Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАЎЛЕ́ННЕў тэхніцы,
растварэнне паверхні цвёрдых матэрыялаў у практычных мэтах (у адрозненне ад карозіі). Існуе Т. тэхналагічнае (для апрацоўкі і змены формы паверхні металаў, паўправаднікоў, шкла, драўніны і інш.) і структурнае (для выяўлення структуры крышт. матэрыялаў).
Тэхнал. (хім. і электрахім.) выкарыстоўваецца, напр., для ачысткі ад акаліны або атрымання розных паверхняў метал. паўфабрыкатаў, пры луджэнні. пайцы. У тэхналогіі паўправадніковых прылад Т. выкарыстоўваецца для вырабу інтэгральных схем, пячатных плат і інш. Т. робяць на шкле для ўтварэння на ім малюнка або матавай паверхні. Структурнае Т. выкарыстоўваецца для навук. даследаванняў, у прыкладной мінералогіі, прам-сці для кантролю структуры чорных і каляровых металаў і сплаваў, паўправаднікоў, дыэлектрыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ЦЬКАЎСКІ ХРУСТАЛЁВЫ ЗАВО́Д,
прадпрыемства гатунковага (сталовага) шклянога посуду і вырабаў з хрусталю ў г. Дзяцькава Бранскай вобл. (Расія). Засн. ў 1790 І.А.Мальцовым. Асн. прадукцыя: высокамаст. хрусталь з алмазнай гранню і вырабы з нацветам. Славіўся гутным посудам. На з-дзе ствараюць новыя формы посуду, удасканальваюць прыёмы іх апрацоўкі і аздаблення (глыбокае траўленне, гравіроўка, налепы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́ТНАЯ КІСЛАТА́,
аднаасноўная моцная кіслата, HNO3, мал. м. 63,016. Бясколерная вадкасць, tкіп 82,6 °C (з раскладаннем), шчыльн. 1,522∙103кг/м³, з вадой утварае азеатропную сумесь (68,4% азотнай кіслаты), утварае крышталегідраты; моцны акісляльнік. Атрымліваюць каталітычным акісленнем аміяку кіслародам паветра. Выкарыстоўваюць у вытв-сці азотных і комплексных угнаенняў, выбуховых рэчываў, фарбавальнікаў, у металургіі (траўленне і растварэнне металаў) і інш. Выклікае апёкі на скуры, пара ядавітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ТУШ (франц. retouche ад retoucher падмалёўваць, падпраўляць, літар. — зноў датыкацца),
выпраўленне выяў (малюнкаў, фотаздымкаў і інш.) шляхам прарысоўкі іх алоўкамі або фарбамі, выскрабання асобных участкаў або хім. апрацоўкі (траўленне эмульсіі фатаграфічнага слоя). Бывае тэхнічная (выдаленне выпадковых дэфектаў — кропак, плям, драпін) і градацыйная (узмацненне або аслабленне шчыльнасці асобных участкаў паўтонавай выявы). У паліграфіі Р. выкарыстоўваюць для падрыхтоўкі арыгіналаў да друку, выпраўлення негатываў і дыяпазітываў перад вырабам друкарскіх форм. Звычайна выконваюць уручную, на выявах вял. памераў — аэрографам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАПАХІМІ́ЧНЫЯ РЭА́КЦЫІ,
клас рэакцый хімічных, што адбываюцца ў цвёрдай фазе і лакалізаваны на паверхні падзелу фаз цвёрдых зыходных рэчываў і прадукту рэакцыі.
Пры Т.р. у адрозненне ад інш. гэтэрагенных працэсаў паверхня падзелу фаз узнікае ў выніку самой рэакцыі і мяняецца ў часе, таму яны звычайна з’яўляюцца нестацыянарнымі. Т.р. пашыраны ў прыродзе (выветрыванне, ператварэнне мінералаў). Тыповыя Т.р. — абпал, хім.траўленне. На Т.р. заснаваны аднаўленне металаў з руд, прамысл. атрыманне буд. і паўправадніковых матэрыялаў.
Літ.:
Розовский А.Я. Кинетика топохимических реакций. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКА́ТНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
атрыманне розных вырабаў і паўфабрыкатаў (пракату) са сталі і інш. металаў шляхам пракаткі. Робіцца таксама дадатковая апрацоўка вырабаў: тэрмічная, траўленне, нанясенне пакрыццяў.
На металургічных (радзей на машынабуд.) заводах П.в. з’яўляецца завяршальным звяном цыкла металургічнай вытв-сці (гл.Металургія, Чорная металургія, Каляровая металургія). Існуюць 2 тэхнал. схемы вытв-сці стальнога пракату, калі гатовыя вырабы атрымліваюць: са злітку або з бесперапынналітых блюмаў, слябаў і загатовак. У гэтых схемах 2 стадыі: па 1-й атрымліваюць паўпрадукт, ахалоджваюць і зачышчаюць, на 2-й ажыццяўляюць паўторны нагрэў паўпрадукту і робяць вырабы на сартавых і інш. пракатных станах.
