сямейства кветкавых двухдольных раслін з парадку гваздзікакветных (Caryophyllales). Каля 80 родаў і больш за 2000 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных і арыдных абласцях Паўн. паўшар’я, асабліва ў Міжземнамор’і і Ірана-Туранскай фларыстычнай вобласці. На Беларусі 25 родаў (найб. вядомыя вапнаўка, галадок, гваздзік, гладун, зорка, зоркаўка, куколь, мыльнік, пясчанка, светнік, свінакроп, смалёўка, смалянка, смолка, ясколка) і больш за 70 відаў. Некат. з іх занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Растуць у лясах, хмызняках, на лугах, балотах, палях, па берагах рэк.
Шмат- або аднагадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты і кусты. Лісце простае, звычайна суцэльнае, супраціўнае, найчасцей без прылісткаў. Кветкі ў рознага тыпу суквеццях, рэдка адзіночныя, двухполыя ці аднаполыя, 5-членныя, з двайным калякветнікам ці без пялёсткаў, апыляюцца насякомымі. Завязь верхняя. Плады розных тыпаў (звычайна каробачка, арэшка- ці ягадападобныя). Лек., тэхн., меданосныя, харч., кармавыя і каштоўныя дэкар. расліны, некат. віды — ядавітыя і пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ВАЦЬ,
рака ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у Пскоўскай і Наўгародскай абл. Расіі, бас.р. Нява. Даўж. 536 км, пл. вадазбору 21,9 тыс.км². Выцякае з воз. Ловацец (Пскоўская вобл.), упадае ў воз. Ільмень з Пд. Паводле інш. крыніц, пачынаецца з воз. Завесна за 3,5 км на ПдУ ад в. Марчанкі Гарадоцкага р-на. Цячэ ў межах Беларусі (даўж. 47 км) па Гарадоцкім узвышшы, праз азёры Задрач, Мяжа, Сосна, Чарняста і Сясіта, па Валдайскім узвышшы і ў ніжнім цячэнні па Ільменскай нізіне. Найб. прытокі на Беларусі: Сярвайка, Пясчанка (справа), Склянка (злева). Даліна ад вытоку да воз. Мяжа невыразная (пойма забалочаная), паміж азёрамі Сосна, Чарняста і Сясіта трапецападобная (пойма роўная, лугавая). Рэчышча да воз. Мяжа звілістае, да воз. Задрач яго шырыня 3—5 м, ніжэй 5—10 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 150 м³/с, на мяжы Беларусі і Расіі каля 2,5 м³/с. Суднаходная ў нізоўі і на працягу 70 км. На рацэ гарады Вялікія Лукі і Холм (Расія); па ёй у старажытнасці праходзіла частка гандл. шляху «з варагаў у грэкі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЦІЧ,
рака ў Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абл., прыток р. Прыпяць (бас.р. Дняпро). Даўж. 421 км, пл. вадазбору 9470 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Нарэйкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., вусце за 1 км на У ад в. Багрымавічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. Цячэ пераважна з Пн на Пд; верхняе цячэнне ў межах Мінскага ўзвышша, сярэдняе — на З Цэнтральнабярэзінскай раўніны, ніжняе — на нізіне Прыпяцкага Палесся. Асн. прытокі: Шаць, Даколька, Арэса (справа), Нератоўка і Няслаўка (злева). Даліна на ўсім працягу пераважна трапецападобная, шыр. 1,5—5,5 км, у вытоку да 0,1 км, у нізоўі невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. да в. Гарадзішча Мінскага р-на 60—300 м, ніжэй 1—3 км, каля в.Пясчанка Асіповіцкага р-на да 5 км. Рэчышча свабодна меандруе, разгаліноўваецца пратокамі, якія ўтвараюць астравы. Шыр. ракі ў верхнім цячэнні да вусця р. Асачанка (85 км ад вытоку) 5—10 м, ніжэй 20—45 м, у нізоўі 45—70 м. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. 0,2—1,5 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое (45—50%) і грунтавое (30—40%). Ледастаў з сярэдзіны снеж., да канца сакавіка. Веснавое разводдзе з канца сак., доўжыцца ў верхнім цячэнні 40, у ніжнім 84 сут. Макс. ўзровень вады ў пачатку крас. (выш. пад’ёму 1,4—3,2 м, найб. 3,7 м). Летне-асенняя межань (каля 5 месяцаў) 1—3 разы ў год парушаецца дажджавымі паводкамі (працягласць да 40 сут) выш. да 1 м. Зімовая межань доўжыцца да 90 сут, зімовыя паводкі амаль кожны год. У час веснавога разводдзя частка вады П. пераліваецца ў р. Свіслач (праз Цітаўку) і Трэмлю. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 49,7 м³/с. На П. Воўчкавіцкае вадасховішча, гар. пасёлкі Глуск, Капаткевічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЎГАРАДСКІ РАЁН.
