раздзел мовазнаўства, які вывучае тыпы, асаблівасці і функцыі націску; сістэма моўных з’яў, звязаных з націскам. Вывучае націск у сінхранічным і дыяхранічным аспектах (гіст. і параўнальна-гіст. акцэнталогія) і з уласна фаналагічных і марфалагічных пазіцый (апісальная акцэнталогія).
Мае даўнюю традыцыю. У інд. брахманах (8—6 ст. да н.э.) і упанішадах (7—3 ст. да н.э.) сустракаецца паняцце «свара» — націск або тон. Пытанні акцэнталогіі вывучаліся ў Стараж. Грэцыі (6—4 ст. да н.э.) і Кітаі (з 5 ст.н.э.). У 19 ст. націск як самастойны аб’ект вывучэння вылучыў А.Х.Вастокаў; уклад у развіццё акцэнталогіі зрабілі А.А.Патабня, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф. дэ Сасюр, П.Ф.Фартунатаў, А.Мее.
Бел. акцэнталогія сфарміравалася ў 20 ст. Упершыню націск даследаваўся ў працах Я.Ф.Карскага. Акцэнтныя сродкі бел. мовы вывучаны ў апісальным плане [М.В.Бірыла, Л.Ц.Выгонная, Л.М.Вардамацкі, М.П.Лобан, Я.І.Івашуціч, Я.Э.Смулкова (Польшча), Э.Станкевіч (ЗША)].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЎК (Canis lupus),
млекакормячая жывёла сям. воўчых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. Жыве ў адкрытых стэпах, паўпустынях, тундрах, лесастэпах, лясах, акрамя суцэльных масіваў. Актыўны ноччу, днём хаваецца ў хмызняках і ярах. На Беларусі трапляецца ўсюды.
Даўж. цела 1,1—1,6 м, маса звычайна 32—50 кг, зрэдку да 79 кг. Самкі крыху меншыя за самцоў. Шыя кароткая, вушы востраканцовыя. Ногі доўгія з кіпцюрамі. Поўсць на спіне і баках буравата-карычневая або цёмна-шэрая з чарнаватым адценнем уздоўж спіны, бруха светла-шэрае. Восенню і зімой трымаецца вывадкамі, у час размнажэння — парамі. Утварае з свойскімі сабакамі гібрыды, падобныя да валкоў вонкавым выглядам і паводзінамі. Нараджае вясной у сярэднім 5—6 ваўчанят, зрэдку да 15. Драпежнік, корміцца пераважна капытнымі жывёламі, палюе зграямі. Выконвае ролю санітара, шкодзіць паляўнічай і сельскай гаспадарцы. Аб’ект круглагадовага палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́ СВО́ЙСКАЯ,
парнакапытная жвачная жывёла сям. пустарогіх. Адна з першых прыручаных чалавекам жывёл. Аб’екткозагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх безааравых і вінтарогіх казлоў, а таксама вымерлага віду Capra prisca. Мяса К.с. пажыўнасцю блізкае да бараніны, малако — каштоўны дыетычны прадукт, пух і шкуры выкарыстоўваюць у гарбарнай і трыкат. вытв-сці. На Беларусі К.с. гадуюць аматары. Найб. пашыраны пароды: малочныя — горкаўская, зааненская; пуховыя — арэнбургская, горнаалтайская, прыдонская; шэрсныя — ангорская, савецкая шэрсная.
Масць разнастайная, найчасцей светлых адценняў. Шэрснае покрыва ў коз шэрсных парод складаецца з аднародных валокнаў, якія ўтвараюць коскі даўж. 15—18 см, у пуховых і малочных — з восцяў і пуху. Настрыг воўны 3—6 кг, начос пуху з пуховых коз да 0,5 кг. Пладавітасць 1—2, зрэдку да 5 казлянят. Маса дарослых казлоў 60—65, матак — 40 кг. Сярэдні ўдой малочных парод 450—500 кг, тлустасць малака 3,8—4,5%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІГУ́РЫ (лац. Ligures),
зборная назва стараж. плямён, якія насялялі ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э.паўн.-зах. Італію і паўд.-ўсх. Галію. Мяркуюць, што ў 2-м — сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Л. насялялі б.ч. Італіі, потым іх адцяснілі на ПнЗіталікі. У 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. Л. займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, жылі ва ўмацаваных гарадзішчах, якія паступова ператварыліся ў гандл.-рамесніцкія цэнтры. Грамадскі лад Л. меў характар ваен. дэмакратыі, доўгі час захоўвалася сельская абшчына. У розны час на Л. нападалі кельты і этрускі, з 328 да н.э. яны — аб’ектрым. агрэсіі. Канчаткова падпарадкаваны Рымам толькі пры Аўгусце (14 да н.э.). Большасць сучасных лінгвістаў лічаць мову Л. індаеўрапейскага паходжання. Верагодна, ім належаць наскальныя малюнкі ў Прыморскіх Альпах. Ад Л. атрымала назву гіст. вобласць на ПнЗ Італіі — Лігурыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮМІНЕСЦЭ́НТНЫ АНА́ЛІЗ,
сукупнасць якасных і колькасных метадаў аналізу, заснаваных на назіранні люмінесцэнцыі. Пры гэтым рэгіструюць уласнае свячэнне атамаў або малекул, якія ўваходзяць у аб’ект, што даследуецца, або свячэнне спецыяльна ўведзенага люмінафору. Рэчыва ўзбуджаюць найчасцей ультрафіялетавым святлом і наглядаюць люмінесцэнцыю візуальна ці з дапамогай фатометраў.
