нарысава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., каго-што.

1. Рысуючы, адлюстраваць каго‑, што‑н. на якой‑н. плоскасці. Нарысаваць фігуры людзей. Нарысаваць на дошцы дыяграму.

2. перан. Перадаць у вобразах. Пісьменнік нарысаваў у творы перадавых людзей нашага часу. // Уявіць у думках. Заплюшчыўшы вочы, льга было ўявіць сабе сялянку ў горы. Уяўленне ўжо нарысавала Кастусю Прыбыткоўскаму поўны яе вобраз. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Не́гле ’нельга, немагчыма’ (ТС). У выніку перастаноўкі зычных ад нельга ’тс’; канчатак ‑е можна вытлумачыць па-рознаму: або *негля > негле пад уплывам адпаведных прыслоўяў на -е тыпу добра (на думку Карскага, 2–3, 76, з польскай ці ўкраінскай), або як захаванне старажытнай формы дав. скл. ад льга (гл.), параўн. ст.-слав. нельзѣ, з узнаўленнем непалаталізаванага зычнага г. Фармальна падобнае рус. нёгли, негли ’хіба, няўжо’ мае іншае паходжанне (нег‑ли?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

касаву́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.

Разм. Глядзець коса, убок; касіць вочы. Льга было заўважыць, што Кірыла толькі што атрымаў «Залатую Зорку», бо ён сам яшчэ не звыкся з ёю і час ад часу касавурыў вочы на высокую ўзнагароду. Гурскі. Гэты дзядзька зрэдку касавурыў на яго сваё бяльмастае вока і чагосьці падміргваў цётцы. Лынькоў. Крылаты драпежнік паступова суцішыўся, толькі зрэдку касавурыў на хлопчыкаў пукатыя шкельцы вачэй. Беразняк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́льза, по́лза ’карысць’ (ТС), по́льга ’палёгка’ (А. Чэмер), по́лза ’добры ўзятак’ (Анох.), по́льзаваць ’мець карысць’, ’лячыць’ (Юрч. СНЛ). Укр. пі́льга ’палёгка, супакаенне’, рус. по́льза ’карысць’, по́льга ’карысць, выгада; палёгка (паляпшэнне здароўя)’, палаб. püʼölga ’карысць’, славац. polaha ’палёгка; дапамога’, балг. по́лза, ст.-слав. польѕа, польза. З прасл. *polьga ад *lьga (Фасмер, 3, 321; Чарных, 2, 54; БЕР, 5, 497). Гл. льга, ільга́ ’лёгкасць, палёгка’, формы з ‑л‑ — у выніку т. зв. трэцяй палаталізацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абыхо́дак, ‑дку, м.

1. Патрэбы штодзённага жыцця. Жанкі і дзяўчаты збіраюць летам ягады і грыбы і гэтым трохі падзарабляюць на дамашні абыходак. Колас. [Федзя:] — Заўсёды нейкі грош трэба мець на абыходак. Крапіва.

2. Разм. Неабходныя рэчы, абстаноўка. [Маці:] — Стараючыся, дык і на дзвюх дзесяцінах льга жыць. Людзі жывуць. А гэта — што папрадаем увесь абыходак свой — дык яно, жывучы, нажывецца зноў. Чорны.

3. Ужытак, карыстанне. Увесці ў навуковы абыходак невядомыя дакументы.

•••

На першы абыходак — на першую патрэбу, на першы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпе́рціся, ‑пруся, ‑прэшся, ‑прэцца; ‑промся, ‑працеся; пр. прыпёрся, ‑перлася; зак.

1. Абаперціся аб што‑н., прываліцца да чаго‑н., стаўшы або сеўшы дзе‑н. Прыперціся спінай да дзвярэй. □ Сцяпан кінуўся на двор, доўга чагосьці шукаў там, .. пасля знайшоў: прыпёрся ілбом да мокрага ствала старой ігрушы. Чорны. Падышоў. Сеў на вільготную зямлю, прыпёрся плячамі да шурпатай кары. Пянкрат. // Разм. Прысесці, прымасціцца. — Прыпрыся ж ты, вось хоць тут на зэдліку. Крапіва.

