БУЛА́НАЎ (Пётр Аляксандравіч) (1.11.1905, г. Віцебск — 26.1.1990),

бел. мікрабіёлаг-імунолаг. Д-р біял. н., праф. (1942). Чл.-кар. АН Казахстана (1954). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1930). З 1934 у Алма-ацінскім зоавет. ін-це, з 1961 у Ін-це біялогіі АН БССР, з 1964 у БДУ. Вывучаў уласцівасці змяінага яду. Вынайшаў проціядныя вакцыны і сывараткі, антыбіётык актынаміцын К. Навук. працы па мікробных меланінавых пігментах, бруцэлёзе буйн. раг. жывёлы.

Тв.:

Общая микробиология. Мн., 1969 (разам з В.​І.​Калешка).

т. 3, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯНЬКО́Ў (Вячаслаў Іванавіч) (1.10. 1915, г. Алматы, Казахстан — 14.8. 1969),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарнай мікрабіялогіі. Д-р вет. н. (1961), праф. (1967). Скончыў Алма-ацінскі вет. ін-т (1941). З 1966 заг. аддзела Бел. н.-д. вет. ін-та. Навук. працы па патагенезе, імунітэце і прафілактыцы яшчуру, бруцэлёзу, вібрыёзу, інфекц. атрафічнага рыніту і анаэробных інфекцыях жывёл. Прапанаваў тыпаспецыфічныя сывараткі і вакцыны для дыягностыкі і прафілактыкі інфекц. энтэратаксеміі.

Тв.:

Анаэробные желудочно-кишечные заболевания молодняка сельскохозяйственных животных. Мн., 1974 (разам з В.​А.​Ляньковай).

т. 9, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЫНГ ((Behring) Эміль Адольф фон) (15.3.1854, Гансдорф, цяпер у Эльблонгскім ваяв., Польшча — 31.3.1917),

нямецкі мікрабіёлаг, бактэрыёлаг, імунолаг. Праф. (1894). Скончыў Берлінскі ун-т (1880). З 1889 у Ін-це гігіены ў Берліне, з 1894 ва ун-це ў г. Гале, з 1895 дырэктар Ін-та эксперым. тэрапіі ў г. Марбург. Навук. працы па імунізацыі жывёл і чалавека супраць інфекц. хвароб. Прапанаваў проціслупняковую (1890) і процідыфтэрыйную (адначасова з франц. мікрабіёлагам Э.​Ру, 1901) антытаксічныя сывараткі, распрацаваў спосаб імунізацыі супраць дыфтэрыі. Першая Нобелеўская прэмія па фізіялогіі і медыцыне 1901.

Э.А.Берынг.

т. 3, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНАДАТРАПІ́НЫ, ганадатропныя гармоны,

гармоны, якія рэгулююць эндакрынную функцыю палавых залоз (ганад) пазваночных. Вырабляюцца пярэдняй доляй гіпофіза (гіпафізарныя ганадатрапіны) і плацэнтай (харыянічны ганадатрапін). Да гіпафізарных ганадатрапінаў належаць фалікуластымулюючыя гармоны (фолітрапін, пралан А, тылакентрын), лютэінізуючыя гармоны (пралан Б, метакентрын) і лютэатропныя гармоны (пралактын, лютрапін, маматрапін, мамаген), што стымулююць у самак выспяванне яйцаклетак, авуляцыю, утварэнне жоўтага цела (у млекакормячых) і сакрэцыю эстрагенаў, у самцоў узмацняюць сперматагенез, рост інтэрстыцыяльных клетак і сакрэцыю тэстастэрону. Харыянічныя ганадатрапіны, якія атрымліваюць з мачы цяжарных жанчын і сывараткі крыві жарэбных кабыл, выкарыстоўваюць у гінекалогіі, пры атлусценні.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 5, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПФА́ЙФЕР ((Pfeiffer) Рыхард) (27.3.1858, г. Здуны, Польшча — 15.9.1945),

нямецкі бактэрыёлаг, імунолаг і гігіеніст. Вучань і супрацоўнік Р.Коха. Праф. Ін-та інфекц. хвароб у Берліне (1891), Ін-та гігіены ў Кёнігсбергу (1899) і Брэславе (1909—26). Навук. працы па вывучэнні грыпу, малярыі, брушнога тыфу, халеры, чумы і інш., агульнай гігіене, праблемах імунітэту. Адкрыў шэраг бактэрый, апісаў (разам з інш.) бактэрыёліз халерных вібрыёнаў пад уплывам спецыфічнай імуннай сывараткі, паказаў утварэнне лізінаў пры ўвядзенні ў арганізм забітых культур бактэрый, што прывяло да выкарыстання прышчэпак супраць тыфу і халеры іх забітымі (ці аслабленымі) культурамі.

