бальнеатэрапеўтычны курорт на Украіне, у перадгор’ях Укр. Карпат, за 80 км на Пд ад г. Львоў, на р. Беражніца (бас.р. Днестр). Мінер. крыніцы вядомыя з 16 ст. Курорт заснаваны ў 1876. Асн.лек. фактары — мінер. воды рознай мінералізацыі, горкая жаўцягонная соль «Моршынка», мясц. мінералізаваныя тарфяныя гразі з вял. колькасцю воцатнай, мурашынай і маслянай к-т. Лечаць парушэнні функцый печані, страўніка, кішэчніка, жоўцевых шляхоў, нерв. расстройствы, гінекалагічныя, сустаўныя захворванні. Бальнеатэрапія дапаўняецца клімата-, фізія- і гразелячэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНЫЯ ВО́ДЫ, тарфяныя воды,
утвараюцца на балотах, характарызуюцца павышанай колькасцю арган. рэчываў, кіслай рэакцыяй і цёмна-карычневым колерам. Балотныя воды вярховых балотаў маюць невял. агульную мінералізацыю (да 60 мг/л), у іх хім. саставе пераважаюць іоны кальцыю і магнію. Агульная мінералізацыя водаў нізінных балотаў 60—550 мг/л, уключаюць іоны магнію, калію, натрыю, амонію, жалеза, хлору і інш. Арганічных рэчываў 75—168 мг/л, пераважна гумусавыя, ёсць гумінавыя кіслоты. Балотныя воды ўплываюць на хім. састаў рачных водаў; агрэсіўныя ў адносінах да бетону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКТУРО́ЎСКІ (Уладзімір Сямёнавіч) (18.11.1884, г. Мікалаеў, Украіна — 20.3.1935),
савецкі балотазнавец і палеабатанік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1907). З 1908 працаваў у Пецярбургскім бат. садзе, з 1918 на навук. і пед. рабоце ў Маскве, з 1934 у БДУ. Распрацаваў метад вывучэння сувязі паміж раслінным покрывам, водным рэжымам, геал. будовай балот і хім. саставам торфу. Увёў у практыку метад пылковага аналізу торфу. Склаў падрабязную характарыстыку балотных масіваў Беларусі, еўрап.ч. Расіі, Закаўказзя, Зах. Сібіры, Д. Усходу.
Тв.:
Тарфяныя балоты, іх утварэнне і развіццё. Мн., 1930.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕМБРЫ́ЙСКІЯ ГО́РЫ (Cambrian Mountains),
горы ў Вялікабрытаніі на п-ве Уэльс. Даўж. каля 150 км. Выш. да 1085 м (г. Сноўдан). Шэраг пласкагор’яў, над якімі ўзвышаюцца асобныя кражы з горналедавіковым рэльефам. Складзены з вулканічных парод, сланцаў, вапнякоў, пясчанікаў. Радовішчы каменнага вугалю. Густая сетка рэк, шматлікія невял. азёры. Да выш. 400—600 м шыракалістыя лясы (дуб, бук, ясень), вышэй верасоўнікі, тарфяныя пусткі. У далінах сады. Рэзерваты: І-Уітва-Сноўдан, Кум-Ідуал, Мур-Хаўс, Рынаг і інш. У К.г. упершыню апісаны адклады кембрыйскай сістэмы (перыяду).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МЕРЫ,
прыморскі і бальнеагразевы курорт у Латвіі. У складзе г. Юрмала, за 44 км на З ад Рыгі, у лесапаркавай зоне на беразе Балтыйскага м.Засн. ў 1840-я г. на месцы прыродных выхадаў серных вод на тэр. сядзібы лесніка А.Кемеры (адсюль назва). Асн. прыродныя лек. фактары — крыніцы мінер. вод рознага саставу, мясц.тарфяныя і сапрапелевыя гразі, прыморскі клімат. Лечаць хваробы страўніка, кішэчніка, нерв. сістэмы, кровазвароту, гінекалагічныя. На тэр. курорта найбуйнейшы ў Латвіі санаторны комплекс, дзіцячыя санаторыі, зоны адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦА (Krynica),