2. Разм. груб. Прыйсці, прыбыць. — Хіба ты не ведаеш майго нязгрэбу, — адказала сястра Магда. — Часам, як з прывязі сарваўшыся, першы прыпрэцца, а сёння хоць аглобляй падважвай... С. Александровіч. — І мая дачка, Жэня, старэйшая, там засталася. Сам я толькі здурнеў, прыпёрся з бежанства сюды. Брыль.

3. Разм. Знайсці сабе прыстанішча, прыстроіцца дзе‑н. — За плячыма павінна што-небудзь у чалавека быць, каб заўсёды прыперціся да чаго льга было... Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пратрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што. Патрымаць каго‑, што‑н. (на руках, у зубах, у роце і пад.) некаторы час. Пратрымаць дзіця на руках цэлы вечар.

2. каго-што. Не адпускаць, прымусіць быць, знаходзіцца дзе‑н. некаторы час. А Дануту доўга пратрымалі на Лукішках у турме, думаючы што-небудзь выпытаць. Карпюк. // што. Патрымаць што‑н. у сябе, не аддаваць некаторы час. Летась хлопцы пазычылі ў суседняй вёсцы, у сваяка, тоўсты том Гогаля, пратрымалі яго аж дагэтуль, дый то не хочацца аддаваць. Брыль. // што. Захаваць што‑н. у пэўным становішчы некаторы час. Пратрымаць акно адчыненым увесь дзень.

3. каго-што. Прымусіць прабыць каго‑н. у якім‑н. стане, становішчы некаторы час. Пратрымаць хворага ў пасцелі цэлы тыдзень.

4. без дап. Прабыць, захавацца, не змяняючыся некаторы час. Мароз пратрымаў два тыдні.

5. перан.; каго-што. Забяспечыць каго‑н. кормам; пракарміць. Цяпер Агаце не да парсюкоў, каб хоць як карову пратрымаць. Сабаленка. У .. [каваля] быў дробны кавалак зямлі, на якім льга было пратрымаць каня і карову. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Прайсці, пралезці куды‑н. праз што‑н.; высунуцца. Межавыя палявыя слупы залезлі аж на .. [дарогу] — ледзьве з драбінамі льга прасунуцца. Чорны. Закалыхалася заслона і ў шчыліну прасунулася галава Параскі Бурцавай у вянку з васількоў. Хадкевіч.

2. Сунучыся, перамясціцца на нейкую адлегласць. Лявон з усяе сілы націснуў на педаль. Заскрыгаталі тармазы. Яшчэ імгненне — колы прасунуліся па жвіры. Хадановіч. Выкідваючы пярэднія ногі, конь тузануўся ў адзін бок, у другі, прасунуўся крокі два на жываце і, выбіўшыся з сіл, зноў лёг на бок і адкінуў галаву. Сіняўскі. // перан. Разм. Павольна прайсці, праехаць, праплысці. У часе глыбокага Сцёпкавага разважання па вуліцы прасунуліся дзве чорныя постаці. Колас. Толькі на рацэ дзе-нідзе прасунецца лодка ля аеру ды данясецца з гарода галасістае жаночае «а-а-кыш-кыш-кыш». Ваданосаў.

3. Прайсці ўперад у напрамку да чаго‑н. Пан Крулеўскі аддаў батальёну загад прасунуцца глыбей у лес і заняць новыя пазіцыі. Колас. Дрызіна зноў рушыла, зноў адкрыла шквальны агонь, але прасунулася недалёка. Кулакоўскі.

