ЛАРЫЁНАЎ (Міхаіл Фёдаравіч) (3.6.1881, г. Ціраспаль, Малдова — 10.5.1964),

расійскі жывапісец, графік, тэатр. мастак; адзін з лідэраў рус. авангарду, заснавальнік лучызму. Вучыўся ў маскоўскім Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1898—1908) у У.А.Сярова і І.І.Левітана. Стваральнік суполак «Блакітная ружа» (1907), «Асліны хвост» (1912), адзін са стваральнікаў аб’яднання «Бубновы валет» (1910), арганізатар выстаўкі «Мішэнь» (1913). З 1914 у Швейцарыі, з 1915 у Парыжы, мастак у антрэпрызе С.​П.​Дзягілева. У ранніх работах звяртаўся да постімпрэсіянізму, лучызму, фавізму; «Заход сонца пасля дажджу» (1908), «Раніца ў Казармах» і «Лучызм» (абедзве 1910). «Прамяністы пейзаж» (1912). Пасля 1915 адмовіўся ад станковага жывапісу і працаваў у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве, дзе найб. выявіліся прынцыпы лучызму. Стваральнік дэкарацый і касцюмаў да пастановак «Паўночнае сонца» М.​Рымскага-Корсакава (1915), заслоны, дэкарацый і касцюмаў да «Рускіх казак» А.​Лядава (1917), да «Блазна» С.​Пракоф’ева (1921), эскізаў касцюмаў да «Класічнай сімфоніі» (1930), дэкарацый і касцюмаў да «Над Барысфенам» (1932) Пракоф’ева. Ілюстраваў футурыстычныя кнігі В.​Хлебнікава, А.​Кручоных.

Тв.:

Лучизм. М., 1913.

І.​М.​Каранеўская.

М.Ларыёнаў Лучызм. 1910.

т. 9, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛІ́М,

двухбаковая бязворсавая ўзорыстая тканіна ручной або мануфактурнай вытв-сці, ніткі асновы якой моцна збітыя паміж сабой і цалкам схаваны пад ніткамі ўтку. Ваўняная аснова К. грубейшая і радзейшая за ўток, які быў ваўняны ці баваўняны (у краінах Азіі), ільняны, канапляны (у Еўропе), ваўняны (на Балканах). К. ўпрыгожваліся каляровымі палосамі, геам., радзей раслінным ці антрапаморфным арнаментам. Выкарыстоўвалі для засцілання, упрыгожання і ацяплення інтэр’ераў, дэкарыравання трун і катафалкаў. Тканіны ў тэхніцы К. вядомы з 5—4 ст. да н.э. ў фракійцаў, скіфаў, сарматаў і інш. З сярэдневякоўя да пач. 19 ст. пашырыліся ў краінах Еўропы і Азіі. Найлепшай якасцю вызначаліся К. Персіі, Турцыі, Скандынавіі.

На Беларусі К. вядомы з 17 ст. Вырабляліся нар. майстрамі, у маёнтках (уручную) і на мануфактурах. У 1733 Ганна Радзівіл адкрыла мануфактуру па вырабе К. ў Бельску-Падляскім (па эскізах мастакоў К.​Д.​Гескага і К.​Лютніцкага). Т. зв. тызенгаўзаўскія К. выраблялі на Гродзенскіх каралеўскіх мануфактурах (з 1768; па эскізах мастакоў В.Дзюпінэ, Л.​Фалевіле). Традыцыі ткацтва К. захаваліся ў гродзенскіх нар. падвойных дыванах (вырабы С.​Бахун, Д.​Буйноўскай, Р.​Маселбас, Э.​Плюцінскай, А.​Ярашэвіч і інш.).

Літ.:

Błachowski A. Ludowe dywany dwuosnowowe w Polsce. Toruń, 1990.

І.​М.​Каранеўская.

Украінскі кілім. 1831.

