А́ФТЫ (грэч. apthai),

невялікія ўчасткі паверхневага некрозу на слізістых абалонках рота (радзей на слізістых носа, вока, палавых органаў). Узнікненню спрыяюць хваробы органаў стрававання, алергія і інш. Афты маюць круглую або авальную форму, дыяметрам ад 2 да 5—7 мм, пакрытыя жоўта-белым налётам. Пашкоджаныя ўчасткі балючыя. Лячэнне накіравана на асн. захворванне. Мясцова — апрацоўка слізістай абалонкі абязбольваючымі, процівіруснымі сродкамі (алей шыпшыны, абляпіхі, караталін).

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

алейрадзі́ды

(ад гр. aleurodes = мучны)

падатрад раўнакрылых насякомых з пакрытым мучністым налётам целам, шкоднікаў агародніны і ягадных культур; белакрылкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАРАДА́ТАЯ КУРАПА́ТКА (Perdix daurica),

птушка сямейства фазанавых атр. курападобных. Пашырана ва ўмераным поясе Азіі. На Беларусь завозілася для акліматызацыі (поспеху не мела) з Тувы ў 1959—60.

Даўж. цела каля 20 см, маса 300—325 г. Ад шэрай курапаткі адрозніваецца «барадой» (адсюль назва) у выглядзе доўгага пер’я пад дзюбай, вохрыста-жаўтаватым налётам апярэння і чорнай падковападобнай плямай на брушку. Корміцца насеннем пустазелля, зернем, насякомымі.

Барадатая курапатка.

т. 2, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Засмя́гнуць, засма́гнуць ’звянуць, высахнуць’. Рус., кур., смал. засмягнуть ’пакрыцца гноем, каростай’, ’высахнуць’, бранск. засма́гнуть ’высахнуць’, укр. засма́гнути ’загарэць (на сонцы)’, ’запякацца; пакрывацца налётам ад смагі (пра губы)’, чэш. zasmahnouti ’засмажыць да карычневага колеру’. Гл. смягнуць, смага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стыко́ўка, ‑і, ДМ ‑коўцы; Р мн. ‑ковак; ж.

Мяккае збліжэнне і злучэнне касмічных лятальных апаратаў на арбіце. Узаемны пошук, прычальванне і стыкоўка апаратаў выконваліся па камандзе з Цэнтра кіравання налётам і з дапамогай бартавой аўтаматыкі. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЛЯБЕ́ДНІК (Atriplex),

род кветкавых раслін сям. лебядовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя Л.: раскідзісты (A. patula), татарскі (A. tatarica), кап’ялісты (A. prostrata).

Адна- і шматгадовыя травы, паўкусты і кусты. Лісце чаргаванае, часта, як і сцёблы, з мучністым налётам. Кветкі у клубочках, сабраных у коласападобныя ці мяцёлчатыя суквецці, песцікавыя пераважна без калякветніка. Плод — аднанасенны арэшак. Харч., тэхн., кармавыя, лек., дэкар. расліны; ёсць ядавітыя і пустазелле.

Лябеднік татарскі.

т. 9, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

паце́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е; незак.

1. Пакрывацца потам.

П. ад гарачыні.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрывацца вільготным налётам.

Сцяна пацее ад вільгаці.

3. перан. Працаваць над чым-н. доўга, упарта (разм.).

П. над праектам.

|| зак. спаце́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е (да 1 і 2 знач.), упаце́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е (да 1 знач.), запаце́ць, -е́е (да 2 знач.) і адпаце́ць, -е́е (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

АЛЕЙРАДЗІ́ДЫ, белакрылкі (Aleurodoidea),

падатрад насякомых атр. раўнакрылых. Налічваецца больш за 200 відаў, большасць — у тропіках. На Беларусі пашыраны алейрадзіда цяплічная (Trialeurodes vaporariorum), алейрадзіда сунічная (Aleurodes fragariae), алейрадзіда кляновая (Aleurochiton complanatus), алейрадзіда падтыннікавая (Aleurodes proletella); шкодзяць раслінам.

Даўж. 1—3 мм. Жоўтыя, чырванаватыя, часта з цёмнымі плямамі. 2 пары крылаў, укрытых белым налётам (адсюль другая назва), складваюцца страхападобна. Знаходзяцца на ніжняй паверхні ліста. Яйцы прымацоўваюць да субстрату на сцяблінках. Жывяцца сокам раслін. Дарослыя пералятаюць на невял. адлегласць, рассяляюцца ветрам, лічынкі пераносяцца з пасадачным матэрыялам.

т. 1, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

лебяда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Пустазелле сямейства лебядовых з лісцем, якое звычайна пакрыта мучністым налётам. Сівелі ўзгоркі ад палыну і шэрай квецені лебяды, іржа кепскага шчаўя зацягнула пожні. Хадкевіч. Прызба па самыя вокны зарасла была лебядою і лопухам. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАНО́СКА ТАЎСТАХВО́СТАЯ (Leucorrhinia caudalis),

насякомае атрада стракоз. Усходнееўрап. від з ізаляванымі ўчасткамі арэала. На Беларусі трапляецца лакальна, занесена ў Чырв. кнігу. Жыве на забалочаных участках праточных вадаёмаў, старыцах рэк, парослых белымі або жоўтымі гарлачыкамі.

Даўж. брушка 24—27 мм, крыла 29—32 мм. Цела чорнае. Пры аснове задніх крылаў па чорнай пляме. Брушка на канцы расшырана, у самцоў у пярэдняй частцы з блакітным налётам. Цыкл развіцця 2 гады. Лічынкі жывуць у стаячых або слабапраточных вадаёмах. Драпежнік, корміцца дробнымі насякомымі і іх лічынкамі.

Беланоска таўстахвостая.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)