Ра́дасная ва́да ’дажджавая вада, сабраная ў красавіку, якая мае цудадзейную сілу’ (у мове беларускіх татараў — хамаіл 1866 г., гл. Мішкінене, Seniausi, 57), выкарыстоўвалася таксама для прыгатавання спецыяльнага чарніла пры напісанні магічных формул і знакаў: фижмӯ из шафранам ӯ радо̄снаӣе вадзе на име того человека написавши (там жа). Цёмны выраз; відаць, паходзіць ад радасць (гл.), аднак семантычнае развіццё застаецца незразумелым, параўн. аргат. польск.radosny proszek ’какаін’ (Каня, Słownik, 187).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сабанту́й ’у татараў і башкіраў народнае свята, звязанае з заканчэннем веснавых палявых работ’, ’шумлівая пагулянка; калатня, бітва’ (ТСБМ). Праз рус.сабанту́й ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 74) з тат.сабанту́й ’банкет у канцы свята веснавога ворыва’, ад сабан ’двухколавы плуг’ і туй, той ’банкет, баль’; гл. Трубачоў, Дополн., 3, 541. Аб магчымым існаванні слова сабан і ў бел. гаворках сведчыць наяўнасць яго ў гаворках беларускіх перасяленцаў у Сібіры: “пахалі бабы, плугоў не была, сабані толькі” (Бел.-рус. ізал., 120).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
А́КТЫ ВІ́ЛЕНСКАЙ КАМІ́СІІ (АВК),
Акты Віленскай археаграфічнай камісіі (АВАК), шматтомны збор дакументаў па гісторыі Беларусі, Украіны і Літвы 14—19 ст. (т. 1—39. Вільня, 1865—1915). Сабраны дакументы на старабел., рус., польскай і лац. мовах па паліт., сац.-эканам., царк. гісторыі, этнаграфіі, пра развіццё прам-сці, сельскай гаспадаркі, культуры, становішчы яўрэяў і татараўВКЛ, вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, вайну 1812. Выданне мела на мэце сцвердзіць справядлівасць далучэння Беларусі і Літвы да Рас. імперыі, прапагандаваць ідэю пра «спрадвечна рускі» характар ВКЛ. Нягледзячы на недахопы (тэндэнцыйнасць падбору матэрыялаў, недакладнасці перадачы тэкстаў, друкарскія памылкі) мае вял. каштоўнасць як крыніца па гісторыі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХМАТО́ВІЧ (Мустафа) (?—1794),
удзельнік паўстання 1794. Сын Дамініка з маёнтка Бергалішкі Ашмянскага пав. (цяпер тэр. Літвы). З літоўскіх татараў. У час Сямігадовай вайны 1756—63 удзельнічаў у баях супраць прускіх войскаў у Саксоніі, у 1768—72 на баку Барскай канфедэрацыі супраць рас. арміі. У складзе корпуса М.Агінскага вылучыўся ў бітве каля Бездзежа (1771). З 1785 уваходзіў у Вайсковую камісію абодвух народаў. У 1792 удзельнічаў у баях каля Свержаня, Міра, Зэльвы, Ізабеліна, Мсцібава, Бярэсця з войскамі таргавіцкіх канфедэратаў. У час паўстання 1794 на чале палка Пярэдняй Стражы ВКЛ удзельнічаў у бітвах каля Карытніцы і Мацяёвіц; у апошняй цяжка паранены і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРА́НСКІ (Флавіян Мікалаевіч) (16.2.1848, с. Чэрніцы Валынскай губ., Украіна — 1919),
гісторык, археограф, лінгвіст. З сям’і святара. Скончыў Валынскую духоўную семінарыю (1868), Маскоўскую духоўную акадэмію (1872). Выкладаў у Літоўскай духоўнай правасл. семінарыі, Віленскім хрысціянскім настаўніцкім ін-це (з 1883). З 1876 чл. камісіі па стварэнні Віленскай публічнай б-кі. У 1886—1913 у Віленскай археаграфічнай камісіі. У 1915 эвакуіраваўся з Вільні. Аўтар «Слоўніка асаблівасцей грэчаскіх дыялектаў...» (1879), прадмоў да 15, 21, 26, 31, 34-га тамоў Актаў віленскай камісіі, прац «Вільня і наваколле» (1883), «Пра літоўскіх татараў» (1906), публіцыст. артыкулаў. Склаў і выдаў каталог рэчаў музея старажытнасцей у Вільні (1879), вопіс рукапісаў Віленскай публічнай б-кі (1882).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ту́рмас ‘рэдзька’ (Сцяшк. Сл.), ту́рмус ‘турнэпс’ (навагр., Жыв. сл., Васільковая сп.). Лічыцца сапсаванай назвай турнэпс (гл.), параўн. турне́пс, турнэт ‘тс’ (Сл. ПЗБ.). Аднак здзіўляе падабенства з аддаленымі геаграфічна назвамі асм.тур.turma ‘рэпа’, тат.torma ‘рэдзька’; венг.torma ‘хрэн’, з якіх выводзяць харв.turma, turman ‘хрэн’ (Скок, 3, 485), славен.tȗrman ‘тс’ (Сной у Бязлай, 4, 250). Магчыма, пранікненне праз мову беларускіх татараў-гароднікаў? Параўн. напоўненую «ўсходнімі элементамі» лічылку: Шалды‑балды, / Бушмак — барада́, / Выйдзі вон з гарада́. / Турмас! (бялын., Дзіц. фальк.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
