны былі невялікія, іх закрывалі засаўкай, бычыным пухіром, прамасленай паперай, зрэдку шклом. Жылыя дамы заможнай шляхты былі значна большыя, шматкамерныя, часам двухпавярховыя.
Пэўныя асаблівасці мела архітэктура гарадоў і мястэчак, якія паступова набывалі урбанізаваны тып, набліжаны да зах.-еўрапейскіх традыцый горадабудаўніцтва. У іх павялічвалася колькасць мураваных пабудоў (найбольш у зах. абласцях). Мураванымі былі пераважна абарончыя (замкі, крэпасці) і культавыя (цэрквы, касцёлы), радзей жылыя, бытавыя і адм. пабудовы.
Да 16 ст. адносіцца з’яўленне пэўных відаў адзення, якія пазней увайшлі ў традыц.бел.нар. касцюм. Асновай жаночага і мужчынскага касцюма заставалася кашуля (сарочка). Мужчынскі гарнітур дапаўняўся паясным (штаны, споднікі), плечавым (кафтан) і верхнім (кажух, армяк, даламан) адзеннем. У жаночы гарнітур уваходзіла плечавое і паясное адзенне (андарак, панёва, фартух, летнік, спадніца), розныя галаўныя ўборы (хустка, рантух, плахта, каптур, чапец, магерка, капялюш), а таксама паясы, кашалькі, упрыгожанні. З даўніх часоў на Беларусі бытаваў скураны абутак. Для сял. асяроддзя характэрнымі былі і лапці, пашытыя са скуры або сплеценыя з лыка.
Аснову харч. рацыёну насельніцтва 14—16 ст. складалі прадукты земляробства, агародніцтва, жывёлагадоўлі. Дадатковымі крыніцамі былі паляўніцтва, рыбалоўства, бортніцтва. З напіткаў спажывалі мёд, квас, піва і інш. (гл. таксама Беларускія народныя стравы).
Фальклор беларусаў перыяду фарміравання народнасці меў тыя самыя жанры і элементы, што і ў папярэднія стагоддзі: песні, магічныя заклінанні, звязаныя з язычніцкай абраднасцю, галашэнні, быліны, казкі, легенды, загадкі. Узнік і новы эпічны жанр — гіст. песні і паданні, гал. тэмай якіх была барацьба народа з іншаземнымі захопнікамі, а таксама з уласнымі прыгнятальнікамі. Шырока бытавалі лірычныя песні. Зліццём язычніцкіх і хрысц. элементаў характарызаваліся многія абрады і звычаі, звязаныя з каляндарна-аграрнымі святамі і сямейна-бытавой абраднасцю. Гл. таксама Народная паэтычная творчасць.
Традыцыі перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне ў рамках сям’і. Тагачасныя сем’і падзяляліся на малыя (шлюбная пара і іх дзеці) і вялікія (бацькоўскія і брацкія родзічы 2—3 пакаленняў, сваякі, якія мелі агульную маёмасць, вялі сумесную гаспадарку і лічыліся адным «дымам»). Распараджальнікам і галавой сям’і быў бацька, а ў выпадку яго смерці — маці (пры адсутнасці дарослага сына). Сямейна-бытавыя адносіны рэгламентаваліся звычаёвым правам і дзярж. сямейным правам.
Са стараж. часоў на Беларусі былі вядомы школы. Яны існавалі пераважна пры манастырах і цэрквах, з 16 ст. — пры брацтвах (гл.Брацкія школы). Пры ордэнах езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў існавалі калегіумы. Адукацыя гар. насельніцтва была звязана з агульнаеўрап. традыцыямі. Разам з тым духоўная культура і грамадская думка беларусаў у 14—16 ст. мелі свае асаблівасці. У той час узнікала бел.-літоўскае летапісанне (гл.«Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца). Вяршыняй тагачаснай бел. культуры стала гуманістычная дзейнасць Ф.Скарыны, які ў перакладзе на старабел. мову выдаў Біблію (Прага, 1517—19). Яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі і інш. былі актыўнымі дзеячамі бел.Рэфармацыі. З жыццём і побытам беларусаў знаёміў еўрап. чытача адзін з выдатных паэтаў эпохі Адраджэння М.Гусоўскі. Вострыя праблемы грамадска-паліт. жыцця ўзнімалі М.Сматрыцкі, Л.Карповіч, С.Зізаній, Афанасій Брэсцкі і інш. З 16 ст. вядомы школьны тэатр, папулярнымі ў народзе былі лялечны тэатр батлейка, бел. харавыя песні-гімны — канты і псалмы. Склалася адметная беларуская іканапісная школа, дасягнулі росквіту драўляная скульптура і разьба па дрэве, беларуская рэзь стала шырока вядома за межамі Беларусі. Узнікла своеасаблівая архітэктура: Мірскі, Навагрудскі, Лідскі, Крэўскі замкі, Мураванкаўская і Сынковіцкая цэрквы-крэпасці і інш.
Асн. вынікам дзейнасці комплексу сац.-эканам., паліт., этнічных працэсаў 14—16 ст. на Беларусі стала складванне самаст. этнасацыяльнай супольнасці феад. тыпу — бел. народнасці і яе асн. этнічных прыкмет — мовы, культуры, самасвядомасці.
Цяжкім і складаным у гісторыі беларусаў быў перыяд 17—18 ст. Шматлікія войны з суседзямі і паміж магнатамі прывялі да сац.-эканам. крызісу Рэчы Паспалітай, які скончыўся яе падзеламі (1772, 1793 і 1795) паміж суседнімі дзяржавамі. Абвастрэнне нац.-класавых, рэлігійных і інш. супярэчнасцей выклікалі ўздым вызв. войнаў і антыфеад. паўстанняў. У выніку войнаў, голаду і эпідэмій рэзка зменшылася колькасць насельніцтва, што негатыўна паўплывала на развіццё бел. народнасці. Бел. шляхта на працягу 17—18 ст. ў асноўнай масе была паланізавана. Сялянства, частка гараджан, ніжэйшага і сярэдняга духавенства, дробнай і часткова сярэдняй шляхты актыўна супраціўлялася паланізацыі, што забяспечвала этнаэвалюцыйнае развіццё бел. народа. Дыферэнцыяцыя бел. культуры на культуру нар. мас і пануючых саслоўяў набывала ярка выражаную этнічную накіраванасць, калі менавіта народ захоўваў традыцыйнасць этнавызначальных прыкмет этнасу.
У 17—18 ст. на ПнУ і У Беларусі, сумежных тэр. Смаленшчыны і Пскоўшчыны стабілізавалася назва Белая Русь, вядомая з 14 ст., паступова ў шырокі ўжытак увайшлі паняцці «беларускі край», «беларускія гарады», «беларуская мова», «беларуская вера» (уніяцтва). Канфесіянальны склад заставаўся стракатым. Падтрымка каралеўскім дваром і магнатамі каталіцкай царквы садзейнічала пашырэнню на Беларусі розных каталіцкіх ордэнаў (дамініканцаў, езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў, кармелітаў і інш.), якія актыўна падтрымлівалі уніяцтва. Да канца 18 ст. католікі складалі каля 15%, уніяты 70%, праваслаўныя 6%, іудзеі 7%, пратэстанты і інш. 2% насельніцтва Беларусі. Палітыка акаталічвання і паланізацыі закранула і мову. У 1696 на канфедэрацыі Рэчы Паспалітай прынята рашэнне, паводле якога агульнадзярж. мовай абвяшчалася польская. Гэтыя і інш. неспрыяльныя сац.-паліт. фактары пагоршылі ўмовы развіцця духоўнай культуры бел. народа.
І.У.Чаквін.
Фарміраванне беларускай нацыі. Драматычныя падзеі апошняй трэці 18 ст. шмат у чым прадвызначылі далейшы лёс бел. этнасу. Устанаўленне паліт. улады рас. царызму садзейнічала захаванню і нават узмацненню феад. прыгону. Сельская гаспадарка Беларусі знаходзілася ў крызісным стане. За 1796—1858 насельніцтва Беларусі павялічылася на 27% і складала 3,3 млн.чал.Вял. страты панесла Беларусь у час Айчыннай вайны 1812. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя прыкметы нац. кансалідацыі. У Віленскім ун-це ў канцы 1810-х г. М.Баброўскі і І.Даніловіч паклалі пачатак збіранню і публікацыі помнікаў бел. пісьменства 16—17 ст., садзейнічалі абуджэнню цікавасці да гіст. мінулага сярод студэнтаў — сяброў таварыстваў філаматаў і філарэтаў.
Развіццё бел. этнасу ў пач. 19 ст. характарызавалася не толькі працэсам фарміравання нац. самасвядомасці, але і іншаэтнічным асіміляцыйным уздзеяннем. Пры патуранні царскай адміністрацыі паланізацыя і акаталічванне карэннага насельніцтва ў канцы 18 — пач. 19 ст. нават узмацніліся. Тэарэтычным абгрунтаваннем гэтай дзейнасці сталі працы польскіх даследчыкаў С.Ліндэ, Л.Галамбёўскага, А.Дамбоўскага, А.Нарушэвіча, якія разглядалі беларусаў як этнагр. групу польскага народа. Пасля задушэння паўстання 1830—31 у дзярж. і навуч. установах замест польскай мовы ўводзілася руская. Полацкі царкоўны сабор 1839 абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з пануючай праваслаўнай царквой. Гэта выклікала супраціўленне многіх вернікаў, асабліва на ПнЗ Беларусі. Пачалося афармленне тэорыі заходнерусізму, паводле якой беларусы лічыліся не самастойным этнасам, а адгалінаваннем рус. народа. Этнагр. асаблівасці, якія адрознівалі беларусаў ад рускіх, тлумачыліся польскім уплывам і падлягалі знішчэнню для аднаўлення нібыта «спрадвечна рускага характару краю». Заходнерусізм стаў ідэалогіяй і формай самасвядомасці часткі праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і дваран.
У 1840—50-я г. сярод шырокага кола мясц. інтэлігенцыі павялічылася цікавасць да гіст. мінулага Беларусі, вывучэння фальклору і побыту карэннага насельніцтва. З польскамоўнага літ. руху вылучылася т.зв. беларуская школа, творчасць прадстаўнікоў якой была прысвечана Беларусі. Асобныя творы Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, У.Сыракомлі былі напісаны на бел. мове, а ў Я.Дуніна-Марцінкевіча яна стала асноўнай. У 1840-я г. А.Абрамовіч зрабіў першыя спробы стварэння нац. музычных твораў. У 1852 пастаўлена першая бел. опера «Сялянка» («Ідылія», муз. С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага, лібрэта Дуніна-Марцінкевіча). Самасвядомасць і творчасць гэтага кола інтэлігенцыі не заўсёды мелі ясна акрэслены нац. змест, але аб’ектыўна яны стваралі аснову бел. нацыянальнай мастацкай культуры. У цэлым развіццё нац. кансалідацыі слаба закранула этнас. Літвінамі сябе па-ранейшаму называлі жыхары Гродзенскага, Ваўкавыскага, Слонімскага, часткова Слуцкага пав. У Віленскай губ., Мінскім, Дзісенскім, Барысаўскім пав. літвінамі называлі толькі католікаў, а праваслаўных — беларусамі. Зах. Беларусь, як і раней, называлі Літвой, а этнічную Літву — Жмуддзю, Самагіціяй. Саманазва «беларусы» была найб. пашырана ў «гістарычнай Беларусі» — Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Смаленшчыне, але яна мела пераважна тапанімічны характар. Захоўваліся шматлікія этніконы тыпу віцебцы, магілёўцы, гомельцы, пінчукі, бужане. Большасць памешчыкаў, 92% якіх былі католікамі, лічылі сябе палякамі. Многія з іх захоўвалі элементы мясц. («літоўскага», ці «беларускага») патрыятызму, які ў пач. 1860-х г. набыў нацынальна-паліт. і асветніцкі характар. У 1862 мінскі маршалак А.Аскерка выдаў у Варшаве бел. лемантар. Дробная шляхта сваю этнічную прыналежнасць звязвала з канфесіянальнай: католікі лічылі сябе палякамі, праваслаўныя — рускімі. Аналагічным чынам вызначалі сябе мяшчане. Этнічнае самавызначэнне інтэлігенцыі залежала гал. чынам ад яе паліт. арыентацыі, але большая частка аддавала перавагу польскай дэмакр. культуры. І толькі сярод нешматлікага кола дэмакр. інтэлігенцыі сфарміравалася ўяўленне пра тое, што беларусы валодаюць усімі ўмовамі для самастойнага развіцця і маюць на тое ўсе правы. Лідэрам гэтай групы стаў К.Каліноўскі. Яго публіцыстыка ў газ.«Мужыцкая праўда» сведчыла пра спеласць нац. руху. У час паўстання 1863—64 на Вілейшчыне па патрабаванні сялян былі адкрыты бел. школы. Паражэнне паўстання адмоўна адбілася на развіцці бел. этнасу. Лепшыя прадстаўнікі дэмакр. інтэлігенцыі загінулі, многія сасланы ў Сібір. Царская адміністрацыя ўстанавіла на Беларусі ваенна-паліцэйскі рэжым. Руская мова заняла пануючае становішча ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Было забаронена друкаваць бел. кнігі лацінкай.
Сялянская рэформа 1861 абумовіла пазітыўныя зрухі ў эканам. развіцці Беларусі. Вял. значэнне мела будаўніцтва густой сеткі чыгунак. Эканам. становішча сялян палепшылася. Вынікам гэтага стаў хуткі рост колькасці насельніцтва. За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў падвоілася. У 1897 на Беларусі жыло 6,5 млн.чал.
У 1868 у Пецярбургу ўзнікла асветніцкая арг-цыя«Крывіцкі вязок». Далейшае развіццё нац. руху было звязана з народніцкай ідэалогіяй. У канцы 1870-х — пач. 1880-х г. у Пецярбургу была створана група «Гоман» — першая паліт. самастойная арг-цыябел.нац. інтэлігенцыі, якая выдавала час.«Гомон», інш. выданні. У 2-й пал. 1880-х г. у Мінску ўзнікла група ліберальнай інтэлігенцыі (М.В.Доўнар-Запольскі, У.З.Завітневіч, А.І.Слупскі, Я.Лучына і інш.), якая імкнулася абудзіць нац. самасвядомасць легальнымі сродкамі. Для гэтага выкарыстоўвалася першая прыватная на Беларусі газ.«Минский листок», а таксама выдадзеныя ў 1889—93 календары. Яшчэ большы ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці зрабіла творчасць Ф.Багушэвіча. Яго прадмова да «Дудкі беларускай» з’явілася сапраўдным маніфестам нац. адраджэння (гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух).
Вял. значэнне мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лінгвістаў, этнографаў. Іх публікацыі пераканаўча сведчылі, што беларусы з’яўляюцца самастойным этнасам, а не «сапсаванымі» рускімі ці палякамі.
На працягу 2-й пал. 19 ст. ў этнічнай самасвядомасці беларусаў адбыліся істотныя змены. Паводле перапісу 1897, 74% насельніцтва Беларусі лічылі роднай мовай беларускую. Да беларусаў сябе адносілі каля 43% саслоўя дваран. Роднай мовай беларускую лічылі 40% чыноўнікаў, 10% юрыстаў, 20% урачоў, 29% паштова-тэлеграфных служачых, 60% настаўнікаў. Сярод сялянства назва «беларусы» выцесніла большасць лакальных этніконаў. Тэрмін Беларусь замацаваўся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй беларусаў. Аднак саманазва «беларус» яшчэ не мела агульнаэтнічнага і нац. зместу. Таму поруч з ім ужываліся канфесіянізмы («рускія», і «палякі»), а жыхары паўн.-заходняй і цэнтр. часткі Беларусі нярэдка называлі сябе «тутэйшымі».
Нац. рух, які ўступіў у новы перыяд свайго развіцця, меў сацыяліст. характар. У 1903 створана Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Паскорыўся працэс фарміравання бел. прафесійнай мастацкай культуры. Узніклі бел. выдавецтвы «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, «Наша ніва», «Наша хата» і «Палачанін» у Вільні і інш. З’явіліся перыяд. выданні: газеты «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Беларус», часопісы «Лучынка», «Саха», «Крапіва», альманах «Маладая Беларусь». Характэрнай рысай усёй бел. нацыянальнай культуры было абуджэнне агульнаэтнічнай самасвядомасці.
Вял. ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці як сістэмы навук. поглядаў зрабілі працы Я.Ф.Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22), артыкулы Доўнар-Запольскага, матэрыялы перапісу 1897, працы В.Ластоўскага, асабліва яго «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Вядучую ролю ў пашырэнні нац. самасвядомасці адыгрывала прэса, у першую чаргу газ. «Наша ніва», рэдакцыя якой стала арганізацыйным цэнтрам усяго нац. руху. Важнай формай папулярызацыі нац. культуры сталі бел. вечарынкі, што арганізоўваліся ў Вільні, Гродне, Полацку, Карэлічах, а таксама ў Пецярбургу, Варшаве, Тамбове і інш. Развіццю нац. культуры спрыяла кадыфікацыя бел. мовы. У 1908—10 былі спробы стварэння прыватных бел. школ.
Галоўным арэалам кансалідацыі бел. нацыі сталі цэнтр. і паўн.-зах. часткі Беларусі (Лідскі, Дзісенскі, Ашмянскі, Вілейскі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Навагрудскі, Слуцкі і Мінскі пав.). Менавіта сярэднебел. гаворкі, асабліва іх паўн.-зах. група, склалі дыялектную аснову бел. літаратурнай мовы. На пач. 20 ст.нац. самасвядомасць стала характэрнай рысай прадстаўнікоў практычна ўсіх класаў і сац. слаёў грамадства, што сведчыла пра завяршэнне фарміравання бел. нацыі як самаст. этнасацыяльнага арганізма.
П.У.Церашковіч.
Развіццё беларускай нацыі ў 20 ст. Першая сусв. вайна, Лютаўская і Кастр.рэв. 1917, грамадз. вайна, герм. і польск. акупацыі паставілі бел. народ на мяжу выжывання. У выніку страт на франтах і сярод мірнага насельніцтва ў часы ваен. дзеянняў і акупацый, эпідэмій, бежанства, эміграцыі з 7,5 млн.чал., што жылі на Беларусі ў 1914, на канец 1917 засталося 6,9 млн., а на пач. 1921 — 6,7 млн.чал. Радыкальныя змены ў паліт. сітуацыі пацягнулі за сабой трансфармацыю звыклых стэрэатыпаў, фарміраванне якасна новых уяўленняў аб сабе і суседзях. Важным крокам на шляху да бел. дзяржаўнасці было абвяшчэнне 25.3.1918 Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 1.1.1919 Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі абнародаваў Маніфест аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Фактар дзяржаўнасці адыграў вял. этнафарміравальную ролю. У лют. 1919 БССР была аб’яднана з Літвой у Літоўска-Беларускую ССР. 31.7.1920 Беларусь зноў абвешчана незалежнай рэспублікай. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921зах.тэр. Беларусі з насельніцтвам больш за 4 млн.чал. засталася пад уладай Польшчы. Прымусовае адарванне Заходняй Беларусі стрымлівала этнічную кансалідацыю беларусаў. З пераходам да мірнага будаўніцтва, стварэннем СССР паступова вырашаліся нац. і культ. праблемы, пачалася беларусізацыя, якая прадугледжвала пашырэнне сферы ўжывання бел. мовы, вылучэнне на ключавыя пасады мясц. кадраў, развіццё нац. культуры.
Станаўленне новай школы ішло пераважна на роднай мове. На 15.12.1927 у БССР з 5510 школ 4573 былі беларускія. Працавалі таксама рус., яўр., укр., польск., лат., літ., ням. і інш. школы. Існавалі і школы змешанага тыпу: бел.-рус., бел.-польскія, бел.-яўр., рус.-яўр. і інш. Раўнапраўнымі дзярж. мовамі лічыліся бел., рус., польская і яўрэйская. Справаводства ў парт., дзярж., грамадскіх установах і арг-цыях пераводзілася на бел. мову. У станаўленні нац. адзінства пэўную ролю адыграла вышэйшая школа, у т. л.БДУ, Бел.ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, Віцебскі ветэрынарны ін-т і інш. У 1929 на аснове Інстытута беларускай культуры створана Акадэмія навук Беларусі. Працэсу кансалідацыі спрыяла развіццё прафесійных формаў культуры беларусаў. На рэв. хвалі з нар. глыбінь у л-ру прыйшлі маладыя пісьменнікі і паэты. Узніклі літ. аб’яднанні («Узвышша», «Полымя», «Маладняк»), якія адыгралі прыкметную ролю ва ўздыме нац. свядомасці. Стварэнне бел. прафесійных тэатраў (Першы БДТ у 1920, Другі БДТ у 1926) стала стымулам для развіцця бел. драматургіі. Бел. мастакі, апрача нац. выставак, дэманстравалі свае творы ў Маскве, Лейпцыгу, Лос-Анжэлесе. У бел. кіно вядучае месца адводзілася гіст.-рэв. фільмам. Развівалася прафесійная музыка, аснову якой складалі нар. мелодыі. Палітыка беларусізацыі дала магутны імпульс для росквіту нац. культуры, абудзіла духоўныя сілы народа. У працэсе культурнай рэвалюцыі назіраліся супярэчлівыя тэндэнцыі, выкліканыя ігнараваннем інтарэсаў пэўных грамадскіх плыняў. Істотныя страты беларусам прычынілі прымусовая калектывізацыя і звязаныя з ёй высылкі за межы Беларусі заможных сялян. Калектывізацыя пакінула глыбокі след у духоўным жыцці беларусаў: разбураліся многія нар. традыцыі, звычаі, абрады, якія складваліся стагоддзямі. Гіпертрафіраваных памераў дасягнула антырэліг. прапаганда: закрываліся і рабаваліся цэрквы, знішчаліся многія арх. і гіст. помнікі. З канца 1920-х г. пачалася кампанія па выкрыцці т.зв. нацыяналдэмакратызму. Да «нацдэмаў» найперш адносілі пісьменнікаў і паэтаў сял. паходжання. Ахвярамі беззаконня сталі таксама вядомыя вучоныя, дзеячы мастацтва, настаўнікі і інш. (гл.Рэпрэсіі палітычныя ў СССР).
І ўсё ж бел.л-ра і мастацтва набывалі жанравую разнастайнасць і займалі пачэснае месца ў агульнасаюзнай і еўрапейскай культуры. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена ўсеаг. абавязковае навучанне (пачатковае ў вёсцы, сямігадовае ў горадзе), у асноўным была ліквідавана непісьменнасць (паводле перапісу 1939 было 80,81% пісьменных). У 1938 працавала 7132 школы, у якіх вучылася больш за мільён дзяцей.
Складаным працэсам на Беларусі была індустрыялізацыя. У выніку хуткіх тэмпаў прамысл. развіцця БССР з аграрнай ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку. У працэсе тэхн. пераўзбраення нар. гаспадаркі мяняліся побыт і матэрыяльная культура беларусаў: традыц. касцюм паступова страчваў функцыі этнічнай прыкметы, традыц. прылады працы паступова выцясняліся машынамі. Замест шматлікіх вёсачак, засценкаў, хутароў узнікалі калгасныя пасёлкі, заснаваныя на нетрадыцыйных прынцыпах гасп. планавання. Пачалася планамерная забудова і рэканструкцыя гарадоў.
У Зах. Беларусі, якая да 1939 знаходзілася ў межах Польшчы, на нац. працэсы ўплывалі супярэчлівыя тэндэнцыі этнасац. развіцця. З аднаго боку, нарастала польска-каталіцкая каланізацыя «ўсходніх крэсаў», з другога — абуджэнне нац. самасвядомасці беларусаў. Запаволенае яе эканам. развіццё і слабая урбанізацыя былі адной з прычын кансервацыі традыц. культуры беларусаў. Важным паліт. актам, які станоўча паўплываў на развіццё бел. народа, было ўз’яднанне беларусаў у адзінай рэспубліцы (1939).
Працэсы ўнутранай кансалідацыі бел. этнасу перапыніла Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. За гады акупацыі гітлераўцы разбурылі і зруйнавалі на Беларусі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак, правялі больш за 140 карных аперацый, у час якіх спалілі 628 вёсак разам з жыхарамі. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. Вайна выклікала вял. міграцыі насельніцтва: у першыя месяцы вайны з тэр. Беларусі эвакуіравана 1,5 млн.чал.; больш за мільён беларусаў змагаліся на франтах, больш за 440 тыс. партызан і падпольшчыкаў вялі барацьбу на акупіраванай ворагам тэрыторыі (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну).
Пасля вайны ўнутрыэтнічная кансалідацыя бел. этнасу набірала сілу. У перыяд аднаўлення нар. гаспадаркі адраджаліся традыц. промыслы і рамёствы. Да канца 1950-х г. з дапамогай усёй краіны Беларусь аднавіла свой эканам. патэнцыял. Аднак толькі праз 30 гадоў яна дасягнула даваен. колькасці насельніцтва.
З 1960-х г. з разгортваннем навукова-тэхн. прагрэсу, інтэнсіўным развіццём урбанізацыі і міграцыі, ростам адукацыйнага патэнцыялу насельніцтва адбываліся глыбокія структурныя зрухі ў эканам., паліт., сац. і духоўным абліччы беларусаў. Унутраная кансалідацыя этнасу спалучалася з нарастаннем інтэграцыйных працэсаў. Тэмпы эканам. развіцця Беларусі былі вышэйшыя за сярэднія паказчыкі ў СССР. Павялічылася ўраджайнасць с.-г. культур, прадукцыйнасць жывёлагадоўлі. Індустрыяльнае аблічча рэспублікі сталі вызначаць працаёмкія і навукаёмкія галіны прамысловасці. Хуткі рост прам-сці паўплываў на рост міграцыйных працэсаў і тэмпы урбанізацыі. У гарадах Беларусі жыве 68,6% яе насельніцтва (на 1.1.1995). Міграцыя з вёсак найб. актыўнай і адукаванай іх часткі, масавы прыток сельскіх жыхароў у гарады пэўным чынам паўплывалі на этнічныя працэсы, на аблічча гараджан (73% ад гараджан склалі беларусы). Вяскоўцы прыносілі ў гар. лад жыцця бел. традыцыйную культуру: песні, танцы, абрады, звычаі.