Размешчаны на Пд Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 17,4 тыс.чал. (2001), гарадскога 47,7%. Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Слаўгарад. Уключае 83 сельскія нас. пункты, 6 сельсаветаў: Васькавіцкі, Гіжэнскі, Кабінагорскі, Каменкаўскі, Лапаціцкі, Свенскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС: амаль уся тэр. (акрамя крайніх паўн. і паўн.-зах. частак) забруджана радыенуклідамі да 15 Кі/км². Насельніцтва ў выніку масавай міграцыі за 1985—95 паменшала на 8 тыс. чал.
Тэр. раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны (крайняя Пн) і Чачорскай раўніны. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая, 85% яе на выш. 130—170 м, найвыш. пункт 189 м (за 2 км на ПдЗ ад в. Кульшычы). Агульны нахіл паверхні з Пн на Пд Цэнтр і паўд.-ўсх.ч. раёна заняты далінамі рэк Сож і Проня. Глыб. расчлянення на схілах далін да 10—15 м/км². Карысныя выкапні: торф, даламіты, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны. Сярэдняя т-растудз. -7,5 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 605 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сут. Найб.р. Сож з прытокамі Проня з Растой, Крупкай і Тросліўкай, Пясчанка, Касалянка з Пацэяй, Ельня, Галуба, Каменка, Якушоўка; на Зр. Баброўка (прыток р. Дняпро), на Пн р Хоцінка (прыток р. Раста). Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (49,9%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,7%), поймавыя (алювіяльныя, 10,6%). Пад лесам 37% тэрыторыі, найб. лясныя масівы на ПдУ раёна. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, асінавыя; трапляюцца шэраальховыя, дубовыя, чорнаальховыя, ясянёвыя, таполевыя і інш. Штучныя насаджэнні — каля 22%, пераважна хваёвыя. Пад балотамі 3% тэр. У межах раёна ахоўны тарфянік Тупніцкае; помнікі прыроды рэсп. значэння — Блакітная крыніца ў в. Кліны і мясц. значэння — лістоўніца каля в. Улукі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 57,9 тыс.га, з іх асушаных 14,1 тыс.га. На 1.1.2002 у раёне 14 калгасаў, 1 саўгас-камбінат, 3 фермерскія гаспадаркі.
Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы) і харч. (цэльнамалочныя прадукты, масла, сыр, сушаная садавіна і агародніна, макаронныя і кандытарскія вырабы) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Рагачоў—Слаўгарад—Крычаў, Магілёў—Слаўгарад, Слаўгарад—Карма і інш. Суднаходства па р. Сож. У раёне 7 сярэдніх, 10 базавых, 1 пач. школа, дзіцячая школа мастацтваў, Дом дзіцячай творчасці, ПТВ, 12 дашкольных устаноў, 22 клубы, 20 б-к, 1 бальніца, 3 амбулаторыі, 16 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: мемарыяльная капліца і помнік (1908) у гонар перамогі рус. войск над шведскімі ў 1708 каля в. Лясная, парк (пач. 20 ст.) у в. Свенск. Выдаецца газ. «Ленінскае слова».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎКА́З (паходжанне слова, магчыма, звязана з хецкім «каз-каз» — назва народа, які жыў на паўд. беразе Чорнага м),
тэрыторыя паміж Чорным, Азоўскім і Каспійскім морамі ад Кума-Маныцкай упадзіны да паўд. часткі Армянскага нагор’я. У межах К. частка Расіі, Азербайджан, Арменія, Грузія, частка Турцыі і Ірана. Пл. больш за 500 тыс.км². Вылучаюць Паўн. К., Перадкаўказзе і Закаўказзе. У цэнтры — горная сістэма Вял. К., якая падзяляецца на Зах. К. (да Эльбруса), Цэнтр. К. (паміж Эльбрусам і Казбекам) і Усх. К. (на У ад Казбека). Вял. К. цягнецца ад Таманскага п-ва да Апшэронскага на 1500 км, шыр. 160—180 км. Восевую частку К. складаюць Галоўны, або Водападзельны, і Бакавы хрыбты, з вяршынямі больш за 5000 м (г. Эльбрус — 5642 м, Дыхтау — 5203 м, Шхара — 5068 м, Казбек — 5033 м). На Пн ад восевай зоны перадавыя хрыбты — Скалісты, Пашавы, Церскі, на Пд — Бзыбскі, Кадорскі, Рачынскі. Хрыбты Вял. К. вызначаюцца альпійскімі формамі рэльефу або маюць характар куэстаў. Рэльеф Перадкаўказзя раўнінны; у яго зах.ч. Кубана-Прыазоўская нізіна, ва ўсходняй — Прыкаспійская нізіна, паміж імі Стаўрапольскае ўзв. з выш. да 831 м. У цэнтры і на З Закаўказзя — сярэднягорны рэльеф; горныя хрыбты Малога К. (выш. да 3724 м, г. Гямыш) і Армянскае нагор’е (выш. да 5165 м, г.Вял. Арарат). На ПнЗ размешчана Калхідская, на У — Кура-Араксінская нізіны, на ПдУ — Ленкаранская нізіна і складкавыя Талышскія горы (выш. да 2492 м). Тэр. К. знаходзіцца ў межах Альпійскай складкавай вобласці. Утварэнне горнай сістэмы пачалося ў мезазоі, у кайназоі адбылося падняцце і фарміраванне горнага рэльефу, у антрапагене ў выніку амаладжэння гор склалася сучасная араграфічная структура К. Горныя хрыбты Вял. К. і масівы Малога К. складзены пераважна з палеазойскіх гранітоідаў. Пашыраны таксама юрскія, мелавыя, палеагенавыя адклады. Армянскае нагор’е ўкрыта вулканічнымі пародамі неагенавага і чацвярцічнага часу. Нізіны Перадкаўказзя і Калхідская нізіна характарызуюцца шырокім развіццём неагенавых і палеагенавых кантынентальных і марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта (Баку, Грозны, Майкоп), газ (Краснадарскі і Стаўрапольскі краі), жалеза (Дашкесан), вальфрам і малібдэн (Тырныауз), цынк, свінцовыя руды (Садон), буд. матэрыялы (граніт, габра, мармур, туф, базальт, андэзіт, вапняк). Шмат мінер. крыніц. К. размешчаны на мяжы ўмеранага і субтрапічнага кліматычных паясоў. Хрыбты Вял. К. перашкаджаюць пранікненню халодных паветр. мас у Закаўказзе і цёплых субтрапічных у Перадкаўказзе. Сярэдняя т-растудз. ў Перадкаўказзі ад -2 °C да -5 °C, у Закаўказзі 3—6 °C. Летам на Зах. К. уплываюць вільготныя паветр. масы Атлантыкі і Міжземнамор’я, на Усх. К. — сухія кантынентальныя масы ўнутр. абласцей Еўразіі. Сярэдняя т-раліп. ад 23—24 °C на З да 25—29 °C на У. На схілах Вял. К. вышынная кліматычная пояснасць. Сярэдняя т-растудз. на выш. 2000 м каля -8 °C, жн. (самы цёплы месяц) 13 °C. Вышэй — высакагорны клімат з вял. вільгаццю і нівальны клімат вяршынь. Гадавая колькасць ападкаў у Перадкаўказзі 200—800 мм, на ЗВял. К. і Калхідскай нізіне больш за 1500 мм, у хрыбтах Малога К. і Армянскім нагор’і 400—800 мм, на Кура-Араксінскай нізіне 200—400 мм. У гарах Вял. К. каля 2000 ледавікоў (агульная пл. 1428 км²); буйнейшыя — Дыхсу, Безенгі, Караугом, Цанер. Рэкі належаць да бас. Чорнага (Рыёні, Інгуры), Каспійскага (Церак, Кура, Самур) і Азоўскага (Кубань) мораў. Рэкі парожыстыя, багатыя гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца для арашэння, суднаходныя ў ніжнім цячэнні. Шмат невял. азёр; буйныя — Ван, Севан, Урмія. Глебава-расліннае покрыва і жывёльны свет К. разнастайныя. На З Перадкаўказзя стэпавыя і лесастэпавыя ландшафты, на У — паўпустынныя, кавыльныя і ціпчаковыя стэпы на чарназёмах і палыновыя групоўкі на светла-каштанавых глебах. У межах Вял. К. выразная вышынная занальнасць, дзе вылучаюцца горна-лясная, горна-лугавая і гляцыяльна-нівальная зоны. Унізе схілаў Зах. К. дубовыя лясы на шэрых лясных глебах (на Пн) і рэліктавыя шыракалістыя на дзярнова-карбанатных глебах (на Пд) пераходзяць у грабава-букава-дубовыя лясы на бурых лясных глебах; на выш. 1200—1500 м ялова-піхтавыя лясы на дзярнова-карбанатных глебах. На выш. 2200 м — субальпійскія і альпійскія лугі на горна-лугавых тарфяністых глебах, вышэй 2750—3200 м — ледавікі. Ніжнюю ч. гор Усх. К. займаюць стэпы на горна-лугавых глебах, у лясной зоне арыднае рэдкалессе або хмызняковыя субтрапічныя зараснікі на горных карбанатных глебах, потым грабава-дубовыя лясы, вышэй хваёвыя лясы і горныя стэпы, якія пераходзяць у субальпійскія і альпійскія лугі. Ледавікі і снежнікі на выш. 3700—4200 м. У Закаўказзі субтрапічнае глебава-расліннае покрыва. На Калхідскай нізіне пашыраны балоты і альховыя лясы на забалочаных падзолістых і тарфяна-балотных глебах. Каля перадгор’яў іх змяняюць рэліктавыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У цэнтры Кура-Араксінскай нізіны палыновыя і салянкавыя паўпустыні на шэразёмах, у перадгор’ях стэпавыя групоўкі і арыднае рэдкалессе на шэра-карычневых і карычневых глебах. На Армянскім нагор’і расліннасць горна-Стэпавая і горна-лугавая на чарназёмах і каштанавых глебах. Схілы Малога К. і Талышскіх гор маюць вышынную пояснасць, блізкую да паўд. схілаў Вял. К., толькі ў Талышскіх тарах горна-лясны пояс гірканскага (азіяцкага) тыпу. Жывёльны свет Перадкаўказзя прадстаўлены пераважна грызунамі (суслік, палёўка, тушканчык, пясчанка). Вял. К. населены ляснымі і высакагорнымі жывёламі (алень, дзік, зубр, буры мядзведзь, куніца, вавёрка, муфлон); ёсць эндэмічныя віды (тур, каўказскі цецярук, улар). Фауна Кура-Араксінскай нізіны блізкая да сярэднеазіяцкай (джэйран, дзікабраз, тушканчык, пясчанка), на Армянскім нагор’і — заходнеазіяцкага тыпу (малаазіяцкі суслік, хамяк, сляпыш, горная курапатка). На тэр. К. 20 запаведнікаў, у т. л. Каўказскі, Тэбердзінскі, Рыцынскі, Дыліжанскі. К. — адзін з найб. курортных раёнаў (Каўказскія Мінеральныя Воды, група курортаў на Чарнаморскім узбярэжжы ад Анапы да Батумі). Цэнтр турызму і альпінізму, горналыжнага спорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ННЕНСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПдУ Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2 тыс.км². Нас. 33,4 тыс.чал. (2001), гарадскога 37,4%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Сянно. Уключае г.п.Багушэўск, 334 сельскія населеныя пункты, Багушэўскі пасялковы Савет, 12 сельсаветаў: Алексініцкі, Багданаўскі, Багушэўскі, Беліцкі, Какоўчынскі, Машканскі, Нямойтаўскі, Обальскі, Расненскі, Студзёнкаўскі, Ульянавіцкі, Ходцаўскі.
