гарызантальны або нахілены падземны вадавод замкнёнага папярочнага сячэння з напорным ці безнапорным рухам вады, які пракладваецца без раскрыцця грунту. Паводле воднагасп. прызначэння адрозніваюць гідратэхнічныя тунэлі энергетычныя (падводзяць ваду да ГЭС або адводзяць яе), ірыгацыйныя, вадаскідныя (для скіду лішкаў вады з вадасховішчаў), будаўнічыя (для часовага пропуску вады пры буд-ве гідравузла), камунальныя (водаправодныя і каналізацыйныя; у Мінску іх каля 40 км), камбінаваныя.
Будуюцца горным спосабам (з плоскімі падэшвай і сценамі, скляпеністым перакрыццем) або праходкай механізаванымі і немеханізаванымі шчытамі (круглай формы, з абдзелкай са зборнага ці маналітнапрасаванага бетону). Для бяспечнага правядзення горнабуд. работ перад пастаяннай абдзелкай робяць мацаванне — метал. арачнае, анкернае, напырск-бетоннае, камбінаванае. Абдзелка бетонная або жалезабетонная, камбінаваная (з вонкавым маналітным бетонным кальцом, унутры — стальная ці таркрэт-абалонка з проціфільтрацыйнай пракладкай або без яе). Пад тунэлем часам робяць дрэнаж, на ўваходзе і выхадзе — агалоўкі (парталы) з смеццезатрымальнымі рашоткамі і затворамі, на выхадзе — вадабойны калодзеж і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЁР,
1) горна-тэхнічнае збудаванне над шахтавым ствалом для размяшчэння пад’ёмнай устаноўкі, накіравальных (капровых) шківаў, разгрузачных крывых для скіпаў і перакульных клецей. Будуюць з металу, жалезабетону, дрэва. Бываюць часовыя (праходчыя) і пастаянныя (эксплуатацыйныя); А-падобныя, 4-стоечныя, вежавыя і шатровыя; вышынёй да 100 м.
2) Будаўнічая машына (канструкцыя, устаноўка) для падтрымкі палябойнага абсталявання (мех., пара-паветраных і дызельных молатаў, вібрапагружальнікаў, вібрамолатаў і інш.), падымання, устаноўкі і накіроўвання паляў і шпунтоў пры іх забіўцы. Бываюць на рэйкавым хаду, на базе самаходных машын (трактара, экскаватара, аўтамабіля), на пароме (пантоне). Вышыня вежы да 30 м, грузападымальнасць да 30 т. 3) Устаноўка для драблення крохкага метал. лому, застылых глыб мартэнаўскага шлаку і інш. Бываюць стацыянарныя і перасоўныя (кранавага тыпу).
4) Прыстасаванне для ўдарных мех. выпрабаванняў матэрыялаў. Бываюць з падаючым грузам («бабай»), маятнікавыя (найб. пашыраны) і ратацыйныя. Для выпрабавання на кручэнне выкарыстоўваюць круцільныя К.
М.М.Кунцэвіч.
Капёр для забівання паляў.Капёр вугальнай шахты: 1 — галоўныя пад’ёмныя тросы; 2 — вугальны скіп; 3 — канвеер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАПАГЛЫНА́ЛЬНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы (вырабы, канструкцыі), якія паглынаюць гукавыя хвалі і тым самым зніжаюць узровень шумаў; разнавіднасць акустычных матэрыялаў. Уласцівасці гукапаглынальных матэрыялаў характарызуюцца рэверберацыйным каэф. гукапаглынання — адносінамі паглынутай гукавой энергіі да ўсёй энергіі гукавой хвалі, што падае на матэрыял. Бываюць штучныя (блокі, пліты), рулонныя (маты, паласавыя пракладкі, палотны), рыхлыя і сыпкія (мінер. і шкляная вата, керамзіт); порыста-валакністыя, -ячэістыя і -трубчастыя (з мінер. і шклаваты, ячэістага бетону, керамзіту і перліту, пенапластаў, гумы); мяккія (маты і рулоны на аснове шкловалакна і мінер. ваты), паўшорсткія (драўнянавалакністыя пліты, мінерала- і шклаватныя пліты, пліты з базальтавага валакна, парапласты) і шорсткія (пліты з грануляванай або суспензіраванай мінер. ваты, з газабетону, гіпсавыя, а таксама пліты і тынкавальныя растворы на аснове пемзы, успучаных вермікуліту і перліту). Гукапаглынальныя матэрыялы выкарыстоўваюць для гукаізаляцыі памяшканняў, ва ўстаноўках вентыляцыі і кандыцыяніравання паветра, гукавымяральных камерах і інш. З гукапаглынальных канструкцый найб. пашыраны спец. абліцоўкі ўнутр. паверхняў (сцен, шахтаў, кажухоў і інш.), канструкцыі ў выглядзе шчытоў, конусаў, прызмаў для зніжэння шумаў ад тэхнал. абсталявання, элементы актыўных глушыцеляў шуму (устанаўліваюцца пераважна ў паветраводах аэрадынамічных установак). Гл. таксама Гукаізаляцыйныя матэрыялы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ДЗЕЖ, калодзезь,
1) гідратэхнічнае збудаванне ў выглядзе верт. шахты ці свідравіны для збору падземных або адводу паверхневых вод.