Пад уплывам навук.-тэхн. прагрэсу адбываюцца змены ў матэрыяльнай культуры народа. Бел.нар. адзенне знайшло сваё ўвасабленне ў сцэнічным і абрадавым касцюме. Традыцыі нар. творчасці выкарыстоўваюцца ў мадэліраванні сучаснага адзення. У асобных нас. пунктах захоўваюцца нар. промыслы і рамёствы.
Значныя змены адбываюцца ў жыллёвым буд-ве, ва ўпарадкаванні сельскіх і гар. паселішчаў. Сельскае жыллё развіваецца па 2 кірунках: удасканальванне традыц. тыпаў і забудова вёскі шматпавярховымі дамамі і катэджамі. Аднак пераважае традыц. жыллё: 73% жыллёвага фонду сельскіх нас. пунктаў прыпадае на індывід. хаты. Будуюцца ў вёсках цагляныя і шлакабетонныя дамы; на змену саламянаму даху прыйшлі чарапіца, гонта, бляха, шыфер.
Ідзе інтэнсіўная трансфармацыя інтэр’ера (вылучэнне пакояў, наяўнасць фабрычнай мэблі, хатняй бібліятэкі і інш.).
Пэўнай традыцыйнасцю вылучаецца нац. кухня беларусаў. Па-ранейшаму аддаецца перавага жытняму хлебу, штодзень на стале ў беларусаў бывае бульба ў розных варыянтах. Як і раней, пашыраны стравы з круп. Аднак і ў харчаванні адбыліся пэўныя змены: больш спажываецца мясных і малочных прадуктаў, яек, цукру; параўнальна менш хлеба і бульбы. Стравы, якія раней гатавалі на свята, сталі паўсядзённымі. У той жа час такія стравы, як дранікі, калдуны, бабка, мачанка, пераходзяць на святочны стол і служаць свайго роду этнічнай прыкметай бел. кулінарыі.
Пазітыўныя змены адбыліся і ў духоўнай культуры беларусаў. Ажыццяўляецца ўсеагульная сярэдняя адукацыя. За 1970—90 колькасцьнац. інтэлігенцыі падвоілася. Сярод спецыялістаў з вышэйшай адукацый, што працуюць у нар. гаспадарцы, беларусы складаюць 61% (1974), колькасць студэнтаў беларусаў павялічылася да 70,7% (1989). Калі ў 1970 на 1 тыс. беларусаў, што працавалі ў нар. гаспадарцы, прыпадала 40 чал. з вышэйшай і 515 з сярэдняй адукацыяй, то ў 1989 — адпаведна 115 і 774 чал. Беларусы прадстаўлены ва ўсіх групах інтэлігенцыі. Сярод дактароў навук беларусаў 47%, сярод кандыдатаў — каля 50%. Адметнай рысай самасвядомасці беларусаў стала прафесійная культура (літаратура, мастацтва). Яна заняла моцныя пазіцыі ў перадачы этнічных ведаў.
Вялікае значэнне ва ўмацаванні агульнаэтнічнага адзінства набылі тэлебачанне, радыё, друк, якія знаёмяць з багатай спадчынай беларусаў, іх гісторыяй, культурай. У абрадавым жыцці беларусаў ідуць складаныя, супярэчлівыя працэсы. Абраднасць выцясняецца за межы сям’і. Паралельна з працэсам арганізаванага ўкаранення новай абраднасці ідзе актывізацыя абрадавай творчасці нар. мас. Ступень захаванасці нац. самабытнасці найб. высокая ў абрадах, звязаных з жыццём сям’і (радзіны, вяселле, пахаванне). У апошнія дзесяцігоддзі заўважаецца адраджэнне каляндарных свят (провады зімы, гуканне вясны, зажынкі, дажынкі, Купалле), а з 1990-х г. агульнанац. святамі сталі Каляды, Вялікдзень, Дзяды.
Неадназначныя працэсы ідуць і ў моўнай сферы беларусаў. Перапіс 1959 зафіксаваў павелічэнне колькасці беларусаў, якія лічаць бел. мову роднай. Аднак з 1970 працэнт такіх людзей памяншаўся. Мацнейшыя арыентацыі на бел. мову ў сельскай мясцовасці. Больш трывала яна ўтрымлівалася ў сферы чытання, менш — ва ўнутры- і міжнац. зносінах. Патэнцыяльнае валоданне роднай мовай у беларусаў больш высокае, чым яе фактычнае выкарыстанне. Ва ўмовах інтэнсіўнай адаптацыі беларусаў да індустрыяльна-урбанізаванага асяроддзя, інтэрнацыяналізацыі ладу жыцця змяніліся адносіны ў выкарыстанні бел. і рус. моў на карысць апошняй. У выніку нац. свядомасць часткі беларусаў стала абапірацца на мову не як на аб’ектыўную прыкмету, а як на этнічны сімвал. Матэрыялы спец. даследаванняў і перапісаў сведчаць, што нац. самасвядомасць беларусаў абапіраецца на 2 мовы: беларускую і рускую. Масавае двухмоўе стала ўстойлівай з’явай, што пацвердзіў рэферэндум 1995. Руская мова адносіцца да найбольш пашыраных у свеце моў, валодае высокім інфармацыйна-камунікатыўным патэнцыялам, з’яўляецца роднаснай беларускай мове, што і вызначае яе шырокае выкарыстанне беларусамі.
Інтэнсіфікацыя этнакультурных кантактаў, рост нац. змешаных сем’яў, інтэрнацыяналізацыя працоўных калектываў ідзе на фоне нац. цярпімасці і суправаджаецца пэўнай мадыфікацыяй этнасу. У выніку кансалідацыйных працэсаў устойліва замацаваўся ў якасці агульнаэтнічнай назвы этнонім «беларусы». У іншанац. асяроддзі беларусы выступаюць як адзіная нац. агульнасць.
У этнічнай гісторыі беларусаў 1970—80-я г. адзначаны развіццём эканомікі, культуры, своеасаблівай раўнавагай (балансам) інтарэсаў розных нац. і сац. сіл, умацаваннем нац. самасвядомасці. Аднак у канцы 1980 — пач. 1990-х г. заўважаюцца негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы, дэмаграфічным развіцці (павялічваецца смяротнасць, зніжаецца нараджальнасць), у культуры этнасу, экалогіі (найперш Чарнобыльская катастрофа 1986).
Канец 20 ст., як і яго пачатак, стаў пераломным у гісторыі беларусаў, калі на эвалюцыйны шлях развіцця вял. ўплыў аказвалі паліт. і сац. зрухі. 27.7.1990 сесія Вярх. Савета БССР прыняла Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі», якой 25.8.1991 нададзены статус канстытуцыйнага закону. Пасля распаду СССР глабальныя паліт. змены адбыліся і на Беларусі. На 1990-я г. прыпадаюць змены ў культурна-гіст. самасвядомасці беларусаў: умацоўваецца рэліг. самасвядомасць і прыналежнасць чалавека да пэўнага этнасу, а ўтварэнне менавіта сваёй бел. дзяржаўнасці спрыяе развіццю этнакансалідуючых тэндэнцый.
Гісторыя сведчыць, што беларусы на працягу свайго шматвяковага шляху стварылі і захавалі багатую, самабытную і унікальную культуру, якая ўвайшла ў сусветную цывілізацыю, паказалі мужнасць і гераізм, цярпенне і працавітасць, міласэрнасць і ўменне жыць у добрасуседстве. Гэта дае надзею на будучае, што і ў 3-м тысячагоддзі беларусы не страцяць свайго «твару», знойдуць сваё месца ў шматколернай сусветнай супольнасці народаў.
Да арт.Беларусы. Свінцовая пячатка Усевалада Яраславіча з Полацка. 11 ст.Да арт.Беларусы. Карта Вялікага княства Літоўскага і Белай Русі Г.Баплана. Каля 1654.Да арт.Беларусы. Дзяўчынкі са Случчыны. Пач. 20 ст.Да арт.Беларусы. Дзяўчына ў святочным уборы. Вёска Колкі Клецкага р-на Мінскай вобл.Неглюбскія ручнікі. Вёска Неглюбка Веткаўскага раёна.Хата ў вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыя сектара «Цэнтральная Беларусь».Крыжы з аброчнымі тканінамі на могілках у Чарнобыльскай зоне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ НА МЯЖЫ 20—21 СТАГОДДЗЯЎ
Народная гаспадарка. У 1991—95 нар. гаспадарка Беларусі апынулася на грані абвалу. Праявамі яго сталі значнае зніжэнне ўсіх гал. макраэканам. паказчыкаў і грамадскай вытворчасці, павелічэнне дэфіцыту дзярж. фінансаў, рост інфляцыі (гл. табліцу).
Дынаміка макраэканамічных паказчыкаў за 1991—95 (у % да папярэдняга года)
Макраэканамічныя паказчыкі
Гады
1995 у адносінах да 1990
1991
1992
1993
1994
1995
Валавы ўнутраны прадукт
98,8
90,4
92,4
87,4
89,6
64,6
Прадукцыя: прамысловасці
99,0
90,6
90,0
82,9
88,3
59,1
сельскай гаспадаркі
95,1
91,5
103,7
85,6
95,3
73,6
Тавары народнага спажывання
100,5
95,0
94,0
87,0
76,0
59,6
Капіталаўкладанні
71,0
85,0
89,0
69,0
95,0
35,2
Рознічны тавараабарот
91,9
78,0
86,0
90,5
77,2
43,2
Гэта было абумоўлена найперш рэзкім падзеннем (на 40,9%) выпуску прадукцыі прамысловасці — асн. галіны нар. гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. З улікам нерэалізаваных таварных запасаў і неаплачанай прадукцыі выпуск прамысл. прадукцыі скараціўся амаль у 2 разы. Гал. прычыны — нежаданне кіраўніцтва краіны праводзіць радыкальныя рыначныя пераўтварэнні, захаванне метадаў адм.-каманднага кіравання з манаполіяй дзярж. уласнасці. Негатыўна паўплывалі таксама недахоп уласных энерганосьбітаў, сыравіны і матэрыялаў, праблемы збыту прадукцыі, падаражанне матэрыяльных рэсурсаў пасля распаду СССР. Акрамя таго, значна знізілася канкурэнтаздольнасць прамысл. прадукцыі рэспублікі. Гэта было абумоўлена тым, што дамінуючае становішча імпарту з краін СНД занялі энерганосьбіты і металы; экспарт адносна дарагой бел. прадукцыі на рас. рынак зменшыўся з-за розніцы ў цэнах на прадукцыю базавых галін. У выніку большасць прамысл. прадпрыемстваў апынулася ў цяжкім фін. становішчы; на шэрагу маш.-буд. з-даў сабралася вял.колькасць гатовых вырабаў, эквівалентных 3—5-месячнаму аб’ёму вытворчасці; гандл. адносіны з Расіяй сталі весціся з вял. дэфіцытам, на пагашэнне якога Беларусь вымушана была ўступіць кантроль за нафта- і газаправодамі, нафтаперапрацоўчымі прадпрыемствамі і інш. У 1995 знешняя запазычанасць бел. прадпрыемстваў, гал. чынам рас. пастаўшчыкам за тавары, работы і паслугі, склала 9,5 трыльёна руб., а з вылічэннем запазычанасці інш. краін перад Рэспублікай Беларусь — 4,4 трыльёна руб.; пастаянная залежнасць ад увозу рас. энерганосьбітаў і сыравіны даволі моцна прывязала Беларусь у знешнім гандлі да краін СНД і Расіі.
У цяжкім становішчы апынулася і сельская гаспадарка. За 1991—95 яе валавы прадукт скараціўся на 37,7%, вытворчасць мяса — на 53, малака — на 42,1, збожжа — на 27,7, агародніны — на 46, бульбы — на 27,7%. Дэфіцыт фінансаў у аграпрамысл. комплексе (АПК) стаў вынікам непарытэту цэн на с.-г. і прамысл. прадукцыю. Толькі ў 1991—94 цэны на прадукцыю, што спажывала сельская гаспадарка, выраслі ў параўнанні з 1990 на электраэнергію ў 281 тыс. разоў, на дызельнае паліва — у 237 тыс., на бензін — у 100 тыс., на камбайны — у 149 тыс., на трактары МТЗ — у 67—80 тыс., на мінеральныя ўгнаенні — у 30—80 тыс. разоў. Закупачныя цэны на с.-г. прадукцыю за гэты час павялічыліся: на збожжа толькі ў 6 тыс. разоў, на цукровыя буракі — у 5,7 тыс., на буйную рагатую жывёлу — у 5,4 тыс., на свіней — у 11,4 тыс., на птушку — у 16,5 тыс. разоў. Усё гэта прывяло да таго, што вёска, па сутнасці, перастала купляць тэхніку, у 3 разы зменшыла набыццё мінеральных угнаенняў. У такім крызісным становішчы сельская гаспадарка апынулася, нягледзячы на тое, што ў сферы капіталаўкладанняў яна заставалася адной з найб. прыярытэтных галін. У 1991—95 на патрэбы АПК выдзялялася 25—30% бюджэтных сродкаў, амаль столькі ж ён атрымліваў дадаткова ў выглядзе розных ільгот і датацый. У цэлым на патрэбы сельскай гаспадаркі ў гэты перыяд расходавалася 50—60% бюджэту рэспублікі. Палітыка штучнага стрымлівання закупачных і рознічных цэн на прадукцыю АПК ва ўмовах значнага росту выдаткаў, высокіх тэмпаў інфляцыі не апраўдала сябе з эканам. пункту гледжання. Яна прывяла да абвастрэння дэфіцыту бюджэту калгасаў і саўгасаў, выдзялення дадатковых ільготных крэдытаў, стварыла ўмовы для масавага вывазу с.-г. прадукцыі за межы Беларусі і звужэння спажывецкага рынку.
Дэфармацыя цэн прывяла таксама да цяжкага становішча транспарт і жыллёва-камунальную гаспадарку, якія патрабавалі ўсё новых і новых крэдытаў, што абвастрыла сітуацыю ў фін. сферы краіны. Зніжэнне выпуску прадукцыі прамысловасці і сельскай гаспадаркі адбывалася і з прычыны рэзкага скарачэння капіталаўкладанняў у нар. гаспадарку Беларусі. На працягу 1991—95 у параўнанні з 1990 яны знізіліся на 64,8%. Рэзка паменшалі даходы насельніцтва, што было абумоўлена абвальным ростам цэн на прадукты харчавання і тавары першай неабходнасці. Толькі за 1992—94 хлеб жытні падаражэў прыкладна ў 5 тыс. разоў, хлеб пшанічны — у 6 тыс., мясапрадукты — у 10 тыс., цукар — у 5 тыс., праезд у гар. транспарце — у 10 тыс. разоў. За 1991—95 прыкладна ў 5 разоў знізілася рэальная зарплата, намінальныя грашовыя даходы насельніцтва не паспявалі за расходамі. У 1995 за рысай мінім. спажывецкага бюджэту апынулася больш за 60% жыхароў краіны. Захоўваліся і высокія тэмпы інфляцыі. У 1992 сярэднямесячны прырост рознічных цэн склаў 27%, у 1993—32, у 1994—27, у 1995—31%. У такіх умовах павялічылася таварна-грашовая разбалансаванасць. Пры ўстойлівым зніжэнні рэальных аб’ёмаў вытворчасці адбывалася шматразовае павелічэнне грашовай масы, якая за 1992—95 вырасла больш чым у 300 разоў, што прывяло да агульнага росту цэн і абясцэньвання грашовых сродкаў.
У 2-й пал. 1994 распрацавана і пачала рэалізоўвацца праграма неадкладных мер па выхадзе эканомікі краіны з крызісу. Яна ўключала комплекс узаемаўвязаных мерапрыемстваў, скіраваных найперш на прыпыненне спаду вытворчасці, прадухіленне нарастання інфляцыі, абарону насельніцтва ад поўнага збяднення, недапушчэнне масавага беспрацоўя і рэзкага маёмаснага расслаення. Праграма прадугледжвала таксама і меры агульнаэканам. характару — лібералізацыю цэнаўтварэння і рынку валют, масавую прыватызацыю дзярж. сектара, паслабленне падаткаў, скарачэнне дзярж. расходаў, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, скарачэнне ролі дзяржавы ў рэгуляванні эканомікі. Але ажыццяўленне гэтай праграмы праходзіла недастаткова прадумана і эфектыўна; адбывалася шараханне ад адм. каманднай сістэмы да дэкларатыўных рыначных новаўвядзенняў. З 1996 эканам. сітуацыя стала паляпшацца. Зацверджаныя I Усебел. нар. сходам (кастр. 1996) «Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996—2000 гады» гал. мэтай вызначылі павышэнне жыццёвага ўзроўню народа з паступовым набліжэннем да ўзроўню жыцця індустрыяльна развітых еўрап. краін. Гэтай мэце павінна была адпавядаць мадэль сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі. Дасягненне мэты прадугледжвала шэраг этапаў. На 1-м этапе (1996—97) меркавалася дасягнуць макраэканам. стабілізацыі і стварыць умовы для аднаўлення эканам. росту, зніжэння інфляцыі і стабілізацыі курсу нац. валюты. Асн. задачы 1-га этапа: пераадоленне сістэмнага крызісу, стымуляванне прадпрымальніцтва, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, правядзенне малой і сярэдняй прыватызацыі, фарміраванне рынку нерухомасці, умацаванне нац. валюты і зніжэнне інфляцыі да 1,5—0,5% за месяц, паляпшэнне фін. становішча прадпрыемстваў, падтрымка гал. сістэм сац. сферы і інш. На 2-м этапе павінны былі вырашацца наступныя задачы: стабілізацыя прыросту валавога ўнутр. прадукту (ВУП) не менш як 5% за год; структурная перабудова эканомікі на аснове навукаёмістых і рэсурсазберагальных тэхналогій; стварэнне дзейснага механізму інвесціравання эканомікі, стымуляванне найперш высокаэфектыўных інвестыцый; пашырэнне рынкаў збыту бел. тавараў шляхам павышэння іх якасці і канкурэнтаздольнасці; паглыбленне інтэграцыі з краінамі СНД; забеспячэнне ўстойлівага росту ўзроўню жыцця насельніцтва і інш.
Паводле афіц. даных, з 1997 у краіне пачаўся эканам. ўздым. Так, у 1997 аб’ём ВУП павялічыўся ў параўнанні з 1996 на 10%, выпуск прамысл. прадукцыі — на 17,6%; у сельскай гаспадарцы вытворчасць прадукцыі вырасла на 5,4%. З 544 важнейшых відаў павялічыўся выпуск 400. Пабольшалі капіталаўкладанні ў эканоміку. На 20% павялічыліся інвестыцыі ў развіццё нар. гаспадаркі; на 24,3% вырас аб’ём знешняга гандлю; экспарт павялічыўся на 24,1%, імпарт — на 24,5%; але сальда знешнегандл. абароту было адмоўным і складала 1341,3 млн. долараў ЗША. Станоўчыя тэндэнцыі ў развіцці эканомікі захаваліся і ў наступныя гады. Устойлівы эканам. рост у 1996—2000 спрыяў таму, што ВУП павялічыўся на 36%, прадукцыя прамысловасці — на 65, інвестыцыі ў асн. капітал — на 26%. У 2000 Беларусь вырабляла 53% хім. ніцей і валокнаў на тэр. СНД (у сав. час — 30%), 48% трактароў, 31% халадзільнікаў, 30% трыкатажных вырабаў, 1/4 частку тэлевізараў, абутку і мінеральных угнаенняў. У 1998—2003 на МАЗе, БелАЗе створаны новыя віды аўтамабіляў, аўтобусаў. Мінскі трактарны завод вырабляў 22 мадэлі універсальных прамысл. трактароў, 6 мадэлей малагабарытных трактароў, 8 мадэлей мотаблокаў і міні-трактароў, 15 мадэлей спец. машын прамысл. прызначэння (камунальных, пагрузачных, лесаапрацоўчых, шахтавых). На Мінскім маторным з-дзе наладжана вытворчасць асабліва моцных матораў для аўтамабільных з-даў Беларусі і Расіі. Паспяхова працавалі аб’яднанні «Маналіт», «Гомсельмаш», «Віцязь», «Гарызонт», «Інтэграл», «Атлант» і шэраг інш. прадпрыемстваў.
Перспектывы сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь вызначаны на II Усебел. нар. сходзе (май 2001). Паводле прагнозных разлікаў за 2001—05 ВУП павялічыцца на 35—40%, прадукцыя прамысловасці — на 28—32, сельскай гаспадаркі — на 22—28, сферы паслуг насельніцтву — на 60—65%. У 2003 шэраг прагнозных паказчыкаў выкананы. Так, ВУП выкананы на ўзроўні 106,5% у адносінах да 2002, аб’ём вырабленай прамысл. прадукцыі дасягнуў 106,9%, вытворчасць с.-г. прадукцыі — 106,2%. На 7,5% павялічылася вытворчасць спажывецкіх тавараў. На 111,3% вырас грузаабарот прадпрыемстваў транспарту агульнага карыстання. Адмоўныя паказчыкі склаліся на прадпрыемствах аўтамабільнага (93,4%) і паветранага (99,9%) транспарту. Аб’ём знешняга гандлю ў 2003 да ўзроўню 2002 складаў 123,4%, у т. л. імпарт павялічыўся на 24,5%, экспарт — на 22,1%. Адмоўна ўплывалі на стан эканомікі інфляцыя, няўстойлівасць валютнага рынку, дэфіцыт гандл. і плацежнага балансу, рост цэн, нізкая рэнтабельнасць шэрагу прамысл. прадпрыемстваў, адмоўнае сальда ў знешнім гандлі, марудныя тэмпы развіцця агр. сектара. Рэфармаванне нар. гаспадаркі Беларусі ў напрамку рыначных адносін адбываецца не хутка.
Грамадска-палітычнае і сацыяльнае развіццё. На грамадска-паліт. жыццё Беларусі пач. 1990-х г. істотна паўплывалі падзеі, што адбываліся на прасторах б.Сав. Саюза: распад СССР, змены ў паліт. і эканам. ладзе, працэсы дэмакратызацыі і інш. Саюзнае кіраўніцтва рабіла спробы па захаванні абноўленага Саюза ССР. 18.3.1991 па гэтым пытанні праведзены ўсесаюзны рэферэндум, 82,7% удзельнікаў галасавання па БССР выказаліся за захаванне адзінай дзяржавы. У крас. 1991 дасягнута дамоўленасць аб уступленні ў Садружнасць Суверэнных Дзяржаў 10 з 15 б. саюзных рэспублік. Меркавалася, што гэта будзе канфедэрацыя з захаваннем сістэмы цэнтральнай прэзідэнцкай улады. Аднак 19—21 жніўня група асоб з вышэйшага кіраўніцтва КПСС і сав. дзяржавы зрабіла ў Маскве спробу ўвесці надзвычайнае становішча ў шэрагу рэгіёнаў СССР. Створаны імі т.зв.
Дзярж. к-т па надзвычайным становішчы (ДКНС) меў на мэце сілавымі мерамі прадухіліць распад краіны, прыпыніць дзейнасць дэмакр. партый і рухаў, але ніякай праграмы дзеяння не прапанаваў. Выступленне ДКНС правалілася, у Беларусі яно не мела падтрымкі. Жнівеньскія падзеі ў Маскве прадвызначылі лёс КПСС—КПБ і СССР. М.С.Гарбачоў зняў з сябе паўнамоцтвы Ген. сакратара ЦККПСС. 25.8.1991 Вярх. СаветБССР часова прыпыніў дзейнасць КПБ, што фактычна азначала забарону кампартыі. Яе маёмасць канфіскоўвалася на карысць дзяржавы. У лют. 1993 Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь прызнаў страціўшай сілу пастанову аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС—КПБ і дазволіў яе існаванне. Але аднавіць дзейнасць кампартыі ўжо было немагчыма.
19.9.1991 6-я нечарговая сесія Вярх. Савета пастанавіла змяніць назву «БССР» на «Рэспубліка Беларусь» (у скарочаных і састаўных назвах — «Беларусь»), прыняла законы аб дзяржаўных гербе і сцягу Рэспублікі Беларусь. Новым сцягам стаў бела-чырвона-белы, а гербам — «Пагоня» часоў ВКЛ. Змена дзярж. сімволікі выклікала дыскусіі, неадназначна ўспрымалася ў грамадстве. Адбываліся перамены ў органах дзярж. кіравання. Саюзна-рэсп. мін-вы і ведамствы пераўтвараліся ў рэспубліканскія. К-тдзярж. бяспекі падпарадкоўваўся Вярх. Савету, а пагранічныя войскі — Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь. Пачалося фарміраванне бел. арміі. Распрацавана ваен. дактрына, паводле якой Беларусь — нейтральная бяз’ядзерная дзяржава, а яе ўзбр. сілы створаны толькі з абарончай мэтай. 8.12.1991 кіраўнікі Беларусі (С.Шушкевіч, В.Кебіч), Расіі (Б.Ельцын, Г.Бурбуліс), Украіны (Л.Краўчук, В.Фокін) на сустрэчы ў бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі ў Белавежскай пушчы (Камянецкі р-н Брэсцкай вобл.) падпісалі Белавежскія пагадненні, дзе заявілі аб заканчэнні дзеяння саюзнага дагавора 1922, роспуску СССР і стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). 21.12.1991 членамі СНД сталі 11 з 15 б. саюзных рэспублік.
