НЯБА́БА Антон, кіраўнік казацка-сялянскага атрада на Беларусі ў час антыфеадальнай вайны 1648—51. Родам з г. Карастышаў Кіеўскага ваяв. (цяпер у Жытомірскай вобл., Украіна). Летам 1648 атрад (загон) Н. дзейнічаў на тэр. ўздоўж р. Прыпяць, граміў маёнткі шляхты і каталіцкага духавенства. У вер. 1648 далучыўся да паўстаўшых гараджан Пінска, разам з імі 5—9.10.1648 абараняў горад ад войск ВКЛ на чале са стражнікам ВКЛ Мірскім. Больш дакладных звестак пра лёс Н. не выяўлена.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНШТЭ́ЙН (Іосіф Гдалевіч) (17.7.1904, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 16.2.1966),

удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У 1921—24 рабочы запалкавай ф-кі ў Пінску. Удзельнічаў у арганізацыі забастовак, узначальваў работу прафсаюзаў Пінска. З 1927 чл. Пінскага гаркома і акругкома КПЗБ, з 1931 — інструктар ЦК КПЗБ па Беластоцкай і Віленскай акр. На пач. 1934 сакратар Віленскага акругкома КПЗБ. За рэв. дзейнасць не аднойчы быў арыштаваны, больш за 10 гадоў правёў у турмах. У 1944—52 на гасп. рабоце ў Пінску.

В.​П.​Ласковіч.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬКА РАМА́НАВІЧ (1199—1271; паводле інш. звестак 1203—69),

князь уладзіміра-валынскі; канчаткова замацаваўся на гэтай пасадзе ў 1241. У паліт. справах выступаў разам з братам Данілам Раманавічам. У 1246 і 1247 яны разбілі каля Пінска атрады Літвы, якія нападалі на Валынскую зямлю. У 1249 войска Васількі Раманавіча ўдзельнічала ў паходзе на Новагародскую зямлю праз Ваўкавыск, у 1251 на Новагародак і Гарадзен (Гродна). У 1258 Васілька Раманавіч разам з татарскім ваяводам Бурундаем ваяваў Літоўскую (верхняе Панямонне) і Нальшчанскую (ПнЗ Беларусі) землі. У 1264 войска Васількі Раманавіча дапамагала кн. Войшалку ў заваяванні Дзяволтвы і Нальшчанаў.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́КІН (Віктар Іванавіч) (н. 14.1.1918, г. Алатыр, Чувашыя),

бел. архітэктар, вучоны. Засл. арх. Беларусі (1980). Канд. архітэктуры (1970), праф. (1984). Скончыў Ленінградскі ін-т інжынераў камунальнага буд-ва (1940). У 1946—58 працаваў у Вільні (рэсп. стадыён, мост цераз р. Нярыс, будынак Дзярж. б-кі). З 1958 у Мінску. Асн. работы на Беларусі: генпланы Светлагорска, Пінска, цэнтра Брэста, у Мінску — жылыя раёны і мікрараёны Усход, Серабранка, вул. Чкалава (усе ў аўтарскім калектыве), гал. навуч.-лабараторны корпус арх. і буд. ф-таў БПА (у сааўт.) і інш.

Тв.:

Архитектурное проектирование жилых районов. Мн., 1987;

Градостроительство Белоруссии. Мн., 1988 (у сааўт.).

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ЛЬЧЫК (Міхаіл Сцяпанавіч) (н. 8.6.1921, в. Бушмін Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1946). Засл. работнік культ. РСФСР (1983). Скончыў Аршанскі аэраклуб (1939), Адэскую ваен. авіяц. школу пілотаў імя П.​Асіпенка (1941), Краснадарскую вышэйшую афіцэрскую школу штурманаў (1953), Смаленскі пед. ін-т (1967). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., 1-м Бел. франтах. Удзельнік вызвалення Ноўгарада, Пскова, Пінска, Любліна, Варшавы, Познані, баёў на Одэры, штурму Берліна. Камандзір звяна штурмавога авіяпалка ст. лейтэнант К. зрабіў 100 баявых вылетаў, правёў 10 групавых паветр. баёў. Да 1958 у Сав. Арміі, падпалкоўнік. Ганаровы грамадзянін г. Познань і Лодзінскага ваяводства (Польшча).

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

го́рдасць, ‑і, ж.

1. Пачуццё ўласнай годнасці, павагі да сябе. — Г-э-э-э, панічок: з-пад самага Пінска прыходзяць і прыязджаюць да старой Мар’і, — з гордасцю прамовіла бабка. Колас. // Пачуццё задавальнення ад сваіх або чыіх‑н. поспехаў. Юрка адчуваў даверлівую Лёдзіну адданасць і поўніўся.. гордасцю за сябе. Карпаў.

