дзяржаўны дзеяч ВКЛ, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. З роду Катлоў, сын Т.Коцела, генерал-маёра войск ВКЛ, старосты ашмянскага і Г.Тышкевіч. Валодаў Гарадзілавам і Юзафполем у Ашмянскім пав., быў старостам больніцкім і яліцкім. Пасол ад Ашмянскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, прыхільнік Канстытуцыі 3 мая 1791. З пачаткам паўстання 1794 увайшоў у Найвышэйшую літоўскую раду, чл. Дэпутацыі публічнай бяспекі. 3.5.1794 рада абрала яго прадстаўніком пры камандуючым паўстанцкімі войскамі ВКЛ Я.Ясінскім. У маі 1794 пасланы радай да Т.Касцюшкі, каб пераканаць паўстанцкія ўлады ў Варшаве ў лаяльнасці, што не прадухіліла роспуск рады. 8.6.1794 Найвышэйшая нацыянальная рада ў Варшаве прызначыла яго сваім упаўнаважаным у ВКЛ, 30.6.1794 Касцюшка ўвёў яго ў склад гэтай рады (намеснікам радцы). Належаў да памяркоўнага крыла паўстання, быў паліт. праціўнікам «якабінцаў», Ясінскага. Радыкальныя колы паўстання абвінавачвалі яго ў бяздзейнасці ў час штурму рас. войскамі Вільні, у нежаданні ўзбройваць сялян. Пасля падаўлення паўстання жыў у Венецыі, Парыжы, зблізіўся з радыкальнымі коламі эміграцыі. Пахаваны ў Беніцы (Маладзечанскі р-н).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́СЦКІ НАРО́ДНЫ ФРОНТу Заходняй Беларусі,
масавы дэмакр.-вызв., антыфаш. народны рух. Развіўся на глебе барацьбы супраць наступлення сіл рэакцыі ў Польшчы і пагрозы вайны ў 2-й пал. 1930-х г. Ініцыятарам руху выступіла КПЗБ, якая зыходзіла з распрацаванай КПП у вер. 1935 платформы дзеянняў, у аснове якой былі праграмныя ўстаноўкі VII Кангрэса Камінтэрна (1935). У канцы 1935—36 паміж партыямі і арг-цыямі рознай паліт. арыентацыі (КПЗБ, Бунд, Паалей Цыён, Стронніцтво людовэ) створаны адзінафрантавыя к-ты і камісіі ў Беластоку, Вільні, Гродне, Баранавічах, Брэсце, Лідзе, Бельску і інш. У 1936 дасягнута дамоўленасць паміж прадстаўнікамі КПЗБ і Бел. хрысціянскай дэмакратыі пра сумесную барацьбу за школу на роднай мове. На працягу 1936—37 адбыўся шэраг выступленняў працоўных Зах. Беларусі (гл.Баранавіцкі адзінафрантавы мітынг працоўных 1936, Гродзенскія адзінафрантавыя выступленні працоўных 1936 і інш.) у абарону дэмакр. і сац. заваёў, супраць нац. прыгнёту, пачаўся масавы збор дэкларацый за адкрыццё школ на роднай мове. На развіццё антыфашысцкага народнага фронту адмоўна паўплывалі ўзмоцненыя рэпрэсіі польскіх улад і паліт. рэпрэсіі ў СССР, непаслядоўнасць і ваганні розных паліт. сіл. Роспуск у жн. 1938 КПП і КПЗБ практычна спыніў працэс складвання антыфашысцкага народнага фронту ў Зах. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЗБРАЕ́ННЕ,
сукупнасць мерапрыемстваў па спыненні гонкі ўзбраенняў, абмежаванні, скарачэнні і ліквідацыі ракетна-ядзернай зброі і інш. сродкаў вядзення войнаў.
З часоў старажытнасці мэтай чалавецтва з’яўляўся мір без узбр. насілля; у больш позні час — усеагульнае і поўнае Р., якое прадугледжвала б роспуск усімі дзяржавамі свету ўзбр. сіл, скасаванне вайск. устаноў, спыненне вытв-сці і ліквідацыю ўсіх відаў узбраенняў і інш.
У наш час Р. — адна з найб. глабальных праблем чалавецтва. Асаблівую небяспеку выклікае ўзмацненне мілітарызму, вытв-сць, накапленне і распаўсюджанне зброі масавага знішчэння: тэрмаядзернай, біялагічнай, хім., а таксама зброі, заснаванай на новых фізічных прынцыпах (напр., прамянёвая зброя, пучковая зброя, нейтронныя боепрыпасы і інш.). Праблема Р. дэкларуецца ў Статуце ААН, разглядаецца ў шэрагу міжнар. дакументаў: Дагавор аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі (1968), Канвенцыя аб забароне бактэрыялагічнай (біялагічнай) зброі (1972), Дагавор аб абмежаванні сістэм проціракетнай абароны (1972); Выніковы акт Хельсінкскага пагаднення (1992) і інш. Іх выкананне значна памяншае патэнцыял мілітарызму ў шэрагу краін. Рэспубліка Беларусь у ліку першых ажыццявіла ракетна-ядзернае Р., скараціла значную ч. сучаснай ваен. тэхнікі і ўзбраенняў, выступіла з ініцыятывай стварэння ва Усх. і Цэнтр. Еўропе зоны, свабоднай ад ядзернай зброі (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЗАХО́ДНЯЙ УКРАІ́НЫ (КПЗУ),
палітычная арг-цыя левага кірунку ў Заходняй Украіне ў 1919—38. Засн. ў лют. 1919 на нелегальнай канферэнцыі камуніст. груп Усх.Галіцыі як Камуніст. партыя Усх. Галіцыі (КЛУГ; 182 чл.). У вер. 1919 прынята як асобная секцыя ў Камуністычны Інтэрнацыянал (Камінтэрн); з 1921 аўтаномная арг-цыя ў складзе Камуністычнай партыі Польшчы (КПП). У 1923 дзейнасць КПУГ пашырана на Валынь, Холмшчыну, Падляшша, Паўд. Палессе, яна перайменавана ў КПЗУ (1560 чл.). Узначальвала буйныя выступленні ўкр. працоўных супраць сац. і нац. прыгнёту, садзейнічала стварэнню і дзейнасці прафс., левых сял. і маладзёжных арг-цый, у т. л. масавай рабоча-сял. арг-цыі «Сельроб» (1926—32), Камуніст. саюза моладзі Зах. Украіны. Супрацоўнічала з Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі (КПЗБ). Праграма КПЗУ зыходзіла з пазіцый марксізму, пралетарскага інтэрнацыяналізму і інш. З сярэдзіны 1930-х г. паводле рашэнняў VII кангрэса Камінтэрна партыя (4700 чл. у 1936) праводзіла курс на ўтварэнне нар. фронту супраць пагрозы фашызму і вайны. супрацоўніцтва з с.