Дэмакр. пераўтварэнні ў рэспубліцы немагчыма было працягваць без змены канстытуцыйных асноў дзярж. ладу. 15.3.1994 Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь прыняў новую Канстытуцыю. Беларусь абвяшчалася унітарнай дэмакр.сац. прававой дзяржавай, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку. Улада падзялялася на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Упершыню ўводзілася прэзідэнцкая форма кіравання. За грамадзянамі замацоўваліся шырокія правы і свабоды. Вырашэнне найважнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця прадугледжвалася на рэферэндумах. Канстытуцыя захавала без змен існуючыя органы ўлады — мясц. Саветы. 10.7.1994 адбыліся выбары 1-га Прэзідэнта суверэннай Рэспублікі Беларусь. З 6 кандыдатаў перамогу атрымаў А.Р.Лукашэнка. За яго прагаласавала больш як 81% выбаршчыкаў. Прэзідэнт правёў рэфармаванне дзярж. структур. Створана «прэзідэнцкая вертыкаль», якая ўключае распарадчыя і выканаўчыя органы як у цэнтры, так і на месцах. Яны непасрэдна падпарадкаваны Прэзідэнту.
З пач. 1990-х г. у рэспубліцы ўзяты курс на пабудову дэмакр. грамадства. Дэмакратыя ажыццяўляецца на аснове разнастайных паліт. інстытутаў, ідэалогій і поглядаў. Гэта адкрыла магчымасці для стварэння і дзейнасці паліт. партый, грамадскіх і нац.-культ. аб’яднанняў, за выключэннем тых, якія мелі на мэце гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу ці прапаганду вайны, нац., рэліг. і расавай варожасці. Але дэмакр. пераўтварэнні адбываліся з вял. цяжкасцямі, у барацьбе розных поглядаў і канцэпцый аб шляхах сац.-эканам. і паліт. развіцця краіны.
14.5.1995 па ініцыятыве Прэзідэнта праведзены 1-ы рэферэндум, на абмеркаванне якога выносіліся пытанні: аб наданні рус. мове статуса, роўнага з беларускай («за» прагаласавала 83,3% удзельнікаў галасавання); аб устанаўленні новых дзярж. сімвалаў замест бела-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня» («за» — 75,1%); аб адабрэнні інтэграцыі з Расіяй («за» — 83,3%); аб унясенні змен у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 1994, якія даюць магчымасць Прэзідэнту датэрмінова спыніць паўнамоцтвы Вярх. Савета «ў выпадку сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі» («за» — 77,7%). Рэферэндум узмацніў нарастанне канстытуцыйнага крызісу, адной з прычын якога сталі рознагалоссі аб паўнамоцтвах заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады. Апазіцыя ў Вярх. Савеце на чале з яго Старшынёй С.Г.Шарэцкім пачала дамагацца імпічменту Прэзідэнта, ліквідацыі ў новай канстытуцыі інстытута прэзідэнцтва. 8.8.1996 Прэзідэнт накіраваў у Вярх. Савет прапанову аб правядзенні ўсенар. рэферэндуму. 2-і плебісцыт праходзіў 9—24.11.1996. На ўсенар. галасаванне па ініцыятыве Прэзідэнта вынесены 4 пытанні: аб перанясенні Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дня рэспублікі) на 3 ліпеня — дзень вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў; аб прыняцці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі (новая рэдакцыя), прапанаванымі Прэзідэнтам; аб свабодных, без абмежаванняў, куплі і продажы зямлі; аб адмене смяротнага пакарання ў Рэспубліцы Беларусь. Па ініцыятыве дэпутатаў Вярх. Савета 13-га склікання — 3 пытанні: аб прыняцці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 са змяненнямі і дапаўненнямі, прапанаванымі фракцыямі камуністаў і аграрыяў; аб выбарах кіраўнікоў мясц. органаў выканаўчай улады непасрэдна жыхарамі адпаведнай адм.-тэр. адзінкі; аб правамернасці фінансавання ўсіх галін улады публічна і толькі з дзярж. бюджэту. Удзельнікі рэферэндуму большасцю галасоў падтрымалі першыя 4 пытанні і выказаліся супраць 3 апошніх. 19—20.11.1996 у Мінску адбыўся 1-ы Усебел. нар. сход. Дэлегаты ўхвалілі ўнутр. і знешнюю палітыку ўрада і Прэзідэнта. Пасля рэферэндуму адбыліся змены ў органах улады. Вышэйшым прадстаўнічым і заканадаўчым органам Рэспублікі Беларусь стаў парламент — Нац. сход, выканаўчым — Савет Міністраў. Судовая ўлада належыць судам. Кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве ажыццяўляе Канстытуцыйны суд.Мясц. кіраванне і самакіраванне ажыццяўляецца Саветамі дэпутатаў. Прэзідэнту падначалены К-тдзярж. кантролю. 27.11.1996 Прэзідэнт падпісаў Закон «Аб спыненні паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь трынаццатага склікання», указы «Аб адабрэнні спіса дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, якія ўключаюцца ў склад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь» (110 чал.), «Аб скліканні нечарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь». З 1996 змяніўся курс у правядзенні сац.-эканам. палітыкі — ад «шокавай тэрапіі» да стварэння сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі пры актыўным рэгуляванні гэтага працэсу дзяржавай.
У 1-й пал. 1990-х г.сац. развіццё рэспублікі адбывалася ў складаных умовах рэфармавання эканомікі з планава-размеркавальнай у рыначную, крызісу нар. гаспадаркі, нестабільнай грамадска-паліт. сітуацыі. Непазбежным вынікам гэтых працэсаў сталі спад вытворчасці, зніжэнне нац. даходу, інфляцыя. Гэта прывяло да імклівага росту цэн на прадукты харчавання, тавары і паслугі. Зніжалася рэальная заработная плата, расло беспрацоўе, у грамадстве нарастала сац. напружанасць. Найб. безабароннымі аказаліся работнікі бюджэтнай сферы, пенсіянеры, навучэнцы, студэнты, малазабяспечаныя сем’і. Прыняцце ўрадам шэрагу мер (павышэнне мінімальнай зарплаты, ставак 1-га разраду, павелічэнне пенсій, выплаты па беспрацоўі і інш.) істотна не паўплывала на паляпшэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Лібералізацыя цэн у Расіі і Прыбалтыцы пры празрыстасці граніц і імкненні кіраўніцтва захаваць існуючы ўзровень цэн у рэспубліцы прывялі да поўнага развалу спажывецкага рынку. З Беларусі ў краіны далёкага і блізкага замежжа вывозіліся таварная маса і матэрыяльныя каштоўнасці. Гэта стварыла дэфіцыт тавараў унутры краіны, садзейнічала росту ценявой эканомікі і злачыннасці. На эканоміцы Беларусі адмоўна адбіўся пачатак рыначных пераўтварэнняў у Рас. Федэрацыі. Жорсткая манетарысцкая палітыка рас. ўрада прывяла да недахопу наяўных грошай. 1.6.1992 на тэр. Беларусі ўведзены ў абарачэнне бел. разліковыя білеты. З 2-й пал. 1990-х г. урад рэспублікі адмовіўся ял метадаў «шокавай тэрапіі» і абраў шлях стварэння «беларускай мадэлі» сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, якая павінна спалучаць перавагі высокаразвітой рыначнай гаспадаркі з забеспячэннем сац. справядлівасці і эфектыўнай сац. абароны грамадзян. У якасці прыярытэтных праграм вызначаны экспарт, жыллё, харчаванне. 2-і Усебел. нар. сход (18—19.5.2001, Мінск) ухваліў абраны курс, прыняў праграму сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001—05.
Урад прымаў меры па ўдасканаленні сістэмы аплаты працы ў рэальным сектары эканомікі, бюджэтнай сферы, органах дзярж. кіравання. Павышалася мінімальная заработная плата і стаўкі 1-га разраду. Адпаведна павялічвалася зарплата ва ўсіх сферах нар. гаспадаркі, пенсіі, стыпендыі, выплаты розным катэгорыям насельніцтва. Але рост зарплаты істотна адставаў ад росту цэн на тавары і паслугі, таму абсалютная большасць насельніцтва апынулася па-за рысай беднасці. У 2004 прадугледжана павелічэнне сярэдняй зарплаты і давядзенне яе ў эквіваленце да 190—200 долараў ЗША. Удасканальвалася пенсіённая сістэма, павышаліся пенсіі і выплаты розным сац. катэгорыям грамадзян. Аднак памеры большасці пенсій не забяспечвалі пражытачнага мінімуму, што вымушала пенсіянераў працягваць працаваць. Урад прымаў меры па скарачэнні беспрацоўя і забеспячэнні занятасці насельніцтва. Прыярытэтнай задачай заставалася павышэнне якасці спажывецкіх тавараў, задавальненне попыту на іх грамадзян з розным узроўнем даходаў. Вялася работа па стварэнні гандл. сетак сусв. ўзроўню, комплексным развіцці сферы гандлю, быт. паслуг і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, павелічэнні аб’ёму і якасці будаўніча-мантажных і рамонтна-буд. работ. У краіне вялося значнае жыллёвае будаўніцтва. Сярэдняя забяспечанасць жыллём у 2000 склала амаль 21 м² на чалавека. У 2000—04 у сярэднім за год узводзілася больш за 2,7 млн.м² жылля. Але жыллёвая праблема яшчэ не вырашана. Асабліва востра яна стаіць перад маладымі сем’ямі, сельскімі працаўнікамі. Пагаршэнне матэрыяльнай базы лячэбных устаноў, рост цэн на лекі, пашырэнне платных мед. паслуг негатыўна адбіліся на стане лячэбна-прафілактычнай дапамогі насельніцтву. Зніжэнне нараджальнасці і натуральнага прыросту насельніцтва, якое пачалося з сярэдзіны 1990-х г. выклікала неабходнасць распрацоўкі Нац. праграмы дэмаграфічнай бяспекі. У ёй прадугледжаны меры па павышэнні нараджальнасці і зніжэнні смяротнасці. У межах дзярж.сац. стандартаў застаецца даступнай і бясплатнай мед. дапамога. Стабілізавалася сітуацыя ў фізкульт. руху. Удалося захаваць і значна ўмацаваць пры падтрымцы дзяржавы матэрыяльную базу фізкультуры і спорту. У 2000 налічвалася больш за 22,5 тыс.спарт. збудаванняў, у т. л. 225 стадыёнаў з трыбунамі на 1,5 тыс. і больш месц, 8 спарт. каткоў са штучным ільдом, каля 4,7 тыс.спарт. залаў, больш як 220 плавальных басейнаў. У кожным абл. цэнтры пабудаваны лядовыя палацы. Удасканальвалася праграма фіз. выхавання ў навуч. установах, аддавалася ўвага развіццю сучаснай індустрыі адпачынку і аздараўлення. Стаіць задача фарміравання сучаснай індустрыі турызму. Праводзіцца мэтанакіраваная маладзёжная палітыка, у цэнтры ўвагі якой — усебаковае развіццё юнакоў і дзяўчат, выхаванне ў іх патрыят. якасцей, сац. падтрымка і абароненасць моладзі. 6.9.2002 створаны Бел.рэсп. саюз моладзі (БРСМ) — адзінае маладзёжнае аб’яднанне, статус якога распаўсюджваецца на ўсю тэр. Беларусі. БРСМ аб’яднаў 2 арг-цыі, якія існавалі раней, — Бел.патрыят. саюз моладзі і Бел. саюз моладзі. БРСМ праводзіць работу па стварэнні ўмоў для ўсебаковага развіцця моладзі, раскрыцця яе творчага патэнцыялу, садзейнічае развіццю ў Беларусі грамадства, заснаванага на патрыят. і духоўна-маральных каштоўнасцях бел. народа. Аб’яднанне карыстаецца дзярж. падтрымкай. У вырашэнні задач сац.-эканам. развіцця Беларусі важная роля належыць мясц. выканкомам і Саветам дэпутатаў. У 2000 дэпутатамі мясц. Саветаў з’яўляліся больш за 25 тыс.чал., якія прадстаўлялі амаль усе слаі насельніцтва. Больш за 60% з іх мелі вышэйшую, 28% — сярэднюю спец. адукацыю. Праблемы ўдасканалення работы Саветаў, павышэння іх ролі ў дзярж., гасп. і культ. будаўніцтве, сац. развіцці абмеркаваны на I з’ездзе Саветаў (1—3.10.2000, Мінск). Акрамя выканкомаў і Саветаў дэпутатаў у краіне дзейнічаюць органы мясц.тэр. самакіравання — больш за 22 тыс. вулічных, дамавых, сельскіх, пасялковых к-таў. У іх складзе 77 тыс. грамадзян (на канец 2000). З 2004 у гарадах і інш. населеных пунктах краіны праводзіцца поўнамаштабная праца па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні. Вядзецца рэканструкцыя будынкаў, вуліц, плошчаў, будуюцца сучасныя гандлёва-прамысл. цэнтры, офісы, спарт., культ., адукац. ўстановы, стадыёны. 2004 стаў годам падрыхтоўкі праграмы адраджэння сяла, рэалізацыя якой плануецца на 2005—10.
Адукацыя, навука. У адпаведнасці з законам «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (прыняты 29.10.1991) навуч. ўстановы атрымалі правы ў вызначэнні свайго статусу, увядзенні платнага навучання, пашырэнні форм падрыхтоўкі кадраў і інш. Першай ступенню адукац. сістэмы заставалася дашкольнае выхаванне (у яслях, яслях-садах, дзіцячых садах, цэнтрах развіцця дзіцяці). Нягледзячы на пашырэнне тыпаў дашкольных устаноў (агульнага развіцця, паглыбленага кірунку ў рабоце з дашкольнікамі, аздараўленчыя і інш.), на працягу 1990—2002 назіралася тэндэнцыя да іх колькаснага скарачэння з 5350 да 4241 і дзяцей у іх з 608 тыс. да 367,5 тыс. У 2003 дашкольным выхаваннем ахоплена 69,3% дзяцей. У 1-й пал. 1990-х г. у працу з дашкольнікамі актыўна ўводзілася бел. мова, аднак да канца 1990-х г. гэты працэс запаволіўся і колькасць беларускамоўных дашкольных устаноў скарацілася з 55,6% у 1995 да 42,1% у 2000. У працэсе рэфармавання ўсеаг. школы адкрыты ўстановы новага тыпу: гімназіі, ліцэі, навучальна-пед. комплексы (школа, гімназія-каледж), якія давалі вучням больш дасканалую падрыхтоўку па асобных галінах ведаў. Пачаўся пераход школ на 12-гадовы тэрмін навучання. Пэўныя захады зроблены і па развіцці сістэмы навучання: пашыралася выкарыстанне інфармац. тэхналогій, больш увагі аддавалася вывучэнню замежных моў, удасканальваліся падручнікі, прымаліся меры па стварэнні ўмоў для паглыбленай адукацыі таленавітых дзяцей, для адукацыі тых, хто меў адхіленні ў развіцці. У 2000/01 навуч.г. каля 50% школ вялі навучанне на бел. мове, але іх удзельная вага паступова скарачалася. У 2002/03 навуч.г. на Беларусі налічваліся 4543 агульнаадук. ўстановы (1430 тыс. навучэнцаў), у т. л. 108 гімназій, 23 ліцэі, 6 навучальна-пед. комплексаў, якія давалі веды 99,6 тыс. вучняў. Для дзяцей з асаблівасцямі развіцця працавалі 94 навуч. ўстановы (19 тыс. навучэнцаў). Прафесійна-тэхн. адукацыя перабудоўвалася з улікам ускладнення тэхнікі і тэхн. вытворчасці, увядзення новых форм арганізацыі працы. Яна прадугледжвала падрыхтоўку кадраў на аснове сярэдняй і базавай (9-гадовай) школ з атрыманнем сярэдняй адукацыі. У 2002/03 навуч.г. ў рэспубліцы працавалі 246 ПТВ шырокага профілю (132,6 тыс. навучэнцаў). Рэфармаванне вышэйшай і сярэдняй спец. школ вялося ў кірунку стварэння дынамічнай, набліжанай да сусв. ўзроўню і разам з тым скіраванай на ўнутр. патрэбы падрыхтоўкі кадраў. Акрамя традыцыйных для сістэмы сярэдняй спец. адукацыі тэхнікумаў адкрыты створаныя на іх аснове новыя ўстановы — каледжы і вышэйшыя каледжы. Калі першыя з іх у асн. адпавядалі тэхнікумам, то вышэйшыя каледжы мелі права працягваць тэрмін навучання для найб. здольных студэнтаў і такім чынам даваць ім 1-ю ступень вышэйшай адукацыі. Частка сярэдніх спец.навуч. устаноў не карысталася сродкамі з дзярж. бюджэту. У 2002/03 навуч.г. ў сістэме сярэдняй спец. адукацыі працавалі 150 навуч. устаноў (160,9 тыс. навучэнцаў), з іх 7 недзяржаўных (7,5 тыс. навучэнцаў). Большыя правы ў вызначэнні свайго статусу, увядзенні платных і недзярж. форм навучання, спецыялізацыі. Значная іх частка перайшла да акадэмічнага і універсітэцкага тыпаў падрыхтоўкі кадраў з больш шырокімі тэхн., сац.-паліт. і гуманітарнымі ведамі. Сярод дзярж.ВНУ пераважалі шматпрофільныя: у 2002/03 навуч.г. 64% складалі універсітэты, 18% — акадэміі; навучанне вялося больш чым па 200 спецыяльнасцях. Усяго ў сістэме вышэйшай школы працавалі 58 устаноў (з іх 14 недзярж.), навучалася 320,7 тыс. студэнтаў. Выпуск спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у 2003 склаў 47,3 тыс.чал. Адным з кірункаў рэфармавання вышэйшай адукацыі з’яўляўся пераход да шматузроўневай сістэмы навучання з атрыманнем ступені бакалаўра і магістра. У 1990-я г. паспяхова праводзілася камп’ютэрызацыя навуч. працэсу, у т. л. выкарыстанне Інтэрнета, відэа- і аўдыётэхнікі, што садзейнічала больш эфектыўнай падрыхтоўцы кадраў.
Гады эканам. і паліт. нестабільнасці істотна зменшылі навукова-тэхн. патэнцыял Беларусі, выклікалі ў яго сістэме сур’ёзныя трансфармацыйныя змены. Зніжалася фінансаванне даследаванняў, у выніку чаго частка навук. арг-цый ліквідавана. Кадры даследчыкаў апынуліся ў ліку сацыяльна неабароненых слаёў грамадства, іх колькасць штогод памяншалася. За 1990—2002 колькасць вучоных у Беларусі скарацілася ў 3,5 раза і склала 30 711 чал. Змяншалася доля кандыдатаў і дактароў навук. У 2003 іх колькасць скарацілася адпаведна на 6 і 5,3%. Разам з тым навука на працягу 1990-х г. не выключалася з дзярж. прыярытэтаў. Захавалася яе асн. структура — сістэма акадэмічнай і вузаўскай навукі, найб. буйныя галіновыя н.-д. і канструктарска-тэхнал. арг-цыі, не распаўся іх кадравы патэнцыял. З боку дзяржавы рабіліся захады стымуляваць пошук новых форм і метадаў рэгулявання і развіцця навукі. Выдадзены шэраг заканадаўчых і нарматыўных актаў, прыняты рашэнні, на аснове якіх праводзіліся канкрэтныя мерапрыемствы па паляпшэнні становішча ў навукова-тэхн. сферы. З мэтай фін. падтрымкі навук. распрацовак у 1991 створаны Фонд фундаментальных даследаванняў, у 1998 — Бел. інавацыйны фонд. Дзярж. палітыку ў сферы навукова-тэхн. дзейнасці рэалізоўваў К-т па навуцы і тэхналогіях пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Прадастаўлены магчымасці для стварэння прадпрымальніцкай інфраструктуры, пашырэння айч. і замежных інвестыцый у навуку, фарміравання інавацыйнай сістэмы. Нягледзячы на складаныя ўмовы працы, бел. вучоныя мелі пэўныя поспехі ў галіне лазерных і плазменных тэхналогій, праграмнага забеспячэння ЭВМ, інфарматыкі, мед. тэхнікі і вытворчасці лекаў, у даследаванні праблем оптыкі, квантавай электронікі і спектраскапіі, інш.навук. кірунках, актывізавалася праца бел. вучоных у галіне авіякасмічнай тэхнікі, з 2003 пачалася рэалізацыя праекта па стварэнні бел. касмічнага апарата. Шэраг айч. даследчыкаў адзначаны Дзярж. прэміямі Беларусі. Навук. даследаваннямі і распрацоўкамі ў 2002 была занята 301 установа. Большасць іх (62%) знаходзілася ў Мінску, па 9% — у Віцебскай і Гомельскай, 4,6% — у Магілёўскай, 4,3% — у Гродзенскай абласцях. Нац.АН Беларусі аб’ядноўвала амаль 1/3 частку ўсіх навук. устаноў і даследчыкаў краіны. У 2002 навук. арг-цыі Беларусі выканалі 1055 заданняў у рамках 32 дзярж. праграм і 69 інавацыйных праектаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНОЎНЫЯ ЭТАПЫ РАЗВІЦЦЯ
Геаграфічнае становішча і гіст. лёс Беларусі абумовілі развіццё яе гаспадаркі ў агульным кірунку развіцця еўрап. цывілізацыі. З часу з’яўлення на тэр. Беларусі чалавека сучаснага фізічнага тыпу (позні палеаліт; 40—10 тыс.г. назад) на месцах іх стараж. стаянак археолагі знаходзяць сякера- і долатападобныя прылады працы, скрэблы, наканечнікі стрэл і коп’яў і інш. вырабы, падобныя на аналагічныя знаходкі ў інш. рэгіёнах Еўропы. У глыбокай старажытнасці закладваліся амаль усе гал. віды дзейнасці чалавека: выраб прылад і сродкаў працы, паляванне і рыбалоўства, земляробства і жывёлагадоўля, будаўніцтва і транспарт, металургія і металаапрацоўка; як і мова, выяўленчае мастацтва і музыка, рэлігія і навука і інш. Ужо ў той перыяд склаліся пэўныя перадумовы развіцця гаспадаркі. Асваенне прыроднага асяроддзя суправаджалася ўскладненнем матэрыяльнай вытворчасці, удасканаленнем ведаў і звычак, што замацоўвалася праз сацыяльна-гасп. дзейнасць і перадавалася наступным пакаленням. З развіццём гэтай дзейнасці паступова ўдасканальвалася грамадства і яго арганізацыя.
На першых этапах развіцця гаспадаркі (эпохі палеаліту і мезаліту) яе аснову складалі збіральніцтва, паляўнічы промысел і рыбалоўства. Паляванне патрабавала ўжо асэнсаванага аб’яднання людзей у адпаведныя групы. Зніжэнне прадукцыйных магчымасцей прыроднага асяроддзя з-за росту колькасці насельніцтва вымагала пошуку новых сістэм гаспадарання. З палявання і рыбалоўства гістарычна развілася жывёлагадоўля. са збіральніцтва — земляробства. Менавіта гэтыя галіны забяспечылі харчовую незалежнасць людзей ад прыроды, пераход ад збірання прадуктаў харчавання да іх вытворчасці. У эпоху неаліту з’явіліся першыя шахты па здабычы крэменю (цяпер г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на). Пры гэтых шахтах і ў інш. месцах археолагі знайшлі майстэрні па апрацоўцы крэменю. Найважнейшыя здабыткі неаліту — выраб ганчарнага посуду, удасканаленне апрацоўкі каменю, узнікненне міжпляменных сувязей і абмену. Канец 3—2-га тыс. да н.э. на Беларусі можна лічыць храналагічнай мяжой паміж збіральніцтвам і вытворчай эканомікай. Паводле меркаванняў некаторых навукоўцаў, палескія і цэнтр. часткі Беларусі ўваходзяць у сусветны пояс прыручэння дзікай жывёлы. У бронзавую эпоху жывёлагадоўля (пераважала буйная рагатая жывёла) стала паўсюднай. У залежнасці ад мясц. прыродных умоў асобныя галіны (пчалярства, авечкагадоўля, конегадоўля) мелі большае развіццё, што спрыяла тэр. падзелу працы. Прырэчныя жыхары паступова ўцягваліся ў гандлёвыя адносіны, даволі хутка на тэр. Беларусі з’явіліся вырабы з жалеза, выпрацоўвалася тэхналогія атрымання металу з мясц. руд.
Земляробства на Пд Беларусі зарадзілася каля 5 тыс. гадоў назад. Выкарыстанне жалезнай сякеры і агню прывялі да лядна-агнявой сістэмы земляробства, самай прымітыўнай, але яна дазволіла атрымліваць некаторы лішак прадукцыі. Найб. раннімі земляробчымі культурамі былі збожжавыя — пшаніца і проса, пазней — ячмень і зернебабовыя (гарох, боб), караняплоды, лён-даўгунец. Рост насельніцтва, стварэнне больш эфектыўных прылад працы, выкарыстанне жывёлы як цяглавай сілы вялі да павелічэння прадукцыйнасці працы і з’яўлення ворыўнай сістэмы земляробства, хоць доўгі час лядна-агнявая і ворыўная сістэмы суіснавалі разам.