бальнеалагічны і кліматычны курорт у Польшчы. На ПдУ ад г. Новы-Сонч, на схілах Бяскідаў (у складзе Карпат), «жамчужына польскіх курортаў». Клімат умераны, пераходны да кантынентальнага. Ахаванасць схіламі гор, укрытых хвойным лесам, крыніцы каштоўных мінер. вод (вядомыя з 18 ст.), мясц.тарфяныя гразі выкарыстоўваюцца як асн.лек. фактары пры захворваннях органаў стрававання, дыхання, сасудаў і сэрца, мочапалавой сістэмы, парушэннях абмену рэчываў. База для навук. устаноў Кракаўскай мед. акадэміі. Буйны цэнтр турызму, адпачынку і зімовага спорту. Помнікі драўлянай архітэктуры. Мастацкі музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́Ў,
бальнеагразевы і кліматычны курорт на Беларусі, у Гомельскай вобл., за 12 км на У ад г.Рагачоў, на левым беразе р. Дняпро. Засн. ў 1970. Клімат умерана кантынентальны. Асн. лекавы фактар — мінер. воды 2 відаў: хларыдна-натрыевая высокай мінералізацыі (50 г/л) для ваннаў і інш. бальнеапрацэдур і сульфатна-хларыдная кальцыева-натрыевая вада малой мінералізацыі (5,5 г/л) на пітное лячэнне; таксама тарфяныя гразі. Лечаць хваробы сардэчна-сасудзістай, нерв. сістэм, органаў руху, гінекалагічныя. Санаторый, водагразелячэбніца, бювет мінер. крыніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
глебы, якія ўтвараюцца ва ўмовах працяглага або пастаяннага пераўвільгатнення пад вільгацелюбівай расліннасцю ў розных геагр. зонах. Пашыраны на Беларусі, у Расіі, Канадзе, ЗША, Бразіліі, Аргенціне, Інданезіі і інш. краінах. Фарміруюцца пераважна ў выніку забалочвання сушы. Характэрна агляенне, часта трапляюцца тарфяныя гарызонты. Гал. асаблівасць глебаўтваральнага працэсу — намнажэнне торфу. Ніжняя мяжа глебавага профілю прыблізна супадае з глыбінёй, да якой летам апускаюцца глебавыя воды (ад 30 да 50—80 см і больш). Паводле профілю падзяляюцца на тарфяна-балотныя глебы, глеявата-балотныя і лугава-балотныя (усе ёсць на Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУШНІ́КІ-ЗДРУЙ (Duszniki Zdrój),
бальнеакліматычны курорт у Польшчы. На ПдУ ад г. Валбжых у Клодзскай катлавіне Цэнтр. Судэтаў. Мінер. крыніцы вядомы з 15 ст., як курорт развіваецца з 1800. Праводзіцца бальнеа- і клімататэрапія хвароб органаў стрававання, дыхання, гінекалагічных і інш. Пры лячэнні выкарыстоўваюць авечае малако і сыроватку, прывазныя тарфяныя гразі і інш. Лячэбныя ўстановы маюць н.-д. аддзяленні клінік Вроцлаўскай і Лодзінскай мед. акадэмій. Буйны цэнтр адпачынку, турызму і зімовага спорту. Курортны парк і тэатр імя Ф.Шапэна, арх.-гіст. помнікі 16—19 ст., музей папяровай вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РГАРАД,
горад на Украіне, у Палтаўскай вобл., на р. Харол (бас.р. Дняпро). Засн. ў 1575. Каля 50 тыс.ж. (1998). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў і металаапр. прам-сці. Здабыча і разліў мінер. вады. Музеі: краязнаўчы і літ.-мемар. Д.Гурамішвілі. На ўскраіне горада бальнеагразевы курорт. Размешчаны ў лесастэпавай зоне. Клімат умерана кантынентальны. Асн.лек. фактары — мінер. хларыдныя натрыевыя воды (мінералізацыя да 3 г/л) і тарфяныя гразі. Мінер. воды выкарыстоўваюць пры лячэнні хвароб органаў стрававання, абмену рэчываў, торф — для гразевых аплікацый; таксама электралячэнне, масаж і інш.