ЛІ́РЫКА (ад грэч. lyricos які вымаўляецца пад гукі ліры),

адзін з трох родаў літаратуры (побач з эпасам і драмай), які адлюстроўвае рэчаіснасць праз суб’ектыўнае выяўленне пачуццяў і перажыванняў аўтара. Прадмет Л. — духоўнае жыццё чалавека, свет яго ідэй і эмоцый. Л. — стараж. род л-ры. Яна не супрацьстаіць ні эпасу як суб’ектыўнаму аповяду аповеду* пра пэўныя падзеі, ні драме з яе скразным канфліктна напружаным дзеяннем. Лірычныя элементы можна знайсці ў эпічных і драм. творах (лірычныя адступленні, эмацыянальная насычанасць твораў, прасякнутасць іх аўтарскімі пачуццямі). У сваю чаргу ў Л. часам выяўляюцца элементы эпасу (зачаткі сюжэта) і драмы (напружанасць думкі і пачуцця, дыялагічная форма выяўлення). На памежжы Л. і эпасу, Л. і драмы ўзніклі асобныя віды л-ры: вершаваныя раман, аповесць, апавяданне, паэма, драматычная паэма, балада, байка. Л. карыстаецца найперш паэт. сродкамі маст. выяўлення (тропы, гукапіс, паэт. сінтаксіс) і вершаванай мовай з яе вял. эмоцыястваральнымі магчымасцямі. У Л. нельга выявіць асобныя цэласныя характары. У той жа час індывідуалізаваны і тыпізаваны малюнак духоўнага свету чалавека выяўляецца ў ёй праз вобраз лірычнага героя. Асобныя рысы гэтага героя паўстаюць з усіх твораў аўтара, з усёй іх жанрава-відавой разнастайнасці. У залежнасці ад канкрэтнага зместу лірычных твораў адрозніваюць грамадзянскую, філасофскую, інтымную, пейзажную Л. Своеасаблівыя жанры — медытатыўная лірыка і сугестыўная лірыка. Гал. віды Л. — верш і песня.

Найб. стараж. — ананімныя нар. -песенныя тэксты, што ўключаюць у сябе ўзоры сямейна-абрадавай, каляндарна-абрадавай, пазаабрадавай Л. З паяўленнем пісьменнасці песня, прадаўжаючы бытаваць у вуснай нар. творчасці, уваходзіць і ў кніжную паэзію. У стараж. грэкаў і рымлян распаўсюджанымі відамі і жанрамі Л. становяцца гімн, ода, элегія, эпіграма; у сярэдневяковых араб. паэтаў — рубаі, газель; у японскіх — танка, у паэтаў еўрап. Адраджэння — санет, тэрцыны, актава, рандо, трыялет і інш. Самы стараж. помнік Л. — «Песня песняў» Саламона (Біблія). Выдатныя лірыкі антычнасці — Алкей, Сапфо, Анакрэонт, Катул, Гарацый, Авідзій, еўрап. Адраджэння — Ф.​Петрарка, П.​Рансар, У.​Шэкспір, Я.​Каханоўскі, усх.-азіяцкага — Лі Бо, Ду Фу, Умар Хаям, Саадзі, Хафіз, Фірдаўсі. Паэтамі выключнай лірычнай сілы былі Дж.​Байран, Р.​Бёрнс, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылер, А.​Пушкін, М.​Лермантаў, А.​Міцкевіч, Ю.​Славацкі, Т.​Шаўчэнка, Ш.​Пецёфі, П.​Верлен, А.​Блок, У.​Маякоўскі, С.​Ясенін, П.​Элюар, Назым Хікмет і інш.

Першым выдатным бел. лірыкам з’яўляецца Кірыла Тураўскі (паэт. малітвы, лірычныя «Словы»). Нягледзячы на розныя гіст. катаклізмы, бел. Л. — сярэдневяковая (Ф.​Скарына, Мікола Гусоўскі, А.​Рымша, Сімяон Полацкі і інш.), 19 ст. (Я.​Чачот, В.​Дунін-Марцінкевіч, Я.​Лучына, Ф.​Багушэвіч і інш.), 20 ст. (Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, А.​Гарун, М.​Танк, А.​Куляшоў, П.​Броўка, П.​Панчанка і інш.) — імкнулася выяўляць зменлівы духоўны свет народа, яго мары, пачуцці, жаданні. Разнастайны і глыбокі змест увасабляўся ва ўсёй мнагастайнасці асн. жанраў і відаў, што выпрацавала еўрап. паэзія. Некаторыя віды і жанры лірычнага верша з’яўляліся ў бел. паэзіі раней, чым, напр., у рас. і ўкр. (радковы лагаэд у Я.​Купалы, шаснаццацірадковік у Куляшова, сатыр. замовы ў Н.​Гілевіча, вянок вянкоў санетаў у З.​Марозава і г.д.). Гл. таксама Паэзія.

Літ.:

Гніламёдаў У.​В.​Лірыка // Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;

Поспелов Г.Н. Лирика. М., 1976;

Ярош М.Р., Бечык В.Л. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979;

Шпакоўскі І.С. Тыпізацыя ў лірыцы: Формы і сродкі Мн., 1980.

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБО́Ў,

інтымнае і глыбокае пачуццё, накіраванасць на другую асобу, чалавечую супольнасць або ідэю. Засноўваецца на агульнасці інтарэсаў людзей. іх мэт, патрэб, каштоўнасцей і суправаджаецца моцнымі эмоцыямі, якія сітуатыўна ўзнікаюць і перажываюцца ў залежнасці ад індывід.-псіхал. асаблівасцей асобы.

У міфалогіі і стараж. сістэмах філасофіі Л. разумелася як «эрас» — касмічная сіла, падобная сіле прыцягнення, якая злучае разнародныя часткі Сусвету. Платон вызначаў 2 віды Л. — пачуццёвую і духоўную — і абгрунтаваў ідэю ўзыходжання ад пачуццёвай улюблёнасці і эстэт. захаплення прыгожым целам да ідэальнай Л. і разумення прыгажосці наогул (адсюль выраз «платанічная Л»), Паводле хрысціянскай дактрыны, сапраўдная Л. не падобна на пачуццёвы «эрас», на дружбу па выбару, на патрыят. салідарнасць грамадзян: яна ёсць ахвярная і безматыўная «любоў да блізкага». Прадстаўнікі Асветніцтва (К.​Гельвецый, Ш.​Мантэск’ё, А.​Шэфтсберы і інш.) разглядалі Л. як натуральнае пачуццё салідарнасці, годнасці і ўнутр. свабоды чалавека, як асн. ўмову парадку і прыгажосці ў грамадстве. Г.​Гегель лічыў, што ідэальная Л. раскрывае сапраўдны сэнс і прызначэнне чалавека. М.​Шэлер бачыў у Л. адзіны спосаб пазнання каштоўнаснага ўваходжання асобы ў духоўную прастору свабоды, дзякуючы якой яна становіцца асобай. Паводле тэорыі псіхааналізу З.​Фрэйда, Л. — выражэнне сексуальнай цягі (лібіда) і ўяўляе сабой працэс яе пераўтварэння і пераключэння (сублімацыі) на мэты сац. дзейнасці і культ. творчасці. У марксісцкай філасофіі Л. трактуецца як праяўленне перажывання, душэўнага хвалявання, ацэначных адносін і выбіральнай актыўнасці асобы, выражэнне сац.-групавой і агульначалавечай салідарнасці. Як гал. прынцып быцця і чалавечага шчасця, сцвярджэння самакаштоўнасці кожнай асобы, яе самаахвярнай дзейнасці ў імя грамадскага дабра і росквіту айчыны разглядалі Л. бел. мысліцелі-асветнікі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Ф.​Скарына, С.​Будны, Ліцыній Намыслоўскі, М.​К.​Сарбеўскі, Ф.​Карпінскі, М.​Лавіцкі, М.​К.​Судзілоўскі, Я.​Чачот і інш.

У розныя гіст. эпохі і ў розных філас.-рэліг. вучэннях Л. звязвалі з адносінамі агульнасці і блізкасці паміж людзьмі, імкненнем да духоўнага і фіз. аб’яднання з асобай другога полу і ўзаемнага ўзнаўлення роду (каханне). У залежнасці ад сілы пачуцця, канкрэтнасці прадмета Л. ўсе яе віды можна размясціць у пэўную іерархію. Напр., для індывідуалістычнага грамадства (Стараж. Грэцыя і Рым, некаторыя краіны Зах. Еўропы новага часу) такая іерархія можа быць прадстаўлена ў выглядзе ступеняў: эратычная Л. і Л. да самога сябе; Л. да блізкага і чалавека наогул; да радзімы, жыцця, Бога і інш.; да прыроды, у прыватнасці, касм. Л.; да ісціны, дабра і справядлівасці, да прыгожага і да т.п.; да свабоды, творчасці, славы, улады, сваёй дзейнасці, багацця, «закону і парадку» і да т.п.; да зносін з іншымі людзьмі, да гульні, калекцыяніравання, падарожжаў і да т.п. Па меры аддалення ад вышэйшай ступені памяншаецца непасрэднасць і інтэнсіўнасць, павялічваецца сац. накіраванасць Л., больш выразнымі і пашыранымі становяцца захапленні, процілеглыя асобным відам Л. Напр., Л. да жыцця супрацьстаіць цяга да разбурэння і смерці, Л. да ісціны — схільнасць да хлусні, Л. да свабоды — непрыязнасць да яе. У калектывісцкім грамадстве (Стараж. Егіпет і Кітай, еўрап. феад. дзяржавы, сацыяліст. краіны) вышэйшая ступень Л. звязана з «вялікай мэтай», якую яна ставіць перад сабой. Старазапаветны прынцып «палюбі блізкага, як самога сябе» ў такім грамадстве трансфармуецца ў «Л. да далёкага» (да будучых і мінулых пакаленняў, да братоў па класе, да правадыроў і герояў, да чалавека толькі сваёй веры і пераканання). Калектывісцкае грамадства звычайна імкнецца абмежаваць сферу сексу для таго, каб яна не займала думкі і пачуцці чалавека, не адцягвала яго ад высокага прадвызначэння (умяшанне царквы ў шлюбнае жыццё людзей, забароны любых форм пазашлюбных адносін, асуджэнне «свабоднай Л.» і эротыкі, забарона сексуальных меншасцей і інш.).

Літ.:

Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;

Философия любви. Ч. 1—2. М., 1990;

Фрейд 3. Очерки по психологии сексуальности: Пер. с нем. М., 1990;

Фромм Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;

Ивин А.А. Введение в философию истории. М., 1997;

Мэй Р. Любовь и Воля: Пер. с англ. М.;

Киев, 1997.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАТУ́РНЫ ПРАЦЭ́С,

функцыянаванне і развіццё літаратуры ў пэўную эпоху і на працягу ўсёй гісторыі нацыі, дзяржавы, рэгіёна, свету. Уключае самі творы, формы іх грамадскага існавання (публікацыі, выданні, літ.-крытычныя ацэнкі і тэарэт. інтэрпрэтацыі, чытацкія рэагаванні), дзейнасць творцаў (пісьменніцкія з’езды, канферэнцыі, літ. дыскусіі), узаемадзеянне нац. л-р, л-ры з інш. відамі мастацтваў (тэатр, кіно, музыка) і агульнакульт. з’явамі. На Л.п. уплываюць грамадска-паліт. абставіны, якія могуць абмяжоўваць, паралізоўваць літ.-маст. жыццё ці, наадварот, спрыяць яго ўсебаковаму развіццю. Сувязь паміж грамадска-эканам. і літ.-маст. працэсамі не заўсёды прамая і адназначная. Бывае, што ва ўмовах рэакц. ладу паспяхова развіваецца вял. л-ра (напр., у Расіі ў 19 ст.). Такім чынам, Л.п. з’яўляецца часткаю грамадска-гіст. працэсу, але валодае і пэўнай аўтаномнасцю, бо духоўна-эстэт. памкненні пісьменнікаў як элітарна-самакаштоўныя нярэдка апярэджваюць свой час. У цэлым Л.п. прагрэсіўна-паступальны і вызначаецца ў адпаведнасці са зменамі грамадскіх ідэй, густаў, інтарэсаў зменамі стыляў творчасці [міфалагічны, рэнесанс (гл. Адраджэнне), барока, класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм], станаўленнем і развіццём родаў (эпас, лірыка, драма) і жанраў, удасканаленнем маст.-эстэт. культуры, узоры якой гістарычна карэкціруюцца.

Л.п. стараж. часоў спецыфічны развіццём пераважна вершаваных форм творчасці. На мяжы 18—19 ст. зацвярджаецца як эстэтычна паўнацэнны тып творчасці проза, якая ў 19—20 ст. пацясняе верш і развіваецца вельмі прадуктыўна (у эпасе, драме). Л.п. у яго сусв.-гіст. тэндэнцыях — агульны комплекс маст. рухаў. Каб больш выразна высветліць змест Л.п., у ім звычайна вылучаюць найб. адметныя рэгіёны (заходнееўрап., усходнеслав., паўднёваамер., блізкаўсходнія л-ры і інш.). У межах рэгіёнаў вылучаюць асобныя над. л-ры, якія канкрэтызуюць гэты змест. Л.п. даследуе літаратуразнаўства.