З 7 ст. да н.э. ў басейнах Прыпяці і Дняпра, пазней і Бярэзіны для вытворчасці жалеза выкарыстоўвалася мясц. балотная жалезная руда і драўняны вугаль, што на многія стагоддзі вызначыла развіццё гаспадаркі. Жывёлагадоўля і земляробства сталі гал. фактарамі росту насельніцтва. пашырэння і спецыялізацыі рамёстваў, фарміравання інфраструктуры.
У 6—8 ст., калі аснову эканам. жыцця склала сельская гаспадарка, а гал. яе галіной стала земляробства, зарадзіліся класы і феадальныя адносіны. Рост прадукцыйнасці с.-г. працы і звязанага з ёй дадатковага прадукту спрыялі пашырэнню рамёстваў. Паступова стварылася шматукладная эканоміка і неаднародная сац. структура, пашырыліся гандлёва-эканам. сувязі і маёмасная дыферэнцыяцыя паміж людзьмі.
У феадальны перыяд развіцця (9 — сярэдзіна 19 ст.) на тэр. Беларусі аграрнай вытворчасцю займалася большасць насельніцтва. Апрача земляробства і жывёлагадоўлі насельніцтва займалася вырабам прылад працы, бортніцтвам, рамёствамі (ткацкае, шавецкае, ганчарнае і інш.). Але рамяство і гандаль не мелі таварнага характару, хоць і спрыялі фарміраванню гарадоў і мястэчак. Матэрыяльная вытворчасць выступала пераважна як сродак самазабеспячэння саслоўя. З’яўленне гарадоў з іх асобым статусам спрыяла развіццю новых эканам. умоў, фарміраванню прадпрымальніцтва і таварна-грашовых адносін. Феадальны перыяд развіцця эканомікі на Беларусі ўмоўна падзяляюць на 3 этапы: раннефеадальны (9—1-я пал. 13 ст.), калі з’явіліся саслоўі землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў, вызначылася феадальная рэнта, утварыліся раннефеадальныя дзяржавы, у т. л. Полацкае, Тураўскае, Смаленскае і інш. княствы; развіты феадалізм (2-я пал. 13—1-я пал. 17 ст.), калі замацоўваліся асноўныя феадальныя эканам. адносіны, назіраўся пэўны ўздым эканомікі і культуры; разлажэнне феадалізму (2-я пал. 17—1-я пал. 19 ст.), які характарызуецца ростам гарадоў і таварна-грашовых адносін, узнікненнем і фарміраваннем унутранага рынку, зараджэннем капіталістычных адносін. Эканам. развіццё Беларусі ў 15—16 ст. было дастаткова высокім. Зямля як асноўны сродак вытворчасці вызначала багацце і статус чалавека, які ёй валодаў і распараджаўся. З канца 15 ст. вырас попыт на збожжа і інш.с.-г. прадукты ў Зах. Еўропе, што патрабавала ўдасканалення сістэмы гаспадарання з мэтай павелічэння даходаў за кошт продажу прадукцыі. У выніку склаліся фальваркі — панскія гаспадаркі, заснаваныя на працы селяніна, але арыентаваныя на рынак. З мэтай павелічэння даходаў праведзена зямельная рэформа, так званая «валочная памера», у аснове якой быў дакладны ўлік зямель і валочная павіннасць. Рэформа не толькі ўдасканальвала арганізацыю вытворчасці, але і спрыяла пашырэнню перадавых прыёмаў с.-г. вытворчасці, у т. л. трохполля і шматполля. Фальваркі ствараліся пераважна на З і ў цэнтры Беларусі, на У часткова захоўвалася абшчына.
Рамёствы на тэр. Беларусі, як і ў цэлым у Еўропе, хутка развіваліся ў 13—1-й пал. 17 ст.Найб. пашырылася апрацоўка металаў рамеснікамі (кавалі, меднікі, бляхары, лудзільшчыкі, слесары, збройнікі і інш.); гал. сыравінай для іх заставалася жалеза, атрыманае з мясц. балотнай руды. На мясц. сыравіне працавалі ганчары, дрэваапрацоўшчыкі, гарбары, рымары, ткачы і інш. Шырокую вядомасць набылі ювеліры, півавары, мяснікі, муляры. У шэрагу раёнаў выявілася пэўная спецыялізацыя. Нягледзячы на феадальную адасобленасць гарадоў і мястэчак, развіваліся гандлёвыя адносіны паміж імі. паміж горадам і вёскай. Ва ўсіх гарадах і мястэчках наладжваліся таргі, а ў буйных гарадах — кірмашы, на якіх былі і замежныя гандляры. З экспартных тавараў пераважалі збожжа, пянька, сала, воск, скуры, дзёгаць, лён, некаторыя вырабы рамеснікаў, з імпартных — металы (медзь, волава, свінец, золата, серабро) і вырабы з іх, заходнееўрапейскія сукны і палатно, віно, соль, прыправы. Рост гандлёвых сувязей паскорыў фарміраванне транспартнай сеткі. Асноўнымі гандлёвымі цэнтрамі былі гарады Полацк, Віцебск, Мінск, Брэст, Гродна, Слуцк, Навагрудак і інш. З 15 ст. шэраг крэпасцей, замкаў, гаспадарчых двароў і вёсак ператвараліся ў мястэчкі — гандлёва-рамесніцкія цэнтры. У сярэдзіне 17 ст. на Беларусі існавала 467 гарадоў і мястэчак, якія фарміравалі вакол сябе зоны эканам. ўплыву. У час позняга феадалізму (2-я пал. 17—18 ст.) Беларусь перажывала эканам. заняпад і маруднае аднаўленне гаспадаркі. Гал. прычыны такога становішча — бясконцыя войны і звязаныя з імі нястачы насельніцтва і скарачэнне яго колькасці, жорсткі феадальны ціск на сялян, міжусобная барацьба магнатаў за ўладу. Асабліва моцны заняпад эканомікі праявіўся ў гарадах, было падарвана рамяство.
Эканам. развіццю Беларусі ў канцы 18 ст. садзейнічалі рост насельніцтва, павелічэнне попыту на с.-г. прадукты, пашырэнне таварна-грашовых адносін, развіццё транспартнай сістэмы і інш. У сярэдзіне 18 ст. ўзнікла мануфактурная вытворчасць, якая садзейнічала росту прадукцыйнасці працы, паглыбленню яе грамадскага падзелу, падрыхтоўцы да машыннай вытворчасці. Першымі мануфактурнымі цэнтрамі былі Налібакі, Урэчча, Слуцк, Ружаны, Ілья, Свержань і інш. Да канца 18 ст. адноўлена сетка гарадскіх паселішчаў, пачала адраджацца гаспадарка гарадоў з лепшым геаграфічным становішчам (Мінск, Магілёў, Віцебск, Нясвіж, Навагрудак, Гродна). У гэты час на Беларусі налічваўся 41 горад і 397 мястэчак, у якіх пражывала 11% насельніцтва. З 2-й пал. 18 ст. вырасла таварнасць рамяства, павялічылася колькасць наёмных рабочых, з’явіліся першасныя формы капіталіст. вытворчасці — падзел працы паводле спецыялізацыі: рамеснікі па апрацоўцы металаў, вырабе скур, адзення, прадуктаў харчавання і па будаўніцтве. Ва ўнутраным гандлі гал. роля належала кірмашам. У знешнім гандлі аднавіліся сувязі з балтыйскімі партамі (Гданьск, Кёнігсберг, Рыга), з цэнтрамі Расіі і Украіны. Вывозіліся скураныя вырабы, воск, мёд, шчацінне, лён, пянька, збожжа, лясныя матэрыялы, завозіліся металавырабы, тканіны, прыправы.
Уваходжанне Беларусі ў склад Рас. імперыі спрыяла развіццю прадукцыйных сіл. Пашырыўся вываз збожжа, павялічыліся пасевы тэхн. культур (лён, каноплі), бульбы; склаліся новыя мануфактурныя цэнтры (Крычаў, Шклоў, Дуброўна і інш.). З 2-й пал. 19 ст. ў сельскай гаспадарцы ўкараняліся механічныя прылады апрацоўкі зямлі і збору ўраджаю, пачала фарміравацца таварная вытворчасць капіталіст. тыпу і спецыялізацыя с.-г. вытворчасці. У Віцебскай, Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губернях склаўся лёна- і бульбаводчы раён. У якасці таварнай культуры пачалі вырошчваць цукровыя буракі для вырабу цукру (Гомель, Карэлічы, Парэчча і інш.). Гродзенская губ. спецыялізавалася на танкаруннай авечкагадоўлі. У месцах размяшчэння спіртавых заводаў развівалася малочна-мясная жывёлагадоўля. Для пашырэння пасяўных плошчаў пачалася меліярацыя пераўвільготненых і тарфяна-балотных зямель.
У прамысловую рэвалюцыю Беларусь уступіла пазней за заходнееўрапейскія дзяржавы. На працягу 1-й пал. 19 ст. яна прайшла ў асноўным дробнатаварную і мануфактурную стадыі (у 1867 у краіне працавала 57 капіталіст. мануфактур). Канкурэнцыя расійскіх і польскіх мануфактур запавольвала развіццё бел. прадпрыемстваў. Доля насельніцтва, занятага ў сельскай гаспадарцы, вагалася ад 60% у Гродзенскай губ. да 85% у Магілёўскай. Беларусь (акрамя яе крайняга 3) была самым аграрным рэгіёнам Рас. імперыі. Пра інтэнсіфікацыю земляробства сведчаць павелічэнне пасеваў і валавых збораў лёну, канапель і бульбы; бульбаводства стала тыпова бел. галіной, якая давала амаль 20% збору бульбы ў Рас. імперыі. Гаспадарка набывала і жывёлагадоўчы характар. Аднак Беларусь з краіны, якая некалі вывозіла збожжа, ператварылася ў краіну ўвозу яго з раёнаў таварнай вытворчасці. Змяншэнне таварнай вытворчасці збожжа сялянскія гаспадаркі кампенсавалі ростам пасяўных плошчаў бульбы для перапрацоўкі яе ў таварны прадукт (спірт, дрожджы, крухмал) і вытворчасцю жывёлагадоўчай прадукцыі і лубяных культур для вывазу за межы Беларусі. Такім чынам, сялянскія гаспадаркі ў вял. ступені набывалі рыначны характар. Напярэдадні 1-й сусв. вайны яны мелі перавагу па плошчы пасеваў тэхн. культур і бульбы, па пагалоўі цяглавай конскай сілы. Развіццю сялянскіх гаспадарак у гэты перыяд спрыялі нарошчванне капіталаў і банкаўскія крэдыты, пашырэнне меліярацыі, с.-г. ведаў, машын і прылад, рост пасяўных плошчаў кармавых траў.
Прамысловасць Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў параўнанні з расійскай была даволі слабая, працэс індустрыялізацыі тут пачаўся пазней і адбываўся больш павольна. Большасць прамысловых работнікаў складалі рамеснікі. Фабрыкі і заводы больш нагадвалі майстэрні. У 1866 на кожнае прадпрыемства ў сярэднім прыпадала па 5,7 рабочага з аб’ёмам вытворчасці ў 4,8 тыс. рублёў. Найб. індустрыяльнай была Гродзенская губ., на долю якой прыпадала 36% усіх рабочых, 41% аб’ёму вытворчасці і 30% фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў (пераважна невялікіх, у сярэднім 6,8 рабочага). У 1870-я г. дзейнічала каля 160 буйных прадпрыемстваў, не менш чым 100 тыс. рабочых (каля палавіны з іх у Гродзенскай губ.). Рост прамысловасці на Беларусі пачаўся з 20 ст. Яе адметнасць была ў тым, што прадукцыйнасць працы расла хутчэй, чым колькасць рабочых. У 1913 колькасць рабочых складала 2,2% рабочых рас. фабрык, а колькасць прадпрыемстваў — 11%. Прамысловыя прадпрыемствы перапрацоўвалі ў асн.мясц. сыравіну. У пач. 20 ст. з Беларусі вывозілі пераважна лес і лён, увозілі збожжа, тытунь, бавоўну, металы, мануфактуру. Перад 1-й сусв. вайной змяніліся структура і формы экспарту і імпарту. Вырас вываз масла, яек, птушкі, садавіны, бульбы, перапрацаванай драўніны, с.-г. прылад і ўвоз коней, буйной рагатай жывёлы, паліва, складаных с.-г. прылад і механізмаў. Па росце нац. даходу Беларусь была на ўзроўні інш. рэгіёнаў Расіі, за перыяд 1900—13 ён павялічыўся ў 2 разы. Па долі прамысловасці ў нац. даходзе краіна наблізілася да сярэдняга паказчыка ў Рас. імперыі. Істотна змянілася геаграфія прамысловасці. З сельскай мясцовасці яна перамяшчалася ў гарады, дзе дробныя прадпрыемствы выцясняліся буйнымі капіталіст. фабрыкамі. У 1913 на долю буйных прадпрыемстваў прыпадала 46,5% валавой прадукцыі (ім належала вядучая роля), дробныя саматужна-рамесніцкія прадпрыемствы мелі дапаможны характар. Вядучымі галінамі прамысловасці засталіся харчовыя, лесанарыхтоўчая, дрэваапрацоўчая, папяровая, шкляная, тэкстыльная, гарбарна-абутковая, на долю якіх прыпадала каля 2/3 аб’ёму вытворчасці буйных прадпрыемстваў. У пач. 20 ст. ў прамысловасці Беларусі пачалі ўзнікаць манапалістычныя аб’яднанні па вытворчасці запалак, паперы, цэглы, шкла, піва і інш., акцыянерныя таварыствы, прадпрыемствы з удзелам залежнага капіталу. Узнікалі новыя галіны вытворчасці (шпалерная, цэментавая, фанерная і інш.). Прамысловымі цэнтрамі сталі Пінск, Гомель, Магілёў, Брэст, Барысаў, Мазыр, Смаргонь, Орша, Капыль. Падрыхтоўка рабочых кадраў наладжвалася праз рамесныя вучылішчы і школы.
На сельскую гаспадарку Беларусі пач. 20 ст. паўплывала сталыпінская зямельная рэформа. Адбываўся распад абшчынных адносін (пераважна ў Віцебскай і Магілёўскай губ.), ішло рассяленне на хутары. Перабудова сельскай гаспадаркі была перапынена 1-й сусв. вайной. Станоўчыя зрухі ў прамысловай і с.-г. вытворчасці спрыялі развіццю інфраструктуры Беларусі. Выгаднае геаграфічнае становішча, сетка чыгунак ператварылі краіну ў важную транзітную тэрыторыю; развіццё шашэйных дарог і воднага транспарту спрыялі арганізацыі эканам. сувязей прамысловых раёнаў Рас. імперыі з прамыслова развітымі краінамі Еўропы. Паступова Беларусь уключалася ў міжнар. падзел працы, развівала свае знешнеэканам. сувязі.
У перыяд 1-й сусв. вайны, рэвалюцый 1917, грамадз. вайны і ваенных інтэрвенцый развіццё эканомікі Беларусі рэзка змянілася. Гэта быў перыяд ломкі ўсёй сістэмы гаспадарання і эканам. развіцця, катастрафічнай разрухі гаспадаркі. За 1913—17 прамысловая вытворчасць скарацілася амаль на 70%, многія прадпрыемствы разбураны. Да канца 1920 засталося каля палавіны дарэвалюцыйнай колькасці прамысловых прадпрыемстваў, якія фактычна не працавалі з-за недахопу паліва і сыравіны. Сельская гаспадарка ператварылася ў паўнатуральную. Натуральны абмен часцей замяняў таварна-грашовыя адносіны. На разбурэнне эканомікі Беларусі найб. паўплывала 1-я сусв. вайна, а на далейшы лёс краіны — рэвалюцыі, грамадзянская вайна, германская і польская інтэрвенцыі; у выніку апошняй Беларусь падзелена на 2 часткі — заходнюю і ўсходнюю.
Пасля заканчэння ваенных дзеянняў на тэр.БССР пачаліся спробы стварэння эканомікі, якая б абапіралася на грамадскую ўласнасць на сродкі вытворчасці. У 1920 пасяўныя плошчы складалі 2/3 даваенных, знізілася ўраджайнасць культур, скарацілася пагалоўе жывёлы. Наваствораныя саўгасы-камуны былі стратнымі, маламоцнымі гаспадаркамі з неэфектыўнай арганізацыяй працы. Сістэма кіравання сав. прамысловасцю была цэнтралізаванай, закладваліся элементы будучай камандна-адм. сістэмы. З 1920 на Беларусі пачалі аднаўляць працу асноўныя прадпрыемствы, у першую чаргу электрастанцыі, прадпрыемствы харчовай і лёгкай прамысловасці. Але палітыка «ваеннага камунізму», якая абапіралася на жорсткія адм. метады, не спрыяла аднаўленню эканомікі. Улік, аналіз, кантроль, планаванне амаль адсутнічалі. Развал нар. гаспадаркі быў вынікам не толькі войнаў і рэвалюцый, але і неэфектыўнай сістэмы кіравання.
Сістэма мер новай эканам. палітыкі (нэп) паскорыла аднаўленне і развіццё прамысловасці, гандлю, сельскай гаспадаркі, транспарту, таварна-грашовых адносін. Асновай эканомікі БССР заставалася сельская гаспадарка, якая ў 1925 дасягнула ўзроўню 1913. У яе спецыялізацыі пераважалі малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля, вырошчванне тэхн. культур. Аднак нізкая забяспечанасць зямлёй і слабая тэхн. аснашчанасць сялянскіх гаспадарак і саўгасаў не дазвалялі павысіць эфектыўнасць сельскай гаспадаркі. У 1926 яе таварнасць складала 13,2% (у 1913—35%). Асноўнымі формамі калектыўных гаспадарак былі камуны, сельгасарцелі і таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі, сярод дзяржаўных — саўгасы. Для Сав. Беларусі перыяд нэпа быў перыядам аднаўлення эканомікі пасля разрухі. Асноўнымі галінамі прамысловасці былі харчовая, папяровая, дрэваапрацоўчая. У 1926—27 пачалося будаўніцтва буйных прадпрыемстваў, якія і ў наш час маюць гасп. значэнне (Бабруйскі дрэваапр. камбінат, Гомсельмаш, БелДРЭС, Магілёўская фабрыка штучнага шоўку, металаапрацоўчы завод «Камунар» у Мінску і інш.). У Зах. Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы, назіраўся застой або слабавыразнае развіццё.
Вынікам даваенных пяцігодак стала індустрыялізацыя ў прамысловасці і калектывізацыя ў сельскай гаспадарцы. Кіраванне эканомікай зноў перайшло на камандна-адм. метады з высокай ступенню цэнтралізацыі. Дзярж. планаванню развіцця гаспадаркі надаваўся ранг закона. У гарадах (Мінск, Віцебск, Гомель, Орша, Мазыр, Барысаў) узніклі новыя прадпрыемствы. Развіваліся машынабудаванне, паліўная і хім. прамысловасць, электраэнергетыка; завяршылася фарміраванне сеткі чыгунак і іх інфраструктуры, пабудаваны або рэканструяваны рачныя парты, аэрапорт «Мінск», лініі тэлефоннай сувязі, адноўлены Дняпроўска-Бугскі канал. У 1940 на долю прамысловасці прыпадала 80% усёй прадукцыі нар. гаспадаркі. Беларусь вырабляла 33,8% фанеры, 27% запалак, больш за 10% металарэзных станкоў, 30% штучнага пакосту ад агульнасаюзнай вытворчасці. Прадпрыемствы рэспублікі пачалі выпускаць новую прадукцыю — складаныя металаапрацоўчыя станкі, радыёпрыёмнікі, маторы, турбіны, штучны шоўк і інш.
У выніку калектывізацыі дробнатаварная гаспадарка была разбурана і ператворана ў буйную сацыялістычную, але ўзровень с.-г. вытворчасці заставаўся нізкім. З сельскай мясцовасці павялічылася міграцыя працоўных рэсурсаў у гарады і за межы рэспублікі.
У час Вял.Айч. вайны эканоміка Беларусі страціла амаль усе здабыткі першых пяцігодак. Частка прадпрыемстваў, транспартных сродкаў, жывёлы былі эвакуіраваны ў Расію. На акупіраванай тэрыторыі былі адноўлены ў асноўным прадпрыемствы, скіраваныя на забеспячэнне акупацыйных улад. Гаспадарка акупіраванай тэрыторыі мела каланіяльны характар. У Германію вывозіліся сыравіна (лес, торф), прадукты харчавання. Аграрная рэформа замацоўвала за акупацыйнымі ўладамі зямлю і прадукцыю. У гады акупацыі нар. гаспадарка Беларусі падверглася жорсткай эксплуатацыі і рабаванню, што прывяло эканоміку да поўнага разбурэння і заняпаду. З утварэннем партыз. зон для патрэб мясц. насельніцтва адноўлены шэраг прадпрыемстваў, арганізавана вытворчасць у калгасах і саўгасах.
У выніку вайны Беларусь страціла больш за палавіну нац. багацця і па найважнейшых галінах эканоміка адкінута да ўзроўню 1913, па агульным узроўні — да 1928. Былі разбураны 209 (з 270) гарадоў, 9,2 тыс. вёсак, больш за 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС. У параўнанні з даваенным узроўнем на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, на 49% — пагалоўе буйной рагатай жывёлы, на 61% — коней, на 78% — авечак і коз. Значныя страты прычынены транспарту. Буйныя гарады былі разбураны на 75—90%.
Пасля вызвалення Беларусі пачалося адраджэнне гаспадаркі. Да 1946 адноўлена 5,9 тыс. прадпрыемстваў, пачалося будаўніцтва новых прадпрыемстваў, у т. л. трактарнага і аўтамабільнага заводаў. Змянілася структура прамысловасці: знізілася ўдзельная вага лёгкай, харчовай і дрэваапрацоўчай галін, вырасла доля электраэнергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі. У 1-ю пасляваенную пяцігодку хуткімі тэмпамі аднаўляліся прамысловасць і транспарт. У пач. 1949 прамысловая вытворчасць дасягнула ўзроўню 1940, а ў 1950 валавы аб’ём прамысл. прадукцыі быў на 15% вышэйшы, чым у 1940. Сельская гаспадарка аднаўлялася больш марудна. У калгасах не хапала тэхнікі (у канцы 1945 мелася 1/3 ад яе даваеннай колькасці). Нізкія тэмпы аднаўлення с.-г. вытворчасці былі абумоўлены таксама адсутнасцю матэрыяльнага заахвочвання ў калгасах. Нягледзячы на антысялянскі характар аграрнай палітыкі дзяржавы (адсутнасць гасп. самастойнасці, ушчамленне правоў сялян, якія нават не мелі пашпартоў і не маглі свабодна перамяшчацца па краіне, перапампоўванне грашовых сродкаў у прамысловасць), у аграрным сектары адбыліся пэўныя змены. Вёска атрымала 8,6 тыс. трактароў, 1,5 тыс. камбайнаў, шмат інш. тэхнікі. Павялічыліся пасяўныя плошчы, у 3 разы пашырыліся пасевы тэхн. культур. У параўнанні з даваенным перыядам у 1950 яны складалі 94,3%, пагалоўе буйной рагатай жывёлы — 96,5%, коней — 62%, свіней — 64,4%.
Аднаўленне нар. гаспадаркі, змякчэнне аўтарытарных метадаў кіравання, сац. пераарыентацыя доўжыліся да 1960-х г. Працягвалася капітальнае будаўніцтва і рэканструкцыя прадпрыемстваў, раслі высокатэхналагічныя галіны і вытворчасці. Прамысловасць пачала вырабляць гадзіннікі, шарыкападшыпнікі, швейныя машыны, электрарухавікі, паўправаднікі, ЭВМ, хім. мінеральныя ўгнаенні, прадукты перапрацоўкі нафты. Сістэма кіравання перайшла ад галіновага да тэр. кіраўніцтва праз саўнаргасы. Сельская гаспадарка пасля доўгага заняпаду ўпершыню стала рэнтабельнай. У выніку ліквідацыі МТСс.-г. тэхніка перададзена калгасам і саўгасам. Адметнасцю гэтага перыяду было будаўніцтва найб. у Еўропе хім. прадпрыемстваў (Магілёўскі камбінат па вытворчасці лаўсану, Гомельскі хім. завод, Светлагорскі камбінат штучнага валакна і інш.). У выніку доля хіміі ў вытворчых фондах падвоілася. Апераджальнымі тэмпамі развіваліся неметалаёмістыя і працаёмістыя галіны (электратэхніка, прыладабудаванне, радыёэлектроніка). Ствараліся комплексы машынабудаўнічых і металаапрацоўчых прадпрыемстваў па выпуску канструктыўна і тэхналагічна аднароднай прадукцыі. У структуры паліўна-энергетычнага балансу павялічылася доля нафты і прыроднага газу, пракладзены нафта- і газаправоды. З 1964 пачалася прамысловая здабыча нафты на тэр. Беларусі. Пазней з’явіліся нафтаперапр. заводы ў Наваполацку і Мазыры.
Развіццё сельскай гаспадаркі ў гэты перыяд замаруджвалася суб’ектывізмам і валюнтарызмам у яе кіраванні. З сярэдзіны 1960-х г. узяты курс на інтэнсіфікацыю сельскай гаспадаркі, на разгортванне меліярацыі. У жывёлагадоўлі пачалося будаўніцтва буйных адкормачных комплексаў. Прамысловае будаўніцтва ў гарадах, інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі, рост адукаванасці людзей выклікалі масавую міграцыю працаздольнай часткі сельскіх жыхароў, што праз 15—20 гадоў прывяло да дэпапуляцыі сельскай мясцовасці. Рэформы 1960-х г. не былі даведзены да завяршэння, што прывяло да тармажэння ў выкананні пяцігадовых планаў, а потым і да застою ў развіцці эканомікі.