А́КТЫ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ, «Акты Московского государства, изданные Императорскою Академиею наук»,
збор дакументаў па паліт. і ваеннай гісторыі Расіі. Выдадзены Рас.АН пад рэд. Н.А.Папова і Дз.Я.Самаквасава (т. 1—3. Спб., 1890—1901). Том 1-ы ахоплівае 1571—1634, 2-і — 1635—59, 3-і — 1660—64. Змешчаны дакументы са справаводства Маскоўскага стала Разраднага прыказа: пра станічную і вартавую службу на Пд Расіі ў 1570—90-я г., засечную пабудову 1638, барацьбу з набегамі крымскіх татараў у 17 ст. Шэраг дакументаў прысвечаны ваен. дзеянням 1614—18, войнам з Рэччу Паспалітай (1632—34, 1654—67) і Швецыяй (1656—58), эканам., паліт., ваен. гісторыі Рэчы Паспалітай і Крыма; ёсць звесткі пра становішча служылых людзей, Маскоўскае паўстанне 1662.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГЕМІТО́НІКА (ад ан... + гемі... + грэч. tonos тон),
гукавая сістэма, заснаваная на беспаўтонавых гукавых суадносінах. Разнавіднасці ангемітонікі — 3-, 4-, 5-ступенная (пентатоніка) у аб’ёмах кварты, квінты, а таксама актавы, малой сексты, септымы. Тыповая інтанацыя — трыхорд у кварце (напр., рэ-фасоль). На ангемітоннай, у прыватнасці пентатоннай, сістэме засн. музыка многіх народаў (кітайцаў, манголаў, татараў, башкіраў, буратаў, шатландцаў і інш.). У слав. народаў ангемітоніка часта спалучаецца з дыятанічнымі сістэмамі, але сустракаецца і ў чыстым выглядзе, асабліва ў песенным фальклоры стараж. пласта.
Літ.:
Квитка К.В. Ладовые системы в музыке славян и соседних народов // Избр. гр.М., 1971. Т. 1;
Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;
Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛАМАЎЦКАЯ БІ́ТВА 1241,
бітва, што адбылася 24 чэрв. каля г. Оламаўц (Маравія) паміж чэхамі і мангола-татарамі ў час іх паходу ў Зах. Еўропу. Пасля спусташэння Польшчы і перамогі над польска-ням. войскам каля Лягніцы мангола-татары пад камандаваннем Байдара (пляменнік Батыя) 9.6.1241 накіраваліся ў Багемію. На іх шляху стаяла крэпасць Оламаўц, якую абараняў моцны гарнізон на чале з чэш. ваяводам Яраславам. Узяць крэпасць з ходу не ўдалося. Пакінуўшы для яе аблогі частку сіл, захопнікі пачалі рабаваць краіну. 24 чэрв. Яраслаў вывеў сваё войска з крэпасці, нечакана атакаваў ворага і разграміў яго. О.б. з’явілася першым паражэннем мангола-татараў у Зах. Еўропе, пасля якога Байдар адступіў у Венгрыю на злучэнне з сіламі Батыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЖСКІ (Канстанцін Іванавіч) (1460 ? — 1530),
военачальнік, дзярж. дзеяч ВКЛ. Гетман найвышэйшы ВКЛ (з 1497), кашталян віленскі (з 1511), ваявода трокскі (з 1522), член Рады ВКЛ. З роду Астрожскіх. Кіраваў паходамі на крымскіх татараў, перамог больш як у 60 бітвах. У бітве на Вядрошы 1500 быў разбіты маскоўскімі войскамі, трапіў у палон, з якога ўцёк у 1507. У Аршанскай бітве 1514 перамог маскоўскія войскі, актыўны абаронца праваслаўя. Меў вял. маёнткі на Валыні, у Літве, на Беларусі, у т. л. Дзятлава, Тураў, Копысь з Раманавым, Гальшаны, Глуск, Смалявічы, Жыцін, Шашолы, Свіраны, Смаляны, Суша. У 1528 быў другім па колькасці падданых землеўладальнікам у ВКЛ (пасля віленскага ваяводы А.Гаштольда). З усіх маёнткаў ставіў у войска 426 конных воінаў.
Літ.:
Сагановіч Г.М. Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі. Мн., 1992.
К.І.Астрожскі. Партрэт невядомага мастака. 1-я пал. 17 ст.