На́даўба ’засядзеўшаяся ў дзеўках, якую возяць па вёсках і прапануюць: Ці не трэба надаўба?’ (ушац., Панюціч, дыс.), рус. пск. арх. на́долба ’дзяўчына з беднай сям’і, якую бацькі возяць па вёсцы, прапануючы ўзяць замуж’, ’векавуха’. Да *nadoba, параўн. набаб ’патрэба’, надоба ’хатнія рэчы, неабходныя гаспадыні’, надобніна ’патрэбная рэч’, укр. надоба ’патрэба, неабходнасць’, рус. надоба ’патрэба, неабходнасць’, гл. надоба. У выніку пеярызацыі збліжана са словамі надаўба ’незгаворлівы ўпарты чалавек’, надоўб ’асталоп, неразумны’, рус. надолба ’дурны чалавек, дубіна, балда’, што ў сваю чаргу Узніклі на аснове канкрэтнага значэння ’слуп, калода’, параўн. Фасмер, 3, 38. Гл. таксама надабень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АДНАДВО́РЦЫ,

катэгорыя дзярж. сялян у Рас. імперыі. Складаліся ў 1-й чвэрці 18 ст. з патомкаў служылых людзей, паселеных царскім урадам у сувязі са стварэннем рэгулярнай арміі на паўд. і паўд.-ўсх. граніцах для іх аховы. Аднадворцы былі абкладзены падушным падаткам і 4-грыўневым аброкам. Пераважная большасць іх не валодала прыгоннымі, мела толькі ўласныя двары (магчыма, адсюль і назва аднадворцы).

На Беларусі аднадворцы ўтвораны на падставе закону ад 19.10.1831: дробная сельская шляхта была пераведзена ў аднадворцы з паліт. (за ўдзел у паўстанні 1830—31) і фіскальных меркаванняў. Былі асабіста вольныя; плацілі падатак, выконвалі рэкруцкую павіннасць на працягу 15 гадоў. Паводле ўказа ад 1.8.1857 аднадворцы на ўласнай і дзярж. зямлі аднесены да дзярж сялян, на панскай — да вольных людзей. Фактычна працягвалі існаваць як асобная група сельскага насельніцтва. У 1858 на Беларусі 44 810 аднадворцаў (1,6% сельскага насельніцтва). Пераважная большасць не мела сваёй зямлі. Па меры разбору шляхты колькасць іх расла: у 1867 у Мінскай, Магілёўскай, Віленскай і Гродзенскай губ. было 110 088 чал. Паводле закону ад 19.2.1868 аднадворцы пераведзены ў сельскія і гарадскія абшчыны, большасць іх злілася з сялянамі. Аднадворцы, якія жылі на панскай зямлі, не атрымалі права на яе выкуп, тыя, што жылі на дзярж., маглі выкупіць яе. Уласная зямля захавалася за аднадворцамі.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКУПНА́Я АПЕРА́ЦЫЯ,

дзяржаўная крэдытная аперацыя па выкупе сялянамі зямлі ў Рас. імперыі, састаўная частка сялянскай рэформы 1861. Паводле яе ўмоў селянін меў права выкупіць сядзібны ўчастак без згоды памешчыка, а палявы надзел — са згоды памешчыка. Выкупны кошт надзельнага ўчастка вызначаўся шляхам капіталізацыі з 6% гадавога грашовага аброку. Фактычна сяляне выкуплялі не зямлю, а феад. павіннасці, г.зн. асабістую свабоду. 20—25% выкупнога кошту селянін выплачваў памешчыку адразу пры заключэнні выкупной здзелкі. На астатнія 75—80% давалася пазыка на 49 гадоў (па 6% штогод).

Абавязковы выкуп на Беларусі, Правабярэжнай Украіне і ў Літве ўведзены ў 1863 (у інш. рэгіёнах Расіі з 1883). Пад уплывам паўстання 1863—64 і масавага руху сялян ім вярнулі частку адрэзкаў і паменшылі выкупныя плацяжы. Рэв. сітуацыя ў канцы 1870 — пач. 1880-х г., значны недабор выкупных плацяжоў зноў прымусілі царскі ўрад на пач. 1880-х г. крыху скараціць памеры выкупу ў шэрагу рэгіёнаў (на Беларусі — у Магілёўскай губ., у Віцебскім і Гарадоцкім пав. Віцебскай губ.).

