мастацкі стыль і кірунак у еўрап. і амер. л-ры і мастацтве канца 18—1-й пал. 19 ст. Выявіўся таксама ў гіст. навуках, філасофіі, сацыялогіі, некат. галінах прыродазнаўства. Проціпаставіў сябе класіцызму і Асветніцтву.
Тэрмін «romantic» з’явіўся ў англ. мове ў 18 ст. і азначаў «падобны на раман сярэдневякоўя». Рамантычным называлася ўсё фантаст., незвычайнае, дзіўнае, якое сустракалася ў кнігах, а не ў рэчаіснасці. Адметныя рысы Р. — прыхільнасць да суб’ектывізму, уяўлення, свабода думкі і выражэння, ідэалізацыя прыроды, паэтызацыя гераічнай асобы, бунтара, змагара, ахвярніка. Вызначаўся ўвагай да ўнутр. свету чалавека, праяў моцных і яркіх пачуццяў, таямнічых рухаў душы. Апіраўся на вопыт сярэдневяковага хрысц. мастацтва, якое імкнулася перадаць звышпачуццёвае і пазачасавае. Існуюць некат. спробы класіфікаваць віды рамант. праяў: Р. рэвалюцыйны і рэакцыйны, прагрэсіўны і кансерватыўны, актыўны і пасіўны, аптымістычны і песімістычны. У рамант. свядомасці пераважаюць крытычныя матывы, цяга да адмаўлення рэчаіснасці, замена яе фантаст. або ідэалізаваным паказам. Філас. базай Р. сталі ідэі І.Фіхтэ аб свабодзе асобы і абсалютнай свабодзе «Я». У творчасці адмаўляліся ўсе абмежаванні, якія стрымлівалі свабоду і фантазію мастака. Перакананне, што геній не мае патрэбы ў правілах, бо сам дае правілы мастацтву (І.Кант), прывяло да адраджэння ідэалу паэта-прарока, нар. песняра, які спалучае маст. творчасць з місіяй нац. правадыра.
У літаратуры вылучаюць Р. зах.-еўрап. (франц., ням., англ., венг.), слав. (рус., польскі і інш.), амерыканскі. Франц.рамантыкі сцвярджалі новы, больш дэмакр. тып рамант. драмы, якая звязвала гісторыю і мастацтва, часта выводзіла на сцэну героя-бунтара, выхадца з народа (В.Гюго, А.Дзюма-бацька і інш.), распрацоўвалі жанр сац. рамана, які спрыяў развіццю нац. свядомасці (Гюго, Ж.Санд, Э.Сю). Адны з іх адмаўлялі прагрэсіўнасць грамадскага развіцця і трактавалі гісторыю як бессэнсоўны кругаварот падзей (Ф.Р.Шатабрыян), другія спрабавалі асэнсоўваць рэальныя падзеі. Так узнік жанр гіст. рамана (Санд, Гюго), мэтай якога стала стварэнне вобраза эпохі, дзе цесна пераплецены гіст. праўда і вымысел. Змены ў літ. творчасці закранулі і змест, і форму. Рэфарматарамі верша былі А. дэ Віньі, А.Ламарцін, А.Мюсэ, Ш.А.Сент-Бёў; верш стаў больш музыкальны, менш напышлівы. Англ. Р. характарызаваўся процістаяннем дзвюх плыней. Рамантыкі «азёрнай школы», або кансерватыўная плынь (У.Вордсварт, С.Т.Колрыдж, Р.Саўці), патрабавалі пашырэння паэт. тэматыкі, паказу гіст. падзей і знакамітых асоб, звярталіся да сентыментальнага, да нац. самаасэнсавання чалавека, адрадзілі цікавасць да У.Шэкспіра і Рэнесансу, шырока выкарыстоўвалі фальклор. Прадстаўнікі рэв. плыні (Дж.Байран, П.Б.Шэлі, Дж.Кітс) сцвярджалі пазіцыю актыўнага ўспрымання жыцця, павароту да сац. з’яў, не адмаўлялі і існавання сіл, якія непадуладныя чалавеку, але ўплываюць на рэальныя падзеі. Раманы В.Скота паўплывалі на рэаліст. і рамант. л-ру, паспрыялі ўсталяванню гістарызму ў еўрап. л-ры. Першыя ням.рамантыкі (Ф.Гёльдэрлін, Жан Поль) развівалі сатыру на тагачасны лад і выступілі з утапічнымі ідэямі. Іенскія рамантыкі (В.Г.Вакенродэр, Наваліс, Л.Цік, браты Шлегелі) былі захоплены пошукам пазабурж. ідэалу. Познія ням.рамантыкі (К.Брэнтана, Л.Арнім, Г.Кляйст, А.Шаміса, Г.Гейнэ, браты Грым, І.Айхендорф) узбагацілі нац. культуру легендамі, сказаннямі, песнямі. У Еўропе Р. пашырыўся дзякуючы творчасці Дж.Леапардзі, У.Фоскала, А.Мандзоні (Італія), Ш.Пецёфі (Венгрыя), А.Эленшлегера (Данія), Э.Тэгнера (Швецыя); Х. дэ Эспранседы (Іспанія), Б.Радзічавіча (Сербія), Я.Колара (Чэхія), Я.Краля (Славакія), В.Александры (Румынія). Для слав. Р. характэрны пошук новай пазітыўнай канцэпцыі асобы і народа. новых форм нац. жыцця, заснаваных на гіст. і духоўна-культ. падмурку мінулага, адраджэнні міфічных традыцый. Чэш. і славацкія паэты-рамантыкі адны з першых адкрылі ў сваёй творчасці тэму нац. бяздомнасці, гераічнай роспачы патрыёта. Польскі Р. выявіўся ў імкненні да адраджэння краіны (А.Міцкевіч, Ю.Славацкі). Фальклор у ім выкарыстоўваўся для таго, каб прасачыць сувязь тагачаснага пакалення са «светам продкаў», якія прадаўжаюць існаванне ў сферы духу (паэма Міцкевіча «Дзяды»), У простанар. пачатку Міцкевіч бачыў аснову маральных устояў. Ён упершыню ў бел. і польскай л-ры асудзіў сац. зло (паэмы «Конрад Валенрод», «Пан Тадэвуш»). Асобнае месца займае амер. Р., храналагічныя рамкі якога адрозніваюцца ад Р. еўрапейскага. Светаадчуванне амер. рамантыкаў вызначала вера ў свой асабісты шлях развіцця, у асобае прызначэнне Амерыкі. Іх тэматыка ўключала вайну за незалежнасць, асваенне кантынента, жыццё індзейцаў і інш. В.Ірвінг, Дж.Ф.Купер шукалі свае нац. патэнцыялы для выяўлення ідэі грандыёзных перспектыў маладых ЗША. Н.Хотарн, Э.По, Г.Мелвіл, Г.Лангфела, Р.У.Эмерсан, Г.Д.Тора, Э.Дзікінсан выказвалі расчараванне тымі шляхамі, якімі ішла Амерыка, паказвалі непераадольны разрыў паміж рэчаіснасцю з яе рабствам і эканам. крызісам і рамант. трансцэндэнтальным ідэалам. Рус. Р. развіваўся на фоне агульнаеўрап. літ. працэсу. Адрозненне рус. Р. выявілася ў паказе лёсу персанажа, які павінен быў паслядоўна прайсці праз многія этапы: ад гарманічных адносін з навакольным светам, праз канфлікты да расчаравання і рэзкага разрыву з асяроддзем, уцёку ці выгнання. Рост нац. і асабістай свядомасці ў прасякнутых духам свабоды творах К.Рылеева, В.Кюхельбекера, А.Адоеўскага, А.Бястужава (Марлінскага). Філас.-псіхал. і рэліг.-меланхалічныя настроі адчуваліся ў В.Жукоўскага, Я.Баратынскага, К.Бацюшкава, І.Казлова, А.Пагарэльскага, Ф.Цютчава. Рамант. матывы, вобразы і сюжэты паступова прыняў і паслядоўна развіваў А.Пушкін. З канца 1830-х г. хваля Р. захапіла М.Лермантава і М.Гогаля. Лірыка Лермантава з экзатычным выбарам месца дзеяння, з героем-бунтаром і яго наратыўны (апавядальны) верш увасабляюць пік рус. Р., т. зв. залатога веку рус. паэзіі. На фарміраванне Р. паўплывала і ідэалогія дзекабрыстаў.
