уба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. і з дадан. сказам. Успрыняць зрокам. Зірнеш у цясніну — не ўбачыш і дна. Панчанка. У двух кроках ад сябе нічога нельга было ўбачыць. Лынькоў. У гэты момант дзверы зямлянкі адчыніліся, і .. [Мікалай] убачыў сястру. Шамякін. Марыя ўбачыла перад сабою прыгожыя цёмна-карыя вочы. Кулакоўскі. // Заўважыць, прыкмеціць. Яшчэ здалёк хлопцы ўбачылі, што частка даху дэпо знесена і ў адной з сцен ззяе вялізарная прабоіна. Шчарбатаў. Дзіўным было тое, што .. [Косця] не ўбачыў нікога знаёмага. Адамчык. [Віктар] убачыў каля грубкі вольнае крэсла і сеў на яго. Зарэцкі.

2. Апынуўшыся дзе‑н., самому пабачыць што‑н. Маці, якая за сваё жыццё на радзіме не была далей свайго валаснога мястэчка, убачыла далёкі свет. Пестрак. // Сустрэцца з кім‑н. асабіста. Успомніў .. [Андрэй] пра дзяўчыну. І так захацелася ўбачыць яе яшчэ хоць раз, што аж млосць бярэ. Якімовіч.

3. У думках, мроях уявіць сабе каго‑, што‑н. Можа, на адну хвіліну заснула Саша ў тую ноч і адразу ўбачыла сон. Шамякін.

4. Паглядзеўшы на каго‑, што‑н., выявіць, заўважыць, адкрыць для сябе што‑н. Я зірнуў на бацьку і ўбачыў, што вочы ў яго ўжо не сярдзітыя. Ляўданскі. — Але, — згадзілася Лёдзя і ўбачыла, як усцешыла галоўнага інжынера яе згода. Карпаў. Чаму ж аніколі ніякіх трывог Не ўбачыш у іншых на твары? Гілевіч. // Выявіць, распазнаць скрыты сэнс, прыкметы чаго‑н. у кім‑, чым‑н. [Карнейчык:] Я не ўбачыў у табе закаранелага ўласніка. Крапіва. Млынар убачыў прычыну [дрэннай работы Любы] у яе цяжарнасці, і з трывогай падумаў, што трэба хутчэй яе пазбыцца. Чорны. // Усвядоміць, зразумець што‑н., зрабіць вывад. Убачыць сваю памылку. □ Убачылі яны [рабочыя Марселя] Небяспеку над сваёй радзімай: Змрочны цень фашызму і вайны, Шыбеніц, пажарышчаў і дыму. Танк.

5. і без дап. Зазнаць асабіста, пераканацца на ўласным вопыце. Шмат убачыў і адчуў сэрцам паэт, калі быў на Віцебшчыне, у партызан бацькі Міная. «ЛіМ».

•••

Не ўбачыць як сваіх вушэй каго-чаго — ніколі не ўбачыць каго‑, што‑н., не атрымаць чаго‑н.

Убачыць свет — а) зажыць інакш, куды лепш; б) выйсці з друку (пра перыядычныя выданні, кнігі і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. каго-што, без дап. і з дадан. сказам. Заўважыць, прыкмеціць; згледзець. Зямлянкі былі пабудаваны так, што іх адразу нельга было ўгледзець — глыбока ў зямлі, пад разлапістымі дрэвамі. Шчарбатаў. Звечарэла. Перастала імжыць, аціхла, — не ўгледзелі калі. Пташнікаў. [Аўгінка] выйшла з двара на агароды, а адтуль .. пачала выбірацца на дарогу, каб не ўгледзелі суседзі, куды пайшла. Асіпенка. Зінаіда Антонаўна, абышоўшы забалочаны ўчастак, угледзела, што ўжо вечарэе. Кавалёў. // Успрыняць зрокам, убачыць. Насця азірнулася, каб лішні раз угледзець Васькаву постаць. Лынькоў. Тутэйшыя майстры стараліся так аформіць вазкі, каб яны яшчэ і цешылі вока кожнага, хто іх угледзіць. «Помнікі».