-д. арг-цыямі, адмовілася ад ранейшай левасектанцкай лініі ў нац.-вызв. руху. Кіруючыя органы: з’езд (адбыліся ў 1921, 1925, 1928, 1936), паміж імі цэнтр.к-т. Кіраўнікі; А.Г.Бараль (У.Саўка), М.Ц.Заячкоўскі (Касар), Р.В.Іваненка (Бараба), М.М.Цяслюк і інш. Легальна і нелегальна выдавала часопісы «Наша правда», «Комуністичний прапор» («Сцяг камунізму»), газеты «Земля і воля», «Світло», «Трибуна робітнича» і інш., адозвы, лістоўкі. У жн. 1938 КПЗУ разам з КПЗБ і КПП на падставе несправядлівага абвінавачання распушчаны Выканаўчым к-там Камінтэрна. У лют. 1956 камуніст. партыі СССР, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі ў сумеснай заяве прызналі неабгрунтаваным роспуск КПП, КПЗУ і КПЗБ у 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (ППС; Polska Partia Socjalistyczna),
левая палітычная партыя ў Польшчы. Засн. ў 1893 на падставе праграмных установак Парыжскага з’езда польскіх сацыялістаў (ліст. 1892), які абвясціў лозунг стварэння незалежнай Польскай дэмакр. рэспублікі і барацьбы за дэмакр. правы нар. мас. Да 1918 дзейнічала гал. чынам у Каралеўстве Польскім. Вышэйшы орган — з’езд, паміж з’ездамі — Цэнтр. рабочы к-т. Кіраўнікі ППС (Ю.Пілсудскі, С.Вайцяхоўскі і інш.) планавалі аднавіць Польскую дзяржаву шляхам нац.-вызв. паўстання. У 1900—04 у ГІПС узмацніўся левы кірунак (М.Бялецкі, Ф.Кон і інш.), да якога ў чэрв. 1905 перайшло кіраўніцтва партыяй, што актыўна ўдзельнічала ў рэвалюцыі 1905—07. 9-ы з’езд ППС (ліст. 1906, Вена) выключыў Пілсудскага і яго прыхільнікаў з партыі. У 1918 ППС, вядомая як ППС-лявіца, аб’ядналася з Сацыял-дэмакратыяй Каралеўства Польскага і Літвы ў Камуніст. рабочую партыю Польшчы (з 1925 Камуністычная партыя Польшчы). Прыхільнікі Пілсудскага стварылі ППС — «рэв. фракцыю», якая ў 1909 прыняла назву ППС. У час 1-й сусв. вайны 1914—18 ППС Пілсудскага ўдзельнічала ў яго ваен.-паліт. кампаніі на баку Германіі і Аўстра-Венгрыі (стварэнне легіёнаў польскіх), у 1918 — у стварэнні незалежнай Польскай дзяржавы. У ліп. 1920 увайшла ў кааліцыйны ўрад В.Вітаса, у 1926 падтрымала дзярж. пераварот Пілсудскага, але з ліст. 1926 адмовілася ад супрацоўніцтва з «санацыйным рэжымам» і перайшла ў апазіцыю. Пасля захопу Польшчы гітлераўскай Германіяй (вер.—кастр. 1939), кіраўніцтва партыі абвясціла пра роспуск ППС. Пасля вызвалення краіны (1944—45) створана адноўленая ППС (кіраўнік Э.Асубка-Мараўскі), якая ў снеж. 1948 утварыла разам з Польскай рабочай партыяй Польскую аб’яднаную рабочую партыю. Дзейнасць ППС у Польшчы аднавілася ў 1987. У 1993—94 у складзе Саюза лявіцы дэмакратычнай. У 1995 з ППС злучыліся інш. невял. сацыяліст. партыі.
орган прадстаўнічай улады Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—20. Створана 13.12.1919 у Мінску ў выніку расколу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з-за супярэчнасцей паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) выступілі супраць «супрацоўніцтва» с.-д. кіраўніцтва Рады БНР з польскімі ўладамі. Рада БНР падзялілася на 2 часткі: большая яе частка (50 чал.) абвясціла сябе Н.р. БНР, меншая (37 чал.) — Найвышэйшай радай Беларускай Народнай Рэспублікі. Старшынёй Н.р. БНР абраны П.А.Крачэўскі (БПС-Ф), яго намеснікамі — П.Бадунова (БПС-Р) і В.І.Захарка (БПС-Ф), сакратарамі — Н.Козіч і Я Мамонька (БПС-Р). Яны склалі прэзідыум Н. р.БНР, які ў перыяд паміж сесіямі выконваў яе паўнамоцтвы. Раду Міністраў узначаліў В.Ю.Ластоўскі (БПС-Р). Пастановай Рады было прадугледжана, што ўсе дзеянні ўрада ўзгадняюцца з прэзідыумам Рады. Польскія акупац. ўлады не прызналі Н.р. БНР, выдалі загад пра яе роспуск, Бадунову, Ластоўскага і Мамоньку зняволілі ў турму. У студз. 1920 патаемна выехалі з Мінска ў Берлін Крачэўскі і Захарка. У маі 1920 Бадунова, Т.Грыб, Ластоўскі і Мамонька атрымалі дазвол выехаць у Рыгу, дзе да іх далучыліся Крачэўскі і Захарка. 4.7.1920 пачалося паспяховае наступленне Чырв. Арміі на сав.-польскім фронце. Паводле дагавора паміж Літвой і РСФСР ад 12.7.1920 Літ. Рэспубліцы былі перададзены Вільня і Віленскі край. Гэта выклікала абурэнне і Найвышэйшай, і Н.р. БНР. Захарка, які ўзначальваў дэлегацыю ўрада Ластоўскага на перагаворах у Маскве, уручыў ноту пратэсту наркому замежных спраў РСФСР Г.В.Чычэрыну. Гэты пратэст быў адвергнуты. Стала зразумела, што Сав. Расія не прызнае БНР. Бел. эсэры адмовіліся супрацоўнічаць з бальшавікамі і не падпісалі Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Яны патрабавалі абвясціць поўную незалежнасць Беларусі ў яе этнічных межах, стварыць самастойнае бел. войска і кааліцыйны сацыяліст. ўрад. Марнымі аказаліся спадзяванні і Найвышэйшай рады БНР на тое, што бел. дзяржаву прызнае Польшча. Пасля заключэння 12.10.1920 прэлімінарнага міру паміж РСФСР і Польшчай у Рызе 20 кастр. адбылася нац.-паліт. нарада з удзелам прадстаўнікоў БПС-Р, БПС-Ф і бел. сацыял-дэмакратаў. Чл. прэзідыума Найвышэйшай рады БНР К.Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Нар. раду адзінай паліт. структурай БНР. З гэтага часу Н.р. БНР зноў стала называцца Радай БНР.
