АПАКА́ЛІПСІС (грэч. apokalypsis літар. адкрыццё),

1) адна з кніг Новага Запавета (Адкрыццё святога Іаана Багаслова). Напісана ў 68 — пач. 69 н.э. Іаанам Багасловам. У ёй у форме бачанняў, пасланых Богам, апісаны будучы лёс свету і чалавецтва. Гал. ідэя апакаліпсіса — чаканне страшнага Божага суда, калі на грэшнае чалавецтва абрынуцца сусв. катастрофы. Рэлігійна арыентаваныя тлумачальнікі разглядаюць апакаліпсіс як прарочую кнігу пра апошнія часы свету і здарэнні, што павінны адбыцца напярэдадні 2-га прышэсця Хрыста на зямлю. Праз увесь яго тэкст праходзіць сакральная лічба 7 (7 цэркваў, 7 зорак у руцэ Бога, 7 анёлаў, што выліваюць на грэшнікаў 7 чашаў Божага гневу, і г.д.). Сямікратнае памнажэнне бедстваў і катастрофаў прызначана выклікаць у чытача свяшчэнны жах перад непазбежным сканчэннем свету. Пасля Чарнобыльскай катастрофы шматлікія тлумачальнікі апакаліптычных прароцтваў, у т. л. на Беларусі, пачалі звязваць трубныя гукі трэцяга анёла, што апавяшчае аб падзенні на зямлю вялікай зоркі пад назвай «палын» (па-ўкраінску «чарнобыль»), з біблейскім прадказаннем гэтай самай згубнай у гісторыі чалавецтва катастрофы — нац. трагедыі бел. народа. Акрамя інтэрпрэтацыі апакаліпсіса як страшнага суда і канца свету яго яшчэ тлумачаць як абяцанне тысячагадовага шчасця пасля такога суда.

2) У шырокім сэнсе апакаліпсіс — буйнамаштабнае бедства, пагроза пагібелі чалавецтва, культуры, навакольнага асяроддзя. Апакаліпсіс часта асацыіруецца з крызісам або канцом цывілізацыі, эканам. катастрофамі, ядз. вайной.

Літ.:

Бабосов Е.М. Катастрофы: социол. анализ. Мн., 1995.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДУКА́ЦЫЯ (ад лац. educatio выхаванне),

працэс і вынік набыцця сістэматызаваных ведаў, уменняў і навыкаў у навуч. установах або самаадукацыяй. У больш шырокім плане — культурнаадукац. прастора, якая ахоплівае сям’ю, разнастайныя навуч.-выхаваўчыя і пазашкольныя ўстановы, нефармальную адукацыю, сац.-пед. інфармаструктуру, адукац. працэсы на вытв-сці і ў грамадска-культ. жыцці, самаадукацыі і інш., дзе ўзнаўляецца і ўдасканальваецца інтэлектуальна-творчы і прафес.-кваліфікацыйны патэнцыял народа. Бел. нац. Сістэма адукацыі ўключае агульную, прафес. адукацыю, сямейнае, грамадскае выхаванне, самаадукацыю і самавыхаванне. У залежнасці ад аб’ёму і тэрмінаў навучання адрозніваюць: адукацыю агульную — пачатковы, базавы і сярэдні ўзроўні; прафесійную адукацыю — дапрафес. (прафесійная арыентацыя, адбор) і сярэдняя прафес. падрыхтоўка; вышэйшую адукацыю — падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для розных галін навукі, тэхнікі і культуры; адукацыя дарослых (паслядыпломная адукацыя). Паводле формы навучання адукацыя бывае дзённая (стацыянарная), вячэрняя і завочная, паводле адносін да царквы — свецкая (незалежная ад уплыву царквы) і канфесійная (кантралюе царква). Змест адукацыі вызначаецца станам навукі, тэхнікі, культуры, мастацтва, міжнар. і нац. стандартамі, вучэбнымі планамі і праграмамі.

Дзярж. палітыка Беларусі ў галіне адукацыі грунтуецца на прынцыпах: даступнасць усіх відаў адукацыі; стварэнне ўмоў для выбару формаў навучання; прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцяў; нац.-культ. аснова адукацыі; навуковасць; арыентацыя на сусв. ўзровень, вывучэнне і выкарыстанне вопыту развітых краін свету, запазычанне іх дасягненняў і стандартаў; гуманізм, увага да схільнасцяў і інтарэсаў асобы, магчымасць свабоднай самарэалізацыі; сувязь з грамадскай практыкай, якая гарантуе ўзаемадзеянне адукацыі з вытв-сцю, спрыяе сацыялізацыі асобы, яе адаптацыі да розных формаў жыццядзейнасці; экалагічная накіраванасць; адзінства навучання, духоўнага і фіз. ўдасканалення; дэмакратызм (праз яго ўсталёўваецца павага і давер паміж педагогамі, навучэнцамі і бацькамі); свецкі характар, які адначасова забяспечвае грамадзянскае навучанне і выхаванне ў дзярж. навуч. установах і ахову свабоды сумлення і веравызнання чалавека; заахвочванне адукаванасці; пераемнасць і бесперапыннасць адукацыі; выкарыстанне і развіццё нар. педагогікі беларусаў; падтрымка самаадукацыі і самавыхавання, інтэлектуальных і духоўных імкненняў асобы; абавязковасць базавай адукацыі ў якасці вызначальнага ўзроўню навучання і выхавання. Гал. мэты нац. сістэмы адукацыі: спрыянне гарманічнаму развіццю асобы, поўнай рэалізацыі яе стваральных здольнасцяў; фарміраванне і ўмацаванне нац. свядомасці і адначасова пачуцця павагі да іншых краін і народаў свету; авалоданне дзярж. мовай; захаванне і памнажэнне інтэлектуальнай уласнасці і культ.-гіст. каштоўнасцяў бел. народа і інш. нац. супольнасцяў рэспублікі; падрыхтоўка да самаст. жыцця; садзейнічанне інтэлектуальным памкненням асобы.