2. каго-што і без дап. Апынуўшыся дзе‑н., атрымаць магчымасць самому пабачыць што‑н. А пойдзеш, у Ліпава лясамі, Напэўна стрэнешся з ласямі, І зайца ўгледзіш і вавёрку. Колас. Каб хату пабачыць бедную, І неба, дзе бусел ляціць, Каб могілкі мог я ўгледзець, Дзе маці мая ляжыць. Караткевіч. // Убачыцца, сустрэцца з кім‑н. асабіста. [Рыгор:] — Калі паверыш мне, усе мае думкі сходзіліся на адным: угледзець цябе як хутчэй. Гартны. Можа больш я ніколі не ўгледжу ні Сяргейкі, ні Марылькі. Сабаленка.

3. за кім-чым. Разм. Дагледзець, прасачыць за кім‑, чым‑н. Паколькі брыгада цяпер вялікая ды разбіта на звенні, аднаму брыгадзіру цяжка ўгледзець за ўсім і ўсімі. Кулакоўскі. [Суседка:] — Ці ж угледзіш за ёй [Надзяй] такою, ці ж утрымаеш у хаце!.. Галавач.

4. каго-што. Паглядзеўшы на каго‑, што‑н., выявіць, заўважыць, адкрыць для сябе што‑н. [Турсевіч] яшчэ раз акінуў поглядам Лабановіча, нібы хочучы ўгледзець яго прытоеныя мыслі. Колас. І які куток гаспадаркі ні ўзяць, усюды ўгледзіш парадак, руплівасць. «ЛіМ». // Выявіць, распазнаць скрыты сэнс, прыкметы чаго‑н. у кім‑, чым‑н. Зорын ажывіўся, ён у субяседніку ўгледзеў сталага чалавека, які разумее і цэніць яго работу. Гурскі. Ва ўсёй гэтай кароткай і такой звычайнай гісторыі капітан Крайко чамусьці ўгледзеў невялічкую недакладнасць. Ваданосаў.

5. што. Устанавіць, выявіць, знайсці, убачыць што‑н. Крытыка, як вядома, ацаніла аповесць [«Адшчапенец» Коласа] даволі стрымана, угледзеўшы ў ёй нямала хібаў і ўпушчэнняў. Мушынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каці́цца 1, качу́ся, ко́цішся, ко́ціцца; незак.

1. Верцячыся, рухацца ў адным напрамку (пра што‑н. круглае, шарападобнае). Маленькая пацешная постаць цягнулася наперад, да гэтага капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць па траве, а потым раптам сарвацца куды-небудзь убок і каціцца, каціцца, каціцца... Лынькоў. Колы стукаліся аб карэнне, плюхалі па гразі і каціліся бокам. Колас. // Саслізгваць, з’язджаць па нахіленай плоскасці. То коціцца камень з высокай гары, То птушка крычыць спрасоння. Свірка. Нарэшце дэтанатар падагнаны пад рэйку, і Тоня першая коціцца з насыпу. Шчарбатаў. // перан. Разм. Апускацца, станавіцца горшым у якіх‑н. адносінах. — Мы коцімся, коцімся ўніз. Дакаціліся ўжо да таго, што жонка друга не верыць нам, баіцца нас. Брыль.

2. Ехаць, пасоўвацца (пра сродкі перамяшчэння на колах). Была ўжо восень з першымі прымаразкамі, і таму павозка лёгка кацілася па гладкіх сухіх каляінах. Якімовіч. Паволі коціцца па няроўнай дарозе трохтонка. Ваданосаў. // Хутка ехаць па слізкай паверхні. Гонка, гонка, з горкі, з горкі Санкі коцяцца мае. Кірэенка. // перан. Хутка ісці (пра нізкага, тоўстага чалавека). [Гамрэкелі], уздымаючы пыл, каціўся па вуліцы, круглы, як мяч. Самуйлёнак. // перан. Хутка рухацца, перамяшчацца (пра вялікую колькасць, масу людзей). У гэты час рэшткі разбітых часцей ворага сапраўды каціліся назад па шляху, што ляжаў кіламетраў за тры ад вёскі. Якімовіч. // перан. Разносіцца, раздавацца (пра гукі). Гулкі стрэл коціцца па Прыпяці і глухне ў прыбярэжных травах і чаротах. Колас. Водгулле грымотаў кацілася імкліва і бурна, бы гул рэактыўнага самалёта. М. Стральцоў.