Бел. л-ра развіваецца з 11—12 ст. (летапісы Полацкай зямлі, жыціі і апокрыфы, словы Кірылы Тураўскага і Клімента Смаляціча, пераклады евангелляў). Для Л.п. эпохі Адраджэння характэрна з’яўленне новых відаў і жанраў л-ры (кніжная паэзія, рэфармацыйная публіцыстыка, гіст.-мемуарная проза, драматургія), узмацненне працэсаў секулярызацыі і гуманізацыі л-ры. У гэты перыяд склалася плеяда таленавітых літаратараў (Ф.​Скарына, Мікола Гусоўскі, С.​Будны, В.​Цяпінскі, С. і Л. Зізаніі, Л.​Сапега, А.​Рымша). У перыяд Контррэфармацыі на першы план выходзяць барочныя вершы Сімяона Полацкага і А.​Белабоцкага, палемічная публіцыстыка, гіст.-мемуарная л-ра. Асветніцтва прыўнесла ў л-ру парадыйна-сатыр. прозу, школьную драматургію, пераклады з еўрап. крыніц. У 2-й пал. 17—18 ст. адбываецца пераход ад сярэдневяковай л-ры з рэлігійнасцю яе зместу, утылітарна-службовымі задачамі і царкоўна-слав. канонамі да новай л-ры з нар.-дэмакр. ідэямі, свецкімі інтарэсамі, эстэт. арыентацыяй на збліжэнне з рэальнасцю. Ва ўмовах фарміравання нацыі сял.-быт. прыхільнасці і рамантычна-асв. захапленні дзеля салідарызацыі грамадства спалучаюць у сваёй творчасці бел.-польск. (Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, В.​Каратынскі, У.​Сыракомля, А.​Плуг), польск. (А.​Міцкевіч, Э.​Ажэшка), бел. (В.​Дунін-Марцінкевіч, Ф.​Багушэвіч) пісьменнікі 19 ст. На пач. 20 ст. нац.-адраджэнскую ідэю ў л-ры сцвярджалі Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, Цётка, Ядвігін Ш., А.​Гарун, М.​Гарэцкі, Ф.​Аляхновіч, З.​Бядуля і інш., якія сумяшчалі ў творчасці рамант., рэаліст. і мадэрнісцкія прынцыпы. Л-ра гэтага перыяду паскорана развівала жанры, стылі, рэалізоўвала еўрап. стандарты. У БССР ў 1920-я г. ўзнялося пакаленне маладых рэв. рамантыкаў (М.​Чарот, У.​Дубоўка, У.​Хадыка, К.​Чорны, П.​Трус, К.​Крапіва, Я.​Пушча); у 1930-я г. Л.п. разбураўся ў выніку рэпрэсій. У л-ры Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. апяваліся вызв. рух (М.​Васілёк, В.​Таўлай, П.​Пестрак, А.​Салагуб і інш.), вечныя каштоўнасці і родныя краявіды; розныя плыні спалучаліся ў творчасці М.​Танка. У 2-й пал. 1950-х—1960-я г. ў л-ры зацвярджаюцца гуманістычныя і нац.-патрыят. ідэі. Паэтызуецца сав. рэчаіснасць. У апошнія дзесяцігоддзі Л.п. ўласціва больш глыбокае асэнсаванне чалавека ў сістэме жыццёвых каардынат, аналіз рэчаіснасці як аб’екта дзейнасці асобы, жанрава-стылявое багацце. На Беларусі Л.п. развіваецца ў кантэксце часу. Гл. таксама раздзел Літаратура ў арт. Беларусь.

Літ.:

Благой Д.Д. Литературный процесс и его закономерности // Благой Д.Д. От Кантемира до наших дней. М., 1972. Т. 1;

Литературный процесс и русская журналистика конца XIX — начала XX в., 1890—1904. М., 1981;

Каваленка В.А. Вытокі. Уплывы. Паскоранасць Мн., 1975;

Гл. таксама да арт. Літаратура, Літаратуразнаўства.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 9, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРАДЖЭ́ННЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ,

заканамернасць у гіст. развіцці асобных народаў, якая выяўляецца ў паскораным руху да больш высокага ўзроўню грамадскага быцця, культуры і нац. свядомасці пасля перыяду застою альбо ўпадку. Адраджэнне нацыянальнае неабходна адрозніваць ад Рэнесансу — еўрап. культ.-гіст. эпохі на сумежжы сярэднявечча і Новага часу (гл. Адраджэнне). Феномен гуманіст. Адраджэння характэрны для тых рэгіёнаў, гіст. працэсы ў якіх пазначаны адноснай стабільнасцю і паступальнасцю развіцця. Адраджэнне нацыянальнае, наадварот, выяўляецца пераважна ў тых народаў Усх. Еўропы, у славянскім, азіяцкім і афрыканскім рэгіёнах, гіст. працэсы ў якіх характарызуюцца нераўнамернасцю і катастрафічнасцю. У полі зроку Адраджэння нацыянальнага як заканамернай сусв.-гіст. з’явы, якая паўтараецца ў пэўным «гістарычным рытме», Рэнесанс бачыцца як яго этап, на якім адбываецца станаўленне нац. дзяржаў, нац. культур і моў.

Прыкметы раннехрысц. адраджэння (станаўленне дзяржавы і прававых інстытутаў, высокі ўзровень дойлідства, ужытковага і царк. выяўл. мастацтва, асветніцтва Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага) з’явіліся на Беларусі ў 11—13 ст. у выніку творчага парыву маладога этнасу і ўплыву вытанчанай эліністычнай культуры Візантыі. Бел. грамадска-паліт. і творча-культ. ўзлёт у 16—1-й пал. 17 ст. (кнігадрукаванне і асветніцтва Ф.​Скарыны, высокі ўзровень правасвядомасці, зафіксаваны ў Статутах ВКЛ 1529, 1566, 1588, развіццё свецкай л-ры і мастацтва, дзяржаўнасць бел. мовы) абумоўлены бел. дзяржаўнасцю, культ. сувязямі з Зах. Еўропай, уплывам гуманіст. светапогляду. Ва ўмовах упадку (2-я пал. 17—18 ст.) і ліквідацыі (канец 18 — пач. 20 ст.) бел. дзяржаўнасці нац. культура развівалася, набывала новыя, свецкія формы (архітэктура, тэатр, лацінская і польскамоўная л-ра, асв. філасофія), аднак паступова была адсунута афіц. польскай і рус. культурамі на этнагр., часткова царк.-прыходскі ўзровень. Парадокс бел. гісторыі і культуры ў тым, што т.зв. «адсталасць» і «забітасць» карэнных беларусаў, пераважна сялянства, дазволілі захаваць генет. «ядро» самабытнай нар. культуры, якое пазней стала асновай Адраджэння нацыянальнага. Традыц. этн. культура і яе носьбіты былі выключаны са сфер афіц. функцыянавання і праз гэту сваю ізаляванасць пазбеглі дэнацыяналізацыі, растварэння ў афіц. польск. і рус. культурах. Пад прэс паланізацыі і русіфікацыі трапілі толькі «вяршкі» культуры, яе афіцыйная функцыян. частка — школа, друк, некаторыя прафес. віды і жанры мастацтва, сферы дзярж. кіравання — тое, з чаго фактычна была выключана асн. частка бел. народа.

Бел. Адраджэнне нацыянальнае пачалося ў 19 ст. і прайшло некалькі этапаў. Чарговыя хвалі ўздыму ў неспрыяльных умовах змяняліся спадам, што дазваляе гаварыць пра адносную самастойнасць кожнага з гэтых этапаў, бо яны адрозніваліся сваімі мэтамі і вынікамі, грамадскімі сіламі і духоўнымі імпульсамі, якія выклікалі адраджэнцкі рух. Першы этап пачаўся ў рэгіёне ўплыву Віленскага ун-та як літаратурнае асветніцтва ліберальна-рамант. кірунку: яго дзеячы, пісьменнікі і публіцысты на сумежжы польск. і бел. культур (Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, Р.​Падбярэскі, В.​Дунін-Марцінкевіч і інш.) марылі пра аднаўленне гіст. пройдзенай рэальнасці — Рэчы Паспалітай на канфедэратыўных асновах. Пасля задушэння паўстання 1863—64, паліт. рэакцыі і застою ў апошняй чвэрці 19 ст. пачаўся другі этап Адраджэння нацыянальнага — пераважна мірнага руху, нацэленага на выхаванне самасвядомасці народа, развіццё яго мовы, л-ры, інш. відаў мастацтва, грамадскай думкі, на стварэнне незалежных ад улад сац.-культ. структур — аматарскіх і прафес. суполак, партый, нац. друку, кнігавыдавецтваў, набліжэння школы і царквы да традыцый нац. культуры. Прарокам новай хвалі Адраджэння нацыянальнага быў Ф.​Багушэвіч, які вызначыў сутнасць бел. нац. ідэі. За нац. самавызначэнне выступіў падп. час. «Гомон». Пасля рэв. 1905—07 рух набыў масавы характар і даў значныя вынікі — нац. класічную л-ру (творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, М.​Гарэцкага, А.​Гаруна і інш.), развіццё кнігадрукавання і бел. перыяд. друку («Наша ніва», «Наша доля», «Маладая Беларусь» і інш.), станаўленне нац. школы ў тэатр., муз. і інш. відах мастацтва, арг-цыя нац. паліт. партый і рухаў, пачатак бел. асветы. Завяршальным звяном гэтага этапу Адраджэння нацыянальнага была барацьба за паліт. самавызначэнне беларусаў і абвяшчэнне суверэннай Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). Ва ўмовах БССР Адраджэнне нацыянальнае выявілася ў практычным ажыццяўленні ў 1920-я г. палітыкі беларусізацыі, у выніку якой створаны нац. школа, навука, масавы друк, тэатральнае, выяўл., муз. і інш. прафес. віды мастацтва, нац. эканоміка і структура дзярж. кіравання. Новы этап Адраджэння нацыянальнага, пераважна на ўзроўні літ.-маст. творчасці грамадскай думкі, пачаўся ў 2-й пал. 1950-х г. ва ўмовах частковага пераадолення вынікаў бальшавіцка-сталінскай палітыкі: бел. культура набыла сусв. вядомасць, адраджаліся яе страчаныя, забароненыя і разбураныя пласты, даследаваліся культ. традыцыі. Аднак у 1970—80-я г. склалася небывала цяжкае становішча ў бел. культуры ў выніку разбурэння крыніц, што жывілі яе (жывое бытаванне нац. мовы ў грамадстве, фальклор і інш. віды аўтэнтычнай культуры). Перспектывы чарговага этапу Адраджэння нацыянальнага залежаць ад рэалізацыі ідэй нац. суверэнітэту, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і інш. заканад. актах краіны.

Літ.:

Богданович М. Белорусское возрождение. М., 1916 (факс. выд. Мн., 1991);

Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. 2 выд. Мн., 1921;

Шантыр Ф. Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і Самаадзначэння народу. Слуцк, 1918 (факс. выд. Мн., 1992).

У.​М.​Конан.

т. 1, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦТВА,

духоўна-творчае адлюстраванне і пераўтварэнне быцця ў вобразах і сімвалах, якія ацэньваюцца паводле эстэт. катэгорый прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага, этычных катэгорый дабра і зла, сінтэтычных паняццяў пазнання (маст. праўда, фальш, амбівалентнасць). Ў сістэме мастацкай культуры займае цэнтр. месца, у культуры як універсальнай дзейнасці грамадства з’яўляецца сярэднім, злучальным звяном паміж вытв-сцю і пазнаннем, навукай і мараллю, філасофіяй і верай. У шырокім навук. сэнсе паняцце М. ахоплівае ўсе віды і жанры маст. творчасці — ад літаратуры і музыкі да архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; у вузкім сэнсе гэтым паняццем часта абазначаюць толькі выяўл. віды творчасці або з агульнай сістэмы М. вылучаюць л-ру ў вызначэннях тыпу «літаратура і мастацтва». М. даследуецца эстэтыкай, мастацтвазнаўствам.

Паводле шырокай гіст. тыпалогіі вылучаюцца тры стадыі развіцця сусв. М.: шматвяковы перыяд першапачатковага сінкрэтызму (мастацтва ў сістэме этн. культуры), эпоха класічнага росквіту (маст. класіка), позні перыяд разгалінаванай спецыялізацыі, у рамках якога ўзнікаюць тэндэнцыі да рэдукцыі і спрашчэння класічных тыпаў творчасці, выцяснення іх масавымі і электронна-тэхн. відамі маст. культуры. Гэтыя працэсы, як правіла, асінхронныя ў розных рэгіёнах і нац. культурах. Як і інш. формы культуры, М. здольнае ў спрыяльных гіст. і этнакульт. умовах адраджаць сваю класічную спадчыну, уключаць яе ў кантэкст сучаснасці.

Марфалогія М., г.зн. яго разгалінаванне на віды. роды і жанры, складвалася паступова на працягу гіст. развіцця. Вобразная сістэма ўсіх відаў і жанраў М. двухмерная, існуе ў часе і прасторы. Пры вызначэнні суадносін маст. часу і маст. прасторы ўлічваюць падзел усіх М. на аднародныя і неаднародныя (сінкрэтычныя на ранніх і сінтэзаваныя на позніх стадыях развіцця). З улікам перавагі прасторы або часу аднародныя М. падзяляюцца на прасторавыя (архітэктура, выяўл., дэкар.прыкладное, садова-паркавае М.), ча́савыя (л-ра, музыка, красамоўства) і комплексныя, прасторава-часавыя (акцёрскае і харэаграфічнае М.). Маст. сінкрэтызм фальклору, інш. ранніх форм маст. культуры — гэта першаснае адзінства яшчэ не вылучаных у самастойныя віды М. (наяўнасць паэзіі, музыкі, элементаў тэатра і харэаграфіі ў абрадавым фальклоры), а маст. сінтэз — вынік узаемадзеяння і спалучэння развітых аднародных М, напр., драматургіі, акцёрскага, выяўл., муз. і дэкар.-прыкладнога М. ў драм. тэатры, оперы, балеце, кінематографе, тэлебачанні. Усе неаднародныя М. адносяцца да тыпу прасторава-часавых. Спецыфічнае для кожнага віду М. і гіст. тыпу маст. культуры адзінства часу і прасторы стварае іх хранатопы: пластычная дамінанта і слабая канкрэтызацыя часу, характэрныя для стараж, асабліва ант. тыпаў культуры. Арыентацыя на архетыпы і спрадвечнасць — прыкметы сярэдневяковага М.; аднак тады ж у хрысц. свядомасці спасцігаліся духоўная каштоўнасць асобы і непаўторнасць кожнай падзеі, гэта адкрыццё выявілася ў летапіснасці хрысц. л-ры, інш. відаў М. Рамантычнае і рэалістычнае М. арыентуецца на канкрэтна-гіст. хранатоп, разам з тым дазваляе творцу спалучаць рэальныя і сімвалічныя прасторы, мінулыя і сучасныя падзеі.

