перане́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. перанёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; заг. перанясі; зак.

1. каго-што. Забраўшы з аднаго месца, перамясціць у другое, даставіць куды‑н. Перанесці дровы пад павець. Перанесці лямпу ў другі пакой. □ У той вечар .. дзеду зрабілася холадна, і ён папрасіў, каб перанеслі яго на печ. Сачанка. Пакінуўшы бацькоўскую хату, Лена ўсё, што ёй было патрэбна, перанесла і перавезла ў клуб, пасялілася там у невялічкім пакойчыку. Ваданосаў. // Несучы, перамясціць цераз што‑н., на другі бок чаго‑н. Перанесці хлапчука цераз ручай. // перан. Пераключыць увагу, думкі на што‑н. іншае. Грукат колаў Марыну з высокіх нябёс Зноў на дрогкую нашу зямлю перанёс. Куляшоў.

2. што. Змяніць месцазнаходжанне чаго‑н., размясціць у іншым месцы. Перанесці сталіцу ў іншы горад. □ Нарада па сваёй люднасці атрымалася значна большая, чым думалі, і яе прыйшлося перанесці ў памяшканне канторы. Ермаловіч. // Перамясціць, пераставіць які‑н. будынак у другое месца. Дома бацька вельмі часта.. меркаваў сам сабе, колькі спатрэбіцца новага дрэва, каб перанесці на новае месца хату. Чорны.

3. што. Пераключыць з аднаго на другое, накіраваць на што‑н. іншае. Калі артылерысты перанеслі агонь углыбіню, у бой пайшлі танкі і пяхота. Мележ. // Распаўсюдзіць, пашырыць што‑н. на каго‑н. другога, на што‑н. другое. Перанесці перадавы вопыт на ўсе прадпрыемствы. □ [Віктар] зразумеў, што гэта Карызна перанёс на яго ўвесь комплекс пачуццяў, якія раней меў да Зеленюка. Зарэцкі.

4. што. Адкласці на другі час. Перанесці пасяджэнне на вечар.

5. што. Размясціць, падаць частку якога‑н. тэксту ў другім месцы. Перанесці працяг рамана ў наступны нумар часопіса. // Аддзяліць частку слова для пераносу ў наступны радок згодна з правіламі правапісу. Перанесці апошні склад слова.

6. што. Адлюстроўваючы што‑н. графічным спосабам, падаць, абазначыць у іншым месцы. Перанесці задуму на чарцёжны ліст. Перанесці ўмоўныя знакі на карту. □ — Каб я ўмеў маляваць, — сказаў Лабановіч, — я перанёс бы яе [каплічку] на паперу. Колас.

7. што. Зазнаць, перажыць што‑н. непрыемнае, цяжкае; перацярпець. Жаўтаваты твар з прамяністымі маршчынамі вакол вачэй гаварыў, што нямала гора перанесла кабета. Васілевіч. За дзень .. [жанчыны] так стаміліся і перанеслі столькі хваляванняў, што іх адразу пацягнула да сну. Няхай. // Пераадолець, вынесці. Расліны перанеслі засуху. Перанесці запаленне лёгкіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Накіроўваць увагу на якія‑н. гукі, намагацца пачуць што‑н. Слухаць спевы птушак. Слухаць радыё. Слухаць лекцыю. Слухаць казкі. □ І слухаюць вушы гул песень юначых. І цешыцца сэрца з вялікага свята. Купала. Чырвонаармеец становіцца і слухае, потым прыгінаецца і ўглядаецца ў змрок. Чорны. Расказ пра гэтыя мясціны слухаў бы і слухаў я няспынна. А. Вольскі. // Быць слухачом якога‑н. канцэрта, выступлення і пад. Мы з цікавасцю слухалі гарманістаў і спевакоў. Бядуля.

2. Даследаваць шляхам выслухвання стан і работу якога‑н. унутранага органа. На трэці дзень да нас прыйшоў доктар. Мне ўжо было зусім добра. Ён не столькі слухаў і выстукваў мяне, колькі слухаў дарослых аб маёй хваробе. Грамовіч.

3. Публічна разглядаць (якую‑н. судовую справу). Слухаць справу аб разводзе. // Публічна заслухваць (чыю‑н. інфармацыю, паведамленне і пад.) з мэтай разбору, ацэнкі і пад. У камітэце рыхтаваліся слухаць Дывінца. Асіпенка. Дырэктара МТС Крыловіча слухалі на бюро абкома і запісалі вымову. Шамякін.

