Па́лка ’частка тонкага ствала або галіны, ачышчаная ад парасткаў’. Рус., укр. па́лка, ст.-рус. палъка, польск. pałka ’тс’. Пэўнай этымалогіі няма. Корш (у Праабражэнскага, 2, 9) мяркуе аб запазычанні са ст.-в.-ням. pfâl ’кол’ < лац. pālus ’тс’. Фасмер (3, 193) адхіляе гэту думку з-за розніцы ў значэнні, прыводзіць супастаўленне Младэнава (409) са ст.-в.-ням. spaltan ’расколваць’, ст.-інд. sphátaýati ’ён расколвае’, phálakam ’дошка’, phálati ’лопацца, трэскацца’. Іншыя версіі аб роднаснасці з паліць (Махэк, 429), таму што палкам надавалі цёмны колер з дапамогай агню ці таму што яны выкарыстоўваліся як паліва (Праабражэнскі, 2, 9 і наст.), і з палец (Брукнер, 391) менш верагодныя.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пампу́шка 1 ’невялікая круглая пышная булка; аб тоўстым пульхным дзіцяці, жанчыне’ (ТСБМ, Нас., Федар. VI, VII), ’аладка’ (Яруш., Бяльк.), пампу́шкі ’булкі’ (Сл. Брэс.). Рус. паўдн. пампу́ха, пампу́шка ’від вырабу з цеста; праснак з часнаком’, укр. пампу́х ’пампушка’. Праз польск. pampuch ’аладка’ з ням. Pfannkuchen ’блін’ з дыстантнай асіміляцыяй p‑k > p‑p (Мацэнаўэр, 269; Міклашыч, 230; Фасмер, 3, 194). Праабражэнскі (2, 10) мяркуе аб магчымым уплыве пу́хнуць.
Пампу́шка 2 ’скрутак тытуню’ (Сл. ПЗБ). Ст.-бел. пампухъ ’пачка тытуню’ (Чартко, Даследаванні па літ. і мове, Гродна, 1967, 54). Рус. арханг. пампу́ша ’звязка лісця тытуню’. Гл. папуша. Сюды ж, відаць, і панпу́шка ’клубок нітак’ (Мат. Гом.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Панталы́к ’фанабэрыя, пыха’ (Нас.), ’розум, троп’ (Бяльк.), збіць(ца) з панталыку ’збіць(ца) з розуму’ (ТСБМ, ТС). Рус. панталы́к ’толк’, звычайна ў выразе сбить з панталы́ку, укр. збити з пантели́ку ’тс’. Пэўнай этымалогіі няма. Меркаванне Корша (гл. Праабражэнскі, 2, 12) аб запазычанні з азерб. pänd ’майстэрства, хітрасць, выкрут’. Фасмер (3, 199) лічыць неверагодным. Трубачоў (у Фасмера, там жа) падтрымлівае версію Гараева (Доп., 2, 28) аб паходжанні з ням. дыял. pandl̥ < Band ’завязка’ і ўдакладняе, што панталык сумесна з укр. дыял. карп. пантли́к, пантли́ка ’стужка’, польск. дыял. pętlik, pętlika ’пятля, завязка’, славац. pántlik, чэш. мар. pentlik мае крыніцай аўстрыйска-бавар. pantl ’завязка, стужачка’ (параўн. Балецкі, SSlav. 4, 1958; Крынжале, 354).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Па́параць ’шматгадовая травяністая расліна аддзела папарацепадобных’, па́паратнік. Агульнаславянскае: рус. па́пороть, па́поротник, укр. па́пороть, ст.-рус. папороть, польск. paproć, серб.-харв. па̏прат і г. д. Прасл. paportь. Роднасныя ў і.-е. мовах: літ. papártis, papartỹs ’папараць’, лат. papar̂de, paparkste, paparksts ’тс’, ст.-інд. parṇám ’крыло, пяро’, авесц. parena — н. р. ’крыло, пяро’, ст.-в.