На Беларусі асн. частку пракату чорных металаў вырабляюць на Беларускім металургічным заводзе ў Жлобіне, таксама на Мінскім аўтамабільным заводзе, Мінскім трактарным заводзе, Гомельскім заводзе сельскагаспадарчага машынабудавання і інш. Выпуск гатовага пракату чорных металаў 1300 тыс.т (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМЕННАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
сукупнасць метадаў апрацоўкі сыравіны, матэрыялаў і вырабаў патокамі плазмы. Працэсы П.т. грунтуюцца на фіз., хім. і змешаным механізмах уздзеяння кампанентаў плазмы на апрацаваны матэрыял; выконваюцца пры нармальным (атмасферным) ці павышаным ціску, а таксама ў вакууме.
Дазваляе змяняць форму, памеры, структуру апрацаванага вырабу, стан яго паверхні. Уключае плазменнае нанясенне на паверхню цвёрдых цел тонкіх плёнак металаў, паўправаднікоў, дыэлектрыкаў і інш. матэрыялаў, змены фіз. або хім. уласцівасцей, а таксама выдаленне (траўленне) плёнак і прыпаверхневых слаёў. У тэхналогіі электроннага машынабудавання найб. пашыраны плазменныя працэсы, якія ажыццяўляюцца ў вакууме, што забяспечвае найменшыя забруджванні матэрыялаў і вырабаў, добрую ўзнаўляльнасць вынікаў і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах П.т. распачаты ў 1950-я г. ў БДУ і Фіз.-тэхн. ін-це Нац.АН; вядуцца ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш. Распрацаваны метады і створана апаратура для электрадугавога сінтэзу і перапрацоўкі розных матэрыялаў, у т. л. для утылізацыі ядахімікатаў, плазменныя прылады для атрымання ахоўных і дэкар. слаёў на паверхні буд. матэрыялаў, плазменнага нанясення на вырабы алмазападобных пакрыццяў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФО́РМНЫЯ ПРАЦЭ́СЫ тэхналагічныя аперацыі вырабу друкарскіх форм.
У залежнасці ад віду форм і тэхн. сродкаў і іх вырабу адрозніваюць Ф.п.: наборна-адліўныя — адліўка шрыфтавых радкоў фарміраванне з іх друкарскай формы высокага друку, стэрэатыпныя — цісненне з арыгінальных форм высокага друку матрыц і выраб з іх стэрэатыпаў (адліўкай, гальванапластыкай, прасаваннем); фотахімічныя — капіраванне тэкставай і выяўл. інфармацыі з фотаформ на формную пласціну або прамежкавы матэрыял з наступнай апрацоўкай (хім. траўленнем, спец. растворам); электрафатаграфічныя — выраб друкарскіх форм плоскага афсетнага друку электрафатаграфаваннем арыгінала-макета на формную пласціну, пакрытую электрафатаграфічным слоем (гл.Электрафатаграфія).У наш час часцей выкарыстоўваюць Ф.л. з паэлементным запісам інфармацыі непасрэдна на формныя пласціны (або цыліндры глыбокага і флексаграфскага друку) з выкарыстаннем электроннай паэлементнай разгорткі інфармацыі арыгінала і фарміравання друкавальных элементаў электронна-мех. гравіраваннем або лазерным уздзеяннем.
З’яўленне Ф.п. адносяць да 9 ст. (ручное гравіраванне форм высокага друку на драўляных дошках, гл.Дрэварыт), э 15 ст. — гравіраванне форм глыбокага друку на медных пласцінах, з 16 ст. — хім.траўленне паглыбленняў на формных метал. пласцінах, з 1860-х г. — выкарыстанне фатагр. працэсаў (фотакапіравання).
Літ.:
Технология изготовления печатных форм. М., 1990;
Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. 2 изд. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІРАВА́ННЕ (ад ням. gravieren франц. graver выразаць на чым-небудзь),
выразанне арнаменту, выявы, надпісу і інш. на паверхні цвёрдых матэрыялаў (метал, косць, камень, дрэва, шкло і інш.) разцамі ці інш.спец. інструментамі. Вядома са стараж. часоў у многіх народаў: гравіраванне на метале кубачынскіх майстроў (Дагестан), чукоцкае гравіраванне па косці і інш. Пры гравіраванні на метале і шкле ўжываецца траўленне кіслотамі. Гравіраваны малюнак бывае пукаты або заглыблены. Гравіраванне выкарыстоўваюць у вытворчасці друкарскіх формаў у гравюры, ювелірным мастацтве, аздабленні шклянога і хрусталёвага посуду, зброі. Можа спалучацца з чаканкай, ліццём, залачэннем, чарненнем, эмалямі.
На Беларусі вядома з каменнага веку (ювелірныя вырабы з геам. гравіраваным арнаментам). У 11—13 ст. пашырана гравіраванне геам. і сюжэтнага характару па метале, косці, дрэве, камені. У 15—18 ст. гравіраванне арнаментальнага і сюжэтнага характару аздаблялі царк. начынне, кніжныя абклады і інш. У 17—18 ст. гравіраванымі гербамі, партрэтамі, пейзажамі, надпісамі ўпрыгожвалі ўзоры ўрэцка-налібоцкага шкла. Металічныя вырабы 19 ст. вызначаюцца чаргаваннем дробнаўзорыстага гравіраванага дэкору з вял. ўчасткамі чыстай паверхні. У наш час у тэхніцы гравіравання працуюць некаторыя майстры-ювеліры.
Я.М.Сахута.
Да арт.Гравіраванне. Фрагмент алтарнага крыжа. Канец 16 — пач. 17 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Якуцкае гравіраванне па косці. Е.Янку. Хітры крумкач. 1969. Фрагмент.