У гэты перыяд на Беларусі расла вытворчасць прадукцыі такіх галін прамысловасці, як прыладабудаванне, электронная і радыётэхнічная прамысловасць, вытворчасць сродкаў сувязі. Удзельная вага прыладабудавання ў агульным аб’ёме прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі за 1970—80 вырасла з 5,5% да 16%, электроннай і радыётэхнічнай прамысловасці — з 11,3% да 25%. Аднак у большасці галін захоўваліся ўстарэлыя тэхналогіі і абсталяванне. Эканоміка Беларусі страціла былы дынамізм. Рэзка знізіліся тэмпы эканам. росту. Так, у 1970—75 сярэднегадавыя тэмпы росту нац. даходу складалі 8,3%, а ў 1980—85 толькі 5,6%, прадукцыі прамысловасці — 10,4% і 5,4%, прадукцыйнасці працы адпаведна 7,4% і 5,3%.
Сельская гаспадарка ў гэты перыяд таксама развівалася супярэчліва, разам з поспехамі былі і недахопы. У 1970—85 сельская гаспадарка Беларусі працягвала спецыялізавацца на развіцці мясной і малочнай жывёлагадоўлі, вытворчасці бульбы, лёну-даўгунцу, цукровых буракоў. З мэтай стварэння трывалай кармавой базы для развіцця жывёлагадоўлі адбылося пераразмеркаванне пасяўных плошчаў, праводзілася меліярацыя і інш. Узводзіліся буйныя комплексы на некалькі тысяч галоў буйной рагатай жывёлы і свіней, ствараліся міжгаспадарчыя аб’яднанні па адкорме жывёлы і птушак, вытворчасці мяса, малака і воўны. У 1970—85 валавая прадукцыя жывёлагадоўлі павялічылася ў 1,5 раза, птушкагадоўлі — у 3,2 раза. Аднак палітыка кіраўніцтва па спецыялізацыі сельскай гаспадаркі Беларусі парушыла комплекснасць аграрнага сектара, павялічыла дыспрапорцыю паміж галінамі. У пач. 1980-х г. сельская гаспадарка Беларусі апынулася ў крызісным стане. Ураджайнасць збожжавых культур практычна не расла. Па меры зніжэння вытворчасці с.-г. прадукцыі расла дробязная апека, што стрымлівала ініцыятыву і адказнасць за канчатковыя вынікі. У краіне абвастрылася харчовая праблема. У пач. 1982 зроблены спробы выйсця з крызіснага становішча: створаны аграрна-прамысловы комплекс (на Беларусі — «Белаграпрам»), прынята харчовая праграма на перыяд да 1990. Аднак гэтыя палавінчатыя меры не закраналі інтарэсаў сялянства, неслі на сабе сляды застою. Эканоміка патрабавала перабудовы ўсяго сацыяльна-эканам. комплексу. У 1985 па ініцыятыве М.С.Гарбачова распачаты спробы рэфармавання сацыяльна-эканам. і паліт. сістэмы СССР. Аднак пошук шляхоў перабудовы эканам. адносін пачаўся з вельмі сціплых праектаў у межах старой адм.-каманднай сістэмы. Пад паскарэннем сацыяльна-эканам. развіцця разумелася павышэнне тэмпаў шляхам інтэнсіфікацыі вытворчасці і новых, эфектыўных форм арганізацыі кіравання. Планавалася паскоранымі тэмпамі развіваць машынабудаванне і на яго аснове ажыццяўляць тэхн. перааснашчэнне ўсёй гаспадаркі, вывесці на перадавыя рубяжы навукова-тэхн. прагрэсу электраэнергетыку, хім. і нафтахім., лёгкую і мясц. прамысловасць, сельскую гаспадарку, сферу паслуг і гандаль. Хутка стала відавочна, што ніякага паскоранага развіцця краіны не адбылося, наадварот, становішча ў эканоміцы пагоршылася, дзяржава ўступіла ў глыбокі сістэмны крызіс.
З распадам СССР Беларусь стала незалежнай унітарнай дзяржавай з сацыяльна арыентаванай эканомікай. З 1991 пачаўся навейшы этап развіцця яе гаспадаркі, культуры, адукацыі, навукі і інш. галін цывілізаванай дзяржавы. Прынята праграма пераходу краіны да рыначных адносін. Першачарговымі задачамі была стабілізацыя эканомікі, прыватызацыя, стварэнне рыначнай інфраструктуры, абарона насельніцтва ад збяднення і ліквідацыя наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У выніку распаду СССР была парушана адзіная эканам. прастора. Стварэнне СНД было спробай захаваць адзіную эканам. прастору і сувязі, але ў поўнай меры гэтага зрабіць не ўдалося. Адсутнасць пэўнай заканадаўчай базы і кансерватызм тагачаснай улады не дазволілі наладзіць эфектыўныя рыначныя адносіны. Пастанова Вярх. Савета (1991) аб дзярж. праграме па стабілізацыі эканомікі і сац. абароне насельніцтва не рэалізоўвалася. Улады не здолелі вызначыцца ў крэдытна-грашовай палітыцы, у цэнаўтварэнні і міждзяржаўных разліках паміж краінамі СНД. Беларусь знаходзілася ў адзінай з Расіяй рублёвай зоне, дзе пачаліся ўжо рыначныя пераўтварэнні. Манетарная палітыка рас. улад стварыла востры дэфіцыт наяўных грошай на тэр. Беларусі. Увядзенне ў абарачэнне (1992) бел. разліковых білетаў вырашыла праблему толькі часткова. Лібералізацыя цэн у Расіі і краінах Балтыі, імкненне захаваць нізкі ўзровень унутр. цэн разбуралі бел. спажывецкі рынак. У эканоміцы ўзмацніліся крызісныя з’явы (інфляцыя, паніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва і аб’ёмаў вытворчасці, «вымыванне» тавараў з рознічнага продажу і інш.), што абцяжарвалася абмежаванасцю крыніц паліва і сыравіны, залежнасцю ад прыродных рэсурсаў інш. краін. За 1991—95 валавы ўнутраны прадукт Беларусі зменшыўся на 35%, таварная вытворчасць прамысловасці — на 41%, валавы прадукт сельскай гаспадаркі — на 26%, капіталаўкладанні — на 61%. Паніжэнне абсалютных тэмпаў прыросту вытворчасці заўважалася амаль ва ўсіх галінах гаспадаркі.
Наступны этап сацыяльна-эканам. развіцця Беларусі характарызаваўся мэтанакіраванай дзейнасцю па стабілізацыі эканомікі. У канцы 1994 прынята праграма неадкладных мер па выхаду краіны з крызісу, распрацаваная адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Праграма прадугледжвала аздараўленне фінансавай і грашова-крэдытнай сістэмы, паляпшэнне гандлёвага і плацежнага балансу, знешнеэканам. дзейнасці, узмацненне дзярж. рэгулявання, стабілізацыю асобных галін гаспадаркі, удасканаленне сістэмы аплаты працы. Асноўныя кірункі рэфармавання эканомікі на шляху структурнай перабудовы ў канцы 1990-х г. звязаны з нарошчваннем аб’ёмаў экспарту, жыллёвага будаўніцтва і вытворчасці харчовай прадукцыі. Рэфармаванне эканомікі ішло ў кірунку раздзяржаўлення і прыватызацыі, змянення аграрных адносін, развіцця рыначнай інфраструктуры. У канцы 1990-х г. пачаўся рост унутр. валавога прадукту і аб’ёмаў прамысл. вытворчасці, выпуску тавараў нар. спажывання. Пры гэтым аднак зніжалася рэнтабельнасць вытворчасці. павялічвалася колькасць стратных прамысловых і с.-г. прадпрыемстваў, паніжэнне жыццёвага ўзроўню значнай часткі насельніцтва. У пач. 21 ст. Беларусь апынулася па шэрагу паказчыкаў на ўзроўні дакрызіснага 1990.
Літ.:
Эканамічная гісторыя Беларусі. Пад агульнай рэд. В.І.Галубовіча. 2 выд.Мн., 1996;
Довнар-Запольский М.В. История Белоруссии. Мн., 2003;
Шилов В.Н. Экономическое развитие Беларуси на рубеже веков: проблемы, итоги, перспективы. Мн., 2003;
Киреенко Е.Г. Социально-экономическая география Республики Беларусь. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛОВАСЦЬ БУДАЎНІЧЫХ МАТЭРЫЯЛАЎ І КАНСТРУКЦЫЙ
Прамысловасць буд. матэрыялаў і канструкцый (ПБМК) з’яўляецца шматпрофільнай высокаразвітой галіною, доля якой у агульным аб’ёме прамысл. вытворчасці Беларусі складае 4,1% (2003). У складзе галіны дзейнічае больш за 1400 прадпрыемстваў і вытворчасцей, з іх на самастойным (прамысл.) балансе 126 (сярэдняя колькасць працуючых ад 200 да 500 чал., у т. л. 14 прадпрыемстваў з колькасцю працаўнікоў больш за 1000 чал.), якія даюць больш за 70% аб’ёмаў таварнай прадукцыі (2002). Сярэднегадавая колькасць прамыслова-вытворчага персаналу — 65,9 чал. (2003). На прадпрыемствах галіны вырабляюць больш за 150 відаў буд. матэрыялаў і вырабаў 20 падгалін. Прадпрыемствамі ПБМК выраблена прадукцыі на 980 млрд.руб., рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі — 8,3% (2003). Вядучая роля ў ПБМК належыць прамысловасці зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў, цэментнай, сценавых матэрыялаў і буд. керамікі. Такая структура склалася пад уплывам патрэб буйнамаштабнага будаўніцтва і дзякуючы наяўнасці значнай мінеральна-сыравіннай базы для вытворчасці буд. матэрыялаў.
Вытворчасцю керамічных вырабаў, цэглы, чарапіцы, кафлі, шкла на Беларусі займаліся з даўніх часоў; кераміка асвоена ў неаліце (5—4 ст. да н.э.). З узнікненнем ганчарнага круга (10 ст.) вытв-сць вырабаў з гліны вылучылася ў ганчарнае рамяство. Асаблівага росквіту ганчарства на Беларусі дасягнула ў 15 ст. Вядомымі яго цэнтрамі былі Івянец, Нясвіж, Копысь, Мір, Ружаны, Ракаў, Чашнікі. З 15 ст. інтэнсіўна развівалася вытв-сць кафлі. Буйным цэнтрам яе вытворчасці стаў Копысь (Аршанскі р-н). Першымі мануфактурамі (18 ст.) былі шкляныя заводы ў Налібаках (Стаўбцоўскі р-н), Урэччы (Любанскі р-н), Іўі (Вілейскі р-н), фаянсавы завод у Свержані (Стаўбцоўскі р-н). У 1900 дзейнічала 50 кафляных прадпрыемстваў (занята 1821 чал.), 57 цагельных (2459 чал.), 73 шкляных і ганчарных (3693 чал.); усяго ў сілікатна-будаўнічай прамысловасці на той час працавала 185 прадпрыемстваў з 8,1 тыс. рабочых і сумай вытворчасці 4,6 млн.руб. У канцы 19 — пач. 20 ст. фабрычна-заводская сілікатна-керамічная прамысловасць займала 5-е месца па ўдзельным аб’ёме сваёй прадукцыі (3,5—5%), размяшчалася пераважна ў Магілёўскай (30%), Мінскай (26%), Гродзенскай (19%) губернях Пераважалі шкляная і кафляная вытворчасці, цэглу выраблялі на невялікіх заводах амаль ва ўсіх гарадах і мястэчках. Найбуйнейшы цагельны завод з кальцавой печчу і стужачным прэсам пабудаваны ў 1893 у Мінску. У 1913 дзейнічалі 42 цагельна-чарапічныя прадпрыемствы, якія давалі 1,6% усёй прамысл. прадукцыі. Буйныя заводы па выпуску аконнага шкла ў 1910 размяшчаліся ў вёсках Серкавіца (Аршанскі павет, 274 рабочых) і Наспа (Рагачоўскі павет, 122 рабочых). У 1913 на Беларусі дзейнічала 20 кафельных заводаў, у т. л. 14 у Копысі (48,9% рабочых і 50,7% выпрацоўкі). Цэмент вырабляўся на Ваўкавыскім цэментным заводзе (пабудаваны ў 1913). У 1913 на Беларусі выраблялася 58 млн.шт. цэглы, 33 тыс.т цэменту, 1,76 млн.м² аконнага шкла. Удзельная вага галіны ў валавой прадукцыі прамысловасці складала 5,2%, у колькасці рабочых — 5,8%.
У савецкі перыяд рост капітальнага будаўніцтва ва ўсіх галінах гаспадаркі выклікаў развіццё ПБМК. Пабудаваны буйныя механізаваныя прадпрыемствы: Мінскі завод буд. матэрыялаў (1925, з 2004 Адкрытае акцыянернае т-ва «Мінскі завод буд. матэрыялаў»), Гомельскі шклозавод (1933, з 1994 ААТ «Гомельшкло»), Крычаўскі цэментны завод (1933), заводы па вырабе сілікатнай цэглы ў Клімавічах (1928, з 1958 у складзе Клімавіцкага камбіната буд. матэрыялаў) і Оршы (1935, з 1994 ААТ «Оршабудматэрыялы»). Удзельная вага галіны ў валавой прадукцыі ПБМК СССР к 1940 павялічылася да 2,1% супраць 1,5% у 1932; у гэты час на Беларусі выпушчана 3,5% цэменту, 3,4% аконнага шкла, 4% буд. цэглы агульнасаюзнай вытворчасці.
У выніку страт у гады Вялікай Айчыннай вайны ў 1945 валавая прадукцыя галіны складала 15% да ўзроўню 1940. У пасляваенныя гады ПБМК хутка развівалася, што было абумоўлена вялікай патрэбай у буд. матэрыялах для аднаўлення нар. гаспадаркі. У 1947 уведзены ў эксплуатацыю Мінскі гіпсавы завод (з 2001 ААТ «Белгіпс»), у 1948—50 — Крычаўскі шыферны завод (з 1957 у складзе Крычаўскага цэментна-шыфернага камбіната).
У 1950 вытв-сць цэменту ў параўнанні з 1945 вырасла ў 6,8 раза (341,7 тыс.т), вапны — 3,6 (88,8 тыс.т), цэглы — 12,7 (517,2 млн.шт.), аконнага шкла — 12,5 (6,6 млн.м²). Да 1958 наладжана вытв-сць арміраваных сілікатных пліт (Аршанскі сілікатны завод), гіпсабетонных перагародачных пліт і панэлей (мінскія гіпсавы завод, камбінат буд. матэрыялаў, камбінат буйнаблочных буд. канструкцый), фасаднай керамікі (Гарынскі завод абліцовачнай фасаднай керамікі, Столінскі р-н), керамічных каналізацыйных труб (Рэчыцкі керамічна-трубны завод), мінеральнай ваты (Мінскі КБМ), аглапарыту (Мінскі цагельны завод №3, Гомельскі КБМ і інш.), пачалася вытв-сць аўтаклаўных сілікатных вырабаў. У 1955—65 пабудаваны заводы зборнага жалезабетону ў Мінску (найбуйнейшы, з 1960 у складзе Мінскага домабудаўнічага камбіната №1), Віцебску, Гомелі, Магілёве, Брэсце; асвоена вытв-сць керамзітавага жвіру ў Віцебску.
З 1959 наладжаны выпуск дэталей для зборнага домабудавання ў Мінску на заводзе зборнага жалезабетону, у 1963—64 — у Віцебску, Брэсце, Гродне, Гомелі, Магілёве, Салігорску, Светлагорску. 3 выкарыстаннем зборнага жалезабетону і асваеннем буйнапанэльнага домабудавання адбыўся пераход на заводскія метады будаўніцтва; у Мінску створаны домабудаўнічыя камбінаты №1, №2, №3; на працягу 1960—70-х пабудавана больш за 20 падобных прадпрыемстваў і цэхаў. Асвоена вытв-сць новых відаў прадукцыі: ячэістага сілікатабетону, буйных канструкцый з аглапарыту, сілікатабетону, каляровай сілікатнай цэглы, каляровага шыферу, арміраваных сценавых панэлей з ячэістага бетону з архітэктурнай апрацоўкай, лёгкіх (порыстых) запаўняльнікаў (керамзіту, аглапарыту).
У 1968 пабудаваны Маладзечанскі завод лёгкіх металаканструкцый, 1978 — Добрушскі фарфоравы завод, 1979 — Любанскі камбінат буд. матэрыялаў, 1987 — Новалукомльскі завод керамзітавага жвіру. У 1990 на базе Новабярозаўскага вапнавага завода і завода сценавых блокаў створаны Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў, у 1994 на ААТ «Гідрашклоізол» уведзена тэхналагічная лінія па вытв-сці гідрашклоізолу, а на базе ВА «Мінскбудматэрыялы» створана ААТ «Керамін»; у 1995 уведзены ў дзеянне ЗАТ «БелЕўратара) (г. Ліда), у 1996 — Беларускі цэментны завод (г. Касцюковічы), а на ААТ «Гомельшкло» — прадпрыемства па вытворчасці паліраванага шкла, у 1999 — ААТ «Забудова»; у 2001 шляхам зліцця ААТ «Краснасельскцэмент» і Гродзенскага абласнога міжкалгаснага прадпрыемства па вытв-сці цэменту створана ААТ «Краснасельскбудматэрыялы».
Найлепшыя паказчыкі галіна мела ў 1990. З 1992 назіраюцца крызісныя з’явы. За 1992—95 вытв-сцьбуд. матэрыялаў скарацілася на 58% да ўзроўню 1991. Вытв-сць цэменту за перыяд з 1990 па 2002 скарацілася ў 3 разы, сценавых буйных бетонных блокаў — у 7,6 раза, мяккіх дахавых матэрыялаў — у 3,7 раза, шыферу — у 3,6 раза, вапны — у 1,9 раза, нярудных матэрыялаў — у 4,3 раза, лінолеуму — у 16,2 раза, вапняковай і даламітавай мукі — у 2,9 раза, затое вытв-сць керамічнай глазураванай пліткі павялічылася ў 2,7 раза.
У 2003 выраблена 2472 тыс.т цэменту, 1545 тыс.м³ зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў, 789 млн.шт. (умоўнай цэглы) буд. цэглы, 94 млн.шт. (умоўнай цэглы) сценавых буйных бетонных і сілікатных блокаў, 25 млн.м² мяккіх дахавых матэрыялаў і ізолу, 113 млн.шт. умоўных плітак шыферу, 0,9 тыс.км азбестацэментных труб і муфтаў, 659 тыс.т вапны, 18,8 млн.м³ нярудных буд. матэрыялаў, 11 175 тыс.м² керамічнай глазураванай пліткі для ўнутр. абліцоўкі сцен з фасоннымі дэталямі, 242 тыс.м² лінолеуму, 647 тыс.шт.сан. керамічных вырабаў, 2,1 млн.т вапняковай і даламітавай мукі, 22 млн.шт. фарфора-фаянсавага посуду (гл. табліцу 1).
У сучаснай галіне вялікая ўвага аддаецца ўкараненню рэсурсазберагальных матэрыялаў і тэхналогій, якія ўплываюць на памяншэнне масы і павелічэнне цеплазберагальных уласцівасцей, павялічваецца выпуск эфектыўных вырабаў і вытв-сць новых матэрыялаў і канструкцый на аснове палімернай, мясц. і другаснай сыравіны.
Прамысловасць зборных жалезабетонных і бетонных канструкцый і вырабаў займае 1-е месца ў ПБМК па аб’ёме валавой прадукцыі (22,7%, 2001). Ёй належыць важная роля ў развіцці буд. індустрыі, аднак памяншэнне маштабаў будаўніцтва, высокая энергаёмістасць вытворчасці прывялі да рэзкага зніжэння вытв-сці зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў (з 7424 у 1990 да 1545 тыс.м³ у 2003). Прадпрыемствы (каля 300) размешчаны на тэр. Беларусі параўнальна раўнамерна, але асноўныя магутнасці сканцэнтраваны ў Мінску (34% агульнарэсп. вытв-сці, 2002), абласных гарадах, а таксама ў Салігорску, Наваполацку, Баранавічах, Оршы, Барысаве. Найбуйнейшыя прадпрыемствы: ААТ «Мінскжалезабетон», камунальнае УП «Мінскі завод эфектыўных прамысловых канструкцый», ААТ «Завод ЗЖБ» (г. Барысаў), ААТ «Камбінат ЗЖБВ і К» (г. Орша), РУП «Баранавіцкі камбінат ЖБК», ААТ «Гроднажалезабетон», завод ЗЖБК ААТ «Мінскпрамбуд», ВРУП «Наваполацкжалезабетон».
Цэментная прамысловасць — найважнейшая падгаліна ПБМК, складае 12,8% валавой прадукцыі галіны (2001); у 2003 выраблена цэменту 2472 тыс.т. Працуе на мясц. сыравіне (мел. мергель, гліна; 15 радовішчаў, запасы 718 млн.т). Цэмент вырабляюць у Гродзенскай і Магілёўскай абласцях: найбуйнейшы — ВРУП «Беларускі цэментны завод» (г. Касцюковічы), ВРУП «Крычаўцэментнашыфер», ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» (Ваўкавыскі р-н). Праектная магутнасць 1-й чаргі ВРУП «Беларускі цэментны завод» 1,2 млн.т, тут упершыню ў сусв. практыцы выкарыстоўваецца «сухі» спосаб вытв-сці цэменту з пераўвільготненай сыравіны. З-за спаду ў будаўніцтве магутнасці цэментных заводаў Беларусі выкарыстоўваецца на 84% (2002): Выпускаюць портландцэмент маркі М 400, М 500, плануецца М 600 і вышэй. Экспарт у Польшчу, Літву, Расію і інш.
Прамысловасць сценавых матэрыялаў складае 16% валавой прадукцыі галіны (2001). Вырабляецца буд. цэгла (75 прадпрыемстваў), сценавыя бетонныя і сілікатныя блокі, панэлі розных памераў (53 прадпрыемствы). Колькасць цагельных заводаў скарачаецца. Вытв-сць цэглы з 2331 у 1990 паменшылася да 789 млн.шт. умоўнай цэглы ў 2003. Найб. магутныя прадпрыемствы па вытв-сці цэглы: ААТ «Мінскі завод будаўнічых матэрыялаў», «Брэсцкі КБМ», «Гомельбудматэрыялы», «Гродзенскі камбінат будматэрыялаў», «Кераміка» (г. Віцебск), «Керамін», «Радашковіцкі керамічны завод», «Мінскі камбінат сілікатных вырабаў», «Магілёўскі КСВ», «Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў», «Оршабудматзрыялы», «Смаргоньсілікатабетон», «Забудова» (пас. Чысць), ВРУП «Обальскі керамічны завод». Сценавых буйных бетонных і сілікатных блокаў у 2003 выраблена 94 млн.шт. умоўнай цэглы. Сценавыя блокі і панэлі вырабляюць на прадпрыемствах ААТ «Мінскжалезабетон», «Смаргоньсілікатабетон», «Лідабудканструкцыя», «Салігорскпрамбуд», рэсп. унітарнае прадпрыемства «Бяроза КСВ», «Краснасельскбудматэрыялы», «Баранавіцкі камбінат ЖБК», «Завод ЖБВ» (г. Маладзечна). Перспектыўнымі з’яўляюцца вырабы з сілікатнага бетону і ячэістага бетону (ААТ «Забудова», «Оршабудматэрыялы», «Смаргоньсілікатабетон», «Гомельбудматэрыялы», «Гродзенскі камбінат будматэрыялаў», «Краснасельскбудматэрыялы», АП «Мінскі КСВ»). Вытв-сць лінолеуму і аўталіну — ААТ «Гомельбудматэрыялы».
Будаўнічую кераміку вырабляюць 11 прадпрыемстваў і вытворчасцей, яе ўдзельная вага ў галіне 15% (2001). У 2003 на Беларусі выраблена 11 175 тыс.м² керамічнай глазураванай пліткі для ўнутр. абліцоўкі сцен з фасоннымі дэталямі, 647 тыс.шт.сан. керамічных вырабаў, а таксама плітка для падлогі; чарапіца, кафля для камінаў і пячэй, дрэнажныя і каналізацыйныя трубы, кіслота- і вогнетрывалыя вырабы і г.д. Найбуйнейшае прадпрыемства па вырабе буд. керамікі ААТ «Керамін» (Мінск). Буд. кераміку вырабляюць таксама ААТ «Кераміка» (г. Віцебск), «Мінскі завод будаўнічых матэрыялаў», «Радашковіцкі керамічны завод», «Оршабудматэрыялы», «Брэсцкі КБМ», ВРУП «Обальскі керамічны завод» і «Бярозабудматэрыялы», РУП «Рэчыцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў», АП «Полацкі камбінат будаўнічых матэрыялаў».
Нярудныя будаўнічыя матэрыялы складаюць 7,6% аб’ёму валавой прадукцыі ПБМК (2001), выраблена 18,8 млн.м³ нярудных буд. матэрыялаў (2003). Прадпрыемствы і вытворчасці (каля 350) размяшчаюцца паблізу радовішчаў пяску, пясчана-жвіровых матэрыялаў, буд. каменю. Разведана больш за 130 радовішчаў пясчана-жвіровых матэрыялаў з агульнымі запасамі 704,4 млн.м³, эксплуатуецца каля 80 радовішчаў. Прадпрыемствы спецыялізуюцца на здабычы, здрабненні і абагачэнні буд. каменю, друзу, жвіру, буд. пяску. Буйнейшае прадпрыемства РУВП «Граніт» (г. Мікашэвічы). Сыравіна — дыярыт, гранадыярыт і граніт ( Мікашэвіцкае радовішча). Мадэрнізуецца. У ліку буйных вытворцаў пяску і жвіру — ААТ «Смаргоньсілікатабетон», «Нярудпрам», «Заслаўебудіндустрыя», «Оршабудматэрыялы», АП «Полацкі камбінат будаўнічых матэрыялаў».