4. Вывучаць што‑н., наведваючы лекцыі, заняткі. Слухаць курс гісторыі. Слухаць палітэканомію ва універсітэце. □ [Галена:] — І нейкія дысцыпліны ходзіць [Бародзіч] слухаць на медфак. Чорны.

5. Рабіць так, як хто‑н. раіць, вучыць. Візэнер і слухаць не хацеў сваіх калег. Шамякін. // Браць пад увагу чые‑н. словы. [Лютынскі:] Калі слухаць усялякія гаворкі адсталых элементаў, дык мы ніводнага мерапрыемства не правядзём. Крапіва. І хлопцы слухалі.. словы [Арона] і, відаць, згаджаліся з ім. Мурашка. Не слухаеш добрых слоў — паслухаеш ліхога кія. Прыказка.

6. Слухацца каго‑н., выконваць чыю‑н. волю. Але ці будуць хлопцы слухаць? Каб не прыйшлося, часам, нюхаць Яму ад вучняў сваіх хвігі? Колас. Дачка павінна слухаць бацькі, павінна споўніць бацькаву волю. Гартны. // Паслухмяна дзейнічаць, падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н. (пра часткі цела, механізмы і пад.). [Жэнька] хоча падбегчы ды выцяць Падласку дубцом, але ногі не слухаюць. Крапіва.

7. заг. слу́хай(це). Разм. Ужываецца як зваротак у пачатку размовы для таго, каб прыцягнуць увагу. — Слухай, — сказаў.. [Мірон], — у нашым становішчы шкада пакідаць здабычу, якая б яна ні была. Маўр. [Астап:] — Слухай, ты, ласкавая душа! Спытацца ў цябе вось хачу. Лынькоў.

8. 1 ас. адз. цяпер. слу́хаю. Адказ (пераважна вайскоўцаў) на якое‑н. распараджэнне, які абазначае, што яно будзе выканана.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стра́ціць, страчу, страціш, страціць; зак., каго-што.

1. Застацца без каго‑, чаго‑н. Лізавета Назараўна канчаткова страціла субяседнікаў. Корбан. Сяргей працуе бухгалтарам у сваім калгасе. Ён на фронце страціў нагу. Чарнышэвіч. Я ўсё кахаў цябе, Таіса, і мне цяжка было адчуваць, што назаўсёды страціў цябе. Скрыган. // Панесці страты (пра тых, хто загінуў, памёр). Страціла Радзіма мая столькі сыноў, колькі ў лесе дубкоў. Грачанікаў. Васіль Чаравака страціў бацьку, маці і замужнюю маладую сястру. Пестрак. // Панесці страты ў жывой сіле, тэхніцы ў час вайны, бою. У баі страцілі пятнаццаць чалавек. / Пра кроў. [Кастусь] ранен у бок і напэўна страціў многа крыві. Чорны.

2. Марна, без карысці патраціць што‑н. дарагое, каштоўнае (час, грошы і пад.). — А цяпер давайце ўсё-ткі займацца, а то мы цэлы вечар страцім, — у каторы раз схіліўся Косця над чарцяжом. Шыцік. [Чалавек:] — Я лепш галодны пасяджу, а капейкі не страчу. Чорны. Кратаў скронь пасівелую, Сумаваў, не таю: Ах, шкада, што даспелую Восень страціў сваю. Бялевіч.

3. Перастаць мець што‑н., валодаць чым‑н.; не захаваць, не зберагчы што‑н. У целе — дзіўная лёгкасць, быццам яно страціла вагу. Шамякін. [Хлопцы] ж страцілі апошнія сілы ў змаганні за вызваленне. Маўр. / Пра пачуцці, сімпатыі і пад. На вясну Аня выйшла замуж за футбаліста і ўжо страціла ранейшую прыхільнасць да Веры. Кулакоўскі. / Пра прывілеі, правы і пад. Гурын страціў права на літасць. Машара.

4. Застацца часткова або поўнасцю без якіх‑н. уласцівасцей, якасцей, сувязей і пад. Страціць надзею. Страціць вартасць. Страціць кантакт. □ Пан Вашамірскі болей іншых страціў гумар. Бядуля. Вось суровыя рады бярозавых крыжоў на самай ускраіне сяла ўжо страцілі свой беласнежны колер. Лынькоў. Перад дажджом крымская прырода страціла яркія фарбы. Лужанін. Няскошаныя травы пастарэлі, пажухлі, але яшчэ не страцілі водару. Гамолка. У вайну мы [Ваня і Жэня] страцілі ўсякую сувязь, і, калі сказаць праўду, зусім забыліся адно на аднаго. Васілевіч. // Выйсці з ранейшага становішча; змяніць размяшчэнне, позу. Упаў Даніла ў злосць, у ярасць, Уладу страціў над сабой. Колас. [Васпаваты чалавек] наважыўся ўдарыць Станіслава ў твар, але пахіснуўся, п’янае тулава страціла раўнавагу — ён грузка чмякнуўся аб падлогу. Мікуліч.