У фундаментальных «Лекцыях па эстэтыцы» Г.​Гегель даказаў, што ўсе вядомыя сусв. цывілізацыі і культ.-гіст. тыпы маюць свае эстэт. дамінанты і адпаведныя ім дамінуючыя віды М., якія вызначаюць агульную інтанацыю і змястоўную структуру маст. культуры пэўнай эпохі — арх. сімвалізм Стараж. Усходу, скульпт. пластычнасць ант. М., муз.-паэт. рамантызм хрысц. цывілізацыі. Неадназначнае М. розных эпох і маст. кірункаў паводле сваіх мэт і грамадскіх функцый. Ант. маст. культура адкрыла пластычную прыгажосць быцця і чалавека як вяршыні яго, арыентавалася на гармонію, меру і адпаведную ім сістэму маральна-эстэт. выхавання, пазначаную паняццямі калакагатыя і катарсіс. Сярэдневяковае хрысц. М. перанесла акцэнты на ўзнёслую красу духоўных сутнасцей. Эпоха гуманіст. Адраджэння здолела сінтэзаваць ант. гармонію і меру з хрысц. духоўнасцю, арыентавалася на эстэтыка-пазнавальную функцыю М. Для культуры барока характэрна перавага маст. штучнасці і дасціпнасці над класічнай натуральнасцю. Сацыяльна-выхаваўчая функцыя. прыярытэт грамадз. абавязку над асабістымі пачуццямі — эстэт. імператывы класіцызму і асветніцкага М. Рамантызм адкрыў каштоўнасць індывідуальнасці, непаўторнасць душэўнага жыцця асобы, духоўную самабытнасць народаў. Крытычны рэалізм арыентуецца на сацыяльна-пераўтваральную) функцыю М. Нарматыўная эстэтыка сацыяліст. рэалізму стала пралетарска-класавай трансфармацыяй класіцызму, сцвярджала прыярытэт партыйна-дзярж. дыктатуры. Урэшце, мадэрнізм парадаксальна спалучае эстэтызм і адмову ад сац. функцый М. з арыентацыяй на тэхн. утылітарызм (творчасць і эстэтыка К.С.Малевіча). Постмадэрнізм адмаўляецца ад класічнай маст. традыцыі. хрысц. гуманіст. маралі, арыентуецца на геданізм, анархізм і абездухоўлены гратэск.

Бел. маст. традыцыя складвалася на працягу тысячагадовай хрысц. цывілізацыі на прасторы ўсх.-слав. і цэнтральнаеўрап. макрарэгіёнаў. У рамках этн. культуры тут сфарміраваліся нар.-паэт. міфалогія, абрады і фальклор, інш. віды маст. творчасці. У эпоху сярэднявечча развіваліся прафес. М. — архітэктура (полацкая і гродзенская школы дойлідства), л-ра і красамоўства (творчасць Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, Грыгорыя Цамблака і інш.), ствараліся летапісы і хронікі, захаваліся шэдэўры царк. жывапісу (фрэскі Полацкага Сафійскага сабора, інш. храмаў), графікі (рукапісныя кнігі), помнікі замкавай архітэктуры. Эпоха гуманіст. Адраджэння дала Беларусі кнігадрукаванне (асветніцкая дзейнасць Ф.​Скарыны і яго паслядоўнікаў), стымулявала развіццё свецкай л-ры (шматстылявая старабел. мова, юрыд. і навук. л-ра, новалац. паэзія М.​Гусоўскага, Я.​Вісліцкага, сілабічная паэзія і аратарская проза Сімяона Полацкага), публіцыстыкі (палемічная і мемуарная л-ра). Захаваліся шматлікія помнікі царк. і палацава-замкавай архітэктуры ў стылі готыкі і рэнесансу. У 2-й пал. 17—18 ст. склалася школа бел. барока і класіцызму ў архітэктуры, садова-паркавым М., школьным і прыватных тэатрах, свецкай музыцы і харэаграфіі. Пасля страты бел. мовай дзярж. статуса (канец 17 ст.) і падзелаў Рэчы Паспалітай (1772—95) л-ра, навука, тэатр. М. развіваліся пераважна на польскай, лац. і рус. мовах, якія паўплывалі на станаўленне новай бел. л-ры ў 19 ст. (творчасць П.​Багрыма, ананімная л-ра, Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі і інш.). Станаўленне бел. класічнай л-ры, тэатра, інш. відаў прафес. М. адбывалася ў перыяд Адраджэння нацыянальнага.

Літ.:

Гегель Г. Эстетика: Пер. с нем. Т. 1—4. М., 1968—73;

Каган М.С. Морфология искусства. Л., 1972;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. Славянская міфалогія ў кантэксце беларускай культуры // Мастацтва. 1998. № 4, 6—8, 10—12;

Крюковский Н.И. Логика красоты. Мн., 1965.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЭ́ТЫКА (ад грэч. poiētikē паэтычнае мастацтва),

1) у шырокім сэнсе — тое, што і тэорыя літаратуры (гл. ў арт. Літаратуразнаўства).

2) Раздзел літаратуразнаўства, у якім вывучаецца структура, асаблівасці і змястоўнасць літ. формы.

3) Сістэма спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету ў іх змястоўнай, сэнсава-выяўл. сутнасці, абумоўленая ідэйнай задумай мастака. П. падзяляецца на агульную (тэарэт.), функцыян. (апісальную) і гістарычную. Вылучаюць таксама параўнальную, практычную і сацыялагічную П. Агульная П. аперыруе агульнымі заканамернасцямі і элементамі л-ры як сістэмы: даследуе ўсе магчымыя спосабы маст. ўвасаблення аўтарскай задумы і законы суадносін розных творчых метадаў арганізацыі тэксту з літ. жанрам, відам, родам. Падзяляецца на 3 галіны, што вывучаюць гукавую, славесную і вобразную будову тэксту. Функцыянальная П. аналізуе эстэт. кампаненты твораў пэўнага літ. кірунку, жанру ці перыяду творчасці пісьменніка (П. рамана, П. рамантызму, паэтыка М.​Танка і інш.). Гістарычная П. вывучае рух і змену літ. форм у працэсе гіст. эвалюцыі, паходжанне і развіццё маст. сродкаў (эпітэт, метафара, метрыка верша і г.д.) у залежнасці ад сац.-гіст. і літ. умоў, карыстаецца параўнальна-гіст. метадам даследавання, імкнецца абагульніць вынікі сусв. літ. працэсу. Параўнальная П. займаецца тыпалагічным супастаўленнем спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету дзвюма і больш нац. л-рамі (напр., параўнальная метрыка ўсх.-слав. верша), засноўваецца на параўнальнай стылістыцы, карыстаецца данымі перакладу мастацкага. Сацыялагічная П. даследуе ўздзеянне сац. фактараў на змену літ. форм. Практычную П. складаюць розныя курсы і дапаможнікі па агульнай П., разлічаныя на шырокага чытача; задача яе — выхаванне паэт. культуры, азнаямленне з асновамі вершаскладання.

Першае сістэм. выкладанне П. даў Арыстоцель. Яго традыцыя развівалася як нарматыўная П., што ўстанаўлівала стылістычныя прынцыпы будовы маст. твораў (працы Гарацыя, Н.​Буало, В.​Традзьякоўскага, М.​Ламаносава). Элементы нарматыўнасці П. распрацоўвалі пэўныя літ. кірункі і плыні (напр., П. сімвалістаў), асобныя паэты (П. А.​Пушкіна). Да 18 ст. пераважала П. вершаваных (высокіх) жанраў. Значнымі ў яе развіцці сталі канцэпцыі Г.​Лесінга (вызначыў паэзію як мастацтва, якое разгортваецца ў часе, у адрозненне ад выяўл. мастацтва), В.​Гумбальта (разумеў мову як творчасць), рас. рэв. дэмакратаў (В.​Бялінскага, М.​Дабралюбава, М.​Чарнышэўскага і інш.). У 19 ст. П. займалася «акадэмічная» навука (А.​Весялоўскі, А.​Патабня, С.​Шавыроў). У 1920-я г. ў П. пашырыліся сацыялагічная і фармальная школы. Першая з іх тлумачыла ўсе факты л-ры гіст. і сац.-эканам. прычынамі; другой уласцівы іманентнасць літ.-знаўчага аналізу, спробы разглядаць мастацтва як прыём, асаблівым чынам арганізаваную мову, але асобныя прадстаўнікі фармальнай школы (Ю.​Тынянаў, Б.​Эйхенбаум, В.​Шклоўскі і інш.) выявілі прынцыпы сюжэтаскладання, своеасаблівасць паэт. мовы як тыпу маўлення і інш. Ідэі фармальнай школы пазней ляглі ў аснову структурнай і лінгвістычнай П. Новым крокам у распрацоўцы праблем П. сталі працы В.​Жырмунскага, В.​Вінаградава, Дз.​Ліхачова, М.​Храпчанкі, М.​Гаспарава і інш.

На Беларусі ў 16—18 ст. П. распрацоўвалі выкладчыкі брацкіх школ і езуіцкіх калегіумаў. Л.​Зізаній у кн. «Грамматика словенска...» (Вільня, 1596) упершыню ва ўсх.-слав. л-ры сцісла падаў тэорыю пабудовы верша. М.​Сматрыцкі ў кн. «Грамматики словенския правильная синтагма» (Еўе, 1619) імкнуўся перанесці законы ант. (метрычнага) вершаскладання на ўсх.-слав. паэзію. Найвыш. дасягненне тэарэтыка-літ. думкі Беларусі, Літвы і Польшчы 17—18 ст. — праца М.​Сарбеўскага «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер» (на лац. мове) і курс паэтыкі, у аснову якога ляглі лекцыі аўтара, прачытаныя ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Яго нарматыўная П. паяднала тэарэт. палажэнні эпохі Адраджэння і барока, вызначыла кірунак далейшага развіцця навукі пра л-ру і самой маст. л-ры на Беларусі. У кн. Ф.​Пракаповіча «Пра мастацтва паэзіі» (Магілёў, 1786) абгрунтоўваліся прынцыпы класіцызму. Выказвалі свае думкі пра сілаба-танічны верш Я.​Чачот і пра нар. вершаскладанне І.​Насовіч.

У пач. 20 ст. да пытанняў П. звярнуўся М.​Багдановіч, меркаванні якога пра еднасць формы і зместу, суадносіны метра, рытму і рыфмы, нарыс пра санет маюць прынцыповае значэнне для тэорыі бел. вершаванага слова. Бел. функцыян. П. папоўнілася працамі А.​Вазнясенскага («Паэтыка М.​Багдановіча», 1926), Я.​Барычэўскага («Тэорыя санета» і «Паэтыка літаратурных жанраў», 1927), даследаваннем У.​Дубоўкі («Рыфма ў беларускай народнай творчасці», 1927). Пытанні П. закраналіся ў працах «Беларусы» Я.​Карскага (вып. 1—7, 1903—22), «Гісторыя беларускай літаратуры» М.​Гарэцкага (4-е выд., 1926), «Пуціны беларускай літаратуры» (1924) і «Беларуская драматургія» (1927) І.​Замоціна, «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М.​Піятуховіча (1928), у даследаваннях па тэорыі рамана І.​Акушкі, публікацыях А.​Бабарэкі і інш. З 1960-х г. сістэматычна вывучаюцца метрыка і рытміка верша (М.​Грынчык, А.​Кабаковіч, В.​Рагойша, І.​Ралько, В.​Славецкі, В.​Ярац), яго кампазіц. асаблівасці і слоўна-паэт. вобразнасць (І.​Шпакоўскі, А.​Яскевіч), П. празаічных твораў (В.​Жураўлёў), праблемы псіхааналізу ў л-ры (А.​Матрунёнак), стылю (М.​Арочка, В.​Бечык, Л.​Гусева), рытмічнай арг-цыі маст. тэксту (Яскевіч), маст. асаблівасцей фалькл. жанраў (Г.​Барташэвіч, Н.​Гілевіч, А.​Ліс, Л.​Салавей, А.​Фядосік. І.​Цішчанка, М.​Янкоўскі). Выйшлі спец. даследаванні Гусевай, Кабаковіч, Рагойшы пра П. асобных пісьменнікаў, вучэбныя дапаможнікі па агульнай П. (І.​Гутараў, М.​Лазарук, А.​Ленсу, А.​Майсейчык, М.​Палкін). Створаны літ.-знаўчыя слоўнікі (Лазарук, Ленсу, А.​Макарэвіч, Рагойша).