Кр.: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1—2. Вільня; Нью-Ёрк; Мн.; Прага, 1998. Анатоль Сідарэвіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Растаро́п1 (рістаро́п, рыстаро́п) ’разуменне, развага’, ’чалавек цямкі, растропны, разумны’ (Бяльк.), растаро́па ’кемлівасць’, ’кемлівы’ (Юрч.), ’кемлівая, дасціпная, прабіўная асоба’ (капыл., Жыв. сл.), сюды ж растаро́пны ’кемлівы ў справах, упраўны’ (ТСБМ); параўн. укр.росторо́па ’цямкі, здагадлівы, кемлівы’, розторо́пний ’тс’, рус.росторо́пный ’кемлівы’, польск.roztropny ’кемны’. Узводзяць да прасл.*torp‑, першапачаткова ’паваротлівы, шустры’, параўн. грэч.τρέπω ’паварочваю’, лац.trepit ’вярцець’, ст.-інд.trápatē ’саромецца; адварочвацца’, tr̥pás ’неспакойны’, гл. Фасмер, 3, 446 (з літ-рай). Брант (РФВ, 25, 30) лічыць роднаснымі літ.tar̃pti ’мець поспех, працвітаць’, tarpà ’працвітанне’. Згодна з Махэкам₂, 649, можа быць звязана з літ.stropė́ti ’быць старанным’, параўн. літ.stropà ’стараннасць, руплівасць’. Гл. таро́піцца ’старанна ўглядацца’. Сувязь з торап ’пуд, страх’ (гл.) магчыма праз прасл.*torpiti ’рабіць цвёрдым, акачанелым’ (параўн. атарапець, гл.) < *torpa ’зацвярдзенне, акачанеласць’ (гл. Сной у Бязлай, 4, 213). У такім выпадку прыстаўка рас- надае слову супрацьлеглае значэнне.
Растаро́п2 ’бездараж, распуцце’ (Нас., Мат. Гом., Бяльк.), ’расталая дарога’ (мазыр., ГЧ), ’разводдзе’ (навагр., капыл., З нар. сл.; Мат. Маг.), ’гразкасць’ (Нас.), ’многа гразі; слата; бездараж’ (Янк. 3.), расторо́па ’гразь (вясною, восенню)’ (Нас.), ’слата’ (Сл. ПЗБ), растаро́пʼе ’гразь, слата, бездараж’ (Янк. 3.), растаро́піца ’слата’ (Сл. ПЗБ), ’бездарожжа’ (Нас., Яруш., Гарэц., Бяльк., Варл.); сюды ж растаро́піць (ръстаро́піць) ’растаць, набракнуць вадой, развесці (пра снег)’ (гарад., Нар. лекс.), растарапі́ць ’прыгатаваць’: зелле свінням растарапіла (Мат. Гом.), да апошняга параўн. рус.дыял. (комі, сіб.) расторо́пить ’разбавіць вадой ці інш.’, растаро́пило ’развязло (пра снег)’. Няясна. Зыходны дзеяслоў тыпу *тарапіць ’распускаць’ захаваўся ў вытворных, параўн. тарапя́нка ’страціўшая раўнавагу’ (гл.). Параўн. распу́ціца, роспуск2 (гл.). Не выключана сувязь з літ.strópti ’зацвярдзець, падсохнуць’, тады зыходны дзеяслоў мог мець форму *рас‑(с)тарапіць з супрацьлеглым значэннем, параўн. папярэдняе слова. Гл. таксама ростарапень.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ГВАТЭМА́ЛА (Guatemala),
Рэспубліка Гватэмала (República de Guatemala), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на З і Пн з Мексікай, на ПнУ з Белізам, на У і ПдУ з Гандурасам і Сальвадорам; на Пд абмываецца Ціхім ак., на ПнУ — Гандураскім зал. Карыбскага м.Пл. 108,9 тыс.км². Нас. 10 446 тыс.чал. (1993). Падзяляецца на 22 дэпартаменты. Дзярж. мова — іспанская, каля 40% насельніцтва карыстаецца індзейскімі мовамі. Сталіца — г.Гватэмала. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Гватэмала — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1985 (набыла сілу ў 1986). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. кангрэс Рэспублікі са 100 дэпутатаў.