т. 8, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЭНД-АРТ (англ. land art мастацтва зямлі),

мастацтва трансфармацыі прыродных аб’ектаў; кірунак сучаснага мастацтва. Як від татальнага мастацтва імкнецца праз пераўтварэнне наблізіць рэальны ландшафт да жывапіснага пейзажу, да аднаўлення страчанай сувязі чалавека з прыродай. Узнік у 1960-я г. ў ЗША і краінах Зах. Еўропы як рэакцыя на экалагічныя праблемы і камерцыялізацыю мастацтва. Першапачаткова творы Л.а. ствараліся на т.зв. ускраінных прасторах (пустыні, астравы, аддаленыя ад жылых месцаў вадаёмы і інш.). Заснавальнікі кірунку (Д.​Опенгайм, Р.​Лонг, В. дэ Марыя, Р.​Смітсан, М.​Хейзер) ажыццяўлялі буйнамаштабныя праекты на вял. прыроднай прасторы: капалі равы, рабілі насыпы, праводзілі на зямлі барозны, лініі вапнай або камянямі і інш. Іх формы часта нагадвалі знакі культур стараж. плямён, якія жылі на гэтай тэрыторыі. Пазней месцамі правядзення падобных акцый сталі пераважна лясныя гушчары, паляны, узбярэжжы рэк і азёр, дзе ствараліся інсталяцыі з прыродных матэрыялаў (ствалы дрэў, лісце, галіны, камяні, дзірван і інш.). У задуму твора ўключаюцца яго змены пад уздзеяннем атмасферных з’яў, росту раслін і інш. прыродныя працэсы. Твор звычайна ахоплівае вял. плошчу і цалкам бачны толькі з вял. вышыні. Найб. вядомы ўзор Л.а. — «Спіральная дамба» Смітсана ў Вял. Салёным воз. ў ЗША (1970).

І.​М.​Каранеўская.

т. 9, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯНТУ́ЛАЎ (Арыстарх Васілевіч) (26.3.1882, в. Варона Пензенскай вобл., Расія — 15.4.1943),

расійскі жывапісец, тэатр. мастак. Вучыўся ў Пензенскім (з 1897) і Кіеўскім (1900—05) маст. вучылішчах, студыі Дз.​Кардоўскага ў Пецярбургу (1906—07), у парыжскай акадэміі Ла Палет у А. Ле Факанье і Ж.​Метцэнжэ (1911). Праф. маскоўскіх Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрняў — Вышэйшага маст.-тэхн. ін-та (з 1919), Маст. ін-та (1937—43). Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Бубновы валет» (1910). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1926), Т-ва маскоўскіх мастакоў (з 1928). У творах 1910-х г. спалучаў рысы кубафутурызму з імкненнем да выяўлення нац. характару праз выкарыстанне матываў рус. стараж. дойлідства, традыцый іканапісу і лубка («Васіль Блажэнны», 1913; «Звон», 1915; «Каля Іверскай», 1916, і інш.). Некаторыя работы блізкія да абстракцыянізму: «Даследаванне сімвалічнага падабенства ў партрэце» (1912), «Дзве жанчыны» (1919) і інш. З 1920-х г. працаваў у рэаліст. манеры, ствараў індустр. пейзажы, партрэты, нацюрморты: «Крэкінг нафтаперапрацоўчага завода» (1931), «Гародніна» (1933), «Нацюрморт з капустай», партрэт В.​Дулавай (абодва 1940) і інш. Афармляў спектаклі маскоўскіх т-раў: «Віндзорскія свавольніцы» У.​Шэкспіра (1916, Камерны т-р), «Дэман» А.​Рубінштэйна (1919, Эксперым. т-р), «Праметэй» А.​Скрабіна (1919, Вял. т-р), «Іспанскі святар» Ф.​Бамонта і Дж.​Флетчэра (1934, МХАТ).

Літ.:

Мурина Е.Б., Джафарова С.Г. Аристарх Лентулов: Путь художника. Художник и время: [Альбом]. М., 1990;

Неизвестный русский авангард в музеях и частных собраниях. М., 1992;

Манин В.С. Аристарх Лентулов. М., 1996.

І.​М.​Каранеўская.

А.Лянтулаў. Дзве жанчыны. 1919.