Як літ.-знаўчая дысцыпліна П. стаіць на мяжы эстэтыкі, стылістыкі, літ.-знаўства, мовазнаўства, выкарыстоўвае асобныя палажэнні матэматыкі, кібернетыкі, тэорыі інфармацыі, семіётыкі.

Літ.:

Веселовский А.Н. Историческая поэтика. Л., 1940;

Виноградов В.В. Стилистика. Теория поэтической речи. Поэтика. М., 1963;

Потебня А.А. Эстетика и поэтика. М., 1976;

Поспелов Г.Н. Вопросы методологии и поэтики. М., 1983;

Рагойша В.П. Паэтыка М.​Танка. Мн., 1968;

Яскевіч А. Ад слова — да вобраза. Мн., 1968;

Матрунёнак А. Псіхалагічны аналіз у сучасным беларускім рамане. Мн., 1972;

Шпакоўскі І. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;

Жураўлёў В., Шпакоўскі І., Яскевіч А Пытанні паэтыкі. Мн., 1974;

Янкоўскі М.А. Паэтыка беларускіх прыказак. Мн., 1971;

Яго ж. Паэтыка беларускай народнай прозы. Мн., 1983;

Гілевіч Н. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;

Коўтун В. Святло народнага слова. Мн., 1984.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пу́га1 ’прылада да паганяння, пужка’ (Нас., Шат., Шпіл., Мал., Бяльк., Сцяшк. Сл., Сл. Брэс., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом., Яруш., Гарэц., ТСБМ), púha ’тс’ (Тарн., Маш.), укр. пу́га ’тс’, ст.-польск. pąga, pęga ’раменны біч’ (з XV ст.); Шымкевіч спасылаецца на “валашска-малдаўскае пꙋ́гъ ’пужка’ (Шымк. Собр., 167). Звычайна звязваюць з пуга́ць < пужа́ць ’палохаць’, так ужо Чачот (“púha: bicz włościański i długi pastuszy. Musi pochodzić od pużać, straszyć”, Чач.) і Насовіч, што сустракае пярэчанне, паколькі названы дзеяслоў вядомы пераважна на рускай тэрыторыі, дзе назоўнік малаўжывальны (Праабражэнскі, 2, 148); аднак больш верагодная сувязь з гукапераймальным пуг(у), параўн.: шугу‑пугу кымару (веліжск., Шлюб.), пу́гаць ’сёрбаць, есці з прысвістам’, што перадае гукавы вобраз сцябання пугай, гл. у Праабражэнскага, 2, 148: “пуга — орудіе, которымъ щелкаютъ, хлопаютъ”, параўн. таксама сцяба́ць ’біць, лупцаваць’ і ’прагна есці, хлябтаць’. Менш верагодна з пу́га ’невялікі круглы прадмет, гузік, шарык’, паколькі такія прадметы прымацоўвалі на канцы (або завязвалі вузел у пугі), параўн. польск. pęga ’kulka ołowiana na rzemieniu do biczowania’, pąga ’coś kulistego’ (Банькоўскі, 2, 537). Страхаў (Балто-слав. этнояз. отнош., 45) следам за Талстым звязвае пу́га ’біч’ і праслав. *pǫga ’вясёлка’, рэканструяванае на падставе польск. сілез. puhga, славен. póga і серб.-харв. кайк. puga ’тс’, і прыводзіць літоўскія паралелі для назваў вясёлкі: diẽvo rykštė ’божы дубец’, orãrykštė, dangaus rýkšte ’нябесны дубец’. Сюды ж, відаць, пу́га ’сцябло без лісцяў’ (Ян.), ’адростак агурка, гарбуза’ (Мат. Гом.), параўн. рус. пле́ти ’сцябліны некаторых раслін’, пу́гавыця ’вяроўка’ (Бес.). Гл. таксама пу́га2.

Пу́га2 ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 809), ’журавель у калодзежы’: стаіш стовп, а на ставпу пуга лежыт, а до пугы прывязан ключ (бяроз., Шатал.). Хутчэй за ўсё, да пуга1 з-за знешняга падабенства, параўн. рус. хлыст ’тонкая жэрдка, шост’ і ’пуга, бізун’; менш верагодна да пу́га ’круглы прадмет, патаўшчэнне’ для абазначэння груза на канцы жураўля, гл. пуга3.

Пу́га3 ’божая кароўка’ (брэсц., Цыхун, вусн. паведамл.), сюды ж, магчыма, экспр. пу́га ’той, хто непакоіць, перашкаджае (аб дзецях, малых свойскіх жывёлах)’: чого гэта пуга малая мышае? (драг., Сл. Брэс., З нар. сл.). Узыходзіць да прасл. *pǫgy ’невялікі круглы прадмет, шарык, гузік, патаўшчэнне, вузел’, да семантыкі параўн. вузёл (пра малога хлопчыка) (гл.), балг. въ́зил ’вузел’; жарт. ’малы чалавечак’ і пад. Звычайна параўноўваюць з лат. puőga, puogs ’гузік’, ст.-інд. puñjas ’камяк, маса’ (Фасмер, 3, 400).

Пу́га4 ’жанчына, якая любіць хадзіць па сяле’ (кобр., ЛА, 3). Няясна, магчыма, да наступнага слова.

Пу́га5 ’маланка, разрад’: у буру вялікая пу́га была на небе (брагін., Мат. Гом.). Геаграфічна блізкае бранск. пу́га ’мяцеліца’ (гл. Bałto-słow. zw. jęz., 29) дазваляе звязаць названае слова з лат. pűga ’парыў ветру, віхор’, літ. pugà ’мяцеліца, буран’ і асабліва з выразам versti pugàs ’утвараць шум, мітусіцца’, іншыя паралелі: ст.-ісл. fok: ’мяцеліца, завея’ ад fjúka ’гнаць, мясці’, с.-в.-ням. vochen ’дуць’ (Фасмер, 3, 399); пры гэтым нельга выключыць зрокавую і гукавую асацыятыўную сувязь з пу́га1 (гл.). Паводле Страхава (Балтослав. этнояз. отнош., 45), пу́га ’біч’ — атрыбут славянскага “громовержца” Іллі ў беларускіх і ўкраінскіх калядках: Дзе пугаю махне — там жыта расце.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕЛАРУСАЗНА́ЎСТВА,

абагульняльная назва комплексу гісторыка-філал. і інш. навук пра Беларусь і бел. народ — яго сацыяльную і этнічную гісторыю, умовы бытавання, матэрыяльную і духоўную культуру, мову ў іх сучасным стане і гістарычным развіцці. Абазначаецца таксама тэрмінам беларусістыка, які выкарыстоўваецца і ў больш вузкім значэнні — дысцыпліны бел. філалогіі (мовазнаўства, літаратуразнаўства, фалькларыстыка) або наогул толькі тыя з іх, што звязаны з вывучэннем бел. мовы. Для абазначэння беларусазнаўства асабліва ў замежным асяроддзі выкарыстоўваюцца тэрміны беларусіка, альбарусіка (ад лац. alba белая + russicus рускі), беларосіка, альбаросікагрэч. коранем Rhōs Русь, рускі), беларутэніка, альбарутэніка (ад лац. ruthenicus рускі), рэдка — беларусаведа. Беларусазнаўства ўключае шэраг разгалінаваных навук: гісторыю, геаграфію, прыродазнаўства, эканоміку, этнаграфію, мастацтвазнаўства, кнігазнаўства Беларусі, бел. фалькларыстыку, літаратуразнаўства і мовазнаўства, гісторыю культуры, гісторыю рэлігіі і канфесій на бел. землях і інш. Навукоўцаў, што працуюць у галіне беларусазнаўства, называюць беларусазнаўцамі, беларусаведамі, беларусістамі.

Беларусазнаўства складвалася і развівалася па меры станаўлення асобных навук пра Беларусь і беларусаў, паглыблення дыферэнцыяцыі і адначасова — узаемадзеяння паміж гэтымі навукамі. На ранніх этапах развіцця цесна змыкалася з краязнаўствам. Узнікшы напачатку з памкнення пазнаёміць грамадскасць з малавядомым краем і яго насельнікамі, беларусазнаўства паступова выходзіла за межы чыста пазнавальных мэтаў і стала навукай нац. самапазнання і самавызначэння бел. народа, усведамлення ім уласнага гіст. шляху, неабходнасці захавання нац. формы быцця. У выніку ўсебаковага, комплекснага падыходу да вывучэння Беларусі акрэсліліся змест і задачы беларусазнаўства, яго культ.-пазнавальнае і грамадска-паліт. значэнне. На пач. 20 ст. з пашырэннем ідэй нац. незалежнасці былі зроблены спробы аформіць беларусазнаўства ў абагульнены міждысцыплінарны курс для азнаямлення шырокай грамадскасці з асн. беларусазнаўчай праблематыкай.

Цікавасць да Беларусі і яе народа пачала праяўляцца яшчэ ў старажытнасці. Так, ужо ў стараж.-рус. летапісах прыводзяцца звесткі пра рассяленне, звычаі, заняткі, грамадскі лад, культуру ўсх.-слав. плямёнаў на тэрыторыі, якую займае сучасная Беларусь. Багаты фактычны матэрыял пра сац.-эканам., культ., канфесіянальную і паліт. гісторыю Беларусі змяшчаюць пісьмовыя помнікі 13—18 ст. эпохі ВКЛ — летапісы і хронікі, мемуарная, юрыд., грамадска-філас. і інш. л-ра. У філалагічных дапаможніках 16—17 ст. — граматыках, слоўніках (гл. ў арт. Лексікаграфія), букварах — шырока адзначаліся з’явы бел. мовы. Аднак да 19 ст. гэты фактычны матэрыял падаваўся фрагментарна, без глыбокага навук. асэнсавання. На мяжы 18—19 ст. цікавасць да Беларусі стала прыкметна ўзрастаць. Гэта было звязана з агульным уздымам навукі ў Еўропе (у прыватнасці, славяназнаўства) і з гіст. зменамі ў Беларусі: у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай яна адышла да Расіі. З паліт. меркаванняў Расіі важна было даказаць свае правы на далучаныя землі як на спрадвечную ўласнасць, часова страчаную ў неспрыяльных гіст. абставінах. Самастойнасць бел. народа і яго мовы катэгарычна адмаўлялася афіц. коламі Расіі. У сваю чаргу, прадстаўнікі шавіністычна настроеных слаёў польск. грамадскасці трактавалі Беларусь як частку Польшчы, беларусаў і іх мову разглядалі ў межах «пальшчызны». Вывучэнне Беларусі, такім чынам, ад самага пачатку ішло ва ўмовах вострай ідэалагічнай і паліт. барацьбы розных сац. сіл, саслоўна-класавых і нац.-рэліг. супярэчнасцяў, што адмоўна адбілася на вырашэнні кардынальных праблем беларусазнаўства. Не спрыяла развіццю беларусазнаўства і адсутнасць на Беларусі навук. цэнтраў і арг-цый, якія б узначальвалі і каардынавалі даследаванні з пункту гледжання інтарэсаў бел. народа. Распрацоўка беларусазнаўства часткова ініцыіравалася і падтрымлівалася рознымі навук. і грамадскімі арг-цыямі па-за межамі Беларусі. Прыкметную ролю ў абуджэнні цікавасці да Беларусі адыграў Віленскі ун-т (1803—32), некаторыя яго выкладчыкі займаліся вывучэннем бел. гісторыі, этнаграфіі, помнікаў бел. пісьменства і заахвочвалі да гэтага студэнтаў, якія стварылі гурток бел. філалогіі. Навук. вывучэнне Беларусі распачалі даследчыкі М.​К.​Баброўскі, І.​М.​Даніловіч, З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, Я.​Чачот, Т. і Ю.​Нарбуты і інш. Значную падтрымку ў зборы, навук. апрацоўцы і выданні матэрыялаў пра Беларусь аказалі даследчыкам Расійская АН, ун-ты С.-Пецярбурга, Масквы, Кіева і інш. гарадоў Расіі, Паўн.-Зах. аддзел Рускага геагр. т-ва, Маскоўская і мясц. археаграфічныя камісіі і археал. т-вы, губернскія стат. к-ты і інш. ўстановы. Дзякуючы іх падтрымцы была выяўлена і выдадзена вял. колькасць бел. стараж. рукапісаў і друкаваных кніг: граматы, дагаворы, прывілеі, суд. пратаколы і інш. канцылярска-адм. дакументы, заканад. акты і кодэксы, у т. л. статуты, «судзебнікі» (у зб. «Беларускі архіў старажытных грамат», выдадзены І.​І.​Грыгаровічам у 1-й чвэрці 19 ст., «Руска-лівонскія акты», у шматтомных Актах Заходняй Расіі, Актах Паўднёвай і Заходняй Расіі, «Рускай гістарычнай бібліятэцы», Актах Віленскай камісіі і інш.); летапісы ВКЛ, гіст. запісы і хронікі мясц. і замежных аўтараў (ад «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх» 15 ст. да помнікаў пач. 18 ст.); арыгінальныя і перакладныя маст. і публіцыстычныя творы — вершы А.​Рымшы (16 ст.) і Сімяона Полацкага (17 ст.), «Прамова Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча» (17 ст.), аповесці пра Атылу, Трыстана, Баву (у спісах 16 ст.) і інш.; пераклады рэліг. л-ры (пачынаючы з 15 ст.); навук. творы і палеміка правасл. дзеячаў з католікамі і уніятамі (у якой закраналіся не толькі вузкадагматычныя тэмы, але і з’явы грамадска-паліт. жыцця), драм. творы 17—18 ст. (т.зв. інтэрмедыі, або інтэрлюдыі). Публікаваліся каштоўныя зборы этнагр. і фалькл. матэрыялаў, стат. звесткі па эканоміцы Беларусі і гэтак далей. Аднак у цэлым у вывучэнні Беларусі адсутнічалі мэтанакіраванасць і арганізаваны пачатак, амаль усё залежала ад асабістых інтарэсаў і схільнасцяў даследчыкаў. На пач. 19 ст. працы, што публікаваліся па бел. гісторыі, этнаграфіі, фальклоры і мове (пераважна ў рус. і польск. друку), не заўсёды вызначаліся дакладнасцю ў падачы фактычнага матэрыялу і навуковасцю яго вытлумачэння. Яны адлюстроўвалі адсутнасць у некаторых аўтараў дакладнага ўяўлення аб прадмеце даследавання і ўвогуле невысокі ўзровень тагачаснай навукі, якая звярталася да бел. матэрыялу спарадычна, выкарыстоўвала яго часцей як пабочны, дадатковы пры разглядзе агульных пытанняў паходжання славян, гісторыі культуры і мовы асобных слав. народаў (пераважна рускага).