т. 13, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

серало́гія

(ад лац. serum = сываратка + -логія)

раздзел імуналогіі, які вывучае ўласцівасці сывараткі крыві і іх змены пры захворваннях.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аглюціна́цыя, ‑і, ж.

Спец.

1. Склейванне ў камячкі бактэрый, чырвоных крывяных цельцаў і інш. мікраарганізмаў пры ўздзеянні на іх імуннай сывараткі.

2. З’ява, уласцівая граматычнаму ладу мангольскіх, цюркскіх, фіна-угорскіх і інш. моў, паводле якой граматычныя адносіны (склон, лік і г. д.) вызначаюцца з дапамогай далучэння адназначных стандартных афіксаў да нязменных асноў або каранёў.

[Лац. agglutinatio — склейванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

серапрафіла́ктыка

(ад лац. serum = сываратка + прафілактыка)

папярэджанне ўзнікнення інфекцыйнай хваробы ўвядзеннем сывараткі, у якой змяшчаюцца гатовыя антыцелы супраць гэтай хваробы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КАМПЛЕМЕ́НТ (ад лац. complementum дапаўненне),

бялковы комплекс, выяўлены ў сываратцы крыві; важны фактар імунітэту ў жывёл і чалавека. Тэрмін уведзены ням. вучонымі П.​Эрліхам і Ю.​Моргенратам (1899). Складаецца з 9 кампанентаў, якія абазначаюцца літарай C з адпаведнымі лічбамі (у сываратцы крыві найб. кампанента C3), лёгка разбураецца пры награванні сывараткі, захоўванні яе доўгі час, на святле. Удзельнічае ў шэрагу імуналагічных рэакцый: пры далучэнні да комплексу антыгену з антыцелам на паверхні клетачнай мембраны ён выклікае лізіс бактэрый, эрытрацытаў і інш. клетак, апрацаваных адпаведнымі антыцеламі. З дзеяннем К. звязана ўстойлівасць да хваробатворных мікробаў, вызваленне гістаміну пры алергічных рэакцыях неадкладнага тыпу, аўтаімунныя працэсы. У медыцыне кансерваваныя прэпараты К. выкарыстоўваюцца пры сералагічнай дыягностыцы шэрагу інфекц. хвароб, для вызначэння антыгенаў і антыцел.

М.​А.​Скеп’ян.

т. 7, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТЫ́ЎНЫЯ ТЫ́ПЫ,

папуляцыі чалавека, аб’яднаныя фізіялагічнымі і марфалагічнымі адзнакамі, сфарміраванымі ў залежнасці ад геакліматычных умоў. У розных кліматычных зонах у людзей незалежна ад іх расавай і этн. прыналежнасці назіраецца тэндэнцыя да змены фізіял. і марфалаг. рысаў у кірунку, найб. спрыяльным для існавання ў гэтым асяроддзі. Напр., у арктычных умовах адзначаецца павышанае развіццё мускулатуры, мінералізацыя касцяка, павелічэнне колькасці бялку ў сываратцы крыві, змена ахоўных уласцівасцяў арганізма (паскарэнне рэакцыі асядання эрытрацытаў, нейтрафілёз, павелічэнне гама-глабулінавых фракцый сывараткі крыві). Паводле асаблівасцяў адаптыўных рэакцый вылучаюць арктычны, кантынентальны, трапічны, высакагорны тыпы, тып сярэдняй зоны, арыдны (тып пустыні). Вывучэнне біял. адаптацыі і адаптыўных тыпаў спрыяе высвятленню працэсу расаўтварэння.

Літ.:

Алексеева Т.И. Адаптивные процессы в популяциях человека. М., 1986;

Тегако Л.И., Саливон И.И. Экологические аспекты в антропологических исследованиях на территории БССР. Мн., 1982.

Л.​І.​Цягака.

т. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)