У бел. л-ры Р. складваўся ва ўмовах замаруджанага развіцця нац.-вызв. і антыпрыгонніцкага руху, што абумоўлівалася недастаткова развітой сац. і нац. свядомасцю сял. мас, іх малапісьменнасцю, дэнацыяналізацыяй пануючых вярхоў і мясц. інтэлігенцыі, іх адрывам ад нар. глебы. Развіваўся пад моцным уплывам польскіх і рус. рамантыкаў. Яго прадстаўнікі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, У.Сыракомля, В.Дунін-Марцінкевіч стваралі сюжэты, заснаваныя на нар. жыцці і фальклоры. Іх творчасць была пераважна польскамоўнай паводле формы, але выяўляла цікавасць да лёсу, гісторыі, побыту і традыцый бел. народа. Асаблівасцямі бел. Р. з’яўляюцца сакралізацыя айчыны, захапленне мінуўшчынай, інтымная лірычнасць, якая не страціла сувязей з сентыментальнай паэзіяй, містыка і звароты да міфалогіі, фальклору. Асн. рысы бел.рамант. балады (незвычайнасць абставін, перапляценне рэальнага і звышнатуральнага) відавочныя ў «Нячысціку» Рыпінскага, у польскамоўных баладах Баршчэўскага, заснаваных на бел. паданнях. Характэрным творам бел. Р. з’яўляецца паэма «Мачаха» Адэлі з Устроні, у якой узнёсла выказана пачуццё любові да роднага краю, персаніфікаваны сілы прыроды, відавочная насычанасць алегорыямі і сімваламі. Рысы Р. яскрава выявіліся ў дакастр. творчасці Я.Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»), Я.Коласа («Сымон-музыка»), Цёткі («Мора»), М.Багдановіча («Страцім-лебедзь»), З.Бядулі («Салавей»). У сучаснай бел. л-ры рамант. тэндэнцыі найб. адчувальныя ў творах У.Караткевіча, Я.Брыля, І.Навуменкі, А.Карпюка і інш.
У архітэктуры і выяўленчым мастацтве Р. стаў першым кірункам, у якім вызначыліся ўсведамленне творчай асобы як суб’екта маст. дзейнасці, поўнай свабоды творчасці, прыярытэт індывід. густу. У архітэктуры Р. выявіўся ў захапленні архаікай, экзотыкай, гіст. і нац. матэрыялам, у паглыбленні ў сімвалізм і дэкаратыўнасць; закрануў пераважна садова-паркавую архітэктуру, архітэктуру малых форм і кірунак несапраўднай готыкі. У выяўл. мастацтве ён не стаў адзіным універсальным стылем, а выявіўся ў шэрагу асобных плыней і кірункаў, часта з захаваннем стылістычных асноў класіцызму.
Найб. паслядоўная школа Р. склалася ў Францыі. Яна вызначалася дынамічнасцю кампазіцыі, аб’яднаннем форм бурлівым рухам; у жывапісе — яркім насычаным каларытам, святлоценявымі і тонавымі кантрастамі, лёгкай, часта абагульненай манерай пісьма (А.Гро. Ж.Л.Давід, П.Ж.Давід д’Анжэ, А.Дам’е, Э.Дэлакруа, Т.Жэрыко, П.П.Прудон, Ф.Руд). Мастакам Германіі і некат. інш. краін Р. былі ўласцівы меланхалічна-сузіральная танальнасць вобразна-эмац. ладу, містыка-пантэістычны настрой, пераважалі партрэт і алегарычная кампазіцыя (Ф.Рунге, І.Г.Фюслі), пейзаж (К.Фрыдрых). Рамантычны пейзаж пашырыўся ў Вялікабрытаніі (Р.Бонінгтан, Дж.Констэбл, У.Тэрнер) і ЗША (Дж.Інес). У інш. краінах Р. развіваўся пераважна ў рэчышчы нац.-вызваленчых ідэй: Я.Матэйка, П.Міхалоўскі (Польшча), І.Манес, І.Наўраціль (Чэхія), прадстаўнікі кастумбрызму ў Лац. Амерыцы і інш. Блізкай да Р. была творчасць бідэрмееру, дзюсельдорфскай школы жывапісу, назарэйцаў, прэрафаэлітаў. У Расіі Р. у рознай ступені выявіўся ў партрэтах А.Кіпрэнскага, В.Трапініна, супярэчліва спалучаўся з класіцызмам у творчасці К.Брулова, Ф.Бруні, Ф.Талстога, у пэўнай ступені закрануў жывапіс А.Іванава, П.Фядотава.