Да сярэдзіны 19 ст. паступова назапасіўся вял. фактычны матэрыял, выпрацаваліся больш дасканалыя метады даследавання беларусазнаўства. З’явіліся буйныя беларусазнаўчыя працы: па сац. гісторыі і археалогіі — Я.П. і К.​П.​Тышкевічаў, А.​Кіркора, М.​Ф.​Уладзімірскага-Буданава, М.​К.​Любаўскага, Ф.​І.​Леантовіча, І.​І.​Лапо, У.​К.​Стукаліча, М.​В.​Доўнар-Запольскага, А.​С.​Грушэўскага і інш.; па гісторыі культуры і стараж. пісьменства — П.​У.​Уладзімірава, К.​В.​Харламповіча, І.​І.​Флёрава, І.​А.​Бадуэна дэ Куртэнэ і інш.; па этнаграфіі, фальклоры і мове — І.​І.​Насовіча, П.​А.​Бяссонава, П.​В.​Шэйна, Е.​Р.​Раманава, У.​М.​Дабравольскага, П.​П.​Чубінскага, М.​Я.​Нікіфароўскага, М.​Федароўскага, М.​А.​Янчука, А.​І.​Сабалеўскага, А.​А.​Патабні, І.​А.​Нядзёшава і інш. Большасць даследчыкаў і збіральнікаў этналінгвістычных матэрыялаў паходзілі з Беларусі, многія прытрымліваліся прагрэсіўных поглядаў, усведамлялі сваю сувязь з бел. народам і самаахвярна яму служылі. Але нават і ў тых выпадках, калі даследчыкі глядзелі на Беларусь як на этнічную і дзярж. правінцыю Расіі ці Польшчы, сваімі працамі яны так або інакш сцвярджалі самабытнасць беларусаў, абуджалі цікавасць грамадскасці да іх гіст. лёсу. У канцы 19 ст. сфарміраваўся комплекс асн. (традыцыйных) раздзелаў (навук) беларусазнаўства. Вынікі даследаванняў у галіне беларусазнаўства падвёў Я.​Ф.​Карскі ў 1-м томе манаграфіі «Беларусы» (Варшава, 1903), дзе акрэсліў у абагульненым выглядзе асн. праблематыку беларусазнаўства, паказаў супярэчлівасць поглядаў тагачаснай навукі на Беларусь і яе народ, вызначыў найменш распрацаваныя раздзелы беларусазнаўства і намеціў перспектывы далейшых даследаванняў. У канцы 19 ст. ўсё часцей сталі з’яўляцца працы, у якіх яскрава праявіўся падыход да беларусаў як да асобнай, самастойнай фармацыі ў сям’і слав. народаў. Аб самастойнасці бел. народа і яго мовы сцвярджалі некаторыя вучоныя і грамадскія дзеячы яшчэ ў 1-й пал. 19 ст. А.​Міцкевіч, Я.​Чачот, З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, М.​Вішнеўскі, А.​К.​Ельскі (у польск. друку), М.​І.​Надзеждзін, П.​М.​Шпілеўскі, М.​А.​Максімовіч (у расійскім). У польск. навуцы погляд на беларусаў як на асобны слав. народ пад канец 19 ст. стаў пануючы. У рус. навуцы яго рашуча падтрымліваў рус. гісторык і філолаг А.​А.​Шахматаў. Карскі таксама разглядаў беларусаў і бел. мову ў якасці самастойных, хоць з-за цэнзурных умоў быў вымушаны карыстацца тэрмінамі «бел. племя», «мова бел. племені» замест «бел. народ», «бел. мова». Прызнанне беларусаў самастойным народам шырылася разам з ростам іх нац. самасвядомасці, абуджэннем ідэй адраджэння нацыянальнага, што прагучалі ўжо ў публіцыстыцы К.​Каліноўскага, асабліва моцна — у творчасці Ф.​Багушэвіча і інш. бел. пісьменнікаў, у дзейнасці бел. народнікаў (гл. «Гоман»). На пач. 20 ст. з нарастаннем рэв. ўздыму па ўсёй Расіі ідэі сац. і нац. разняволення прыгнечаных народаў набылі асаблівую сілу, у т. л. на Беларусі. Адмена ў 1905 забароны бел. друку дала новы штуршок развіццю бел. друкаванага слова і распрацоўцы праблем беларусазнаўства. Кола даследчыкаў пашырылася дзякуючы прытоку нац. свядомых людзей, якія па-новаму сталі асвятляць кардынальныя праблемы гісторыі бел. народа, паходжання бел. мовы і г.д. Абмеркаванне гэтых пытанняў выйшла за межы акад. навукі, у яго ўключыліся прадстаўнікі розных грамадскіх арг-цый, паліт. партый, прэса (напр., газ. «Наша ніва» і інш.). У 1910 у Вільні была выдадзена першая навук. праца на бел. мове «Кароткая гісторыя Беларусі» В.​Ю.​Ластоўскага, у якой намеціўся рашучы паварот навукі ад традыц. поглядаў на гісторыю Беларусі як на частку гісторыі Расіі ці Польшчы. Рэв. падзеі 1917 паставілі пытанне аб укараненні здабыткаў беларусазнаўства непасрэдна ў асв. практыку. У 1918 у Маскве ў Беларускім народным універсітэце дасведчанымі беларусазнаўцамі У.​І.​Пічэтам, Дз.​М.​Анучыным, Янчуком, П.​А.​Растаргуевым, З.​Ф.​Жылуновічам (Ц.​Гартны) упершыню быў прачытаны сістэматызаваны курс лекцый па беларусазнаўстве (частка іх была выдадзена ў 1918—20 асобнай кнігай пад назвай «Курс беларусазнаўства»).

З абвяшчэннем БНР, а затым БССР беларусазнаўства стала дзярж. справай. Цэнтр беларусазнаўчых даследаванняў перамясціўся на Беларусь. Напачатку яны былі сканцэнтраваны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (засн. ў 1921) і Інстытуце беларускай культуры (засн. ў 1922), на базе якога ў 1929 створана Акадэмія навук Беларусі з разгалінаванай сістэмай беларусазнаўчых ін-таў. Было наладжана выданне спец. л-ры, перыяд. навук. выданняў («Запіскі аддзела гуманітарных навук Інстытута беларускай культуры», «Працы БДУ»), а таксама розных грамадска-паліт. і літ.-крытычных часопісаў. У 1920—21 беларусазнаўства як прадмет пачала вывучацца ў школах, гуртках і на курсах, у сувязі з чым вялася падрыхтоўка настаўнікаў і лектараў-беларусазнаўцаў (гл. ў арт. Вышэйшыя курсы беларусазнаўства). Асв. і навук. беларусазнаўства развівалася і ў Зах. Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Польшчы. Тут існавалі бел. школы, яны забяспечваліся адпаведнымі падручнікамі, на бел. мове друкаваліся грамадска-культ. і навук. часопісы, дзе публікаваліся даследаванні па беларусазнаўстве (гл. ў арт. Беларускае навуковае таварыства, Таварыства беларускай школы ў Вільні). Пасля 1-й сусв. вайны навук. асяродак беларусазнаўства (Навуковае таварыства імя Ф.​Скарыны) склаўся таксама ў Чэхіі, дзе ў Пражскім Карлавым ун-це праходзілі навучанне многія студэнты-беларусы, што апынуліся па-за межамі СССР. Былі створаны Бел. навук. т-ва ў Рызе, Бел. камітэт у Чыкага і інш. Развіццю беларусазнаўства спрыяў узяты ў краіне на пач. 1920-х г. курс на беларусізацыю. Аднак у канцы 1920—30-х г. рэпрэсіі ўлад супраць нац. кадраў, барацьба з т.зв. бурж. нацыяналізмам нанеслі вял. страты беларусазнаўству. За «адыход ад марксісцка-ленінскай метадалогіі», «праяўленне буржуазнага нацыяналізму» ў БССР панеслі значныя страты кадры беларусазнаўцаў, амаль поўнасцю спынілася сур’ёзная даследчыцкая праца ў галіне беларусазнаўства. Аднаўляцца яна пачала толькі пасля Вял. Айч. вайны, але так і засталася ў рэчышчы паліт. дактрыны КПСС.

За пасляваенныя гады на Беларусі аднавіліся кадры беларусазнаўцаў, павялічылася іх колькасць за мяжой, былі створаны новыя н.-д. і навуч. ўстановы, узніклі новыя навук. выд-вы і перыяд. выданні, навук. кірункі, адбылося далейшае разгалінаванне навук пра бел. народ, беларусазнаўчыя даследаванні набылі шырокі размах. Склалася эміграцыйнае беларусазнаўства (у ЗША, Канадзе, Англіі, ФРГ) як альтэрнатыўнае савецкаму беларусазнаўству. За мяжой пачала выдавацца беларусазнаўчая перыёдыка: «Запісы» Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, «The Journal of Byelorussian Studies» (гл. «Джорнал ов беларашн стадыз»), «Occasional Papers in Belarusian Studies» («Альманах беларускіх даследаванняў») у Лондане і інш., бел. матэрыялы друкуюць самыя розныя (перш за ўсё славістычныя) замежныя выданні «Slavia» («Славія», Прага), «Slavia Orientalis» («Усходняя Славія», Варшава), «Zeitschrift für Slawistik» («Славяназнаўчы часопіс», Берлін) і інш. Аднак ідэалаг. супрацьстаянне «савецкай» навукі «заходняй», «буржуазнай» не спрыяла развіццю беларусазнаўства ў краіне. Улады ўсімі метадамі імкнуліся ізаляваць «савецкае» беларусазнаўства ад «заходняга», не дапусціць пры вырашэнні яго кардынальных праблем ніякіх адхіленняў ад ідэалаг. догмаў КПСС. Тым не менш за пасляваенны час у краіне і за яе межамі было створана нямала прац, якія трывала замацаваліся ў залатым фондзе беларусазнаўства. З 2-й паловы 1980-х г. стварыліся ўмовы для ўсебаковага, аб’ектыўнага даследавання беларусазнаўчай праблематыкі. Сталі агульнадаступныя тыя працы па беларусазнаўстве, што былі забаронены сав. уладай, з’явілася магчымасць абмяркоўваць тэмы, якіх раней у краіне нельга было закранаць або якія вырашаліся адназначна, толькі з пазіцый марксізму-ленінізму і паліт. інтарэсаў улады. Узніклі новыя грамадска-паліт. і навук. перыядычныя выданні па розных галінах беларусазнаўства. Створаны новыя грамадска-культ. і н.-д. ўстановы і арг-цыі: Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.​Скарыны з аддзелам беларусазнаўства; адкрыты беларусазнаўчыя кафедры, аддзяленні і ф-ты ў ВНУ, у якіх беларусазнаўства выкладаецца як абавязковы прадмет. У 1991 заснавана Міжнародная асацыяцыя беларусістаў (МАБ), якая аб’ядноўвае каля 600 навукоўцаў з розных краін свету, рэгулярна праводзіць навук. кангрэсы для абмеркавання праблем беларусазнаўства і вызначэння кірункаў яго развіцця.

Дасягненні беларусазнаўства ў розных яго галінах асвятляюцца ў адпаведных артыкулах «Беларускай савецкай энцыклапедыі» (т. 1—12, 1969—75), «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—2, 1993—94), энцыклапедычных даведніках «Янка Купала» (1986), «Францыск Скарына і яго час» (1988), «Этнаграфія Беларусі» (1989), «Беларуская мова» (1994) і інш.

Літ.:

Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 1—5. Мн., 1993—95.

Л.​М.​Шакун.

т. 2, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ РАБО́ТНІК ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца высокапрафес. рабочым, майстрам, інж.-тэхн. работнікам прадпрыемстваў, аб’яднанняў, н.-д., праектна-канструктарскіх і інш. арг-цый розных галін вытв-сці, работнікам органаў кіравання прам-сці, якія працуюць у прам-сці 15 і больш гадоў і зрабілі значны ўклад ва ўдасканаленне тэхнікі, тэхналогіі і арганізацыі вытв-сці, у дасягненне высокіх паказчыкаў якасці прадукцыі, павышэнне прадукцыйнасці працы і эфектыўнасці вытв-сці. Устаноўлена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З 1971 існавала ганаровае званне засл. работнік прамысловасці Беларускай ССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР.