3. Цячы, струменіцца (пра ваду і пад.). Жоўтая вада з шумам і бульканнем шпарка кацілася ў бок рэчкі, пакідаючы шматкі бруднай пены. Шамякін. Крыніца крышталёвая ў траве Булькоча, ў рэчку коціцца ля бору. Бялевіч. Хутка я ўвесь прамок, а па твары каціліся буйныя кроплі поту. Анісаў. // Расцякацца, плаўна перамяшчацца (пра туман, дым і пад.). Туман коціцца ў даліне, Змоўкла птушка на галіне. Бядуля.

4. Плаўна рухацца па небасхіле. Агніста-чырвонае сонца хутка кацілася за небасхіл. Васілёнак. І месяц коціцца румяны Па-над пуховай гладдзю стрэх. Гаўрусёў. // перан. Ісці, рухацца (пра час, жыццё і пад.). Над разбураным краем Бурна каціўся Ўстрывожаны час. Глебка. Устанаўліваўся мір, і жыццё зноў кацілася той жа дарогай. Васілевіч.

5. заг. каці́ся (каці́цеся). Разм. Ідзі (ідзіце) адсюль.

каці́цца 2, ко́ціцца; незак.

Нараджаць дзіцянят (пра авечку, казу і некаторых іншых жывёл).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ігра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што на чым і без дап. Выконваць што‑н. на якім‑н. музычным інструменце. Іграць польку на баяне. Іграць на жалейцы. □ Машыніст іграў. Барыню змяніла лявоніха, потым пайшлі вальсы. Хомчанка. / Пра радыё, аркестр, патэфон і пад. Радыё іграе. Аркестр іграе паходны марш. // перан.; на чым. Выкарыстоўваць чые‑н. пачуцці, схільнасці і пад. для дасягнення пэўных мэт. Іграць на высакародных пачуццях.

2. Удзельнічаць у спектаклі, выступаць на сцэне, у кіно. Іграць без грыму. Іграць у п’есе. □ Яна з поспехам іграла на універсітэцкай сцэне. Васілевіч. // каго-што. Выконваць якую‑н. ролю на сцэне. Аксане даставаліся галоўныя ролі ў п’есах, а я іграў вартавых, салдат і г. д. Пянкрат. — А іграць нас трэба такімі, якімі былі мы — простымі людзьмі, адарванымі вайною ад будзённых спраў. Шчарбатаў. // што. Выконваць, ставіць на сцэне, у тэатры. Іграць п’есу «Лявоніха на арбіце». // перан. Выдаваць сябе за каго‑н.; маскіраваць свае паводзіны, замыслы. — [Маша] цікавая. Спачатку мне здалося, што яна іграе... А ў жыцці нельга іграць! Шамякін. // перан.; на што. Садзейнічаць чаму‑н., спрыяць чаму‑н. Усе штрыхі, усе мастацкія дэталі павінны іграць на галоўную думку спектакля. Сабалеўскі.

3. Тое, што і гуляць (у 2 знач.). Іграць у карты.

4. на чым, у чым. Блішчаць, адбіваючыся ў чым‑н., ад чаго‑н. (пра святло, сонечныя прамяні і пад.). Іграе ранішняй сонца на жывой вадзе. Лынькоў. // Пералівацца рознымі колерамі. Па дарозе вада рассыпалася ў пыл, іграла на сонцы ўсімі колерамі. Маўр. Зялёныя шаты Пад сонцам іграюць стракатасцю фарб. Звонак. // Класціся, перамяшчацца, падаць няроўнымі рухомымі блікамі, плямамі. Сонечная марозная раніца іграла зайчыкамі на сценах пакоя. Гартны. // Знаходзіцца ў руху, то ўзнікаючы, то знікаючы. На вуснах .. [урача] іграла вясёлая ўсмешка. Шамякін.

5. Быць у бадзёрым, узбуджаным стане (пра пачуцці, уяўленні і пад.). Звініць, звініць у лузе скошаным Дзявочы спеў і — замірае. А смутак чмелем растрывожаным Яшчэ ў грудзях маіх іграе. Гаўрусёў.

•••

Іграць на біржы — займацца біржавымі спекуляцыямі.

Іграць на нервах — гнявіць, нерваваць каго‑н. чым‑н.

Іграць першую скрыпку — а) іграць у аркестры партыю першай скрыпкі; б) перан. быць галоўнай уплывовай асобай у якой‑н. справе.

Іграць ролю — мець значэнне, рабіць уплыў.

Іграць у адну дудку — быць заадно з кім‑н.

Кішкі марш іграюць гл. кішка.