Прырода. ⅔ плошчы Гватэмалы займае нагор’е выш. 1000—3000 м. Яго паўн.-ўсх.ч. — складкава-глыбавыя хрыбты і плато, падзеленыя глыбокімі далінамі рэк. На ПдЗ нагор’е складзена з вулканічных парод. Ёсць патухлыя (Тахумулька — 4217 м, Такана — 4117 м) і дзеючыя (Фуэга — 3918 м) вулканы. Бываюць разбуральныя землетрасенні. На Пн вапняковае плато Петэн. Узбярэжжы нізінныя. Карысныя выкапні: нафта, нікель, поліметалы, марганцавыя і хромавыя руды, золата і інш. Клімат трапічнага пояса, пасатны, вільготны. Частыя ўраганы. Сярэдняя т-ра паветра на нізінах 23—27 °C, на міжгорных плато 15—20 °C. Ападкаў на ўсх. схілах нагор’я больш за 2000 мм, на ўнутр. плато, у міжгорных далінах і на ўзбярэжжах 500—1000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй; самыя значныя з іх Усумасінта і Матагуа. З азёр найб. Ісабаль (на У). На Пн і па ўзбярэжжы Ціхага ак. саванны і хмызняковыя зараснікі, на ніжніх схілах гор вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы, вышэй — дубовыя і хваёвыя лясы. Усяго пад лесам і хмызнякамі 40% тэр. У трапічных лясах шмат каштоўных парод дрэў: каўчукавае, кампешавае, махагонавае, ружовае, чорнае, бальзавае, бакаўт і інш.Нац. паркі: Тыкаль, Рыо-Дульсе, Атытлан і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Карэннае насельніцтва — індзейцы моўнай групы майя складаюць 44%, падзяляюцца на 22 народы і плямёны. Найб. з індзейскіх народаў — кічэ, какчыкель, маме, кекчы, жывуць пераважна на З нагор’я. Другая вял. група — гватэмальцы (больш за 50%), народ, які ўтварыўся ад змяшання заваёўнікаў-іспанцаў з мясц. насельніцтвам. Ёсць невял. групы неграў, еўрапейцаў (пераважна іспанцаў) і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (75%), ёсць пратэстанты (больш за 20%); сярод індзейцаў моцныя перажыткі стараж. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 96 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана на нагор’і, дзе шчыльнасць у асобных дэпартаментах дасягае 300—400 чал. На 1 км². У гарадах жыве 41% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Гватэмала — 1150 і Кесальтэнанга — 101. У сельскай гаспадарцы занята 60% працаздольных, у абслуговых галінах — 13, прам-сці — 12, гандлі — 7, буд-ве — 4, на транспарце — 3%.
Гісторыя. Гватэмала — радзіма стараж. індзейскіх цывілізацый. У 1-м тыс.н.э. на Пн і У існавалі гарады-дзяржавы майя. на Гватэмальскім нагор’і — дзярж. ўтварэнні інш. індзейскіх плямён. Варожасць паміж імі аблегчыла заваяванне тэр. Гватэмалы ў 1523—24 іспанцамі на чале з П. дэ Альварада. У 1560 утворана генерал-капітанства Гватэмалы, у склад якога ўвайшла амаль уся Цэнтр. Амерыка. Індзейскае насельніцтва жорстка эксплуатавалася каланізатарамі. У гады вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 народ Гватэмалы дамогся незалежнасці (абвешчана 15.9.1821). У 1822—23 Гватэмала ў складзе Мексіканскай імперыі, у 1823—39 — Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. У межах яе ішла вострая паліт. барацьба паміж кансерватарамі і лібераламі. Пасля распаду федэрацыі да ўлады ў Гватэмале прыйшоў кансерватыўна клерыкальны блок на чале з Р.Карэрам (прэзідэнт у 1844—48, 1851—65), які імкнуўся захаваць феад. парадкі і панаванне буйных землеўладальнікаў. Большасць насельніцтва Гватэмалы фактычна была пазбаўлена паліт. правоў. З сярэдзіны 19 ст. ў Гватэмале сталі закладвацца плантацыі кавы, дзе выкарыстоўвалася наёмная праца. Скарыстаўшы незадаволенасць палітыкай кансерватараў, лібералы ажыццявілі ў 1871 дзярж. пераварот. Урад Х.Р.Бар’ёса (1873—85) нямала зрабіў для развіцця эканомікі Гватэмалы (буд-ва чыгунак, развіццё плантацыйнай гаспадаркі і інш.). Паводле прынятай у 1879 канстытуцыі царква аддзелена ад дзяржавы. У гады дыктатуры Э.Кабрэры (1898—1920) гаспадарка краіны падпарадкавана амер. манаполіям. Асаблівыя прывілеі атрымала кампанія «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО), якая валодала велізарнымі бананавымі плантацыямі, амаль усімі чыгункамі, прадпрыемствамі і інш. Асабліва жорсткі рэжым усталяваўся ў Гватэмале ў перыяд дыктатуры Х.Убіка (1931—44). Былі ліквідаваны бурж.-дэмакр. свабоды, забаронены стачкі, узаконены бесчалавечныя формы прымусовай працы індзейцаў на плантацыях. Гэта стала прычынай Гватэмальскай рэвалюцыі 1944—54. У выніку перамогі Нар.-вызв. фронту прынята дэмакр. канстытуцыя, праведзены шэраг сац. рэформаў, прыняты закон аб агр. рэформе, легалізавана дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў. Паколькі рэформы закранулі інтарэсы ЗША і найперш ЮФКО, амерыканцы арганізавалі інтэрвенцыю з тэр. Гандураса атрадаў узбр. гватэмальскіх эмігрантаў. 28.6.1954 уладу ў Гватэмале захапілі ваенныя на чале з палкоўнікам К.Кастыльё Армасам. Да 1985 (за выключэннем 1966—70) краінай, змяняючы адзін аднаго, кіравалі ваен. рэжымы. Уздым эканомікі Гватэмалы суправаджаўся ўзмацненнем эксплуатацыі індзейцаў на плантацыях. Партызанскі рух, які ўзнік у Гватэмале ў 1960-я г., асабліва ўзмацніўся ў 1980-я г., калі была створана паўстанцкая арг-цыя — Гватэмальскае нац. адзінства. Армія пачала жорсткія рэпрэсіі — спальваліся цэлыя вёскі, тысячы сялян расстраляны без суда і следства. Грамадз. вайна забірала да 10 тыс. жыццяў штогод. Не маючы сілы для задушэння паўстанцаў, пад націскам міжнар. грамадскасці ўрад О.У.Мехія Вікторэса згадзіўся на правядзенне свабодных выбараў. На выбарах у ліст.—снеж. 1985 перамог кандыдат апазіцыйнай Хрысц.-Дэмакр. партыі М.В.Серэса Арэвала. У 1986 набыла сілу новая канстытуцыя. Пачалася дэмакратызацыя паліт. рэжыму, праведзена амністыя. У 1991 прэзідэнтам Гватэмалы стаў Х.Серана Эліяс. У выніку яго прамых перагавораў з паўстанцамі прынята пагадненне пра ўзаемнае спыненне агню ўзамен на спыненне тэрору і роспуск усіх ваенізаваных фарміраванняў, створаных арміяй. Серана Эліяс быў скінуты ваен. кіраўніцтвам у адказ на яго антыканстытуц. дзеянні — роспускНац. кангрэса і Вярх. суда Гватэмалы. 5.6.1993 Нац. кангрэс Гватэмалы выбраў на пасаду прэзідэнта вядомага праваахоўніка Р. дэ Леана Карпіо. Гватэмала — чл.ААН з 1945, Арг-цыі амер дзяржаў, Лацінаамер. эканам. супольнасці, Арг-цыі цэнтральна-амер. дзяржаў і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1993. Асн.паліт. партыі: Саюз нац. цэнтра, Рух салідарнага дзеяння, Хрысц.-дэмакр. партыя, Інстытуцыйна-дэмакр. партыя, Рух нац. вызвалення, Гватэмальская партыя працы (кампартыя), Нац.рэв. адзінства Гватэмалы. Дзейнічае шэраг прафс. аб’яднанняў.
