Таі́ць ’трымаць у тайне, хаваючы ад другіх, утойваць’ (Сл. ПЗБ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., ТС), таі́цца ’скрываць; утойваць; хавацца, скрывацца’, таі́ті ’ўтойваць’, таі́тісʼе ’падпільноўваць, цікаваць’ (Вруб.), ’запірацца’ (Нас., ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Ласт., Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі, Варл., ТС, Ян.), ст.-бел. таити ’ўтойваць’ (XV ст., КГС). Укр. таї́ти, таї́тися, рус. таи́ть, таи́ться, польск. taić (się), в.-луж. tajić (so), н.-луж. tajiś (se), tawiś, чэш. tajit (se), славац. tajiť (se), славен. tajíti (se), серб.-харв. та́јити (се), tájati, харв., чак. tōjȁt, балг. та́я, макед. таи, ст.-слав. таити, таити сѧ ’хаваць, утойваць’. Да прасл. *tajiti, дыял. *taja̋ti (рэканструкцыя Фурлан у Бязлай, 4, 147), якія з’яўляюцца вытворнымі ад *taj ’таямніца, тайна’, ’таямніча, скрытна’ (роднаснага *tatъ ’злодзей’), параўн. старое серб.-харв. tȃj, tȁja, tãja ’таямніца’, ст.-слав. таи ’таемна, употайкі, скрытна’, чэш. taj ’таямніца; невядомае’. Махэк (634) прапануе, аднак, некалькі іншае развіццё: *tajǫ < *taj‑jǫ < *taj‑ī‑tei. Далейшыя сувязі бачаць у хец. tai̯ela ’красці’, ст.-інд. (s)tāyú‑ḥ‑ ’злодзей’, авест. tãiiu/tãyu‑ ’тс’, ст.-ірл. tāid ’тс’, грэч. τήτη ’нястача’, τητάω ’пазбаўляю, адбіраю, рабую’, якія працягваюць і.-е. *(s)tă‑i‑ (Покарны, 1010); гл. таксама: Фасмер, 4, 11; Борысь, 625; Чарных, 2, 224; ЕСУМ, 5, 503 з літ-рай; Рэйзак, 649.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туля́цца ‘хавацца’, ‘бадзяцца без прытулку’ (Нас., Бяльк., Шат., Касп., Сержп. Прымхі, ТС, Ян., Байк. і Некр.), ‘ухіляцца ад работы, гультаяваць’ (Некр. і Байк., Жд. 2), ‘хадзіць без работы, ацірацца’ (Бір., ТС), ‘хадзіць, прыгнуўшыся ды за нешта хаваючыся’ (Варл.), ‘імкнуцца пазбегнуць чаго- або каго-небудзь, хавацца’: tulájecsa, jak sabáka ad much (Федар. 4), туляцца па завуголлю ‘хавацца ад непажаданых сустрэч, пазбягаць сустрэчы з кім-небудзь’ (Нік., Оч., ТС, Растарг.), ст.-бел. тулятися, тулатися, тулятисе ‘хадзіць без пэўнай мэты, бадзяцца’ (Скарына; Александрыя; 1610 г., ГСБМ). Укр. ту́лятися, туля́тися ‘блукаць, бадзяцца’, ‘гараваць, жывучы ў чужых людзей’, рус. дыял. туля́ться ‘хавацца, бадзяцца’, польск. tułać się ‘хадзіць без мэты’, чэш. toulati se, славац. túľaťsa ‘тс’, харв. tȕlati ‘бадзяцца’, túlati se ‘хадзіць ціха, нібы крадучыся’, макед. дыял. тула се ‘бадзяцца, валачыцца’ (МЈ, 10, 1–2, 105). Прасл. дыял. *tulati sę ‘бадзяцца, туляцца, хадзіць крадком, употайкі’, на думку Борыся (Etymologie, 365), адносна позняя інавацыя часткі праславянскіх дыялектаў (без лужыцкіх моў) — дзеяслоў шматразовага дзеяння ад прасл. *tuliti sę ‘завівацца’, ‘нагінацца, горбіцца’, гл. туліць, туліцца, першаснае значэнне было ‘згінаць, прыгінацца, хавацца ідучы’ (Борысь, 653–654; ЕСУМ, 5, 674; Брукнер, 584). Махэк₂ (648) выводзіць з *lutati ‘бадзяцца’, што цяжка даказаць, як і вывядзенне з лат. tūlʼat, tūlʼāties ‘хадзіць без працы, бадзяцца’ (Блесэ, SB, 5, 25) беларускага туляцца, што, паводле Лаўчутэ (Балтизмы, 149), вельмі сумніўна, бо не прымаецца пад увагу матэрыял іншых славянскіх моў. Сюды ж туля́ць ‘хаваць (напр., ад рэкруцтва)’ (Нас.), туле́нне ‘хаванне, прытулак’ (Нас.), туля́нне ‘хавацца ў розных кутках’ (Нас., Бяльк.); ту́ляннік, туля́ньніца ‘той, хто ўхіляецца (ад працы і інш.)’ (Юрч. СНЛ); туля́га ‘бадзяга, чалавек, які пазбягае сустрэчы’ (ТСБМ, Сцяшк.), ‘баязлівец, нерашучы чалавек’ (ТСБМ), ‘бяздомнік’ (Некр. і Байк.), туляя́ ‘гультай, нядбайнік’ (Шат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тайна, таемны, тайком, употай, употайкі, потай, потайкі, потайкам, патайком, патаемна, патайна, патаёма, употайку, стоена, ціха, цішком, скрыта, скрытна, крадком, украдкам, украдкай, падпольна, сакрэтна, нелегальна, канспірацыйна, канфідэнцыяльна; ціхачом, ціхом, украдкі, украдне, шыта-крыта, па-зладзейску (разм.); сціха, пакрыёма (абл.) □ пад сакрэтам, між намі, паміж намі, у душы, у думках, з вока на вока, за вочы, на вуха, ціхай сапай

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)