Заслужаныя работнікі прамысловасці Рэспублікі Беларусь

1972. Ф.​Ф.​Байкачоў, П.​І.​Байкоў, П.​П.​Белы, М.​П.​Бераснёў, Ф.​І.​Бойка, А.​А.​Бужынскі, І.​І.​Бяспалава, М.​Е.​Гаўрылаў, К.​Р.​Давыдок, І.​І.​Дземчанка, В.​К.​Жукоўскі, А.​Ф.​Загаецкая, В.​А.​Зубенін, П.​І.​Індан, А.​В.​Казанцаў, К.​І.​Калывайлава, Г.​Ц.​Кузняцова, Л.​В.​Малышкіна, А.​І.​Папоў, Р.​І.​Плашэй, В.​А.​Помазава, А.​Р.​Пракаповіч, П.​С.​Раждаеў, С.​С.​Раманенка, В.​Я.​Раманоўскі, М.​Ф.​Рухлінскі, П.​П.​Сабалеўскі, У.​С.​Семяніхін, М.​А.​Сінкевіч, М.​М.​Слюнькоў, Г.​А.​Сляпцоў, Я.​І.​Ступак, В.​А.​Сысоева, Г.​В.​Сямёнаў, А.​П.​Тоўсцік, М.​А.​Фядзюк, М.​М.​Хаванскі, Ю.​І.​Хейкер, А.​І.​Хоміч, Ц.​Я.​Церахаў, Б.​Л.​Шапашнік, А.​І.​Шчарбакоў, В.​М.​Шчарбіна, М.​П.​Ямелечава.

1973. Г.​П.​Алейчык, С.​І.​Аўсіевіч, Н.​З.​Баброў, Ф.​І.​Багданаў, І.​М.​Брэль, В.​М.​Буткевіч, А.​Я.​Высоцкі, Я.​Ф.​Гайваронскі, А.​П.​Гайдук, В.​Л.​Гарох, А.​У.​Грыгусь, А.​В.​Грэлаў, А.​Р.​Гурскі, В.​А.​Жукоўскі, І.​А.​Кадурын, І.​І.​Караткоў, В.​М.​Кармілевіч, С.​П.​Кароль, Г.​Ф.​Карпенка, Дз.​А.​Кіеня, А.​А.​Кузаўкоў, А.​Ф.​Лапцюхова, В.​Т.​Майсееў, В.​Ц.​Прохараў, У.​А.​Ражкоў; В.​Я.​Семянкоў, Р.​І.​Тубалец, С.​К.​Ціханскі, У.​І.​Чэрнікаў, В.​К.​Шамгін, І.​Р.​Янкоўскі.

1974. Л.​А.​Багданаў, А.​Ц.​Баранава, А.​І.​Белавусаў, Г.​Л.​Васілеўская, М.​П.​Галяева, М.​І.​Гулевіч, М.​Ф.​Дзяркач, П.​І.​Казлоў. В.​М.​Качынскі, С.​М.​Кішкін, Я.​І.​Клімчанка, Г.​М.​Красніцкі, Ф.​Т.​Крывянкоў, І.​В.​Кудраўцаў, Ф.​І.​Кузняцоў, А.​С.​Лаўрэнаў, М.​М.​Матохіна, В.​Д.​Новікаў, П.​І.​Паўлаў, Дз.​І.​Пятроў, Н.​А.​Сафонава, П.​П.​Сяргееў, Дз.​Ф.​Хітраво, К.​Ю.​Цярэшка, М.​Д.​Шахаленка, Г.​Н.​Юпатаў.

1975. М.​І.​Агалаў, С.​Ф.​Азёрны, А.​М.​Акуліч, С.​У.​Антонаў, Л.​І.​Багдановіч, Б.​Т.​Барэйша, М.​К.​Белакурскі, Р.​Е.​Бондараў, Я.А.​К.​Брэд, Б.​В.​Бурэўскі, С.​А.​Бухаў, Т.​А.​Бялькова, С.​В.​Бяляеў, І.​М.​Валікаў, В.​Дз.​Вятошкін, А.​В.​Гарачкін, М.​Дз.​Гарохаў, В.​В.​Герман, В.​Ф.​Гнілягін, П.​І.​Грэцкі, І.​П.​Губачоў, У.​Д.​Гулаеў, М.​С.​Гулевіч, Б.​А.​Данілаў, Г.​Я.​Данілкін, С.​А.​Дзюбянкоў, Л.​І.​Дзянісава, Дз.​П.​Дубіна, Л.​С.​Жывіца, А.​А.​Жыткоў, Ц.​М.​Захаранка, Ц.​Ц.​Зелянко, І.​М.​Ільінская, У.​Г.​Каваленка, І.​П.​Каета, У.​С.​Казлоў, Е.​А.​Каласоўская, В.​А.​Калінкін, С.​І.​Калыбельнікаў, Я.​Ц.​Камарыст, П.​І.​Караткоў, В.​А.​Качан, М.​А.​Крашэўскі, В.​С.​Крыцкі, А.​П.​Кузняцоў, А.​В.​Кузьміч, В.​М.​Кузьмянкоў, Г.​С.​Кукшынскі, М.​І.​Ларыёнаў, І.​І.​Ліпін, Б.​А.​Лукошнікаў, Ф.​П.​Лук’яненка, М.​В.​Малахаў, І.​С.​Малашка, А.​Я.​Масальскі, М.​М.​Мацвееў, П.​З.​Меркін, М.​П.​Мішчанка, А.​Е.​Нікіфараў, Н.​Ф.​Пазнякоў, П.​А.​Палухін, І.​Я.​Паляціла, С.​А.​Пракопчык, В.​А.​Прыдарожны, А.​І.​Прыходзька, Р.​Я.​Рагожын, І.​Ф.​Сакалоў, Р.​І.​Сафронаў, В.​А.​Селязнёў, Г.​В.​Семяніхін, Л.​С.​Слаўк, Р.​Г.​Сушанцоў, І.​М.​Сушчанкоў, Л.​А.​Углік, В.​В.​Урусаў, Я.​А.​Фурман, В.​Я.​Фурукін, К.​М.​Халошын, М.​І.​Хвашчынскі, Ш.​Х.​Хуснутдзінаў, М.​С.​Цітоў, Б.​М.​Чаркасаў, М.​А.​Шавялёў, У.​К.​Шаркоў, Я.​Ф.​Шкіндар, М.​В.​Шпортаў, А.​К.​Шчурак, Г.​С.​Югаў, У.​Е.​Юрчанка.

1976. А.​П.​Авечкін, Н.​А.​Аксёнава, М.​У.​Алісевіч, У.​П.​Андрушчанка, К.​А.​Андрыянаў, Л.​С.​Ахацімская, М.​Ю.​Баранаў, С.​І.​Бардзілоўскі, В.​І.​Бароўскі, І.​А.​Барысевіч, В.​І.​Беражны, А.​М.​Быкоўскі, К.​М.​Бялянка, У.​Я.​Вайцюк, М.​К.​Васіленка, І.​П.​Васільеў, М.​І.​Гайдук, А.​М.​Галішнікаў, М.​С.​Ганчароў, І.​А.​Гацко, Л.​Р.​Глазкоў, Л.​Р.​Грышанава, Р.​Д.​Гулько, І.​Ф.​Гурэеў, Э.​І.​Дземідок. Н.​С.​Дунаева, І.​С.​Жукаў, В.​І.​Забела, Л.​Т.​Згорскі, Б.​С.​Зубаў, В.​М.​Ільіна, А.​С.​Каваленка, В.​А.​Калашнікава, М.​Я.​Капшукова, В.​Л.​Карнілава, Р.​П.​Кеніг, А.​Г.​Кіеня, І.​У.​Кіеўскі, З.​П.​Кіжнярова, М.​П.​Кісялёў, А.​А.​Ключнік, Я.​М.​Козыраў, А.​М.​Кроўз, У.​Ю.​Крыкун, З.​І.​Крымава, В.​А.​Кубасаў, В.​В.​Кузьмічоў, В.​А.​Лазерка, Э.​С.​Лешчанка, В.​А.​Лынчанка, А.​І.​Ліцвінаў, М.​Я.​Ляскавец, П.​В.​Ляшчынскі, Л.​І.​Малеша, У.​І.​Мальто, М.​І.​Манастырскі, М.​М.​Мацюшын, А.​П.​Непагодзін, М.​П.​Нікалаенка, І.​М.​Нікалайчык, Ц.​В.​Нікулін, А.​Н.​Падабедаў, Х.​Л.​Падмаскоўная, Ю.​Д.​Панамароў, Я.​Р.​Папоў, Н.​І.​Парадня, І.​Я.​Паўлючэнкаў, М.​А.​Пузыня, В.​Я.​Пятрэнка, Г.​А.​Рабцаў, І.​І.​Растаргуеў, В.​Р.​Рыбалка, В.​П.​Рэзнік, Р.​І.​Савіцкая, В.​С.​Сакалова, М.​І.​Сінкевіч, В.​М.​Слюнькоў, Г.​Дз.​Смірноў, В.​С.​Сяргееў, Л.​Д.​Татарынаў, Дз.​М.​Ткачоў, В.​Д.​Хадакова, К.​І.​Хацука, А.​А.​Чарняўская, У.​А.​Шкабарын, Л.​І.​Шунякоў, І.​Е.​Шчарбінскі, В.​Ф.​Юркавец.

1977. У.​М.​Алейнікаў, Г.​П.​Андрэеўскі, Я.​С.​Афаневіч, Н.​Дз.​Бакштай, Л.​І.​Вышынская, Л.​Я.​Гаранская, Л.​Я.​Гарэлік, Л.​П.​Жураўлёва, Р.​П.​Жураўлёва, С.​Я.​Званароў, В.​А.​Ігнацьеў, М.​А.​Козел, Я.​М.​Мухамор, М.​Ф.​Мясаедаў, А.​М.​Прус, М.​П.​Пухаў, А.​Дз.​Севасцьянава, Э.​І.​Сцепанічэнка, М.​Я.​Сцяпанаў, А.​С.​Цітоў.

1978. М.​М.​Барадулін, М.​І.​Батура, Г.​А.​Быкоўскі, Л.​Ю.​Беляновіч, З.​Л.​Гдалевіч, Л.​І.​Грыгор’ева, А.​Ф.​Дзяржынская, В.​В.​Івашка, В.​Дз.​Івойлава, Р.​П.​Кавалеўская, Л.​У.​Карцяновіч, Т.​А.​Клачан, М.​І.​Коршунава, Ч.​А.​Круглінскі, А.​П.​Парфёнава, А.​С.​Рабінскі, Р.​В.​Рак, Я.​У.​Рачынскі, А.​А.​Санчукоўскі, А.​Л.​Стоцкі, Г.​Н.​Цвяткоў, Л.​С.​Цыбульская.

1979. М.​В.​Анібраева, З.​П.​Адашкевіч, Я.​В.​Вайцяховіч, В.​М.​Дрозд, Т.​П.​Жалабковіч, Б.​І.​Кабзар, А.​С.​Кавалёў, М.​Ф.​Казакова, М.​А.​Кудзін, У.​Ф.​Куракоў, Н.​І.​Макушкіна, І.​М.​Мігун, Я.​А.​Мікуловіч, У.​П.​Патоцкі, Я.​С.​Пратасевіч, Л.​І.​Рышчук, А.​А.​Сігаеў, М.​Т.​Тарасаў, Л.​Ф.​Трусава, Н.​Ф.​Храптова, Г.​К.​Цапаеў, В.​С.​Чарняцоў.

1980. З.​В.​Белагуб, П.​Д.​Біліда, М.​Ю.​Габрусь, А.​М.​Гушчо, В.​П.​Давыдоўскі, М.​П.​Зданевіч, Я.​С.​Ізафатава, А.​П.​Калошын, А.​Я.​Кіўкоў, У.​У.​Лішык, Я.​А.​Мажэева, Н.​С.​Мароз, Н.​І.​Пашкевіч, Р.​В.​Пятроў, І.​І.​Рак, І.​М.​Сакалоў, Н.​І.​Сакалоўскі, Л.​П.​Улаховіч, В.​В.​Федуковіч, Я.​І.​Шафір, Р.​І.​Шчарбакоў, В.​А.​Шылец, А.​І.​Ярэй.

1981. М.​І.​Акімаў, В.​Ц.​Арбузаў, А.​Г.​Зязюлькін, М.​Ф.​Іофе, С.​Л.​Карзюк, Р.​С.​Кірыенка, Я.​В.​Крывулька, С.​П.​Крыжэўскі, У.​Д.​Ліфшыц, Т.​В.​Лятун, І.​І.​Малчанаў, А.​У.​Мацкевіч, В.​В.​Нідзелька, А.​Ф.​Рудзінскі, Л.​А.​Чачот.

1982. В.​М.​Аляксеенка, С.​С.​Барадоўскі, Л.​П.​Бубноў, В.​П.​Булава, Л.​В.​Варанцова, Л.​В.​Варэц, А.​П.​Гусар, У.​А.​Іваноў, Н.​П.​Каралёва, М.​А.​Качко, А.​Ф.​Крываносаў, П.​Ф.​Макараў, В.​В.​Машчук, Г.​К.​Пераціцкі, Г.​І.​Савановіч, М.​П.​Сакіркін, З.​П.​Сідарэнка, А.​С.​Сладкова, Э.​І.​Смага, А.​В.​Хламянок, Н.​К.​Хоцькіна, С.​Ф.​Цура.

1983. І.​С.​Бартосік, С.​П.​Вярбоўскі, Л.​Я.​Гардзяюк, Г.​І.​Гулей, В.​Ф.​Дзянішчанкава, І.​С.​Жукоўскі, А.​П.​Кавальчук, В.​І.​Карасцялюк, А.​П.​Кацапаў, Р.​В.​Конюх, В.​А.​Майко, М.​П.​Марозаў, М.​П.​Накоўнік, А.​І.​Трушкіна.