Шахтавыя К. — круглыя або квадратныя ў плане, дыям. (стараной) да 1,5, глыб. да 40 м і болей; трубчастыя — з абсадных труб (уваходзяць адна ў адну), дыям. да 30 см, глыб. да 100 м і больш. Выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння і арашэння (артззіянскія калодзежы), для збору вады з асушальных каналаў (зумпфы), апаражнення трубаправодаў (скідныя К.), гашэння энергіі воднага патоку (вадабойныя К.), для назірання за работай абсталявання і ўзроўнем грунтавых вод (назіральныя К.) і інш.
Збудаванне для тэхн. абслугоўвання падземных камунікацый (назіральныя К. на водаправоднай сетцы, каналізацыйнай сетцы, на трасах цепла- і газазабеспячэння), а таксама для выканання работ у складаных грунтавых умовах (апускныя калодзежы). Будуюцца з бетону, жалезабетону, часам з цэглы, металу, дрэва. Унутры К. размяшчаецца розная арматура, помпы, лесвічныя маршы, драбінкі і інш., зверху — надземнае збудаванне або лаз (люк) з накрыўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАСЕ́НЯ (Віктар Сазонавіч) ( 14.8.1925, в. Пагост Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 3.6.2001),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). У 1960—69 гал. рэдактар маст.-экспертнай калегіі Мін-ва культуры Беларусі, у 1973—77 старшыня праўлення Бел. саюза мастакоў і сакратар Саюза мастакоў СССР. Сярод твораў галерэя партрэтаў вядомых людзей Беларусі: Герояў Сац. Працы М.К.Макарэвіч (1960), А.М.Громава (1980), Герояў Сав. Саюза В.З.Харужай (1965), М.П.Шмырова (1978), Р.Н.Мачульскага (1979), М.А.Кедышкі (1984), В.А.Тумара (1985), доктара мед. навук Л.С.Вялічкі (1983), нар. мастакоў Беларусі С.І.Селіханава (1982), П.В.Масленікава (1988), Я.А.Зайцава (1994), В.А.Грамыкі (1995); групавы партрэт «Ветэраны» (1985), серыя з 39 партрэтаў «Знатныя людзі Рагачоўскага раёна» (1992), «Памяць сэрца. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны С.А.Кунцэвіч» (2000). Аўтар тэматычных кампазіцый «Віхуры варожыя» (1979), «Калгасныя даяркі» (1982), «Ліквідатары Чарнобыльскай аварыі» (1996); пейзажаў «Нёман» (1962), «Чэрвеньскія навальніцы» (1983), «Бярэзіна» (1984), «Над возерам» (1985), «Лясныя далі» (1992), «Перад навальніцай» (1998) і інш. Творы вылучаюцца дакладнасцю характарыстык, псіхал. напоўненасцю, духоўнай змястоўнасцю вобразаў, жывапісна-пластычнай гарманічнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ ІМЯ́Я́НКІ КУПА́ЛЫў Германіі.
Існавала ў 1945—50. Засн. ў лагеры для перамешчаных асоб у г. Рэгенсбург з мэтай падрыхтоўкі бел. моладзі для паступлення ў ВНУ. У 1946/47—1947/48 навуч.г. працавала ў г. Мігельсдорф, у 1948/49 у г. Віндзішбергердорф, у 1949/50 у г. Розенгайм. Дзейнічала ў сістэме ням. школьнай асветы і мела аднолькавыя правы з ням. школамі падобнага тыпу. Гімназія была 8-класная, выкладаліся агульнаадук. прадметы, рэлігія, бел., англ., ням. і лац. мовы, элементы філасофіі. 28.6.1947 гімназіі прысвоена імя Я.Купалы. 28.9.1948 пед. і вучнёўскі калектыў падзелены на 2 школы, якія захавалі імя Я.Купалы. Пры гімназіі існавала вучнёўская бурса, дзе жылі дзеці без бацькоў, дзейнічала скаўцкая арг-цыя, працавалі літ. (выдаваў час. «У выраі»), драм., спарт. гурткі. Адбылося 5 выпускаў, пасведчанні атрымалі 44 чал. У розны час гімназію ўзначальвалі А.Орса, М.Рагажэцкі, А.Вініцкі.