т. 9, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭ́ЙКА ((Matejko) Ян) (24.6.1838, г. Кракаў, Польшча — 1.11.1893),

польскі мастак; стваральнік нац. гіст. жывапісу. Ганаровы чл. Парыжскай, Берлінскай і Урбінскай АМ. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1852—58; з 1873 яе дырэктар) у В.​Статлера і У.​Лушчкевіча, у АМ у Мюнхене (1858—59) і Вене (1859—60). З 1860 у Польшчы, падтрымліваў паўстанне 1863—64. Ствараў шматфігурныя, поўныя экспрэсіі і нац.-рамант. пафасу карціны, прысвечаныя гісторыі Рэчы Паспалітай, у т. л. бел. зямель. У ранні перыяд сюжэты будаваў на канфліктным супастаўленні вобразаў своекарыслівай шляхты і патрыётаў: «Казанне Скаргі» (1863—64), «Рэйтан — заняпад Польшчы» (1865) і інш. У творах канца 1860—70-х г. услаўляў мінулае Польшчы: «Люблінская унія» (1869), «Стафан Баторый пад Псковам» (1872), «Уздым звона Жыгімонта», «Бітва пад Грунвальдам» (абодва 1878). Работы 1880-х г. вызначаюцца пэўнай пампезнасцю і тэатралізаванасцю: «Пруская прысяга» (1882), «Ян III Сабескі пад Венай» (1883), «Касцюшка пад Рацлавіцамі» (1888) і інш. Аўтар партрэтаў Станчыка (1862), Ю.​Дзітла (1864), М.​Каперніка (1875), К.​Падлеўскага (1882), аўтапартрэтаў (1892 і інш.), цыклаў «Гісторыя цывілізацыі ў Польшчы» (1888—89), «Партрэты польскіх князёў і каралёў» (1890—91), манум. размалёвак у Марыяцкім касцёле ў Кракаве (1889—91) і інш. Зрабіў серыю дакумент. замалёвак (т.зв. «Слоўнік»), частка якіх была выдадзена ў альбоме малюнкаў «Касцюмы ў Польшчы» (1860).

Я.​Матэйка. Аўтапартрэт. 1892.
Я.​Матэйка. Бітва пад Грунвальдам. 1878.

Літ.:

Мытарева К.В. Матейко. Л., 1963;

Островский Г. Ян Матейко. М., 1965;

Стажиньский Ю. Ян Матейко: Пер. с пол. Варшава, 1973.

І.​М.​Каранеўская.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЖА́РСКІЯ, Мажарскія, Мадзьярскія,

майстры-ткачы 18 — пач. 19 ст.; бацька і сын. Арандатары Слуцкай ф-кі кн. Радзівілаў, на якой вырабляліся слуцкія паясы.

Ян (сапр. Маджаранц Аванес; 1-я пал. 18 ст., Стамбул — каля 1800), кіраўнік Нясвіжскай мануфактуры шаўковых паясоў і Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў, мастак-картаньер, ткач. Сын венгра і армянкі. Ткацкаму рамяству вучыўся ў Стамбуле. У Рэч Паспалітую прыехаў да 1757. Спачатку жыў у Станіславе (цяпер г. Івана-Франкоўск, Украіна). У 1758 запрошаны М.​К.​Радзівілам Рыбанькам у Нясвіж. У 1761 уцёк у Броды, дзе быў адшуканы і вернуты назад. Каля 1767 пераехаў у Слуцк, наладзіў мануфактуру, на якой у тым жа годзе выпусціў больш за 200 паясоў. Распрацаваў асн. тыпы дэкору канцоў паясоў: «карумфілевыя», «сухарыкавыя», «вянкова-медальённыя» і інш. Вырабленыя ў перыяд яго кіраўніцтва паясы пазначаны меткамі: у 1767—76 — Sluck, Me fecit/ Sluciae, Me fecit/ Slutiae, y 1776—80 — Me fecit/ sluciae Joannes Madzarski. Каля 1780 перадаў пасаду сыну Лявону. Апошнія звесткі датуюцца 1796.

Лявон (каля 1740—1811), мастак-тэкстыльшчык і ткач. Ткацкай справе вучыўся ў бацькі. Каля 1780 стаў кіраўніком і арандатарам Слуцкай мануфактуры. Стварыў новую сістэму дэкар. аздаблення сярэдніх частак паясоў са складанай арнаменталізацыяй і яркай шматколернасцю і т.зв. «пазітыўкі» — сярэбрана-зялёныя паясы з аздабленнем канцоў гербамі ВКЛ. У 1780—1807 паясы пазначаў меткамі СЛУЦК, ВЪ ГРАДЕ/СЛУЦКЕ ЛЕО МА/ЖАРСКІЙ ВЪ ГРАДЕ/СЛУЦКЕ. У канцы 1790 набілітаваны, у 1791 атрымаў герб «Дар». З 1792 ротмістр Навагрудскага ваяводства і каралеўскі камергер. У 1807 адмовіўся ад арэнды мануфактуры. Пахаваны ў Слуцкім касцёле бернардзінцаў.

