ДУНАЕ́ЎСКІ (Ісак Восіпавіч) (30.1.1900, г. Лохвіца, Украіна — 25.7.1955),
рас. кампазітар. Нар.арт. Расіі (1950). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1919). Кіраўнік муз. часткі Маскоўскага т-ра сатыры (з 1924), муз. кіраўнік і гал. дырыжор Ленінградскага мюзік-хола (1929—34). Старшыня Ленінградскага аддзялення Саюза кампазітараў (1937—41). Адзін са стваральнікаў і буйнейшы майстар масавай песні. Меладычны дар і высокі прафесіяналізм абумовілі папулярнасць яго песень 1930—50-х г. («Песня аб Радзіме», «Мая Масква», «Марш вясёлых рабят», «Марш энтузіястаў», «Школьны вальс», «Ляціце, галубы»), Зрабіў вял. ўклад у развіццё жанру аперэты, найб. вядомыя «Залатая даліна» (1937), «Вольны вецер» (1947, паст. ў Дзярж. т-ры муз.камедыі Беларусі ў 1971), «Белая акацыя» (1955).
Адзін з пачынальнікаў жанру муз. кінакамедыі, аўтар музыкі да кінафільмаў «Вясёлыя рабяты» (1934), «Варатар», «Цырк», «Дзеці капітана Гранта» (усе 1936), «Волга-Волга» (1938), «Светлы шлях» (1940), «Вясна» (1947), «Кубанскія казакі» (1949), а таксама бел. «Першы ўзвод» (1933), «Двойчы народжаны» (1934), «Залатыя агні» (1935), «Шукальнікі шчасця» і «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» (1936), «Канцэрт Бетховена» (1937), «Маё каханне» (1940), дакумент. «10 год Белдзяржкіно» (1936). Быў дырыжорам і гукамантажорам бел. фільмаў, у т. л. «Паручнік Кіжэ» з муз. С.Пракоф’ева. У сваю музыку ўключаў інтанацыі бел.нар. песень, гучанне жалейкі, стварыў апрацоўку бел.нар. песні «Бульба». Дзярж. прэмія СССР 1941, 1951.
Літ.:
Пэн А. И.Дунаевский. М., 1956;
И.О.Дунаевский: Выступления, статьи, письма. Воспоминания. М., 1961;
Чернов А. И.О.Дунаевский. М., 1961;
Бондарева Е.П. Кинолента длиною в жизнь. Мн., 1980. С. 47, 56—66;
Арканов Б. Дунаевский // Музыка XX в. М., 1984. Ч. 2, кн. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТА́ЕЎ (Валянцін Пятровіч) (28.1.1897, г. Адэса, Украіна — 12.4.1986),
расійскі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Брат Я.П.Пятрова (гл.Ільф І. і Пятроў Я.). У 1955—61 гал. рэдактар час. «Юность». Друкаваўся з 1910. Аўтар раманаў «Востраў Эрэндорф», «Уладар жалеза» (абодва 1924), сатыр. аповесці «Растратчыкі» (1926, аднайм. п’еса 1928), камедыі «Квадратура круга» (1928), рамана-хронікі «Час, наперад!» (1932). У тэтралогіі «Хвалі Чорнага мора» (аповесці «Бялее ветразь адзінокі», 1936, «Хутарок у стэпе», 1956, «Зімовы вецер», 1960—61, «Катакомбы», 1949, 2-я рэд. 1951) героіка-рэв. тэма, імкненне паказаць гісторыю праз лёс чалавека. За аповесць «Сын палка» (1945, аднайм. кінафільм 1946) Дзярж. прэмія СССР 1946. Аўтар лірыка-філас. мемуарных твораў «Святы калодзеж» (1966), «Трава забыцця» (1967), «Кубік» (1969), «Алмазны мой вянец» (1979), «Ужо напісаны Вертэр» (1980). У «Юнацкім рамане майго старэйшага сябра Сашы Пчолкіна, расказаным ім самім» (1982), апавяданнях і нарысах «Пад Смаргонню», «Нашы будні», «Пісьмы адтуль» і інш. паказаны падзеі 1-й сусв. вайны на Беларусі. Аўтар нарысаў «Па Заходняй Беларусі» (1939). Творы К. вызначаюцца спалучэннем гераічнай патэтыкі і сатыры, лірыкі і гумару. Яго п’есы ставіліся на бел. сцэне (першая — «Авангард», 1930, БДТ-2). Асобныя творы К. на бел. мову пераклалі Н.Тарас, У.Краўчанка, Л.Салавей.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—10. М., 1983—86;
Бел.пер. — Сон: Апавяданне. Мн., 1938;
Я, сын працоўнага народа. Мн., 1938;
Сын палка. Мн., 1947;
Бялее ветразь адзінокі. Мн., 1949.