5. Збіцца, згубіць (пра дарогу, сцежку і пад.). Немцы не адважыліся ісці за .. [партызанамі] ці можа страцілі след. Мележ.

6. Абл. Загубіць, знішчыць. Надумаліся паны са свету .. [музыку] страціць. Якімовіч.

•••

Страціць ласку у каго — перастаць быць у пашане, у павазе.

Страціць прытомнасць — самлець, абамлець.

Страціць розум — здурнець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ступі́ць ​1, ступлю, ступіш, ступіць; зак.

1. Зрабіць крок. Сяржант ступіў пару крокаў, адсунуў плячом Цімоха. Асіпенка. Аднак не паспеў [Пеця] ступіць і некалькі крокаў, як прыкмеціў у змроку шэрую пляму. Анісаў. Ступіць Сёмка раз, а яго сусед тры (ногі ў суседа кароткія). Чорны. // Наблізіцца, падысці да каго‑, чаго‑н. Бацька ступіў да .. [сына] першы, працягнуў абедзве рукі: — Дзякуй богу! Гэта ты, сынок? Кулакоўскі. Антанюк ступіў да штыкетнага паркана: дарога і тратуар слізкія. Шамякін. // Пераступіць цераз што‑н. Сярожа знайшоў клямку, адчыніў дзверы і ступіў цераз парог. Паўлаў. // перан. Пачаць дзейнічаць, працаваць і пад. Вялікая мужнасць патрабавалася ад Адэлі, каб зрабіць вырашальны крок, парваць з хутарам і ступіць на іншы, новы шлях. Кучар. Але здарылася так, што [Лінкевіч] у крутую хвіліну ступіў не на тую дарогу. Дуброўскі. / у перан. ужыв. На савецкую зямлю ступіла вясна — вясна завяршаючага года пяцігодкі. «Звязда».

2. Паставіць нагу куды‑н., наступіць на каго‑, што‑н. — Ну? — нецярпліва кінуў насустрач .. [Валі] стары, ледзь яна ступіла на падножку. Мележ. Лета ў самым пачатку, і столькі курынай слепаты, што не ступіць нагою, каб не трапіць на краску. Мыслівец. // Ідучы, зрабіць упор (на нагу, пальцы і пад.). Ступіць на пятку. Ступіць на хворую нагу.

3. Увайсці куды‑н. Гаспадыня, яшчэ ні пра што не здагадваючыся, запынілася на парозе. Асцярожна пр[ы]чыніла за сабой дзверы. Ступіла ў пакой і зразумела ўсё. М. Стральцоў. На стол пакласці ўсё, што ёсць, — Такі ўжо звычай наш спрадвечны. Як толькі ў хату ступіць госць — Адразу смажыцца яечня. Сіпакоў. // Трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Адчыніў я веснічкі, ступіў на бацькаў двор, ды так быццам і прырос да зямлі... Васілевіч. Так веку чвэрць ваюючы за шчасце, Ступіў баец на родную зямлю. Звонак.

•••

Кроку не ступіць без каго-чаго — а) немагчыма самастойна зрабіць што‑н.; б) немагчыма абысціся без чыёй‑н. дапамогі, падтрымкі, без каго‑, чаго‑н.

Куды ні ступі — усюды, скрозь.

Нага чыя не ступіць гл. нага.

Не даваць кроку ступіць гл. даваць.

Не ступіць на парог — не бываць у каго‑н., не заходзіць да каго‑н.

ступі́ць ​2, ступлю, ступіш, ступіць; зак., што.

Зрабіць тупым, затупіць. Ступіць пілу. □ Спрабаваў Леў высякаць Іскры, ды дарма. Толькі кіпцюры ступіў, А агню — няма. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трашча́ць, ‑шчу, ‑шчыт, ‑шчыць; незак.