І.​М.​Каранеўская.

т. 9, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯРЫ́НЫ СТЫЛЬ,

у мастацтве, умоўная назва шырока распаўсюджанага ў стараж. мастацтве стылізаванага ўвасаблення жывёл, частак іх цела ці кампазіцый з некалькіх жывёл. Узнік у бронзавым веку, найб. пашыраны ў жал. веку і мастацтве раннекласавых дзяржаў. Першапачаткова звязаны з культам жывёлы (гл. Татэмізм). Найб. стараж. ўзоры З.с. вядомы ў Егіпце і Месапатаміі, Закаўказзі і Паўн. Каўказе (3-е тыс. да н.э.), у Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Індыі, Кітаі, Паволжы, Паўд. Сібіры (2-е тыс. да н.э.). Найб. развіты ў скіфа-сармацкім мастацтве Паўн. Прычарнамор’я і мастацтве плямён Паўд. Сібіры 1-га тыс. да н.э. і першых стагоддзяў н.э. Скіфскі З.с. склаўся пад уплывам мастацтва Ірана і Пярэдняй Азіі, Прычарнамор’я — стараж.-грэч. мастацтва. Для яго характэрны дынамічнасць кампазіцыі, рэаліст. перадача форм і рухаў жывёл. Найб. пашыраны зааморфныя выявы. Прыёмы ўвасаблення разнастайныя: гравіроўка па метале, ліццё, разьба па дрэве і косці, аплікацыі са скуры і лямцу; вядома таксама татуіроўка чалавечага цела ў З.с. Пераплеценыя целы жывёл, што ўтваралі арнаментальныя кампазіцыі, аздабляліся каляровымі ўстаўкамі з эмалі, шкла і інш. З часам рэаліст. пачатак быў выцеснены рысамі дэкар. умоўнасці і стылізацыі. З.с. мастацтва нарманаў (8 ст.) характарызуецца экспрэсіўнасцю, надзвычай стылізаваным адлюстраваннем звяроў, птушак і змей, што губляюцца ў складаных перапляценнях геам. ўзору. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. З.с. паступова страціў сваё значэнне. Дэкар. выявы жывёл, пазбаўленыя свайго першапачатковага магічнага сэнсу, працягвалі існаваць у сярэдневяковым мастацтве (ювелірныя вырабы, кніжная мініяцюра, разьба па дрэве, косці і камені, каменны арх. дэкор і інш.) і нар. творчасці.

Літ.:

Тяжелов В.Н. Искусство средних веков в Западной и Центральной Европе. М., 1981.

Да арт. Звярыны стыль. Арліны грыфон раздзірае казла. Аплікацыя.
Да арт. Звярыны стыль. Залатая бляха — грыф з казлом у кіпцюрах.
Да арт. Звярыны стыль. Паясная зашпілька — скурчаная пантэра. Золата.
Да арт. Звярыны стыль. Паясная зашпілька — скурчаная пантэра. Золата.

І.​М.​Каранеўская.

т. 7, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНОС (грэч. Knōsos, Knōssos),

старажытны горад на в-ве Крыт, адзін з найважнейшых цэнтраў эгейскай культуры. Паселішча на месцы К. існавала з часоў неаліту; яно павялічылася ў раннемінойскі перыяд (каля 3000—2000 да н.э.), каля 2200 ці 2000 да н.э. К. стаў сталіцай магутнага царства. Найвышэйшы ўздым яго прыпадае на познамінойскі перыяд (каля 1600 — каля 1470 да н.э.), калі яго цары сталі вярх. правіцелямі магутнай раннерабаўладальніцкай дзяржавы са значнай цэнтралізацыяй кіраўніцтва і гасп. жыцця. Пры археал. даследаваннях выяўлены жылыя пабудовы, палацы, прылады вытв-сці, зброя, побытавыя рэчы, т. зв. архіў Кноскага палаца (таблічкі са складовым пісьмом Б).