Гаспадарка. Гватэмала — адсталая агр. краіна з эканомікай, моцна залежнай ад замежнага капіталу. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае 25% валавога нац. прадукту, прам-сці — 20, абслуговых галін — 55%. Асн. спецыялізацыя эканомікі — вытв-сць экспартных трапічных с.-г. культур. Апрацоўваецца 12% тэр. краіны, столькі ж зямлі пад лугамі і пашамі. Для сельскай гаспадаркі характэрна спалучэнне буйных плантацый з мноствам дробных паўнатуральных сял. гаспадарак. Каля паловы сялян арандатары. Плантацыйныя культуры (кава, цукр. трыснёг, бананы, бавоўна) займаюць каля ⅓ пасяўной плошчы, даюць больш за 50% валавой і экспартнай прадукцыі. Важнейшая таварная і экспартная культура — кава, штогадовы яе збор 120—200 тыс.т (6-е месца ў свеце). Гал. раёны вырошчвання — ціхаакіянскі схіл і цэнтр.ч. нагор’я. На ўзбярэжжы Ціхага ак. вырошчваюць цукр. трыснёг, бананы (штогадовы збор 0,6—1 млн.т) і бавоўну. Экспартнае значэнне маюць манільская пянька (валакно тэкстыльнага банана), сізаль, кардамон, кенаф, тытунь, кунжут, цытрусавыя і авакада, эфірныя расліны. Асн.харч. культуры сял. гаспадарак — кукуруза, фасоля, пшаніца, рыс, бульба, розныя віды гародніны. Жывёлагадоўля мяснога кірунку, у асн. Экстэнсіўная. Гадуюць пераважна буйн. раг. жывёлу (каля 2,5 млн. галоў) і свіней (каля 1 млн. галоў), на высакагорных пашах нагор’я — авечак. Нарыхтоўка каштоўных парод дрэва і лясныя промыслы, збор лекавых раслін. З марскіх промыслаў найб. развіта лоўля крэветак у прыбярэжных водах Карыбскага м. (на экспарт). Прам-сць развіта слаба. Адна з асноўных яе галін — горназдабыўная. Штогод здабываюць каля 100 тыс.т нафты, 1,4 тыс.т свінцу, 1,3 тыс.т цынку, у невял. колькасцях золата, серабро, азбест, серу. Каля воз. Ісабаль здабываюць латэрыты, якія маюць у сабе нікель. Там жа горнаабагачальны камбінат. Вытв-сць электраэнергіі 847,6 млн.кВт∙гадз (1992) на невялікіх ГЭС і ЦЭС. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена пераважна прадпрыемствамі лёгкай і харч. галін (у т. л. каваапрацоўчыя і цукр. з-ды), якія вырабляюць харч. тавары, тэкстыль, абутак, тытунёвыя вырабы, паперу, запалкі і інш. Пераважаюць дробныя, паўсаматужныя прадпрыемствы. З новых галін прам-сці нафтаперапрацоўка (у г. Матыяс-дэ-Гальвес на ўсх. узбярэжжы), вытв-сць гальванізаванай сталі, бытавых прылад, зборка тэлевізараў і фотаапаратуры. Асн.прамысл. цэнтры — гарады Гватэмала і Кесальтэнанга. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 26,4 тыс.км, у т. л. 2,9 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 11,4 тыс.км гравійных. Праз Гватэмалу праходзіць Панамерыканская шаша. Чыгункі вузкакалейныя, даўж. 1019 км. Гал. з іх звязвае сталіцу з партамі на ўзбярэжжах, а адгалінаванні — з Мексікай і Сальвадорам. Знешнія сувязі пераважна марскім шляхам. Гал. порт — Пуэрта-Барыле на ўзбярэжжы Карыбскага м. Парты на Ціхім ак. Сан-Хасэ і Чамперыка маюць меншае значэнне. Гватэмала экспартуе каву (26% па кошце), цукар, бананы, мяса, бавоўну, драўніну, крэветкі, гародніну і інш.; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры — ЗША (36% экспарту, 40% імпарту), Германія, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — кетсаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ (КПЗБ). Створана ў кастр. 1923 на канферэнцыі Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акр. к-таў Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП), скліканай паводле рашэння II з’езда КПРП, з лют. 1925 Камуністычная партыя Польшчы, КПП. У КПЗБ увайшлі члены б. арг-цый КП(б)Б і КП Літвы, што перайшлі ў падполле, чл. КПРП. У снеж. 1923 у КПЗБ улілася Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), кіраўнікі якой І.К.Лагіновіч (П.Корчык), Л.І.Родзевіч (Антось), А.Р.Капуцкі (Лёкса) былі кааптаваны ў склад Цэнтральнага Камітэта КПЗБ, што садзейнічала павелічэнню бел. элемента ў кіраўніцтве КПЗБ. Функцыянавала да жн. 1938 на правах тэр.-аўтаномнай арг-цыі КПП, зыходзіла з яе праграмных установак. КПЗБ змагалася за сацыяліст. рэвалюцыю, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу сялянам зямлі без выкупу, за права самавызначэння Заходняй Беларусі і ўз’яднанне з БССР. Працавала нелегальна ва ўмовах паўакупац. рэжыму ў краі. Польскія ўлады праследавалі членаў КПЗБ, знявольвалі іх у турмы, Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, наладжвалі масавыя палітычныя працэсы. На час стварэння КПЗБ у яе парт. арг-цыях налічвалася 528 чал.; у канцы 1924—2296 чал., у канцы 1927—3254 чал. У 1924—29 дзейнічала 6 акруговых (Баранавіцка-Слонімскі, Беластоцкі, Брэсцкі, Віленскі, Гродзенскі, Пінскі) і больш за 50 раённых к-таў КПЗБ. У сак. 1932 у КПЗБ налічвалася 3600 членаў, з іх 20% пражывалі ў гарадах і каля 80% на вёсцы; у 1933—3800—4000 членаў, дзейнічала 11 акруговых (дадаткова Лідскі, Маладзечанскі, Навагрудскі, Пастаўска-Глыбоцкі, Свянцянска-Браслаўскі) і больш за 90 раённых к-таў партыі. Прыкладна палова членаў КПЗБ знаходзілася ў турмах і канцлагеры. Сярод бел.