Пад уплывам рэв. падзей 1905 урад быў вымушаны адмяніць выкупныя плацяжы. Выкупная аперацыя фактычна азначала рабаванне сялян памешчыкамі і царызмам. У 1861—1906 б. памешчыцкія сяляне 5 зах. губерняў Расіі заплацілі 170 млн. руб. выкупу. У выніку дзяржава атрымала даходу каля 100 млн. руб.

В.​П.​Панюціч.

т. 4, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫХ СЯЛЯ́Н РЭФО́РМА 1866—67,

сістэма мер царскага ўрада, накіраваных на ліквідацыю феад. залежнасці дзярж. сялян у Еўрап. Расіі. У рас. губернях, на Левабярэжнай і Паўд. Украіне праводзілася паводле закону ад 24.11.1866, у Беларусі, Правабярэжнай Украіне і Літве адпаведна закону ад 16.5.1867. Землеўладкаванне дзярж. сялян было арганізавана на тых жа пачатках, што і б. панскіх сялян у Беларусі, Правабярэжнай Украіне і Літве. Яны былі пераведзены на абавязковы выкуп і прылічаны да разраду «сялян-уласнікаў». За сялянамі замацоўвалі надзелы, што знаходзіліся ў іх пастаянным карыстанні. Сума штогадовых выкупных плацяжоў вызначалася велічынёй штогадовага аброчнага падатку, павялічанага на 10%. Тэрмін пагашэння выкупнога доўгу складаў 46 гадоў. Пазыкі ад казны б. дзярж. сяляне не атрымлівалі. Да зацвярджэння люстрацыйных актаў яны абавязаны былі па-ранейшаму плаціць аброчны падатак, а зямельныя надзелы заставаліся толькі ў іх карыстанні. У выніку рэформы надзельнае землеўладанне б. дзярж. сялян павялічылася ў 5 зах. губернях на 613 656 дзес. і перавышала надзелы былога прыватнаўласніцкага сялянства ў разліку на рэвізскую душу ў сярэднім на 24,5%, на двор — на 20,8%. Выкупныя плацяжы б. дзярж. сялян адпавядалі мясц. рыначным цэнам на зямлю і былі прыкметна ніжэйшыя, чым у б. панскіх сялян.

В.​П.​Панюціч.

Да арт. Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР. Сцэна са спектакля «Глыбокія карэнні» Дж.​Гоу і А.​Д’Юса.

т. 6, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ДЗІ ВО́ЛЬНЫЯ,

катэгорыя сялян на Беларусі ў канцы 18—19 ст. Былі асабіста свабодныя, прававым і маёмасным становішчам набліжаліся да дзярж. сялян. За карыстанне зямлёй плацілі падушны аброк або адпрацоўвалі. Да сярэдзіны 19 ст. пераважная большасць Л.в. запрыгонена памешчыкамі. У 1840 тыя з іх, хто жыў на казённых землях, далучаны да абшчын дзярж. сялян, прыпісаныя да гарадоў увайшлі ў склад гар. абшчын. У 1858 на Беларусі налічвалася 14,6 тыс. душ Л.в. абодвух полаў. Напярэдадні сялянскай рэформы 1861 колькасць іх значна вырасла за кошт пераведзеных у гэту катэгорыю абеззямеленых панскіх сялян і склала на Беларусі і ў Літве каля 100 тыс. рэвізскіх душ. Паводле закона ад 25.7.1864 Л.в. 1-га разраду (пазбаўленыя зямлі памешчыкамі пасля выдання рэскрыпта Аляксандра II віленскаму ген.-губернатару У.​І.​Назімаву ад 20.11.1857) надзяляліся зямлёй з правам выкупу нароўні з панскімі сялянамі. Л.в. 2-га разраду (пазбаўленыя зямлі да гэтага тэрміну) на працягу 12 гадоў заставаліся арандатарамі з паніжэннем арэнднай платы на 10%. На пач. 1880-х г. на Беларусі і ў Літве іх было каля 87 тыс. рэвізскіх душ. У выніку барацьбы за зямлю Л.в. 2-га разраду згодна з законам ад 3.6.1882 атрымалі права яе выкупу ў Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. У Мінскай губ. пазямельнае ўладкаванне Л.в. было затрымана да 1903.

В.​П.​Панюціч.

