АРЫСТЫ́Д (Aristeidĕs; каля 540 — каля 467 да нашай эры),
палітычны і ваенны дзеяч Афінаў перыяду грэка-персідскіх войнаў 500—449 да нашай эры. Удзельнік Марафонскай бітвы. У 489 выбраны архонтам-эпанімам. Прыхільнік умацавання сухапутных ваенных сіл, праціўнік Фемістокла, ініцыятара стварэння марскога флоту. У 483—482 да нашай эры пасля перамогі Фемістокла Арыстыд выгнаны з Афінаў. Пасля амністыі (480 да нашай эры) удзельнічаў у Саламінскім баі, у 479 да нашай эры камандаваў афінянамі ў бітве пры Платэях. Як кіраўнік алігархічнай групоўкі меў вялікі палітычны ўплыў. Адзін з арганізатараў Дэлоскага саюза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТА́КА (франц. attaque),
найбольш адказны перыяд наступальнага бою сухапутных войскаў, авіяцыі і ВМФ. Бывае пяхотная, конная, танкавая, паветраная, тарпедная (у марскім баі), ракетная і інш.; па часе правядзення — дзённая і начная, па напрамках — франтальная, флангавая, з тылу. Сухап. войскі звычайна атакуюць праціўніка пасля агнявых удараў усімі сродкамі зброі па яго пазіцыях і аб’ектах. Мотастралковыя падраздзяленні могуць атакаваць і на бронетранспарцёрах, не спешваючыся з машын. Паветраная атака — імклівы налёт самалётаў для абстрэлу і бамбардзіроўкі пазіцый і аб’ектаў праціўніка. У марскім баі атака ажыццяўляецца ўсімі родамі ВМФ, у т. л. авіяцыяй, падводнымі лодкамі і скораснымі надводнымі караблямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАГАВА́Я АБАРО́НА,
сілы і сродкі флоту, берагавыя ўмацаванні, прызначаныя для абароны ваенна-марскіх партоў, узбярэжжа, астравоў, праліваў ад нападу праціўніка з мора, сушы, паветра. Пачала фарміравацца ў 14 ст. з выкарыстаннем артылерыі, якая да сярэдзіны 20 ст. складала аснову берагавой абароны. Выкарыстоўваліся таксама марская пяхота, стралковыя і інж.-сапёрныя часці, зенітная артылерыя, караблі і катэры прыбярэжнага дзеяння, фартыфікацыйныя збудаванні і мінныя загароды. У 2-й пал. 20 ст. ў сувязі са стварэннем берагавых ракетна-артыл. войскаў берагавая абарона ажыццяўляюць сіламі сухапутных войскаў, войскаў ППА, ВПА і ВМФ. У некат. краінах берагавая абарона ўскладзена на ваенна-марскія сілы, у ЗША, напр., — на ваенна-марскія акругі і сухапутныя войскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗА ВАЕ́ННАЯ,
спецыяльна абсталяваная тэрыторыя для размяшчэння на ёй войскаў, ваен. тэхнікі, запасаў матэрыяльных сродкаў і інш. Базы ваенныя ствараюцца на ўласнай тэр. і тэр.інш. дзяржаў у стратэгічна важных раёнах свету з мэтай забеспячэння вядзення ваен. дзеянняў. Падзяляюцца на ракетныя, авіяцыйныя, ваенна-марскія, сухапутных войскаў і агульнага прызначэння. Шмат баз ваенных мелі за межамі сваіх тэрыторый ЗША і інш. дзяржавы. З канца 1980-х г. іх колькасць пачала скарачацца паводле шэрагу міжнар. пагадненняў. У складзе б.СССР Беларусь мела значную колькасць баз ваенных (у т. л. стратэгічнага прызначэння). Пасля яго распаду ідзе скарачэнне і ліквідацыя баз ваенных на яе тэрыторыі, застаюцца толькі тыя, якія адпавядаюць ваеннай дактрыне Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРО́М,
плывучае збудаванне (судна, плыт і інш.) для рэгулярнай перавозкі сухапутных транспартных сродкаў (аўтамабіляў, чыг. вагонаў), грузаў і пасажыраў цераз водную перашкоду паміж пэўнымі берагавымі пунктамі. Бываюць самаходныя і несамаходныя.