На Беларусі Р. у архітэктуры выявіўся ў аздабленні паркаў штучнымі руінамі, гротамі, невял. збудаваннямі ў выглядзе гатычных сабораў (капліца ў в. Закозель Драгічынскага р-на) і замкаў (будынак б. бібліятэкі ў Станькаўскім палацава-паркавым ансамблі), пахавальнямі і памятнымі плітамі («камень Касцюшкі» ў в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на), абеліскамі, імітацыямі сельскіх пабудоў, брамамі (в. Старыя Пескі Бярозаўскага р-на). У каталіцкіх культавых будынках (т. зв. цаглянай архітэктуры) і сядзібна-палацавым буд-ве Р. развіваўся пераважна ў формах несапраўднай готыкі (капліца і сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на, Прылуцкі палацава-паркавы комплекс і інш.). У архітэктуры рамант. палацаў трапляюцца кампрамісныя вырашэнні: класіцыстычная планіровачная структура і псеўдагатычная трактоўка аб’ёму (Косаўскі палац), а таксама рэнесансавыя рэмінісцэнцыі (Лынтупская сядзіба). Залы замкаў і палацаў аздабляліся ў антычным, гатычным, «кітайскім», «турэцкім» і інш. стылях. Іх выяўленчы бок шырока трактаваў гіст. тэматыку, грэч. міфалогію, алегорыю, сімволіку. У рэтраспектыўных арх. формах вырашалася і абсталяванне інтэр’ера, напр., кафельныя печы (у сядзібе Станіславова ў Гродне), мэбля, прадметы дэкар.-прыкладнога мастацтва. У выяўленчым мастацтве мастакі не парывалі канчаткова з вобразнымі і фармальнымі прынцыпамі класіцызму, спрабавалі напоўніць іх новым светаадчуваннем, пазбавіць творы халоднай стрыманасці і традыц. умоўнасці, характэрных для позняга класіцызму. Найб. яскрава рысы Р. выявіліся ў жанры партрэта, дзе мастакі імкнуліся стварыць вобраз творчай, незалежнай асобы, «героя часу» (І.Аляшкевіч, В.Ваньковіч, Я.Дамель). У творах гіст. і батальнага жанраў адлюстроўвалі знамянальныя, часта трагічныя падзеі (В.Дмахоўскі, Я.Сухадольскі). Пад уплывам Р. развівалася творчасць А.Бартэльса, Б.Клямбеўскага, Я.Манюшкі, Р.Слізня, сфарміравалася творчасць М.Э.Андрыёлі.
У музыцы Р. фарміраваўся і развіваўся пад уплывам літ. Р. Прайшоў стадыю перадрамантызму ў нетрах класіцызму (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.), стаў самастойнай з’явай у 1800—20-я г. ў творчасці Ф Шуберта (Аўстрыя), Э.Т.А.Гофмана, К.М.Вебера (Германія), Н.Паганіні, Дж.Расіні (Італія), Дж.Філда (Ірландыя) і інш. У 1830—50-я г. прадстаўлены дасягненнямі Ф.Шапэна (Польшча), Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, Р.Вагнера (Германія), Г.Берліёза, Дж.Меербера (Францыя), Ф.Ліста (Венгрыя), В.Беліні, Дж.Вердзі (Італія). Позні этап (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) — творчасць І.Брамса (Германія), А.Брукнера, Х.Вольфа (Аўстрыя), познія творы Ліста, Вагнера, раннія творы Г.Малера (Аўстрыя), Р.Штрауса (Германія) і інш. — падрыхтаваў новыя кірункі і плыні ў еўрап. музыцы: верызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм. Развіццё муз. Р. ў краінах Еўропы абумоўлена гісторыка-культ. кантэкстам. У Аўстрыі і Германіі ён звязаны з росквітам лірычнай ням. паэзіі і вак.-камерных жанраў; у Францыі — з дасягненнямі ў галіне т-ра і літ. рамана; у шэрагу інш. краін — с самавылучэннем і развіццём нац. кампазітарскіх школ (Расія, Чэхія, Польшча, Нарвегія і інш.). У некат. школах 2-й пал. 19 ст. (рус., італьян., франц.) Р. сутыкаўся з рэалізмам (А.Вярстоўскі, пазней П.Чайкоўскі, С.Рахманінаў, часткова кампазітары «Магутнай кучкі», М.Метнер, А.Скрабін, Вердзі, Ж.Бізэ). Для Р. характэрны антытэзы (рэальнае — ідэальнае, камічнае — трагічнае і інш.), з аднаго боку канфліктнасць, матывы адзіноты, з другога — ідэалізацыя былога, з’яў прыроды. Адхіленасць ад паўсядзённасці не выключала пэўнай аўтабіяграфічнасці і спавядальнасці (Шуберт, Шумен, Берліёз, Ліст, Вагнер і інш.). Лірыка-псіхал. тэма дамінуе ў оперы, сімфоніі, камерна-інстр. і камерна-вак. музыцы. Вял. значэнне надавалася паслядоўнай эвалюцыі і трансфармацыі кантрастных вобразаў («Сімфанічныя эцюды» Шумана), якія часам сумяшчаліся ў адным творы («Фауст-сімфонія», фп. саната h=moll Ліста; сімфоніі Малера). Важнейшы момант эстэтыкі музыкі Р. — ідэя сінтэзу мастацтваў (росквіт опернага, балетнага жанраў; імкненне да дэталізаванага ўвасаблення паэт. слова ў вак. партыі, экспрэсіўныя функцыі арк. суправаджэння, сцэн. дзеянні і інш.), якая найб. ярка выявілася ў опернай творчасці Вагнера і ў праграмнай музыцы (Ліст, Шуман, Берліёз). Выразныя прыёмы, што склаліся ў межах праграмнай музыкі, пранікалі ў непраграмныя творы з абвешчанай ці скрытай праграмнасцю («лісток з альбома», балада, легенда, рапсодыя і інш.). Узбагаціліся сродкі муз. фактуры, актывізаваўся пошук новых тэмбрава-аркестравых сродкаў. З нябачнай дагэтуль канкрэтнасцю, маляўнічасцю і натхнёнасцю рамантыкі ўзнаўлялі вобразы прыроды. З яе вобразнай сферай цесна звязана развіццё жанравага і лірыка-эпічнага сімфанізму. Распрацоўваліся новыя сродкі муз. мовы і прынцыпы формаўтварэння: сістэма лейтматываў і лейттэм, індывідуалізацыя мелодыкі і ўкараненне моўных інтанацый, пашырэнне тэмбравай і гарманічнай палітры музыкі (мелодыкі, ладу, гармоніі, інструментоўкі). Цікавасць да вобразнай характарнасці, партрэтнасці, псіхал. дэталізацыі абумовіла росквіт вак. і фп. мініяцюры (песня, раманс, мініяцюра, невял. інстр. п’есы тыпу «песня без слоў», накцюрн, прэлюдыя, вальс, мазурка, экспромт і інш.). Зменлівасць і кантрастнасць жыццёвых уражанняў увасобілася ў вак. і фп. цыклах (гл.Цыклічныя формы), якія апіраюцца на прынцып скразнога развіцця, што рэалізоўваўся ў інтанацыйных сувязях паміж асобнымі п’есамі цыкла («Карнавал», «Крэйслерыяна» Шумана; «Карцінкі з выстаўкі» М.Мусаргскага, «Карнавал жывёл» К.Сен-Санса і інш.). У буйных жанрах (сімфоніі, санаце, квартэце, оперы) выявілася тэндэнцыя да свабоднага самавыяўлення, паступовай трансфармацыі вобразаў, скразнога драматург. развіцця, узніклі свабодныя і мяшаныя формы ў муз. жанрах: сімфанічная паэма, фантазія, арабеска, балада, рапсодыя і інш. У мастацтве 20 ст. традыцыі Р. выяўляюцца ў межах неарамантызму.
