Ві́нкель ’дэталь у плузе, да якой прымацоўваюцца падэшва і паліца’ (маст., Шатал.), усх.-беласт. vʼínkʼel (Смул.) ’вугольнік для вымярэння вуглоў’ (Сцяшк. МГ, Інстр. II, БРС, КТС). Укр. вінкель ’вугольнік’, рус. винкель ’тс’, польск. winkiel ’вугольнік’. Запазычана з ням. Winkel ’вугал, вугольнік’. Пра шлях запазычання меркаваць цяжка, таму што ў помніках ст.-бел. пісьменнасці слова не адзначана; у рус. літаратурнай мове яно фіксуецца з 1709 г. У бел. гаворкі лексема вінкель магла трапіць з мовы рамеснікаў (нямецкіх каланістаў) або праз польскую мову значна раней.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вінье́тка ’аздабленне ў выглядзе невялікага малюнка на загаловачным лісце кнігі ў пачатку або ў канцы раздзела’ (БРС, КТС). Укр. віньєтка, рус. виньетка (з 1863 г.). Бел. лексема запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 76) < франц. vignette ’віньетка, застаўка’ < vigne ’вінаград, аздоба з галінак і лісцяў вінаграду’ (Даза, 751; Шанскі, 1, В, 102; Махэк₂, 690; БЕР, 1, 149). Фасмер (1, 318) мяркуе, што рус. виньет запазычана з франц. vignette, а рус. виньетка — з ням. Vignette. Апошняе Шанскі (1, В, 102) лічыць памылковым.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галата́ ’беднасць; бедната, галота’ (Шат.). Як і гало́та, утварэнне ад *golъ ’голы; бедны’ (суф. ‑ota). Параўн. рус. го́ло́та́ ’бедната’, укр. голо́та ’тс’. Хістанне ў націску адлюстроўвае дыферэнцыяцыю значэнняў гэтага ўтварэння (у некаторых мовах), ‑otá (для абстрактных назваў), ‑óta (для канкрэтных назваў). Матэрыял з іншых слав. моў (але без рус. мовы) і агляд этымалогій гл. у Слаўскага, 1, 426–427 Фантастычна Фасмер, 1, 431 (да ц.-слав. глота, балг. гло́та ’натоўп, стада’, серб.-харв. гло̏та ’сямейства’ і г. д. < прасл. *gъlota).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гапа́к ’гапак’ (БРС). Рус. гопа́к, укр. гопа́к ’тс’. Лічыцца запазычаннем з укр. мовы, дзе назва танца гопа́к з’яўляецца вытворнай ад выклічніка гоп! Гл. Фасмер, 1, 438. Аб паходжанні самога выклічніка думаюць, што рус. гоп! — гэта ўкраінізм (гл. Шанскі, 1, Г, 129) і наогул падобны выклічнік і ва ўкр. і ў польск. мовах < ням. hopp, hops (гл. Фасмер, там жа). Насуперак гэтаму Слаўскі (1, 428) укр. гоп, польск. hop, чэш. hop лічыць проста гукапераймальнымі (падрабязна Махэк₂, 176, які лічыць hop‑ элементарным, першапачатковым, незапазычаным).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гардзе́ль 1 ’глотка, горла’ (Сл. паўн.-зах.), ’горла’ (Сцяшк.). Запазычанне з польск. gardziel ’тс’ (ужо ў ст.-бел. мове ў XVII ст. было ўзята з польск. гардель; гл. Булыка, Запазыч., 79). Да паходжання польск. слова гл. Слаўскі, 1, 258 (< зах.-слав. *gr̥t‑ělь).