1. Утвараць трэск (у 1 знач.). Ступіць не паспееш два крокі — Лядок яшчэ тонкі трашчыць. Прыходзька. Дах трашчаў, развальваўся, са скрыгатам спаўзаў уніз. Хомчанка. Сухія сцябліны трашчалі пад нагамі, лісце чаплялася за рукі. Даніленка. Весела трашчалі ў печы сухія бярозавыя дровы. Васілевіч. / Пра моцны мароз. Дзяўчынка ўхуталася ў старую світку, бо на дварэ трашчаў мароз. Сабаленка. Мароз трашчыць, снягі мяце, Снягір, як макаў цвет, цвіце, Спявае, весяліцца, Марозу не баіцца. Хведаровіч. // Рабіць рэзкі шум, грукат, стук і пад. Матацыкл, фыркае раз, другі і раптам аглушальна трашчыць. Жычка. Трашчаў будзільнік доўга і звонка. Гаўрылкін. Трашчалі бульдозеры, разраўноўваючы зямлю для бетоннай падушкі. Паслядовіч. Трашчалі аўтаматы і кулямёты, глуха бухалі гранаты, а потым пракацілася гулкае «ура!». Няхай. // Утвараць траскучы гук. Пясок трашчыць на зубах. // Абзывацца гукамі, падобнымі па трэск (пра насякомых, птушак). У лесе цішыня, толькі начныя цвыркуны.., забыўшыся на сон, трашчаць увесь час. Ігнаценка. Сарока-белабока Трашчыць тут недалёка. Астрэйка. На явары трашчыць спрасонку бусел, Зрабіўшы стойку на адной назе. Прануза.

2. перан. Хутка, доўга, не змаўкаючы, гаварыць; гаварыць без патрэбы. Маці маю, у гутарцы са мною, .. [Болесь] ні разу і не ўспомніў, хоць пра сваіх увесь час трашчаў на ўсе лады. Гарэцкі. Я чужой зямлі не зычу ліха. Гід, канчай, над вухам не трашчы! Панчанка.

3. Быць перапоўненым, запоўненым кім‑, чым‑н. Людзей сабралася столькі, што аж клуб трашчаў. Навуменка. Сенам пуня пабіта, З дабром ток аж трашчыць. Купала. // Разм. Напоўніцца звыш моры. Жывот трашчыць ад вады. □ — Наеўся бульбы з селядцамі, аж пуза трашчыць, — апраўдваўся Алесь. Ваданосаў. // Разм. Ламацца ад дастатку, вялікай колькасці чаго‑н. Ад смажаніны і вяндліны трашчалі сталы. «ЛіМ». Прасторная хата Чаборыхі, як звалі ў Бярозаўцы Маніну матку, застаўленая шырокімі сталамі, якія трашчалі ад яды і выпіўкі, была поўна людзей. Васілевіч. // Разм. Быць цесным (пра адзенне). Кароценькі, цесны халат аж трашчыць на .. дужых плячах [Кузьмы Цопы]. Асіпенка.

4. перан. Быць напярэдадні краху, распаду. Каланіялізм ужо трашчыць хістаецца і гнецца ад магутнага голасу мільёнаў людзей, якія патрабуюць незалежнасці і міру. «ЛіМ». // Быць над пагрозай зрыву, невыканання. Трашчыць план, а шафёры варон страляюць... Пташнікаў. Тысячы маіх землякоў валам валяць на поўдзень лячыцца. Трашчаць і стогнуць дарожныя і паветраныя графікі. Пянкрат.

•••

Аж за вушамі трашчыць — хутка, з апетытам (есці).

Галава трашчыць гл. галава.

Трашчаць па ўсіх нівах — быць пад пагрозай краху, развалу, распаду, зрыву.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́ба ​1, у знач. вык.

1. з інф. Неабходна, абавязкова патрэбна. Трэба вячэраць. □ Марылін пасаг, праўда, прадалі з яе згоды і купілі столькі ж зямлі бліжэй. А таму цяпер трэба баяцца, што Мікіта адсудзіць яго. Брыль. [Пніцкі:] — З братам я даўно ўжо не бачыўся. Трэба напісаць яму. Чорны. [Васіль Раманавіч:] — Рызыкаваць трэба разумна, калі ёсць сэнс. Новікаў. Трэба растапіць абавязкова Мёртвы лёд халоднае вайны. Смагаровіч.

2. каго-што і з інф. Патрабуецца, патрэбна. Для гэтага трэба яшчэ шмат матэрыялу. Трэба звярнуцца за дапамогай. Не трэба было так рабіць. □ [Валодзька:] — Не, дзеду, не трэба парома. Ляжы сабе, куры. Брыль. [Урач:] — Трэба хіба насілкі ці што... Мележ. [Жанчына:] — Вам жа кватэра трэба? Даніленка.

