Сыч1 ’птушка з сямейства сапраўдных соў’ (ТСБМ, Байк. і Некр. Федар. 4, ТС, Сл. ПЗБ), ’птушка Athene noctua Scop.’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.); ’птушка Strix nyctea’ (Меер Крыч.), сы́чык памянці, (стол., Лексика Пол., Ласт.). Укр. сич, си́чик, рус. сыч, сы́чык, польск. syczek ’соўка-сплюшка’, чэш. sýc, sýczek ’віды соў’, славац. sýč ’сыч’. Праславянскі дыялектны дэрыват ад *sykatiсыкаць’, параўн. іншую назву сіпе́ль (ад сіпець, гл.), але Фасмер (3, 821) старажытнасць слова лічыць сумніўнай, таму малаверагодная, на яго думку, роднасць з літ. šáukti ’крычаць’, лат. sàukt ’зваць’, а таксама з сава, як меркавалі Мюленбах-Эндзелін (3, 771–772), Петарсан (KZ, 47, 241). Атрэмбскі (Зб. памяці Раманскага, 72) параўноўвае з літ. suõkt, suõkia, suõke ’крычаць’. Праформу *sytjь узнаўляе Будзішэўска (Słown.), *sytʼь Марэш (Slavia, 1967, 366–369), аналагічна ЕСУМ (5, 248); *sy(k)ťь Лома (Огледна св., 68), у якім бачыць табуізаваную сувязь са ст.-інд. sūkta‑ < *su‑ukta ’добра спамянуты’. Гл. яшчэ Махэк₂, 598. Гл. таксама ціць.

Сыч2 ’калок у вуллі, на якім трымаліся пляйстры з мёдам’ (ТС), ’клін, звужаная палоска’: сыч картопяль (Сцяц. Сл.), сычы́ ’сорт бульбы, скараспелка’ (Ян.). Укр. сич ’сук ад абламанай галінкі на ствале’. Паводле ЕСУМ (5, 248), магчыма, звязана чаргаваннем галосных з сук (гл.), аднак, відаць, не можа разглядацца асобна ад сычык, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́слік1 ’грызун, які жыве ў норах і шкодзіць пасевам’ (ТСБМ), су́сьлік, сусла́к ’тс’ (Некр. і Байк.), суслі́ла, суслі́чыха ’самка сусліка’ (Мат. Гом.), сусо́л ’суслік’: заспаны, як сусол (Сл. ПЗБ). Укр. дыял. су́слик, рус. су́слик, стараж.-рус. сусълъ, сусолъ, польск. suseł, каш. sus ’суслік’ (толькі ў параўнанні spać jak sus), в.-луж. suslik, чэш. sysel, славац. sysel, славен. sȗslik, балг. съ́сел ’суслік’. Як праславянскае Бязлай (3, 343) узнаўляе *suselъ, *syselъ, *sъsъlъ; Махэк₂ (600) — толькі *suselъ, лічачы форму з ‑у‑ другаснай. Слова гукапераймальнага паходжання: да прасл. *susati, ’пішчаць, свісцець’, параўн. польск. дыял. susać ’шалясцець’ (Віл. сл.), ц.-слав. сысати ’шыпець, сыкаць’, балг. съ́скам ’шыпець’, якое параўноўваюць з лат. susuris ’шэрая або чорная землярыйка’, susers ’лясная мыш’, ст.-в.-ням. sûsôn, sûsan ’гусці’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1126 і наст.; Брукнер, 526; Фасмер, 3, 809; Бязлай і Махэк₂, там жа; Борысь, 588). Да семантыкі параўн. чэш., славац. svišť, польск. świszcz ’сурок’, роднасныя свістаць, сурчок, гл. Беласт. сусол ’суслік’ аўтары Сл. ПЗБ (там жа) лічаць паланізмам, а кашубская форма ўтворана шляхам адсячэння фіналі слова, гл. SEK, 4, 377. Па іншай версіі (напр., Младэнаў, 617) зыходзілі з прасл. *sъsati ’смактаць’, пра што можа сведчыць су́слік2, што падаецца малаверагодным.

Су́слік2 ’дзіця, якое ссе грудзі’ (Нас.). Да сусліць (гл.).

Су́слік3 ’лядзяш’ (Сцяшк.), су́слікі, суслякі́ ’ледзяшы’ (беласт., віл., Сл. ПЗБ). Укр. су́слік ’соска’. Да сусліць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)