Літ.:
Максімюк Я. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945—1950. Нью-Йорк;
Беласток, 1994.
А.С.Ляднёва.
Да арт.Беларуская гімназія імя Янкі Купалы. Настаўнікі гімназіі ў Розенгайме. Сядзяць (злева направа): невядомая, А.Вініцкі, епіскап Васіль (Тамашчык), М.Равенскі, А.Савёнак, Л.Савёнак; стаяць: І.Муха, М.Кунцэвіч, А.Каханоўскі, В.Кажан. В.Кендыш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАНІМІ́Я (ад грэч. homōnymia аднайменнасць),
гукавое супадзенне адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў), якія адрозніваюцца паміж сабой значэннем. Усе амонімы-словы падзяляюцца на тыпы: лексічныя (маюць поўнае гукавое супадзенне ва ўсіх формах і адносяцца да адной часціны мовы, напр., «нота» — ‘дыпламатычны дакумент’ і «нота» — ‘муз. знак’), фанетычныя — амафоны, марфалагічныя — амаформы. Адрозніваюць поўную і частковую аманімію.
Поўныя лексічныя амонімы супадаюць ва ўсіх граматычных формах («заранка» — ‘зорка’ і «заранка» — ‘птушка’), пры частковай аманіміі адно са слоў цалкам (ва ўсіх формах) супадае па гучанні з часткай формаў інш. слова ці з адной яго формай («вечарам» — прыслоўе і «вечарам» — назоўнік мужч. роду адз. л. творнага склону). Да частковай адносяць прыставачную аманімію («дапісаць» — ‘поўнасцю скончыць пісаць’ і «дапісаць» — ‘запоўніць старонку’), супадзенне формаў аднаго з трыванняў розных дзеясловаў («прамакаць» ад «прамакнуць» і ад «прамокнуць») і г.д. Амонімы ўзнікаюць у мове ў выніку страты сэнсавай сувязі паміж асобнымі значэннямі (у т. л. пераноснымі) мнагазначных слоў («каса» — ‘прылада працы’, «каса» — ‘заплеценыя валасы’, «каса» — ‘вузкая пясчаная паласа’), у выніку дзеяння фанет. законаў мовы (аглушэння зычных на канцы слова: «мох» — ‘расліна’ і «мог» — ад дзеяслова «магчы»), гукавога супадзення розных слоў («міна» — ‘выраз твару’ і «міна» — ‘снарад з выбуховым рэчывам’) і інш. Ад амонімаў трэба адрозніваць амографы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 26.6.1941, станіца Ніжнячырская Суравікінскага р-на Валгаградскай вобл., Расія),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1979). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1964). Працуе ў Бел. т-ры імя Я.Коласа. Выканаўца гераічных і характарных роляў. Яго творчасці ўласцівы аналітычнасць, інтэлектуальнасць, псіхалагізм, тонкае раскрыццё душэўных зрухаў. Стварыў адметныя характары ў нац. драматургіі: Евель Цывін («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Казік Жыгоцкі («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), Аскольд («Чатыры крыжы на сонцы» А.Дзялендзіка), Размысловіч («Трывога» А.Петрашкевіча), Кунцэвіч і Каліноўскі («Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.Караткевіча) і інш. У класічным рэпертуары ролі адметныя арыгінальнасцю сцэн. трактоўкі: князь Валкоўскі («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Восіп («ЧП-1» і «ЧП-2» па матывах «Рэвізора» М.Гогаля), Гаеў («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Эдмунд, Бенядзікт («Кароль Лір», «Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Лейстэр («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера). Сярод інш. роляў: Даменіка («Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа), Кухар («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта), Анчугін і Шаманаў («Правінцыяльныя анекдоты» і «Летась у Чулімску» А.Вампілава). Найб. значныя ролі апошніх гадоў: Павел («Хам» паводле Э.Ажэшкі), Гапон («Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча), Падкалёсін («Жаніцьба» М.Гогаля), Немаўля («Шчаслівае здарэнне» С.Мрожака). Зняўся ў кіна- і тэлефільмах: «Міравы хлопец», «Чорная бяроза», «Трэцяга не дадзена», «Паводка», «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», «Фруза» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУГАВА́Я ЗВА́РКА, электрадугавая зварка,
зварка плаўленнем, пры якой канцы дэталей, што злучаюць, награваюць электрычнай дугой Дугавы разрад запальваецца паміж вырабам і электродам або толькі паміж электродамі. Цяпло дугі плавіць метал вырабу і электрода (пры няплаўкім электродзе — прысадачнага прутка). Ванна вадкага металу, што ўзнікае ў месцы зваркі, пры астыванні моцна злучае вырабы.
