МЕТАЛАГРА́ФІЯ (ад металы + ...графія),

раздзел металазнаўства, які вывучае структуру металаў і сплаваў з дапамогай аптычнай і электроннай мікраскапіі, дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў. Даследуе заканамернасці ўтварэння структуры, яе змен пад уплывам знешніх уздзеянняў.

Вывучэнне паверхні металу няўзброеным вокам, праз лупу або мікраскоп з павелічэннем да 10 разоў дазваляе выявіць макраструктуру (крышталічную, хім. або мех. неаднастайнасць у выглядзе буйных зярнят, дэфектаў і дамешкаў). Даследаванне паліраванай і траўленай паверхні пры дапамозе мікраскопа з павелічэннем у 50—1500 разоў дазваляе выявіць мікраструктуру (памеры і формы зярнят, размеркаванне структурных фаз, уключэнняў і дэфармацый). Металаграфскае траўленне (уздзеянне кіслотным і інш. актыўным рэагентам) дае магчымасць устанавіць унутр, структурную будову сплаву. З дапамогай трансмісійнага мікраскопа вядуць электронна-мікраскапічнае даследаванне (выяўляюць фрагменты структуры памерам у некалькі нанаметраў, назіраюць скопішчы дыслакацый і скажэнняў крышт. рашоткі); электроннага сканіруючага мікраскопа — атрымліваюць відарысы дэфектаў структуры з вял. глыбінёй рэзкасці пры павелічэнні да 20 тыс. разоў (вывучаюць паверхні разбурэння, аб’ёмныя ўключэнні і інш.); рэнтгенаўскага дыфрактометра — атрымліваюць інфармацыю аб крышталеграфічных параметрах асобных фаз, унутр. напружаннях, раствораных у металах атамах. Адначасова з металаграфскімі даследаваннямі будовы металаў і сплаваў вывучаюць умовы, што выклікаюць змену іх унутр. структуры (уздзеянне награвання і ахаладжэння, пластычнай дэфармацыі, адпачыну, рэкрышталізацыі, спякання, насычэння хім. элементамі і інш.), а таксама даследуюць фіз. (мех.) уласцівасці. Даныя выкарыстоўваюць для вывучэння працэсаў атрымання метал. матэрыялаў з зададзенымі ўласцівасцямі. М. выкарыстоўваецца як адзін з метадаў кантролю якасці пры ліцці, тэрмаапрацоўцы, апрацоўцы ціскам, зварцы і інш. Першыя даследаванні структуры з выкарыстаннем аптычнага мікраскопа праведзены ў 1931 П.​А.​Аносавым.

На Беларусі М. выкарыстоўваюць пры распрацоўцы новых матэрыялаў у Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі, Бел. навукова-вытв. канцэрне парашковай металургіі, БПА, у металургічнай і металаапрацоўчай прам-сці.

Літ.:

Смолмен Р., Ашби К. Современная металлография: Пер. с англ. М., 1970;

Лившиц Б.Г. Металлография. 3 изд. М., 1990;

Приборы и методы физического металловедения: Пер. с англ. Вып. 1—2. М., 1973—74.

Г.​М.​Гайдалёнак.

т. 10, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁМАНСКАЕ ШКЛО мастацкае,

