БЕ́РЫНГ ((Bering) Вітус Іонасен) (1680, г. Хорсенс, Данія — 19.12.1741),
дацкі і рускі мараплавец. Запрошаны на рус. флот у 1703. Капітан-камандор. Кіраўнік 1-й (1725—30) і 2-й (1733-43) Камчацкіх экспедыцый, разам з памочнікам А.І.Чырыкавым абследаваў берагі Камчаткі, Чукоткі, прайшоў паміж Азіяй і Амерыкай, адкрыў некаторыя з Алеуцкіх а-воў, дасягнуў узбярэжжа Паўн. Амерыкі. Імем Берынга названы мора на Пн Ціхага ак., праліў, мыс на ўзбярэжжы Ахоцкага м., востраў з групы Камандорскіх а-воў, на якім Берынг памёр ад цынгі ў час вымушанай зімоўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Б’ЁРКСКІ ДАГАВО́Р,
паміж Расіяй і Германіяй, падпісаны 24.7.1905 Мікалаем II і Вільгельмам II (па ініцыятыве апошняга) на царскай яхце каля в-ва Б’ёркё ў Балтыйскім м. (каля Выбарга). Прадугледжваў узаемную дапамогу бакоў у выпадку нападу на адзін з іх 3-й дзяржавы, супярэчыў існуючым рас.-франц. адносінам і ваен. пагадненням. Сілы не набыў. Рашучае пярэчанне супраць Б’ёркскага дагавора старшыні кабінета міністраў С.Ю.Вітэ і міністра замежных спраў У.М.Ламздарфа вымусіла Мікалая II у ліст. 1905 пайсці на фактычнае скасаванне Б’ёркскага дагавора, што канчаткова аформлена ў жн. 1907.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЦЭНАЛО́ГІЯ (ад біяцэноз + ...логія),
навука пра згуртаванні жывых арганізмаў — біяцэнозы; частка біягеацэналогіі. Вывучае ўзнікненне, развіццё, структуру, размеркаванне ў прасторы, прадукцыйнасць і дынаміку біяцэнозу, узаемаадносіны паміж рознымі біяцэнозамі і асобнымі іх кампанентамі. Некаторыя вучоныя лічаць біяцэналогію раздзелам экалогіі і геабатанікі. На развіццё біяцэналогіі вял. ўплыў зрабілі працы амер. заолага В.Шэлфарда, рус. біёлагаў І.К.Пачоскага, С.А.Зярнова, Д.М.Кашкарава, бел. вучоных Г.Г.Вінберга, І.Д.Юркевіча і інш. Даследаванні па біяцэналогіі ўключаюць мадэліраванне біяцэналагічных працэсаў, маніторынг і прагназаванне. На Беларусі даследаванні ў галіне аграбіяцэналогіі праводзяцца ў НДІ аховы раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОК ТЭКТАНІ́ЧНЫ,
участак зямной кары, абмежаваны разломамі. Памеры ад соцень квадратных метраў да мільёнаў квадратных кіламетраў. Форма ад трохвугольнай і паліганальнай да выцягнутай (гл.Ступень тэктанічная). Невял. блокі тэктанічныя вылучаюць у рудных і шахтавых палях, на нафтагазаносных плошчах, пры інжынерна-геал. раянаванні. Буйныя блокі (літасферныя пліты або геаблокі) — у крышталічным фундаменце платформаў і складкавых абласцях. Блокі тэктанічныя перамяшчаюцца адзін адносна аднаго ў верт. і гарыз. напрамках. Стыкі паміж блокамі часта ўтвараюць шыўную зону. На Беларусі найб. выразную блокавую будову мае фундамент Прыпяцкага прагіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЗЕ—ЭЙНШТЭ́ЙНА РАЗМЕРКАВА́ННЕ,
функцыя размеркавання на ўзроўнях энергіі тоесных часціц з нулявым ці цэлалікавым спінам (базонаў) пры ўмове, што ўзаемадзеянне паміж часціцамі можна не ўлічваць. Вызначае ўласцівасці ідэальнага квантавага газу, які падпарадкоўваецца Бозе — Эйнштэйна статыстыцы.
