падатрад млекакормячых атр. прыматаў. Вядомы з эацэну Еўропы і Паўн. Амерыкі (каля 45 млн.г. назад). 6 сям.: лемуравыя, тупаевыя, даўгапятавыя (Tarsiidae), індрыевыя, або індрызідавыя (Indrisidae), лорыевыя, або лорызідавыя (Lorisidae), руканожкавыя (Daubentoniidae). 24 роды, 53 віды. Пашыраны ў трапічных лясах Афрыкі, в-ва Мадагаскар, Паўд.-Усх. Азіі, Малайскага архіпелага. Жывуць на дрэвах невял групамі, парамі або паасобна. 22 віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела да 106 см, хвост у некат. відаў можа быць удвая даўжэйшы. Заднія канечнасці ў большасці даўжэйшыя за пярэднія. Поўсць густая, мяккая. часта яркіх адценняў. Вочы вялікія. Мозг з малой колькасцю баразён і звілін, вял. паўшар’і ўкрываюць мазжачок няпоўнасцю. Усёедныя. Нараджаюць 1—4 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭ́ТРУМ,
рамоначнік (Pyrethrum), род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 еўрасібірскі рэліктавы від П. шчытковы (P. corymbosum), занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў асветленых лісцевых лясах, сухадольных астэпаваных лугах. Трапляецца здзічэлы П. вялікі, або бальзамічны кануфер (P. majus), які культывуюць як прыпраўную расліну, як інсектыцыдную — культывуюць П. цынерарыялісты, або далмацкі рамонак (P. cinerariifolium). Інтрадукаваны 2 віды П.: чырвоны, або каўказскі рамонак (P.coccineum) і дзявочы (P.parthenium).
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 5—150 см. Сцёблы апушаныя, прамыя і ўзыходныя. Лісце чаргаванае, перыстарассечанае, радзей суцэльнае. Кветкі дробныя, у адзіночных або сабраных у агульнае шчыткападобнае суквецце кошыках. Плод — сямянка. Некат. віды маюць пірэтрыны. Род П. часта аб’ядноўваюць з родам піжма і хрызантэма. Інсектыцыдныя, лек., харч., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УДА́ВЫ, несапраўднаногія (Boidae),
сямейства неядавітых змей атр. лускаватых. З падсям.: пітоны, уласна У. — Boinae (15 родаў, каля 60 відаў) і баліерыны — Bolierinae (2 віды). Пашыраны ў тропіках і субтропіках. Жывуць на зямлі, дрэвах, ёсць паўводныя і рыючыя формы. Найб. вядомыя роды з падсям. уласна У. — У. сапраўдныя [Constrictor (Boa)], вузкабрухія (Corallus), удаўчыкі (Eryx) і інш. 8 відаў і падвідаў У. у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 10—11 м, маса да 100 кг і больш. Анаконда, пітон сеткаваты — найб. буйныя з сучасных змей. Афарбоўка пераважна стракатая. Тулава з моцнымі мышцамі, з дапамогай якіх У. душаць (адсюль назва) здабычу. Косці верхняй сківіцы рухомыя. Вочы з верт. зрэнкай. Захаваліся рудыменты таза і задніх канечнасцей (кіпцюры). Кормяцца млекакормячымі, птушкамі, яшчаркамі, жабамі і інш. Яйцажывародныя, некаторыя (пітоны) адкладваюць яйцы (да 107 шт.). Многія віды — аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗА́ЛІС, махунка (Physalis),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках, пераважна ў Амерыцы. У культуры 3 віды Ф.: мексіканскі тамат, або ліпкаплодны (P. ixocarpa), перуанскі, ці перуанская вішня (P. peruviana), і сунічны, або апушаны (P. pubescens). На Беларусі 1 заносны від — Ф. звычайны (P. alkekengi), што трапляецца на звалках, каля жылля. Некат. віды культывуюцца як дэкар. і агароднінныя расліны (напр., Ф. мексіканскі, сунічны).
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойнымі або распасцёртымі сцёбламі выш. 20—100 см. Лісце яйцападобна-авальнае, суцэльнае. Кветкі белыя ці жаўтаватыя, з цёмна-фіялетавымі плямамі, дробныя, на паніклых кветаножках, у суквецці звіліна. Плод — ягада, замкнёная ў пухірападобную чашачку (ліхтарык). Плады культ. відаў спажываюць у ежу. Харч., лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАПКЯЛЯ́Й,
запаведнік у Літве, у бас.р. Нямунас (Нёман). Засн. ў 1975 для аховы унікальных лясных балот і азёр, рэліктавай флоры і фауны забалочаных лясоў. Пл. 8,5 тыс.га. Глебы балотныя вярховага тыпу. Каля 70% тэр. пад балотамі (вярховыя, пераходныя, нізінныя), пакрытымі лясамі. Сярод балот 21 невял. возера. Дамінуюць хвойнікі (80,5%); 12% бярэзнікаў, 5,5% алешнікаў, 2% ельнікаў. У флоры 654 віды вышэйшых раслін, з іх 58 рэдкія, у Чырв. кнізе арніка горная, пылкагалоўнік чырвоны, чаравічак сапраўдны, надбароднік бязлісты, зубянка клубняносная. У фауне 64 віды млекакормячых, у т. л. лось, дзік, казуля, бабёр, андатра. 156 відаў птушак (у Чырв. кнізе чорнаваллёвая гагара, чорны бусел, лугавы мышалоў, асаед, змеяед, малы падворлік, арлан-белахвост, скапа, пустальга, шэры журавель, турухтан і інш.); 7 відаў рэптылій, 9 — земнаводных, каля 2 тыс. — насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЯ́БРСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Акцябрскім р-не Гомельскай вобл.Засн. ў 2003 для захавання ў натуральным стане каштоўных лясных фармацый. Пл. 4070 га. Ландшафты нізінныя алювіяльна-тэрасаваныя. Глебы дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя. Расліннасць пераважна лясная: чорнаальховыя лясы (50,8%), хваёвыя (29%), ёсць дубровы, ясеннікі, грабнякі. Шмат спелых і перастойных лясоў (32%), узрост асобных дрэў да 200 гадоў. У флоры 507 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, у т. л. рэдкія віды: купальнік горны, пылкагалоўнік чырвоны, зубніца клубняносная, дзераза-баранец, фіялка багнавая і інш. У фауне млекакормячых 43 віды, птушак — 130, рыб — 32, рэптылій — 5, амфібій — 8; у Чырв. кнігу занесены 13 відаў: малая паганка, чорны бусел, вялікі бугай, вялікі і малы падворлікі, каршачок, журавель шэры, зімародак звычайны, соня арэшнікавая і інш.