КЛЕРУ́ХІІ (грэч. klēruchiai ад klēros зямельны надзел + echō валодаю),
ваенна-земляробчыя пасяленні ў Стараж. Грэцыі. Засноўваліся буйнымі полісамі на тэр. падначаленых ці саюзных дзяржаў для ваен.-паліт. кантролю над імі, а таксама для надзялення зямлёй (за абавязак несці ваен. службу) беззямельных грамадзян. Найб. колькасць К. стваралася афінянамі, асабліва ў час існавання Дэласкага саюза (каля 478—404 да н.э.), іх жыхары заставаліся афінскімі грамадзянамі. К. выклікалі незадавальненне саюзнікаў і да часу стварэння Другога Афінскага марскога саюза (378/77 да н.э.) афіняне былі вымушаны ад іх адмовіцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРЭІ́ДЫ (Nereidae),
сямейства многашчацінкавых чарвей. 35 родаў, каля 450 відаў. Пашыраны ўсюды ў прыбярэжнай зоне мораў. Некат. пераносяць моцнае апрасненне. Жывуць на дне ў норках, утвараюць вял.пасяленні. Найб. шматлікі род нерэіс (Nereis) — каля 150 відаў.
Даўж. ад 4 да 90 см (звычайна 5—10). Афарбоўка пераважна зялёных тонаў. Усёедныя. Раздзельнаполыя. Пры палавой спеласці ў многіх Н. адбываецца ператварэнне ў гетэранерэідныя формы (эпітакія); павялічваюцца вочы, параподыі, паяўляюцца плавальныя шчацінкі, і чэрві падымаюцца на паверхню вады для размнажэння. Корм для рыб і птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́НІІ (ад лац. colonia пасяленне) у біялогіі, сумесныя пасяленні груп аднаго, радзей некалькіх відаў, пастаянныя ці часовыя, абумоўленыя марфал., роднаснымі ці экалагічнымі ўзаемасувязямі, якія забяспечваюць асобінам лепшыя ўмовы існавання.
У раслін К. вядомы сярод водарасцяў; бываюць свабоднаплаваючыя і прымацаваныя, маюць разнастайную форму і памеры, ад 2 клетак (глеякапс) да многіх тысяч (вальвокс).У жывёлсапр. К. — сукупнасці асобін, арганічна звязаных паміж сабой, якія ўтварыліся ў выніку не даведзенага да канца дзялення ці пачкавання (гл.Каланіяльныя арганізмы), простыя тэр. намнажэнні адзінкавых форм (мідыі, марскія жалуды) або згуртаванні асобін аселых жывёл, якія маюць пастаянныя сховішчы (многія віды кажаноў, мурашкі і інш.); згуртаванні з больш складанымі ўзаемасувязямі паміж асобінамі, калі некат. функцыі ў пасяленнях выконваюцца супольна (напр., абарона ад ворагаў і папераджальная сігналізацыя на птушыных базарах, «дзіцячыя сады» ў пінгвінаў, пасяленні ластаногіх, суслікаў); К. грамадскіх насякомых (мурашак, пчол, тэрмітаў і інш.), у якіх асобіны сумесна выконваюць большасць функцый — размнажэння, абароны, забеспячэння кормам, будаўніцтва і інш. (з абавязковым размеркаваннем працы і спецыялізацыяй асобін або ўзроставых груп на выкананні вызначаных аперацый) і дзейнічаюць на аснове пастаяннага абмену інфармацыяй паміж сабой. К. мікраарганізмаў — сукупнасць клетак або міцэлію, якая ўтвараецца ў працэсе іх росту і размнажэння на штучным пажыўным асяроддзі, на паверхні прадуктаў харчавання або ў глебе, грунце вадаёмаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ,
гідралагічны заказнік у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. Створаны ў 1979 як азёрны заказнік з мэтай захавання эталоннага па чысціні возера і яго насельнікаў. Пл. 950 га (1995). Размешчаны на ПнУ Свянцянскіх град, на водападзеле Балтыйскага і Чорнага мораў. Уключае воз. Белае ў бас.р. Шоша і прылеглую тэрыторыю ў межах вадазборнай плошчы. У возеры водзяцца лешч, судак, шчупак, акунь, краснапёрка, верхаводка; па берагах пасяленні баброў. Пашыраны мох фантыналіс — адзін з рэдкіх для Беларусі відаў воднай флоры (утварае плаваючыя дзярнінкі). На Пд пераважна хваёвыя лясы, на ПдЗ і З трапляюцца ельнікі. Лясістасць 90%. На ПнУ асобныя ўчасткі хваёва-яловых лясоў, уздоўж азёрнага берага курціны шэраалешнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРЫ́ЛЬ ((Avril) Філіп) (21.7.1654, г. Ангулем, Францыя — студз. 1698),
французскі падарожнік. Як манах-езуіт пасланы для місіянерства ў Кітай. Праз Турцыю і Іран дабраўся да Астрахані (1685—86), адтуль да Масквы. Не атрымаўшы дазволу на выезд у Кітай, высланы праз Беларусь у Польшчу. Зноў вярнуўся ў Расію і зноў не атрымаў дазволу на праезд у Кітай. Вярнуўся ў Францыю, у 1692 выдаў кнігу пра свае падарожжы, у якой апісаў жывёльны свет Беларусі, пасяленні палонных з Рэчы Паспалітай, у т. л. з Беларусі, «паміж Волгай і Масквой».
