чэсць, -і, ж.

1. Вартыя павагі і гордасці маральныя якасці чалавека; яго адпаведныя прынцыпы.

Справа чэсці.

2. Добрая, незаплямленая рэпутацыя чалавека.

Бараніць ч. свайго імя.

3. Цнатлівасць (пра жанчын).

4. Слава, павага, пашана.

Госці ведалі, каму аказваць ч.

Ч. таму, хто самааддана працуе.

Аддаць чэсць камупрывітаць ваеннага, прыклаўшы руку да галаўнога ўбору.

Пара і чэсць знаць (разм.) — пара закончыць што-н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

salute2 [səˈlu:t] v.

1. віта́ць, прывіта́ць;

I salute you! Вітаю вас!

2. fml сустрака́ць, прыма́ць (каго-н.);

salute smb. with cheers сустрака́ць каго́-н. апладысме́нтамі

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

спатка́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; зак., каго-што.

1. Убачыць, ідучы насустрач або прыйшоўшы куды-н.

С. аднавяскоўца ў горадзе.

2. Выйсці прывітаць каго-н., прыняць.

С. гасцей ля веснічак.

3. Дачакацца наступлення, з’яўлення, надыходу і пад. чаго-н.

С. світанне ў полі.

4. Спасцігнуць каго-н., надарыцца каму-н.

Спаткала яго нейкае ліха.

|| незак. спатыка́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. спатка́нне, -я, н. (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сустрэ́ць, -рэ́ну, -рэ́неш, -рэ́не; -рэ́нь; -рэ́ты; зак.

1. каго-што. Тое, што і спаткаць.

2. каго-што. Прыняць пэўным чынам, выказаць свае адносіны да каго-, чаго-н., прывітаць каго-н.

Ветліва с. гасцей.

С. дакладчыка воплескамі.

3. што. Адчуць, атрымаць; надарыцца каму-н.

С. падтрымку.

Шчасце сустрэла на самым пачатку жыцця.

4. Сутыкнуцца з кім-, чым-н. у жыцці, у працы.

С. добрага чалавека.

5. Дачакацца пачатку, надыходу, з’яўлення чаго-н.

Змагаліся, каб хутчэй с. радасную перамогу.

|| незак. сустрака́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

баля́са, ‑ы, ж.

1. Точаны фігурны слупок у агароджы тэрас, балконаў і інш., які служыць для апоры поручняў і ўпрыгожання.

2. толькі мн. (баля́сы, ‑аў). Агароджа з такіх слупкоў. Гэта быў светлы і таксама прасторны пакой, разгароджаны балясамі, за якімі стаяў доўгі стол, абіты цыратаю. Колас. Якуб Сегень павіс тварам цераз трыбунныя балясы над натоўпам, каб прывітаць усіх ад імя пнівадзіцкіх калгаснікаў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

pozdrowić

pozdr|owić

зак.

1. прывітаць;

2. kogo перадаць прывітанне каму; пакланіцца каму;