Вытворчасць вапнавых, гіпсавых і мясц. вяжучых матэрыялаў і вырабаў сканцэнтравана на 18 прадпрыемствах і складае 3,2% валавой прадукцыі галіны (2001). У 2003 на Беларусі выраблена 2,1 млн.т вапнавай і даламітавай мукі, 659 тыс.т вапны. Даламітавую муку і вапну вырабляюць на ААТ «Даламіт» (пас. Руба Віцебскай вобл.); гіпс, гіпсавыя пліты і панэлі, гіпсакардонныя лісты (больш за 4,5 млн.м², 2003) — на ААТ «Белгіпс» (г. Мінск); вапну — на ААТ «Бяроза КСВ», «Краснасельскбудматэрыялы», «Забудова», РУП «Клімавіцкі вапнавы завод».
Прамысловасць мяккіх дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў складае 6,2% (2001). У 2003 выраблена 25 млн.м² мяккіх дахавых матэрыялаў і ізолу; вядучае прадпрыемства СП ААТ «Дах» (г. Асіповічы), якое вырабляе рубероід, толь, пергамін, біпалікрын, бікрын, дахаэласт. Гідрашклоізол вырабляюць на ААТ «Гідрашклоізол» (в. Бронная Гара, Бярозаўскі раён) і «Гідрашклоізол» (г. Мар’іна Горка).
Вытворчасць лёгкіх порыстых запаўняльнікаў складае 1,6% валавой прадукцыі галіны (2001).
Керамзіт выпускаюць на ААТ «Завод керамзітавага жвіру» (г. Новалукомль). Вядучае прадпрыемства па вытв-сці перліту, тэнісіту, аглапарыту — ААТ «Мінскі завод будаўнічых матэрыялаў».
Цеплаізаляцыйныя матэрыялы (мінер. вата і вырабы з яе) выпускае ААТ «Гомельбудматэрыялы»; пліты цеплаізаляцыйныя, маты мінералаватныя — ВРУП «Бярозабудматэрыялы»; пліты цеплаізаляцыйныя з пенапласту полістырольнага — ААТ «Бяроза КСВ». Азбестацэментныя вырабы (шыфер — 113 млн. умоўных плітак, трубы і муфты — 0,9 тыс.км умоўных труб, 2003) выпускаюцца на ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» і ВРУП «Крычаўцэментнашыфер»; вытв-сць камплектаў лёгкіх металаканструкцый, шматслойных сценавых панэлей з эфектыўнымі ўцяпляльнікамі, афарбаванай рулоннай сталі — на РУП «Маладзечанскі завод лёгкіх металаканструкцый».
Шкляная і фарфора-фаянсавая прамысловасць складае 17,1% валавой прадукцыі галіны (2001) і ўключае каля 50 прадпрыемстваў. Асноўная прадукцыя шкляной прамысловасці — шкло паліраванае ліставое (магутнасць 44 млн.м², выраблена 17,9 млн.м², 2001), шкло бяспечнае трохслойнае паліраванае «Трыплекс», шкло загартаванае паліраванае, буд. пенашкло, шкло з металічным пакрыццём, шклотара, мэблевае шкло, шклопакеты — вырабляюць на ААТ «Гомельшкло» (пас. Касцюкоўка); узорыстае і арміраванае шкло, шклаблокі і бутэлькі з зялёнага і карычневага шкла — на ВРУП «Гродзенскі шклозавод» (764 тыс.м², 53,5 млн.шт. бутэлек, 2001). Высокамастацкія вырабы з хрусталю і шкла, сартавы посуд вырабляюць на РУП «Шклозавод «Нёман» (Лідскі р-н) і ВРУП «Барысаўскі хрусталёвы завод». Шкляную тару і гасп.-быт. вырабы выпускаюць шклозаводы: ААТ «Шкло-Глуша» (Бабруйскі р-н), ВРУП «Шклозавод Гута» (Пастаўскі р-н), СЗАТ «Шклозавод Ялізава» (Асіповіцкі р-н), ААТ «Шклозавод Залессе» (Вілейскі р-н); бутэлькі з бескаляровага шкла (15 найменняў, да 30% эксклюзіўная прадукцыя) — ЗАТ «БелЕўратара» (г. Ліда). Працуюць люстраныя фабрыкі ААТ «Мінская люстраная фабрыка», ААТ «Гомельская люстраная фабрыка» і ТАА «Люстэрка» (г. Бабруйск). Высакаякасную фарфора-фаянсавую прадукцыю і посуд выпускаюць ААТ «Мінскі фарфоравы завод» і ЗАТ «Добрушскі фарфоравы завод» (23 млн.шт., 2002), тэхнічны фарфор і вырабы з яго — філіял ААТ «Мінскі фарфоравы завод» (г. Клецк).
Патэнцыял галіны дазваляе поўнасцю забяспечыць патрэбы ўнутр. рынку. Прадукцыя ПБМК (цэмент, паліраванае і буд. шкло, керамічная глазураваная плітка, маст. вырабы з хрусталю, шкла і фарфору, лёгкія металічныя канструкцыі, порыстыя запаўняльнікі, дахавыя матэрыялы) экспартуюцца ў краіны СНГ, Нідэрланды, Італію, Францыю, Вялікабрытанію, ЗША, Германію, Польшчу, Славакію; важны гандлёвы партнёр — Расія (10% экспарту буд. матэрыялаў і паслуг).
Вытворчасць асноўных відаў прадукцыі прамысловасці будаўнічых матэрыялаў і канструкцый Рэспублікі Беларусь
1985
1990
1995
1996
1997
1998
1999
2000
2001
2002
2003
Цэмент, тыс.т
2119
2258
1235
1467
1876
2035
1998
1847
1803
2171
2472
Зборныя жалезабетонныя канструкцыі і вырабы, тыс.м³
6010
7424
1719
1370
1996
2130
1759
1424
1326
1363
1545
Будаўнічая цэгла, млн.шт. умоўнай цэглы
1997
2331
1109
1025
1149
1200
1013
827
798
889
789
Сценавыя буйныя бетонныя і сілікатныя блокі (у т. л. бетонныя блокі сцен падвалаў), млн.шт. умоўнай цэглы
309
672
173
182
151
192
202
139
99
86
94
Мяккія дахавыя матэрыялы і ізол, млн.м³
137
140
69
82
97
108
82
77
50
37
25
Азбестацэментныя лісты (шыфер), млн. умоўных плітак
369
451
138
150
223
195
182
142
123
124
113
Азбеставыя трубы і муфты, тыс.км умоўных труб
2,5
2,6
0,7
0,8
1,3
1,4
1,2
0,9
1,0
1,0
0,9
Вапна, тыс.т
928
1089
453
450
551
684
663
586
554
601
659
Нярудныя будаўнічыя матэрыялы, млн.м³
45,7
75,3
20,3
14,7
16,8
19,8
20,0
17,6
16,6
17,4
18,8
Керамічныя глазураваныя пліткі для ўнутранай абліцоўкі сцен з фасоннымі дэталямі, тыс.м²
3514
5496
6987
6467
7825
8108
8172
8884
10 651
10 679
11175
Лінолеум, тыс.м²
3728
5465
1969
1730
2289
2530
2098
991
345
337
242
Санітарныя керамічныя вырабы, тыс.шт.
73
621
434
552
587
591
479
600
452
566
647
Вапнавая і даламітавая мука, млн.т
5,3
5,6
2,0
2,0
2,7
2,3
1,5
1,5
1,7
1,9
2,1
Фарфора-фаянсавы посуд, млн.шт.
27
29
21
23
28
30
30
29
26
23
22
Беларускі цэментны завод у г. Касцюковічы.«Крычаўцэментнашыфер».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ра́са1 ’верхняе доўгае адзенне праваслаўнага духавенства’ (ТСБМ), сюды ж ра́сішча (ря́сище) ’падранае адзенне, лахманы’, pácce, ря́ссе ’транты, рыззё, зношанае адзенне’ (Нас., Мат. Маг., Юрч., ЛА, 5, Растарг.), ря́ска ’неахайная жанчына ў падранай вопратцы’ (хоцім., Янк. 2), ’зношаная адзежына’ (Юрч.); ст.-бел.рѧсы: рѧсы золотыи оучинимъ тобѣ (Альтбаўэр). Запазычана праз стараж.-рус. і ц.-слав.раса ’тс’ з с.-грэч.ράσον ’манашаскія шаты, убор’, н.-грэч.ρασο ’тс’; зыходнай формай лічыцца лац.rāsum (Фасмер, 3, 443–444, 538; БЕР, 6, 185). Формы з ‑я‑ (‑ѧ‑) другасныя, параўн. рус.ря́са ’убор святара, манаха’, укр.ря́са ’тс’, паводле Брукнера (6) з ням.Rasch ’грубая тканіна, камлот’; усходнебеларускія формы, магчыма, з’яўляюцца гіперычнымі (у мяккаэрых гаворках) або ўзніклі пад уплывам *ręsa ’махры; вісюлькі’ (гл. раса́2).
Ра́са2 ’групоўка людзей аднаго фізічнага тыпу’, ’парода’ (Некр. і Байк., ТСБМ). З ням.Rasse (праз польскую або рускую); зыходнай можа быць італ.razza ’тс’ і араб.raʼs ’галава, выток’ (Брукнер, 454; Фасмер, 3, 444; Сной₂, 602). Сюды ж расо́вы ’пародзісты, надзелены якасцямі добрай пароды’ (Скарбы), што з’яўляецца запазычаннем з польск.rasowy ’тс’.
Раса́1 ’вадзяныя кроплі на паверхні раслін’ (ТСБМ, Стан., Ласт., Сл. ПЗБ), pocа́ ’тс’ (ТС), расі́на ’капля расы; вельмі малая колькасць якой-небудзь вадкасці’ (Нас., Байк. і Некр., Ян.), расі́ца памянш. ’раса’ (Нас.), ро́ска ’капля вадкасці, якая выступае на саску ў каровы незадоўга перад цяленнем’ (ТС), параўн. ст.-бел.роса ’тс’ (Альтбаўэр), укр.роса́ ’раса’, рус.роса́ ’тс’, польск.rosa ’тс’, в.-луж., н.-луж.rosa ’тс’, чэш., славац.rosa ’тс’, ’пот’, ’сляза’, славен.rósa ’раса’, ’пот, сляза’, серб., харв.roòa ’раса’, балг.роса́ ’раса’, ’кропля поту’, макед.роса ’тс’, ст.-слав.роса ’тс’. Прасл.rosa, параўн. літ.rasa, лат.rasa ’тс’, ’дробны дождж’, грэч.δρόσος ’кропля расы’, ’вільгаць’, ст.-інд.rasā‑ ’сок раслінаў’, ’вільгаць’. Імаверна, аддзеяслоўная форма ад і.-е. асновы *res‑ ’цячы’ < *eres‑ ’тс’, параўн. хец.aršzi, ст.-інд.ársati ’тс’ (Міклашыч, 283; Фасмер, 3, 503; Скок, 3, 158; Бязлай, 3, 197; Шустар-Шэўц, 2, 1237; Глухак, 531; Сной, 545). Сюды ж раса́, роса́ ’пацёкі на вокнах’ (Сл. ПЗБ; чач., хойн., лельч., ЛА, 4) — метафарычны перанос, параўн. рус.пск.роса́ ’тс’, літ.rasóti ’пакрывацца расой’ і ’запацяваць (пра акно)’. Параўн. таксама як раса́ вісі́ць ’пра вялікую колькасць’ (Ян.).
Раса́2 ’жытняя кветка’ (Арх. Федар.): расуе жыта, што раса, калмаценька (дзятл., Сл. ПЗБ), ’цвіценне, красаванне’: расуе жыта, пускае расочкі — гэта раса (воран., Сл. ПЗБ), ре́сы ’парасткі на клубнях бульбы’ (драг., ЖНС), ра́сы ’махры, растрапаныя канцы, акраўкі’ (ТС), сюды ж расо́чка ’пылок кветкі жыта’ (Сл. ПЗБ), параўн. укр.ря́са ’каласок жыта ці аўса’, рус.дыял.ряса́, ря́са ’махры, кутасік’, польск.rzęsa ’вейка’, ст.-польск.rzęsa ’усялякія вісячыя ўпрыгожванні’, rząsa ’коцікі ляшчыны і альхі’, чэш.řasa ’вейка; складка (у тканіне)’, славац.riasa ’тс’, н.-луж.rěsa ’мужчынскія кветкі на вярбе, альсе, бярозе, што маюць форму завушніцы’, славен.resa ’асцюк; ніці, што вісяць па краі адзення’, серб.-харв.ре́а ’кіціца; махры, кутасік’, балг.реса̀ ’тычынка, суквецце арэха, ляшчыны, вярбы; фрэнзлік, кутасік’, макед.реси мн. л. ’водарасці (у Охрыдскім возеры)’. Ад прасл.*ręsa, што хутчэй за ўсё з *ręd‑sa < *ręd‑ (Фасмер, 3, 538; Бязлай, 3, 173; Сной, 534; Глухак, 525), роднаснага да *ręditi ’упрыгожваць’, ’нанізваць’, параўн. рус.наряжать, наряд, рядить. Іншыя версіі гл. Махэк₂, 529 (< *rępsáti ад кораня *ręp‑ ’драць, трапаць, згібаць’), Скок, 3, 131 (няпэўнае параўнанне з ст.-інд.raçana ’папружка, рэмень’, прапанаванага раней Младэнавым, 560). Няяснымі застаюцца адносіны да краса, красаванне ’цвіценне злакавых раслін’ (гл.). Спробы вытлумачыць семантычную эвалюцыю ад *krasa ’росквіт жыцця’ да *krasa > rasa ’кветка раслін’ не ўлічваюць розную якасць *r‑ (непалаталізаваны/палаталізаваны). Параўнанне краса ’ўпрыгожванне, паляпшэнне свайго выгляду, выстаўленне сябе на агляд’ і краса́, раса́ ’квітненне злакавых’, што супастаўляюцца з паралельнымі формамі з семантыкай ’выхваленне, праслаўленне, хвальба’ — ісл.hrosa ’хваліць, хваліцца’, hroesni ’хвальба, ліслівасць’, нарв.rose ’тс’, нарв.дыял.rösen ’статны, заўважны, відны’, швед.rosa ’праслаўляць’ (Общ. лекс., 144–146), не пераконваюць. Можна канстатаваць адваротнае развіццё раска > краска, падобна як сустракаецца пераасэнсаванне ветка > кветка і наадварот (Станкевіч, Зб. тв. 1, 442–443): арш.кветка аўсу, квяцісты авёс / гродз.ветка аўсу, вяцісты авёс, параўн. адарві кветку кляновую (Нас.). Гл. расаваць.
Раса́3 ’абрадавы выхад (святкаванне з рытуальнымі дзеяннямі і пачастункам) у поле на веснавога Юр’я’ (мін., Доўн.-Зап. 1), расу́ таптаць (Шлюб.), хадзіць на ро́су (лях., Архіў БЭЛА), росу трусыты/тэрусіць/гнать ’тс’ (пін., Агапкіна, Основы), Rasa ’Купанне’ (Федар. 1). Семантычная кандэнсацыя словазлучэнняў тыпу (ісці, пайсці, выйсці, хадзіць і пад.) на/у расу з далейшым пераасэнсаваннем назоўніка як каляндарнага тэрміна сферы традыцыйнай культуры. Параўн. рус.зах.роса́ ’свята Івана Купалы’ (Даль), калін.ро́сы мн. л. ’касьба раніцой або ўвечары’, уладз.па ро́су пойти ’пайсці на сенакос’. Да раса1 (гл.). Гл. Бел. міф., 424–426; Агапкіна, Основы, 417–418.
Раса́4: расы́ няма на яго ’пажаданне няшчасця’ (Ян.). Верагодна, аддалена звязана з народнымі ўяўленнямі аб расе як шкоднай вадкасці (амбівалентнымі звычайным пазітыўным, жыццядайным), якая набывае такія ўласцівасці пад чароўным уздзеяннем. Таксама імавернай падаецца метафарычная замена: (хваробны, смяротны) пот → раса. Параўн. рус.дыял.медвяная роса́ ’хвароба раслін, пры якой яны пакрываюцца саладкаватай жыжкай’, варонеж.ро́сный ’заражаны мучністай расой ці грыбковымі хваробамі (аб раслінах)’, а таксама укр.перегна́ти на ро́су (каго) ’даць каму-небудзь; выцяць’. Да раса1 (гл.). Гл. Бел. міф., 424. Параўн. росісць ’нешта дрэннае’: шоб вас поела росісць (ТС), гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
КАЛМЫ́КІЯ, Рэспубліка Калмыкія,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 76,1 тыс.км². Нас. 319 тыс.чал. (1996), гарадскога 39%. Сярэдняя шчыльнасць 4,2 чал. на 1 км². Жывуць калмыкі (45,4%), рускія (37,7%), даргінцы (4%), чэчэнцы (2,6%), казахі (1,9%), немцы (1,7%) і інш. Сталіца — г.Эліста. Гарады: Лагань, Гарадавікоўск.
Прырода. К. займае ч. Прыкаспійскай нізіны (Чорныя землі на Пд і Сарпінская нізіна на Пн). На Зўзв. Ергені (выш. да 221 м), на ПдЗ Кума-Маныцкая ўпадзіна. Паверхня раўнінная, нахіленая да Каспійскага м., узровень якога ў апошні час павышаецца, што прыводзіць да падтаплення нізінных участкаў. Карысныя выкапні: прыродны газ і нафта, кухонная і глаўберава солі, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны з гарачым сухім летам і маласнежнай зімой. Сярэдняя т-растудз. ад -5 — -8 °C, ліп. 23—26 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 170 мм на ПдУ да 400 мм на ПнЗ. Паверхневых вод мала. Рэкі, што сцякаюць з Ергенёў, летам перасыхаюць. На мяжы з Дагестанам р. Кума, якая выкарыстоўваецца на арашэнне. Шмат мелкаводных салёных азёр (Сарпінскія, Маныч-Гудзіла і інш.) і ліманаў. Чаграйскае вадасховішча. Глебы на Пн светла-каштанавыя, на З каштанавыя, на У і ПдУ бурыя паўпустынныя з саланцамі і саланчакамі чаргуюцца з масівамі пяскоў, што развяваюцца. Расліннасць злакавая (кавыльна-ціпчаковая), злакава-палынная і палынная; у лагчынах Ергенёў растуць вярба, асіна, вяз. На берагах азёр і мелкаводдзяў Каспійскага м. зараснікі трыснягу. З млекакормячых характэрны грызуны, з буйных капытных — сайгакі.
Гісторыя. Тэр. К. заселена з эпохі палеаліту. У 7—5 ст. да н.э. тут і на суседніх землях жылі скіфы, у 4 ст. да н.э. — 6 ст.н. э. — аланы і сарматы. З сярэдзіны 7 ст.тэр. Ніжняга Паволжа ўвайшла ў Хазарскі каганат, з сярэдзіны 11 ст. — ч. тэрыторыі полаўцаў, з 1240-х г. — у складзе Залатой Арды, пасля яе распаду ў 1460-я г. — Астраханскага ханства, якое ў 1566 далучана да Расіі. У пач. 17 ст. ў міжрэчча Урала, Волгі і Дона прыйшлі айраты (продкі калмыкаў), выхадцы з Цэнтр Азіі, што раней жылі ў Джунгарыі і займаліся качавой жывёлагадоўляй. У 17 ст. сярод калмыкаў пашырыўся ламаізм. Пад націскам феадалаў Кітая, Манголіі і каз. ханаў калмыкі адкачавалі да ніжняга Дона і Волгі і ў 2-й пал. 17 ст. ўтварылі тут Калм. ханства. У 1608—09 ч.феад. аб’яднанняў айратаў прыняла рас. падданства і пачала качаваць у раёнах Паўд. і Зах. Сібіры. Іншыя феад. аб’яднанні калмыкаў увайшлі ў Рас. дзяржаву ў 17—18 ст. Калмыкі ўдзельнічалі ў сял. войнах пад кіраўніцтвам С.Ц.Разіна і Е.І.Пугачова. У 1771 з-за ўціску царскай адміністрацыі большасць калмыкаў адкачавала ў Кігай, астатнія (каля 13 тыс. сямей) перайшлі ў падпарадкаванне Астраханскага губ. кіравання. У 2-й пал. 18 ст. царскі ўрад перасяліў ч. калмыкаў на рэкі Урал, Церак і Куму. У канцы 18 ст. невял. іх колькасць, што жыла на Доне, залічана ў казацкае саслоўе Вобласці войска Данскога. У 1861 Вялікадэрбетаўскі улус перададзены з Астраханскай у Стаўрапольскую губ.Адм.-тэр. расчляненне калм. народа прыпыніла працэс яго нац. кансалідацыі. Да 1917 у К. панаваў феад.-патрыярхальны ўклад жыцця. У лют. — сак. 1918 устаноўлена сав. ўлада. У 1919 — пач. 1920 большая ч. К. захоплена войскамі ген. А.І.Дзянікіна.
4.11.1920 утворана Калм.аўт.вобл. у складзе РСФСР, з 1935 — Калм. АССР. У 1921—23 шмат калмыкаў загінула ў выніку голаду. У Айч. вайну ч. К. акупіравана ням.-фаш. войскамі (жн. 1942 — студз. 1943). У 1943 калм. насельніцтва абвінавачана ў супрацоўніцтве з акупантамі і дэпартавана ў Сібір, ліквідавана аўтаномія калмыкаў (адноўлена ў 1957). У кастр. 1990 Вярх. Савет К. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце, у вер. 1991 уведзена пасада прэзідэнта, у лют. 1992 прынята назва Рэспубліка К. У сак. 1992 падпісаны федэральны дагавор з Рас. Федэрацыяй.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці (паводле аб’ёму прадукцыі, што вырабляецца): электраэнергетыка, харч., паліўная, буд. матэрыялаў, машынабудаванне і металаапрацоўка, мукамольна-крупяная, лёгкая, дрэваапрацоўчая. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млн.кВт-гадз (1995). У харч. прам-сці (22% прамысл. прадукцыі) вылучаюцца мясная, малочная, кансервавая, рыбная, хлебапякарная. Асн. прадпрыемствы: мясакамбінаты (Эліста, Гарадавікоўск, Лагань), маслазаводы (Эліста, Гарадавікоўск, Яшалта), рыбныя (Лагань, Яшалта). Развіваецца нафтавая і газавая прам-сць. Здабыча нафты (уключаючы газавы кандэнсат) — 339 тыс.т (1996). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі: керамзітавым, цагельным, жалезабетонных вырабаў, домабуд. камбінатам, кар’ерамі па здабычы бутавага каменю. Ёсць машынабуд. з-ды (Эліста, Лагань) і прадпрыемствы па абслугоўванні рыбалавецкага флоту (Лагань). Прадпрыемствы лёгкай (швейная і трыкат. ф-кі) і дрэваапр. (мэблевая ф-ка) прам-сці ў Элісце. Нар.маст. промыслы (разьба і размалёўка па дрэве, цісненне скур, вышыўка, аздабленне сярэбраных вырабаў чаканкай, гравіроўкай, чэрню). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на танкаруннай авечкагадоўлі і мясной жывёлагадоўлі. Выкарыстоўваюцца ў асноўным пашавыя ўгоддзі (каля 70% с.-г. зямель). На Чорных землях, дзе снегу амаль не бывае, авечак пасуць і зімой. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (калмыцкая парода). Вытв-сць мяса 36 тыс.т, настрыг воўны 5,7 тыс.т (1995). Вярблюдагадоўля. Земляробства больш развіта на З і ПнЗ. Ворныя землі займаюць каля 1 млн.га. Сеюць збожжавыя (пшаніцу), тэхн. (сланечнік), агароднінна-бахчавыя, кармавыя культуры. Збор (тыс.т, 1995) збожжавых —287, сланечніку — 24. Праводзіцца арашэнне і абвадненне зямель. Чорназямельская, Праваегарлыкская, Сарпінская, Аршань-Зельменская і інш. абвадняльна-арашальныя сістэмы. Асн. роля ва ўнутр. перавозках належыць аўтамаб. транспарту. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2,8 тыс.км (1996). Гал. аўтадарогі Стаўрапаль—Эліста—Астрахань, Эліста—Валгаград; чыгункі Астрахань—Кізляр, Эліста—Светлаград. Паветр. транспарт (аэрапорт у г. Эліста). Экспарт (24,8 млрд.руб., 1994): мяса, воўна, скура, кансервы, нафта і інш. Імпарт (28,3 млрд.руб., 1995): метал, машыны, абсталяванне і інш.