Кроў іграе гл. кроў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́рці, пру, прэш, прэ; пром, праце, пруць; пр. пёр, перла; заг. пры; незак.

Разм.

1. Ісці, рухацца, лезці куды‑н., не зважаючы на перашкоды, без дазволу. — Таварыш камандзір, — пачаў Мікола, — немцы... Проста па балоце пруць... Шчарбатаў. [Ігар] пёр праз хмызняк напралом, ломячы сучча. Ваданосаў. У вёску .. [ваўкі] баяцца хадзіць, а сюды, на хутар, пруць. Сабаленка. // Ісці, рухацца вельмі шпарка. Абрыцкі прэ ва ўсе лапаткі, Бяжыць, як можа, без аглядкі. Колас. З гулкім грукатам, з шумам і звонам За адным прэ другі эшалон. Непачаловіч. Азірнуўся я — і аслупянеў. Па дарозе на мяне прэ ваўкадаў. Кудравец. // Ісці вялікай колькасцю, натоўпам; валіць. Чуць заняўся ўсход Неба яснай зарой, Прэ на поле народ З бараной і сахой. Купала. Вады зараз нагнала, а.. [рыбы] на мелкаводдзе з віроў пруць. Савіцкі. // перан. Імкнучыся дасягнуць чаго‑н., дзейнічаць рашуча, настырна. Было такое — хацеў закруціць з.. [Юлькай]. Толькі хіба са сваёй асцярожнасцю мог устаяць супроць Анкуды, які пер напралом? Карамазаў. Хто ж будзе займацца тымі, якія ўсякімі абходнымі .. сцежкамі пруць у навуку? «ЛіМ».

2. каго-што. Гнаць, выганяць. Праўду тады ў сорак першым казалі, што будуць фашыстаў назад перці так, што драпака даць яны не ўправяцца... Мележ. [Падбярэцкі:] — Андрэй і так і сяк: «Астынь...» А яна: «Вон, і ўсё...» І яго прэ вон разам са мной. Пташнікаў.

3. Выбівацца, выходзіць, вылазіць на паверхню. [Туравец:] «Высеклі безліч [дрэў] каля чыгункі, а лес застаўся. І на высечцы хмызняк вунь прэ...» Мележ. А газ, як на тое ліха, усё прэ і прэ... Вырываецца на прастор. Шыловіч. Пруць з-пад карчоў паганкі, Мох абляпіў дубы. Грачанікаў. / у перан. ужыв. «Ну і фантазія! — думаў.. [Прыборны]. — Так і пруць з .. [Лясніцкага] гэтыя выдумкі». Шамякін. // безас. З сілай выштурхваць што‑н.

4. каго-што. Несці, валачы што‑н. цяжкае, грувасткае. Прэ дзядок старэнькі з лесу Дроў бярэмя, як падняць. Васілёк. [Вольга:] — Я павінна гэтыя яблыкі перці, а ён балюе... Савіцкі.

5. што. Груб. Аддаваць, даваць каму‑н. што‑н. у вялікай колькасці, больш чым патрэбна. А чаму сытыя [каровы]? Бо Пятро другім кармоў недадае, а ўсё тым, Лідзіным, прэ. Ваданосаў.

6. перан.; што. Груб. Прагна есці; жэрці. [Тадора:] — Гэта сала будзе з гэтакага догляду... А нябось, як на скаварадзе паставяць, дык прэш, аж нос гнецца. Крапіва.

•••

З горла прэ — тое, што і з горла лезе (гл. лезці).

Цераз верх перці ў каго — пра лішак, вялікую колькасць чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рад 1, ‑а, М ‑дзе; мн. рады, ‑оў; м.

1. Сукупнасць прадметаў або асоб, размешчаных адзін каля аднаго, адзін за адным у адну лінію. Рад акон. Рад дамоў. □ Пушча шырока ўсміхнуўся, паказаўшы два рады белых, як часнок, зубоў. Шчарбатаў. Роўныя рады яшчэ зялёнага, у самым саку, бульбоўніку збягалі ўніз, да поплаву. Марціновіч. // Строй у адну лінію; шарэнга. Васіль быў вышэйшым за сваіх аднагодкаў і ў страі і хадзіў у першым радзе. Якімовіч. // Месцы для сядзення (у тэатры, кіно і пад.), размешчаныя ў адну лінію. На задніх радах зноў пырснулі смехам. Карпаў. Вадзім прысеў ля самых куліс, у трэцім ці чацвёртым радзе. Мехаў.