т. 9, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РАБКІ, парубцы,

1) адна з разнавіднасцей чэлядзі нявольнай (дворнай) у ВКЛ у 14—16 ст. 2) Некваліфікаваныя ці малакваліфікаваныя наёмныя работнікі на Беларусі, Украіне і ў Літве ў 18 ст. — 1850-х г. Пераважна найбяднейшыя сяляне, якія не мелі зямельнага надзелу (бабылі) і працавалі па найме ў заможных сялян і феадалаў у с.-г. вытворчасці. Наёмная праца П. часцей выкарыстоўвалася ў зах. і цэнтр. паветах Беларусі. У 1859 у бел. паветах Гродзенскай, Віленскай, Мінскай губ. пераважная большасць П. была кутнікамі, якія абслугоўвалі гаспадарку заможных сялян. Больш шырока П. як наёмную рабочую сілу скарыстоўвалі на дзярж. землях. П. не мелі ці амаль не мелі сваіх сродкаў вытв-сці, былі заняты пераважна ў сферы таварнай вытв-сці, крыніцай іх існавання з’яўлялася праца па найме. П. перыяду позняга феадалізму — пераходны сац. тып ад феад.-залежнага селяніна да пралетарыя.

3) Наёмныя рабочыя эпохі капіталізму, частка с.-г. пралетарыяту, пераважна з надзелам. Пасля сялянскай рэформы 1861 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, катэгорыя П. фарміравалася за кошт дарэформенных наёмных с.-г. работнікаў, дваровых людзей; каланістаў, збяднелага сялянства і сем’яў пастаянных (гадавых) с.-г. наёмных рабочых. Да пач. 20 ст. на Беларусі было прыкладна 130 тыс. П., у 1913 — каля 200 тыс. У СССР парабкоўства было ліквідавана ў выніку калектывізацыі сельскай гаспадаркі.

В.​П.​Панюціч.

т. 12, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Скле́зень ‘малы, малеча’ (Нас., Касп., Бяльк.), ‘пра слабую, худую (звычайна маладую) істоту’ (Янк. Маг., Барад.), ‘хілае, капрызнае дзіця’ (Юрч., Яўс.), ‘худы чалавек, няўдаліца’ (Сл. рэг. лекс.), ‘слізень’ (Бяльк.), склязнёнак ‘фізічна слабая істота’ (Мядзв.), ‘нованароджанае недаразвітае дзіця’ (Мат. Маг.). Панюціч (Лексіка, 86) выводзіцца ад скліць ‘скуліць, ныць’ (гл.), параўн. скліза ‘кволае, хваравітае дзіця’ (Юрч.), што ў далейшым было набліжана да склізкі (гл.), параўн. склізня́ ‘смоўж’, ‘капрызная дзяўчынка’, ‘слізота, галалёд’ (Яўс.), склі́зень ‘слізняк’, ‘нікчэмны чалавек’ (Нар. Гом.). Не выключаны, як пачатковая аснова, дзеяслоў склець ‘чэзнуць’ (гл.). Аб суф. ‑з(а), ‑ень, ‑інь, якія ўтвараюць экспрэсіўныя назвы асоб, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 38, 41, параўн. слімаза, слімень (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВО́ЛАСЦЬ,

1) на Русі і ў ВКЛ у 12—16 ст. сукупнасць зямельных уладанняў, якія належалі адной асобе.

2) На Русі і ў ВКЛ у 13—16 ст. адм.-тэр. адзінка, населеная сялянамі-даннікамі, якія ўтваралі тэр. абшчыну. Як дзярж. ўласнасць проціпастаўлялася вотчыне—уладанню на правах прыватнай уласнасці. Мела двайную сістэму кіравання: з сялян выбіраўся соцкі (у 15—16 ст. старац), інтарэсы дзяржавы прадстаўляў намеснік (цівун) з баяр, шляхты. Паступова воласці перадаваліся шляхце ў вотчыну. Даўжэй праіснавалі ў Падняпроўі. Пасля правядзення ў канцы 16 — пач. 17 ст. валочнай памеры фактычна ператварыліся ў дзярж. маёнткі.