вырабы са шкла (посуд, вазы, скульптура, творы манум.-дэкар. мастацтва) шклозавода «Нёман». Традыцыі Н.ш. закладзены ў 2-й пал. 19 ст. майстрамі гутаў хутара Устрынь-Боркі (1875), урочышча Малодзіна (цяпер г. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл.). Посуд і прадметы раскошы (маст. шкло) выраблялі метадамі прасавання, выдзімання ў нерухомыя і рухомыя формы (ціхае выдзіманне), свабоднага фармавання з бясколернага, каляровага празрыстага і глушанага шкла. Пры дэкарыраванні вырабаў выкарыстоўваліся алмазная і шырокая грань, гравіроўка, люстр, размалёўка эмалямі і золатам, светлае і глыбокае траўленне, налепы, скульптурная пластыка, каляровыя ніці. У 1880—1914 прасаваныя і ціхавыдзіманыя вырабы пакрывалі нізкарэльефным дэкорам з матывамі неаготыкі і неаракако. Віцці аканта, ракайлевыя грабеньчыкі і краты, выявы анёлаў, дробныя раслінныя элементы мудрагеліста кампанаваліся на паверхні пасудзін і рэчаў. Прасаваныя і свабодна фармаваныя вырабы часта дадаткова дэкарыравалі гутнымі пластычнымі аздобамі (фігуркамі людзей, жывёл, птушак, каляровымі ніткамі). Выдзіманыя масавыя вырабы ў 1890—1920-я г. ствараліся ў стылі мадэрн, пазней — пад уплывам чэш. шкла і школы «Баўгауз» — функцыяналізму, канструктывізму і кубізму. Сярод размалёвак пераважалі пейзажныя і кветкавыя кампазіцыі, якія стылістычна набліжаюцца да размалёвак на бел. дыванах пач. 20 ст. У 1940 — сярэдзіне 1950-х г. пераважаў выраб посуду з каляровага накладнога (2—3-слойнага) жоўтага, зялёнага, сіняга, фіялетавага і чырвонага шкла па бясколерным і малочным, аздоблены шліфаваным геам. і зрэдку расл. арнаментам. З 1956 на з-дзе працуюць прафес. мастакі, работы якіх сталі значным укладам у распрацоўку маст. шкла. Н.ш. гэтага часу характарызуецца класіцыстычнай прастатой высакародных форм гладкасценнага недэкарыраванага посуду са слабаафарбаванага шкла пастэльных, пераважна дымчатых колераў. Для серыйных і дэкар. вырабаў характэрна скульптурна-вобразнае вырашэнне. У 1969 майстар А.​Федаркоў распрацаваў новы метад дэкарыравання вырабаў сульфідна-цынкавым шклом пад назвай «нёманская ніць». У 1970-я г. распрацаваны новыя віды ўзбагачэння малюнкаў фактуры спосабам ціхага выдзімання, што дало магчымасць выкарыстоўваць разнастайныя выяўл. і асацыятыўныя сродкі пры стварэнні маст. вобразаў. У 1980-я г. створана брыгада па вырабе масавых рэчаў у тэхніцы пракатнага маліравання. Сучаснае Н.ш. характарызуецца разнастайнасцю маст. стылістыкі і тэхнік формаўтварэння (гута, прэс, рухомае і ціхае выдзіманне, рыфленне, пракатнае маліраванне), шырокім выкарыстаннем розных тэхнік дэкарыравання — халоднага (алмазная грань, шліфоўка, пескаструменная тэхніка, фотадрук, размалёўка) і гутнага (прылепы, пячаткі, аплікацыі, дробная пластыка, каляровая крошка, ніці сульфідныя, крыялітавыя, каляровыя, бясколерныя). Сярод вядучых мастакоў Н.ш. — А.​Анішчык, К.​Вакс, В.​Дзівінская, У.​Жохаў, Г.​Ісаевіч, Т.​Малышава, У.​Мурахвер, Л.​Мягкова, С.​Раўдвеэ, В.​Сазыкіна, Г.​Сідарэвіч, Федаркоў і інш.

Літ.:

Беларускае мастацкае шкло: [Альбом]. Мн., 1978;

Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX ст. Мн., 1984.

М.​М.​Яніцкая.

Да арт. Нёманскае шкло. Г.​Сідарэвіч. Дэкаратыўныя пласты «Цішыня». 1985.
Да арт. Нёманскае шкло. Л.​Мягкова. Кампазіцыя «Антык». 1996.
Да арт. Нёманскае шкло. У.​Мурахвер. Дэкаратыўная скульптура «Ефрасіння». 1999.