Адрозніваюць Д.з.: ручную і аўтаматычную; плаўкім (стальным, алюмініевым, медным і з іх сплаваў) і няплаўкім (вальфрамавым, вугальным, графітавым) электродамі; газаэлектрычную зварку, зварку пад флюсам (які ахоўвае метал ад акіслення і азатавання; робіцца спец. трактарам для Д.з.), пакрытым электродам (з ахоўнай абмазкай), сціснутай дугой (гл.Плазменная зварка). Пры Д.з. выкарыстоўваюць пастаянны ток (ад зварачнага пераўтваральніка) або пераменны (ад зварачнага трансфарматара). Д.з. выкарыстоўваецца пры вытв-сці зварных канструкцый, а таксама для наплаўлення, часам рэзання металаў, злучэння шкла, фарфору, пластмас і інш. Адкрыта ў 1881 М.М.Бенардосам. У 1888 М.Г.Славянаў распрацаваў спосаб Д.з. з металічным плаўкім электродам, пабудаваў першы зварачны генератар пастаяннай а току.
Літ.:
Гл. пры арт.Зварка.
М.М.Кунцэвіч.
Дугавая зварка: а — пакрытым электродам (1 — метал шва, 2 — расплаўлены метал, 3 — шлакавая корка, 4 — кропля металу электрода, 5 — расплаўленае пакрыццё, 6 — металічны стрыжань электрода, 7 — пакрыццё); б — тыпы злучэнняў (1—3 — стыкавыя, 4 — таўровае, 5 — унакладку, 6 — з адбартоўкай краёў).Схемы дугавой зваркі: а — плаўкім электродам; б — няплаўкім электродам; в — дугой ускоснага дзеяння; г — пад флюсам; 1 — электрод; 2 — дуга; 3 — загатоўкі, якія зварваюцца; 4 — прысадачны пруток; 5 — грануляваны флюс; 6 — ахоўны газавы пузыр; 7 — шлакавая корка на зварным шве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1939 — чэрв. 1941 і 1946—54 у г. Пінск Брэсцкай вобл. Створаны з пераведзенага ў Пінск Заслаўскага калгасна-саўгаснага т-ра. Маст. кіраўнік П.А.Данілаў. У 1946 створаны нанава з пераведзенага ў Пінск Палескага абласнога драматычнага тэатра. Гал. рэжысёр В.В.Пацехін. Творчую пазіцыю тэатра вызначаў асветніцкі, прапагандысцкі характар. У даваен. час у рэпертуар уваходзілі творы бел., рус., замежнай класічнай драматургіі: «Партызаны» і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Памылка» Я.Маўра, «Канец маскараду» У.Стэльмаха і Ю.Рудзько, «Жыццё кліча» У.Біль-Белацаркоўскага, «Слава» В.Гусева, «Машачка» А.Афінагенава, «Сын народа» Ю.Германа, «Гонар» Г.Мдывані, «Без віны вінаватыя» і «На бойкім месцы» А.Астроўскага, «Хітрыкі Скапэна» Мальера і інш. Спектаклі ставілі рэжысёры і акцёры тэатра або запрошаныя з інш. тэатраў. У 1946—54 тэатр звяртаўся да героіка-патрыятычнай тэматыкі («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «З народам» К.Крапівы і інш.), тэмы стваральнай працы («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка, «Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага і інш.). Адметнае месца ў тэатры займалі лепшыя ўзоры бел. драматургіі, пастаўленыя як муз.-драм. прадстаўленні: «Паўлінка» Я.Купалы, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Несцерка» В.Вольскага. У спектаклях шырока выкарыстоўваліся нар. абрады, песні, танцы, акцёрамі створаны каларытныя нар. характары. Ставіліся таксама п’есы М.Горкага («Ягор Булычоў і іншыя», «Васа Жалязнова», «Апошнія»), Астроўскага («Свае людзі — паладзім», «Лес», «Беспасажніца»), М.Гогаля («Рэвізор»).
У трупе працавалі нар.арт. Беларусі С.Бульчык, засл. артысты Беларусі Ю.Гальперына, Л.Гамуліна, А.Даніловіч, В.Окалаў, Л.Цімафеева, М.Цурбакоў, С.Яворскі, А.Яфрэменка, акцёры Ф.Бутвілоўскі, Т.Вольская, П.Гвоздзеў, П.Дакука, А.Дашкоўскі, В.Дземянкова, А.Кашына, І.Кунцэвіч, У.Палцеўскі, А.Ротар, В.Сівіцкі, мастак, засл. дз. маст. Чувашыі Б.Архангельскі і інш. Рэарганізаваны ў Магілёўскі абласны драматычны тэатр.
К.Б.Кузняцова.
Пінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Рэвізор».