акалі́чнасць, ‑і, ж.

1. Падзея, факт, якія суправаджаюць што‑н., могуць уплываць на што‑н.; той або іншы бок справы, падзеі. [Мірон і Віктар] узялі на ўвагу і тую акалічнасць, што дажджы ў нас ідуць з захаду. Маўр. З размоў з Віталевым.. [Анатоль] вынес адну немалаважную акалічнасць: будаваць камунізм без свядомых адносін да працы нельга. Асіпенка.

2. пераважна мн. (акалі́чнасці, ‑сцей). Умовы, якія вызначаюць становішча каго‑, чаго-небудзь; абставіны. У момант вялікіх душэўных зрухаў або напружанай змены падзей ці жыццёвых акалічнасцей людзі і старыя робяцца, як дзеці. Чорны.

3. Даданы член сказа, які ўказвае на час, месца, спосаб дзеяння і пад. Акалічнасць прычыны. Акалічнасць часу. Акалічнасць месца. Акалічнасць спосабу дзеяння.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распляска́ць ​1, ‑пляшчу, ‑плешчаш, ‑плешча; зак., што.

1. Плешчучы, праліць; разліць па якой‑н. паверхні. Распляскаць ваду з вёдзер. / у перан. ужыв. І паверыш пры сустрэчы У яе жаночы лёс: Свайго шчасця не расплешча, У бядзе не схіліць плечы І дарма не ўроніць слёз. Пысін.

2. перан. Разм. Расказаць тое, чаго не трэба гаварыць. «Гэтыя [старыя] адразу расплешчуць па ўсяму сялу, як толькі ўбачаць мяне ў царкве», — падумаў Сцёпка. П. Ткачоў.

распляска́ць ​2, ‑пляшчу, ‑плешчаш, ‑плешча; зак., што.

Расплюшчыць. Бацька казаў, што то паўпудовы молат, ім б’юць, калі трэба распляскаць якую-небудзь тоўстую жаляз[я]ку. Сабаленка. Дрыжучы ад страху,.. [Майка] распляскала нос аб шкло і круглымі вачыма сачыла за .. [Лазнікам]. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць характэрныя гукі пры жаванні, ядзе. Немец сядзеў за сталом на лаве, парэзваў нешта ножыкам і клаў у рот, жаваў і чаўкаў. Чорны. «Чаўкае, як свіння», — падумаў Славік, каб хоць як-небудзь прынізіць свайго непрыяцеля. Шамякін. // што і без дап. Есці, гучна прыцмокваючы. [За перагародкай], фарсіста закруціўшы спіраллю хвост, скуб з Віталькавых рук і смачна чаўкаў зелле ладны круглы парсючок. Палтаран. Казюк Клышэўскі смачна чаўкаў і ў той жа час урачыста адказваў на пытанні. Броўка.

2. Утвараць гукі, падобныя на тыя, што ўзнікаюць пры жаванні; чвякаць. Пад ботамі чаўкае набрынялая вадой зямля. Асіпенка. Боты такія мокрыя, што аж чаўкаюць у іх анучы. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Няўло́мак ’здаровы чалавек, здаравяк’ (Сл. ЦРБ, Сцяшк. Сл., Юрч. НВС), ’здаровы чалавек, які прыкідваецца слабым’ (Сцяшк.), ’чалавек, які можа што-небудзь зрабіць, але не хоча’ (Нар. сл.), польск. nieułomek ’чалавек без фізічных недахопаў, моцны, вялікі, вялізны’. Магчыма, ад прыметніка няўломкій ’няздольны прывучыцца да працы’, што ў сваю чаргу ад улама́ць ’прывучаць’, параўн.: Скоціна неуломкая, ни якъ уломаць не можно въ сосе (Нас.); другасна збліжаная да уло́мак (уломокъ) ’абломак’ (Нас.), што звязана з уло́маный ’зламаны’, уло́мный ’здольны прывучыцца да працы; які мае фізічны недахоп’; параўн. укр. уломок ’абломак, кавалак; слабы, хваравіты чалавек’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дапячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце, ‑пякуць; пр. дапёк, ‑пякла, ‑ло; заг. дапячы; зак.