Тэндэнцыі муз. Р. адлюстраваліся ў спадчыне кампазітараў 19 ст., творчыя лёсы якіх былі звязаны з Беларуссю. Уплыў суседніх муз. культур (рус. і польская) абумовіў запаволенае развіццё бел.нац. элемента ў творчасці бел. кампазітараў. Аднак зах.-еўрап. Р. з уласцівай яму глыбіннай зацікаўленасцю да самабытнага, нац.-фалькл. станоўча паўплываў на гіст.-культ. працэс станаўлення бел. кампазітарскай творчасці. Засвойваліся новыя сферы муз. вобразнасці, стылістыкі кампазітарскага пісьма, форм, жанраў. Аб раннерамант. уплывах сведчаць песенна-рамансавая і інстр. спадчына В.Казлоўскага. Спалучэнне класіцыстычных і раннерамант. тэндэнцый адчувальна ў вак. спадчыне М.К.Агінскага. Опера эпохі Р. прадстаўлена творамі С.Манюшкі 1850—60-х г. («Сялянка», «Галька», «Страшны двор») і А.Радзівіла («Фауст»). Аркестравыя творы ў 19 ст. стваралі Ф.Міладоўскі, Ю.Дашчынскі, Н.Орда, М.Міцкевіч, Манюшка, у пач. 20 ст. — М.Карловіч. Блізкія да традыцый муз. Р. сімф. уверцюры Манюшкі і 6 сімф. паэм Карловіча. Рамант. выразнасцю і стылістыкай пазначаны кантаты Манюшкі, асабліва бел. перыяду («Мільда», «Ніёла», «Мадонна» і інш.). Важнае месца належыць інстр. мініяцюры (фартэпіянная і скрыпічная), рамант. вобразнасць якой (лірычны пейзаж, замалёўкі характараў, настрою, партрэты і інш.) уключае элементы муз. фальклору. Інстр. мініяцюры ў традыц. для муз. Р. жанрах стваралі Агінскі, Казлоўскі, А.Абрамовіч, Орда, М.Ельскі, Міладоўскі, І.Глінскі, Дашчынскі, Манюшка і інш. Завастрэнню рамант. характэрнасці інстр. твораў спрыяе праграмная задума, адлюстраваная ў назвах п’ес або ў аўтарскім каментары (фп. цыклы «Шэсць пораў года», «Шэсць характарыстычных п’ес» Абрамовіча і інш.).
Літ.:
Ванслов В.В. Эстетика романтизма. М., 1966;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Литературные манифесты западноевропейских романтиков. М., 1980;
История зарубежной литературы XIX в. 2 изд. М., 1999;
Турчин В.С. Эпоха романтизма в России. М., 1981;
Казбярук У.М. Рамантычны пошук. Мн., 1983;
Соллертинский И.И. Романтизм, его общая и музыкальная эстетика // Соллертинский И.И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963. Т. 1;
Васина-Гроссман В.А. Романтическая песня XIX в. М., 1966;
Музыка Австрии и Германии XIX в.: В 3 кн. Кн. 1—2, М., 1975—90;
Габай Ю. Романтический миф о художнике и проблемы психологии музыкального романтизма // Проблемы музыкального романтизма. Л., 1987;
Романтизм в музыке. Мн., 1999;
Крауклис Г. Романтический программный симфонизм. М., 1999;
Антоневич В.А. Белорусское композиторское творчество в его связях с фольклором. Мн., 1999;
Дадзіёмава В.У. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі. Мн., 2000.
Да арт.Рамантызм. Э.Дэлакруа. Смерць Сарданапала. 1827.Да арт.Рамантызм. І.Г.Фюслі. Жах. 1790—91.Да арт.Рамантызм. К.Д.Фрыдрых. Мелавыя скалы на востраве Руген.Да арт.Рамантызм. Уязная брама сядзібы ў вёсцы Старыя Пескі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пры́кры, ‑ая, ‑ае.
1. Які не падабаецца; непрыемны, брыдкі. Шэрыя хмары віселі нізка-нізка, часамі сыпаўся дробны дожджык, прыкры і халодны.Чарнышэвіч.[Лабановіч] закурыў, каб перабіць прыкрыя думкі.Колас.Нехта хіхікаў тонкім, прыкрым смяшком.Хадкевіч.// Пакутлівы, цяжкі. — Добра ў нас, Федзя! — сказаў [Шэршань], каб неяк парушыць прыкрую цішыню, якая ўсталявалася пасля адыходу людзей.Лынькоў.У хаце запанавала глухая і прыкрая маўчанка.Васілевіч.Нельга было адкінуць прыкрае адчуванне, што ззаду цэляцца ў спіну.Мележ.
2. Які выклікае пачуццё незадавальнення; крыўдны. Прыкры выпадак. □ На сэрцы застаўся прыкры асадак ад чутага і бачанага.Гартны.— Я лепш пасяджу галодны дзень, але каб я спакоен быў і каб ніхто мне не мог слова сказаць прыкрага.Чорны.
4. Прытарны, агідны. Прыкрая ласкавасць. □ Без рамантыкі, прыкрай і лішняй, .. адзначаем — батрак колішні і навуку любіў і работу.Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВЯРЦІ́НСКІ (Анатоль Ільіч) (н. 18.11.1931, в. Дзямешкава Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык. Скончыў БДУ (1956). Працаваў у прэсе. У 1975—82 сакратар праўлення СП Беларусі, у 1986—90 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». У 1990—96 дэп. Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1951. Першы зб. паэзіі «Песня пра хлеб» (1962). Тэмы сучаснага жыцця ў яго шматгранных вымярэннях — у аснове кніг «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979). Творам Вярцінскага ўласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, аналітычнасць, вострая публіцыстычнасць. Паэт асэнсоўвае «вечныя» праблемы чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці жыцця, услаўляе духоўную веліч чалавека, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць. Найб. значныя творы — ліраэпічныя паэмы «Заазер’е» і «Дажынкі» (1968) — прысвечаны жыццю пасляваен. бел. вёскі, маці — вясковай працаўніцы — лірычная паэма «Начны бераг» (1972), у якой сцвярджаецца неабходнасць захавання гармоніі ва ўзаемаадносінах чалавека з прыродай, і лірыка-філас. паэма «Колькі лет, колькі зім!» (1979, тэлеспектакль 1980). Аўтар п’ес для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй!» (паст. 1974), «Скажы сваё імя, салдат» (паст. 1975), «Гефест — друг Праметэя» (паст. 1984), літ.-крытычных і публіцыстычных твораў (зб. «Высокае неба ідэалу», 1980, «Нью-Йоркская сірэна», 1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы класічнай і сучаснай рус., укр., літ., лат., балт., польск., венгерскай паэзіі, п’есы Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго каханага», М.Себасцьяна «Безыменная зорка», В.Пальчынскайтэ «Спяшаюся за летам».
Тв.:
Выбранае. Мн., 1973;
Святло зямное. Мн., 1981;
Дзякуй, вялікі дзякуй!: П’есы. Мн., 1983;
Хлопчык глядзіць... Мн., 1992.