Палац уладароў К. («Стары палац», пасля 2000 да н.э., зруйнаваны каля 1700 да н.э.; «Новы палац», 17—15 ст. да н.э.) — шматпавярховае збудаванне з параднымі, жылымі і гасп. памяшканнямі. Цэнтр. ч. палаца займаў прамавугольны ў плане брукаваны двор, на З ад яго — парадныя залы і гасп. памяшканні, на У — жылыя пакоі (шмат’ярусныя, размяшчаліся паводле складанага асіметрычнага сотападобнага плана, з сістэмай каналізацый, калонамі т. зв. крыцкага ордэра). Сцены складзены з каменных пліт, умацаваных на драўляным каркасе, атынкаваныя. Захаваліся фрагменты размалёўкі (быт. і рытуальныя сцэны, выявы жывёл і раслін, 16—15 ст. да н.э.), размаляваныя керамічныя пасудзіны, статуэткі, пячаткі. Палац апісаны ў грэч. міфах як таямнічы лабірынт, жыллё цара Мінаса і пачвары Мінатаўра. У К. пры археал. раскопках выяўлены таксама Малы палац, Царская віла, т. зв. караван-сарай, рэшткі каменных жылых дамоў 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. На ўскраіне горада — манум. грабніцы (у т. л. т. зв. Храмавая грабніца, каля 1700—1450 да н.э.) і могілкі.

І.​М.​Каранеўская (архітэктура).

Да арт. Кнос. Кноскі палац: 1 — паўднёвы флігель; 2 — гіганцкія піфасы (тэракота) з заходняй кладоўкі; 3 — багіня са змеямі (фаянс) са скарбніцы. 16 ст. да н.э.
Да арт. Кнос. «Парыжанка». Фрагмент размалёўкі палаца. 16—15 ст. да н.э.
Да арт. Кнос. Ніжні ярус светлавога калодзежа палаца. Часткова рэканструяваны.

т. 8, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПС (ад грэч. gypsos мел, вапна),

1) мінерал класа сульфатаў, CaSO4∙2H2O. У чыстым выглядзе мае 32,6% аксіду кальцыю CaO, 46,5% сернага ангідрыду SO3 і 20,9% вады H2O. Механічныя прымесі пераважна ў выглядзе гліністых і арган. рэчываў, сульфідаў і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, радзей слупкаватыя або прызматычныя, часта ўтвараюць двайнікі («ластаўчын хвост»). Агрэгаты зярністыя, ліставатыя, парашкападобныя, канкрэцыі, валокны, іголкі, друзы. Афарбоўка ў залежнасці ад прымесей — ад бясколернай і белай да шэрай, жоўтай, чырвонай, ружовай, бурай і чорнай. Бляск шкляны. Цв. 1,5—2. Крохкі. Шчыльн. 2,3 г/см³. У вадзе прыкметна растваральны (20,5 г/л пры 20 °C). Па паходжанні хемагенны, радзей гідратэрмальны. Разнавіднасці: селеніт (валакністы гіпс), гіпсавы шпат (пласцінкавы гіпс) і інш. Выкарыстоўваецца ў цэментнай прам-сці, буд-ве, медыцыне, папяровай вытв-сці.

2) Асадкавая горная парода, якая складаецца пераважна з мінералу гіпсу і прымесей даламіту, ангідрыту, цэлесціну, гідраксідаў жалеза, серы, кальцыту і інш. Паводле ўмоў утварэння адрозніваюць радовішчы гіпсу пярвічныя, што ўтварыліся ў лагунах ці азёрах, і другасныя, што ўзніклі пры выветрыванні (гідратацыі ангідрытаў), радовішчы вышчалочвання («гіпсавы капялюш»), метасаматычныя і інш. Прамысл. значэнне маюць пярвічныя лагунныя радовішчы гіпсу. На Беларусі да такіх належыць Брынёўскае радовішча гіпсу.

Гіпс будаўнічы, алебастр, вяжучы матэрыял паветранага цвярдзення, 2CaSO4∙H2O. Выкарыстоўваюць пераважна для ўнутр. апрацоўчых работ.

Гіпс у скульптуры і архітэктуры, адзін з гал. матэрыялаў скульптуры. Выкарыстоўваецца для стварэння рабочых мадэлей, якія потым павялічваюць да памераў скульптуры, а таксама для вырабу пустых формаў пры адліўцы копій, тоесных арыгіналаў, пераходных мадэлей скульптур для пераводу іх у іншыя матэрыялы, пры рэпрадуктаванні ўзораў сусв. скульптуры для музеяў, інтэр’ераў грамадскіх будынкаў. Вядомы з часоў Стараж. Егіпта, Грэцыі, Рыма.