Літ.:
Скорино Л. Писатель и его время: Жизнь и творчество В.П. Катаева. М., 1965;
Галанов Б.Е. Валентин Катаев: Очерк творчества. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЧУ́К (Георгій Васілевіч) (н. 1.1.1947, г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1973) і Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1977). З 1970 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1980—82 заг.літ. часткі, рэдактар-кансультант Т-ра-студыі кінаакцёра, з 1996 дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1966. Дылогія «Крык на хутары» (1981), «Прызнанне ў забойстве» (1985) пра падзеі ў б.Зах. Беларусі. Раманы «Кветкі правінцыі» (1986), «Вочы і сон», «Сава Дым і яго палюбоўніцы» (абодва 1990) на маральна-этычную праблематыку. У кнізе навел «Хаос» (1997) роздум пра хаос і гармонію, дзень сённяшні і Вечнасць, прызначэнне чалавека. Даследаванне бел.нац. характару ў аповесці «Паляшук» (1987), рамане «Без ангелаў» (1993). Аўтар рамана «Год дэманаў» (1995), камедый «Люцікі-кветачкі» (паст. 1974), «Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі» (паст. 1985), «Вясёлыя, бедныя, багатыя», «Альдона, Анета, Анфіса» (абедзве паст. 1986), «Дарога ў рай», «Калі заспявае певень» (абедзве паст. 1990), «Варвара і яе блудны муж» (паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1998), аднаактовых п’ес, апавяданняў, сцэнарыяў тэле- («Вясковы эрудзіт», 1985; «Запрашэнне», 1988) і кіна- («Кветкі правінцыі», 1994) фільмаў, дакумент. фільма «Вяртанне Забэйды-Суміцкага» (1990, у сааўт.) і інш. Творам М. ўласцівы псіхалагізм, філасафічнасць, спавядальнасць, дынамізм дзеяння. Піша для дзяцей: кн. казак «Жылі-былі дзед Васільчык і баба Кацярына» (1987), п’есы-казкі «Чаканне сабакі Тэафіла» (паст.Дзярж. т-рам лялек Беларусі, 1979), «Тушканчык і чароўны чамаданчык» (1984), «Чужое багацце» (паст. 1999) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР «ДЗЕ́-Я?».
Засн. ў 1987 у Мінску як тэатр-студыя пад кіраўніцтвам М.Трухана і В.Баркоўскага. З 1992 сучасная назва. Маст. кіраўнік Трухан (да 1999). У рэпертуары т-ра студыйнага перыяду драма «Шрамы» Я.Шабана, казка «Кот у ботах» паводле Ш.Перо, камедыі «Андантэ» і «Кватэра Каламбіны» Л.Петрушэўскай, драм. трылогія «Эцюды памяці зямлі Беларускай» («Роспач») паводле твораў У.Караткевіча, «Імжа» паводле п’есы І.Кофты «Халопская вайна», «Рагнеда» Н.Рапы — своеасаблівы творчы маніфест калектыву, які абвясціў яго маст. і грамадз. заклапочанасць вывучэннем і творчым адлюстраваннем менталітэту бел. народа. Значнай маст. з’явай жыцця т-ра 1990-х г. сталі пастаноўкі твораў Ф.Аляхновіча: «Здань» — псіхал. кантамінацыя сімволіка-містычных драм «Страхі жыцця» і «Цені», фальк. камедыя «Чорт і баба», спектакль «Круці...» паводле сцэн. гратэску «Круці не круці — трэба памярці» і кн. «У капцюрох ГПУ». З інш. пастановак найб. значныя: філас. драма-малітва «Распад» паводле п’ес У.Шэкспіра, камедыя «Жаніцьба» М.Гогаля і сцэн. паэма «Мёртвыя душы» паводле яго аднайм. рамана, камедыя «Каханне — кніга залатая» А.Талстога, біблейскі фарс «Дзевяты прапаведнік» Е.Юрандота, казкі-прыпавесці «Барановы кароль» Трухана, «Дзіва-казка» В.Острава і інш. Сярод акцёраў т-ра: Л.Баталава, Г.Гатоўчыц, Т.Міронава, І.Падлівальчаў, Т.Папова, А.Сушко, Г.Чарнабаева і інш. Спектаклі ставілі Трухан, Баркоўскі, М.Дзінаў, І.Мацкевіч і інш.
