Даследаванні па тэхналогіі і механізацыі здабычы торфу вядуцца з 1930-х г. У 1932 на базе тарфянога аддзела Ін-та прамысловасці Беларусі створаны Ін-т торфу ў складзе АН Беларусі (у 1989 на яго базе створаны Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН Беларусі). У 1940 удзельная вага торфу ў паліўным балансе краіны склала 64%. У даваенны перыяд выкананы работы па ўдасканаленні механізаваных спосабаў здабычы торфу і ўстанаўленні паказчыкаў, неабходных для разліку тэхнал. працэсаў тарфяной вытв-сці (І.Р.Блох, В.Р.Гарачкін). У пасляваенныя гады з мэтай інтэнсіфікацыі здабычы фрэзернага торфу абгрунтавана аптымальная норма асушэння тарфяных палёў і вільготнасці фрэзеравальнага слоя (Ф.А.Малышаў), выкананы работы па паляпшэнні якасці фрэзернага торфу шляхам перапрацоўкі фрэзераванай масы і атрымання грануляванага торфу (Ф.А.Апейка, Я.А.Жук, Н.С.Касцюк, М.С.Крывашэін), распрацаваны тэарэт. асновы яго штучнай сушкі і брыкетавання (В.М.Навумовіч), абгрунтаваны рэжымы пнеўматранспарту і яго выкарыстання ў торфабрыкетнай вытв-сці (У.І.Бакшанскі, М.У.Кіслоў). Вырашаны пытанні аўтаматызаванага кантролю тэхнал. працэсаў тарфяной і торфабрыкетнай вытв-сці (Ф.А.Апейка, М.І.Бохан, М.А.Гаціх, Л.С.Ліс). Створаны новыя схемы комплекснага выкарыстання торфу і тарфяных радовішчаў на аснове даследаванняў працэсаў рэгулявання складу і ўласцівасцей торфу шляхам кіравання структураўтварэннем і цепламасапераносам (І.І.Ліштван). У выніку вывучэння біял. і аграхім. прыроды торфу прапанавана тэхналогія атрымання торфагумінавых угнаенняў (А.В.Цішковіч). Устаноўлены асн. заканамернасці перамены саставу і ўласцівасцей торфу і яго кампанентаў пры антрапагенным уздзеянні на ўсіх стадыях тэхнал. працэсу здабычы, што стала тэарэт. асновай для абгрунтавання рэсурсазберагальных эколага-сумяшчальных тэхналогій асваення тарфяных радовішчаў (А.П.Гаўрыльчык). Навукова абгрунтавана тэхналогія і створаны комплекс машын для вытв-сці камунальна-быт. кускавога торфу (А.П.Гаўрыльчык, І.С.Нашкевіч, А.А.Цярэнцьеў).
У Бел.нац.тэхн. ун-це распрацаваны тэарэт. асновы механізацыі тарфяной вытв-сці (Ф.А.Апейка), устаноўлены заканамернасці пнеўматранспарціроўкі сыпкіх рэчываў і абгрунтаваны рацыянальныя рэжымы працэсу пнеўматычнай уборкі, транспартавання і сепарацыі фрэзернага торфу (М.У.Кіслоў); прапанаваны матэм. метады аптымізацыі тэхнал. рэжымаў пры здабычы торфу і кіравання распрацоўкай тарфяных радовішчаў (Б.А.Багатаў); распрацавана тэорыя ўзаемадзеяння гусенічных і колавых рухачоў тарфяных машын з пакладам (А.Ф.Апейка, Ф.А.Апейка, Г.В.Казачэнка).
У праектна-тэхнал. і канструктарска-доследным БелНДІпалівапраект выкананы даследаванні па тэхналогіі торфаздабычы і мех. перапрацоўцы торфу, механізацыі і аўтаматызацыі тарфяной вытв-сці, тэхн. нарміраванні і арганізацыі здабычы торфу, правядзенні разведвальных работ, праектаванні торфапрадпрыемстваў і брыкетных з-даў.
Літ.:
Горячкин В.Г. Основы технологии торфяного производства. М., 1953;
Малышев Ф.А. О нормативах сбора фрезерного торфа на низинной залежи. Мн., 1956;
Наумович В.М. Теоретические основы процесса брикетирования торфа. Мн., 1960;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯРЭ́НЦЬЕЎ Авянір Апанасавіч (н. 5.12.1938, г. Вялікія Лукі, Расія),
бел. вучоны ў галіне фізікахіміі торфу. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1996), д-ртэхн.н. (1990), праф. (1991). Скончыў Маскоўскі тарфяны ін-т (1961). З 1974 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН Беларусі (у 1990—2001 нам. дырэктара). Навук. працы па фіз.-хім. механіцы прыродных дысперсных сістэм і горных парод. Распрацаваў тэарэт. асновы і спосабы накіраванага структураўтварэння ў тарфах і сапрапелях, тарфяна-балотных глебах, бурых вуглях, кампазіцыях на аснове торфу для атрымання розных матэрыялаў і паліва. Выявіў механізм рэзкага памяншэння вільгацеправоднасці і рухомасці катыёнаў у тарфяных сістэмах пры ўвядзенні аніённых паверхнева-актыўных рэчываў. Абгрунтаваў магчымасць павелічэння адгезійных сувязей у тарфавугальнай кампазіцыі за кошт убудоўвання гумінавых рэчываў торфу ў структуру паверхневых слаёў вугалю пры яго механаактывацыі.