2. Тое, чым (або той, кім) ганарацца. Гордасць і слава зямлі нашай — Простыя людзі. Куляшоў. Родная партыя — наша сумленне, Нашая гордасць і наша любоў. Бачыла.

3. Ганарыстасць, напышлівасць, фанабэрыстасць. Гордасці многа, а розуму не хапае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГНІ́ДАШ, Гнедаш Кузьма Савельевіч (30.11.1914, в. Салагубаўка Сумскай вобл., Украіна — 19.6.1944), удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае ваен. танк. вучылішча (1940). У Чырв. Арміі з 1936. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну камандзір аператыўна-дыверсійнага цэнтра разведаддзела штаба 1-га Бел. фронту. Групы пад яго камандаваннем у тыле ворага ў 1943—44 вялі разведку і дыверсійную работу ў раёне Слуцка, Баранавіч, Кобрына, Мінска, Асіповіч, Пінска, Лунінца, Брэста, на тэр. Кіеўскай і Чарнігаўскай абл. Каля Слоніма частка групы была акружана карным атрадам, цяжка паранены маёр Гнідаш і радыстка К.​Т.​Давідзюк, каб не трапіць у палон, падарвалі сябе гранатай.

т. 5, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ШЫЦ (Язэп) (1795, каля Пінска — 1868),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31. У 1811 паступіў у Віленскі ун-т, але пакінуў навучанне і ўступіў у 17-ы полк уланаў, які фарміраваўся ў Літве. Удзельнічаў у вайне 1812 на баку Напалеона. У 1830 абраны маршалкам шляхты. У 1831 узначаліў паўстанне ў Навагрудскім і Слонімскім пав. У сваім маёнтку стварыў паўстанцкі атрад. Паўстанцы мелі сутычкі з урадавымі войскамі каля в. Гарадзішча, Каменны Брод, Кошалева, Радзюкі, Навіны, нападалі на Дзятлава, захапілі мяст. Беліца; у Навагрудку раззброілі вайсковую каманду, адбілі астрог і вызвалілі арыштаваных. 24.7.1831 атрад злучыўся з корпусам Г.Дэмбінскага і перайшоў на тэр. Польшчы. Пасля разгрому паўстання эмігрыраваў у Францыю.

В.​В.​Швед.

т. 8, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пару́шыцца, ‑шыцца; зак.

1. Перарвацца, спыніцца ў сваёй плыні, звычайным ходзе дзеянняў. Насцярожанае маўчанне ночы парушылася раптам нечаканым раскатам грому. Васілевіч. // Страціць стройнасць, зладжанасць, парадак. Дарога, па якой рухаліся эскадроны, вузкая, лясная, і строй адразу парушыўся. Навуменка.

2. Крануцца, сысці з месца; зрушыцца. [Зося] як абярнулася пры ўваходзе гасцей у хату тварам к дзвярам, так і стаяла, не хочучы парушыцца з месца. Гартны. Мар’янка не парушылася, не аднімала рук ад твару. Колас. // перан. Страціць упэўненасць у чым‑н.; адступіць. [Дулеба] не парушыўся ў сваіх перакананнях, нават пабачыўшы бурлівы вір маніфестантаў на вуліцах Пінска, калі паліцыя баязліва пахавалася. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЛЫСЕ́НКА (Пётр Фёдаравіч) (н. 16.9.1931, в. Зарачаны Полацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. археолаг. Д-р гіст. н. (1988), праф. (1993). Брат А.Ф.Лысенка. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1953). З 1964 у Ін-це гісторыі Hau. АН Беларусі: навук. супрацоўнік, заг. сектара, з 1988 заг. аддзела сярэдневяковай археалогіі. Даследаваў курганы 11—12 ст., стараж. гарады Тураў, Брэст, Пінск, Слуцк, Давыд-Гарадок, Клецк, Рагачоў, Мазыр. Вывучае абарончыя ўмацаванні, планіроўку, забудову, рамёствы, гандаль, структуру гаспадаркі, культ. сувязі стараж. гарадоў Беларусі. Рэканструяваў даследаваныя часткі стараж. Турава, Брэста 13 ст., Пінска 15 ст. Вынікам шматгадовых доследаў у Брэсце стала стварэнне археал. музея «Бярэсце».

Тв.:

Города Туровской земли. Мн., 1974;

Берестье. Мн., 1985;

Открытие Берестья. Мн., 1989;

Дреговичи, Мн., 1991;

Древний Пинск, XI—XIII вв. Мн., 1997;

Туровская земля XI—XIII вв. Мн., 1999.

т. 9, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)