3. безас. каму. Пажадана. — Што вам тут трэба? — раптам спытала жанчына з падкрэсленай зычнасцю і патрабаванням. Кулакоўскі. — Што табе трэба? — крычыць лёкай. Якімовіч.

4. Разм. Належаць. Колькі з мяне трэба? □ Два разы на месяц У яго ёсць праца: Атрымаць, што трэба, Потым распісацца. Крапіва.

•••

Гэта ж трэба! — вокліч, які выражае здзіўленне. [Манька:] — Ай-я-яй! Гэта ж трэба!.. А Волька аб’ездчыкава? Ракітны.

Далёка хадзіць не трэба за чым — лёгка прывесці прыклад, факт, доказ для пацвярджэння чаго‑н.

Дзе трэба, дзе не трэба — недарэчы, не да месца.

Лепш (і) не трэба гл. лепш.

Так і трэба каму гл. так.

Трэба думаць — напэўна, мабыць, хутчэй за ўсё.

Трэба сказаць (у знач. пабочн.) — служыць для ўказання на магчымасць, дапушчальяасць якога‑н. азначэння, удакладнення.

Трэба (патрэбны) як сабаку пятая нага — зусім, ані (не трэба, не патрэбны хто‑, што‑н. каму‑н.).

Што трэба (у знач. вык.) — а) вельмі добры (пра каго‑, што-н). Мужык што трэба — свойскі, моцны. Паможа кожнаму ў бядзе. Панчанка; б) вельмі добра, як належыць, як мае быць. [Цытрыкаў:] — Гектараў 15 будзе. — Не менш, — адказаў Музыкін. — Трактар працуе што трэба. «Звязда».

Што трэба, то трэба — абавязкова, неабходна. [Анупрэй:] — Так-то яно так. Што трэба, то трэба, і казаў і кажу, але не ёй жа першай па ражон лезці. Машара.

Як трэба — у адпаведнасці з нормамі, правіламі, існуючым палажэннем.

трэ́ба ​2, ‑ы, ж.

1. Даўней — ахвярапрынашэнне. Бывала, перад калядамі збірае [Дарашкевіч] з парафіян трэбу... Чарнышэвіч.

2. Рэлігійны абрад (хрысціны, вянчанне, паніхіда і пад.), які выконваецца свяшчэннікам па просьбе веруючых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́кінуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Кінуць вон, пазбавіцца ад чаго‑н. непатрэбнага, лішняга. Выкінуць недакуркі з попельніцы. □ [Крушынскі] непрыкметна для Івана Мацвеевіча выкінуў з каляскі мяккі пакунак. Бядуля. // перан. Выключыць, апусціць. Выкінуць раздзел з кнігі. // Разм. Звольніць з работы, пасады. Выкінуць прагульшчыка з завода.

2. Выдаліць сілаю, выштурхнуць; выгнаць. У маі захопнікаў выкінулі з Крыма. Мележ. І зноў, як і першы раз, выбух выкінуў на паверхню процьму рыбы. Асіпенка. / у безас. ужыв. [Дзед Тарас:] — Ну, Грышка, залазь у машыну. І, глядзі, трымайся добра, каб не выкінула на выбоінах! Паслядовіч. Відаць, хваля выкінула .. [рыбку] у час прыбою. Якімовіч.

3. Выставіць, высунуць рэзкім рухам. Выкінуць руку ўперад. // Узняўшы, вывесіць. Выкінуць сцяг.

4. Выпусціць, вылучыць што‑н., вывергнуць. З-за небасхілу сонца выкінула першыя праменні, разагнаўшы цьмянасць неба. Дуброўскі. Сухое ламачча, палітае бензінам, выкінула высока ў неба вогненныя языкі. Новікаў. // Пусціць парасткі, лісты і пад. Здаецца, кінь у раллю зярняты, і яны тут жа на вачах, выкінуць з сябе імклівыя стрэлы лістоў. Шахавец. Быў май. Дрэвы апрануліся ўжо ў маладую клейкую лістоту, і стогадовы каштан ля тэрасы выкінуў да неба тысячы белых конусаў-свечак. Караткевіч.

5. Выслаць наперад ці ў які‑н. бок. [Генерал-маёр:] — Цяпер прыйдзецца вам [начальніку штаба] самому ўзначаліць абарону. Выкіньце наперад каменданцкі ўзвод. Гурскі.