Л.А.Лявонава.
Мінскі Драматычны тэатр «Дзе-Я?»Сцэна са спектакля «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча Сцэна са спектакля «Жаніцьба» М.Гогаля.Мінскі Драматычны тэатр «Дзе-Я?»Сцэна са спектакля «Жаніцьба» М.Гогаля Сцэна са спектакля «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ННЫ ТЭА́ТР,
від прыватнага дваранскага т-ра. Быў пашыраны ў Расіі ў канцы 17—19 ст. (П.т. графаў Шарамецевых, князя М.Б.Юсупава, А.Р.Варанцова ў Маскве; С.С.Каменскага ў Арле; Н.Г.Шахаўской ў Ніжнім Ноўгарадзе). На Беларусі П.т. існавалі ў 18—1-й пал. 19 ст. Дзейнічалі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках і сядзібах у спец. памяшканнях ці ў залах палацаў, ратуш і інш.Тэатр. трупы ствараліся з прыгонных сялян; часам у спектаклях выступалі велікасвецкія аматары і прафес. акцёры, інш. раз прыгонныя артысты ўдзельнічалі ў паказах прыватных прафес. тэатраў (гл.Віцебскі балет Піёна). Найб. вядомыя П.т.: Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, тэатр Бжазоўскага ў Матэвушах (пач. 19 ст.), Ружанскі тэатр Сапегаў, Слонімскі тэатр Агінскага, Чарнышова тэатры, Тышкевічавы тэатры. Значную ролю ў гісторыі бел., польск. і рус. мастацтва адыгралі П.т. Радзівілаў (гл.Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла) і Шклоўскі тэатр Зорыча, якія мелі балетна-оперна-драм. трупы, вял. аркестры і капэлы (гл.Прыгонныя аркестры і капэлы), тэатр. будынкі з добра абсталяванай сцэнай і развітой машынерыяй. У т-рах працавалі вядомыя тагачасныя кампазітары і балетмайстры, існавалі школы, у якіх рыхтавалі для т-раў артыстаў (гл.Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза, Слонімская балетная школа, Нясвіжская. балетная шкала, Слуцкая балетная школа). У рэпертуары былі оперы і балеты замежных і рус. кампазітараў, перакладная і арыгінальная драматургія (камедыі Ф.У.Радзівіл, перакладзеныя ёю на польскую мову п’есы Мальера). Своеасаблівай тэатр. з’явай быў у пач. 19 ст. прыгонны цырк Оштарпа ў Дукоры (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.).
Літ.:
Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Францішка Уршуля) (13.2.1705, станцыя Чартарыйск Валынскай вобл., Украіна — 23.5.1753),
пісьменніца, драматург. З роду Вішнявецкіх. Жонка М.К.Радзівіла Рыбанькі. З 1725 жыла ў Нясвіжы. Была прыхільніцай пашырэння асветы, спрыяла аднаўленню дзейнасці Нясвіжскай друкарні. Пісала на польскай, італьян., франц. і ням. мовах. Аўтар вершаваных «Лістоў да мужа», паэт.зб. «Збавенныя перасцярогі» (Нясвіж, 1755), шэрагу вершаваных эпітафій, павучальных твораў для дзяцей. У 1746 стварыла палацавы Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, дзе ставіла спектаклі паводле сваіх п’ес (пазней пастаноўкі ажыццяўляў Я.П.Фрычынскі). У 1746—52 напісала для т-ра 16 драм. твораў і оперных лібрэта. Для сваіх п’ес шырока выкарыстоўвала сюжэты з ант. міфалогіі, сярэдневяковых драм і гумарэсак, казак («Забава фартуны», «Каханне — дасканалы майстар», «У вачах нараджаецца каханне»), матывы з твораў Дж.Бакачыо, Я.Морштына і інш. Для т-ра перарабляла барочныя італьян. оперы («Дасціпнае каханне»), п’есы Вальтэра і Мальера. Творы Р. яскрава адлюстроўваюць асаблівасці мясц. культуры барока, яе своеасаблівы пераход ад сярэдневяковай л-ры і відовішчаў да тэатр. драматургіі новага часу. Збор твораў Р. «Камедыі і трагедыі» (Жоўква, 1754) багата ілюстраваны гравюрамі М.Жукоўскага з выявамі сцэн са спектакляў. На бел. мову яе камедыю «Забава фартуны» пераклалі В.Арэшка і А.Вольскі.
