ВІНАГРА́ДАЎ (Аляксандр Паўлавіч) (21.8.1895, С.-Пецярбург — 16.11.1975),

савецкі геахімік. Акад. АН СССР (1953; чл.-кар. 1943). Двойчы Герой Сац. Працы (1949, 1975). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію (1924) і Ленінградскі ун-т. З 1947 дырэктар Ін-та геахіміі і аналітычнай хіміі імя Вярнадскага АН СССР, адначасова з 1953 у Маскоўскім ун-це. З 1967 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па геа-, біягеа- і касмахіміі. Распрацаваў пытанні фарміравання зямных абалонак (зоннае плаўленне), хім. эвалюцыі Зямлі, геахіміі ізатопаў і інш. Замежны чл. многіх АН і ганаровы чл. Амер. і Франц. геал. т-ваў. Прэмія імя У.​І.​Леніна (1934), Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэмія 1949, 1951. Залаты медаль імя М.​В.​Ламаносава АН СССР (1973).

Тв.:

Геохимия редких и рассеянных химических элементов в почвах. 2 изд. М., 1957;

Введение в геохимию океана. М., 1967;

Химия планет // Наука и человечество. М., 1969.

т. 4, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ліква́цыя

(лац. liquatio = плаўленне)

1) раздзяленне аднароднай магматычнай масы пры пачатку яе астывання на дзве розныя па саставу вадкасці;

2) хімічная і структурная неаднароднасць сплаваў, металаў, якая ўзнікае пры іх крышталізацыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДУГАВА́Я ПЕЧ,

прамысловая электрычная печ, у якой плавяць металы і інш. матэрыялы цяплом электрычнай дугі. Бываюць прамога дзеяння (дуга гарыць паміж электродамі і металам, што награваецца), ускоснага (непрамога) дзеяння (дуга гарыць паміж электродамі на пэўнай адлегласці ад матэрыялу) і з закрытай дугой (яна гарыць пад слоем цвёрдай шыхты, куды ўстаўлены электроды).

Найб. пашыраны Д.п. прамога дзеяння для выплаўкі сталі (ёмістасць да 400 т) і печы з закрытай дугой для выплаўкі каляровых сплаваў, ферасплаваў, электракарунду і інш. Ёсць таксама вакуумныя Д.п. з расходавальным электродам (яго робяць з металу, які пераплаўляецца) і з нерасходвальным (з вальфраму або графіту). Такія печы выкарыстоўваюцца для вакуумна-дугавога пераплаву металаў і сплаваў. Нагрэў і плаўленне металаў плазменнай дугой ажыццяўляецца ў плазменна-дугавых печах.

Электрасталеплавільная дугавая печ прамога дзеяння: 1 — кажух; 2 — метал; 3 — зліўны носік; 4 — купалападобнае скляпенне (перад загрузкай шыхты паднімаецца і адводзіцца ўбок); 5 — электроды.
Схема вакуумнай дугавой печы з расходавальным электродам: 1 — вакуумная камера; 2 — электрод; 3 — крышталізатар; 4 — злітак, які наплаўляецца.

т. 6, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАРЫМЕ́ТРЫЯ (ад лац. calor цяпло + ...метрыя),

1) у тэхніцы — сукупнасць метадаў вымярэння цеплавых эфектаў (колькасці цеплаты) розных фіз., хім. і біял. працэсаў. Каларыметрычныя вымярэнні праводзяцца з дапамогай каларыметраў і выкарыстоўваюцца ў цеплатэхніцы, металургіі, хім. тэхналогіі і інш.

К. ўключае вымярэнні цеплаёмістасці цел, цеплаты фазавых пераходаў (плаўленне, кіпенне і інш.), цеплавых эфектаў намагнічвання, электрызацыі, растварэння, сорбцыі, хім. рэакцый, рэакцый абмену рэчываў у жывых арганізмах і інш. Вымярэнні пры т-рах, большых за 400 °C, наз. высокатэмпературнай К., у вобласці т-р, меншых за 77 К, — нізкатэмпературнай К. (выкарыстоўваецца пры вывучэнні магн. і эл. эфектаў у цвёрдых целах і вадкасцях, а таксама для разліку тэрмадынамічных функцый рэчываў).

У біялогіі — вымярэнне колькасці цеплыні, якая выдзяляецца жывым арганізмам за пэўны час. Прамая К. — цеплаабмен і цеплаўтварэнне — даследуюцца пры знаходжанні арганізма ў спец. камеры (каларыметры). Непрамая К. грунтуецца на падліку колькасці спажытага кіслароду і выдзялення вуглякіслага газу і вады. Выкарыстоўваецца для вывучэння цеплавых эфектаў абмену рэчываў, вызначэння агульнага ўзроўню энергет. затрат арганізма, для дыягностыкі ў медыцыне.

т. 7, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)