6. Разм. Пусціць у продаж. [Кукарэка:] — Мы ўжо на рынак спрабуем выкінуць гэту сыравіну. Грамовіч.

7. перан. Разм. Зрасходаваць, дарэмна патраціць. Трэба ж выкінуць столькі грошай!

8. Разм. Учыніць што‑н. нечаканае, незвычайнае. Выкінуць жарт. Выкінуць штуку.

•••

Выкінуць дурасць з галавы — абразуміцца, адумацца, паразумнець.

Выкінуць з галавы (сэрца, памяці) — забыць, перастаць думаць пра што‑н., спадзявацца на каго‑, што‑н. Так яно, мусіць, і было, але нельга ж выкінуць з памяці мінулае. Арабей.

Выкінуць за борт — адкінуць што‑н. або вырачыся каго‑н. як непатрэбнага.

Выкінуць каленца (калена) — а) зрабіць нечаканую фігуру ў танцы; б) учыніць што‑н. неспадзяванае, нечаканае. [Мароз:] — Чалавек — гэта, брат, пацёмкі: ты яму верыш, а ён табе такое каленца выкіне, што і галавы не дабярэш. Лобан.

Выкінуць коніка — сказаць або зрабіць што‑н. нечаканае, недарэчнае. — Натурай, натурай, дык яна [Вольга] выкіне табе коніка, схопішся пасля за галаву, — пакрыўдзілася на мужа Вольга Усцінаўна. Шамякін.

Выкінуць лозунг — заклікаць да чаго‑н., абвясціць што‑н.

Выкінуць (грошы) на вецер — марна зрасходаваць, патраціць што‑н.

Выкінуць на вока — напомніць, сказаць што‑н. непрыемнае. Ну, й надаедная ж кабета: Вось так і выкіне на вока. Колас.

Выкінуць на вуліцу каго — а) выселіць з жылога памяшкання; б) звольніць з работы, пазбавіць сродкаў існавання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ірва́ць ​1 і рваць ​1, (і)рву, (і)рвеш, (і)рве; (і)рвём, (і)рвяце; незак., каго-што.

1. З сілай выхопліваць, рэзкім рухам вырываць, зрываць. Ножык, шапку з крыкам [людзі] З рук маіх ірвуць. Бядуля. У комінах вятры раўлі да рання, Ірвалі дахі, білі, што ў званы. Астрэйка. // Аддзяляць, адрываць ад сцябла, галінак (кветкі, плады і пад.). Ірваць яблыкі. □ Нагнуўшыся нізка-нізка, Люба краскі рвала, пляла вяночак. Мурашка. Адам ішоў памалу, .. ірваў жытнія каласы, выбіраў адтуль малочныя зярняткі і дробненька іх перажоўваў. Нікановіч. // Убіраць з поля, вырываючы з коранем (пра лён, каноплі і пад.). На славу вырас даўгунец! Але столькі работы... Закончыць ірваць. Абабіць. Спяшацца слаць. Мыслівец. Лубін ірвалі і вязалі ў снапы. Ермаловіч. // Выдаляць хірургічным шляхам (пра зубы). Ірваць старыя карані.

2. Рэзкім рухам раздзяляць на часткі; разрываць. Ірваць паперу. Ірваць ніткі. □ Да свята пасылку шле дзецям яна, Ірве на ўпакоўку сшытак. Лось. // перан. Спыняць, разрываць (адносіны, сувязі і пад.).

3. Кусаць, грызці (пра драпежных жывёл). Мурза.. з гучным гаўканнем накінулася на мядзведзя і давай ірваць яго зубамі за заднія ногі. Бядуля. Тарыел убачыў доўгае цела, .. бурую поўсць Мітрафанавага сабакі, які рваў за горла вялікага плямістага звера. Самуйлёнак.

4. Разбураць, узрываць што‑н. з выбухам. Партызанскі атрад «За Радзіму» наносіў удары па ворагу, ірваў чыгункі, граміў гарнізоны паліцыі. Жычка. Лёд ірвуць на Заходняй Дзвіне — Падпіраюць неба слупы ледзяныя. Барадулін. // перан. Рэзка парушаць цішыню, змрок і пад. [Гулкія выбухі] рвалі перадранішнюю цішыню, абуджалі трывогу і смутак. Карпаў.

5. безас.; перан. Разм. Імкнуць куды‑н., да каго‑, чаго‑н. Нешта само рвала .. [Кацярыну] наперад. Якімовіч.