Літ.:
Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 91—102;
Сямёнава А. Высокае неба // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Бугаёў Дз. Споведзь даверлівая і шчырая // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979;
Лойка А. Пераадоленне // Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Арочка М. Усе чатыры вятры паэзіі // Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;
Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 129—131, 134—136, 161—167;
Бечык В. На аснове чалавечай роднасці... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Гніламёдаў У. Вершы мае — пісьмы // Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАТО́РЫЯ (італьян. oratorio ад лац. oro гавару, малю),
буйная шматчасткавая кампазіцыя для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімф. аркестра пераважна эпіка-драм. характару, прызначаная для канцэртнага выканання. Мае агульныя рысы з операй (сюжэт, наяўнасць арый, рэчытатываў, ансамбляў, хароў), адрозніваецца ад яе адсутнасцю акцёрскай ігры, дэкарацый (як выключэнне бываюць сцэнічныя араторыі), перавагай апавядальнасці над драм. дзеяннем. У параўнанні з кантатай мае большыя памеры, ярка выражаную сюжэтную аснову.
Зарадзілася на мяжы 16—17 ст. ў Італіі. Напачатку араторыі пісалі на біблейскія, евангельскія або ант. сюжэты. Росквіт жанру ў 18 ст. звязаны з творчасцю Г.Ф.Гендэля, які стварыў класічны тып манум. героіка-эпічнай араторыі, і І.С.Баха, чые пасіёны (страсці) насычаны глыбокім філас. зместам. Пад уплывам асаблівасцяў розных нац. культур араторыя мадыфікавалася. Адбывалася яе сімфанізацыя (кампазітары венскай класічнай школы) або лірызацыя (кампазітары-рамантыкі). У 20 ст. адрадзілася цікавасць да араторыі, якая інтэнсіўна збліжаецца з операй, кантатай, сімфоніяй.
У бел. музыцы першыя араторыі створаны ў 1930-я г. (блізкая да араторыі вак.-сімф. паэма «Над ракою Арэсай» М.Аладава, незакончаная араторыя «Вызваленне» Я.Цікоцкага). У 1960-я г. напісаны араторыі «Песня пра Кубу» С.Картэса, «Званы» Я.Глебава, «Мы — беларусы» К.Цесакова, першая камерная араторыя «Песні Хірасімы» (для чытальніка, салістаў — барытона і сапрана і 2 фп.) Дз.Смольскага. З 1970-х г.бел. араторыі вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі і жанравымі разнавіднасцямі. Сярод найб. значных араторый «Мая Радзіма» Смольскага, «Свяці, зара» Глебава, «Зямля Беларусі» У.Дарохіна (сл. П.Броўкі), «Памяці паэта» Картэса і «Паэт» Смольскага на вершы Я.Купалы, «Памяць Хатыні» В.Войціка, «Хатынь» Цесакова, «Ванька-Устанька» (сл. Я.Еўтушэнкі) і «Вольнасць» паводле кн. А.Радзішчава «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Мдывані. У 1980 — пач. 1990-х г. створаны араторыі «Бітва за Беларусь» А.Багатырова, «Думкі рускія» А.Бандарэнкі, «Лісткі з календара» (сл. М.Танка) А.Залётнева, «Сказ пра Ігара» і «Іканастас» Л.Шлег, «Куранты» В.Капыцько, «Зорка паэта» Э.Наско, «Беларускае вяселле» Цесакова, «Партызанскія песні» У.Алоўнікава і інш.
Большасць бел. араторый ярка публіцыстычныя, напоўненыя грамадз. пафасам. Для іх характэрны апора на бел. паэзію, прыёмы развіцця, інтанацыйныя і ладавыя асаблівасці бел.муз. фальклору, увядзенне нац. інструментаў. У шэрагу араторый выкарыстаны новыя сродкі выразнасці, у т. л. прыёмы моўнай дэкламацыі з фіксаванымі гукавышыннай лініяй і рытмам, санорныя эфекты, элементы алеаторыкі, серыйнай тэхнікі, падпарадкаваныя маст. мэтам.
Літ.:
Розенов Э.К. Очерк истории оратории // Розенов Э.К. Статьи о музыке: Избр. М., 1982;
Кулешова Г.Г. Белорусская кантата и оратория. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРНАЯ МУ́ЗЫКА,
галіна муз. мастацтва, якая ўключае вакальныя і інструментальныя творы для невял. складу выканаўцаў (сола або ансамбляў). Ёй уласцівы дэталізацыя муз. драматургіі, адмысловая распрацоўка матэрыялу, тэндэнцыя да індывідуалізацыі ўсіх партый. Асн. разнавіднасці твораў К.м. — раманс, вак. цыкл, саната, санатна-цыклічныя ансамблі (трыо, квартэт, квінтэт і інш.), інстр. п’есы і цыклы п’ес.
Тэрмін «К.м.» вядомы з 16 ст. як вызначэнне стылявой дыферэнцыяцыі свецкай музыкі. звязанай пераважна з быт. (хатнім) музіцыраваннем, царк. і тэатр. музыкі. Вырашальную ролю ў фарміраванні камерна-інстр. жанраў адыгралі прадстаўнікі венскай класічнай школы, камерна-вакальных — кампазітары-рамантыкі Ф.Шуберт, Р.Шуман. З 19 ст. выконваецца ў канцэртных залах. У 19—20 ст. значныя дасягненні ў К.м. належаць Ф.Шапэну, І.Брамсу, А.Дворжаку, Х.Вольфу, К.Дэбюсі, Л.Яначаку, Б.Бартаку, П.Хіндэміту, М.Глінку, А.Даргамыжскаму, М.Мусаргскаму, П.Чайкоўскаму, С.Танееву, С.Рахманінаву, А.Скрабіну, М.Метнеру, Дз.Шастаковічу, С.Пракоф’еву, М.Мяскоўскаму, Г.Свірыдаву.
На Беларусі ансамблевае музіцыраванне вядома з 17 ст. У канцы 18 ст. пашырана ігра на клавесіне, клавікордзе, у 19 ст. — фартэпіяннае, скрыпічнае, квартэтнае музіцыраванне. Арыгінальныя камерныя творы належаць А.Абрамовічу, І.Глінскаму, М.Ельскаму, Н.Орду, Ф.Міладоўскаму, В.Казлоўскаму. У 20 ст. К.м. фарміравалася ў рэчышчы агульнага развіцця бел.муз. культуры. У інстр. творах 1920—30-х г. характэрная рыса — цытаванне фалькл. матэрыялу (квартэты М.Крошнера, М.Чуркіна, В.Яфімава). Больш складаныя сувязі з фальклорам у творах М.Аладава, А.Багатырова, П.Падкавырава, Р.Пукста, Я.Цікоцкага. Вакальная К.м. бел. кампазітараў ахоплівае рамансы і вак. цыклы (Л.Абеліёвіч, Багатыроў, Г.Гарэлава, Дз.Лукас, Пукст, Дз.Смольскі, Э.Тырманд, Л.Шлег). Інстр. мініяцюры ёсць ва ўсіх бел. кампазітараў, але найб. іх стварылі Абеліёвіч, Я.Глебаў, В.Карэтнікаў, Падкавыраў, Смольскі. Цыклы п’ес для дзяцей пішуць В.Войцік, С.Картэс, А.Навахрост, Ф.Пыталеў, Тырманд, К.Цесакоў, Шлег і інш. Побач з традыц.інстр. складамі бел. кампазітары шырока выкарыстоўваюць у К.м. духавыя, ударныя і нар.муз. інструменты, узбагачаецца вобразная сфера (С.Бельцюкоў, Гарэлава, У.Кур’ян, Смольскі, Шлег). На стылістыцы К.м. адбіліся ўсе характэрныя тэндэнцыі бел.муз. мастацтва на розных этапах яго развіцця.