2. Сукупнасць з’яў, падзей і пад., якія ідуць адно за другім. Рад гадоў. // У матэматыцы — сукупнасць велічынь, размешчаных у пэўнай паслядоўнасці. Бесканечны рад. Геаметрычны рад. Натуральны рад лікаў. // У хіміі — сукупнасць злучэнняў, кожнае з якіх знаходзіцца ў пэўных адносінах да папярэдняга і наступнага. Радыеактыўны рад. Рад урана.

3. (часта ў спалучэнні са словам «цэлы»). Пэўная, звычайна немалая колькасць чаго‑н.; шэраг. Рад пытанняў. Рад экспедыцый. □ Удзельнікі семінара праслухалі рад лекцый па пытаннях эканомікі. «Звязда». З гэтымі дзвюма задачамі звязваецца цэлы рад другіх задач... Колас.

4. толькі мн. (рады́, ‑оў). Сукупнасць людзей, аб’яднаных якімі‑н. адносінамі, якой‑н. арганізацыяй; састаў. Служба ў радах Савецкай Арміі. □ Камсамольскі сход атрада прыняў Наташу Янкевіч у рады ленінскага камсамола. Шамякін. У рады народных мсціўцаў атрада ніхто з Рагачова не прайшоў без парады ці ведама Марусі. Брыль.

5. Размешчаныя ў адну лінію на рынку ларкі або прылаўкі для продажу якіх‑н. аднародных тавараў. Малочны рад. □ Каля крамнага рада .. [Рыгора] зацікавіла грамадка людзей. Гартны. У мясным радзе на круках віселі асвежаваныя тушы. Карпаў. // толькі мн. (рады́, ‑оў). Месца рознічнага гандлю ў крытых памяшканнях, размешчаных лініямі; самі гэтыя памяшканні. Гандлёвыя рады.

6. Прабор у валасах. Прамы рад. □ Праз акно з канторы паказала галаву з расчэсанымі на рад валасамі Шура. Пташнікаў.

7. Абл. Пракос. Варочаць рады сена. □ [Каса] смачна, нават з нейкім сыканнем, .. валіла роўны і прыгожы рад. Сабаленка.

•••

Гады ў рады гл. год.

У першых радах — уперадзе ўсіх, першым.

рад 2,

гл. рады.

рад 3, ‑а, М ‑дзе, м.

Адзінка паглынутай энергіі радыеактыўнага выпраменьвання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сі́вы́, а́я, ‑о́е і ‑ая, ‑ае.

1. Белы, серабрысты, які страціў афарбоўку (пра валасы). Сівыя валасы. □ З карэты паволі сышоў добра апрануты чалавек з навіслымі сівымі вусамі. Лынькоў. Вочы.. [Міхайлава] молада і хітра бліснулі з-пад сівых калматых броваў. Карпаў. // З белымі валасамі, з валасамі, якія страцілі сваю афарбоўку. Сівая галава. □ Гэта быў хударлявы, яшчэ дужы чалавек, хоць скроні даўно ўжо сталі сівыя. Ваданосаў. На ганак выйшаў гаспадар, ужо стары, каля сямідзесяці гадоў, сівы, лысы. Нікановіч. // У спалучэнні са словам «гады» ужываецца для абазначэння старасці. Ён, сівых гадоў ляснік, Распасцёр свой дажджавік, Ён ідзе, трымае стрэльбу, Гоніць з ёю звера-шэльму. Калачынскі. Хмель на сценах. Бэз лахматы Мірна свеціць на гародах. Тут бы нашым добрым маткам Дажываць сівыя годы. Панчанка.

2. Колеру попелу; шэры. З адной кішэні доўгага сівага халата тырчэла турэцкая булка. Колас. Ёсць [коні] ў сівых яблыках, з лебядзінымі шыямі, з агнявымі вачыма. Бядуля. Раптам сівая хмара засланіла сонца. Мыслівец. // Разм. Бледны з адценнем такога колеру (пра твар чалавека). Сівы твар Рома выцягнуўся. Шчарбатаў.