Па вял. суднаходных рэках П. перамяшчаецца па кабелі, пракладзеным па дне, або буксірным суднам; на невял. рэках перацягваецца з дапамогай троса, замацаванага на процілеглых берагах; для паромнай пераправы праз пралівы, азёры звычайна выкарыстоўваюць спец. абсталяваныя судны. Водазмяшчэнне іх да 20 тыс.т і больш, умяшчальнасць каля 100 чыг. вагонаў, пасажыраўмяшчальнасць да 2000 чал. Паромныя зносіны найб. развіты ў Японіі, Зах. Еўропе (праз Ла-Манш). У ваен. мэтах П. выкарыстоўваюцца пры фарсіраванні водных перашкод; робяцца з штатных пантонных паркаў (гл.Пантон) і мясц. плывучых сродкаў (баржы, лодкі і інш., на якіх замацоўваецца грузавая платформа).
Пасажырскі паром для зносін паміж Вялікабрытаніяй і Францыяй (мае вароты для аўтамабіляў на носе і карме).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБАТА́НТЫ (ад франц. combattant воін, баец),
у міжнародным праве асобы, якія ўваходзяць у склад узбр. сіл ваюючых дзяржаў і прымаюць удзел у ваен. дзеяннях. К. з’яўляюцца: асабовы склад сухапутных, ваенна-марскіх і ваенна-паветр. сіл; партызаны, асабовы склад апалчэння і добраахвотніцкіх атрадаў, калі яны маюць на чале асобу, адказную за сваіх падначаленых, пэўны, бачны здалёку знак адрознення, выконваюць у сваіх дзеяннях правілы вядзення вайны, адкрыта носяць зброю ў час ваен. сутыкнення, а таксама ў час, што папярэднічае яму; экіпажы гандл. марскіх суднаў і самалётаў грамадз. авіяцыі, калі яны пераабсталяваны ў ваенныя. Сучаснае міжнар. права разглядае ў якасці К. байцоў, якія ўдзельнічаюць у нац.-вызв. войнах. У выпадку, калі насельніцтва неакупіраванай тэрыторыі пры набліжэнні непрыяцеля не паспела сфарміравацца ў рэгулярныя часці, але бярэцца за зброю, таксама прызнаецца К. Захопленыя варожым бокам К. карыстаюцца рэжымам ваеннапалоннага. Найб. поўны прававы статус К. вызначаецца ў адпаведных міжнар. канвенцыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ СУНСІ́Н (5.5.1545, Сеул — 19.11. 1598),
карэйскі флатаводзец, герой Імдзінскай вайны 1592—98. З 1591 камандуючы флотам левай паўправінцыі Чаладо. Рыхтуючыся да адбіцця агрэсіі з боку Японіі, увёў у склад флоту ўдасканаленыя караблі з высокімі баявымі якасцямі. У ходзе вайны ў чэрв.—ліст. 1592 на чале флоту ў 4 бітвах разграміў флот праціўніка і сарваў планы яп. камандавання па камбінаваным наступленні сухапутных і марскіх сіл. У выніку прыдворных інтрыг Л.С. быў адхілены ад камандавання флотам; але ў 1597 у час новага нашэсця японцаў адноўлены на пасадзе. У вер. 1597 кар. флот зноў перамог праціўніка. У кастр. 1598 аб’яднаны кар.-кіт. флот на чале з Л.С. патапіў і па шкодзіў каля паўд. ўзбярэжжа Карэі каля 200 яп. караблёў. Л.С. загінуў у гэтай бітве.