1. што. Скончыць пячы; пекучы, давесці да поўнай гатоўнасці. Дапячы хлеб.

2. чаго. Спячы дадаткова. Дапячы бліноў.

3. перан.; каму і без дап. Нашкодзіўшы, надакучыўшы чым‑н., вывесці з раўнавагі; даняць. Ляшчэню так і парывала дапячы чым-небудзь Вабейку — няхай хоць бы перад сваімі прыяцелямі не крывіў душой, не хітраваў. Хадкевіч. / у безас. ужыв. Столькі дакораў і ўшчуванняў, столькі непрыемнасцей! Усім дапякло, надакучыла. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́правіцца ​1, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.

1. Стаць прамым; выраўняцца, выпраміцца.

2. Пазбавіўшыся недахопаў, стаць лепшым. Гэты Колінька.. невядома, што з яго будзе. Але ж ён сын, нічога не зробіш. Можа яшчэ як-небудзь выправіцца. Пестрак.

вы́правіцца ​2, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.

Пайсці, накіравацца куды‑н.; адправіцца. Жанчыны хуценька апрануліся, схапілі сёе-тое з адзежы, трохі яды і цянькамі выправіліся ў лес. Сабаленка. Выпіўшы пару бутэлек піва, якое Мікола паставіў, выправіўся ён [Васіль] разнесці заказчыкам пасудзіну. Ядвігін Ш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заняво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

Пазбавіць волі, незалежнасць закабаліць. Ніколі, мой народзе, ты не схіляў галавы перад тым, хто калі-небудзь імкнуўся заняволіць цябе. Купала. І асабліва людзі беларускага Палесся выявілі свой гераічны патрыятызм цяпер, у час Вялікай Айчыннай вайны, калі самы найзлейшы на ўсе вякі, самы крывавы і паганы вораг уварваўся на беларускую зямлю, каб прысвоіць яе сабе, навекі яе заняволіць і ўздзець на наш народ ланцугі рабства. Чорны. // Падпарадкаваць сваёй уладзе, паставіць у залежнае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мігце́ць, ‑ціць; незак.

1. Ледзь свяціцца. У хаце чад, мігціць газніца. Лужанін. У адным акне мігцеў скупы агонь. Чарнышэвіч.

2. Свяціць няроўным бляскам. Праз некаторы час неба на ўсходзе пабялела і зоркі пачалі мігцець не так ярка. Ляўданскі.

3. Хутка праносіцца, мільгаць. Вятры тугія свішчуць ля кабіны, Мігцяць слупы, зігзагі паваротаў. Ставер.

4. перан. З’яўляцца на кароткі час і зноў знікаць. Мігцяць думкі. □ Мучыў боль па загінуўшым сыне, мігцела надзея хоць што-небудзь пачуць аб ім. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўпэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.

1. Які сумняваецца ў правільнасці чаго‑н., пазбаўлены веры, упэўненасці. Часам бывае так: быў чалавек няўпэўнены ў якой-небудзь справе, не верыў у яе поспех. І раптам убачыў, што справа дае пэўную карысць. І тады гэты чалавек робіцца самым заўзятым яе прыхільнікам. Зуб.

2. Які выказвае нерашучасць, адсутнасць цвёрдасці. Стук быў ціхі, няўпэўнены, але ён скалануў... Лёдзю. Карпаў. Голас падаўся нясмелы, няўпэўнены, але яго раптам многія падтрымалі, бо ён, відаць, быў тут да месца. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памага́ты, ‑ага, м.

1. Той, хто памагае каму‑н. у чым‑н.; падручны (у 2 знач.). [Яўхім:] — З мяне касец, сама ведаеш, які. А вось Рыгор можа табе падсабіць... Дамаўляйцеся.. — Не, — цвёрда кажа цётка. — Як-небудзь і без памагатых абыдземся. Жычка. Усім выглядам сваім Саша паказвае, што лейцы кіраўніцтва ён бярэ ў свае рукі, а Веньямін толькі памагаты. Навуменка.

2. Прыслужнік, гатовы на любыя дзеянні, учынкі. Царскія памагатыя збіліся з ног, шукаючы патайную друкарню, няўлоўнага і загадкавага Яську. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)