На Беларусі як матэрыял станковай скульптуры пашырыўся ў 19 ст. У гіпсе выкананы барэльеф Т.​Зана (Р.​Слізень, 1-я пал. 19 ст.), «Алегорыя скульптуры» К.​Ельскага (1858), бюст Т.​Касцюшкі (Я.​Астроўскі, 1860), партрэты М.​Багдановіча (А.​Грубэ, 1927) і інш.

Літ.:

Одноралов Н.В. Скульптура и скульптурные материалы. 2 изд. М., 1982.

У.​Я.​Бардон, І.​М.​Каранеўская (у скульптуры і архітэктуры).

Гіпс.

т. 5, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБІ́ЗМ (франц. cubisme ад cube куб),

плынь у мастацтве (пераважна ў жывапісе) у 1-й чвэрці 20 ст. Склаўся пад уплывам творчасці П.Сезана, афр. скульптуры, мастацтва прымітыву, новых адкрыццяў у галіне фізікі (рэнтгенаўскія прамяні, структура атама, тэорыя адноснасці). Тэрмін «К.» уведзены ў 1908 франц. крытыкам Л.​Васелем як мянушка групы мастакоў, што адлюстроўвалі прадметны свет у выглядзе камбінацый геам. цел, фігур. Заснавальнікі плыні П.Пікасо, Ж.Брак і іх паслядоўнікі (Р.Дэланэ, Ф.​Лежэ, А.​Глез, Х.​Грыс і інш.) імкнуліся да выяўлення прадмета адначасова з розных пунктаў і перадачы не знешняй формы, а яго ўнутр. структуры ў 4 вымярэннях (4-е — час). Мастакі адмаўляліся ад перадачы лінейнай перспектывы, паветр. асяроддзя, каларыстычнай разнастайнасці, прыносячы іх у ахвяру аб’ёму. Асвятленне звялося да ідэальнага светлаценю, які мадэліраваў аб’ёмы без уліку рэфлексаў і рознай інтэнсіўнасці крыніц святла.

У ранні, «сезанаўскі», перыяд К. (1907—09) магутныя гранёныя аб’ёмы шчыльна размяшчаліся па паверхні палатна і стваралі падабенства рэльефу, у якім колер, што вылучаў асобныя грані. падкрэсліваў і драбіў аб’ём («Фермерша» Пікасо, «Эстак» Брака, абодва 1908). У «аналітычны» перыяд (1910—12) форма прадмета канчаткова распадаецца, падзяляецца на дробныя грані, якія падпарадкоўваюцца складанаму дэкар. рытму (партрэт А.​Валара Пікасо, 1910; «У гонар І.​С.​Баха» Брака, 1912). У творах «сінтэтычнага» перыяду (пасля 1912) пераважае дэкар. пачатак, пачынае ўжывацца калаж, разнастайныя аб’ёмныя напластаванні на паверхню палатна. З’явілася кубістычная скульптура, якой уласціва гульня прасторавасці і плоскаснасці («контррэльефы» А.Архіпенкі, прасторавыя канструкцыі А.​Ларана, Р.​Дзюшан-Вілона, геаметрызаваныя фігуры і рэльефы В.Цадкіна, Ж.​Ліпшыца).

У літаратуры Г.Апалінэр, М.​Жакоб, А.​Сальмон імкнуліся да стварэння «кубістычнай паэзіі», перадаць дынамічнае адчуванне зрухаў і ўзаемапранікальнасці прадметаў. К. паўплываў на італьян. футурыстаў (гл. Футурызм), рас. кубафутурыстаў (К.Малевіч, У.​Татлін), ням. мастакоў «Баўгауза». У шэрагу выпадкаў К. стаў папярэднікам развіцця абстрактнага мастацтва. Непасрэдна з К. звязаны пурызм 1920-х г.

Літ.:

Можнягун С.Е. О модернизме. Этюд 2. Феномен беспредметничества. М., 1974;

Турчин В.С. По лабиринтам авангарда. М., 1993.

І.​М.​Каранеўская.

Да арт. Кубізм. Х.​Грыс. Сняданак. 1915.
Да арт. Кубізм. П.​Пікасо. Авіньёнскія дзяўчаты. 1906—07.
Да арт. Кубізм. Ж.​Брак. Дамы ў Эстаку. 1908.

т. 8, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)