ІСМАІ́Л I (17.7.1487, г. Ардэбіль, Іран — 23.5.1524),
шах Ірана ў 1502—24, заснавальнік дынастыі Сефевідаў, палкаводзец. Пры ім тэр. дзяржавы Сефевідаў дасягнула найб. памераў: у 1503—10 падпарадкаваны амаль увесь Іран, Арменія, ч. Сярэдняй Азіі, Ірак Арабскі (страчаны ў 1514) і інш. Экспансія І. I на З прывяла да вайны паміж Сефевідамі і Асманамі; у бітве каля Чалдырана (1514) з войскам Селіма I армія І. I разбіта. Заахвочваў развіццё рамяства, гандлю, навукі, культуры, умацоўваў дзярж. апарат. Аб’явіў дзярж. рэлігіяй шыізм. Пісаў вершы пад псеўд. Хатаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НДАЛЬ-ЯЛО́ВЕЦ-ВО́ЛЬХАВА,
балота ў Лельчыцкім, Петрыкаўскім і Жыткавіцкім р-нах Гомельскай вобл. ў вадазборы р. Прыпяць, паміж ніжнімі цячэннямі р. Убарць на У і канавы Крушынная на 3. Нізіннага, вярховага і мяшанага тыпаў. Пл. 27,9 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 21,5 тыс.га. Глыб. торфу да 7 м, сярэдняя 2,5 м. На балоце лес з хвоі і бярозы. Ёсць рэдкія рэліктавыя расліны (сальвінія плывучая, альдраванда пухіраватая, вадзяны арэх, рададэндран жоўты). На У балота часткова асушана, выкарыстоўваецца пад сенажаць, зах.ч. ў межах нац. парку Прыпяцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДУ́КТАР (позналац. conductor ад лац. conduco перавожу, збіраю) у тэхніцы, 1) прыстасаванне для накіроўвання металарэзнага інструменту і надання яму правільнай прасторавай арыентацыі адносна вырабу, што апрацоўваецца. Забяспечвае дакладнае ўзаемнае размяшчэнне, напр., групы апрацаваных адтулін без папярэдняй разметкі. Апрацоўка па К. дазваляе ажыццявіць узаемазамяняльнасць дэталей, вузлоў і агрэгатаў машыны.
2) Мантажнае прыстасаванне для часовага замацавання і выверкі зборных і зварных канструкцый, напр., секцый і блокаў корпуса судна, вагона.
3) Калона злучаных паміж сабой абсадных труб, якая надае зададзены напрамак буравой свідравіне. Акрамя таго, К. перакрывае верхнія няўстойлівыя пароды і ваданосныя гарызонты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТАВАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць прылад для перадачы эл. энергіі ад цягавых падстанцый электравозам, трамваям, тралейбусам і інш. Перадача энергіі ажыццяўляецца праз слізгальны кантакт паміж кантактавым провадам (ці рэйкай) і токаздымнікам рухомага саставу.
Кантактавы провад размяшчаюць над рэйкамі (напр., трамвайнымі) або ўздоўж трасы бязрэйкавага транспарту (тралейбусаў), кантактавую рэйку — на ўзроўні хадавых частак. напр., метрапалітэна. Кантактавы провад прымацоўваюць да апор з дапамогай гнуткіх элементаў (тросаў ці дратоў), спец арматуры і ізалятараў. Для надзейнай работы К.с. дзеляць на секцыі. Пры рамонтных работах, якія патрабуюць зняцця напружання, адключаюць толькі адну секцыю без парушэння сілкавання астатніх участкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНХО́ІДА (ад грэч. konchoeidēs падобны на ракавіну) лініі, плоская крывая, якая атрымліваецца пры павелічэнні ці памяншэнні даўжыні радыус-вектара кожнага пункта дадзенай лініі L на пастаянны адрэзак d. Калі ўраўненне лініі ў палярных каардынатах ρ=f|φ|, то ўраўненне яе К. мае выгляд ρ=f|φ| ± d. К. прамой наз. К. Нікамеда; яна складаецца з дзвюх галін, яе форма залежыць ад суадносін паміж параметрамі d і l, дзе l — адлегласць ад прамой да пачатку каардынат. К. акружнасці, што праходзіць праз пачатак каардынат, з’яўляецца Паскаля завітка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПСКІЯ ГО́РЫ,
