Сцягно́1 ’частка нагі ад клуба да калена’, ’бядровая частка тушы, кумпяк’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Растарг., Сцяшк., Сержп. Прымхі, ЛА, 3), сцягно́, сцягня́к ’тс’ (Сл. ПЗБ), сцягно́ ’мускул, мускульная частка рукі, нагі або жывата’ (Ласт.), ’мышца, мускул’ (брасл., Стан.), сцегно́, сцёгно́ ’нага вышэй калена разам з клубам’ (ТС), сцягня́к ’тс’ (Варл.), сцягні́к, сцягня́к ’тс’ (Мат. Гом.), стёгно ’шынка’ (лун., Шатал.), сцёгна ’шынкі лапаткі’ (Пятк. 1), стыгно́ ’бядро’ (Клім.), стыгня́к ’кумпяк’ (Сл. Брэс.), сцягно́, стʼогно́, стэгно́, сцʼегно́ ’свіная нага і кумпяк з яе’ (Вешт., ЛА, 4, Сл. Брэс.). Укр. стегно́ ’верхняя частка нагі’, рус. стегно́ ’бядро, ляжка’, старое польск. ścigno ’кумпяк’, ścięgno ’сухажылле’, в.-луж. sćehno, н.-луж. sćognoляжка, кумпяк (у жывёл)’, чэш., славац. stehno, серб.-харв. сте́гно, славен. stégno ’сцягно’, ст.-слав. стегно, стьгно ’бядро’. Прасл. *stegno; першапачаткова, магчыма, *stьgno, на якое паўплываў дзеяслоў *stęgnǫti (Глухак, 583), гл. сцягнуць. Далей сувязі няпэўныя. Мікала (Ursl. gram., 2, 163) звязвае *stegno з лац. tīgnum ’брус; будаўнічы лес’, якое ўзнаўляецца як *tegnom і набліжаецца да стажар і роднасных, што прымаюць Фасмер (3, 751) і Шустар-Шэўц (2, 1271). Параўноўваюць з літ. steigara ’член, сустаў’, арм. ťekn ’плячо, верхняя частка рукі’, ст.-ірл. tóeb, tóib ’старана’, вал., карнуэлск., брэтонск. tu ’тс’, што Бязлай (3, 315) лічыць больш удалым семантычна, але недасканалым фанетычна. Гл. яшчэ Фасмер, там жа з аглядам літ-ры; Махэк₂, 576; ЕСУМ, 5, 405; Борысь (613) польск. ścięgno лічыць дэрыватам ад ściągać < ciągać ’цягаць’, якое было ўтворана па ўзору прасл. *stegno ’сухажылле’, параўн. балг. сте́гнат ’моцны, пругкі (пра мускулы)’ < сте́гна ’сцягнуць’.

*Сцягно́2, сцегно́, сцёгно́ ’верхняя або ніжняя палачка ў ніце’ (ТС), стегно́, стэгни́ца ’палавіна нічанкі, верхні або ніжні рад яе петляў’ (Уладз.), сюды ж, відаць, і ст.-бел. стьгнѣ мѣдне (“іх было толькі два”, XVI ст., Карскі 2-3, 334) з нявысветленым значэннем. Параўн. укр. дыял. стегно́ ’развора’ (Нікан., Трансп.), сте́гна ’бакавыя дошчачкі церніцы’. Да сцягнуць, відавочна, па функцыі (’што трымае ў расцягнутым або сцягнутым стане’).

Сцягно́3 ’старадаўняя страва, прыгатаваная з мукі і канаплянага малака’: u posnyja dni varyła sabie ściahnó (Варл.). Відаць, з дзягно ’ежа з канапель’ (гл.) з няяснай дэфармацыяй пачатку слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́да1ляжка’ (КЭС, навагр.), вуды (экспр.) ’ногі’ (Весці АН БССР, 1969, 4, 133, нясвіж., дзятл.). Ст.-бел. вуда, удъ ’частка цела’ (усе прыклады, за выключэннем аднаго, у евангельскіх тэкстах) (КГСБМ). Рус. уд ’тс’ (прыклады ў Даля таксама з евангельскіх тэкстаў), ст.-рус. оудъ ’член; кавалак’, оудо н. р., мн. л. оудеса ’тс’, ст.-слав. оудъ ’частка цела’, польск. ud, udo ’частка цела, галоўным чынам нага ад бядра да калена’, чэш., славац. úd ’частка цела’, балг. уд, серб.-харв. у̑д, славен. у́д ’тс’. Прасл. udъ. Задавальняючай этымалогіі слова няма. Мяркуецца, што гэта — утварэнне ад і.-е. *au‑ ’прэч’ і кораня *dh(ē)‑ ’што-небудзь аддзеленае’ (Голуб-Копечны, 400) або ўтварэнне з прыстаўкай u‑ ад старажытнага кораня ў ступені рэдукцыі ‑dъ < і.-е. *dh(ē)‑ (Трубачоў, Ремесл. терм., 236). Няпэўна Младэнаў (649), які звязваў уд з уз‑да, об‑уть. Якабсон (LJSLP, 1/2, 1959, 273) падтрымлівае старую этымалогію Гараева (385) аб тым, што уд нельга аддзяліць ад рус. у́дить ’спець, набракаць’ і ад вымя (< *ūd‑men). Іншыя этымалогіі і літ. гл. Фасмер, 4, 148. У сучасных беларускіх гаворках вуда, калі меркаваць па адсутнасці жывых прыкладаў на ўсходнеславянскай тэрыторыі, а таксама па тэрыторыі распаўсюджвання і значэння слова, з’яўляецца, відавочна, запазычаннем з польск. udo ’частка нагі ад бядра да калена’.

Ву́да2 (БРС, Нас., Шат., Бяльк.), вуда́ (Гарэц., Касп.), ву́дка (Крыв.). Рус. уда́, у́дочка, укр. ву́дка, ст.-рус. оуда, ц.-слав. ѫда, ѫдица, балг. въдица (Младэнаў, 94), серб.-харв. у̏дица, славен. ȯdica, чэш. udice, польск. węda, wędka, в.-луж. wuda, н.-луж. uda. Найчасцей тлумачаць з прыстаўкі *an‑ або *on‑ і і.-е. кораня dhē‑, гэта значыць ’тое, што прыкладзена’. Роднаснымі лічаць лат. uodne ’планка, на якой стаіць санны кузаў’, ẽndas ’частка сялянскіх саней’; параўн. таксама літ. iñdas ’сасуд’, славен. nâda ’падстаўка’. Гл. Траўтман, 48; Махэк₂, 666; Фасмер, 4, 148. Менш верагоднай з’яўляецца версія Мейе, Études, 320, які лічыць зыходным *onkda і параўноўвае яго са ст.-інд. aṅkáḥ ’гак’, грэч. ὄγκος ’тс’, лат. uncus ’сагнуты’. Іншую літ-ру гл. у Фасмера (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)