Хімічны Л.а. заснаваны на характарыстычнасці свячэння кожнага рэчыва. Ім карыстаюцца для ідэнтыфікацыі рэчываў, вызначэння структуры малекул, кантролю чыстаты хім. прадукцыі, вызначэння канцэнтрацыі рэчываў і інш. Сартавы Л.а. дае магчымасць сартаваць шкло. насенне, раздзяляць разнародныя часцінкі, вызначаць шляхі перамяшчэння вадкасці (падземнае цячэнне, кровазварот), нябачныя надпісы, сляды бясколерных рэчываў (пры экспертызе). Люмінесцэнтныя мікраскапія і дэфектаскапія заснаваны на люмінесцэнцыі мікрачасцінак (пераважна біялагічных) у спец. мікраскопах і свячэнні люмінафораў у мікрарасколінах дэталей ці люмінафораў, якія прасачыліся праз парушэнні герметычнасці.
Літ.:
Люминесцентный анализ. М., 1961;
Божевольнов Е.А. Люминесцентный анализ неорганических веществ. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫТА́ЛЬНЫ СКАЗ,
сказ, які выражае недахоп інфармацыі пра пэўны аб’ект і патрабуе адказу на пытанне. Напр.: «Ці хопіць светлых, звонкіх думак-слоў, // Ці гладка пойдзе песня-дабрадзейка?» (Я.Купала).
Фармальныя паказчыкі значэння пытальнасці: пытальная інтанацыя («Дождж яшчэ ідзе?»), пытальныя словы — часціцы «ці», «хіба», «а», «няўжо»; займеннікі «хто», «што», «чый», «які», «колькі»; прыслоўі «дзе», «калі», «як», «куды», «адкуль», «навошта». Важную ролю ў пабудове П.с. адыгрывае лагічны націск, які дазваляе дакладна ўказаць, якой інфармацыі не хапае («Ко́ля прыехаў?» — «Коля прые́хаў?»). Як П.с. у маўленні могуць афармляцца: рытарычны вокліч («Хто яго не ведае?!»), альтэрнатыўнае запытанне («Гэту кнігу возьмеш ці тую?»), даданая ч. складанага сказа («Я ўсё гадаў, хто мог мне тэлефанаваць»), пабуджэнне («Ты пачнеш нарэшце працаваць?!»), перапытанне-паўтор («Кажаш, ужо прачытаў? Вазьмі другі раман»), пацвярджэнне («А як жа іначай? Так і трэба было!»). У канцы П.с. ставіцца пытальнік (?).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЕ́Ц (Alopex lagopus),
млекакормячая жывёла сям. воўчых атр. драпежных. Пашыраны ў тундрах і лесатундрах арктычнага ўзбярэжжа і на астравах, трапляецца ў Сібіры да воз. Байкал, на Д. Усходзе да р. Амур. У ледавіковы перыяд быў пашыраны на тэр. Рускай раўніны (рэшткі знойдзены нават у Крыме). 2 формы: П. белы (футра летам шаравата-бурае, зімою белае) і блакітны ( і летам, і зімою дымчата-шэры). На Беларусі выкапнёвы від; рэшткі выяўлены на палеалітычных стаянках Бердыж Чачэрскага, Юравічы Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл. і каля г. Смаргонь Гродзенскай вобл.
Даўж. цела 75 см, хваста 52 см, маса да 11 кг. Усёедныя, асн. корм — грызуны. Манагамы, часам палігамы. Нараджаюць 7—10, зрэдку да 25 шчанят. Каштоўны пушны звер, аб’ект зверагадоўлі.
Э.Р.Самусенка.
Пясец: 1 — белы (а — у зімовым футры; б — у летнім футры); 2 — блакітны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕНАДЫЯГНО́СТЫКА,
распазнаванне пашкоджанняў і захворванняў розных органаў і сістэм чалавека пры рэнтгеналагічных даследаваннях; частка рэнтгеналогіі. Грунтуецца на ўласцівасці рэнтгенаўскіх прамянёў пранікаць праз непразрыстыя для светлавых прамянёў целы. Метады Р. — рэнтгенаскапія, рэнтгенаграфія (або іх спалучэнне).
Рэнтгенаскапія — прасвечванне, пры якім адлюстраванне аб’екта трапляе на флюарэсцэнтны экран або экран тэлевізара Выкарыстоўваюць таксама лічбавыя рэнтгенаўскія апараты (адлюстраванне паступае на аналага-лічбавы пераўтваральнік, дзе эл. сігналы, якія нясуць інфармацыю пра аб’ект даследавання, пераўтвараюцца ў лічбавыя параметры). Рэнтгенаскапія дазваляе атрымліваць адлюстраванне любой ч. цела і большасці органаў і тканак. Рэнтгенаграфія — атрыманне здымка (негатыву) на рэнтгенаўскай плёнцы. Адрозніваюць рэнтгенаграфію традыц. і лічбавую. На лічбавых рэнтгенаўскіх апаратах адлюстраванне можа фіксавацца не толькі на плёнцы, а таксама на паперы, у магнітнай або магнітна-аптычнай памяці. Лічбавая рэнтгенаграфія дае высокую якасць адлюстравання, мае паніжаную прамянёвую нагрузку. Асн. клінічным патрабаваннем да рэнтгенаўскага адлюстравання з’яўляецца яго інфарматыўнасць.