горы на Пд Афрыкі, у Паўд.-Афр. Рэспубліцы, паміжг. Порт-Элізабет на У і вусцем р. Оліфантс на З. Даўж. каля 800 км. Некалькі паралельных хрыбтоў (Свартберг, Лангеберг і інш.). Сярэдняя выш. каля 1500 м, найб. 2326 м. Складзены з пясчанікаў і кварцытаў. На З клімат міжземнаморскага тыпу, з зімовымі ападкамі больш за 600 м, на У ападкі больш раўнамерныя — каля 800 мм за год. Зімой на вяршынях снег. На наветраных схілах, звернутых да Індыйскага ак., зараснікі вечназялёных хмызнякоў і мяшаныя лясы, падветраныя схілы і ўнутр. даліны паўпустынныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЙСКІ АРХІПЕЛА́Г,
аб’ядноўвае прыблізна 3,5 тыс. астравоў і скал у Жоўтым м. і пралівах Карэйскім і Чэджу, каля паўд. і паўд.-зах. берагоў Карэйскага п-ва. Найб. а-вы Каджэдо, Намхэдо, Чындо (Рэспубліка Карэя); пл. 300 км² і больш. Берагі моцна парэзаныя, шмат бухтаў. У рэльефе пераважаюць узгоркі і нізкагор’і. Выш. да 786 м (на в-ве Намхэдо). Клімат субтрапічны мусонны. Вечназялёныя лясы і хмызнякі. Прылівы (да 3 м) ствараюць паміж астравамі магутныя прыліўна-адліўныя цячэнні (да 17 км/гадз), што перашкаджае мараплаванню. Рыбалоўства, лоў малюскаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАФЕРМЕ́НТЫ [ад лац. co (cum) разам + ферменты],
каэнзімы, арганічныя злучэнні небялковай прыроды, якія ўваходзяць у склад ферментаў. Неабходныя для многіх складаных ферментатыўных рэакцый (сувязное звяно паміж 2 рознымі ферментамі). Пры злучэнні з апаферментам К. ўтвараюць каталітычна актыўны комплекс (холафермент). Могуць аддзяляцца ад бялковай часткі ферменту і пераносіць атамы ці групы атамаў, што адшчэпліваюцца ферментам ад субстрату. Трывала звязаныя з бялком К. наз.прастэтычнай групай. Большасць К. — вытворныя вітамінаў, адсутнасць якіх у ежы чалавека і жывёл прыводзіць да недастатковай актыўнасці некат. ферментаў і выклікае парушэнні абмену рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫЯ ЛІ́КІ,
цэлыя або паўцэлыя лікі, якія характарызуюць пэўныя станы квантавых аб’ектаў (атамаў, малекул, ядраў, элементарных часціц). Вызначаюцца ўласнымі значэннямі аператараў, якія атрымліваюцца пры квантаванні адпаведных фіз. велічынь.
Напр., у квантавай механіцы стан асобнага электрона ў атаме вызначаецца 4 фіз. велічынямі (энергіяй, арбітальным момантам імпульсу, праекцыяй спінавага і магнітнага момантаў) і залежыць ад 4 К.л. адпаведна: галоўнага, арбітальнага (азімутальнага), магнітнага (цэлы) і праекцыі спіну (паўцэлы). У фізіцы элементарных часціц К.л. класіфікуюцца мікрачасціцы па тыпах і групах (напр., барыёны, мезоны, дзіўныя часціцы) і вызначаюць імавернасці розных рэакцый паміж імі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАСІ́ТА (Дзюндзі) (н. 2.8.1914, Токіо),
японскі драматург, тэарэтык т-ра. Скончыў Такійскі ун-т (1939). Першы значны твор — гіст. драма «Навальніца» (1947). Яго творы адметныя рэалізмам, сувяззю з фалькл. традыцыямі, усебаковым паказам яп. рэчаіснасці: п’есы «Жураўлінае пер’е» (1949, паст. 1955), «У адной усходняй краіне» (1959), «Японец па імені Ота» (1962; пра Р.Зорге), «Востраў Акінава» (1963), «Паміж богам і чалавекам» (1972), «Свята на мерыдыяне» (1978). Аўтар п’ес на тэмы нар. казак, тэарэт. прац «Праблемы японскага народнага сказа» (1955), «Свет драмы» (1959), «Дыялог з драмай» (1968) і інш.