Тв.:
Бел.пер. — Забава фартуны // Спадчына. 1994. № 1.
Літ.:
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;
Арэшка В. «Вяльможная аўтарка камедый», або Спроба дэміфалагізацыі асобы Уршулі Радзівілавай // Мастацтва. 1993. № 7;
Марціновіч А.А. Хто мы, адкуль мы... Кн. 1. Мн., 1996;
адзін з відаў муз. тэатра, у якім спалучаюцца вакальная і інструментальная музыка, танец, балет, элементы эстраднага мастацтва; твор для гэтага тэатра.
У 17 — 1-й пал. 19 ст. — невял., звычайна камічная опера з размоўнымі дыялогамі. На Беларусі гэта былі «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага на лібр. М.Цяцерскага (паст. 1789) і «Агатка, або Прыезд пана» Я.Д.Голанда на лібр. М.Радзівіла (паст. 1784), якія вызначаліся дэмакр. характарам, адлюстроўвалі перадавыя ідэі свайго часу. У сярэдзіне 19 ст. тэрмінам «аперэта» часта вызначаў свае п’есы В.І.Дунін-Марцінкевіч, задумваючы іх як лібрэта невял. опер. У супрацоўніцтве з ім С.Манюшка стварыў свае аперэты «Рэкруцкі набор» (1841), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», «Ідылія» (1852). У 1861 паст. аперэта «Канкурэнты» Ф.Міладоўскага (лібр. М.Лапіцкага і У.Сыракомлі).
Сучасная аперэта — від тэатра, які займае прамежкавае становішча паміж операй і драмай. Аснову муз. драматургіі складаюць звычайна куплетная песня і танец, а таксама традыц. оперныя формы (арыя, ансамбль, хор, уверцюра), якія часцей маюць песенна-танц. характар і больш простыя, чым у оперы. У адрозненне ад вадэвіля і інш. відаў муз.камедыі з развітым драм. тэкстам, музыка ў аперэце нясе асн. сэнсавую нагрузку.
Як самаст. від муз. тэатра аперэта сфарміравалася ў 1850-я г. ў Францыі. Яе вытокі — камічная опера, франц. вадэвіль, аўстрыйскія і ням. зінгшпілі і інш. Вылучаюць некалькі нац.-гіст. разнавіднасцяў аперэты з устойлівымі жанрава-стылявымі прыкметамі: парыжская (1850—70-я г., заснавальнік — Ж.Афенбах; Ф.Эрвэ, Ш.Лекок, Р.Планкет), венская (Ф.Зупэ, К.Мілёкер, І.Штраус-сын, К.Цэлер), неавенская (1900—1920-я г., Ф.Легар, І.Кальман). У пач. 1920-х г. у ЗША зацвердзіўся новы від муз.т-ра — мюзікл, які ў некат. сваіх разнавіднасцях набліжаецца да аперэты (творы Ф.Лоу, Дж.Гершвіна, Р.Роджэрса, Л.Бернстайна і інш.). У Расіі пачатак аперэты пакладзены ў 1920-я г. І.Дунаеўскім і М.Стрэльнікавым, сярод майстроў Ю.Мілюцін, Б.Аляксандраў, К.Лістоў, В.Салаўёў-Сядой, А.Фельцман, В.Баснер і інш.
На Беларусі з 1-й пал. 20 ст. развіваліся блізкія да аперэты формы муз.-камедыйнага тэатра («Каваль-ваявода» Е.Міровіча з муз. У.Тэраўскага і Л.Маркевіча, 1925; «Простыя сэрцы» С.Заяіцкага, С.Розанава і М.Міцкевіча з муз. В.Сакалова-Фядотава, 1929; «Кок-сагыз» М.Чуркіна, 1939; «Цудоўная дудка» В.Вольскага з муз. М.Шчаглова, 1939), а таксама «Кухня святасці» («Мільён Антоніяў») Я.Цікоцкага (1931) і «Зарэчны барок» С-.Палонскага і М.Іванова (1940), якія вызначаліся сучаснікамі як «першыя сав. аперэты». У 1970-я г. з’явіліся творы, найб. адпаведныя жанру аперэты: «Паўлінка» Ю.Семянякі са шматпланавай муз. драматургіяй, скразнымі муз. тэмамі, разгорнутымі сольнымі нумарамі, ансамблямі, харамі і «Несцерка» Р.Суруса, якія дзякуючы зместу, народнасці муз. мовы і ўдалым масавым сцэнам сталі сапраўднымі аперэтамі буйной формы. Шэраг бел. твораў, блізкіх да жанру аперэты, класіфікуюць як «гераічная муз. камедыя» («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані, 1985), «муз. камедыя» («Мільянерка» Я.Глебава, 1987), мюзікл («Джулія», 1991, і «Шклянка вады», 1994, У.Кандрусевіча).