т. 11, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Траві́ць1 ’засвойваць у працэсе стрававання, ператраўліваць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Гарэц., Др.-Падб.), ’карміць’ (Сцяшк. Сл.), ’харчавацца, есці’ (Хрэст, дыял.), ’спажываць’ (ТС), тра́віць ’ператраўляць (пра страўнік)’ (Нас.). Укр. трави́ти, дыял. трови́ти ’тс’, польск. trawić, чэш. tráviti ’ператраўляць ежу’, ’праводзіць час’, славац. tráviť ’тс’, серб. тра́вити ’карміць травой’, ’засяваць травой’, ст.-слав. травити ’жэрці’, натроути ’накарміць’. Прасл. *traviti < *truti, trovešь (параўн. мар. truju < trutʼ ’ператраўляць (пра страўнік)’, славац. trova ’выдаткі’) выступае ў славянскіх мовах у ступенях: *tru‑, *trov‑, *trav‑ (апошняя — з *‑ō‑), а таксама *trū‑, параўн. серб.-ц.-слав. трыти, трыѩ, балг. три́я ’тру, выціраю’, ц.-слав. растръва ’страта, згуба’, ’пагібель’, троути ’вынішчаць’ з багатым наборам значэнняў — да ’атручваць’ (Фасмер, 4, 92; Махэк₂, 650). Роднасныя: ст.-грэч. τρώω ’раню’, τρΰω ’знішчаю, свідрую’, ’выводжу’, ст.-в.-ням. drawa ’пагроза’, англ.-сакс. đréa ’тс’, ’кара’. Сной₂ (778) дапускае дзве і.-е. асновы для разглядаемай лексемы: 1) і.-е. *treu̯H‑ ’раздрабляць, раскрышваць, малоць, спажываць, расходаваць’: ст.-грэч. τρῶμα, τραῦμα ’рана’, вал. taraw ’таўчы, біць’, с.-брэтонск. tarauat ’працерці’, літ. trunýti ’гніць, тлець’; 2) і.-е. аснова *trōu̯ah2, *treu̯ah2, якая з і.-е. *(s)ter‑, — з апошняй выводзіцца ст.-інд. tṛ́ḥa ’трава’, прасл. *tьrnъ > бел. цёрн. Сюды ж траўленне ’страваванне’, траве́нье ’кармленне’ (ТС); траві͡енё ’ператраўліванне, засвойванне’ (беласт., Сл. ПЗБ), якое з польск. trawienie (Сл. ПЗБ, 5, 111).

Траві́ць2 ’таптаць лугі, з’ядаць пасевы; рабіць патраву’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сержп. Прык.): козамі сена травіць (Пятк. 2), тра́віць ’тс’, ’нацкоўваць сабак на коз і свіней, каб не пустошылі агароды’ (Нас.). Укр. трави́ти ’рабіць патраву’, дыял. трови́ти ’выпасаць, травіць траву на корані’, рус. трави́ть ’псаваць, пашкоджваць, нішчыць, спустошваць, разбураць’, польск. trawić ’тс’, ’марнатравіць’, ’выдаткаваць’, ’паліць, спальваць’. Прасл. (паўночнае) *traviti ’нішчыць, выдаткоўваць’ (Борысь, 640). Да травіць1 (гл.). Сюды ж траві́ць ’апрацоўваць паверхню чаго-небудзь кіслатой або іншымі рэчывамі’ (ТСБМ), ’атручваць каларадскіх жукоў’ (Ян.), ’труціць, атручваць’ (ТС; віл., Сл. ПЗБ), траві́тісе ’труціцца’ (беласт., Сл. ПЗБ).

Траві́ць3 ’паволі, патроху адпускаць ліну, снасць, аслабляючы нацяжэнне’ (ТСБМ). Відавочна, з рус. трави́ть (снасть, канат) ’тс’.

Траві́ць4 пытраві́ць палоску ’апрацоўваць зямлю плугам трэці раз, пасля баранавання’ (бабр., ЛА, 2). Да траі́ць, трайні́ць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)