Літ.:
Пирлинг П. Французский иезуит в Москве в XVII столетии // Рус. старина. 1902. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕВЯЛЬСКО́Й (Генадзь Іванавіч) (5.12.1813, с. Дракіна Кастрамской вобл., Расія — 29.4.1876),
расійскі мараплавец, даследчык Д. Усходу. Адмірал (1874). Скончыў Марскі корпус у С.-Пецярбургу (1832) і афіцэрскія класы (1836). У 1848—49 кіраваў марскім пераходам транспарту «Байкал» з Кранштата да Петрапаўлаўска-Камчацкага, адкрыў (1849) і даследаваў Татарскі праліў, выявіў астраўны характар Сахаліна. У 1850—55 узначаліў Амурскую экспедыцыю, даследаваў нізоўі р. Амур, засн. там рус.пасяленні, у т. л. Нікалаеўск-на-Амуры. На в-ве Сахалін адкрыў радовішчы вугалю. Яго імем наз. праліў, мыс у гэтым праліве, заліў, гара і горад на Сахаліне.
Тв.:
Подвиги русских морских офицеров на крайнем востоке России, 1849—1855. Хабаровск, 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́ШНА,
возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Зеха (выцякае з возера), за 14 км на ПнЗ ад г. Лепель. Пл. 0,34 км², даўж. 1,4 км, найб.шыр. 430 м, найб.глыб. 5,2 м, даўж. берагавой лініі 3,46 км. Пл. вадазбору 20,9 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 10—12 м (на Пн і З 2—3 м), пераважна пад лесам. Берагі сплавінныя, участкамі пясчаныя, парослыя хмызняком. Пойма на ПдЗ і ПнУшыр. да 700 м, забалочаная, пад хмызняком. Дно сапрапелістае, уздоўж берагоў пясчанае. Упадае ручай з воз. Доўгае, выцякае ручай у воз. Азерцы. Есць пасяленні баброў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВОНЬ, Званское возера,
ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ушача, за 12 км на Пд ад г.п. Ушачы. Пл. 1,46 км², даўж. 2,1 км, найб.шыр. 1,1 км, найб.глыб. 17,9 м, даўж. берагавой лініі 7 км. Пл. вадазбору 17,4 км². Схілы катлавіны выш. да 9 м (на ПнУ да 25 м), пераважна разараныя, на Пд і З парослыя лесам. Берагі нізкія, пясчаныя і пясчана-галечныя, часткова пад хмызняком. Дно да глыб. 3,5—4 м пясчанае, ніжэй глеістае. З астравы агульнай пл. 4,2 га. На Пд упадае р. Зуйніца, на Пн выцякае ручай у воз. Вялікая Існа. Адзначаны пасяленні баброў. Уваходзіць у зону адпачынку курорта Ушачы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САВЫ,
удзельнікі рэв. руху дзекабрыстаў у Рас. імперыі, браты. Нарадзіліся ў Сумскай вобл., Украіна.
Андрэй Іванавіч (1798—12.10.1854) — адстаўны падпаручнік (1823), Пётр Іванавіч (1800—12.10.1854) — падпаручнік (1825). Атрымалі хатнюю адукацыю. З 1816 служылі ў 26-й, з 1820 у 8-й артыл. брыгадах. У 1818 заснавалі асв.Т-ва першай згоды, якое неўзабаве пераўтварылі ў тайнае Т-ва сяброў прыроды. Заснавальнікі (разам з Ю.К.Люблінскім) і кіраўнікі Таварыства з’яднаных славян 1823—25. У час Чарнігаўскага палка паўстання прымалі захады па яго пашырэнні. У 1826 арыштаваны і асуджаны. Адбывалі катаргу ў Нерчынскіх рудніках, з 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Андрэй Іванавіч скончыў самагубствам пасля раптоўнай смерці брата.
Літ.:
Декабристы: Биогр. справ. М., 1988. С. 28—29, 229.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНО́ЎСКІ (Юзаф Андрэевіч) (1.9.1835, Вільня — 15.11.1907),
удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў Мікалаеўскую ваен.-інж. акадэмію ў Пецярбургу (1863). У 1860—63 служыў у Брэсцкай крэпасці, інжынер-капітан. З чэрв. 1863 на чале ваен. секцыі Выканаўчага аддзела Літвы, найбліжэйшы памочнік К.Каліноўскага, хоць не падзяляў яго радыкальных поглядаў. У 1864 арыштаваны, да 1873 на катарзе і пасяленні ў Іркуцкай губ. і Пермі. Удзельнічаў у даследаваннях Сібіры. Пасля вяртання з Сібіры (1873) быў выхавальнікам сына кн. У.Чартарыйскага — Аўгуста. З 1877 у Аўстра-Венгрыі, манах-кармеліт, прыёр кляштара ў в. Чэрна (каля Кракава), генеральны вікарый кармелітаў босых у Галіцыі. Аўтар гіст. і рэлігійна-філас. твораў, кн. «Успаміны, 1835—1877» (надр. 1965). 17.11.1991 кананізаваны.