Паводле Бозе-Эйнштэйна размеркавання ni = [exp((εi-μ)/kT)−1]−1, дзе ni — сярэдні лік часціц у стане з энергіяй εi, i — набор квантавых лікаў, якія характарызуюць стан часціцы, μ — хім. патэнцыял, k — Больцмана пастаянная, T — абс.т-ра. Бозе—Эйнштэйна размеркаванне выкарыстоўваецца пры разліках тэрмадынамічных характарыстык эл.-магн. выпрамянення і кандэнсаваных асяроддзяў пры нізкіх т-рах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАМЕ́РЫ,
члены гамалагічных шэрагаў, якія па памеры малекул (мал. м.) займаюць прамежкавае становішча паміжманамерамі і высокамалекулярнымі злучэннямі. Верхняй мяжой мал. масы алігамераў з’яўляецца яе значэнне, пры якім праяўляюцца ўласцівасці высокамал. злучэнняў, у палярных алігамераў — 1,5∙104, у непалярных — 5∙103. Метады сінтэзу алігамераў заснаваныя на рэакцыях абмежавання росту макрамалекул (гл.Тэламерызацыя і Полікандэнсацыя) і на дэструкцыі высокамал. злучэнняў. Да сінтэтычных алігамераў належаць поліэфірныя, алкідныя, фенола-фармальдэгідныя, эпаксідныя смолы, вадкія каўчукі, сінт. маторнае паліва і інш. Прыродныя алігамеры — алігацукрыды, алігануклеатыды, цыклаалігапептыды, оксітацын і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЫЯ́НАЎ ВАЛ (англ. Hadrian’s Wall),
стараж.-рымскае абарончае збудаванне паміж вусцем р. Тайн і залівам Сольвей у Англіі. Пабудаваны пры імператару Адрыяне ў 122—133 для абароны Рымскай Брытаніі ад варвараў. Працягласць 122,3 км, шыр. 2,4—3,1 м, выш. 3,7—4,9 м. Меў 16 фортаў, шмат вежаў. На асобных участках умацаваны ровам (глыб. 2,7 м, шыр. 38,7 м). На Пд ад Адрыянава вала выкапаны другі роў, які, магчыма, акрэсліваў мяжу ваен. зоны. У 197, 296 і 367 захоплены варварамі, некалькі разоў аднаўляўся. Канчаткова закінуты каля 400.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВА́РСКАЯ МО́ВА,
адна з іберыйска-каўказскіх моў (авара-андацэзская падгрупа). Пашырана на ЗДагестана. Мае 2 групы дыялектаў: паўночную — зах. (салатаўскі), усх. і хунзахскі (цэнтр.) дыялекты; паўднёвую — андалальскі, гідскі, анцухскі, карахскі, батлухскі, закатальскі дыялекты. Аснова літ. мовы — т.зв. болмац («нар. мова»), сродак вусных зносін паміж носьбітамі розных дыялектаў.
Асаблівасць грамат. ладу — складаная сістэма скланення (да 20 склонаў), адсутнасць катэгорыі асобы ў дзеясловах, эргатыўныя канструкцыі. Пісьменства на аснове араб., з 1928 лац., з 1938 рус. графікі.
Літ.:
Чикобава А., Церцвадзе И. Аварский язык. Тбилиси, 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ВІЛА (Avila),
горад у Іспаніі, на Пдаўт. вобласці Кастылія-Леон. Адм. ц. правінцыі Авіла. 46 тыс.ж. (1991).
У старажытнасці фінікійская, пасля рымская калонія. У 8 ст. заваявана арабамі, у 11 ст. адваявана хрысціянамі і стала аб’ектам дынастычнай барацьбы паміжАрагонам і Кастыліяй. У 1482—1808 у Авіле быў ун-т. Горад захаваў сярэдневяковую і рэгулярную планіроўку, жылыя дамы 13 ст., умацаваныя палацы 15—16 ст., гранітныя гар. сцены 11 ст., раманска-гатычны сабор (12—14 ст.), цэрквы (12—15 ст.), манастыр (1636) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. ovum яйцо),
фізіялагічны працэс выхаду спелых яйцаклетак (аацытаў) у млекакормячых з яечніка ў брушную поласць цела. Пры авуляцыі разрываюцца фалікулы (граафавыя пузыркі), яйцаклеткі засмоктваюцца ў яйцавод, дзе праходзяць апошнюю стадыю выспявання і могуць апладніцца. Авуляцыя адбываецца пад уплывам гармонаў пярэдняй долі гіпофіза. У жанчын авуляцыя часцей адбываецца паміж 7-м і 14-м днямі пасля пачатку менструацыі. У жывёл супадае з цечкай. Для авуляцыі ў жывёл патрэбны пэўныя ўмовы асяроддзя (даўж. светлавога дня, павышэнне т-ры паветра і вады і г.д.). Спыняецца з надыходам цяжарнасці.