Літ.:
Рацкая Ц.С. Советская камерная музыка. М., 1965;
Раабен Л.Н. Советская камерно-инструментальная музыка. Л., 1963;
Яго ж. Камерная инструментальная музыка первой половины XX в.: Страны Европы и Америки. Л., 1986;
Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Антоневич В.А. Камерно-инструментальная музыка // Белорусская музыка 1960—1980 гг.Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
смуга́, ‑і, ДМ смузе, ж.
1. Лёгкая, падобная на дым атмасферная пялёнка, дымка, туман. Агорнутыя сіняватаю смугою, журботна пазіралі далечы і ніклі ў святле жнівеньскага сонца.Колас.Неба тым часам усё хмурнела. Смуга зрабілася хмарай і схавала сонца.Чарнышэвіч.Ранішняя смуга памалу рассейваецца.С. Александровіч.Дарогі знікалі недзе за Мінскам у летняй смузе, недзе вельмі далёка.Мележ.// Непразрыстае воблака, пялёнка з пылу, дыму, снегу і пад. Залацістая пыльная смуга шугала ад саламатрэса.Паслядовіч.// Покрыва чаго‑н., сляды ад чаго‑н. Напярэдадні прайшоў спорны веснавы дождж, першы ў гэтым годзе. Ён абмыў з зямлі ўсю смугу, што засталася ад зімы.Шахавец.На кожнай яблыні, на ліпе Смуга пажоўклая вісела.Бялевіч.Пасля на вуголлі пачала ўвачавідкі расці тоненькая смуга попелу.Быкаў.
2.перан. Тое, што перашкаджае ясна бачыць, затуманьвае. Вочы.. [Марынкі] ахутваліся смугой, калі яна задумвалася і глядзела перад сабой.Хадкевіч.// Тое, што перашкаджае разумець што‑н. І страх у панскіх мыслях блудзіць, Смуга ў свядомасць забрыла.Колас.// Выраз, праяўленне на твары якога‑н. настрою. Смуга на твары, нібы скруха...Кусянкоў.
3.перан. У некаторых выразах выкарыстоўваецца для абазначэння няяснасці, няпэўнасці. У смузе гадоў. Скрозь смугу стагоддзяў.// Загадкавасць, тайна. Толькі час над сном маленства ўявіўся, Разагнаў рамантыкі смугу.Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БУХАРЭ́СТ (Bucureşti),
горад, сталіца Румыніі. Размешчаны на Пд краіны ў межах Ніжнедунайскай нізіны на р. Дымбавіца, за 45 км ад р. Дунай. Утварае самаст.адм. адзінку. 2,1 млн.ж., з прыгарадамі каля 2,4 млн.ж. (1993). Буйны трансп. вузел — месца перасячэння транс’еўрапейскіх чыг. і аўтамаб. магістраляў. Міжнар. аэрапорт Атапень. У Бухарэсце сканцэнтравана 1/6прамысл. вытв-сці краіны, у т. л. больш як 1/4 прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі, 1/3тэкст., 1/2 паліграфічнай. Займае вядучую ролю ў вытв-сці складаных машын і прылад (электроніка, электра- і радыётэхніка, прыладабудаванне), хім. прадукцыі (вырабы з гумы, пластмасаў, фарбавальнікі, лакі, фармацэўтычныя і парфумерныя тавары). Прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі, станкабудавання, нафтаперапр., с.-г. і трансп. машынабудавання, будматэрыялаў, шклофарфоравай, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Разнастайныя галіны харч. (мясная, мясакансервавая, алейная, тытунёвая і інш.) і лёгкай (тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, футравая і інш.) прам-сці. Метрапалітэн.
Вядомы з 14 ст. як 2-я рэзідэнцыя валашскага феад. княства. З 1459 крэпасць для абароны Валахіі ад тур. набегаў. З 1659 сталіца Валахіі. У 19 ст. цэнтр нац.-вызв. руху. З 1861 сталіца Румыніі. Тут падпісаны Бухарэсцкі мірны дагавор 1812 і Бухарэсцкі мірны дагавор 1918. У чэрв. 1941 у Бухарэст уведзены ням.-фаш. войскі, вызвалены ў ходзе Народнага ўзброенага паўстання ў Румыніі 1944 супраць фаш. рэжыму І.Антанеску. У 1947 у Бухарэсце абвешчана Рум.Нар. Рэспубліка. Цэнтр Народнага паўстання ў Румыніі 1989—90, якое прывяло да звяржэння таталітарнага рэжыму Н.Чаўшэску.
Старая частка Бухарэста размешчана на берагах р. Дымбавіца, у раёне б. Кветкавага базару (цэрквы Міхай-Водэ, 1589—91, Патрыяршая, 1654—58, Стаўраполіс, 1724—30). У 19—20 ст. склаўся новы цэнтр горада з радыяльнымі і кальцавымі магістралямі, параднымі пабудовамі ў духу эклектызму, нац.рамантыкі, неакласіцызму і функцыяналізму: т.зв. Атэнеум (філармонія; 1886—88), Палац Рэспублікі (1930—37), Прэзідыум Савета Міністраў (1936—38, арх. Д.Марку) і інш. Паводле ген. плана 1952 пабудаваны дом паліграф.к-та «Скынтэя» (1948—53), комплекс ВДНГ (1964), аэрапорт (1970), ансамбль Нац.т-ра імя І.Л.Караджале з гасцініцай «Інтэркантыненталь» (1970—73, арх. Х.Майку і інш.), жылыя раёны (Флараска, Тытан, Букурэшты-Ной і інш.).
У Бухарэсце АН Румыніі (з 1879). 13 ВНУ, у т. л.ун-т (з 1864), кансерваторыя, політэхн.ін-т. Н.-д. ін-ты (у т. л.Ін-т эндакрыналогіі і геранталогіі). Музеі: Нац., Гісторыі прыроды, мастацтваў Румыніі, Музей вёскі. Тэатры: оперы і балета, Нац. імя І.Л.Караджале і інш. Універсітэцкі бат. сад (з 1860).
Ф.С.Фешчанка (гаспадарка).