1984. С.​М.​Аляксейчык, А.​І.​Бацюлеў, М.​С.​Берышвілі, Н.​У.​Валовік, В.​А.​Жукавец, В.​С.​Падгарэцкая, У.​А.​Сітаў, У.​Я.​Чвялёў, Т.​І.​Шалянок, Р.​А.​Шчаглова.

1985. М.​Ц.​Антонік, С.​А.​Ахрэмчык, У.​І.​Блаў, А.​У.​Жыткевіч, В.​У.​Забаронак, А.​М.​Запольскі, І.​У.​Казанцаў, Л.​А.​Канавалаў, Л.​М.​Нагібовіч, М.​А.​Сідараў, В.​М.​Сліж, Т.​С.​Хрытанькова, М.​Я.​Чуманіхіна, У.​А.​Юрганаў.

1986. М.​Т.​Барабанаў, Ю.​Дз.​Барадоўскі, А.​М.​Біёнчык, Л.​І.​Грышын, Г.​С.​Папова.

1987. М.​І.​Кандзіраыда, Г.​І.​Лазарашвілі, У.​М.​Сямёнаў.

1988. Я.​К.​Баран, П.​Ф.​Белагураў. С.​Ф.​Гашко, Э.​А.​Геуркаў, У.​В.​Грыдзюшка, Ю.​Я.​Данешчык, М.​Д.​Ермалаеў, В.​В.​Кавальчук, Т.​В.​Караткова, У.​В.​Качан, В.​М.​Краўчанка, А.​М.​Крывенка, І.​І.​Куляшоў, Э.​К.​Мядзведзеў, В.​А.​Пятроў, З.​П.​Саковіч, І.​У.​Смалей.

1989. М.​П.​Бялько, М.​М.​Валькоў, Ф.​К.​Голуб, В.​Дз.​Жагальскі. Л.​І.​Кадолка, І.​І.​Карнілаў, М.​Ц.​Лучнікаў, У.​П.​Піліповіч, С.​П.​Сінельнікаў, В.​В.​Собаль, В.​М.​Царанкоў, Л.​П.​Яноўскі. 1990. З.​Ф.​Бузуноўскі, Л.​Ф.​Ідзіятуліна, Г.​А.​Ісаевіч, Ю.​М.​Канавалаў, Т.​С.​Ліпатнікава, М.​Я.​Манголеў, С.​Б.​Сімховіч, В.​І.​Сініцкі, Л.​А.​Тараканава, Г.​М.​Хартановіч, М.​А.​Цітоў, А.​А.​Шарубін, В.​У.​Шчамялёва, П.​Л.​Шыла, Г.​Р.​Яцкоўская.

1991. Л.​С.​Арыніч, У.​М.​Аўчыннік, П.​Р.​Балдоўскі, А.​С.​Белавус, С.​А.​Вернікоўскі, Ш.​С.​Грыгар’ян, І.​А.​Карпаў, Г.​А.​Курыльчык, У.​П.​Лапыка, П.​З.​Літвінчук, А.​А.​Лявошка, У.​І.​Масюкевіч, І.​С.​Муліца, С.​М.​Паліцкая, С.​А.​Пеліх, А.​А.​Сямёнава, М.​І.​Цярэшка, К.​К.​Шабунеўскі, А.​С.​Шыбаеў, В.​У.​Эсаулаў.

1992. У.​П.​Кудрыцкі.

1993. М.​Т.​Бялко, Ч.​А.​Дудчык, У.​І.​Лежань, М.​У.​Саўко, У.​М.​Шэпель.

1994. У.​В.​Абрамчык, У.​В.​Ачапоўскі, З.​В.​Валеха, В.​В.​Вінакураў, А.​Е.​Гайдук, Л.​А.​Гармаш, А.​К.​Герасімовіч, А.​У.​Грэбень, У.​Я.​Давыдкоў, А.​М.​Далінін, А.​А.​Данілін, М.​Л.​Дворкін, І.​І.​Журовіч, В.​Я.​Кавалевіч, В.​А.​Кавалёў, З.​М.​Капіхава, Л.​Б.​Калодны, Л.​І.​Калугін, Ф.​І.​Канстанціновіч, У.​У.​Карсакоў, Г.​Р.​Катомкіна, Ю.​Р.​Кісялёў, Л.​П.​Козік, А.​М.​Лапко, У.​У.​Ласкевіч, У.​В.​Ляўданскі, М.​І.​Лобач, А.​Г.​Максімовіч, С.​І.​Малахаў, В.​А.​Найдзёнак, П.​М.​Новікаў, У.​У.​Рашатко, М.​А.​Сайчык, М.​Н.​Сліж, Н.​Д.​Тоўсцік, У.​П.​Філіпаў, Л.​С.​Чартоў, Т.​К.​Юрэвіч, Б.​Б.​Янкоўскі.

1995. А.​Ц.​Ваўчок, С.​А.​Венцкі, Л.​А.​Воўк, М.​І.​Зінавенка, У.​Ф.​Каленік, Г.​У.​Карло, М.​Я.​Паўлаў, В.​І.​Рулеў, П.​У.​Скабіцкі, М.​М.​Скарбец, А.​І.​Фёдараў, У.​А.​Філіпаў, Дз.​І.​Чачко, А.​І.​Чыж, Л.​Г.​Шавель.

1996. В.​А.​Астапенка, Я.​І.​Бабініч, А.​І.​Белы, Т.​У.​Булдык, В.​А.​Бурскі, В.​У.​Бухавец, А.​М.​Бярозкін, Б.​В.​Вайтовіч, А.​У.​Вержбаловіч, У.​С.​Дзегцяроў, У.​М.​Дзялендзік, Г.​С.​Драбышэўскі, У.​В.​Зубовіч, Р.​А.​Калінкін, Р.​П.​Капытко, Р.​М.​Нургалееў, А.​І.​Прыходзька, М.​І.​Пузыроў, С.​У.​Сарока, У.​В.​Скобаў, У.​С.​Хмялеўскі, В.​Р.​Чарткоў, В.​В.​Шапецька, А.​А.​Ярковіч.

1997. Л.​Ф.​Барабанаў, М.​П.​Белы, Л.​П.​Быкоўскі. В.​Б.​Вернікоўскі, Л.​К.​Калюка, Р.​Ф.​Карабанаў, В.​Дз.​Марыніч, С.​С.​Сідорскі, С.​П.​Сапута, С.​Б.​Снітко, У.​П.​Стайчанка, С.​Х.​Федарук, В.​А.​Шурынаў.

т. 6, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,

мова беларусаў, асноўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь; дзярж. мова Рэспублікі Беларусь. Паводле перапісу 1989 яе лічаць роднай 77,7% жыхароў Беларусі, у т. л. 80,2% беларусаў. Разам з рускай мовай і ўкраінскай мовай адносіцца да ўсх. групы славянскіх моў.

Сучасная бел. мова існуе ў літ. і дыялектнай формах. Дыялектная беларуская мова (гл. ў арт. Дыялект) захоўваецца пераважна сярод сельскага насельніцтва. Яна ўключае асн. масіў гаворак і т.зв. палескую (зах.-палескую) групу гаворак. Асн. масіў падзяляецца на 2 вял. дыялекты: паўн.-ўсходні і паўд.-заходні. Паміж імі знаходзіцца паласа пераходных, або сярэднебел., гаворак (з ПнЗ на ПнУ). Літаратурная мова генетычна грунтуецца на гаворках цэнтр. Беларусі, але ў працэсе свайго станаўлення сінтэзавала характэрныя для большасці бел. гаворак граматычныя і лексічныя рысы і ў сучасны момант не суадносіцца з пэўным тэр. дыялектам.

Арфаграфія беларускай мовы грунтуецца на фанет. прынцыпе ў спалучэнні з марфалагічным. У цесным узаемадзеянні з ёю ішло фарміраванне бел. арфаэпіі. У бел. фанетычнай сістэме (гл. Гукі мовы, Фанетыка) 5 галосных гукаў і 32 зычныя гукі. Марфалогія беларускай мовы сінтэтычная з рысамі аналітызму. Усе словы размяркоўваюцца па 10 часцінах мовы, якія падзяляюцца на знамянальныя (апрача прыслоўя маюць формы словазмянення) і службовыя. Спецыфіку сінтаксісу надаюць гал. чынам адметнасці ў дзеяслоўным і прыназоўнікавым кіраванні. У аснове бел. графікі — рус. грамадзянскі шрыфт, утвораны ў выніку рэформы кірыліцы. Беларускі алфавіт налічвае 32 літары.

Параўнальна-гіст. мовазнаўствам устаноўлена, што ў перыяд ад 3—2-га тыс. да нашай эры да 7—8 ст. нашай эры ў слав. плямёнаў існавала агульная праславянская мова, якая напачатку складалася з блізкароднасных дыялектаў. Шырокае рассяленне слав. плямёнаў у 6—7 ст. абумовіла паслабленне ўнутраных сувязяў. У выніку прыкладна ў 8—9 ст. адбыўся працэс ператварэння ранейшых дыялектаў у самастойныя слав. мовы. У гэты час пачала складвацца і стараж.-рус. мова як адзіная для ўсходніх славян. Яе адноснае адзінства захоўвалася да 13 ст., у т. л. ў эпоху Кіеўскай Русі. Ад праслав. мовы яна атрымала ў спадчыну фанетычную сістэму, граматычны лад і асн. слоўнікавы фонд. У перыяд з 6—7 да 9—10 ст. у стараж.-рус. мове развіўся шэраг спецыфічных рысаў у галіне фанетыкі: поўнагалоссе (берегъ, голова), пачатковае «о» на месцы спалучэння «jе» (озеро, олень), шыпячыя «ж» і «ч» на месцы спалучэння гукаў d, t, kt з j (межа, ночь) і інш. На працягу 11—14 ст. найб. значным фанетычным працэсам стала падзенне рэдукаваных галосных «ъ» і «ь», у выніку чаго фанетычная сістэма наблізілася да фанетычнага ладу сучасных усх.-слав. моў. У граматычным ладзе ранейшая сістэма скланення назоўнікаў па асновах выцяснялася новымі тыпамі скланення па родах, што адбілася на характары канчаткаў. У сістэме дзеяслова аформілася катэгорыя трывання, у сувязі з чым змянілася сістэма прошлых часоў: аорыст, імперфект і часткова плюсквамперфект выцеснены перфектам, які стаў асноўнай формай прошлага часу ў жывой стараж.-рус. мове. Развіццё грамадскай, культ. і ваен. дзейнасці ўсх. славян садзейнічала ўзбагачэнню слоўнікавага складу. Большасць новых слоў узнікла праз словаўтварэнне ад агульнаслав. каранёў, змяненне значэння старых слоў і запазычанняў з грэч., скандынаўскіх, фінскіх і цюркскіх моў.

Пісьменства ва ўсх. славян (на аснове кірыліцы) пашыралася з канца 10 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства і развіццём дзяржаўнасці. Для Кіеўскай Русі было характэрна літ.-пісьмовае двухмоўе. Яно ўключала царкоўнаславянскую мову богаслужэбнай л-ры, перакладзенай або створанай у Балгарыі і інш. слав. краінах і перапісанай на Русі (Евангелле, Псалтыр, Апостал), і славяна-рускую мову арыгінальных твораў, у якіх пераважала царк.-слав. стыхія, але прысутнічаў і ўсх.-слав. субстрат («Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Сказанне пра Барыса і Глеба», «Слова аб законе і божай ласцы» мітрапаліта Іларыёна). Стараж.-руская літ. мова на нар. аснове выкарыстоўвалася ў дзярж. справаводстве, дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», граматы), у творах апавядальнай л-ры («Аповесць мінулых гадоў», «Павучанне Уладзіміра Манамаха», «Слова аб палку Ігаравым»), шматлікіх дакументах, у прыватнай перапісцы на берасцяных граматах. Гэтыя віды пісьменства выкарыстоўваліся і на бел. землях эпохі Кіеўскай Русі. Вядучае месца тут належала царк.-слав. мове як мове правасл. набажэнства. Гэта пацвярджаюць выяўленыя на Беларусі помнікі пісьменства: Супрасльскі рукапіс і Тураўскае (11—12 ст.), Аршанскае, Друцкае, Мсціжскае, Полацкае (13—14 ст.) евангеллі. Арыгінальныя творы 12 ст. — «словы», казанні, павучанні і малітвы Кірылы Тураўскага, агіяграфічныя «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і «Жыціе Аўраамія Смаленскага». Стараж. бел. пісьменства на нар. аснове прадстаўлена гал. чынам мясцовымі летапісамі і дагаворамі 13—14 ст. з Полацка, Віцебска і цесна звязанага з імі Смаленска.

Феадальнае драбленне і распад Кіеўскай Русі садзейнічалі актывізацыі на бел. землях мясц. дыялектаў. На працягу 14—16 ст. у беларускай мове развіліся фанетычныя асаблівасці: цвёрдае «р», дзеканне і цеканне і інш. Адначасова выпрацаваўся шэраг спецыфічных рысаў беларускай мовы ў галіне лексікі. Агульнаўжывальнымі сталі словы, вядомыя з глыбокай старажытнасці як дыялектызмы («багна», «вавёрка», «воўна», «вырай», «гай», «грэбля», «жыта», «збожжа», «крыніца», «смага», «брахаць», «жадаць», «лагодзіць», «лаяць»). Многія агульнаслав. і агульнаўсх.-слав. словы на бел. глебе змяніліся ў выніку прыстасавання да бел. фанетычнай сістэмы («аржаны», «іржа», «возера», «вока», «дрыжыць», «крывавы»). Асноўная ж колькасць новых слоў утваралася афіксальным спосабам шляхам выкарыстання пашыраных у беларускай мове сродкаў словаўтварэння — суфіксаў і прыставак («авечка», «сцежка», «частка», «выбавіць», «выбраць»). У папаўненні слоўніка беларускай мовы значную ролю адыгралі запазычанні з інш. моў — паланізмы, лацінізмы, германізмы, літуанізмы (гл. Балтызм), цюркізмы. Бел. пісьмовыя помнікі 16 ст. сведчаць, што да гэтага часу склаліся ўсе важнейшыя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы, уласцівыя беларускай мове і цяпер.

