тра́піць, -плю, -піш, -піць; зак.

1. Пацэліць у што-н., метка кінуўшы, стрэліўшы.

Т. у цэль.

2. Увайсці, пранікнуць куды-н., знайсці тое, што шукаў.

Кароткім шляхам т. туды, дзе чакалі.

3. Апынуцца ў якіх-н. умовах, абставінах (звычайна неспрыяльных).

Т. у непрыемнае становішча.

4. Аказацца дзе-н. у патрэбны момант, апынуцца дзе-н.

Т. на вяселле.

5. Знянацку наступіць на што-н., уступіць у што-н.

Т. нагой у лужыну.

6. Папасці, надарыцца.

Яму трапіла ў рукі цікавая кніга.

Трапіць на кручок каму, чый, да каго (разм.) — даць сябе падмануць, ашукаць, папасціся ў чым-н.

Трапіць на язык каму (разм.) — стаць прадметам гутаркі, абгавораў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

фармулёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы; Р мн. ‑лёвак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. фармуляваць.

2. Сфармуляваная думка; формула. Гадзіны з тры я падганяў слова да слова, сказ да сказа, шукаў выразных фармулёвак, апісваў падзеі і факты так, што яны набывалі выразнае грамадска-палітычнае гучанне. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экзаменацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які звязаны з экзаменамі, прызначаны для экзаменаў. Экзаменацыйная камісія. □ Дзяўчына спачатку глядзела на адзнакі ў Клавіным. атэстаце, потым даведкі перагарнула і спынілася на экзаменацыйным лістку. Кавалёў. Мне здавалася нават, што ён [экзаменатар] рыхтаваўся паставіць добрую ацэнку, бо ўсё нешта шукаў маё прозвішча ў экзаменацыйным журнале. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ашаву́рак ’непаваротлівае і нецямкое дзіця’ (КЭС, лаг.), ’абармот, непаслухмяны (пра дзяцей)’ (нясвіж., Цыхун, вусн. паведамл.). Няясна, магчыма, ад ша́ваць ’слаба варушыць, шамацець’, параўн. ашамётак, з экспрэсіўным нарашчэннем ‑ур‑ (пераходная ступень (а)шава(а)шавура як рус. кожа і кожура, параўн. таксама прозвішча Ша(в)ура). Менш верагодна па фанетычных і семантычных прычынах сувязь з рус. маск. ошвырок ’аполак, абрэзак’, укр. о́шварь, польск. oszwar ’тс’, параўн. аполак ’непатрэбны чалавек’, ці польск. гіст. abszaur ’таможанны чыноўнік, які калісьці па вёсках шукаў тытуню, прывезенага кантрабандай’ (з ням. Abschauer, Карл.). Параўн. ашвурак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Глядзець, паглядваць; шукаць каго‑, што‑н. вачамі. Ядвіся зыркала вачамі — то на маці, то на Хрысціну, гатовая вось-вось умяшацца ў спрэчку. Пестрак. Джвучка таптаўся ў парозе, зашпільваў каўнер кашулі і зыркаў вачамі па сценах, — шукаў сваю вопратку. Пташнікаў.

2. Ярка, асляпляльна бліскаць. Школа зыркала электрычнымі агнямі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разду́мваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

1. Незак. да раздумаць (у 1 знач.).

2. Думаць, вагаючыся; доўга не магчы прыняць рашэння. Хмыль усё стаяў на пагорку, напэўна, раздумваў, ісці яму вуліцай ці па загароддзю, хаваючыся ад людскіх вачэй. М. Стральцоў. Алесь здзіўлена раздумваў. Нашто гэта яму было? Дапамогі на ўсякі выпадак шукаў? То паможам, як спатрэбіцца. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́ртыя, ‑і, ж.

1. Старадаўні рукапіс, а таксама матэрыял (звычайна папірус або пергамент), на якім ён напісаны.

2. У сярэднія вякі — дакумент, грамата, што давала або пацвярджала якія‑н. правы і вольнасці. Вялікая хартыя вольнасцей.

3. Кніжн. Назва дакументаў важнага грамадска-палітычнага значэння. Раскрыты старонкі праўдзівых законаў, Якія наш прадзед спрадвеку шукаў. Праменныя літары ззяюць іх сёння Славутаю хартыяй ленінскіх спраў. Хведаровіч.

