ЧАРНІ́ЦЫ (Vaccinium myrtillus),

кветкавая расліна сям. бруснічных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца ў забалочаных лясах (характарызуюць асобныя тыпы лесу — чарнічнікі), утвараюць зараснікі.

Лістападны кусцік выш. 15—40 см з доўгім паўзучым карэнішчам. Галіны рабрыстыя, зялёныя. Лісце чаргаванае, дробнапілавата-зубчастае. Кветкі адзіночныя (рэдка па 2), зеленавата-белыя з ружаватым адценнем. Плод — чорна-шызая з васковым налётам сакаўная ядомая ягада. Спажываюць у ежу і як лек. сродак; корм для паўн. аленяў і птушак. Меданосная, лек., харч. і фарбавальная расліна.

Чарніцы.

т. 17, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)