ЛЕЦЫДЗЕ́Я (Lecidea),

род накіпных лішайнікаў сям. лецыдзеевых. Каля 1000 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. ва ўмераным клімаце. На Беларусі каля 20 відаў: Л. бародаўчатая (L. glomerulosa-Lecidella glomerulosa), дубовая (L. quernea), бура-чорная (L. fuscoatra) і інш. Трапляюцца на камянях, радзей на інш. субстратах.

Слаявіна паверхневая, аднародная, гладкая, зярністая ці бародаўчатая шараватага колеру. Пладовыя целы чорныя, цвёрдыя, акруглыя з добра развітым краем, часта з чорным голым (інш. раз укрытым налётам) дыскам. Сумкі з 8 бясколернымі аднаклетачнымі спорамі. Размнажэнне пераважна сумкаспорамі. Фікабіёнт — водарасці роду Trebouxia.

У.У.Галубкоў.

Лецыдзея бародаўчатая.

т. 9, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)