[Лац. chárta ад грэч. chártēs — папера, грамата.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ляту́н ’лётчык, пілот’ (Бяльк., б.-каш., Мат. Гом.) (рус. лету́н, чэш. letoun ’лятаючае насякомае’, ’кажан’, ’самалёт’, славац. letún ’тс’). Новае ўтварэнне — семантычны перанос з ляту́н ’той, хто лётае, хутка ходзіць, бегае’ (ТСБМ). Да лётаць (гл.). Аб суфіксе гл. Слаўскі (SP, 1, 134–135), Сцяцко (Афікс. наз., 68). Зусім новае ў бел. мове ’той, хто часта мяняе месца працы’ — з рус. лету́н ’тс’, якое (іран.) ’селянін, які не хацеў жыць у сваёй вёсцы, а шукаў дзесьці дадатковыя заробкі’. Крукоўскі (Уплыў, 151) разглядае гэта як сэнсавую кальку. Сюды ж: ляту́н ’дробны лешч, Abramis brama L.’, ’гусцяра, Blicca bjoerkna L.’ (Інстр. II), а таксама ляту́ха ’тая, што шпарка ходзіць, бегае’ (міёр., З нар. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Абмеркаваць, асэнсаваць, сабрацца з думкамі. Віктар не хадзіў самотна па вуліцы пасля таго, як балюча пакрыўдзіў бацьку і жонку, не шукаў такога прытулку, дзе можна было б спакойна абдумацца, заглянуць самому сабе ў душу. Кулакоўскі.

2. Перадумаць, прыйсці да іншага рашэння. Дзядок перш здзіўлена вылупіў вочы, потым хацеў усміхнуцца, але абдумаўся і замест гэтага напусціў на сябе дзелавы выгляд. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РАСЕ́ЦІ ((Rossetti) Дантэ Габрыэл) (сапр. імя Габрыэл Чарлз Дантэ; 12.5.1828, Лондан — 9.4.1882),

англійскі жывапісец і паэт. Вучыўся ў Лондане ў рысавальнай школе Х.​Сэса (з 1843), у АМ (з 1845), пазней у М.​Браўна. Адзін з заснавальнікаў «Брацтва прэрафаэлітаў» (гл. Прэрафаэліты). Адвяргаў «вульгарны празаізм» у тагачасным мастацтве, шукаў тэмы і сюжэты ў мастацтве італьян. прымітываў і паэзіі італьян. сярэдневякоўя, Ранняга Адраджэння (асабліва ў Дантэ), сярэдневяковых легендах і хроніках, творах англ. рамантыкаў, надаваў вобразам адчувальна-пачуццёвы характар і містычную афарбоўку. Жывапісныя работы вызначаюцца парадаксальным спалучэннем інтэнсіўнасці пачуццяў гераінь (пісаў выключна жаночыя персанажы) і знешняй статычнасці, скаванасці поз і жэстаў; аб’яднаннем аб’ёмна выпісаных фігур з умоўным дэкар. фонам (часта ўзор з лісця і кветак); яркай паліхроміяй і тонкай лінеарнасцю кампазіцый, якія папярэднічалі стылю мадэрн: «Дзяцінства Марыі» (1849), «Дабравешчанне» (1850), «Беата Беатрыкс» (1863), «Каханая» (1865—66), «Сон Дантэ» (1870—71) і інш. Размаляваў хол Оксфардскага т-ва ў Лондане (1857), афармляў кнігі, рабіў эскізы вітражоў і пано (з У.​Морысам). Літ. творам уласцівы жыццёвасць і пераканаўчасць вобразаў, пластычнасць мовы, дакладнасць метафар, нечаканасць асацыяцый і сакавітасць дэталей: зб-кі «Вершы» (1870), «Балады і санеты» (т. 1—2, 1881). Аўтар п’есы «Трагедыя караля», філас. паэмы «Цяжар Ніневіі» (1856) і інш., перакладаў.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Антология новой английской поэзии. Л., 1937.

Д.Г.Расеці. Каханая. 1865—66.

т. 13, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)