Усе жыхары Беларусі забяспечваюцца роўнымі правамі і магчымасцямі для атрымання агульнай і прафес. адукацыі з улікам нац. традыцый, індывід. патрэб, здольнасцяў; бясплатным навучаннем у дзярж. базавых школах, а таксама інш. навуч. установах. Нац. сістэма адукацыі падтрымлівае асабліва здольных і таленавітых дзяцей; ажыццяўляе сац. дапамогу ў навучанні дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, з разумовымі ці фіз. недахопамі, сірот, інвалідаў з маленства, дзяцей, якія не маюць апекі бацькоў. З мэтай забеспячэння цэласнай сістэмы навуч.выхаваўчай работы па фарміраванні ўсебакова развітой асобы ў Рэспубліцы Беларусь распрацаваны шэраг заканадаўчых, дырэктыўных, нарматыўных дакументаў: законы «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991), «Аб правах дзіцяці» (1993); канцэпцыі адукацыі і выхавання, выхавання ў нац. школе Беларусі, навучання, выхавання і падрыхтоўкі да жыцця дзяцей з недахопамі ў разумовым і фіз. развіцці (усе 1993), а таксама комплексная праграма развіцця адукацыі і выхавання на Беларусі на перыяд да 2000 г.

А.​П.​Сманцар, С.​В.​Снапкоўская.

т. 1, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Спор1 ‘удача, поспех у чым-небудзь’ (ТСБМ), ‘карысць, пажытак’ (Ласт.), ‘прыбытак; поспех’ (Нас., Гарэц.), спор (спорь) ‘ураджай’ (Пятк. 2), параўн.: “wiedźmy… łopatą do pieczenia chleba biorą spór z żyta” (Маш., 221), спор, спара́памнажэнне, павелічэнне’: “Спор табе ў дзяжу! Спор вам на хлеб” — прыгаваруюць, каб не мінаўся хлеб” (мін., чэрв., рагач., Сл. ПЗБ), ‘дастатак’: въ гумнѣ спора ‘пажаданне пры ўлазінах’ (мазыр., Яшк. Мясц.), ‘пажаданне ў рабоце’ (ЛА, 5), спо́рны ‘выніковы, паспяховы’, ‘эканомны, шчодры’, ‘густы (пра дождж, снег)’ (Нас., ТСБМ, Шат., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спо́рий ‘выніковы, паспяховы’, спориня́ ‘поспех, прыбытак, рост’, рус. спо́рый ‘тс’, спорынья́, спорина́ ‘прыбытак, рост’, стараж.-рус. споръ ‘багаты’, польск. spory ‘не малы, дастаткова вялікі’, в.-луж., н.-луж. spóry ‘багаты, шчодры’, чэш. sporý ‘выніковы, моцны’, славац. sporý, серб.-харв. спо̏р ‘павольны, працяглы’, славен. spòr ‘багаты, пажыўны’, балг., макед. спор ‘прыбытак; ураджай’. Прасл. *sporъ ‘выдатны; багаты; пажыўны’ з’яўляецца прыметнікам ад прасл. *spěti ‘спець’ (гл.) з суф. ‑r‑. Мае адпаведнікі ў ст.-інд. sphirás ‘сыты; багаты’, лац. prosper (*prosparos) ‘шчаслівы; спрыяльны’, ст.-ісл. sparr ‘ашчадны; пашкадаваны’. Іншая апафанічная ступень у прасл. *spěti (гл. спець). Гл. Фасмер, 3, 737 з іншай літ-рай; Скок, 3, 313; Махэк₂, 570–571. Шустар-Шэўц (1343–1344) узнаўляе прасл. наз. *sporъ ‘прыбытак, ураджай’ і прым. *sporъ‑jь ‘спорны, паспяховы’. Гл. яшчэ Варбат, Этимология–1965, 120; Тапароў, Этимология–1980, 652; ЕСУМ, 5, 380.

Спор2 ‘сварка, спрэчка’ (Бяльк.), спор, спо́рка ‘супраціўленне’ (Нас.), спор, спо́рка ‘сварка, спрэчка’ (ТС), спо́рыць ‘спрачацца’ (паст., смарг., Сл. ПЗБ; ТС), спо́раць ‘ісці ў заклад’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), спо́рыцца ‘спрачацца’ (Шат.; віц., Сл. ПЗБ; Бяльк.), спо́роваць ‘тс’ (Нас.), спо́рываць ‘тс’ (Касп.). Укр. спір, спо́ритися ‘спрачацца’, рус. спор, спо́рить, стараж.-рус. съпоръ, польск. spór, чэш., славац. spor, серб.-харв. спо́р ‘спор; судовы працэс’, славен. spór ‘спрэчка’. Прасл. *sъporъ аддзеяслоўны назоўнік ад прасл. прэфіксальнага дзеяслова *sъ‑perti sę < прасл. *perti (гл. перці) (Борысь, 570–571; Фасмер, 3, 737). Параўн. спіраць, гл.

Спор3 ‘чорнае зерне ў коласе’ (ТС, Выг., ЛА, 5). Этымалагічна тое ж, што і спор1. Параўн. спарыння, спарыш3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)