Тв.:
Физико-химические основы технологии торфяного производства. Мн., 1983 (у сааўт.);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ШТВАН Іван Іванавіч (н. 3.11.1932, в. Вялікая Дайнава Валожынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізікахіміі торфу. Акад.Нац.АН Беларусі (1980), д-ртэхн.н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў БПІ (1956). З 1958 у Калінінскім політэхн. ін-це. У 1973—87 дырэктар Ін-та торфу, у 1990—97 — Ін-та праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі. З 1987 — віцэ-прэзідэнт, з 1992 акад.-сакратар Аддз.хім. і геал. навук Нац.АН Беларусі. Навук. працы па механіцы торфу, фіз.-хім. асновах тэхналогіі вытв-сці торфу, працэсах структураўтварэння і вільгацепераносу ў торфе, надмалекулярных структурах арган. злучэнняў торфу і інш.
Тв.:
Микро- и макрореология дисперсных систем. Мн., 1975;
Физико-химические основы технологии торфяного производства. Мн., 1983 (у сааўт.);
Физика и химия торфа. М., 1989 (у сааўт.);
Физические процессы в торфяных залежах. Мн., 1989 (разам з Я.Ц.Базіным, У.І.Косавым);
Массоперенос в природных дисперсных системах. Мн., 1992 (разам з АМ.Абрамцом, М.У.Чураевым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УГНАЕ́ННІ, тукі,
арганічныя і мінеральныя рэчывы, што маюць элементы жыўлення раслін; забяспечваюць іх пажыўнымі рэчывамі, павялічваюць ураджайнасць і паляпшаюць якасць с.-г. культур. Мэтазгоднае выкарыстанне У. павышае ўрадлівасць глебы, падтрымлівае дадатны баланс біягенных элементаў і гумусу.
Падзяляюць на У. прамыя, якія маюць элементы непасрэднага жыўлення раслін (азот, фосфар, калій, магній, сера, бор і інш.), і ўскосныя, якія паляпшаюць уласцівасці глебы (напр., вапнавыя ўгнаенні). Паводле хім. саставу адрозніваюць мінеральныя ўгнаенні, арганічныя ўгнаенні, аргана-мінер. (прыродныя — сапрапель, штучныя — торфааміячныя, торфа-мінеральна-аміячныя і інш.) і бактэрыяльныя ўгнаенні; вылучаюць таксама зялёныя У. (гл.Сідэрацыя). Непасрэдна ў сельскіх гаспадарках атрымліваюць У. мясцовыя (гл.Гной, Попел), на спец. з-дах — У. прамысловыя, ці хімічныя (напр., калійныя ўгнаенні), да якіх адносяць таксама прамысл. адходы розных вытв-сцей (напр., шлакі). Спосабы найб. эфектыўнага выкарыстання У. распрацоўвае аграхімія; унясенне праз меру вял. колькасці У. не толькі нерэнтабельнае, але можа прывесці да зніжэння ўраджайнасці і якасці с.-г. культур, назапашвання ў іх нітратаў або таксічных элементаў, а таксама да забруджвання навакольнага асяроддзя (гл.Ахова прыроды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОХАПАДО́БНЫЯ (Bryophyta),
аддзел вышэйшых споравых раслін. Каля 27 тыс. відаў. 3 класы: антацэротавыя імхі, пячоначныя імхі, лістасцябловыя імхі. Вядомыя з карбону. Пашыраны ўсюды. Растуць на прыродных (глеба, камяні, кара дрэў і кустоў, лісце і сцёблы раслін, слаявіна лішайнікаў, пладовыя целы грыбоў) і антрапагенных (розныя збудаванні з каменю, цэменту, дрэва, саломы, на палях і агародах) субстратах. Уваходзяць у склад першасных раслінных згуртаванняў, уплываюць на мікраклімат, рэгулююць водны рэжым, ахоўваюць глебу ад эрозіі з’яўляюцца торфа- і глебаўтваральнікамі, садзейнічаюць забалочванню с.-г. угоддзяў, пагаршаюць якасць лугоў. На Беларусі каля 430 відаў.