Гардзе́ль 2 ’ліна’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. гарде́ль, карде́ль ’ліна для падымання ветразя’. У рус. мове з гал. kardeel, kordêl ’ліна’ (а гэта з франц. cordelle). Гл. Фасмер, 1, 393. У бел. мову слова пранікла, відаць, з рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Даклярава́ць ’абяцаць’ (БРС), дэкляро́ўка ’абяцаная рэч’ (Нас.). Ужо ў ст.-бел. мове декляровати ’аб’яўляць, абяцаць’ (гл. Булыка, Запазыч., 90). Запазычанне з польск. deklarować ’тс’ (а гэта з лац. declarare; так Булыка, там жа). Кюнэ (Poln., 50) крыніцай польск. слова лічыць ням. deklarieren (< лац.). Параўн. дакляра́цыя, дэкларава́ць. У рус. мове XVII ст. існавала лексема декляровать, якая таксама з’яўляецца запазычаннем з польск. мовы. Пытанне, аднак, досыць складанае (аб магчымых трактоўках гісторыі гэтай групы слоў гл. падрабязна ў Шанскага, 1, Д, Е, Ж, 56).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́марасць ’псіхічнае расстройства, выкліканае моцным жаданнем дасягнуць чаго-небудзь, зайздрасцю і інш.’ (навагр., Жыв. сл.), ’прыгнечаны стан духу’ (Некр.), ’бязрадаснае адчуванне’ (Гарэц., Др.), ’роспач, цяжкае становішча; слабасць’ (Сл. ПЗБ). Лічыцца запазычаннем з літ. nẽrimastis ’турботы’, пры гэтым адбылася перастаноўка складоў і адаптацыя да фанетычных асаблівасцей беларускай мовы (Грынавяцкене і інш., LKK, 16, 1975, 184), параўн. там жа форму без метатэзы — воран. не́рымасць ’тс’, што суадносіцца з іншым балтызмам ры́мсціць ’цярпець, вытрымліваць’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 70). Сюды ж не́марасціцца ’нездаровіцца’ (лід., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Но́саль ’насач, насаты чалавек’ (Сцяц., Сцяшк. Сл.; шчуч., Сл. ПЗБ; Янк. 1; мазыр., Мат. Гом.), укр. носаль ’жук-даўганосік; малаток з доўгім канцом’, польск. дыял. nosal, nochal ’чалавек з доўгім носам’, чэш. nosal, славац. nosäl, nochal ’тс’., Суфіксальнае ўтварэнне ад нос 1 аднак незвычайны націск на корані, параўн. насар, насач і пад., а таксама украінскі адпаведнік схіляюць да думкі пра запазычанне з польскай мовы. Параўн. таксама каваль, маскиль і інш. утварэнні з суфіксам ‑аль, які трактуецца як запазычаны (Карскі 2–3, 25).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кастру́ля ’каструля’ (ТСБМ, БРС, Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. кастрю́ля (дыял. кастру́ля), укр. кастру́ля (у Фасмера, 2, 208: укр. костру́ля). Запазычанне з еўрапейскіх моў. Паводле Фасмера, там жа, відавочна, узята з ням. мовы (Kastrol, Kasserolle). Першакрыніцай з’яўляецца франц. casserolle ’каструля’ (Фасмер сумняваецца, што першакрыніцай можа быць гал. kastrol або н.-ням. kastroll). Шанскі (2, К, 88) усё ж мяркуе, што хутчэй за ўсё крыніцай рус. слова з’яўляецца гал. мова (у Пятроўскую эпоху гэта слова было ў марской лексіцы); ням. крыніца здаецца менш верагоднай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каці́раваць ’вызначаць біржавую цану (курс) каштоўных папер, тавараў, замежнай валюты’ (ТСБМ). Відавочна, непасрэднае запазычанне з рус. мовы. У рус. мове гэта лексема ўзята з ням. kotieren у другой палавіне XIX ст. (упершыню адзначаецца ў слоўніку ў 1887 г.). Ням. kotieren < франц. coter ’каціраваць’ < ’меціць, нумараваць’. Гл. Шанскі, 2, К, 358. Каці́равацца ’цаніцца’, ’ацэньвацца (пра каштоўныя паперы, тавары, валюту)’, ’быць у абароце на біржы’, ’мець тую ці іншую ацэнку ў вачах грамадства’, з’яўляецца ўласна рус. ўтварэннем і адзначаецца з 1914 г. Шанскі, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)