3) Адм.-тэр. адзінка ў 1797—1920-я г. ў Рас. імперыі і СССР, у т. л. на Беларусі. Уведзена ў 1797 на казённых землях як ніжэйшае звяно дзярж. адм. сістэмы (поруч з сельскай грамадой); састаўная частка павета. У 1830—50-я г. на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне воласці скасаваны. Паводле сялянскай рэформы 1861 воласць уведзена для б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. і для б. дзярж. сялян як вышэйшая адзінка саслоўнага сял. самакіравання (гл. Валасны сход, Валасное праўленне, Валасны суд). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 фармальна стала адзінкай усесаслоўнага самакіравання, якое, як правіла, з’яўлялася сродкам улады заможнага сялянства. У першыя гады сав. улады частка воласцей разбуйнена. У СССР заставалася да правядзення раянавання 1928—30 і падзелена на сельсаветы (у БССР скасавана ў 1925).

В.​Л.​Насевіч, В.​П.​Панюціч.

т. 4, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДЗЕ́ЛЫ ЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ у Расійскай імперыі,

спосаб перыядычнага аднаўлення сельскай абшчыннай ўраўняльнасці землекарыстання, якая пастаянна парушалася зменай складу сям’і і колькасці двароў абшчыннікаў. Пры феадалізме П.з. праводзілі або кантралявалі памешчыкі. Пасля сялянскай рэформы 1861 яны сталі выключнай функцыяй пазямельнай абшчыны і вызначаліся патрабаваннем ​2/3 гаспадароў дамоў на сельскім сходзе. П.з. падзяляліся на агульныя, прыватныя і т.зв. перавёрсткі. Агульныя (усіх двароў) П.з. праводзіліся праз шэраг гадоў, прыватныя (перадача зямлі з адной сям’і ў другую пры змене іх люднасці або канфіскацыі надзелаў нядоімшчыкаў) — штогод. Перавёрсткі азначалі прымусовы абмен раўнацэннымі зямельнымі ўчасткамі, каб зменшыць цераспалосіцу. Паводле правіл 1893 агульныя П.з. праводзіліся пад кантролем земскіх участковых начальнікаў не часцей як праз 12 гадоў, а прыватныя дапускаліся толькі ў выключных выпадках. На Беларусі П.з. праводзіліся ва ўсх. паветах, дзе часткова існавала абшчыннае ўладанне ворнай зямлёй і сенажацямі. Размеркаванне надзельных зямель адбывалася пераважна па колькасці наяўных работнікаў (мужчын ці ўсіх) у сям’і. Пасля адмены прыгону агульныя і прыватныя П.з. не атрымалі ў бел. паветах значнага пашырэння і адсутнічалі ў большасці паселішчаў з абшчынным землеўладаннем, што ўзмацняла працэс разлажэння сялянства. У ходзе сталыпінскай аграрнай рэформы ў адпаведнасці з законам ад 14.6.1910 усе абшчыны, у якіх не было агульных П.з. з часу іх надзялення зямлёй, былі абавязаны перайсці да падворнага землеўладання. П.з. адрадзіліся пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 з ажыццяўленнем дэкрэта аб зямлі ад 27.10(9.11). 1917 у вёсцы. Спыніліся з ліквідацыяй сельскай пазямельнай абшчыны ў ходзе суцэльнай калектывізацыі.

В.​П.​Панюціч.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лотр ’лайдак, гультай’, ’круцель, п’яніца, ашуканец, марнатравец’ (Нас., Яруш., ТСБМ; гом., Мат. Гом.), лотра, лу͡отра ’гуляка, гультай, лодар, п’яніца’ (Гарэц., Мал., Бяльк., ТСБМ). Ст.-бел. лотръ ’злачынец, бандыт, разбойнік’, ’махляр, ашуканец’, якое Карскі (Труды, 312) і Кюнэ (74) выводзяць з польск. łotr ’тс’; Булыка (Запазыч., 191) — са ст.-польск. łotr (апошняе з чэш. lotr < с.-в.-ням. loter або з lotterbube ’нягоднік, мярзотнік’); Жураўскі (Бел. мова, 61), Чартко (Пыт. мовазн., 122) крыніцай для ст.-бел. лотръ лічаць с.-в.-ням. loter. Паняцце амаральнасці, распусты, заключанае ў гэтай лексеме, дало падставу Булахаву (Бел. мова, 54–55) звязаць яе з біблейскім імем Лотр. Аб гэтым гл. і ў Панюціч (Лексіка нар. гав., 103). Больш падрабязна гл. Слаўскі, 5, 221–222.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)