4. перан. Разм. Дабіцца выгаднага становішча, прыстасоўваючыся, хітруючы; пралезці. Прасунуцца ў начальства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Не́льга ’не можна, няма магчымасці’ (Мал., Гарэц., Пятк. 2, Бяльк., ТС), нельга́ ’тс’ (Нас., Растарг.), няльга́ (Гарэц.), нільга́ ’тс’ (маг., Шн. 2), нельжа́, нільжа́ (Мал., Кліх), не́льзя ’тс’ (Нас.), неззя́ ’тс’ (Растарг.), ст.-бел. нелга ’тс’ (1478 г.), рус. нельга́, не́льзе, нельзе́, не́льзи, нельзи́, не́льзя, нельзя́ ’тс’, ст.-рус. нельзѣ, нельзя, нельза ’тс’, польск. дыял. nie lza ’тс’, ст.-польск. nie ldza, nie lza, nie lża ’тс’, чэш. дыял. nelʼza, nejza ’тс’, ст.-чэш. ne‑lzě ’тс’, славац. арх. neľdzä, neľdze, nelze ’тс’, ст.-слав. не льзѣ, не льsѣ ’тс’. Утворана ад прасл. *lьga (гл. льга), назоўніка ці субстантываванага прыметніка ад *lьgъ, што чаргуецца з *lьgъkъ (гл. лёгкі), з развіццём семантыкі ад ’лёгкі’ да ’мажлівы’; тут з адмоўем абазначае ’немажлівасць’. Праблему складае варыянтнасць канца слова. Формы тыпу нельзя адлюстроўваюць дав. скл., прадстаўлены ў ст.-слав. нельѕѣ (Карскі 2–3, 73). На формы тыпу нельжа́ паўплывалі, відаць, адпаведныя польскія, што тлумачыцца ўздзеяннем роднасных слоў польск. lżejszy ’лягчэйшы’, ulżyć ’аблегчыць’ (гл. Зубаты, 1, 61–76). Адсутнасць т. зв. трэцяй палаталізацыі ў формах тыпу нельга тлумачыцца па-рознаму: семантычнай сувяззю з коранем *lьg‑ (параўн. лёгкі, адліга і пад.), уплывам германскіх запазычанняў і пад. (Lunt H. G. The progressive palatalization of Common Slavic. Skopje, 1981), непаслядоўнасцю правядзення пераходу g > ž, што адлюстроўваюць не толькі названыя формы, але і рус. польга ’карысць’, палаб. püʼölga ’тс’, польск. ulga ’паслабленне і інш.’ (Беляев, ВЯ, 1986, 2, 112), а таксама нераўнамернай геаграфічнай распаўсюджанасцю гэтага пераходу. Больш падрабязна гл. Фасмер, 3, 61; Слаўскі, 4, 85–87.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Адлі́га (Касп., Нас., КТС, БРС, Гарэц., Мат. АС Грод.), адліг, атліг (Бяльк.), отлʼига (КСТ), адлега ’адліга, аблягчэнне’ (Гарэц., Янк. I, Бір., КТС, Бяльк., Касп., Шат., КЭС), атлега (Мядзв.), одлыга (Клім.). Укр. відліга, відлега, відліж, польск. odliga, odliż, odelga. Зыходзячы з мяркуемай генетычнай сувязі прасл. lьga, lьzě (гл. льга, лёгкі) і польск. zima lga ’лёгкая зіма’, dziś je lgo ’сёння не замерзла’ (Зубаты, Studie, 1, 1, 61), можна думаць аб адзіным паходжанні слоў адліга, адлега і лёгкі (гл. Рудніцкі, 415). Але лінгвагеаграфія сведчыць хутчэй на карысць балтыйскага паходжання ці ўплыву. Асабліва паказальная польская тэрыторыя (гл. Купішэўскі, Słown., карта 12), дзе пры дамінацыі odwilż на краях арэала сустракаюцца таксама odliga, otliga, odliż і odelga. Іншыя славянскія тэрыторыі не ведаюць гэтага слова. Што датычыць балтыйскага арэала, то ў літоўскай мове маем шэраг слоў, магчыма, семантычна кантамінаваных: atlésti ’адпускаць’ — ãtlydis, àtlyda ’адліга’, atlýžti ’змякчыцца, адыйсці’ — àtlyža ’адліга’, atlė́gti ’адпусціць’ — àtlėga ’адліга’. Усе яны этымалагічна не звязаныя, але ствараюць адзінае семантычнае поле, узмоцненае марфолага-акцэнтуацыйным падабенствам. У якасці непасрэднай крыніцы запазычання можна спаслацца на літ. atlė́gti ’адпусціць (аб марозе)’ і àtlėga ’адліга’. Параўн. марос атлʼох (Бір. дыс.) і літ. šal̃tis atlė́go. Тады варыянт адлега — першасны, варыянт адліга ўзнік на яго аснове. Параўн. усх.-палес. одлʼегаць ’вымакаць’ і одліглы ’вымаклы’ (КСТ). Магчыма, варыянт адліга ўзнік пад уплывам дзеяслова ліць. Так, Свобада (Зб. Унбегаўну, 246) параўноўвае адліга з абліваха (гл.). Генетычная сувязь, аднак, тут выключана (гл. Мартынаў, SlW, 66–67).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)