Будынак Атэнеума ў Бухарэсце.Да арт.Бухарэст. Патрыяршая царква. 1654—58.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЛЯ́НА (Ljubljana),
горад, сталіца Славеніі. Знаходзіцца ў міжгорнай Люблянскай катлавіне абапал р. Любляніца каля яе ўпадзення ў р. Сава. 276 тыс.ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (гідратурбіны, эл.-тэхніка, прыладабудаванне і інш.), тэкст., харч., хім., гарбарна-абутковая, дрэваапр., папяровая, фармацэўтычная, паліграфічная. Славенская акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т. Турызм, міжнар. кірмашы, фестывалі.
У 1 ст.н.э. на месцы Л. знаходзіўся рым. лагер, потым г. Эмона (разбураны ў 5 ст.). Як славенскае паселішча вядома з 1144. У 2-й пал. 13 ст. Л. (ням. назва Лайбах) атрымала гар. правы, адм. ц. Крайны. З 1335 уладанне Габсбургаў, з 1460-х г. рэзідэнцыя епіскапа. У 15—16 ст. найбуйнейшы гандл. цэнтр на славенскіх землях. У 16 ст. тут пашырылася Рэфармацыя (П.Трубар), у 1595 засн.ун-т. З 1809 гал. горад Ілірыйскіх правінцый Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 Л. перададзена Аўстрыі. У 1821 тут праходзіў кангрэс Свяшчэннага саюза (Лайбахскі кангрэс). У 19 — пач. 20 ст. цэнтр славенскага нац.-вызв. руху. З 1918 сталіца Славеніі ў складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У крас. 1941 акупіравана войскамі Італіі, у вер. 1943 — Германіі. У маі 1945 вызвалена Нар.-вызв. арміяй Югаславіі. З 1945 сталіца Славеніі.
Ад ант. часоў захаваліся рэшткі ўмацаванняў, акведука, некропаля. Гіст. ядро горада — замак Град на ўзгорку каля р. Любляніца (засн. ў 9 ст.; перабудаваны ў стылі барока ў 16—17 ст., вежа — сярэдзіна 19 ст.) і размешчаныя каля яго падножжа раёны плошчаў Старой, Гарадской і Новай. Барочная забудова моцна пашкоджана землетрасеннем 1895 (горад адноўлены і рэканструяваны ў 1-й трэці 20 ст.). Найб. значныя пабудовы: палац епіскапа (1512—1733, арх. А.Тыфернус; готыка), у стылі барока — цэрквы св. Якаба (1613—15, перабудавана ў 1701) і урсулінак (1718—26; 1744), сабор св. Мікалая (1700—07, праспект А.Поца, купал сярэдзіны 19 ст.), ратуша з аркадным унутр. дваром (1717—18, арх. Г.Мачак), палацы Швейгера (каля 1755) і Грубера (1782, арх. Д.Грубер). Пабудовы канца 19 — пач. 20 ст. ў духу эклектыкі (Оперны т-р, будынак Выканаўчага веча) і стылю мадэрн (атэль «Уньён»), У духу нац.рамантыкі пабудаваны стадыён (1930), б-ка ун-та (1936—40, абодва арх. І.Плечнік). Паводле плана рэканструкцыі 1950 узведзены будынак Нар. скупшчыны (1959, арх. В.Гланц), спарт. зала «Цівалі» (1965, арх. М.Божыч), дом друку (1960-я г.арх. Б.Коцмут), ансамбль будынкаў на пл. Рэвалюцыі (1963—75, арх. Э.Раўнікар). Сярод помнікаў «Фантан славенскіх рэк» (1751, скульпт. Ф.Роба), змагарам Супраціўлення (1952) і інш. У Л. музеі Нацыянальны, Нац. галерэя, Славенскі этнаграфічны, Сучасная галерэя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СЛА (Oslo),
горад, сталіца Нарвегіі. Знаходзіцца на ПдУ краіны. Адм. ц. фюльке Акерсхус; утварае самастойную адм. адзінку. 494 тыс.ж., у агламерацыі Вял. О. каля 1 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт (праходзіць каля 30% знешнегандл. абароту краіны). Міжнар. аэрапорт Форнебу. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. У О. вырабляецца больш за 25% прамысл. прадукцыі Нарвегіі. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. суднабуд. і суднарамонтная, эл,тэхн., радыёэлектронная і інш.; харч., хім., швейная, паліграфічная; пераробная металургія. Метрапалітэн. Ун-т. Нарв. акадэмія навук і л-ры. Дзярж. акадэмія мастацтваў. Тэатры. Музеі: Універсітэцкі нац. старажытнасцей, Нарв. народны, Нац. галерэя, прыкладнога мастацтва, «Фрам» і «Кон-Тыкі», Нар. музей пад адкрытым небам і інш. Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).
Засн. каля 1048 каралём Харальдам III Хардэродэ. З 2-й пал. 11 ст. рэзідэнцыя епіскапа, з канца 13 ст. — караля (да 1380) і фактычная сталіца Нарвегіі; цэнтр гандлю з гарадамі Ганзы. У 16 ст. горад заняпаў, у 1624 знішчаны пажарам. Пабудаваны на новым месцы каралём Крысціянам IV і названы яго імем (Хрысціянія). З 17 ст. тут збіраліся прадстаўнікі штатаў і засядаў вышэйшы каралеўскі суд. У 1811 засн.ун-т. З 1814 сталіца Нарвегіі, горад хутка развіваўся, стаў цэнтрам прам-сці і гандлю. З 1905 рэзідэнцыя караля Нарвегіі (месцам каранацыі застаўся Тронхейм). У 1925 вернута назва О. У час 2-й сусв. вайны акупіраваны ням. войскамі (1940—45), адзін з цэнтраў руху Супраціўлення.
На беразе ўсх. заліва Піпервіка — рэшткі Старога горада з крэпасцю Акерсхус (каля 1300, перабудавана ў 15—16 ст.). Ад яго на Пн і ПнЗ ідуць кварталы цэнтра сучаснага О. з гал. вул. Карл-Юханс-гатэ (вядзе ад вакзала да каралеўскага палаца; 1824—48, арх. Х.Д.Ф Лінстаў, класіцызм), тут размешчаны будынкі ун-та (1838—52, арх. К.Х.Грош, класіцызм; актавая зала, 1910—11, арх. Х.Сіндынг-Ларсен, размалёўкі Э.Мунка) і сторцінга (парламент; 1866, арх. Э.В.Ланглет, эклектыка). Дзелавая ч. горада знаходзіцца паміж вул. Карл-Юханс-гатэ і портам, прамысловая — пераважна ва ўсх. раёне (Эсткант). Сярод арх. помнікаў: сабор (1690-я г., барока), Нац.т-р (1891—99, арх. Х.Буль, эклектыка); ратуша з рысамі нац.рамантыкі (1933—50, арх. А.Арнеберг, М.Поўльсан, у інтэр’еры размалёўкі П.Крога, Мунка, А.Рэваля і інш.), багата аздобленая скульптурай. Сярод значных збудаванняў у сучасных стылях: комплекс будынкаў ун-та (1936—37, 1960-я г.), Цэнтр лыжнага спорту Холменколен (1952), Дом урада (1958), атэль авіякампаніі САС (1974), канцэртная зала (1977) і інш. Паводле генплана (1948—50) забудоўваюцца новыя прыгарадныя раёны, звязаныя з цэнтрам лініямі метро. У О. многа паркаў, буйнейшыя з іх — Фрогнер-парк (32 га) са скульпт. ансамблем (1900—43, скульпт. Г.Вігелан; больш за 150 фігур і кампазіцый). Помнікі: Х.Вергелану (1881, Б.Бергсліен), Н.Абелю (1908), К.Колет, Р.Нурдраку (абодва 1911; усе скульпт. Вігелан) і інш.