Невял. (ад 1 мм да некалькіх сантыметраў) пераважна шматгадовыя расліны. Вегетатыўнае цела (падзеленае на сцябло і лісце або ў выглядзе слаявіны) прымацоўваецца да субстрату рызоідамі. У жыццёвым цыкле пераважае гаметафіт; спарафіт абмяжоўваецца спораўтварэннем, прымацаваны да гаметафіту і поўнасцю або часткова паразітуе на ім. У цыкле развіцця адзначаецца правільнае чаргаванне пакаленняў (спарафіта і гаметафіта), развіта таксама вегетатыўнае размнажэнне (ч. цела ці спецыялізаванымі органамі). У залежнасці ад размяшчэння генератыўных органаў бываюць аднадомныя, двухдомныя і шматдомныя. Сляпая галіна развіцця вышэйшых раслін. Вывучае М. брыялогія.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 4. Мхи, плауны, хвощи, папоротники, голосеменные растения. М., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТОРФ (ням. Torf),
гаручы карысны выкапень. Утвараецца ў працэсе натуральнага адмірання і няпоўнага распаду раслін ва ўмовах недахопу кіслароду і залішняга ўвільгатнення. З’яўляецца шматкампанентнай, поліфракцыйнай паўкалоідна-высокамалекулярнай сістэмай, у складзе якой розныя класы арган. і мінер. злучэнняў.
Хім. састаў Т. вызначаецца ўмовамі генезісу, асаблівасцямі раслін-торфаўтваральнікаў і ступенню іх распаду. Яго элементарны састаў (на арганічную масу): вуглярод 50—60%, вадарод 5—7%, кісларод 26—45%, азот 0,9—3,6%, сера 0,1—5,9%. У кампанентным складзе арган. масы водарастваральных рэчываў 1—5%, бітумаў 2—17%, злучэнняў, якія лёгка гідралізуюцца, 20—40%, цэлюлозы 4—10%, гумінавых кіслот 10—50%, лігніну 5—20%. Попельнасць у памеры 50% на сухое рэчыва ўмоўна лічаць мяжой паміж Т. і тарфяной глебай. Паводле ступені распаду расл. тканак адрозніваюць Т. слаба- (да 20% рэчыва страціла клетачную структуру), сярэдне- (20—35%) і моцнараскладзены (больш за 35%). Цеплата згарання Т. 19,1—27,6 МДж/кг (4500—6500 ккал/кг). Вільгацеўтрыманне ў натуральным заляганні 88—96%, порыстасць да 96—97%, высокі каэфіцыент сціскальнасці. Тэкстура аднародная, зрэдку слаістая; структура валакністая або пластычная. Колер жоўты, буры да чорнага. У сухім стане мае малую шчыльнасць (да 300 кг/м³), нізкі каэфіцыент цеплаправоднасці і высокую газапаглынальную здольнасць. У залежнасці ад складу раслін-торфаўтваральнікаў і ўмоў торфаўтварэння вылучаюць тыпы Т. — нізінны (попельнасць 1—18%, кіслотнасць pH > 5,1, азоту 2,8%), пераходны (попельнасць 1,2—15,9%, кіслотнасць pH 2,8—5,9, азоту да 2%) і вярховы (попельнасць 0,7—15,4%, кіслотнасць pH 2,8—3,6, азоту да 1,5%; гл.Вярховае балота, Нізіннае балота, Пераходнае балота); падтыпы — лясны, лесабагнавы, багнавы; групы і віды.
На Беларусі асн. віды Т.: асакова-гіпнавы, асакова-сфагнавы нізінны і пераходны, драўнінна-сфагнавы пераходны, драўнінны нізінны, комплексны вярховы, сфагнавы нізінны і пераходны, трысняговы нізінны, хваёва-падвейны, шэйхцэрыевы вярховы, нізінны і пераходны, фускум-торф. Узрост 4—12 тыс. гадоў (трапляецца больш стараж. эпох). Утварае тарфяныя паклады. Разведана 9191 радовішча агульнай пл. каля 2,4 млн.га; да пачатку распрацоўкі запасы складалі больш за 5,7 млрд.т; геал. запасы, што засталіся, 4,3 млрд.т, у т. л. тыя, што здабываюцца, 0,21 млрд.т (2002). Выкарыстоўваецца як паліва, для вытв-сці арган. і арганамінер. угнаенняў, роставых рэчываў, біястымулятараў і меліярантаў, кармавых дражджэй і вугляводных дамешкаў, фільтраў, сарбентаў і фарбавальнікаў драўніны, тарфянога воску, лекавых сродкаў, прадуктаў для быт. хіміі і паліграфіі, на подсціл жывёле і інш. Многія тарфяныя радовішчы вярховага тыпу абвешчаны заказнікамі, запаведнікамі, рэзерватамі бітумінознай і гідролізнай сыравіны. Значная плошча тарфяных радовішчаў асушана і выкарыстоўваецца ў якасці меліяраваных глеб. Вывучаюць Т. у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН Беларусі, НДІ меліярацыі і лугаводства, НДІ глебазнаўства і аграхіміі і інш.н.-д. установах. Гл. таксама Балотазнаўства, Балотныя адклады, Тарфяная прамысловасць, Торфалячэнне і інш.