Сярод артыстаў аперэты: Г.Шнайдэр (Францыя), А.Жырардзі (Аўстрыя), Г.Марышка і Х.Хонці (Венгрыя), Р.Ярон, Т.Шмыга (Расія), М.Вадзяной (Украіна); у бел. т-ры Н.Гайда, В.Мазур, Р.Харык, А.Ранцанц, З.Вяржбіцкая, Г.Казлоў і інш.
Літ.:
Владимирская А. Звездные часы оперетты. 2 изд. Л., 1991;
Трауберг Л. Жак Оффенбах и другие. М., 1987;
Музычны тэатр Беларусі, 1917—1959. Мн., 1993.
Б.С.Смольскі, Н.А.Юўчанка.
Да арт.Аперэта. Сцэна са спектакля «Паўлінка» Ю.Семянякі Дзярж. тэатра муз.камедыі Беларусі. 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМЦЭ́ВІЧ (Юльян Урсын) (16.2.1758, в. Скокі Брэсцкага р-на — 21.5.1841),
пісьменнік, паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, гісторык. Вучыўся ў Рыцарскай школе ў Варшаве (1770—77). З 1777 ад’ютант А.К.Чартарыйскага. У 1788—92 пасол на Чатырохгадовы сейм, удзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі 3 мая 1791. З 1791 чл. Адукацыйнай камісіі. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі ў 1792 у эміграцыі. У час паўстання 1794 ад’ютант і сакратар Т.Касцюшкі. Пасля задушэння паўстання зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць у Пецярбургу. З 1796 у ЗША. У 1807 вярнуўся, займаў пасаду сакратара Сената Варшаўскага княства, з 1813 — Сената Каралеўства Польскага. Падарожнічаў па Беларусі (1809, 1816, 1819). Чл.Т-ва сяброў навук у Варшаве (старшыня з 1827). Удзельнік паўстання 1830—31. З 1833 у эміграцыі ў Парыжы. У паліт.камедыі «Вяртанне пасла» (1790) выказаўся за сац. рэформы ў Рэчы Паспалітай, вызваленне сялян ад прыгону. Аўтар зб-каў «Літоўскія пісьмы» (1812), дзе адлюстравана бел. тэматыка, цыкла «Гістарычныя песні» (1816), раманаў «Два паны Сяцехі» (1815), «Ян з Тэнчына» (1825) і інш. У кн. «Гістарычныя падарожжы па польскіх землях, што адбыліся ад 1811 да 1828 гг.» (1858) апісаў Брэст, Гродна, Навагрудак, жыццё бел. сялян. Напісаў «Гісторыю панавання Жыгімонта III» (т. 1—3, 1818—19), «Сучасную гісторыю» (1863), «Жыцці значных людзей XVIII ст.» (1904). Ініцыятар і рэдактар выдання «Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу» (т. 1—7, 1822—36), у які ўключыў «Дыярыушы» С. і Б.Маскевічаў. Аўтар шматлікіх мемуараў, у т. л. «Дзённікаў часоў маіх» (1848, дапоўненае выд., т. 1—2, 1957).
Тв.:
Dzieła poetyczne wierszem i prozą. T. 1—12. Lipsk, 1838-43.