-ням. faru ’папараць’, ірл. raith ’тс’ (*prati‑) (гл. Траўтман, 206; Мейе–Эндзелін, 3, 80; Фасмер, 3, 202; Махэк, Jména rostl., 32). Аналагічная семантыка ў грэч. πτερίς ’папараць’ < πτερόν ’крыло’, параўн. яшчэ літ. spar̃nas, лат. spárns ’крыло’, ст.-слав. перѧ ’лячу’. Мяркулава (Очерки, 118), падкрэсліваючы ўстойлівасць семантычнай мадэлі ’пяро’ — ’папараць’, указвае яшчэ на рус. дыял. па́пороток ’крыло птушкі’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Парожні, парожны ’пусты, нічым не запоўнены’ (ТСБМ, Нас., Шат., Янк. БП), поро́жні ’пусты; нішчымны, не прыпраўлены’ (ТС), паро́жневаць ’быць не занятым’ (Нас.), порожнева́ти ’тс’ (Клім.). Рус., укр. поро́жний, ст.-рус. порожьнъ, польск. próżny. Аднакаранёвае са ст.-рус. пороздьнъ, ст.-слав. праздьнъ, в.-луж. prózdny, prózny, н.-луж. prozny, чэш. prázdný, славац. prázdny, серб.-харв. пра̑зни, славен. prázen, prázna, балг. пра́зен, пра́зден. Для ўсх.-слав. і польск. Фасмер (3, 330) узнаўляе прасл. porzdьnjo‑, для астатніх — porzdьnъ. Далейшыя і.-е. сувязі няпэўныя. Горшаль (SR, 5–7, 1954, 121) слав. porzdъ тлумачыць з pors‑do і лічыць роднасным хец. parš‑ ’бегчы’, герм. *ferzan ’аддаляць’, аналагічна слав. pustъ (гл. пусты): pustiti.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пастарна́к 1, пастарнак ’расліна Pastinaca sativa L.’ (Федар. 6 і 7; віц., гом., гродз., маг., Кіс.; Бес., Булг.), ’бядрынец вялікі, Pimpinella magna L. et P.’, ’бядрынец каменяломкавы, Pimpinella Saxifraga L.’ (Касп.), ст.-бел. пастернакъ (пастарнаку пасторнакъ, пастрнакъ, постернакъ, Посторнакъ, постэрнак) ’пастарнак’ (1556 г.) запазычаны са ст.-польск. pasternak, якое праз с.-в.-ням. pasternac з лац. pastinaca ’морква’ (Міклашыч, 233; Вальдэ-Гофман, 2, 261; Брукнер, 398; Фасмер, 3, 212; Булыка, Лекс. запазыч., 150).
Пастарна́к 2 ’галоўны корань яблыні’ (бярэз., Сл. ПЗБ), ’калочак пры вяроўцы, якім карыстаюцца пры навязванні жывёлы на пашы’ (КЭС, лаг.). Да пастарнак (гл.). Названы так у выніку пераносу значэння паводле падабенства да стрыжнёвага кораня расліны.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пенязі (гіст.), ст.-бел. пенези ’грошы’ (Жыв. НС), пе́нязь ’дробная манета ў Польшчы ў XI–XIII стст.’ (Гарб.), укр. пе́нязь ’шэлег, паўгроша’, польск. pieniądz, н.-луж. péńez, в.-луж. pjenjez(e), чэш. peníz, славац. peniaz ’манета’, славен. pẹ̑nez ’тс’, серб.-харв. pjȅnez, pȉnezi ’грошы’, балг. пе́нез ’манета для маніста’, ст.-слав. пѣнѧѕь ’дынарый’. Прасл. *pěnędzь — запазычанне (пасля VIII ст. н. э.) са ст.-в.-ням. pfenni(n)g, pfending ’(сярэбраная) манета’ < лац. pannus ’кавалак, штука тавару’ < і.-е. *pan‑ ’кавалак палатна’, *(s)pen‑ ’прасці’. Наяўнасць ‑ě‑ замест ‑e‑ Мее (Études, 184) тлумачыць як падаўжэнне — кампенсацыя nn‑ > n. Іншыя версіі гл. Фасмер (233–234), Бязлай (3, 24), Махэк₂ (443).