~ów ode mnie Janka — перадай Янку ад мяне прывітанне

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

Прыве́т ’зварот да блізкага пры сустрэчы’ (ТСБМ; шчуч., Сл. ПЗБ), пріве́тка ’прывітанне’ (Бяльк.), прывітанка ’тс’ (Нік. Очерки); сюды ж дзеясловы прыве́ціць ’прыязна, ласкава сустрэць каго-небудзь, аднесціся да каго-небудзь’ (ТСБМ, Бяльк., Ян.), прыве́ціцца ’прывітацца’ (чэрв., Сл. ПЗБ), прывіта́ць, прывіта́цца (Мік., Байк. і Некр., Пал., ТСБМ; воран., ашм., ігн., Сл. ПЗБ). Маючы на ўвазе ст.-слав., балг. і ст.-рус. формы, можна выказаць меркаванне аб працягу прасл. *privětiti > *privětъ, якое ў сваю чаргу з’яўляецца прэфіксальным утварэннем ад добра адлюстраванага ў славянскіх мовах прасл. *vět‑ (у другой ступені чаргавання — *vit‑). Укр. привіт ’прывітанне, вітанне’, привіта́ти ’прыняць каго-небудзь, павітацца з кім-небудзь’, привіта́тися ’павітацца’, привіта́ння ’прывітанне, вітанне’, рус. приве́т ’прывітанне’, приве́тить ’даць станоўчы адказ свату жаніха пры першым наведванні нявесты’, привита́тъ ’ветліва, ласкава адносіцца, звяртацца да каго-небудзь, берагчы каго-небудзь’, стараж.-рус. привитати ’знайсці прытулак’, привѣтъ ’вітанне, зварот; выслоўе, слова; намер’, польск. przywitać się ’прывітацца’, балг. привѐт, прѝвет ’прывітанне’, ст.-слав. привитати ’пасяліцца, знайсці прытулак’, ’намер, (добрая) задума’. Аб развіцці значэнняў лексем, звязаных з *vit‑/vět‑, падрабязней гл. Рудніцкі, 1, 400; ЭСБМ, 2, 165–166; гл. таксама Фасмер, 3, 363; ЕСУМ, 4, 569 (прасл. *privětъ выводзіцца з *privětiti); БЕР, 5, 701.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

warm2 [wɔ:m] adj.

1. цёплы;

warm to the touch цёплы наво́бмацак;

get/grow warm цяпле́ць, станаві́цца цяпле́й; грэ́цца, саграва́цца

2. сардэ́чны, гара́чы;

give a warm welcome сардэ́чна прывіта́ць;

warm thanks сардэ́чная падзя́ка

3. гара́чы, па́лкі;

warm support гара́чая падтры́мка

make it/things warm for smb. infml выжыва́ць каго́-н.; дапяка́ць каму́-н.;

keep a seat/a place warm for smb. infml захо́ўваць ме́сца/пост для каго́-н.;

(as) warm as toast infml : We are as warm as toast. ≅ Нам цёпла як на печы.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

прывіта́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прывітаць.

2. Словы, рух, жэст, звернутыя да каго‑н. пры сустрэчы, як знак добразычлівасці, дружалюбнасці. — Дзень добры, рабяты! — Вучні дружна адказалі на прывітанне. Гамолка. Пасля першых прывітанняў абодва знайшлі агульную тэму. Васілевіч. Паперадзе Ігнат Струміла — кіўком галавы абменьваецца прывітаннем. Гартны. // Разм. Зварот да блізкага знаёмага пры сустрэчы. — Прывітанне, Анёлак! — засмяяўся Кастусь, успомніўшы ўчарашняе. Ваданосаў. — А-а, масквічкі! Ну, прывітанне, прывітанне! Рады вас бачыць на беларускай зямлі. Шчарбатаў.

3. Вусны або пісьмовы зварот да каго‑н., у якім выказваецца адабрэнне, добразычлівасць, пахвала. Прывітанне юбіляру. Прывітанне з’езду камсамола. □ Ка мне ў госці з прывітаннем шчырым І з песнямі калгаснікі прыйшлі. Купала. [Паўтарак:] Я перадам гэта пісьмо і ваша гарачае прывітанне будаўнікам Волга-Дона. Крапіва.

4. Сяброўскае пажаданне каму‑н. ад каго‑н. [Камандзір] перадаў мне прывітанне ад сяброў і знаёмых. Краўчанка. Ляці, мая песня, як сокал крылаты, Нясі прывітанне заходняму брату. А. Александровіч.

•••

З (камуністычным, сяброўскім і г. д.) прывітаннем — заключная форма ліста да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сустрэ́ць, ‑стрэну, ‑стрэнеш, ‑стрэне; зак., каго-што.