3. З прымессю шаравата-белай шэрсці (пра футра). Сівы бабровы каўнер. Сівы каракуль. □ Дзверы былі замкнёны, а.. заечая шапка [Хвядоса] вісела на плоце, вецер перабіраў на ёй дробныя сівыя валаскі. Шашкоў. // З такой шэрсцю; з шаравата-белым апярэннем (пра жывёлін і птушак). Сівы конь. □ [Караткевіч і Даўгулевіч] тады заспрачаліся, якія бываюць галубы. Ці толькі сівыя, якіх яны перад сабою бачылі, ці бываюць і іншай масці? Гурскі. // у знач. наз. сі́вы, ‑ага, м. Пра каня такой масці. Увесь яравы палетак прыйдзецца пераараць, цэлую вясну тузацца з плугам, .. праклінаючы страшнымі кленічамі невінаватага ні ў чым сівага. Крапіва.

4. перан. Шаравата-белы, бялявы. Невідочныя шумелі Чараты ў сівым тумане. Зарыцкі. Над Казбекам, над сівой макушкаю, Задрамала воблака ў цішы. Калачынскі. Нерухома стаялі дрэвы, сівыя ад расы. Самуйлёнак. Кіпіць Енісей, мнагаводны, як мора, Сустрэўшы сівы акіян. Хведаровіч. Схілы гары былі голыя, усланыя сівым, сухім мохам. Пестрак.

5. перан. Які мае адносіны да далёкага мінулага; старажытны. І перад намі паўставалі Сівыя, даўнія вякі, Калі жылі і ваявалі Не мы, а нашы землякі. Глебка. Нечым старым, сівым, далёкім патыхала ад.. [парку]. Чарнышэвіч.

•••

Дажыць да сівых валасоў гл. дажыць.

Сівы як лунь — зусім сівы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвёрды, ‑ая, ‑ае.

1. Які характарызуецца стабільнасцю формы пры нармальных умовах, у адрозненне ад вадкага і газападобнага. Цвёрдае цела. Цвёрдыя рэчывы. Цвёрдае і вадкае паліва. // Сухі, не вадкі (пра ежу). Хоць .. [хворага] накармілі, як госця, але не дужа сытна: з галадухі любая цвёрдая страва можа пашкодзіць. Ваданосаў.

2. Які з цяжкасцю паддаецца сцісканню, згінанню, рэзанню і пад.; проціл. мяккі. Цвёрдае, як жалеза, дрэва слаба паддавалася піле. Чарнышэвіч. І манішка на ім [чалавеку] была цвёрдая, і гальштук спрытна падвязан. Чорны. // Які не прагінаецца (пры сядзенні, ляжанні); мулкі. Цвёрдае крэсла. □ Віця Шэўка ляжыць на цвёрдай жалезнай койцы. Брыль. // Грубы, жорсткі (навобмацак). Рукі ад работы [у Валюты] цвёрдыя .. Нацягалася за свой век. Пташнікаў. [Пані Яндрыхоўская:] Старая скура цвёрдая — загадаю бізуноў дзесяць лішніх дабавіць. Крапіва. // Уезджаны, убіты (пра дарогу, грунт і пад.). Толькі раніцой наступнага дня трактар выцягнуў машыну Семенюка на цвёрдую дарогу. Мяжэвіч. Капаць пячору ў цвёрдым камяністым грунце было нялёгка, і справа ішла вельмі марудна. Бяганская.

3. перан. Стойкі ў сваіх перакананнях, намерах; непахісны. Цвёрды характар. Цвёрдая воля. □ [Кастусь:] — Будзьце цвёрдыя і непахісныя ў любой баталіі з ворагам — малой і вялікай. Якімовіч. // Які выражае непахіснасць, стойкасць. Да тэлефона падышоў Гаварушка. Голас у грубцы быў цвёрды і аўтарытэтна спакойны. Лобан. Спакойны цвёрды Зеленюкоў тон яшчэ больш раздражніў Карызну. Зарэцкі.

4. Устойлівы, трывалы, не хісткі. [Дзічкоўскі] ступіў на гладкую дарожку і далей пайшоў цвёрдым крокам. Алешка. // Які не падпадае пад адвольныя, частыя змены; стабільны. Цвёрдая ўлада. Цвёрдыя цэны. □ — У саўгасе цвёрдая аплата. Будзе большая матэрыяльная зацікаўленасць... Навуменка. «Зялёная падкормка, цвёрды распарадак у доглядзе, чысціня ў кароўніку, — падагульняў Ульянка. — Так, усё гэта трэба ўводзіць на ферме». Шчарбатаў. // Трывалы, надзейны; без парушэнняў. Цвёрдая дысцыпліна. Цвёрдае абяцанне.