Літ.:
История Кореи. Т. 1. М., 1974;
Хван И.И. Ли Сун Син // Краткие сообщения Ин-та востоковедения. 1951. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАЗО́НСКАЯ НІЗІ́НА, Амазонія,
найбуйнейшая на Зямлі нізіна ў Паўд. Амерыцы, у бас.р.Амазонка, пераважна ў Бразіліі, а таксама ў Калумбіі, Эквадоры, Перу. Пл. больш за 5 млн.км². Слаба заселеная. Распасціраецца з З на У на 3200 км ад Андаў да Атлантычнага ак. паміж Гвіянскім і Бразільскім пласкагор’ямі. Размешчана ў вобласці тэктанічнага прагіну (Амазонская сінекліза) Паўд.-Амерыканскай платформы, запоўненага ў асн. палеазойскімі марскімі і меза-кайназойскімі кантынент. адкладамі. Пераважае плоскі рэльеф пластавых раўнін з неглыбокімі шырокімі рачнымі далінамі. Карысныя выкапні: нафта, марганцавыя і жал. руды, золата, алмазы і інш. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны, сярэднія т-ры 24—28 °C, ападкаў 1500—3000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі паўнаводныя. Разнастайная расліннасць вільготных экватарыяльных лясоў (сельвас) уключае 80 тыс. відаў дрэў (шмат каштоўных парод). Жывёльны свет разнастайны — 3 тыс. відаў сухапутных пазваночных (малпы, ляніўцы, малы мураўед, браняносцы, тапіры, пекары і інш.). Шмат птушак, паўзуноў, грызуноў, земнаводных, рыб (2 тыс. прэснаводных відаў), тэрмітаў, мурашак. Праз трапічныя лясы пракладзена Трансамазонская шаша (1970-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗЕМНАМО́РСКІ ПАХО́Д УПІАКО́ВА 1798—1800 Адбыўся ў час вайны Расіі ў складзе 2-й кааліцыі (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Расія, Турцыя і Каралеўствы абедзвюх Сіцылій) супраць Францыі. 26.7.1798, пасля пачатку Егіпецкай экспедыцыі 1798—1801ген. Н.Банапарта, тур. ўрад звярнуўся да Вялікабрытаніі і Расіі з просьбай аб дапамозе. 24.8.1798 рас. эскадра Чарнаморскага флоту на чале з віцэ-адм. Ф.Ф.Ушаковым выйшла з Севастопаля; 20 вер. да яе далучылася тур. эскадра віцэ-адм. Кадыр-бея. Аб’яднаныя сілы (10 лінейных караблёў, 13 фрэгатаў, 21 інш. судна) пад агульным кіраўніцтвам Ушакова (ён прапанаваў план баявых дзеянняў па вызваленні Іанічных а-воў) рушылі ў Міжземнае м. У ходзе баявых дзеянняў дэсанты аб’яднанай эскадры авалодалі шэрагам Іанічных а-воў, у т. л. Корфу (Керкіра). Пасля пачатку Італьянскага паходу Суворава 1799 эскадра Ушакова нанесла ўдары па франц. камунікацыях і базах у Паўд. Італіі, маракі і дэсантнікі сумесна з італьян. апалчэнцамі садзейнічалі поспеху сухапутных войск. Караблі эскадры ўдзельнічалі ў сумесных баях з англ. эскадрай Г.Нельсана. У кастр. 1800 рас. эскадра вярнулася ў Севастопаль.
Літ.:
Тарле Е.В. Адмирал Ушаков на Средиземном море (1798—1800 гт.). М., 1948;
История военно-морского искусства. Т. 3. М., 1963;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВІ́ЗІЯ,
асноўнае тактычнае злучэнне ў розных відах узбр. сіл многіх дзяржаў. Па прыналежнасці да відаў узбр. сіл, родаў войск, прызначэнні, арг-цыі і ўзбраенні ў гісторыі будаўніцтва ўзбр. сіл вядомы Д.: пяхотныя, стралк., мотастралк., матарызаваныя, механізаваныя, кав., танк. (бранятанкавыя), артыл., авіяц., паветрана-дэсантныя, дэсантна-штурмавыя, ППА, марской пяхоты і інш. Прызначаны для вядзення бою ў складзе больш буйных фарміраванняў (армія, корпус і інш.), а ў некат. выпадках і самастойна. Д. сухапутныхузбр. сіл складаюцца з палкоў, брыгад, батальёнаў і інш.вайск. падраздзяленняў. Стралк. Д. ўзбр. сіл СССР часоў 2-й сусв. вайны мела ў сваім складзе 3 стралк. палкі, артыл. брыгаду, самаходна-артыл. і зенітна-артыл. дывізіёны, сапёрны і вучэбны батальёны, батальён сувязі і інш. падраздзяленні. У пасляваен. перыяд у стралк. Д. ўведзены танкасамаходны полк, павялічылася яе рухомасць і агнявая магутнасць; стралк. Д. перафарміраваны ў мотастралковыя.
У ВПС многіх дзяржаў ёсць авіяц. Д. для падтрымкі сухап. войск з паветра, паветр. разведкі і выканання інш. задач. Звычайна авіяц. Д. маюць некалькі авіяц. палкоў або эскадраў аднаго роду авіяцыі ад 45 да 200 і больш самалётаў. У ВМФ Д. караблёў прызначана для вядзення самаст. баявых дзеянняў на марскіх прасторах або пры ўзаемадзеянні з інш. злучэннямі караблёў. Могуць складацца з некалькіх караблёў 1-га рангу і інш. меншых баявых адзінак. Падзяляюцца на Д. надводных і падводных караблёў.