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Перакара́цца ’ўпікаць, дакараць; перакідвацца жартамі’ (Др.-Падб.), перакара́ць ’гаварыць наперакор; назаляць’ (Нас.), перакор ’перакорлівасць’ (Др.-Падб., Яруш.), перако́ра ’наперакор’ (Нас.), укр. переко́рюватися ’спрачацца, узаемна дакараць’, перекір(очка) ’пярэчанне’, перекі́рливий ’які пярэчыць’, рус. переко́р ’усё, што робіцца на злосць; дакор, ганьбаванне’, перекора ’спрэчкі, сваркі’, перекораться ’сварыцца’, польск. przekora, przekór ’упартасць, свавольнасць; жарты’, н.-луж. pśekora ’ўпартасць; спрэчкі, сварка’, в.-луж. překora ’спрэчка, сутыкненне’, překorić so ’пасварыцца’, чэш. příkoří, валаш. na překor ’рабіць наперакор’, славац. priekor, robiť priekory ’тс’, славен. prekȍr ’сварка’, серб.-харв. prijèkor ’дакор, папрок, упікі’, макед. прекор ’тс’ < прасл. *per‑koriti > per‑korь. Да пера- і карыць 2 (гл.) (Фасмер, 2, 320; Шустар-Шэўц, 1172; Бязлай, 3, 111).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ву́пар ’крывасмок, вампір’ (Касп., Сцяшк., барыс., Шн., 2, 404); параўн. у запісах Федароўскага: «Каб ты па смерці вупарам хадзіў» (слонім., навагр., Федар., 4, 417); ’ваўкаваты, пануры чалавек’ (карэліц., З нар. сл.; Жыв. сл.); ’упарты чалавек’ (Сцяц.; КЭС, лаг.; Жд., 3; Цых.); ’надзьмуты чалавек’ (Жд., 2). Семантыка і форма слова — вынік кантамінацыі слоў упы́р ’крывасмок, вампір’ (гл.) і упіра́цца ’упарціцца’; супадзенне націску з польск. upior ’крывасмок’ не дае падстаў лічыць бел. слова запазычаннем, бо само польск. слова лічыцца запазычаннем з усх.-слав. з-за пачатковага u‑; аналагічнае развіццё значэння параўн. у рус. упы́рь ’крывасмок’ і упы́рь ’упарты чалавек’ (Фасмер, 4, 165 і наст.). Гл. упор, упі́ра ’упарты чалавек’, ’неслух’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Вы́скарачэнь, вы́скороченʼ, вы́скоротенʼ, ви́скорожэнь, ви́скорошэнʼ, ви́скочэнʼ ’загнуты канец полаза — нос саней; планка, якая ідзе ад загнутага канца полаза саней да першага капыла’ (Маслен.). Бясспрэчна, звязана з рус. вы́скорь і далей выскордь ’дрэва з аголеным карэннем, якое звалена бурай’, таму што полаз часта рабілі з выгнутага кораня (параўн. ко́паны полоз ’полаз з выгнутага кораня’, Маслен., 183). Ад *vyskъriti, якое да і.-е. *(s)ker‑ ’рэзаць, аддзяляць’ (аналагічна рус. выскордь < *vyskъrdnǫti, якое да *s(ker)‑d‑; гл. Мяркулава, Этимология, 1973, 55 і наст.). Бел. формы, відавочна, з расшырэннем дзеепрыметніка на ‑to‑, г. зн. першапачатковая форма вы́скоротенʼ. Але не выключана і ўтварэнне па аналогіі з выварацень (гл.). Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 370 і наст.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)