Тэр. раёна знаходзіцца пераважна ў межах Чашніцкай раўніны, на Пд — Аршанскага ўзвышша, на крайнім У — Лучоскай нізіны. Паверхня ў паўд.ч. ўзгорыста-платопадобная, астатняя раўнінная, з асобнымі ўчасткамі камаў і озаў, 80% яе знаходзіцца на выш. 150—200 м, найвыш. пункт 255 м (на Пд раёна). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, гліна і суглінкі, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -7,5 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 592 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб. рэкі Абалянка, Серакаратнянка (прытокі Лучосы) і Бярозка з Крывінкай. Найб. азёры Сянно, Бярозаўскае, Серакаротня, Кічына, Багданаўскае, Ліпна, Вял. Святое, Сосна, Ходцы. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (57,8%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,8%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,5%). Пад лесам 33% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, яловыя, шэраальховыя, чорнаальховыя, асінавыя; трапляюцца дубовыя, ясянёвыя, кляновыя. Каля 10% штучныя хваёвыя і яловыя насаджэнні. Адметныя лясныя масівы: Цёмная пушча, Абалянская лясная дача, Канеўская дача, Сенненская пушча, Казённік, Купаваць, Іванькаўская пушча, Бор, Барок. Балоты займаюць 8% тэрыторыі, найб. масівы: Мох-Ніжняя Крывіна, Хабоціна-Бярозка, Капланскі Мох, Замашанскі Мох, Рудзецкае. На тэр. раёна ахоўныя тарфянікі: Зады, Мацькова, Расненскі Мох, Роў, Чысты Мох, Чысцік і Чысцік 1-ы. Помнікі прыроды рэсп. значэння: валуны «Клін» каля в. Арляны, «Пярун» каля в. Расходна, «Чортаў камень» каля в. Забор’е і «Чортаў камень» («Кравец») каля в. Вароніна; дуб і елка «Партызанскія» ў Скрыдлеўскім лясніцтве. Помнікі прыроды мясц. значэння: крыніцы Каплічка і Пясчанка ў г. Сянно.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 73,5 тыс.га, з іх асушаных 27,5 тыс.га. На 1.1.2002 у раёне 21 калгас, 3 рэспубліканскія і 5 камунальных с.-г. прадпрыемстваў, 27 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, ільнаводстве, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. (спірт, сухое абястлушчанае малако, масла сметанковае), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), дрэваапр. (мэбля), кааператыўнай (хлеба-булачныя і каўбасныя вырабы, безалкагольныя напіткі) прам-сці, вытв-сць кармавых дабавак (кармавы лізін), лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Орша — Віцебск, Орша — Лепель; аўтадарогі Віцебск — Орша, Орша — Лепель, Віцебск — Талачын; нафтаправод «Дружба». У раёне 17 сярэдніх, 11 базавых, у т. л. 2 школы-інтэрнаты і школа-садок, 12 пачатковых, у т. л. 2 шкалы-садкі, 1 спарт., 1 муз. школы, 2 дзіцячыя школы мастацтваў, цэнтры дзіцячай творчасці і пазашкольнай працы, 15 дашкольных устаноў, 29 клубаў і 12 дамоў культуры, Дом рамёстваў, 45 б-к, 7 бальніц, 2 паліклінікі, амбулаторыя, 25 фельч.-ак. пунктаў, дзіцячы санаторый. Краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: паштовая станцыя (канец 1840-х г.) каля в. Паграбёнка на аўтамагістралі Кіеў — С.-Пецярбург; сядзіба з пейзажным паркам, сажалкай і гасп. зонай (2-я пал. 19 ст.) у в. Старая Беліца, дзе ў 1903—04 жыў і працаваў Я.Купала. Выдаецца газ. «Голас Сенненшчыны».