6. Разм. Нарываць. Палец ірве. // безас. Пра рэзкі, пякучы боль. Зуб ірвала ўсю ноч.

7. Разм. Хутка і многа рабіць. [Касперскі:] Значыць, будзе [Бондар] з хлебам. Цяпер ён пойдзе рваць! Моцны чалавек! Гурскі. // Хутка, парывіста імчаць, бегчы. Варшаўскі злосна сцёбае пугай жарабца, той з месца рве галопам. Жычка. // Бурна, інтэнсіўна праяўляцца (пра сілы прыроды). Вецер ірве. Бура рве.

•••

Ірваць бакі (жываты) — моцна смяяцца, заходзіцца ад смеху.

Ірваць горла (глотку) — тое, што і драць горла (глотку) (гл. драць).

Ірваць жылы (кішкі, пуп) — цяжка працаваць, надрывацца на якой‑н. рабоце.

Ірваць з зубоў — сілаю адбіраць у каго‑н. што‑н.

Ірваць з рук — купляць нарасхват.

Ірваць на сабе валасы — быць у адчаі; моцна перажываць, дакараць сябе.

Ірваць на часткі каго — не даваць спакою каму‑н., бесперапынна турбуючы справамі, даручэннямі і пад.

ірва́ць ​2 і рваць ​2, (і)рве; безас. незак., каго.

Разм. Ванітаваць. Галя казінага малака не ела. Як толькі паднясе к роту — ірваць верне. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; заг. набяры; зак.

1. што і чаго. Паступова беручы, узяць нейкую колькасць чаго‑н. Набраць бярэмя дроў. □ Раніцою Галіна з мужам пайшла ў ток. Трэба было ссыпаць у мяшкі звеяны ўчора авёс і набраць авечкам мурагу. Галавач. // Назбіраць нейкую колькасць чаго‑н. Набраць у лесе ягад. □ Гэта той самы бярэзнік, дзе летась наш дзядзька, ходзячы па грыбах, напаў на неруш і набраў цэлую сявеньку выдатных баравікоў-бярозавікаў. Колас.

2. каго-што і чаго. Узяць, захапіць з сабою. Набраць у машыну пасажыраў. □ [Грэчка] зойдзе да жонкі, набярэ хлеба, сала і перасядзіць навалу. Мележ. // Зачарпнуць, напоўніць чым‑н. Набраць вядро бензіну. □ Часавы раздзеўся, набраў у кварту вады і стаў умывацца. Чорны. Мікодым, зірнуўшы на дзіця, спалохаўся, хуценька набраў на рыдлёўку зямлі і засыпаў ёю лужынку. Сабаленка. // Уцягнуць, увабраць у сябе. [Андрэй] набраў як мага больш, паветра ў лёгкія і апусціўся на дно. Скрыпка.

3. што і чаго. Прыняць, узяць у нейкай колькасці. Набраць заказаў. Набраць работы на дом.

4. чаго. Купіць, набыць. Набраць матэрыі на касцюм. Набраць гавару на боты. □ [Люба:] — А глядзі, якую мы з таткам табе ляльку прывезлі і якую сукенку набралі! Васілевіч.

5. каго-што. Навербаваць, наняць, прыняць. Набраць рабочых. Набраць вучняў. // Вярбуючы, наймаючы, стварыць. Набраць войска. Набраць атрад. Набраць групу.

6. чаго (пераважна з адмоўем). Здабыць, набыць, знайсці, каб хапіла на што‑н. Нам грошай столькі не набраць. □ Дзе ж мне набраць было сіл На гучную песню мажору. Глебка.

7. што і чаго. Дасягнуць якой‑н. ступені ў сваім развіцці, руху і г. д. Вясенні дождж сады абмыў, І цвет набрала вецце. Пушча. І раптам — думка: а што, калі віхура набярэ сілы, сарве кран з упораў і перакуліць. Гарбук. Машына лёгка адарвалася ад узлётнай паласы і імкліва набрала вышыню. Алешка.

8. што. Скласці з асобных частак што‑н. цэлае. Набраць паркет. □ Такі букет восенню ў лесе можа набраць толькі дзявочая рука. Пташнікаў. // Саставіць з некалькіх лічбаў. знакаў. [Андрэй] падышоў да тэлефона, узяў трубку, набраў нумар. Васілёнак. Міхал падышоў да стала і, спяшаючыся, набраў патрэбны нумар тэлефона. Карпаў. // Скласці з друкарскіх літар (тэкст). Набраць кнігу. □ [Купала:] Рабочыя набралі.. [артыкул] зноў. Вітка.