1. Ідучы насустрач, па дарозе спаткаць каго‑н. Сустрэў я неяк Сеньку на вуліцы, спыніў яго. Краўчанка. Дзяцей сустрэну — дружным хорам Вітаюць ветліва мяне. Лойка. Часам пройдзе стары [Цыпрук] вярсту-другую і жывой душы не сустрэне. Бядуля. Кіламетры за два ад дому .. [Сцяпан] сустрэў Дубіцкага Антося. Чарнышэвіч. // Убачыць, спаткаць што‑н. (што трапляецца на шляху). Ці параконны плуг сустрэну — На сэрца сум наводзіць ён: Не дачакацца мне на змену Сталёвых трактарных калон. Крапіва. На шчасце наша, ча шляху сустрэлі статак хвой. Астрэйка. // Паглядзеўшы ў вочы каму‑н., спаткаць чый‑н. погляд. [Маша] ўзняла вочы і сустрэла позірк Максіма. Шамякін. І не чакаў Федзя сустрэць, як калісьці ў вучнёўскую пару, адкрыты позірк Любы. Грамовіч. // Знайсці, убачыць, выявіць вывучаючы што‑н. Упамінанні аб многіх вершах Пестрака можна сустрэць у водгуках рэдакцый розных часопісаў. Хромчанка. У творах ранняга пісьменніка нярэдка можна сустрэць дыялектызмы, словы вузкага мясцовага значэння. Кудраўцаў. // Сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. у жыцці, у працы і пад. Сустрэла добрага чалавека, пакахала, пажаніліся. «Звязда». [Чырвонаармеец:] — Не заўсёды сустрэнеце такога камандзіра, як наш. Ляўданскі. // перан. Атрымаць, зведаць, перажыць што‑н., апынуўшыся ў якім‑н. становішчы і пад. Сустрэць падтрымку. □ Спроба бацькі забраць яго з рук Максіма сустрэла рашучы пратэст хлопчыка. Шамякін. Цяжкая, суровая доля нам выпала... Мы цвёрда сустрэлі каварны ўдар! Глебка.

2. Выйсці спаткаць, прывітаць каго‑н.; прывітаць, прыняць каго‑н. Яшчэ задоўга да спынення поезда пачуцці і Мыслі Лабановіча мімаволі скіраваліся да гэтай станцыі. Як жа яно будзе?.. Сустрэне яго хто-небудзь, ці не сустрэне? Колас. Лясовіч прасіў, каб хто-небудзь з МТС сустрэў яго на вузлавой станцыі за сто кіламетраў ад Лашыч. Хадкевіч. / у перан. ужыв. Дзіцячы пісклівы плач сустрэў яго [Коршака]. Мурашка. Сустрэлі [Андрэя з сям’ёю] на радзіме палеткі, зарослыя густым беразняком. Пестрак. // Выявіць свае адносіны да чаго‑н.; адказаць чым‑н. на якія‑н. дзеянні, з’яўленне, падыход і пад. чаго‑н. Сустрэлі Толю ў Міхасёвай сям’і як роднага. Якімовіч. Ветліва сустрэў пастаноўку «Паўлінкі» маскоўскі глядач. Ярош. Клас сустрэў Святлану Мікалаеўну напружанай цішынёй. Шахавец. / у перан. ужыв. Льваў сустрэў дэлегатаў яркім сонечным днём. Васілевіч.

3. Дачакацца пачатку, надыходу, з’яўлення чаго‑н. Я ішоў і сустрэў Новы дзень, што ўваходзіў у горад. Танк. Народ паўстаў. І на падмогу Прыйшлі ўсходнія браты, Каб радасную перамогу Сустрэць пад сонцам залатым. Панчанка. Так радасна сустрэць Дзень Першамая — Працы і вясны. Астрэйка.

4. Спасцігнуць каго‑н., надарыцца каму‑н. Пайшоў на фронт, загінуў сын — Сустрэў суровы лёс. Непачаловіч. Цяпер .. [Чыгунок] грае, з усмешкай глядзіць на дзяўчынку, якой больш пашанцавала, якую шчасце сустрэла на самым пачатку жыцця. Брыль.

•••

Сустрэць у штыкі — аднесціся крайне варожа, з непрыязнасцю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)