Літ.:
Лиштван И.И., Король Н.Т. Основные свойства торфа и методы их определения. Мн., 1975;
Пидопличко А.П. Торфяные месторождения Белоруссии. Мн., 1961;
Тановицкий И.Г. Рациональное использование торфяных месторождений и охрана окружающей среды. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Казачо́к1 ’народны танец з паступова нарастаючым тэмпам, а таксама музыка для гэтага танца’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; віц., КЭС; Мат. Гом., Сержп. Грам., Шат.). Калі слова — не беларускі наватвор ад казак у гэтым жа значэнні, то, паводле лінгвагеаграфічных даных, можна меркаваць аб уплыве рус. гаворак, аднак аб геаграфіі рус. слова нельга сказаць нічога пэўнага. Даль (2, 177) адзначае: «казачок… известный вид пляски, перенятой у казаков». Аб этымалогіі гл. казак2.
Казачо́к2 ’васьмушка, 1/8 куб. сажня дроў, прыблізна адзін воз’ (Бяльк., Шат.), ’мера каля 2 вазоў’ (Жд. 2) ’мера дроў, 1/16 кубічнага сажня’. Можна меркаваць аб сувязі з каза1 (утваральнай аснове каз‑), параўн. бел.гом.казёл ’мера дроў, 2,5 м³, рус.арханг.козлец ’маленькі воз сена’. Аб тэрміналагічных утварэннях ад такой асновы гл. казак, казакі. Што датычыцца матывацыі ўтварэння, ёсць тэрміны-дэрываты ад каза, казёл, якія абазначаюць спецыяльную (напрыклад, для аховы ад дажджу) укладку снапоў у полі, рус.складывать в козлы ’складваць адзін кусок торфа на другі сценкай’ (м.-арханг., арл.) і ’складваць цагліны, укладваючы адны плазам, а другія стаўма так, каб паміж імі заставаліся прамежкі для доступу паветра’ (маск.). Матывацыя такая ж, што і тэрмінаў, якія абазначаюць перакладзіны, Т‑падобныя прыстасаванні і сувязь з лексемамі каза, казёл відавочныя. Можна дапусціць, што спецыяльная (для прасушкі) укладка дроў у лесе была аднаго канкрэтнага памеру, што пры ўмове наймення такой укладкі дэрыватам ад каза1 магло прывесці да ўтварэння назвы меры. Зразумелым становіцца і дробнае (ад сажня) значэнне меры. Рус.арханг.козлец ’маленькі воз сена’ можна разумець як аргумент на карысць гэтай жа этымалогіі (< козлец ’укладка снапоў’). Падобны тэрмін мог паходзіць непасрэдна ад козлец (< козел) дзякуючы сваім зааморфным прыкметам (форма палазоў і інш.). Паколькі такога роду ўтварэнні (гл. тэрміны ад каза1 ў бел.) вядомыя, параўн. рус.дыял.казак ’рагуліна, ручка ў сахі, якой араты трымае саху’, можна меркаваць і аб спецыфічнай назве воза, як спецыяльнага, каб вазіць дровы, так і маленькага (які мог атрымаць такое найменне не толькі па яўна зааморфных адзнаках, але і ў кантэксце параўнання з вялікім возам), у тым ліку і ручных санак (саматужак). Што датычыцца апошняй рэаліі, то магчымая сувязь назвы каза, якая адзначана для маленькіх санак, з каза1 магла быць вельмі ўскоснай. Бел.казачок ’мера каля двух вазоў’ можна разглядаць як развіццё значэння слова паводле другой версіі або як аргумент на карысць першай: тады казачок ’укладка дроў, якая размяшчаецца на адным (двух) возе’. Статус бел. слова не зусім ясны — рус. паралелі дазваляюць меркаваць, што намінацыі такога тыпу былі вядомы больш шырока на ўсх.-слав. тэрыторыі. Магчыма, гэта выклікана спецыяльным характарам слова і наступнай яго экспансіяй, аднак аб цэнтры (у сэнсе зыходнага пункта) інавацыі меркаваць як у гэтым, так і ў іншых выпадках такога тыпу вельмі цяжка.