9. чаго і што. Атрымаць у выніку спаборніцтва, экзаменаў і пад. Набраць найбольшую колькасць ачкоў. Набраць патрэбную колькасць балаў.

•••

Набраць сабе ў галаву — тое, што і убіць сабе ў галаву (гл. убіць).

Як вады ў рот набраць — нічога не гаварыць, маўчаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак., што.

1. Расправіць, расцягнуць што‑н. згорнутае ў даўжыню або шырыню. І вось Алёнка, самая бойкая з пяцікласніц, паднялася на сцэну і разгарнула вышыты партрэт Леніна. Скрыпка. Столькі выткала маці кроснаў, Што калі разгарнуць іх на травах росных, То яны б увесь свет абнялі. А. Астапенка.

2. Вызваліць ад абгорткі; зняць тое, чым было што‑н. загорнута, закрыта. Дзяўчынка села на траву, разгарнула фартух, — там былі кветкі. Краўчанка. Ганна Лявонаўна дастала з партфеля пакунак у жоўтай упаковачнай паперы, разгарнула яго і ахнула. Корбан.

3. Раскрыць што‑н. складзенае. — А зараз пачнём урок, — Іван Сяргеевіч разгарнуў класны журнал. Курто. Галіна Фёдараўна зараз жа разгарнула раскладушку, кінула на яе падушку, прасціну, коўдру. Паслядовіч. // Расхінуць, рассунуць што‑н. у бакі; развесці. Хлопец разгарнуў рукамі чарот, выбег на палянку. Гамолка. Задаволены Кулік разгарнуў прысак і пачаў даставаць печаную бульбу, яна прыемна пахла. Гурскі. // Разабраць. За ім ішла сястра: яна паказала хвораму месца на ложку ў куце і хуценька разгарнула пасцель. Быкаў. // перан. Зрабіць даступным зроку, як бы разаслаць перад вачамі. А Дняпро з лясоў дрымучых Праз мой родны край плыве. Увабраўшы нашы рэкі, Разгарнуў блакітны плёс. Светлым поясам навекі Наш звязаў братэрскі лёс. Бялевіч.

4. Выпрастаць, расправіць, развёўшы ў процілеглыя бакі. [Стафанковіч:] — Я яшчэ .. магу разгарнуць свае плечы, я яшчэ моцна трымаю гэбаль у руках. Чорны. Рукі .. [Алены] навярэджаны, і яна адчувае сябе, як набітая, а назаўтра не можа рук разгарнуць. Колас. // Раскрыць, распусціць (кветкі, лісце). Разгарнула пялёсткі шыпшына — ужо пяць гадзін раніцы, падняў угору галоўку жоўты адуванчык — лічы шэсць гадзін. Хомчанка. // Спец. Начарціць на плоскасці паверхню геаметрычнага цела. Разгарнуць мнагаграннік.

5. перан. Падрабязна выказаць, выкласці, апісаць што‑н.; раскрыць сутнасць, змест чаго‑н. — Тады я мог бы разгарнуць і пачуцці, і паказаць душэўныя зрухі, словам, тут бы ў мяне ўсё разраслося вельмі шырока. Скрыган. Тут Сымонка сваю душу Мог прад дзедам разгарнуць. Колас.

6. перан. Даць чаму‑н. (сілам, здольнасцям) свабодна і поўна праявіцца, развіцца. Разгарнуць музыкальныя здольнасці. // Павялічыўшы аб’ём, паглыбіўшы змест, зрабіць буйнейшым па жанру (літаратурны, музычны твор). Вось гэтую невялікую байку Змітрок Бядуля паспрабаваў разгарнуць у вялікую аповесць. Кучар.

7. Зрабіць, арганізаваць што‑н. у шырокіх маштабах. Разгарнуць будаўніцтва. Разгарнуць спаборніцтва. □ — Камуністам трэба таксама, — гаварыў далей падпалкоўнік, — разгарнуць самадзейнасць. Мележ.

8. Падрыхтаваць да дзеяння, функцыяніравання. [Радыст] выбраў пад елкай высокую купіну, хутка разгарнуў рацыю, закінуў на елку антэну, нацягнуў супрацьвагу і пачаў працаваць. Ваданосаў. // Спец. Размясціць у шырыню па лініі фронту, прыняць баявы парадак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)