Літаратура. Узнікла на базе вуснай нар. творчасці (паданні, легенды, песні, гераічны эпас «Джангар»), а таксама зазнала ўплыў культур Манголіі, Тыбета, Індыі. Да стварэння ў 17 ст.калм. пісьменства калмыкі карысталіся агульнаманг. алфавітам, мелі агульную з манголамі л-ру. У 17 ст. зарадзілася ўласна калм.л-ра («Месяцавае святло» і інш.). У 19 — пач. 20 ст. з’явіліся вольналюбівыя вершы Анчхана Джыргала, паэзія Баавана Бадмы (сатыр. паэма «Улагоджванне слыху»). Развіццё л-ры, пераважна паэзіі, у 1920—30-я г. звязана з імёнамі Х.Канукава, Н.Манджыева. Першыя празаічныя творы належаць Манджыеву (апавяданні), А.Амур-Санану (аповесці «Мудрошкін сын», «У стэпе»). У л-ру прыйшлі Б.Басангаў (аповесць «Праўда мінулых гадоў», п’есы), К.Эрэнджэнаў (вершы, паэмы), С.Каляеў (вершы, паэмы), Х.Сян-Белгін (героіка-драм. паэма «Змагар-сірата»; вершы, апавяданні, нарысы), паэты А.Сусееў, Л.Інджыеў, Д.Кугульцінаў, Б.Джымбінаў, драматург Б.Эрдніеў і інш. У творах асэнсоўванне гіст. мінулага, адлюстраванне тагачасных падзей у жыцці калм. народа. У Вял.Айч. вайну найб. пашыраны вершы, апавяданні, публіцыстыка. Для л-ры апошніх дзесяцігоддзяў характэрны маральна-этычная праблематыка, тэмы мінулай вайны, стваральнай працы: паэзія Б.Сангаджыевай (першая паэтэса-калмычка), М.Ханінава, М.Нармаева, Каляева, Кугульцінава, Сусеева, Эрэнджэнава; раманы і аповесці Б.Дарджыева, Інджыева, А.Балакаева, Эрэнджэнава, п’есы Эрдніева і інш. Развіваецца таксама дзіцячая л-ра. У перакладзе на калм. мову выдадзены творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, М.Танка, А.Пысіна. На бел. мову перакладзены асобныя творы Кугульцінава, Ханінава, Джымбінава (перакладалі А.Звонак, Р.Барадулін, А.Грачанікаў, М.Чарняўскі, Ю.Свірка, Броўка, М.Танк, Пысін, С.Грахоўскі, М.Аўрамчык, К.Камейша, Г.Бураўкін, І.Калеснік).
Архітэктура і мастацтва. У 17—19 ст. жыллём калмыкаў-качэўнікаў служыла зборна-разборнае жытло (гер) з рашотчатым каркасам, накрытым лямцам. З пашырэннем ламаізму будавалі манастыры-хурулы — комплексы першапачаткова лямцавых, потым драўляных, з канца 19 ст. цагляных і каменных будынкаў. Гал. храм, звычайна 2—3-ярусны, пірамідальны, меў увянчаны вежай высокі цэнтр. аб’ём, які аздабляўся разьбой, размалёўкай, бронз. скульптурай, абразамі. Нар. мастацтва склалася ва ўмовах качавога побыту. Драўляныя часткі юртаў, мэблю, хатняе начынне ўпрыгожвалі разьбой і размалёўкай, якія стваралі ўражанне аб’ёмнасці ўзору. Цісненнем (раслінныя матывы, салярныя знакі, матывы рагоў) аздаблялі вырабы са скуры, вышыўкай і аплікацыяй — з лямцу, а таксама жаночае адзенне (залатыя і сярэбраныя ніткі з каляровай воўны, тасьмой, часам бісерам). Вырабы з серабра ўпрыгожвалі чэрню, гравіроўкай, чаканкай. У 18—19 ст., пад уплывам тыбета-манг. традыцый у выяўл. мастацтве пераважалі іканапіс і дрэварытнае друкаванне кніг і абразоў. За межамі К. працавалі графік Ф.Калмык і жывапісец А.Ягораў. У 20 ст. архітэктура развівалася ў агульнасавецкім рэчышчы. Сярод архітэктараў: Дж. і М.Пюрвеевы, В.Цялегін, В.Савельеў і інш. Развіваецца выяўл. мастацтва (жывапісцы К.Альдаеў, Г.Ракчынскі, тэатр. мастак Дз.Сычоў, графік Б.Данільчанка, скульптар М.Санджыеў і інш.).
Музыка. Да пач. 1920-х г.нар.муз. творчасць калмыкаў існавала ў вуснай традыцыі. Сярод гіст., прац., абрадавых, эпічных і лірычных песень і прыпевак вылучаліся працяжныя песні ут дун без суправаджэння з уласцівымі ім імправізацыйнасцю, багатай мелізматыкай, глісандаваннем, рытмічнай свабодай; кароткія песні ахр дун з акампанементам дамбры, адметныя меладычнасцю і дакладным рытмам, а таксама песні-танцы, песні-жарты келдг білдж дун, бліз кія да прыпевак. Асаблівае месца займаў эпас «Джангар», які выконвалі спевакі-джангарчы ў рэчытатыўнай манеры. Ладавая аснова нар. музыкі К. — дыятоніка, трапляюцца і элементы пентатонікі. Нар. танцы К. строга дыферэнцаваны: мужчынскія — хуткія, тэмпераментныя, жаночыя — лірычныя і павольныя. Сярод нар. інструментаў: струнна-смычковы хур, струнна-шчыпковая дамбра, духавыя бічкюр, гангдн, бюра, ухр-бюра, дунг, ударныя цанг, арамбру, кенкерге, каранг, хонха, з пач. 20 ст. і гармонік. У пач. 1920-х г. зарадзілася маст. самадзейнасць. Пачаліся збіранне і апрацоўка нар. песень. У 1930-я г. на аснове нац.муз. фальклору створаны першыя сімф. творы (В.Гайгерава, А.Спадавекія). Першы прафес. кампазітар — П.Чанкушоў (балет «Жывая вада», 1979; творы розных жанраў). Працуюць: ансамбль песні і танца «Цюльпан» (з 1937) з аркестрам нар. інструментаў (з 1970), філармонія (з 1939), муз. вучылішча (Эліста, з 1960), дзіцячыя муз. шкалы.
Літ.:
Очерки истории Калмыцкой АССР. [Т. 1—2.] М., 1967—70;
История калмыцкой литературы. Т. 1—2. Элиста, 1980—81;
Тритуз М.Л. Музыкальная культура Калмыцкой АССР. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1905—07 У РАСІ́І,
першая расійская рэвалюцыя; няўдалая спроба змены дзярж. ладу. Выклікана рэзкім абвастрэннем эканам. і сац.-паліт. становішча ў сувязі з руска-японскай вайной 1904—05. Пачалася з расстрэлу рабочай дэманстрацыі ў Пецярбургу 9(22).1.1905 (гл.«Крывавая нядзеля»). Выступленні салідарнасці з рабочымі сталіцы ахапілі ўсю краіну. У студз.—сак. 1905 баставалі 810 тыс.прамысл. рабочых — у 2 разы болей, чым за 10 папярэдніх гадоў. У многіх месцах забастоўкі і дэманстрацыі суправаджаліся сутыкненнямі з войскамі і паліцыяй. Барацьба разгортвалася пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Далоў вайну!», «Няхай жыве рэвалюцыя!». Вырасла папулярнасць левых партый (Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.). У крас. 1905 на III з’ездзе РСДРПбальшавікі ахарактарызавалі рэвалюцыю, як бурж.-дэмакратычную і пралетарскую. Буржуазію яны лічылі няздольнай узначаліць рэв. барацьбу, таму адзіным саюзнікам пралетарыяту, на іх думку, было сялянства, што змагалася за зямлю. Бальшавікі заклікалі шляхам арганізацыі ўзбр. паўстання скінуць самадзяржаўе і ўстанавіць уладу часовага рэв. ўрада, органа пралетарыяту і сялянства, да склікання Устаноўчага сходу. Меншавікі (правае крыло РСДРП) склікалі асобную канферэнцыю, на якой вызначылі, што рэвалюцыя з’яўляецца і паводле характару, і паводле рухаючых сіл буржуазнай. З гэтага вынікала, што гал. задачай рэвалюцыі з’яўляецца пераход улады да буржуазіі і стварэнне ў Расіі парламенцкай рэспублікі. На працягу 1905 рэвалюцыя развівалася па ўзыходнай лініі. Яе вясенне-летні ўздым пачаўся масавымі першамайскімі забастоўкамі рабочых (220 тыс. удзельнікаў). Свята Першае мая адзначалася ў 200 гарадах. Больш за 2 месяцы баставалі рабочыя г. Іванава-Вазнясенск, дзе для кіраўніцтва выступленнем быў створаны першы Савет упаўнаважаных дэпутатаў (правобраз Саветаў рабочых дэпутатаў). Буйная падзея рэвалюцыі — паўстанне каманды браняносца «Пацёмкін» на Чорным м. (чэрв.—ліп. 1905) — першая спроба стварэння ядра рэв.ўзбр. сіл. Амаль адначасова адбылося паўстанне маракоў на Балтыцы ў Лібаве (Ліепаі). Усяго летам 1905 адбылося больш за 10 выступленняў у арміі і на флоце. Крыху пазней пачаў разгортвацца сял. рух, у якім пераважным уплывам карысталіся сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры). Па іх ініцыятыве ў жн. 1905 у Расіі ўзнікла першая масавая арг-цыя сялян — Усерасійскі сялянскі саюз, які выступаў за мірныя метады барацьбы (перагаворы, петыцыі). Разам з тым эсэры актыўна выкарыстоўвалі ў барацьбе з царскімі ўладамі тактыку індывід. тэрору. Летам 1905 толькі ў Еўрап. Расіі адбылося больш за 900 сял. выступленняў. Напалоханы размахам рэвалюцыі ўрад 19.8.1905 апублікаваў маніфест аб скліканні законадарадчай думы. Аднак гэты праект не задаволіў не толькі рэв. лагер, але і лібералаў, і не быў ажыццёўлены. Восень 1905 характарызавалася далейшым нарастаннем рэв. выступленняў. У пач.кастр. 1905 у Маскве забаставалі рабочыя Гал. майстэрань Казанскай чыгункі, хутка да іх далучыліся практычна ўсе чыгункі Маскоўскага вузла. Гэтыя падзеі сталі пачаткам Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905 (каля 2 млн. удзельнікаў), якая праходзіла пад заклікамі дэмакр. свабод і склікання Устаноўчага сходу і фактычна паралізавала эканам. жыццё краіны. Да рабочых далучыліся служачыя і дробная буржуазія. Ствараліся Саветы рабочых дэпутатаў. Ва ўрадавым лагеры адчувалася збянтэжанасць. Войскі неахвотна выконвалі навязаныя ім паліцэйскія функцыі па задушэнні нар. незадавальнення. Найб. кансерватыўныя сілы ў акружэнні цара Мікалая II заклікалі ўжыць жорсткія меры, больш дальнабачныя прапаноўвалі пайсці на пэўныя ўступкі. Ў выніку гэтых ваганняў цар падпісаў Маніфест 17 кастрычніка 1905 (30.10 па н.ст.) «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку», у якім дэкларавалася ўвядзенне дэмакр. свабод і скліканне Дзяржаўнай думы з заканад. функцыямі. Для рас. лібералаў абнародаванне маніфеста азначала перамогу і адначасова канец рэвалюцыі. Іх мэты былі дасягнуты. Рас. буржуазія і дваранства пачалі ствараць партыі на легальнай аснове. Былі арганізаваны партыя буйной буржуазіі і капіталіст. арыентаваных памешчыкаў — Саюз 17 кастрычніка (гл.Акцябрысты), партыя ліберальнай буржуазіі — Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя (кадэты). Нягледзячы на істотныя разыходжанні ў праграмах, акцябрысты і кадэты былі адзіныя ў імкненні ператварыць Расію ў канстытуцыйную манархію. Акрамя буржуазных кансалідаваліся і крайне правыя (чарнасоценныя) партыі, сац. базай якіх было памеснае дваранства, духавенства і найб. цёмныя нізы горада і вёскі, пранізаныя манархісцкім і нацыяналіст. духам. Найб. масавым быў створаны ў ліст. 1905 Саюз рускага народа. Маніфест 17 кастр. не спыніў напалу рэв. барацьбы. Увосень 1905 актывізавалася сялянства, у ліст.Сял. саюз абвясціў аб далучэнні да ўсеагульнай забастоўкі. Сяляне патрабавалі раздзелу памешчыцкай зямлі. Рэвалюцыянізацыя сялянства адбівалася на настроях у арміі і на флоце, бо большасць салдат і маракоў былі выхадцамі з сялян. Найб. грамадскі рэзананс мела Севастопальскае паўстанне 1905. Адным з найб. вострых пытанняў рэвалюцыі было нацыянальнае. Русіфікатарская палітыка самадзяржаўя прывяла да ўздыму нац.-вызв. барацьбы ў імперыі. У Фінляндыі. Польшчы, Прыбалтыцы, Закаўказзі, Украіне народы патрабавалі ўраўнавання ў правах, магчымасці атрымліваць адукацыю на роднай мове, развіваць нац. культуру. Адбываўся працэс стварэння нац.паліт. партый. Кульмінацыяй рэвалюцыі стала Снежаньская ўсерасійская палітычная стачка 1905, якая перарасла ва ўзбр. паўстанні ў Маскве і многіх гарадах поўдня Расіі, Урала, Сібіры, Украіны. Усе яны былі жорстка задушаны войскамі і паліцыяй, якім не маглі процістаяць рабочыя з іх тактыкай барыкадных баёў. Пачаўся паступовы спад рэвалюцыі, хоць часам хвалі рабочых, сялянскіх, салдацкіх і матроскіх выступленняў (Свеаборгскае паўстанне 1906, Кранштацкае паўстанне 1906 і інш.) узнімаліся даволі высока. На апошнім этапе рэвалюцыі (1906—07) у сувязі з узмацненнем урадавага тэрору паліт. барацьба ў значнай ступені перамясцілася ў Дзярж. думу, у 1-м (10.5—21.7.1906) і 2-м (5.3—15.6.1907) складах якой існавала лева-ліберальная большасць (кадэты, трудавікі, нар. сацыялісты, сацыял-дэмакраты і інш.), шырока абмяркоўваліся пытанні аграрнай рэформы. У той жа час спробу рэфармавання краіны пачаў старшыня Савета міністраў П.А.Сталыпін. Аднак амаль усе прапанаваныя ім законапраекты былі правалены Думай і царскім акружэннем, якое бачыла ў Сталыпіне «разбуральніка асноў». Рэфармаванне краіны «зверху» зноў пацярпела няўдачу, што ў канчатковым выніку прадвызначыла рэвалюцыю 1917. Канцом рэвалюцыі 1905—07 лічыцца «трэцячэрвеньскі пераварот» 1907 (16.6 па н.ст.), калі царызм распусціў 2-ю Дзярж. думу. Прыняты урадам новы выбарчы закон істотна абмежаваў выбарчыя правы працоўных. Усталявалася «трэцячэрвеньская манархія», якая, нягледзячы на свой кансерватыўны характар, была новым у параўнанні з дарэв. часам этапам развіцця рас. дзяржаўнасці (спалучала элементы ранейшага самадзяржаўя і бурж. парламенцкай манархіі).
На Беларусі Р. 1905—07 пачалася ў студз. 1905 выступленнямі салідарнасці з рабочымі Пецярбурга, якія ахапілі 31 горад і мястэчка, у т. л. Мінск. Віцебск, Магілёў, Гродна, Брэст, Смаргонь, Мазыр, Полацк, Слонім. У канцы студз. — пач.лют. праходзілі масавыя эканам. забастоўкі асобных прадпрыемстваў і цэлых галін прам-сці. Рабочыя дамагліся скарачэння рабочага дня да 9—10, а часам нават да 8 гадзін, прыкметнага павышэння заробкаў і інш. уступак. Нярэдка эканам. забастоўкі суправаджаліся антыўрадавымі маніфестацыямі. Пад уплывам паліт. выступлення рабочых пачалі абуджацца дэмакр. пласты гар. насельніцтва, вучнёўская моладзь. Свята Першага мая паўсюдна на Беларусі адзначана 18 крас. (па ст.) стачкамі, дэманстрацыямі і сходамі пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!». Падзеі летам 1905 на Беларусі прадэманстравалі непарыўную сувязь барацьбы мясц. пралетарыяту з агульнарас. рэв. рухам. Летні уздым барацьбы ў краі быў выкліканы крывавымі расправамі царскіх улад над рабочымі Лодзі, Варшавы, Адэсы, Іванава-Вазнясенска, а таксама паўгадавінай пачатку рэвалюцыі. У чэрв.-ліпені выступленні салідарнасці адбыліся ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Барысаве, Оршы, Смаргоні, Копысі. У Талачыне і Ашмянах мелі месца ўзбр. дэманстрацыі. Усяго ў крас.—чэрвені паліт. выступленні рабочых адбыліся ў 56 гарадах і мястэчках Беларусі. Пад уздзеяннем рабочага руху пачаўся масавы рэв. рух сялян, накіраваны супраць памешчыкаў і мясц. адміністрацыі. Калі ў студз.—сакавіку 1905 на Беларусі адбылося 53, то ў крас.—чэрвені — 237 сял. выступленняў. У чэрв. адбылася агульная забастоўка сялян-падзёншчыкаў і парабкаў Навагрудскага павета. На працягу лета 1905 падобныя забастоўкі ахапілі Мінскі, Гродзенскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Ваўкавыскі, Слуцкі і Рэчыцкі пав. Гэта была новая для вёскі форма барацьбы, якая пашыралася пад уплывам агітацыі мясц. арг-цый рэв. партый — РСДРП, эсэраў, Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), Бунда. Кіравалі гэтымі выступленнямі выбарныя сял. к-ты, якія рыхтавалі патрабаванні да памешчыкаў і вялі перагаворы з імі. Памешчыкі вымушаны былі пайсці на ўступкі — павысіць плату сялянам-падзёншчыкам і парабкам. Летам 1905 адбыліся хваляванні салдат у Мінску і Віцебску. У жн. 1905 паўсюдна на Беларусі прайшлі мітынгі і дэманстрацыі пратэсту супраць спробы царызму падмануць народ шляхам склікання дарадчай Дзярж. думы. У кастр. 1905 Беларусь, як і ўся краіна, была ахоплена кастр.усерас.паліт. стачкай, якая прымусіла царызм да выдання Маніфеста 17 кастр. з абяцаннем дэмакр. свабод. Паліт. рух працоўных у гэты час адбываўся ў 53 бел. гарадах і мястэчках. Ужо пасля абвяшчэння Маніфеста былі расстраляны мітынгі ў Віцебску і Мінску (гл.Курлоўскі расстрэл 1905), адбыліся сутычкі з паліцыяй у Полацку і Смаргоні, яўрэйскія пагромы ў Гомелі, Рэчыцы, Оршы. На Беларусі дзейнічалі аддзяленні Саюза рускага народа, акцябрыстаў, кадэтаў. Паліт. платформу кадэтаў падтрымлівала Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі. Небывалага размаху дасягнула дзейнасць партый рэв.-дэмакр. лагера — РСДРП, Бунда, эсэраў, БСГ, Польскай сацыялістычнай партыі. Іх нізавыя арг-цыі выйшлі з падполля і дзейнічалі амаль адкрыта — праводзілі мітынгі і сходы, выдавалі газеты і лістоўкі, кіравалі стачкамі рабочых, выступленнямі сялян і вайскоўцаў. Пад уплывам кастр. падзей колькасцьсял. выступленняў вырасла з 17 у вер. да 154 у ліст. (у 9 разоў); у снеж. іх было 286. Пачасціліся выпадкі разгромаў і падпалаў памешчыцкіх маёнткаў. У Горацкім, Клімавіцкім і Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ.сял. рух набыў характар узбр. паўстання. Сур’ёзныя хваляванні адбываліся ў войску. У Гродне ад падпарадкавання камандаванню адмовілася артыл. брыгада, у ліст. 1905 адбыліся Бабруйскае выступленне салдат 1905, Баранавіцкае выступленне рабочых і салдат 1905, Брэсцкія выступленні Салдат 1905—07 і інш. У час Снеж.усерас.паліт. стачкі 1905 рэв. выступленні адбыліся ў 28 гарадах і мястэчках Беларусі (усе задушаны ўзбр. сілай). Нягледзячы на ваен.-паліцэйскі тэрор, узровень рэв. руху на Беларусі ў студз. 1906 заставаўся даволі высокім: рабочыя 13 гарадоў стачкамі адзначылі гадавіну рэвалюцыі, сял. рух у студз. выліўся ў 135 выступленняў, першамайскія забастоўкі 1906 адбыліся ў 40 населеных пунктах. Адначасова з паліт. узмацняўся і эканам. рух рабочых, у якім усё большую ролю адыгрывалі прафес. саюзы, легалізаваныя ў час рэвалюцыі. Удзельная вага паліт. выступленняў бел. сялян летам 1906 перасягнула паказчыкі 1905. Пасля роспуску 1-й Дзярж. думы (ліп. 1906) урад ва ўнутр. палітыцы перайшоў да адкрытага ваен. тэрору. У такіх умовах рэв. сілы на Беларусі, як і паўсюдна ў Расіі, пачалі адступаць. Колькасць рабочых і сял. выступленняў паступова змяншалася. Партыі інтэлігенцыі і буржуазіі канчаткова перанеслі сваю дзейнасць у Думу.
Літ.:
Первая русская революция и ее историческое значение. М., 1975;
Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.
У.Г.Філякоў.
Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Браняносец «Пацёмкін», які паўстаў, у Адэскім порце. Чэрвень 1905.Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Дэманстрацыя рабочых у Смаргоні. Кастрычнік 1905.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЯ́НЕ,
найбуйнейшая ў Еўропе група народаў, аб’яднаная блізкасцю моў і агульнасцю паходжання. Размаўляюць на мовах слав. групы (гл.Славянскія мовы) індаеўрапейскіх моў. Падзяляюцца на 3 групы: усходнія (беларусы, рускія, украінцы), заходнія (палякі, чэхі, славакі, лужычане) і паўднёвыя (балгары, сербы, славенцы, харваты, чарнагорцы, баснійцы-мусульмане, македонцы). Складаюць асн. частку насельніцтва Балгарыі, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Македоніі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі, Чэхіі, Югаславіі; жывуць і ў Германіі. Агульная колькасцьслав. народаў — каля 300 млн.чал. (сярэдзіна 1990-х г.).
Гісторыю стараж. С. вывучаюць паводле археал., антрапалагічных, лінгвістычных і этнаграфічных даных, звестак стараж.-грэчаскіх, рымскіх і візантыйскіх гісторыкаў (Пліній Старэйшы, Тацыт, Пталамей, Іардан, Пракопій і інш.), раннесярэдневяковых летапісаў і хронік. Найб. старажытныя гіст. звесткі пра С., вядомых тады пад імем венедаў, адносяцца да 1—2 ст.н.э. З сярэдзіны 6 ст. найменне «С.» неаднаразова сустракаецца ў працах Пракопія, Іардана і інш. Этнонім «С.» выводзяць ад «слова» (г. зн. «славяне» — «тыя, хто разумее словы, мову», у адрозненне ад «нямых» — немцаў).
Звесткі мовазнаўства, у т. л. гідранімікі, звязваюць стараж. С. з шырокай вобласцю Цэнтр. і Усх. Еўропы, ад Эльбы і Одэра на З, у басейне Віслы, у Верхнім Паднястроўі і да Сярэдняга Падняпроўя на У. Паўн. іх суседзямі былі германцы і балты, якія разам са С. складалі паўн. групу індаеўрапейскіх плямён; усх. суседзямі — зах.-іранскія плямёны (скіфы, сарматы), паўднёвымі — фракійцы і ілірыйцы, заходнімі — кельты. Пытанне пра найстаражытнейшую «прарадзіму» С. застаецца дыскусійным.
Паводле меркавання многіх археолагаў, стараж. С., таксама як і германцы і балты, былі нашчадкамі жывёлагадоўча-земляробчых плямён шнуравой керамікі культуры, што на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н.э. з Паўн. Прычарнамор’я і Прыкарпацця рассяліліся па Цэнтр., Паўн. і Усх. Еўропе. У наступныя часы даследчыкі прасочваюць С. сярод носьбітаў некалькіх генетычна звязаных археал. культур, у т. л. тшцінецкай культуры (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.), пашыранай паміж Віслай і Сярэднім Дняпром, лужыцкай культуры (15—4 ст. да н.э.) і паморскай культуры (7—2 ст. да н.э.) на тэр. Польшчы, зах. раёнаў Беларусі і Украіны. Некаторыя археолагі лічаць праславянамі носьбітаў чарналескай культуры (10—7 ст. да н.э.) у Падняпроўі, неўраў і скіфаў-земляробаў (паводле Герадота). Існуе меркаванне пра сувязь са С. мілаградскай культуры (7—3 ст. да н.э.) і зарубінецкай культуры, якая існавала з канца 1-га тыс. да н.э. на Прыпяці і ў Сярэднім Падняпроўі; яе пераемніцу кіеўскую культуру (2—5 ст.н.э.) звязваюць з продкамі ўсх. славян.
У 2—4 ст.н.э. ў выніку руху на Пд германскіх плямён (готаў, гепідаў) цэласнасць тэрыторыі С. парушана, што, верагодна, паўплывала на адасабленне заходніх і ўсходніх С. У 3—4 ст. у Сярэднім Падняпроўі і Паўн. Прычарнамор’і жылі плямёны, якія пакінулі чарняхоўскую культуру; мяркуецца, што ў яе складзе быў слав. элемент. Бясспрэчна славянскай была пражская культура, якая ў 5—7 ст. займала вялізную тэр. паміж Дняпром, Прыпяццю, Эльбай і Дунаем.