паліт. партый, што дзейнічалі ў краі, КПЗБ была найб. шматлікай і ўплывовай. Пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі Камуністычны саюз маладзі Заходняй Беларусі, Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі. За час існавання КПЗБ адбыліся 2 з’езды і 3 канферэнцыі. Практычную работу партыі ўзначальваў ЦККПЗБ, які складаўся з Бюро ЦККПЗБ і Краявога сакратарыята ЦККПЗБ. Частка членаў Бюро і ЦК знаходзілася ў Мінску з мэтай кіраўніцтва Прадстаўніцтвам ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі і Мінскай школай КПЗБ. Цэнтр. орган КПЗБ — газ.«Чырвоны сцяг», з 1924 выдаваўся тэарэт.час.ЦККПЗБ«Бальшавік». Легальнымі органамі партыі былі газ.«Барацьба», «Беларуская газета», «Наша воля», сатыр.час.«Асва».
На этапе станаўлення КПЗБ карысталася падтрымкай з боку КП(б)Б. З ліп. 1924 да лют. 1925 у Мінску існавала Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі пры ЦККП(б)Б. Да стварэння КПЗБ асноўнай формай рэв. і нац.-вызв. руху на анексіраваных Польшчай бел. землях была партыз. барацьба, якая ў 1923—24 ахапіла большасць паветаў (гл.Партызанскі рух у Заходняй Беларусі). На Другой канферэнцыі КПЗБ (ліст. 1924) арганізацыйна аформілася антыпарт. групоўка, якая зыходзіла з курса на ўзбр. паўстанне, патрабавала адасаблення КПЗБ ад КПРП (гл.Сэцэсія). Трэцяя канферэнцыя КПЗБ (студз. 1926) прызнала памылковым курс на ўзбр. паўстанне і вызначыла новую тактыку па збіранні сіл рабочых, сялян і нац. інтэлігенцыі. Гэта тактыка далей развіта ў рашэннях Першага з’езда КПЗБ (чэрв.—ліп. 1928). Па ініцыятыве ЦККПЗБбел. паслы (дэпутаты) у польск. сейме стварылі ў чэрв. 1925 асобны куб — фракцыю Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), якая перарасла ў больш як стотысячную арг-цыю і фактычна стала легальным асяродкам КПЗБ. Пасля разгрому ў студз. 1927 Грамады правадніком ідэй Кампартыі ў сейме быў бел. рабоча-сял. пасольскі клуб «Змаганне». КПЗБ была ў авангардзе барацьбы супраць рэжыму Ю.Пілсудскага, узначальвала большасць выступленняў рабочых у абарону сваіх эканам. і паліт. правоў. Праз БСРГ, «Змаганне», Таварыства беларускай школы Кампартыя арганізоўвала масавыя акцыі супраць нац. ўціску, што стрымлівала працэс паланізацыібел. насельніцтва. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. палітыка КПЗБ характарызавалася лявацка-сектанцкім падыходам, адмоўным стаўленнем да бел.нац.паліт. партый і арг-цый — Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Беларускай санацыі, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, кваліфікуючы іх як састаўную частку нацыянал-фаш. лагера. Арыентацыя на сацыяліст. рэвалюцыю і выключэнне з рэв. лагера дэмакр. сіл звузіла фронт апазіцыйнага да пілсудчыкаў бел.дэмакр. лагера і стала адной з прычын спаду нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі ў пач. 1930-х г. На яго аслабленне адмоўна паўплывалі і рэпрэсіі палітычныя ў 1930-я г. ў БССР у адносінах да кіраўнікоў БСРГ, «Змагання» і ЦККПЗБ, якія ў 1932 па абмене палітзняволенымі перададзены ў СССР. У рэзалюцыях ЦККПЗБ 1934 па нац. пытанні БРА трактавалася як агентура бел. нацыяналізму ў радах КПЗБ. У 2-й пал. 1930-х г. Кампартыя ўзяла курс на аб’яднанне дэмакр. сіл. У рашэннях Другога з’езда КПЗБ (май 1935) выпрацаваны новыя тактыка і стратэгія, скіраваныя на адзінства дзеянняў і стварэнне шырокага антыфашысцкага народнага фронту. Забастоўкі, мітынгі, дэманстрацыі ў 1936—37 праходзілі пад заклікамі барацьбы супраць наступу сіл фашызму і вайны, увядзення антыдэмакр. канстытуцыі, за амністыю палітзняволеным, салідарнасць з рэсп. Іспаніяй, разрыў саюза з гітлераўскай Германіяй і за супрацоўніцтва з СССР. У 1938 дзейнасць КПЗБ спынена. Паводле рашэння Выканкома Камінтэрна КПП і яе састаўныя часткі КПЗБ і КПЗУ ў жн. 1938 на аснове беспадстаўнага абвінавачання былі распушчаны. Роспуску папярэднічалі рэпрэсіі ў 1937 у адносінах да кіруючага актыву партыі. Абвінавачанні супраць КПЗБ і яе актыву зняты пасля апублікавання 21.2.1956 у газ. «Правда» заявы Цэнтр. Камітэтаў Кампартый Сав. Саюза, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі, у якой дадзена высокая ацэнка дзейнасці КПП, падкрэслена, што роспуск яе быў неабгрунтаваны.