5. перан. Канчатковы, беспаваротны; без хістанняў. Цвёрды намер. Цвёрдае рашэнне. Цвёрдая ўпэўненасць. □ — Ты павінен вырашыць сам, як падкажа табе сумленне. А вырашыш — дай цвёрды адказ. Шамякін.

6. Добра засвоены, трывалы, грунтоўны. Цвёрдыя веды.

7. Выразны, рэзкі (пра рысы твару). Чорныя кучаравыя валасы, белы твар,.. як вытачаныя дзеля прыгажосці пераноссе і барада — цвёрдыя рысы. Чорны.

8. Спец. Які вымаўляецца без набліжэння сярэдняй часткі языка да цвёрдага паднябення. Цвёрдыя зычныя гукі.

•••

Цвёрды вагон гл. вагон.

Цвёрды знак гл. знак.

Стаяць на цвёрдай глебе; мець (адчуваць) цвёрдую глебу пад нагамі гл. стаяць.

Цвёрдае слова гл. слова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́ціць, трачу, траціш, траціць; незак., каго-што.

1. Расходаваць грошы, сродкі на што‑н. з пэўнай мэтай, патрэбай. Мішка пачынае ўспамінаць Кірылу .. Калі яны з Кірылам зараблялі дзе грошай, то заўсёды трацілі іх сумесна. Лупсякоў. [Іван Маеўскі:] — Вось няхай яны мне адкажуць, адукаваныя... Іх савецкая ўлада вучыла, мільёны траціла на іх. Шамякін.

2. Марна, без толку расходаваць. [Бацька:] — Яшчэ там дзесятка залатая ёсць, то яе да вяселля свайго не граць. Чарнышэвіч. [Начальнік варты:] — Таварыш камандзір, гэта Цыганок пайшоў на пост і вось траціць дарма патроны. Шчарбатаў.

3. Пазбаўляцца ад каго‑, чаго‑н., страчваць, губляць каго‑, што‑н. Траціць здароўе. Траціць зрок. □ Вузкая хмарка ўсё больш ды больш налівалася чырванню, а высокае воблака ўсё святлела, траціла ружовасць. Брыль. Заўважыўшы велічную постаць Палаткі, вясёлы расказчык адразу траціў сваё красамоўства. Лынькоў. Прымірыўшыся з мужавым парадкам, Таццяна не траціла ўсё ж надзеі: «Калі ж небудзь задаволіць ён сваю прагнасць, стане чалавекам». Пальчэўскі. Як толькі Васіль Пятровіч успамінаў Алу, у грудзях яго каламуццю ўзнімалася трывога, усё змрачнела навокал, траціла цікавасць. Карпаў. Многія рэчы ў працэсе карыстання трацяць прыгажосць і свой першапачатковы колер. «Звязда». Скажы матулі мілай, хай не плача І слёз сваіх не траціць без прычын. Астрэйка.

4. Несці страту ў асобе таго, хто памёр, пайшоў і пад. [Шкурапкоў:] Мне шкада траціць прыяцеля, але жыццё мне даражэй вашай рукі. Крапіва. Хлопец траціць каханую і засынае неабудным сном на могілках, поруч з абранніцай, яна таксама не стрывала цяжару жыцця. Лужанін.

5. Пераставаць уладаць якімі‑н. матэрыяльнымі каштоўнасцямі; несці страту ў чым‑н. Траціць маёмасць. □ Сярэдніх сяляне і вясковая бедната, атрымліваючы пазыку ад банка і не маючы магчымасці расплаціцца, часта трацілі зямлю і маёмасць, якія прадаваліся з малатка. «Весці».

6. Праводзіць час бязмэтна, марна, дарэмна. І усе ведалі, што дзейнічаць трэба хутчэй, што нельга траціць часу. Галавач. Калі [Вашчанюк] браўся за што — траціў цэлыя гады, перабіраў дзесяткі варыянтаў, адхіляў нават тое, што ўхвалілі сябры, і дасягаў свайго. Гроднеў.

7. Парушаць сувязь, паслядоўнасць у думках, гутарцы і пад. Тварыцкі пачаў траціць логіку, якую меў, у сваёй гаворцы. Чорны.

•••

Няма чаго траціць (губляць) каму — можна на ўсё пайсці, бо горш ужо не будзе.

