БУХАРЭ́СТ

(Bucureşti),

горад, сталіца Румыніі. Размешчаны на Пд краіны ў межах Ніжнедунайскай нізіны на р. Дымбавіца, за 45 км ад р. Дунай. Утварае самаст. адм. адзінку. 2,1 млн. ж., з прыгарадамі каля 2,4 млн. ж. (1993). Буйны трансп. вузел — месца перасячэння транс’еўрапейскіх чыг. і аўтамаб. магістраляў. Міжнар. аэрапорт Атапень. У Бухарэсце сканцэнтравана 1/6 прамысл. вытв-сці краіны, у т. л. больш як 1/4 прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі, 1/3 тэкст., 1/2 паліграфічнай. Займае вядучую ролю ў вытв-сці складаных машын і прылад (электроніка, электра- і радыётэхніка, прыладабудаванне), хім. прадукцыі (вырабы з гумы, пластмасаў, фарбавальнікі, лакі, фармацэўтычныя і парфумерныя тавары). Прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі, станкабудавання, нафтаперапр., с.-г. і трансп. машынабудавання, будматэрыялаў, шклофарфоравай, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Разнастайныя галіны харч. (мясная, мясакансервавая, алейная, тытунёвая і інш.) і лёгкай (тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, футравая і інш.) прам-сці. Метрапалітэн.

Вядомы з 14 ст. як 2-я рэзідэнцыя валашскага феад. княства. З 1459 крэпасць для абароны Валахіі ад тур. набегаў. З 1659 сталіца Валахіі. У 19 ст. цэнтр нац.-вызв. руху. З 1861 сталіца Румыніі. Тут падпісаны Бухарэсцкі мірны дагавор 1812 і Бухарэсцкі мірны дагавор 1918. У чэрв. 1941 у Бухарэст уведзены ням.-фаш. войскі, вызвалены ў ходзе Народнага ўзброенага паўстання ў Румыніі 1944 супраць фаш. рэжыму І.Антанеску. У 1947 у Бухарэсце абвешчана Рум. Нар. Рэспубліка. Цэнтр Народнага паўстання ў Румыніі 1989—90, якое прывяло да звяржэння таталітарнага рэжыму Н.Чаўшэску.

Старая частка Бухарэста размешчана на берагах р. Дымбавіца, у раёне б. Кветкавага базара (цэрквы Міхай-Водэ, 1589—91, Патрыяршая, 1654—58, Стаўраполіс, 1724—30). У 19—20 ст. склаўся новы цэнтр горада з радыяльнымі і кальцавымі магістралямі, параднымі пабудовамі ў духу эклектызму, нац. рамантыкі, неакласіцызму і функцыяналізму: т.зв. Атэнеум (філармонія; 1886—88), Палац Рэспублікі (1930—37), Прэзідыум Савета Міністраў (1936—38, арх. Д.Марку) і інш. Паводле ген. плана 1952 пабудаваны дом паліграф. к-та «Скынтэя» (1948—53), комплекс ВДНГ (1964), аэрапорт (1970), ансамбль Нац. т-ра імя І.Л.Караджале з гасцініцай «Інтэркантыненталь» (1970—73, арх. Х.Майку і інш.), жылыя раёны (Флараска, Тытан, Букурэшты-Ной і інш.).

У Бухарэсце АН Румыніі (з 1879). 13 ВНУ, у т. л. ун-т (з 1864), кансерваторыя, політэхн. ін-т. Н.-д. ін-ты (у т. л. Ін-т эндакрыналогіі і геранталогіі). Музеі: Нац., Гісторыі прыроды, мастацтваў Румыніі, Музей вёскі. Тэатры: оперы і балета, Нац. імя І.Л.Караджале і інш. Універсітэцкі бат. сад (з 1860).

Ф.С.Фешчанка (гаспадарка).

т. 3, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)