Літ.:
Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР’ Док. и материалы. Т. І—2. Мн., 1962—72;
Революционный путь Комларгии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;
Полуян В.А., Полуян И.В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920—1939 гг.Мн., 1962;
Мацко А.Н. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков 1918—1939 іт. Мн., 1972;
Воткович Г.Б. КПЗБ в борьбе за интернациональное единство трудящихся (1929—1933 гг.). Мн., 1975;
Ладысеў У.Ф. КПЗБ — арганізатар барацьбы працоўных за дэмакратычныя правы і свабоды (1934—1938 гг.). Мн., 1976;
Яго ж. В борьбе за демократические права и свободы. Ми., 1988;
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983;
Зелинский П.И. Политическая работа КПЗБ в массах, 1923—1938. Мн., 1986;
Мисаревич Е.А. На освобожденной земле. Мн., 1989;
Bergmann A Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984.
У.Ф.Ладысеў.
Дэлегаты II з’езда Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. 1935.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПА́Л, Каралеўства Непал (Непал Адхірая),
дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на Пн з Кітаем, на З, Пд і У з Індыяй. Пл. 140,8 тыс.км². Нас. 24,3 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — непалі. Сталіца — г.Катманду. Падзяляецца на 14 зон (анчол), якія складаюцца з 75 абласцей. Нац. свята — Дзень нараджэння караля (28 снежня).
Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы і вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Заканад. ўлада належыць манарху і двухпалатнаму парламенту, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў (ніжняя палата, 205 дэпутатаў выбіраюцца прамым усеагульным і тайным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў) і Нац. асамблеі (верхняя палата, складаецца з 60 членаў, 10 з якіх назначае кароль, 35 выбіраюцца ніжняй палатай, астатнія 15 — калегіяй выбаршчыкаў. Тэрмін паўнамоцтваў верхняй палаты — 6 гадоў, яна абнаўляецца на 1/3 кожныя 2 гады; яе роспуск не дапускаецца. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кіраўнік урада.
Прырода. Тэр. Н. размешчана на паўд. схіле цэнтр.ч.Гімалаяў і ў перадгор’ях. На мяжы Н. і Кітая найвыш. вяршыня Зямлі — г.Джамалунгма. На крайнім Пд краіны — вузкая паласа алювіяльнай нізіны — тэраі (ч.Інда-Гангскай раўніны). У Гімалаях вылучаюцца 3 паралельныя хрыбты: Вял. Гімалаі (сярэднія выш. 5000—6000 м), Малыя Гімалаі (выш. каля 3000 м), хр. Сівалік (700—900 м). Паміж хрыбтамі — міжгорныя даліны на выш. 1000—1500 м, найб. з іх Катманду. Ёсць невял. радовішчы каменнага вугалю, сланцаў, жал., медных, свінцова-цынкавых руд, золата, серабра і інш. Клімат трапічны, мусонны, залежыць ад выш. над узр. мора. У студз. т-ры ў ніжняй зоне 15 °C, у сярэдняй каля 0 °C; у ліп. адпаведна 30 і 21 °C. На выш. больш за 4500—5000 м т-ры ўвесь год адмоўныя, вышэй 5000—5900 м — вечныя снягі і ледавікі. Ападкаў 1000—3000 мм, месцамі больш. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй, належаць бас. Ганга, найб. — Карналі, Гандак, Арун. У ніжняй зоне забалочаныя вечназялёныя субтрапічныя і трапічныя лясы, у сярэдняй — лістападныя шыракалістыя з дамешкам вечназялёных дрэў, на выш. 3500—4500 м — хвойныя, вышэй — хмызнякі і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі 42% тэр. краіны. У джунглях трапляюцца сланы, тыгры, леапарды, насарогі, дзікі, у гарах — гімалайскія мядзведзі, снежныя барсы, горныя бараны, дзікія козы. Нац. паркі — Чытаўэн, Сагарматха (разам з далінай Катманду ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны) і інш., некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Больш за 80% складаюць народы індаарыйскай групы: непальцы, або гуркхі — каля 13,4 млн.чал., біхарцы — каля 4,3 млн.чал., тхару, хіндустанцы, бенгальцы. Жывуць таксама народы сіна-тыбецкай сям’і (разам больш за 4 млн.чал.): тамангі, невары, магары, раі, гурунг, ламбу, бхатыя, шэрпа і інш. Каля 90% вернікаў вызнаюць індуізм, 5% — будызм (пераважна ламаізм), 3% — іслам. Сярэднегадавы прырост 2,5% (1998). Сярэдняя шчыльн. 172,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены міжгорныя даліны, асабліва даліна Катманду, дзе на 1 юг прыпадае больш за 1 тыс.чал. Шчыльна населены тэраі — да 200—300 чал. на 1 км². У гарадах жыве 11% насельніцтва (1998). Найб. гарады (1993, тыс.чал.): Катманду — 535, Лалітпур — 190, Бхактапур — 132. У сельскай гаспадарцы заняты 81% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 3%, у абслуговых галінах — 16%.
Гісторыя. Паселішчы на тэр. Н. вядомы з 3-га тыс. да н.э., а дзярж. ўтварэнні — з 8 ст. да н.э. У 1769 Прытхві Нараян Шах аб’яднаў тэр. Н. ў адзіную дзяржаву і заснаваў каралеўскую дынастыю Шах, якая кіруе дагэтуль. Пасля англа-непальскай вайны 1814—16 быў заключаны Сегаульскі дагавор, які ператварыў Н. у залежную ад Вялікабрытаніі дзяржаву. У 1846 пры падтрымцы англічан уладу захапіў прэм’ер-міністр Джанг Бахадур Рана, клан якога кіраваў Н. больш за 100 гадоў, каралі Н. заставаліся намінальнымі правіцелямі. У 1951 улада клана Рана скінута і ўсталявана канстытуцыйная манархія. Пасля перамогі на выбарах партыі Непальскі кангрэс (НК, засн. ў 1947) кароль Махендра Бір Бікрам Шах Дэў [1955—72] распусціў парламент і забараніў усе паліт. партыі. Канстытуцыя 1962 усталявала беспарт. сістэму панчаятаў (саветаў), пазбаўленых рэальнай улады. Пад націскам нар. выступленняў кароль Бірэндра Бір Бікрам Шах Дэў (з 1972) санкцыяніраваў увядзенне ў 1990 новай канстытуцыі, якая ўстанавіла шматпарт. рэжым парламенцкай дэмакратыі. Але ніводная з паліт. партый не можа атрымаць устойлівую большасць у парламенце.