Траціць галаву (розум) — тое, што і губляць галаву (гл. губляць).

Траціць голас — а) страчваць здольнасць гаварыць, крычаць, пець (у выніку прастуды, хвалявання і пад.); б) страчваць гучнасць, чыстату і пад. (пра голас спевака).

Траціць грунт (глебу, зямлю) пад нагамі — пазбаўляцца таго, на чым грунтуецца грамадскае становішча, светапогляд і пад.

Траціць уладу над сабой — губляць самакантроль, бянтэжыцца.

Траціць цану — зніжацца ў вартасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упусці́ць, упушчу, упусціш, упусціць; зак.

1. каго-што. Дазволіць увайсці, уехаць куды‑н. Гаспадыня бразнула крукам і ўпусціла Рыгора ў кватэру. Гартны. Сярод.. [вайсковых] Паходня пазнаў і малодшага лейтэнанта, які ўпусціў у вагон пасажыраў з тамбура. Хадкевіч. Дайсці да.. [інжынера] Лабановічу ўдалося толькі ў другую палавіну дня, і ўпусцілі яго ў кабінет інжынера не адразу. Колас. // Пусціць у шкоду (у пасевы, сенажаць і пад.). — Упусціш [гусей] у гарод, паскамі адсцябаю, як вярнуся, — паказвае маці сыну, адыходзячы на працу ў калгас. Пальчэўскі. Каб старшыня не нарваўся — сам Чэсік баіцца гэтага больш за Мікодыма. Баіцца, што старшыня будзе сварыцца на іх за тое, што ўпусцілі кароў у сенакос. Васілевіч. // Даць пранікнуць куды‑н. Упусціць пару ў трубы. Упусціць холад у хату. □ У цвёрды грунт, у шчыліны сцяны, Дзе не магло да гэтага расці нічога, Яна [галінка вішняку] свае ўпусціла карані. Танк. // Ка́паючы, уліць у што‑н. [Фельчар] наліў у лыжку вады, упусціў туды некалькі кропель з маленькай пляшачкі. Кулакоўскі.

2. што. Не ўтрымаць у руках. Прыёмшчык пабялеў і ўпусціў з рук аловак. Няхай. Валя так задумалася, што зусім забылася, што трымае ў руцэ шклянку з недапітым чаем, і ўпусціла яе. Шамякін. / у перан. ужыв. Чую песні стыхіі-разводдзя, Не стрымаць твае вольнае плыні! Упусціла старое паводдзе, Калі вір маладога нахлынуў. Трус.

3. каго. Па недагляду, непаваротлівасці і пад. даць магчымасць каму‑н. уцячы, схавацца. Надзя абмацала ў кішэні дзве лімонкі. Хопіць. Галоўнае, каб гаспадар не ўцёк, каб не ўпусціць яго. Бураўкін. На двары Данілаў падбег да Валодзі і сказаў, што трэба дзейнічаць хутчэй, бо каменданта ён упусціў. Федасеенка. // чаго. Не заўважыўшы, прапусціць, не адзначыць што‑н. Па дарозе назад я праглядваў свае накіды, ці не ўпусціў чаго. Кірэйчык.

4. перан.; што. Не здолець своечасова выкарыстаць спрыяльныя абставіны. Стары.. хапаўся сам і падганяў іншых — усё баяўся ўпусціць час, божкаў, каб пратрымалася надвор’е. Мележ. «І вось, папалася прыгожая, — з крыўдаю на сябе падумала тады Паліна. — Як жа гэта я ўпусціла зручны момант?..» Кавалёў. // Страціць што‑н. Дзяўчаты імкнуліся не ўпусціць першынство. Шчарбатаў. Ім [хлопцам] крыўдна, што дзесьці хадзілі, Што дзесь сустракалі зару, А блізкае шчасце ўпусцілі. Ляпёшкін. — Прыжымісты, — гаварылі пра.. [Міколу] хлопцы. — Гэты свайго не ўпусціць. Навуменка. // Не здолець утрымаць каго‑н. Косцік бачыў, што натрапіў на купца, што гэта дзяўчына можа купіць туфлі. Упусціць яе — ці знойдзецца хто іншы? Арабей.

5. што. Уставіць у выразанае, паглыбленае месца. Упусціць замок у дзверы.

•••

Упусціць з-пад увагі — тое, што і выпусціць з-пад увагі (гл. выпусціць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)