ЛЮЛІ́ (Lully) Жан Батыст

(італьян. Джавані Батыста Лулі, Lulli; 28.11.1632, г. Фларэнцыя, Італія — 22.3.1687),

французскі кампазітар, заснавальнік франц. опернай школы. З 1646 у Францыі. Прыбліжаны караля Людовіка XIV. З 1652 іграў у прыдворным аркестры «24 скрыпкі караля», сфарміраваў і ўзначаліў малы прыдворны аркестр «16 скрыпак караля». Удзельнічаў у пастаноўцы прыдворных балетаў, напісаў музыку да шэрагу камедый-балетаў Мальера. З 1662 прыдворны кампазітар. З 1672 адзіны кіраўнік, кампазітар, дырыжор і рэжысёр опернага т-ра «Каралеўская акадэмія музыкі» (гл. Парыжская опера). Стваральнік нац. муз.-сцэн. жанру лірычнай трагедыі (пераважна на міфалагічныя ці легендарныя сюжэты), новага тыпу франц. опернай уверцюры, якая стала прататыпам пазнейшых уверцюр і вызначыла адзін са шляхоў да класічнай сімфоніі. Яго балетная музыка паўплывала на развіццё танц. сюіты. Сярод твораў: лірычныя трагедыі «Тэсей» (паст. 1675), «Атыс» (паст. 1676), «Персей» (паст. 1682), «Раланд» (паст. 1685), «Арміда» (паст. 1686) і інш.; гераічныя пастаралі,. оперы-балеты, у т.л. «Трыумф кахання» (1681); камедыі-балеты, у т.л. «Шлюб паняволі» (1664), «Пан дэ Пурсаньяк» (1669), «Мешчанін — дваранінам» (1670); дывертысменты, інстр. п’есы, песні, духоўная музыка і інш.

Літ.:

Роллан Р. Заметки о Люлли // Собр. соч.: Пер. с фр. Л., 1935. Т. 16.

Ж.Б.Люлі.

т. 9, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)