Унутрыпаліт. становішча Н. ў 1990-я г. характарызавалася вострай барацьбой паміж НК і Камуніст. партыяй Н. — аб’яднанай марксісцка-ленінскай (КПН — АМЛ). Становішча ўскладняе т.зв.нар. вайна, якую з 1996 вядзе адна з мааісцкіх груповак. Пасля ўрада КПН — АМЛ (1994—95) на чале з М.М.Адхікары ў Н. змянілася некалькі кааліцыйных кабінетаў з прадстаўнікоў НК, КПН — АМЛ і Нац.дэмакр. партыі. Н. — чл.ААН (з 1955). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліп. 1993.
Дзейнічаюць паліт. партыі: Непальскі кангрэс, Камуніст. партыя Н. — аб’яднаная марксісцка-ленінская, Нац.дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з панаваннем феад. і паўфеад. адносін. Адна з найменш эканамічна развітых краін Азіі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 1100 дол. (1998). Сельская гаспадарка дае 41% ВУП, прам-сць — 22%, абслуговыя галіны — 37% (1997). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 4,5 млн.га зямель (32% пл. краіны), у т. л. пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 2,4 млн.га (арашаецца 0,85 млн.га), пад лугамі і пашай — каля 2,1 млн.га. 70% апрацаванай зямлі прыпадае на тэраі, 27% — на сярэднягорную вобласць, 3% — на высакагор’е. У гарах земляробства на тэрасавых схілах. Захоўваюцца памешчыцкае землеўладанне і дробнае сял. землекарыстанне. Значная частка сялян арандуе зямлю. На адну сял. гаспадарку прыпадае 0,5 га пашы. Гал.харч. культура — рыс (60% пасяўных плошчаў, штогадовы збор 2—3 млн.т). Вырошчваюць у тэраях і даліне Катманду, дзе збіраюць 2—3 ураджаі за год. Там жа вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, сою, экспартныя і тэхн. культуры — джут (3-е месца ў свеце), цукр. трыснёг, бавоўнік, алейныя культуры (гарчыца, арахіс), тытунь, чай, вострыя прыправы. У гарах вырошчваюць жыта, ячмень, проса, грэчку, гарох, бульбу; адзначана незаконнае вырошчванне опіумнага маку і кантрабандны вываз опію. Жывёлагадоўля — асн. галіна ў горных раёнах, разводзяць якаў, цзо (гібрыд яка і каровы), коз, авечак. У раўнінных раёнах пераважае буйн. раг. жывёла, выкарыстоўваецца і як цяглавая сіла. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (разам з якамі, буйваламі і зебу) 10,4, коз 5,9, авечак 0,9, свіней 0,7, птушкі 15,6. У прам-сці развіты асобныя галіны. Невял. здабыча жал., медных, цынкавых, свінцовых руд, золата, слюды, мармуру і інш.Вытв-сць электраэнергіі 1 млрд.кВт∙гадз (1996), 97% атрымліваюць на невялікіх ГЭС (выкарыстоўваецца толькі 0,2% гідраэнергет. патэнцыялу краіны). Пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. і лясной прадукцыі: джутавыя, тэкст., гарбарна-абутковыя, цукр., рысаачышчальныя, алейныя, піваварныя, малочныя, мукамольныя, запалкавыя, лесаапрацоўчыя. Гал. экспартнае значэнне маюць дывановая, швейная і джутавая галіны. Ёсць прадпрыемствы па выпуску паркету, тытунёвых вырабаў, цэменту, шкла, паперы, мыла і інш.Гал.прамысл. цэнтр — Катманду. Пашыраны саматужныя промыслы, звязаныя з вырабам прадметаў хатняга ўжытку, тканін, абутку, кошыкаў, цыновак, керамічнага посуду, с.-г. прылад, біжутэрыі, упрыгожанняў і інш. Экспартны кірунак маюць саматужнае дыванаткацтва і выраб прадметаў рэліг. культу. Развіта лесанарыхтоўка. Транспарт аўтамаб. і авіяцыйны. У краіне 7,7 тыс.км аўтадарог, у т. л. 3,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Авіяц. сувязі забяспечваюць 45 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Катманду. У гарах пераважае ўючны транспарт. Каля граніцы з Індыяй участкі чыгункі (101 км), канатная падвесная дарога (42 км). У 1997 экспарт склаў 394 млн.дол., імпарт — 1,7 млрд.дол. Н. экспартуе дываны і швейныя вырабы (70% кошту экспарту), джут і джутавыя вырабы, драўніну, рыс, алейную сыравіну, скуры, прадукцыю маст. промыслаў, імпартуе нафтапрадукты, хімікаты, трансп. сродкі, машыны і абсталяванне, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Індыя (каля 30% экспарту і імпарту), ЗША, Сінгапур, Кітай, Японія. Важную ролю адыгрываюць замежны турызм і альпінізм. Асн. раён турызму — даліна Катманду, альпінізму — раёны найвышэйшых гор-васьмітысячнікаў. Штогод Н. наведвае 300—400 тыс. замежных грамадзян, краіна атрымлівае каля 200 млн. долараў. Дэфіцыт гандл. балансу часткова пакрываецца пераводамі замежнай валюты непальцамі, якія працуюць за мяжой. Н. атрымлівае замежную дапамогу (35% расходнай ч. бюджэту). Асн. донары — Японія, Германія, ЗША, Індыя, Швейцарыя, Вялікабрытанія, міжнар. фінансавыя арг-цыі. Знешні доўг каля 2,5 млрд.дол. (1997). Грашовая адзінка — непальская рупія.
Літ.:
Непал: история, этногр., экономика: [Сб. ст.] М., 1974;
Редько И.Б. Очерки социально-политической истории Непала в новое и новейшее время. М., 1976.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя).
Герб і сцяг Непала.Да арт.Непал. Вялікі Гімалайскі хрыбет.Да арт.Непал. Ворыва на штучнай тэрасе.