Педаго́гіка ’навука аб метадах навучання і выхавання’ (ТСБМ). Узыходзіць да ст.-грэч. ή παιδαγωγική (τέχνη) ’мастацтва выхавання, навучання’ < παιδαγωγικός ’які адносіцца да выхавання ці навучання’ < παιδαγωγός ’выхавацель, настаўнік’, а апошняе ўтворана з слоў παίς (παιδός) ’дзіця’ і ἄγειν (ἄγω) ’вяду’ < ’той, хто вядзе хлопчыкаў’. Параўн. ст.-бел. педакгокгия ’выхаванне’ (1663 г.), педакгокгьпедагог’ (1598 г.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гадава́нец, ‑нца, м.

Дзіця, юнак, увогуле чалавек у адносінах да свайго выхавацеля. Пажылы мастак-педагог прывіваў сваім гадаванцам любоў да партрэтнага жанру. Ліс. // Чалавек у адносінах да якой‑н. арганізацыі, ідэі якой ён засвоіў. Гадаванец ленінскага камсамола. // Вырашчаная, выгадаваная расліна або жывёліна. Неўзабаве на дзялянцы Акуратна, рад у рад, Падрасталі гадаванцы. Кляўко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

педа́нт

(фр. pedant, ад іт. pedante = літар. настаўнік, педагог)

той, хто залішне строга прытрымліваецца дробязных, фармальных патрабаванняў у чым-н.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

педанты́зм

(фр. pédantisme, ад pédant < іт. pedante = літар. настаўнік, педагог)

празмерны фармалізм, дробязная дакладанасць у чым-н.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

педа́нт

(фр. pédant, ад іт. pedante = літар. настаўнік, педагог)

той, хто залішне строга прытрымліваецца дробязных, фармальных патрабаванняў у чым-н.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ВАСІ́ЛЬЕВА (Зінаіда Анатолеўна) (н. 29.12.1913, С.-Пецярбург),

бел. і рус. балерына, педагог. Нар. арт. Беларусі (1940). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1933). У 1937—49 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова педагог арганізаванага ёю харэаграфічнага аддзялення Бел. тэатр. вучылішча (1939—41), педагог і маст. кіраўнік Бел. харэаграфічнага вучылішча (1945—49). З 1950 у т-рах оперы і балета Новасібірска і Адэсы, у 1962—65 педагог Каірскай балетнай школы (Егіпет). Першая выканала на бел. сцэне партыі Ванды («Салавей» М.Крошнера), Адэты—Адыліі («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Марыі («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Каламбіны («Арлекінада» Р.Дрыга), Лізы («Марная засцярога» П.Л.Гертэля). Творчая і пед. дзейнасць Васільевай зрабіла вял. ўплыў на развіццё бел. балета.

Літ.:

Модэль М. Зінаіда Васільева // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.

А.І.Калядэнка.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

настаўнік, выкладчык, педагог; вучыцель (уст.) / хатні: дарэктар (уст.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

НА́ДАШЫ ((Nadasi) Ферэнц) (16.10.1893, Будапешт — 20.2.1966),

венгерскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Засл. арт. Венгрыі (1955). Вучыўся ў Будапешце, удасканальваўся ў Э.Чэкеці. У 1913—21 саліст, у 1936—62 балетмайстар і педагог (у 1950—61 дырэктар) Венг. опернага т-ра (Будапешт), выконваў гал. партыі ў яго спектаклях. У 1950—53 педагог Ін-та балета. Сярод лепшых пастановак: «Сільвія» на муз. Л.Дэліба (1942), «Прывід ружы» на муз. К.М.Вебера і «Дзень нараджэння інфанты» Дж.Карпентэра (абедзве 1948) і інш. Стварыў балетную школу (1937), у пед. працы спалучаў стыль італьян. школы класічнага танца з нац. асаблівасцямі венг. танц. мастацтва. Прэмія імя Л.Кошута 1958.

т. 11, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДЗІ́НСКАЯ (Наталля Міхайлаўна) (н. 8.8.1912, г. Харкаў, Украіна),

руская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1957). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1931, педагог А.Ваганава), з 1964 выкладае ў ім (цяпер Акадэмія рускага балета). У 1931—62 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава, з 1951 педагог Марыінскага т-ра. Для яе творчасці характэрны віртуозная тэхніка класічнага танца, экспрэсіўная манера выканання, эмацыянальная выразнасць, вытанчаны пластычны малюнак ролі. Сярод лепшых партый: Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Гаянэ («Гаянэ» А.Хачатурана), Папялушка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Сары («Сцежкаю грому» К.Караева), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса). Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1949, 1951.

Н.Дудзінская ў ролі Раймонды.

т. 6, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДРА́ЦЬЕВА (Марына Віктараўна) (н, 1.2.1934, С.-Пецярбург),

руская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1976). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1952). У 1952—80 салістка, з 1980 педагог-рэпетытар Вял. т-ра. З 1980 адначасова выкладала ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва, з 1987 педагог Маскоўскай дзярж. акадэміі харэаграфіі. Яе танец вылучаўся лёгкасцю і паэтычнасцю. Сярод партый: Папялушка, Джульета («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Сільфіда («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Адэта—Адылія, Маша («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Шырын («Легенда аб каханні» А.Мелікава), Фрыгія («Спартак» А.Хачатурана), Ганна («Ганна Карэніна» Р.Шчадрына), Дзяўчына-птушка («Шурале» Ф.Яруліна), Муза («Паганіні» на муз. С.Рахманінава).

т. 7, с. 578

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)