гаручы карысны выкапень. Утвараецца ў працэсе натуральнага адмірання і няпоўнага распаду раслін ва ўмовах недахопу кіслароду і залішняга ўвільгатнення. З’яўляецца шматкампанентнай, поліфракцыйнай паўкалоідна-высокамалекулярнай сістэмай, у складзе якой розныя класы арган. і мінер. злучэнняў.
Хім. састаў Т. вызначаецца ўмовамі генезісу, асаблівасцямі раслін-торфаўтваральнікаў і ступенню іх распаду. Яго элементарны састаў (на арганічную масу): вуглярод 50—60%, вадарод 5—7%, кісларод 26—45%, азот 0,9—3,6%, сера 0,1—5,9%. У кампанентным складзе арган. масы водарастваральных рэчываў 1—5%, бітумаў 2—17%, злучэнняў, якія лёгка гідралізуюцца, 20—40%, цэлюлозы 4—10%, гумінавых кіслот 10—50%, лігніну 5—20%. Попельнасць у памеры 50% на сухое рэчыва ўмоўна лічаць мяжой паміж Т. і тарфяной глебай. Паводле ступені распаду расл. тканак адрозніваюць Т. слаба- (да 20% рэчыва страціла клетачную структуру), сярэдне- (20—35%) і моцнараскладзены (больш за 35%). Цеплата згарання Т. 19,1—27,6 МДж/кг (4500—6500 ккал/кг). Вільгацеўтрыманне ў натуральным заляганні 88—96%, порыстасць да 96—97%, высокі каэфіцыент сціскальнасці. Тэкстура аднародная, зрэдку слаістая; структура валакністая або пластычная. Колер жоўты, буры да чорнага. У сухім стане мае малую шчыльнасць (да 300 кг/м³), нізкі каэфіцыент цеплаправоднасці і высокую газапаглынальную здольнасць. У залежнасці ад складу раслін-торфаўтваральнікаў і ўмоў торфаўтварэння вылучаюць тыпы Т. — нізінны (попельнасць 1—18%, кіслотнасць pH > 5,1, азоту 2,8%), пераходны (попельнасць 1,2—15,9%, кіслотнасць pH 2,8—5,9, азоту да 2%) і вярховы (попельнасць 0,7—15,4%, кіслотнасць pH 2,8—3,6, азоту да 1,5%; гл.Вярховае балота, Нізіннае балота, Пераходнае балота); падтыпы — лясны, лесабагнавы, багнавы; групы і віды.
На Беларусі асн. віды Т.: асакова-гіпнавы, асакова-сфагнавы нізінны і пераходны, драўнінна-сфагнавы пераходны, драўнінны нізінны, комплексны вярховы, сфагнавы нізінны і пераходны, трысняговы нізінны, хваёва-падвейны, шэйхцэрыевы вярховы, нізінны і пераходны, фускум-торф. Узрост 4—12 тыс. гадоў (трапляецца больш стараж. эпох). Утварае тарфяныя паклады. Разведана 9191 радовішча агульнай пл. каля 2,4 млн.га; да пачатку распрацоўкі запасы складалі больш за 5,7 млрд.т; геал. запасы, што засталіся, 4,3 млрд.т, у т. л. тыя, што здабываюцца, 0,21 млрд.т (2002). Выкарыстоўваецца як паліва, для вытв-сці арган. і арганамінер. угнаенняў, роставых рэчываў, біястымулятараў і меліярантаў, кармавых дражджэй і вугляводных дамешкаў, фільтраў, сарбентаў і фарбавальнікаў драўніны, тарфянога воску, лекавых сродкаў, прадуктаў для быт. хіміі і паліграфіі, на подсціл жывёле і інш. Многія тарфяныя радовішчы вярховага тыпу абвешчаны заказнікамі, запаведнікамі, рэзерватамі бітумінознай і гідролізнай сыравіны. Значная плошча тарфяных радовішчаў асушана і выкарыстоўваецца ў якасці меліяраваных глеб. Вывучаюць Т. у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН Беларусі, НДІ меліярацыі і лугаводства, НДІ глебазнаўства і аграхіміі і інш.н.-д. установах. Гл. таксама Балотазнаўства, Балотныя адклады, Тарфяная прамысловасць, Торфалячэнне і інш.
Літ.:
Лиштван И.И., Король Н.Т. Основные свойства торфа и методы их определения. Мн., 1975;
Пидопличко А.П. Торфяные месторождения Белоруссии. Мн., 1961;
Тановицкий И.Г. Рациональное использование торфяных месторождений и охрана окружающей среды. Мн., 1980.