Літ.:
Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗАЎ (Віктар Сяргеевіч) (н. 21.8.1913, г. Яраслаўль, Расія),
рускі пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1952). З 1931 акцёр Кастрамскога т-ра юнага гледача. П’есы пераважна пра сучасную моладзь: «Яе сябры» (паст. 1949), «У добры час!» (паст. 1954, экранізацыя 1956), «У пошуках радасці» (паст. 1957, фільм «Шумны дзень», 1961), «У дзень вяселля» (паст. 1964), «Традыцыйны збор» (паст. 1967), «Сітуацыя» (паст. 1973), «Гняздо глушца» (1978), «Парсючок» (1987) і інш. У п’есе «Вечна жывыя» (фільм «Ляцяць жураўлі», абодва 1957) тэма грамадз. абавязку, высокіх традыцый рус. інтэлігенцыі. Аўтар кн.аўтабіягр. прозы «Падарожжа ў розныя бакі» (1987), інсцэніроўкі рамана «Звычайная гісторыя» І.Ганчарова (паст. 1966, Дзярж. прэмія СССР 1967). П’есы Р. ставіліся на Беларусі: у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «У добры час!» (1955), «Перад вячэрай» (1962), «Традыцыйны збор» (1966); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Яе сябры» (1950), «Старонка жыцця» (1953), «У добры час!» (1955), «У пошуках радасці» (1958), «Перад вячэрай» (1962), «У дзень вяселля» (1964); у Рускім драм. т-ры — «Яе сябры» (1952), «У дзень вяселля» (1964), «З вечара да поўдня» (1970), «Гняздо глушца» (1979); у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача — «Твой шлях» (1956), «У пошуках радасці» (1958), «Няроўны бой» (1960), «Чатыры кроплі» (1975), «На моры» («Парсючок», 1987); у Брэсцкім абл.драм. т-ры — «Старонка жыцця» (1953), «У добры час!» (1955), «У пошуках радасці» (1957); у Гомельскім абл.драм. т-ры — «Сітуацыя» (1973); у Гродзенскім абл.драм. т-ры — «Перад вячэрай» (1963), «Вечна жывыя» (1983); у Магілёўскім абл.драм. т-ры — «Гняздо глушца» (1979); у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі — «Чатыры кроплі» (1975).
Тв.:
Избранное. М., 1983.
Літ.:
Анастасьев А.Н. Виктор Розов: Очерк творчества. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНІ́ЦКІ (Ігнат Цярэнцьевіч) (22.8.1861, б. фальварак Палівачы, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 22.9.1917),
бел. акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Стваральнік бел.нац. прафесійнага т-ра. Скончыў Рыжскае землямернае вучылішча, вучыўся ў прыватнай драм. студыі ў Вільні. Працаваў каморнікам на Беларусі. Добра ведаў жыццё народа, глыбока адчуваў і разумеў нар. творчасць. Вывучаў песні і танцы, збіраў узоры нар. адзення, арнаменту, размалёўкі. З 1905 сістэматычна наладжваў вечарынкі ў Палівачах і Празароках. У 1907 арганізаваў у Палівачах аматарскі т-р, удзельнікі якога выступалі перад мясц. жыхарамі. У 1910 т-р стаў прафесійным і атрымаў назву Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. З ім многа ездзіў па Беларусі і за яе межы. Выступаў у Вільні, Пецярбургу і Варшаве. Кіраваў т-рам, падтрымліваў яго эканамічна за кошт даходаў са свайго маёнтка, ставіў п’есы, іграў у іх — Аляксей («У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі), Ігнась («Модны шляхцюк» К.Каганца), Антон, Мірановіч («Пашыліся ў дурні», «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага), чытаў прозу і вершы, спяваў сола і ў хоры, па-майстэрску танцаваў. Першы на Беларусі звярнуў увагу на прыгажосць і эстэт. магчымасці бел.нар. танца, узняўшы яго да ўзроўню высокага мастацтва. Яго дзейнасць падтрымалі прагрэс. дзеячы бел. культуры — Я.Купала, Ядвігін Ш, Цётка, Ц.Гартны, З.Бядуля, Ч. і Л.Родзевічы і інш. З-за ўціску царскіх улад, іх негатыўных адносін да адраджэння бел. культуры, матэрыяльных цяжкасцей у 1913 т-р спыніў дзейнасць. У маі 1914 Буйніцкі зрабіў спробу стварыць новы т-р, але перашкодзіла 1-я сусв. вайна. У 1917 адзін з ініцыятараў стварэння Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У апошнія месяцы жыцця на вайск. службе ў рус. арміі ў раёне Маладзечна, дзе і памёр. У 1975 перапахаваны на цэнтр. плошчы в. Празарокі Глыбоцкага р-на, на магіле — помнік (скульпт. І.Міско, арх. М.Бурдзін). У Празароцкай сярэдняй шкале музей Буйніцкага.
Літ.:
Няфёд У.І. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра. Мн., 1991.