У канцы 5 ст., пасля падзення дзяржавы гунаў, пачалося прасоўванне С. на Пд (да Дуная, у Паўн.-Зах. Прычарнамор’е) і іх уварванне ў балканскія правінцыі Візантыйскай імперыі (гл.Візантыя). Тады плямёны С. падзяляліся на 2 групы — антаў (урываліся на Балканскі п-аў праз нізоўі Дуная, носьбіты пянькоўскай культуры) і склавінаў (нападалі на візантыйскія правінцыі з Пн і ПнЗ, носьбіты пражскай культуры). У 2-й пал. 1-га тыс. С. занялі Верхняе Падняпроўе і яго паўн. перыферыю, што раней належалі ўсх. балтам і фіна-угорскім плямёнам, а таксама землі на ніжняй Эльбе і паўд.-зах. узбярэжжы Балтыйскага мора (палабскія С.) і ператварыліся ў буйнейшую этнічную групу Еўропы. У 3-й чвэрці 1-га тыс.слав. элементы прасочваюцца ў банцараўскай культуры, калочынскай культуры, доўгіх курганах і інш. помніках лясной зоны Усх. Еўропы. С. распадаліся на асобныя племянныя групоўкі: ужо ў 6 ст. вядомы дулебы, пазней у «Аповесці мінулых гадоў» названы паляне, севяране, драўляне, улічы, ціверцы, харваты, бужане, валыняне, дрыгавічы, крывічы, радзімічы, вяцічы і інш.
У выніку рассялення С. іх этнічная і моўная супольнасць паступова разбуралася, што прывяло да ўтварэння 3 слав. груповак — заходняй, усходняй і паўднёвай. З распадам родавага ладу і ўзнікненнем старажытнейшых слав. дзяржаў (Першае Балгарскае царства, дзяржава Сама, Вялікамараўская дзяржава, Карантанія, Кіеўская Русь і інш.) у канцы 1-га тыс. пачалі фарміравацца сярэдневяковыя слав. народнасці: палякі і чэхі, крыху пазней — славакі (зах. С.), славенцы, сербы, харваты і балгары (паўд. С.). Ва ўсх. С. ішоў працэс фарміравання стараж.-рус. народнасці. У наступныя стагоддзі тэр. рассялення С. зведала істотныя змены. Мадзьярскія (венгерскія) плямёны, якія ў канцы 9 ст. прасунуліся ў даліну сярэдняга Дуная, адрэзалі зах. С. ад паўднёвых, пры гэтым частка слав. насельніцтва Паноніі асімілявана венграмі. Тэрыторыя зах. С. скарачалася пад націскам немцаў, якія знішчылі або асімілявалі амаль усіх палабскіх і паморскіх С. (акрамя лужычан і кашубаў); палякі на Пн былі ў значнай меры адрэзаны ад Балтыйскага мора, а на Пд, дзе немцы пранікалі ў Сілезію, апынуліся адмежаванымі ад чэхаў. Немцы занялі і частку чэшскіх зямель. Скарацілася і тэрыторыя паўд. С. Большая іх частка на Пелапанескім п-ве асімілявана грэкамі. Ішоў працэс асіміляцыі аўстрыйцамі карынтыйскіх славенцаў. З 9—10 ст. сярод С. пачало распаўсюджвацца хрысціянства. Браты Кірыла і Мяфодзій распрацавалі літургію на слав. мове, азбуку (глаголіцу), зрабілі пераклад некаторых рэліг. кніг. У большасці паўд. С. і на Русі зацвердзілася хрысціянства ўсх. абраду, у астатніх С. — заходняга. У 10—11 ст. аформіліся раннефеадальныя манархіі ў палякаў, чэхаў, харватаў, у 12 ст. — у сербаў. У 12—13 ст. этнічнае і паліт. развіццё С. затарможана і нават перапынена знешнімі фактарамі: мангола-татарскім нашэсцем на Русь, нападамі візантыйцаў і венграў на балканскіх С. (ужо ў 1-й пал. 11 ст. яны падпарадкавалі славакаў, у канцы 11 ст. — харватаў). У 2-й пал. 14 ст. пачалося наступленне туркаў, якія занялі тэрыторыю балгар і сербаў, прымусілі частку сербаў перасяліцца з т. зв. Старой Сербіі на Пн у вобласць Ваяводзіна. Частка балканскіх С. прыняла мусульманства.
У 1348 у Празе заснаваны першы на слав. землях ун-т. Каля 1470 у г. Пльзень (Чэхія) надрукавана 1-я кніга на чэшскай мове. 1-я кніга глагалічнага шрыфту надрукавана каля 1483 (як мяркуюць, у г. Косцін, Харватыя), кірылічнага шрыфту — у 1491 у Кракаве. Ва ўсх. С. 1-ю кнігу выдаў Ф.Скарына ў Празе ў 1517. Заняцце ў 1526 Габсбургамі трона ў Празе вярнула Чэхію пад нямецкі ўплыў, краіна зноў увайшла ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі».
Ва ўсх. С. у 13 ст. ў выніку мангола-татарскага нашэсця многія паўд. і паўд.-ўсх. вобласці абязлюдзелі. Зах.дзярж. ўтварэнні (княствы) усх. С. з 13—14 ст. аб’яднаны ў складзе Вялікага княства Літоўскага (з 1569 у складзе Рэчы Паспалітай). У ходзе барацьбы з Залатой Ардой і татарскімі ханствамі, што ўзніклі пасля яе распаду, у выніку ўзмацнення Маскоўскага вялікага княства з 15 ст. аднавілася засяленне С. паўд.-ўсх. абласцей. У гэты час актывізаваўся і працэс фарміравання ўсх.-слав. народнасцей — беларусаў, рускіх, украінцаў. Пасля заваявання ў 16 ст. Казанскага і Астраханскага ханстваў рускія пашырылі тэрыторыю свайго рассялення, прасунуліся ў Паволжа, Прыуралле і далей — у Сібір. Украінцы пасля вызвалення іх зямель ад татара-манголаў, асабліва пасля падзення Крымскага ханства (канец 18 ст.) засялялі прычарнаморскія стэпы і разам з рускімі — стэпавыя і перадгорныя раёны Паўн. Каўказа. Этнічная тэрыторыя беларусаў пашыралася ў паўн.-зах. напрамку за кошт асіміляцыі літоўскага насельніцтва. Ператварэнню Расіі ў магутную еўрапейскую дзяржаву садзейнічала імперская палітыка Пятра I [1682—1725] і Кацярыны II [1762—95]. У выніку заняпаду Рэчы Паспалітай яе землі ў 1772—95 былі захоплены і падзелены паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. На мяжы 18—19 ст. адзінай незалежнай слав. дзяржавай засталася Расійская імперыя. Слав. народы знаходзіліся пад нямецкай (Прусія, Аўстрыя), турэцкай і рас. уладай. Адраджэнне ў 19 ст.нац. самасвядомасці слав. народаў і ідэі іх моўна-культурнай супольнасці, якую прапагандавалі гал.ч. чэхі і славакі (Я.Колар і інш.), а таксама ажыўленне нац.-вызв. рухаў на Балканах спрабавала выкарыстаць рас. самадзяржаўе, якое высунула лозунг аб’яднання пад сваёй уладай усіх С. Розныя падыходы ў дачыненні да шляхоў нац. і паліт. вызвалення заняволеных слав. народаў сфарміравалі мноства ідэйна-паліт. кірункаў, якія разам з ідэяй слав. агульнасці (гл.Панславізм) прапаноўвалі таксама ідэі лаялізму ў адносінах да дзяржаў-захопнікаў. Пытанне пра слав. вызваленне было ў цэнтры ўвагі Слав. з’езда ў Празе ў 1848. На працягу 19 ст. ў выніку нац. паўстанняў, падтрыманых Расіяй, паліт. незалежнасць здабылі балканскія народы: чарнагорцы (1796, поўны суверэнітэт з 1878), сербы (1804—29, поўны суверэнітэт з 1878), балгары (1878—1906). Нац. прыгнёт і цяжкае эканам. становішча слав. народаў у канцы 19 — пач. 20 ст. выклікалі моцную іх эміграцыю ў інш. краіны Еўропы (напр., у Францыю) і за акіян (гал.ч. у ЗША і Канаду). Агульная колькасцьслав. народаў на пач. 20 ст. складала каля 150 млн.чал., у т. л. рускіх — больш за 65 млн., украінцаў — каля 31 млн., беларусаў — каля 7 млн., палякаў — больш за 19 млн., чэхаў — больш за 7 млн., славакаў — больш за 2,5 млн., сербаў і харватаў — больш за 9 млн., балгар — 5,5 млн., славенцаў — 1,5 млн.Асн. маса слав. насельніцтва знаходзілася ў Рас. імперыі — 107,5 млн.чал., у Аўстра-Венгрыі — каля 25 млн.чал., Германіі — больш за 4 млн., у краінах Амерыкі — больш за 3 млн. чал.
Пераломнымі момантамі для С. былі Лют. і Кастр. рэвалюцыі ў Расіі (1917), крах Германскай імперыі і Аўстра-Венгрыі (1918), у выніку якіх незалежнасць здабылі Польшча і народы, што знаходзіліся пад уладай Аўстра-Венгрыі — чэхі, славакі, харваты, славенцы. Утварыліся шматнацыянальныя слав. дзяржавы — Чэхаславакія, Югаславія, а таксама СССР. У 1939 адбылося ўз’яднанне ўсіх бел. і ўкр. зямель, пасля 2-й сусв. вайны — аднаўленне спрадвечнай этнічнай тэрыторыі палякаў і чэхаў. У канцы 20 ст. ў выніку распаду СССР, ЧССР і СФРЮ утварыліся новыя незалежныя слав. дзяржавы, і цяпер усе буйнейшыя слав. народы (у якіх насельніцтва больш за 1 млн.чал.) маюць уласную дзяржаўнасць.
Літ.:
Свод древнейших письменных известий о славянах. Т. 1—2. М., 1991—95;
Славянские древности: Этнолингвистич. словарь: В 5 т. Т. 1—2 М., 1995—99;
Седов В.В. Славяне в древности. М., 1994;
Яго ж. Славяне в раннем средневековье. М., 1995;
Славянское движение XIX—XX вв.: съезды, конгрессы, совещания, манифесты, обращения. М., 1998;
Славянская идея: история и современность. М., 1998;
Słownik starożytności słowiańskich: Encyklopedyczny zarys kultury Słowian od czasów najdawniejszych do schyłku wieku XII. T. 1—7. Wrocław etc., 1961—82;
Łowmiański H. Początki Polski. T. 1—6. Warszawa, 1963—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТЫ́СТЫКА (ням. Statistik ад лац. status стан),
1) від грамадскай дзейнасці, скіраванай на атрыманне, апрацоўку і аналіз інфармацыі, якая характарызуе колькасныя заканамернасці жыцця грамадства ва ўсёй яго разнастайнасці (тэхн.-эканам., сац.-эканам., сац.-паліт. з’явы, культура).
2) Галіна грамадскай навукі, якая вывучае і сістэматызуе паказчыкі найб. тыповых масавых эканам., сац., паліт. з’яў і працэсаў, іх змены з цягам часу, надаючы ім лічбавае выражэнне.
Пачатак стат. практыкі адносіцца да часоў узнікнення дзяржавы. Элементарны ўлік зямель і насельніцтва вёўся ўжо ў стараж. Кітаі, Індыі, Егіпце, Грэцыі, Рыме, дзе перыядычна праводзілі перапісы насельніцтва і зямельных угоддзяў. З 16 ст. ў Францыі пачала складвацца гандлёвая С., у Англіі выдаваліся афіц. прэйскуранты і апісанні асобных дзяржаў з мноствам стат. звестак. У Зах. Еўропе пашырылася дэмаграфічная С. У Расіі стат. звесткі змяшчалі ў пісцовых кнігах, матэрыялах рэвізій. У 1811 пры Мін-ве паліцыі створана стат. аддзяленне, у 1852 створаны стат. к-т (перайменаваны ў 1859 у Цэнтр. стат. к-т) і стат. к-ты ў губернях. У ВКЛ праводзіліся попісы войска Вялікага княства Літоўскага (першы попіс адбыўся ў 1528), вяліся інвентары маёнткаў і тарыфаў падымнага падатку (гл. Падымнае). У 1764—94 дзейнічала Камісія скарбовая ВКЛ. Збору стат. матэрыялаў спрыяла ўведзеная на Беларусі земская статыстыка. Заснавальнікам стат. навукі лічыцца англ. вучоны-эканаміст У.Пеці, які ў працы «Палітычная арыфметыка» (1683) вызначыў С. як апісальную навуку. Сістэм. выкарыстанне матэм. метадаў пры апрацоўцы стат. звестак увёў бельг. вучоны А.Кетле, які арганізаваў 1-ы міжнар. стат. кангрэс (1853). У Расіі навук. С. з’явілася ў 1770-я г. ў выглядзе «дзяржавазнаўства», прыхільнікі якога гал. задачай лічылі комплекснае апісанне дзяржаў (М.М.Шчарбатаў). Уклад у С. зрабілі К.Ф.Герман (1767—1838), Ю.Э.Янсан (1835—1893), Д.П.Жураўскі, А.Ч.Чупроў (1842—1908) і інш. У 1820—40-я г. выдадзены першыя стат. табліцы аб стане гарадоў, некалькі зборнікаў стат. звестак па Рас. імперыі. Губ. стат. к-ты выдавалі памятныя кніжкі і агляды губерняў, у якіх змяшчалі сабраную рознымі ведамствамі і апрацаваную С. прам-сці, землеўладання, с.-г., дэмагр., мед., адукацыі, судовую, пра склад і рух насельніцтва, стан гандлю, шляхоў зносін, сродкаў сувязі і інш. Памятныя кніжкі Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай губ. пачалі выходзіць з 1860, Магілёўскай — з 1861; агляды — Магілёўскай губ. з 1878, Гродзенскай — з 1879, Віцебскай і Мінскай — з 1881. Першай стат. установай у БССР было Цэнтр. стат. бюро (з 1920), рэарганізаванае ў 1924 у Цэнтр. стат. ўпраўленне (ЦСУ) БССР.
З утварэннем Рэспублікі Беларусь сістэма дзярж. С. перабудавана. Удасканальваюцца метады збору інфармацыі і вядзення колькаснага аналізу грамадскіх працэсаў ва ўмовах пераходу да рыначнай эканомікі; пашыраецца супрацоўніцтва з замежнымі стат. органамі, з Еўрастатам, Сусв. банкам, Міжнар. валютным фондам і інш. У 1992 прынята спец. праграма пераходу на міжнар. сістэму С. і ўліку. У 1994 створана Мін-ва С. і аналізу Рэспублікі Беларусь. Працуюць абласныя і Мінскае гар. ўпраўленні, ва ўсіх раёнах і буйных гарадах — аддзелы дзярж. С., якія дзейнічаюць на аснове Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай статыстыцы» (1997). У 1998 створана Бел. стат. асацыяцыя, якая аб’ядноўвае спецыялістаў, занятых у С., і ставіць за мэту папулярызацыю стат. ведаў, пашырэнне прафес.міжнар. сувязей. Кадры ў галіне С. рыхтуюць у БДУ і Бел.дзярж.эканам. ун-це.
Своеасаблівае становішча С. ў сістэме навук вызначае яе арган. сувязь з навук. дысцыплінамі, якія вывучаюць асн. заканамернасці і якасныя асаблівасці розных з’яў і працэсаў у жыцці грамадства (эканам. тэорыя, гісторыя, сацыялогія, матэматыка і інш.). Больш вядома С. як галіна практычнай дзейнасці. Практычная С. складаецца з агульнай тэорыі С., макраэканам. С. і С. галін эканомікі. Агульная тэорыя С. раскрывае метадалагічныя асновы арганізацыі назіранняў за масавымі з’явамі і працэсамі, сукупнасць метадаў апрацоўкі стат. звестак. Мнагамерны стат. аналіз (МСА) дазваляе апрацоўваць звесткі, якія характарызуюцца мноствам адзнак. Макраэканамічная С. — метадалагічны інструментарый для макраўзроўневага адлюстравання і аналізу эканомікі. Цэнтральнае месца ў ёй займае сістэма нацыянальных рахункаў. С. галін эканомікі — метадалагічны інструментарый і сістэма арганізац. мерапрыемстваў, які забяспечваюць збор, апрацоўку і звядзенне інфармацыі па галінах эканомікі (прам-сці, сельскай гаспадаркі, транспарту і інш.). Адрозніваюць таксама віды С., якія інтэгруюць паказчыкі розных галін (сац., працы, знешняга гандлю, матэрыяльных рэсурсаў і інш.). Асобнае месца займае С. дамашняй гаспадаркі і дэмаграфічная.
С. насельніцтва (дэмаграфічная) даследуе працэсы натуральнага і мех. руху насельніцтва. Вывучае яго колькасць і склад паводле полу, узросту, сямейных адносін, нацыянальнасці, адукацыі, размяшчэнне на тэр. краіны і яго міграцыю; аналізуе фактары дэмаграфічных працэсаў (нараджальнасць, смяротнасць, шлюбы і разводы, працягласць жыцця і інш.). Найб. дакладныя і падрабязныя звесткі пра колькасць, склад, размяшчэнне насельніцтва, яго дэмаграфічныя, эканам. і сац. характарыстыкі дае ўсеагульны перапіс насельніцтва. У прамежках паміж перапісамі крыніцамі стат. звестак з’яўляюцца бягучыя рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, дамавыя кнігі і інш.
С. працы даследуе наяўнасць, склад і выкарыстанне прац. рэсурсаў, у т. л. колькасны склад рабочых і служачых, арганізацыю выкарыстання рабочага часу, узровень і дынаміку аплаты працы, прадукцыйнасць працы, баланс прац. рэсурсаў і вартасць рабочай сілы.
С. ўзроўню жыцця насельніцтва і сацыяльнай сферы даследуе жыццёвы ўзровень народа і параўноўвае яго з інш. краінамі. Яна фарміруецца на аснове аналізу паказчыкаў жыл.-камунальнай гаспадаркі, сац. абароны, аховы здароўя, грамадскага харчавання, гандлю, транспарту, сувязі, культуры, адукацыі, навукі і інш. Сістэма паказчыкаў уключае велічыню даходаў і спажыванне на душу насельніцтва прадуктаў харчавання (і іх структуру) і непрадуктовых тавараў, паслуг сувязі, транспарту, устаноў аховы здароўя, культуры, грамадскага харчавання і гандлю, умовы жылля, працы і зарплаты, выкарыстанне вольнага часу і інш.Традыц. стат. даныя дапаўняюцца звесткамі спец. сацыялагічных абследаванняў, ацэнкамі экспертаў.
С. прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя вывучае велічыню, склад і выкарыстанне запасаў карысных выкапняў і аналізуе стан аховы навакольнага асяроддзя (атм. паветра, водныя, зямельныя, лясныя рэсурсы, жывёльны і раслінны свет). Уключае паказчыкі геалогіі і разведкі нетраў, лясной і воднай гаспадаркі, прыродаахоўнай дзейнасці розных галін эканомікі. Выкарыстоўваецца пры распрацоўцы дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні і рацыянальным выкарыстанні кампанентаў навакольнага асяроддзя, для кантролю за выкананнем гэтых мерапрыемстваў і пры планаванні буд-ва новых вытв. аб’ектаў (гл. таксама Ахова зямель, Ахова лясоў, Ахова нетраў, Ахова прыроды, Ахова раслін), а таксама пры распрацоўцы Сістэмы эколага-эканам. ўліку (СЭЭУ), якая дазваляе на міжнар. узроўні ацэньваць эканам. эфект узаемаадносін грамадства і навакольнага асяроддзя.
С. нацыянальнага багацця даследуе і вядзе ўлік матэрыяльных і нематэрыяльных актываў, якімі валодае краіна і яе замежныя рэзідэнты. Адрозніваюць: вырабленыя нефін. актывы (асн. і абаротныя сродкі, каштоўнасці, маёмасць насельніцтва і інш.); нявырабленыя нефін. актывы (зямля, нетры, натуральныя біял., водныя рэсурсы і інш.); фін. актывы (манетарнае золата, грашовая наяўнасць, дэпазіты, акцыі і інш. каштоўныя паперы, спец. правы запазычання). Сістэма паказчыкаў: аб’ём і кампанентны склад нац. багацця, выкарыстанне і яго эфектыўнасць, працэс узнаўлення. Асн. палажэнні па класіфікацыі і ўліку нац. багацця змяшчае ў сабе сістэма нац. рахункаў.
С. прамысловасці даследуе працэсы і з’явы па галінах і рэгіёнах (аб’ём, структура і якасць вырабленай прадукцыі, яе рэалізацыя, запасы, рытмічнасць вытв-сці і інш.; фін. вынікі вытв. і камерцыйнай дзейнасці прамысл. прадпрыемстваў; умовы вытв. дзейнасці, у т. л. наяўнасць і выкарыстанне матэрыяльных і прац. рэсурсаў, аплата працы і яе прадукцыйнасць, укараненне дасягненняў навукі і тэхнікі і інш.
С. сельскай гаспадаркі вывучае працэсы і з’явы ў с.-г. вытв-сці. Дае магчымасць рабіць вывады пра стан і развіццё галіны, пра мэтазгоднасць існуючага размеркавання вытв-сці с.-г. прадукцыі па тэрыторыях і гаспадарках, ацэньваць узровень канцэнтрацыі і спецыялізацыі с.-г. вытв-сці, выяўляць рэзервы павышэння яе эфектыўнасці. Адыгрывае важную ролю пры вызначэнні харчовай і сыравіннай бяспекі краіны. Уключае С.: зямельнага фонду, раслінаводства, жывёлагадоўлі, с.-г. прадукцыі, нарыхтовак, мат.-тэхн. базы, а таксама адпаведныя раздзелы С. працы і фін. дзейнасці с.-г. прадпрыемстваў. Асн. крыніцы яе звестак — справаздачы калгасаў, саўгасаў, акц. т-ваў, фермерскіх гаспадарак, выбарачныя назіранні за падсобнымі гаспадаркамі насельніцтва, аднаразовыя ўлікі (склад працаўнікоў па адукацыі, перапісы ўгоддзяў, пасяўных плошчаў, жывёлы, асн. сродкаў і інш.).
С. будаўніцтва вывучае працэсы і з’явы, звязаныя з ажыццяўленнем капітальных укладанняў для ўзнаўлення асн. фондаў і з вытв. дзейнасцю буд-ва. Уключае С.: капітальных укладанняў, дзейнасці буд. і праектна-пошукавых арг-цый. Сістэма паказчыкаў: аб’ёмы інвестыцый, іх склад і крыніцы, увод у дзеянне асн. фондаў і вытв. магутнасцей, аб’ём незавершанага буд-ва, буд.-мантажных работ, праектна-пошукавых работ і інш. Разам са справаздачнасцю крыніцамі звестак з’яўляюцца перапісы, аднаразовыя ўлікі і абследаванні.
С. транспарту вывучае працэсы і з’явы, якія адбываюцца ў гэтай галіне. Адрозніваюць грузавыя і пасажырскія перавозкі, работу розных відаў транспарту (аўтамаб., чыг., гар.эл., рачны, паветраны, трубаправодны). Да спецыфічных яе паказчыкаў адносяцца: аб’ём перавозак, эксплуатацыя транспарту, стан парка трансп. сродкаў, працягласць і стан шляхоў зносін і інш.
С. сувязі вывучае працэсы развіцця сетак сувязі і эксплуатацыйнай дзейнасці прадпрыемстваў паштовай, тэлеграфнай, тэлефоннай сувязі, радыёвяшчання і тэлебачання. Да спецыфічных паказчыкаў адносяцца: развіццё і размяшчэнне сеткі ўсіх відаў сувязі (стацыянарныя прадпрыемствы, лінейныя збудаванні, пункты), якасць абслугоўвання (хуткасць і надзейнасць дастаўкі інфармацыі) і інш.
С. гандлю вывучае працэсы і з’явы, якія адбываюцца ў сферы тавараабарачэння: таварна-грашовы абмен, тавараабарот, узровень і рух рознічных цэн, якасць гандл. абслугоўвання, развіццё і размяшчэнне сеткі гандл. прадпрыемстваў і інш. Да спецыфічных паказчыкаў адносяцца таварныя запасы і іх абарачальнасць. Аналіз дынамікі цэн спажывецкіх тавараў дае магчымасць рабіць вывад пра ўзровень інфляцыі. Збор звестак вядзецца ў двух кірунках: справаздачнасць буйных гандл. прадпрыемстваў і выбарачнае назіранне за сярэднімі, дробнымі і рынкамі.
С. фінансаў вывучае з’явы і працэсы ў сферы фінансава-грашовага абарачэння і крэдыту. Адлюстроўвае наяўнасць фін. рэсурсаў, іх рух і дзейнасць фін.-крэдытных устаноў. Уключае С.: грашовага абарачэння, дзярж. фінансаў, фінансаў прадпрыемстваў, страхавання, падаткаў і падатковай сістэмы, каштоўных папер і фондавых біржаў, банкаўскую, крэдыту. Дазваляе распрацоўваць балансы фін. рэсурсаў, вылічваць бягучыя і будучыя крэдытныя стаўкі, плацежаздольнасць прадпрыемстваў і ўстаноў, падатковых даходаў, валютнай ліквіднасці і інш.
С. знешняга гандлю вывучае аб’ёмы, структуру і дынаміку знешняга гандлю, яго геагр. размеркаванне, склад тавараў, долю краіны ў сусв. тавараабароце, а таксама ролю знешняга гандлю ў эканоміцы краіны. Вядзе ўлік імпарту, экспарту і транзіту ў вартасных і колькасных выражэннях. Асн. крыніцы звестак — справаздачы прадпрыемстваў-экспарцёраў і мытных устаноў.
Літ.:
Миллс Ф. Статистические методы: Пер. с англ.М., 1958;
Казаченок А.Г., Черванев Д.Л. История развития государственной статистики в БССР. Мн., 1969;
Всемирная история экономической мысли. Т. 1—6. М., 1987—97;
Долан Э.Дж., Линдсей Д. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994;