Осла. Крэпасць Акерсхус, 14—16 ст. (злева); ратуша, 1933—50, арх. А.Арнеберг, М.Поўльсан (справа). Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).Осла. Горад і порт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЛЬ (Янка) (Іван Антонавіч; н. 4.8.1917, Адэса),
бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1981). У 1922 пераехаў з бацькамі на іх радзіму (в. Загор’е Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.). Скончыў польск. сямігадовую школу (1931), працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. З сак. 1939 служыў у польск. марской пяхоце. Удзельнік баёў на Вэстэрплятэ. У вер. 1939 трапіў у ням. палон, адкуль уцёк увосень 1941. З кастр. 1942 сувязны партыз. брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, у сак.—ліпені 1944 партызан-разведчык брыгады «Камсамолец», рэдактар газеты «Сцяг свабоды» і сатыр. антыфаш. лістка «Партызанскае жыгала». З кастр. 1944 у Мінску. Працаваў у рэдакцыях газ.-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», часопісаў «Вожык», «Маладосць», «Полымя», у Дзярж. выд-ве Беларусі. У 1966—71 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1938. Першыя зб-кі «Апавяданні» (1946), «Нёманскія казакі» (1947) вылучылі яго як арыгінальнага майстра лірыка-псіхал. прозы, добрага знаўцу жывой нар. мовы. Жыццё даваеннай і пасляваен. зах.-бел. вёскі, усенар. барацьба супраць ням.-фаш. акупантаў — асн. тэматыка творчасці Брыля (зб. апавяданняў «Вераснёвая рунь», 1949; аповесць «У Забалоцці днее», 1950, Дзярж. прэмія СССР 1952; зб-каў «На Быстранцы», 1955; «Надпіс на зрубе», 1958; «Мой родны кут», 1959; «Працяг размовы», 1962, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1963, і інш.). Апавяданні «Галя», «Надпіс на зрубе», «Маці» і інш. сталі хрэстаматыйныя. Яны кранаюць задушэўнасцю тону, сагрэты любоўю да людзей, славяць высокую гуманнасць, патрыятызм. Стылю празаіка ўласціва паэтычнасць бачання свету, сплаўленая з тонкім псіхалагізмам і пластычнасцю малюнка. Чалавек у яго творах даследуецца ў складаных сац.-псіхал. абставінах, лірызм і эмацыянальнасць арганічна спалучаны з цвярозай аналітычнасцю і псіхал. дакладнасцю. Героі Брыля — людзі тонкай душы і дасціпнага розуму, схільныя да аналізу і самааналізу (Лёня Жывень з аповесці «Апошняя сустрэча», 1959; Алесь Руневіч з рамана «Птушкі і гнёзды», 1963, і інш.). У аснове рамана «Птушкі і гнёзды» — роздум пра чалавека, народ, Радзіму, паказ пакутлівых пошукаў зах.-бел. юнаком Руневічам — чалавекам уражлівай душы і высокіх духоўных парыванняў — шляхоў да свядомай барацьбы з фашызмам. Паказваючы «біяграфію адной душы», пісьменнік здолеў разгарнуць шырокую панараму жыцця, выкрыць знутры «філасофію» таталітарызму і фашызму, паказаць нараджэнне супраціўлення яму ў душах людзей. Людзі актыўнага дзеяння, наіўныя рамантыкізах.-бел. падполля П.Жалезняковіч і Р.Сяржант — героі вядомых нарысаў Брыля «Сэрца камуніста» і «Партрэт старэйшага таварыша». З калабруньёнскім гумарам і журботаю, з псіхал. глыбінёй паказана жыццё зах.-бел. вёскі 1920—30-х г. у яго аповесцях «Ніжнія Байдуны» (1975) і «Золак, убачаны здалёк» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1982). Аповесць «Муштук і папка» (1990) пра брата, закатаванага ў 1938 у Белай Царкве на Украіне. Шырокае прызнанне атрымалі лірыка-філас. мініяцюры, псіхал. абразкі (зб-кі «Жменя сонечных промняў», 1965, «Вітраж», 1972, «Вячэрняе», 1994 і інш.). Піша таксама для дзяцей, вобразы якіх малюе шчыра, светла, замілавана (зб-кі «Ліпка і клёнік», 1949; «Зялёная школа», 1951; «Светлае ранне», 1954; «Пачатак сталасці», 1957; «Жыў-быў вожык», 1976). Адзін з аўтараў кнігі «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А.Адамовічам і У.Калеснікам), у якой сабраны і сродкамі маст. публіцыстыкі пракаменціраваны расказы нешматлікіх людзей, што перажылі жахі соцень спаленых разам з жыхарамі бел. вёсак. Кніга гэтая — напамінак свету пра зверствы гітлераўцаў, выключнай сілы прысуд фашызму, гімн мужнасці няскоранага народа. Выступае з публіцыст. і літ.-крытычнымі артыкуламі. Эстэт. погляды пісьменніка, яго аналіз сучаснага літ. працэсу — у зб-ках «Роздум і слова» (1963), «Трохі пра вечнае» (1978). На бел. мову пераклаў асобныя творы Л.Талстога, А.Чэхава, І.Крылова, М.Горкага, П.Бажова, Г.Траяпольскага, А.Вішні, А.Даўжэнкі, І.Друцэ, Э.Ажэшкі, М.Канапніцкай, Б.Пруса, Л.Кручкоўскага, Я.Івашкевіча, Я.Бранеўскай і інш.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—2. Мн., 1960;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1967—68;
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1979—81;
Выбр.тв.Т. 1—3. Мн., 1992—93;
Пішу як жыву. Мн., 1994.
Літ.:
Канэ Ю. Янка Брыль: Критико-биогр. очерк. М., 1964;
Гусева Л. Янка Брыль — мастак. Мн., 1968;
Аляхновіч Р.В. Янка Брыль у школе. Мн., 1979;
Калеснік У. Янка Брыль: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1990;
Шупенька Г. Паэзія прозы // Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;
Адамович А. Янка Брыль // Собр. соч.Мн., 1982. Т. 2;
Вітка В. Даследуецца чалавек // Вітка В. Урокі. Мн., 1982.