З сярэдзіны 15 ст. пісьменства на Беларусі насычаецца спецыфічна бел. рысамі ў такой меры, што дае падставу сцвярджаць пра самастойную бел. літ. мову са сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі адзнакамі. Развіццю беларускай мовы спрыяла і тое, што ў ВКЛ яна выконвала функцыі дзяржаўнай мовы. Асабліва шырока беларуская мова выкарыстоўвалася ў канцылярска-юрыд. дакументацыі — актах, граматах, дагаворах і статутах (найб. важныя — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588). Буйны помнік канцылярска-юрыд. пісьменства — Метрыка Вялікага княства Літоўскага, дакументы якой да сярэдзіны 17 ст. афармляліся пераважна на беларускай мове. На ёй вялася таксама дакументацыя ў гар. управах, магістратах і магдэбургіях, у гар., земскіх і замкавых судах і інш. Да сярэдзіны 17 ст. беларуская мова выкарыстоўвалася таксама ў канцылярыях і судах на тэр. этнічнай Літвы, на ёй пісаліся дакументы ў каралеўскіх канцылярыях Кракава і Варшавы, што прызначаліся для ВКЛ. У канцы 14 — пач. 15 ст. на Беларусі вял. пашырэнне атрымала летапісанне, але ў летапісах, якія дайшлі да нашага часу ў больш позніх спісах [Нікіфараўскі, Слуцкі, Віленскі адносяцца да канца 15 — пач. 16 ст., астатнія (больш як 10) да 16—17 ст.], бел. мова адлюстравалася неаднолькава (раннія летапісы ў большай ступені захоўваюць архаічныя моўныя рысы, пазнейшыя — жывую нар. стыхію). Жывой нар. мовай напісаны Баркулабаўскі летапіс, мемуарныя творы («Дзённік» Ф.​Еўлашоўскага, «Дыярыуш» А.​Філіповіча), перакладныя аповесці («Александрыя», «Троя», «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), польск. гіст. хронікі канца 16 — пач. 17 ст. («Хроніка ўсяго свету» М.​Бельскага, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага).

Паступовае збліжэнне з Польшчай у паліт. і культ. адносінах, насаджэнне на Беларусі каталіцызму паслабляла пазіцыі праваслаўя і царк.-слав. мовы. Гэтаму садзейнічала і распаўсюджанне рэфармацыйных плыняў, прыхільнікі якіх імкнуліся ўводзіць мясц. мовы ў набажэнства і богаслужэбную л-ру. Першапачаткова беларуская мова пранікла ў жыційную л-ру (напр., «Мінеі — Чэцці», 1489). У канцы 15 ст. пачалі з’яўляцца пераклады з польск. мовы агіяграфічных і апакрыфічных твораў («Страсці Хрыстовы», «Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага»). З пач. 16 ст. беларуская мова пранікае і ў кананічныя рэліг. творы. Пачатак гэтаму працэсу паклаў Ф.​Скарына, які ў 1517—19 выдаў у Празе большую частку кніг Старога запавету. Захаваўшы ў гэтых выданнях царк.-слав. аснову, ён наблізіў іх мову да народнай. У часы Скарыны зроблены пераклады на беларускую мову асобных кніг Бібліі непасрэдна са стараяўр. мовы. Каля сярэдзіны 16 ст. з’явіўся пераклад Псалтыра — самай папулярнай кнігі ў паслядоўнікаў хрысц. веравызнання. Першапачаткова такія пераклады распаўсюджваліся ў рукапісных спісах. З 2-й пал. 16 ст. на беларускай мове з’яўляюцца друкаваныя творы рэліг. прызначэння. У 1562 С.​Будны выдаў у Нясвіжскай друкарні першыя на Беларусі друкаваныя кнігі на беларускай мове «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (не захавалася). Каля 1580 В.​Цяпінскі выдаў Евангелле, у якім бел. тэкст змешчаны паралельна з царк.-славянскім — унікальная з’ява ў тагачасным слав. свеце. З канца 16 ст. беларуская мова стала прадметам абавязковага вывучэння ў правасл. брацкіх школах, што садзейнічала яе паспяховаму выкарыстанню ў розных галінах грамадскага і культ. жыцця. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст. былі эпохай найб. выкарыстання беларускай мовы ў рэліг. сферы — пераважна ў т.зв. гамілетычнай л-ры, якая грунтавалася на павучальным тлумачэнні тэкстаў Свяшчэннага пісання. Захаваліся да нашага часу шматлікія рукапісныя зборнікі і друкаваныя кнігі: «Казанне Кірылы, патрыярха іерусалімскага, пра антыхрыста» С.​Зізанія (Вільня, 1596), «Евангелле вучыцельнае» (Еўе, 1616), «Духоўныя гутаркі» Макарыя Егіпецкага (Вільня, 1627), «Гісторыя пра Варлаама і Іаасафа» (Куцейна, 1637) і інш. На беларускай мове былі надрукаваны і пахавальныя казанні, складзеныя паводле правілаў тагачаснай царк. рыторыкі. Беларуская мова выкарыстоўвалася ў разнастайных настаўленнях аб хрысц. рытуалах і ў царк. заканадаўстве.

Аднак у новых паліт. і культ. умовах жыцця бел. народа ў складзе Рэчы Паспалітай выкарыстанне бел. літ.-пісьмовай мовы паступова пайшло на спад. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел.-літоўская шляхта з мэтай захавання свайго паліт. і эканам. становішча імкнулася да ўстанаўлення ў ВКЛ важнейшых дзярж. інстытутаў на польскі ўзор. У сярэдзіне 17 ст. беларуская мова практычна выйшла з ужытку ў дзярж. канцылярыях. Юрыдычна гэта было аформлена рашэннем усеагульнай канфедэрацыі саслоўяў 1696. Разам з заняпадам беларускай мовы ў справаводстве пачала звужацца і яе роля ў інш. галінах грамадскага і культ. жыцця. Бел. кнігі не друкаваліся, рэліг. л-ра выдавалася выключна на царк.-слав. мове. У 2-й пал. 17 і на працягу 18 ст. на Беларусі панавала польска-лац. кнігадрукаванне. Адукацыя знаходзілася пераважна ў руках шматлікіх рымска-каталіцкіх ордэнаў: езуітаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, бернардзінцаў і піяраў, якія мелі свае школы і вучылішчы амаль ва ўсіх бел. гарадах і буйных мястэчках. Навучанне ў іх вялося на польск. і лац. мовах. Беларуская мова вывучалася толькі ва уніяцкіх базыльянскіх школах і выкарыстоўвалася ў неафіц. частках набажэнства. Жывой беларускай мовай працягвалі карыстацца сяляне, дробная шляхта, гар. рамеснае насельніцтва. На нар. мове ствараліся разнастайныя фалькл. творы: песні, казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі і інш. У 18 ст. беларуская мова атрымала пісьмовую фіксацыю толькі ў інтэрмедыях і інтэрлюдыях да драм. твораў, што ставіліся ў вучылішчах, гімназіях і калегіях (гл. Школьны тэатр). Панаванне польск. мовы ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця працягвалася да 1830-х г., пасля польск. мову ў гэтых сферах замяніла руская.

Новая бел. літ. мова на нар. аснове, без сувязі са стараж. пісьмовымі традыцыямі пачала складвацца на пач. 19 ст. Станаўленне яе праходзіла ў агульным кантэксце слав. адраджэння нацыянальнага. Але на Беларусі развіццё літ. мовы стрымлівалася адсутнасцю яе дзярж. самастойнасці, панаваннем у тагачасным грамадстве думкі, што бел. нар.-дыялектная мова з’яўляецца толькі дыялектам рус. ці польск. моў. Сведчаннем фарміравання новай бел. літ. мовы было з’яўленне ў 19 ст. ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», якія доўгі час бытавалі ў вуснай перадачы і ў рукапісах. Першая друкаваная кніга на новай беларускай мове «Кароткі збор хрысціянскай навукі» (Вільня, 1835). Аднак найперш беларуская мова прабівала сабе дарогу ў паэт. жанрах, якія былі вядучыя на працягу ўсяго 19 ст. Значны ўклад у развіццё новай бел. літ. мовы зрабілі Я.​Баршчэўскі, А.​Рыпінскі, Я.​Чачот, В.​Дунін-Марцінкевіч, Ф.​Багушэвіч і інш. З канца 19 ст. на беларускай мове з’яўляюцца пераклады з рус., укр. і польск. моў.

Бел. літ. мова 19 ст. яшчэ не мела ўстойлівых графічных, арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў. На ёй не ствараліся падручнікі ці дапаможнікі, не вялося школьнае навучанне, яна не дапускалася ў дзярж. сферу. Пісьменнікі арыентаваліся на свае родныя гаворкі. Працэс нармалізацыі мовы стрымлівала выкарыстанне дзвюх графічных сістэм — лацінскага і кірылічнага шрыфтоў, што назіралася аж да 1917, а ў Зах. Беларусі — да 1939. Рэвалюцыя 1905—07 паскорыла разгортванне літ.-грамадскага руху на Беларусі, зняла абмежаванні з бел. друкаванага слова. З гэтага часу пачалі арганізоўвацца легальныя органы друку і бел. выд-вы. У развіцці бел. літ. мовы значную ролю адыграла «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), на старонках якой выступала новая плеяда бел. пісьменнікаў: Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, Цётка, М.​Гарэцкі, З.​Бядуля, Ц.​Гартны, К.​Каганец, Ядвігін Ш. і інш. Газета садзейнічала выпрацоўцы навук. стылю, на яе правапісныя, грамат. і лексічныя нормы арыентаваліся інш. перыядычныя выданні. Аднак сфера выкарыстання беларускай мовы ў гэты час была звужаная, бо ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця панавала рус. мова. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, абвяшчэння БНР (сак. 1918), а потым БССР (1.1.1919) беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. У выніку беларусізацыі беларуская мова стала мовай школьнага навучання, вышэйшых навуч. устаноў, дзярж. і грамадскіх арганізацый, перыяд. друку. Арфаграфія і граматычныя нормы яе былі кадыфікаваны «Беларускай граматыкай для школ» Б.​Тарашкевіча (Вільня, 1918). Яе прынцыпы папулярызаваліся падручнікамі Я.​Лёсіка. Беларуская мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац. літ. мове: развітая стылістычная дыферэнцыяцыя, апрацаванасць, упарадкаванасць літ. мовы ў параўнанні з нар.-дыялектнай, узаконеная грамадствам нарматыўнасць, стабільнасць, неперарыўнасць традыцый, наяўнасць пісьмовай і вуснай разнавіднасцяў. Для нармалізацыі бел. літ. мовы важнае значэнне мела прынятая СНК БССР у жн. 1933 пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» (гл. ў арт. Рэформы моўныя). Бел. дыяспара за межамі Беларусі не прызнала рэформу 1933 і працягвае карыстацца дарэформеннымі правапіснымі і граматычнымі нормамі. Так фактычна ўтварыліся два варыянты бел. літ. мовы, якія існуюць і ў наш час.

Самыя раннія спробы вывучэння беларускай мовы зроблены на пач. 19 ст., аднак яно не мела арганізаванага і сістэматычнага характару (гл. ў арт. Беларусазнаўства). Найбагацейшы збор бел. лексічнага матэрыялу дарэв. пары — «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча (1870). Пачатак грунтоўнаму навук. даследаванню беларускай мовы далі працы заснавальніка бел. мовазнаўства Я.​Ф.​Карскага, асабліва яго манаграфіі «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У сав. час апублікаваны фундаментальныя даследаванні беларускай мовы, падрыхтаваныя Інстытутам мовазнаўства імя Я.​Коласа АН Беларусі, разнастайныя дапаможнікі для ВНУ па гісторыі мовы, дыялекталогіі сучаснай беларускай мовы, спец. кнігі па асобных праблемах фанет. сістэмы, грамат. ладу мовы беларусаў. Выдадзены вялікія перакладныя, тлумачальныя, гіст. і інш. слоўнікі (гл. ў арт. Лексікаграфія), аналізуюцца кантакты беларускай мовы з мовамі інш. слав. і неслав. народаў на розных этапах іх гіст. развіцця. У 1990 прыняты Закон «Аб мовах у Беларускай ССР», які надаў беларускай мове статус дзяржаўнай мовы.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Вып. 1—3. М., 1955—56;

Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков: Ист.-диалектол. очерк. Л., 1972;

Булахов М.Г., Жовтобрюх М.А., Кодухов В.И. Восточнославянские языки. М., 1987;

Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;

Воўк-Левановіч О.В. Лекцыі па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1994;

Нарысы па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1957;

Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;

Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;

Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;

Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд. Мн., 1984;

Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст. Мн., 1988;

Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;

Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн, 1985—86;

Беларуская мова: Энцыкл. Мн., 1994.

А.​І.​Жураўскі.

Да арт. Беларуская мова. Тытульны ліст «Беларускай граматыкі для школ» Б.​Тарашкевіча. 1918.
Да арт. Беларуская мова. Старонка з Баркулабаўскага летапісу. 17 ст.
Да арт. Беларуская мова. Надпіс на Рагвалодавым камені. 1171.

т. 2, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)